Р а з д з е л 2. СТАНАЎЛЕННЕ І РАЗВІЦЦЁ
ПЕДАГАГІЧНАЙ НАВУКІ
Тэма 5. Выхаванне і адукацыя на ранніх этапах развіцця чалавецтва і ў эпоху Сярэднявечча
Узнікненне выхавання ў першабытным грамадстве як формы калектыўнага нагляду за дзецьмі. Мэта выхавання ва ўмовах супрацьстаяння сілам прыроды. Грамадскія формы выхавання ў старажытнасці і іх адлюстраванне ў фальклоры. Узнікненне сям’і і пераход да яе асноўных функцый выхавання дзяцей.
Выхаванне і адукацыя ў перыяд старажытных цывілізацый. Назапашванне ведаў і замацаванне іх у пісьмовай форме як падстава для ўзнікнення адукацыі. Тыпы пісьма, матэрыялы для пісьма і іх уплыў на характар навучання дзяцей. Разнастайнасць сацыяльных роляў настаўніка ў розных цывілізацыях: высокапастаўлены чыноўнік у Егіпце, духоўны павадыр у Палесціне і Індыі, рамеснік у Месапатаміі. Спалучэнне кіравання духоўным самаўдасканаленнем вучня з выхаваннем адказнасці перад грамадствам у філасофіі Старажытнага Кітая. Першапачатковыя формы выхавання ў эпоху Антычнасці. Перыядызацыя дзяцінства. Спартанская сістэма выхавання як увасабленне мэты выхавання воіна-захопніка. Афінская сістэма адукацыі як найбольш старажытны прыклад імкнення да выхавання гарманічна развітай асобы. Уклад старажытнагрэчаскіх і старажытнарымскіх філосафаў у станаўленне педагагічнай думкі (Сакрат, Платон, Арыстоцель, Дэмакрыт, Квінціліян і інш.) Тыпы навучальных устаноў у Старажытным Рыме, змест адукацыі.
Характарыстыка адметных сацыякультурных працэсаў у сярэдневяковай Еўропе (міграцыя і дыфузія народаў і культур, хрысціянізацыя, дуалізм светапоглядных пазіцый) і іх уплыву на выхаванне і адукацыю. Тэацэнтрызм сярэдневяковай культуры і яго ўвасабленне ў рэлігійнай сістэме адукацыі. Хрысціянская скіраванасць зместу комплексу «Сем вольных мастацтваў». «Сем дабрадзейнасцей рыцара» як ідэал арыстакратычнага выхавання.
Тэма 6. Народная педагогіка як крыніца развіцця педагагічнай навукі. Узнікненне пісьменнасці на беларускіх землях
Асаблівасці выхававання дзяцей на ўсходнеславянскіх землях у перыяд першабытнаабшчыннага ладу і яго распаду. Табу як сродак рэгулявання міжасобасных, калектыўных і асабістых адносін палоў і стварэння маральных норм і метадаў выхавання. Матрыярхат, патрыярхат, функцыі «дамоў моладзі». Ініцыяцыі, дзядзькаванне ў беларускіх сем’ях. Пераход ад радавой сям’і да «малой» і суседскай абшчыны. Зараджэнне маральна-этычных норм: дабра і зла, справядлівасці, раўнапраўнасці і г.д. Паступовая замена татэмічных і магічных абрадаў новымі поглядамі на чалавека і яго маральныя каштоўнасці ў сувязі з пераходам да класавага грамадства і новых грамадскіх адносін. Віды выхавання дзяцей.
Народная педагогіка як вынік калектыўнай творчасці многіх пакаленняў людзей у галіне выхавання і адукацыі падрастаючага пакалення. Роля і месца звычаяў, абрадаў, фальклору ў захаванні і перадачы дасягненняў народнай педагогікі. Формы замацавання і захавання ідэй народнай педагогікі: традыцыі, абрады, фальклор, з’явы матэрыяльнай культуры.
