Глава 1. утварэнне вялікага княства літоўскага
У гісторыі Вялікага княства Літоўскага (далей – ВКЛ) да сённяшніх дзён існуе кола праблем, якія выклікаюць пытанні ў даследчыкаў. Сярод іх – прычыны ўтварэння і працэс фарміравання ВКЛ. І калі наконт прычын ужо маецца пэўная агульнасць поглядаў, то працэс фарміравання яшчэ застаецца адным з самых складаных момантаў. Складанасць гэта вынікае з таго, што сярод вучоных няма ўзгодненага пункту гледжання на этнічную аснову дзяржаўнасці адной з буйнейшых дзяржаў сярэдневяковай Еўропы – Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. У аснове розных канцэпцый – супярэчнасць, сутнасць якой заключаецца ў тым, што вярхоўная ўлада ў першыя стагоддзі яго існавання належала часцей за ўсё літоўскім князям, а культура, юрыспрудэнцыя, дзяржаўная мова, асноўныя землі былі ўсходнеславянскімі, у пераважнай большасці – беларускімі.
Сярод мноства фактараў, якія садзейнічалі ўзнікненню новай дзяржавы, можна выдзеліць наступныя:
1. Развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, рамяства, гандлю, рост гарадоў. Усё гэта спрыяла ўзбагачэнню мясцовай эліты, якая і стала ініцыятарам утварэння новай дзяржавы, каб абараніць сваю маёмасць і статус. Акрамя таго, назапашаныя і новыя рэсурсы дазвалялі арганізаваць абарону і пашырэнне дзяржавы.
2. Паглыбленне сацыяльнай дыферэнцыяцыі грамадства, сацыяльных супярэчнасцей паміж саслоўямі. Сацыяльныя супярэчнасці і сілавыя спосабы іх вырашэння выклікалі патрэбу ў грамадскім парадку. У самім саслоўі феадалаў таксама абвастрылася барацьба за панаванне. Усё гэта выклікала грамадскую патрэбу ва ўтварэнні дзяржавы, якая б заканадаўча абмежавала грамадска небяспечныя разбуральныя працэсы, якія праяўляліся ў знішчэнні людзей і матэрыяльных каштоўнасцей.
3. Неабходнасць барацьбы са знешняй небяспекай. Такая небяспека зыходзіла найперш ад мангола-татараў і крыжакоў, а таксама галіцка-валынскіх і польскіх князёў.
Існуюць тры найбольш акрэсленыя канцэпцыі працэсу ўтварэння ВКЛ. Першая з іх умоўна называецца традыцыйнай (“літоўскай”) канцэпцыяй. Сутнасць яе заключаецца ў тым, што літоўскія князі заваявалі беларускія землі, падпарадкавалі іх сабе, скарыстаўшыся аслабленнем Русі міжусобіцамі і мангола-татарскім заваяваннем. І толькі вялікі рускі народ у другой палове XVIII ст. вызваліў беларусаў з‑пад ярма чужынцаў.
Другой з’яўляецца так званая новая (“беларуская”) канцэпцыя, найбольш поўна абгрунтаваная М. Ермаловічам у кнізе “ Па слядах аднаго міфа” (Мн., 1989). Ён пісаў, што гістарычныя крыніцы не пацвярджаюць літоўскага заваявання беларускіх зямель, а, наадварот, сведчаць аб заваяванні сучасных літоўскіх зямель Новагародскім княствам. На думку М. Ермаловіча, значнай перашкодай для аб’ектыўнага асвятлення працэсу ўтварэння ВКЛ з’яўляецца атаясамліванне сучаснай тэрыторыі Літвы з летапіснай Літвой, якая, як даказваў М. Ермаловіч, знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі, паміж Мінскам і Новагародкам і паміж Слонімам і Маладзечна. Такім чынам, з пункту гледжання прыхільнікаў новай канцэпцыі, ВКЛ склалася перш за ўсё як беларуская дзяржава.