Змест, метады і сродкі народнай дыдактыкі. Назапашванне і захоўванне працоўных, бытавых, агратэхнічных, прафесійных і іншых ведаў і навыкаў у народных звычаях і спосабы іх перадачы сродкамі народнай педагогікі. Сучаснае асэнсаванне псіхафізіялагічных і педагагічных асноў народнай педагогікі. Народная педагогіка як аб’ект вывучэння і крыніца развіцця сучаснай педагогікі.
Асвета і выхаванне ў Полацкай і Тураўскай землях. «Прытчы» і «Словы» К.Тураўскага. Храмы і манастыры як цэнтры адукацыі, збірання, стварэння і захоўвання кніг. Асветніцкая і педагагічная дзейнасць Е.Полацкай. Роля знакамітых святароў у фарміраванні беларускай нацыянальнай культуры і адукацыі. Падставы і парадак узнікнення розных форм адукацыі ў Сярэднявеччы. Аўтаномія ў адносінах да царквы, феадалаў, гарадскіх магістратаў на беларускіх землях.
Тэма 7. Развіццё педагогікі і школы ў эпоху Адраджэння,
Рэфармацыі і Асветніцтва
Гуманістычныя ідэі Адраджэння і іх адбітак на духоўнай культуры Еўропы. Крытыка схаластычнай сістэмы адукацыі і сцвярджэнне ідэй грамадскага выхавання дзяцей, усеагульнага навучання на роднай мове, роўнасці адукацыі мужчын і жанчын, яднання навучання з працай у творах Т.Мора, Т.Кампанэлы, Ф.Рабле. Гуманізм педагагічнага эксперымента В.дэ Фельтрэ.
Сацыяльныя, эканамічныя і светапоглядныя падставы ўзнікнення класна-урочнай сістэмы арганізацыі вучэбнага працэсу. Педагагічная дзейнасць Я.А.Каменскага як заснавальніка новага часу ў педагогіцы. «Вялікая дыдактыка», «Матчына школа», «Свет пачуццёвых рэчаў у карцінках» Я.А.Каменскага як першыя навукова-педагагічныя работы.
Развіццё педагагічнай думкі і вылучэнне педагогікі ў самастойную галіну ведаў. Новыя ідэалы чалавека і грамадства як крыніца пошуку новых мэт і метадаў выхавання ў эпоху Асветніцтва. Распрацоўка сістэмы разумовага, фізічнага і маральнага выхавання дзяцей буржуазіі (Джон Лок «Думкі аб выхаванні», Ж-Ж.Русо «Эміль, ці аб выхаванні», Д.Дзідро «План універсітэта ці школы публічнага выхавання ўсякіх навук для расійскага ўрада» і інш.).
Распрацоўка асноўных праблем навучання і выхавання: І.Г.Песталоцці «Лінгард і Гертруда», «Лебядзіная песня». Стварэнне народнай школы, распрацоўка дыдактычных прынцыпаў і метадаў навучання. Пачатак педагагічнай адукацыі ў Еўропе. Педагагічная творчасць І.Ф.Гербардта, Ф.В.А.Дыстэрверга, Р.Оуэна («Першыя лекцыі па педагогіцы «, стварэнне першага падручніка «Агульная педагогіка»).
Развіццё адукацыі і выхавання ў Расіі ў XIX – пачатку ХХ ст. Асветніцкая дзейнасць заснавальніка педагагічнай навукі Расіі К.Д.Ушынскага («Чалавек як прадмет выхавання», «Дзіцячы свет» і інш.). Дэмакратызацыя і гуманізацыя адукацыі ў Расійскай імперыі (М.Г.Чарнышэўскі, М.І.Пірагоў, У.І.Вадавозаў, П.С.Лесгафт і інш.).
Тэма 8. Асвета і педагагічная думка
ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай
Кнігадрукаванне і асвета на беларускіх землях. Асветніцкая дзейнасць М.Гусоўскага,Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага і інш.
Поліканфесіянальны характар адукацыі. Асаблівасці выхавання і навучання ў пратэстанскіх, каталіцкіх (іезуіцскіх, дамініканскіх, піярскіх), праваслаўных (брацкіх), уніяцкіх школах звычайнага і павышанага ўзроўню. Уплыў падручнікаў братоў Тустанаўскіх, Лаўрэнція і Стэфана Зізанія «Азбука», «Лексус», «Катэхізіс», М.Сматрыцкага «Граматыка славенская» на адукацыю ўсходнеславянскіх зямель. Асветніцкая і мастацка-адукацыйная дзейнасць Сімяона Полацкага, «запрошанага настаўніка расійскіх царскіх дзяцей». Педагагічныя творы С.Полацкага «Алфавітар», «Книжице вопросом и ответом», «Букварь языка словенская» і г.д.
Развіццё асветніцкай справы ў другой палове XVII–XVIII стст. Іезуіцкія, уніяцкія, піярскія школы. Антыклерыкальная асветніцкая дзейнасць Казіміра Лышчынскага. Стварэнне першай у XVII ст. свецкай школы, дзейнасць Эдукацыйнай камісіі.
Педагагічная думка на беларускіх землях у канцы XVIII – пачатку XIX ст. Агульная характарыстыка школьных рэформ. Перавод адукацыі, культуры, кіравання на рускую мову. Закрыццё Віленскага ўніверсітэта. Ліквідацыя ўніяцкіх і скарачэнне колькасці каталіцкіх навучальных устаноў, увядзенне ў школах класных выхавацелей, выконваючых назіральныя функцыі за дзецьмі і іх бацькамі. Узнікненне новых тыпаў школ (галоўныя і малыя народныя вучылішчы, пачатковыя школы, павятовыя вучылішчы і гімназіі, прыходскія і рэальныя вучылішчы). Увядзенне саслоўных абмежаванняў для навучэнцаў. Цэнтралізацыя кіравання навучальнымі ўстановамі.
Тэма 9. Педагагічная тэорыя і практыка ў XIX–XX стст.
Грамадска-педагагічная думка на беларускіх землях. Барацьба дзеячаў беларускай культуры за стварэнне нацыянальнай сістэмы адукацыі і захаванне нацыянальнай культуры (К.Каліноўскі, Н.Я.Нікіфароўскі, А.Я.Багдановіч, І.Насовіч, Д.Сцяпура, Я.Колас, Я.Купала, Цётка). Рух народнага настаўніцтва. Барацьба дзеячаў беларускай культуры за адукацыю на роднай мове.
Характарыстыка сацыяльна-культурых змен XX ст., якія паўплывалі на развіццё педагагічнай адукацыі. Супярэчлівасць паміж класічнай сістэмай адукацыі і дынамічна змяняючыміся патрэбамі грамадства як падстава для рэфармавання адукацыі і стварэння альтэрнатыўных сістэм выхавання. Узнікненне бесперапыннай сістэмы адукацыі.
Змены ў структуры сям’і і звязаныя з гэтым праблемы сямейнага выхавання. Дынаміка грамадскіх форм выхавання. Дзейнасць М.Мантэсоры, Джона Дзюі, А.С.Макаранкі, Я.Корчака, Б.Спока, В.А.Сухамлінскага, іх навуковыя ідэі і практычныя дасягненні як умова развіцця сучаснай педагагічнай навукі і практыкі.
Ідэалагічная скіраванасць, супярэчлівасць савецкай педагогікі. Поспехі савецкай адукацыйнай сістэмы ў пераадоленні неспісьменнасці, розных відаў духоўнай і гендэрнай няроўнасці ў адукацыйнай сферы. Стварэнне агульнадаступнай шырокамаштабнай сістэмы грамадскага выхавання дзяцей, падлеткаў, моладзі і дарослых.
Эвалюцыя сістэмы адукацыі, развіццё педагагічнай тэорыі і практыкі на Беларусі ў постсавецкі перыяд. Асэнсаванне нацыянальнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь як часткі сусветнай адукацыйнай сістэмы. Асноўныя канцэпцыі навучання ў нацыянальнай школе. Педагагічныя аспекты адукацыйных працэсаў у Беларусі.