Трэцяя “цэнтрысцкая” канцэпцыя імкнецца пераадолець крайнасці іншых канцэпцый. Яе прыхільнікі сцвярджаюць, што ВКЛ на розных этапах свайго існавання было дзяржавай, у якой дамінавалі розныя этнічныя прыярытэты. Працяглы час (сярэдзіна ХІІІ – сярэдзіна ХV стст.) яно было літоўска-беларускай дзяржавай, у якой літоўскае палітычнае лідэрства ўраўнаважвалася беларускай палітычнай арганізацыяй. З сярэдзіны ХV ст. і ў ХVI ст. ВКЛ існавала як беларуска-літоўская дзяржава, дамінантай у якой быў беларускі пачатак.
Калектыў аўтараў кафедры гуманітарных дысцыплін БДУІР прытрымліваецца пункту гледжання на ВКЛ як на поліэтнічную дзяржаву чатырох асноўных народаў – беларускага, літоўскага, украінскага і рускага, дзе славяне займалі 11/12 тэрыторыі і складалі 80% насельніцтва краіны. Усе народы, якія прымалі ўдзел у палітычным, эканамічным і культурным жыцці Вялікага княства, а найперш беларускі і літоўскі, з’яўляюцца гістарычнымі спадкаемцамі гэтай дзяржавы.
У дыскусіі па праблемах утварэння і этнічнай прыналежнасці ВКЛ апошняя кропка яшчэ не пастаўлена, але бясспрэчнай з’яўляецца вялікая роля нашых продкаў як ва ўтварэнні ВКЛ, так і ў яго гістарычнай спадчыне.
Працэс утварэння ВКЛ быў працяглым і складаным. Ён адбываўся больш за стагоддзе – з другой чвэрці ХІІІ па трэцюю чвэрць XIV ст. Аб’яднанне праходзіла рознымі шляхамі: на аснове пагадненняў паміж мясцовай палітычнай элітай і літоўскімі князямі, шляхам дынастычных шлюбаў, у некаторых выпадках – шляхам захопу.
Працэс фарміравання новай дзяржавы пачаўся з узвышэння Новагародскага княства, якое прыпала на сярэдзіну ХІІІ ст., і быў звязаны з імем князя Міндоўга. Заслуга апошняга заключаецца ў тым, што пры ім з разрозненых літоўскіх плямён і беларускіх княстваў пачалося станаўленне дзяржавы на новай аснове – Вялікага княства Літоўскага, бо менавіта Міндоўг аб’яднаў Новагародскае княства з часткай балцкіх зямель, назва якіх дала імя новай дзяржаве. Першай жа сталіцай княства стаў Новагародак. Але Міндоўг сустрэў супраціўленне старой знаці, якая забіла вялікага князя і яго двух сыноў у 1263 г.
Далейшы тэрытарыяльны рост дзяржавы расцягнуўся больш, чым на стагоддзе. Полацкае княства трапіла пад уплыў Літвы ў сярэдзіне ХІІІ ст., калі ў Полацку княжыў пляменнік Міндоўга Таўцівіл. У канцы ХІІІ ст. пры вялікім князю Віцені (каля 1295 – 1316) быў пакладзены пачатак далучэнню Жамойці і канчаткова далучана Полацкае княства. Жамойць жа была канчаткова далучана толькі у першай палове XV ст. Пры вялікім князю Гедыміне (1316 – 1341) у склад ВКЛ увайшла Віцебская зямля (1320 г.), Берасцейская, Турава-Пінская землі і Мінскае княства. У 1323 г. Гедымін перанёс сталіцу дзяржавы ў Вільню. Пры вялікім князю Альгердзе (1345 – 1377) было цалкам далучана Беларускае Падняпроўе, у 1355 г. – Бранскае княства. У 1362 г. Альгерд разбіў татар у бітве на р. Сінія Воды і далучыў да ВКЛ Кіеўскую, Чарнігава-Северскую, Падольскую і Валынскую землі. Пры вялікім князю Вітаўце (1392 – 1430) у 1404 г. да ВКЛ было далучана Смаленскае княства, быў ўстаноўлены пратэктарат над Разанскай, Пскоўскай, Наўгародскай землямі. У гады праўлення Вітаўта ВКЛ дасягнула найвышэйшай магутнасці і займала найбольшую тэрыторыю.