Тэма 11. Расійскі шлях мадэрнізацыі грамадства падчас станаўленняў індустрыяльнай цывілізацыі. Індустрыяльная цывілізацыя і Беларусь
1. Буржуазныя рэформы 1860 - 70-х гг.: асаблівасці іх правядзення ў Беларусі.
2. Грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стст. Стварэнне і дзейнасць агульнарасійскіх палітычных партый і арганізацый беларускай накіраванасці.
3. Рэвалюцыйныя падзеі 1905 - 1907 гг. у Беларусі.
4. Прычыны і характар Першай сусветнай вайны. Беларусь у гады вайны.
Пытанне да дыскусіі:
Роля і значэнне рэвалюцыі 1905-1907 гг.
Тэмы рэфератыўных паведамленняў:
1. Палітычныя партыі Расіі і Беларусі ў пачатку ХХ ст.
2. Нацыянальнае пытанне на Беларусі.
Літаратура: [9, с.249-276, 282-289; 10, с.305-375; 17, с.127-153, 164-170, 189-221, 232-248; 20, с.303-329, 358-401, 440-453; 21, с.201-223, 237-241, 251-261; 30, с.184-217; 35, с.93-121].
Пачынаючы разгляд дадзенай тэмы, студэнты павінны адзначыць, што крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы ў Расіі, адставанне ад капіталістычнай Еўропы, масавая незадаволенасць сялян прымусіла ўрад пайсці на адмену прыгоннага права. 19 лютага 1861 г. Аляксандр ІІ падпісаў Маніфест аб адмене прыгоннага права і зацвердзіў “Палажэнні”, у адпаведнасці з якімі сяляне атрымалі асабістую свабоду, грамадзянскія правы і зямлю ў карыстанне да яе выкупу. Адмена прыгоннага права абумовіла неабходнасць правядзення і іншых рэформ: земскай (1864 г.), судовай (1864 г.), гарадской (1870 г.), ваеннай (1862-1874 гг.), школьнай (1864 г.) і цэнзурнай (1865 г.). Студэнтам неабходна раскрыць змест буржуазных рэформ і вызначыць асаблівасці іх правядзення ў Беларусі.
Пры падрыхтоўцы другога пытання трэба ўлічваць, што арганізаваны рэвалюцыйны рух у Беларусі пачаў адраджацца ў сярэдзіне 70-х гг., калі самым радыкальным напрамкам апазіцыйнай грамадскай думкі ў Расіі было народніцтва, заснавальнікамі якога былі А. Герцен і М. Чарнышэўскі. Беларускія народнікі дзейнічалі пад кіраўніцтвам агульнарасійскай арганізацыі “Зямля і воля”, якая ў 1879 г. распалася на “Чорны перадзел” і “Народную волю”. У 1884 г. студэнтамі-беларусамі Пецярбургскага універсітэта была арганізавана група “Гоман”, якая выступіла з ініцыятывай аб’яднання ўсіх народніцкіх гурткоў Беларусі ў агульную арганізацыю.
Пад’ём рэвалюцыйнага руху ў 80-х – пачатку 90-х гг. садзейнічаў распаўсюджванню марксісцкіх ідэй і сацыял-дэмакратычнаму руху, узнікненне якога ў Беларусі звязана з дзейнасцю польскай партыі “Пралетарыят” (1882 г.) і пляханаўскай групы “Вызваленне працы” (1883 г.). Пачалі стварацца рабочыя арганізацыі сацыял-дэмакратычнага напрамку: Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (1896 г.), Рабочы Саюз Літвы (1896 г.), Польская Сацыялістычная партыя, БУНД (1897 г.), РСДРП (1898 г.), Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы (1900 г.), Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў, 1902 г.), БСГ (1903 г.).
Раскрываючы змест трэцяга пытання, неабходна звярнуць увагу на тое, што ў пачатку ХХ ст. Расійская імперыя перажывала палітычны і сацыяльна-эканамічны крызіс, у выніку якога склалася рэвалюцыйная сітуацыя.
Мэты і задачы, якія сталі перад рэвалюцыяй, вызначылі яе буржуазны характар. Па сацыяльнай базе і па формах барацьбы расійская рэвалюцыя была дэмакратычнай. Таму рэвалюцыя 1905-1907 гг. называецца буржуазна-дэмакратычнай. Напярэдадні і ў ходзе рэвалюцыі сфарміраваліся тры грамадска-палітычныя лагеры: урадавы, ліберальна-буржуазны і дэмакратычны.
Пачаткам рэвалюцыі з’явіліся падзеі 9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу (“Крывавая нядзеля”). Растрэл мірнай дэманстрацыі вызваў пратэст працоўных Беларусі, і ў студзені – лютым 1905 г. адбыліся стачкі і забастоўкі рабочых. Да лета 1905 г. усю Беларусь ахапіў сялянскі рух. Восенню 1905 г. ініцыятарамі рэвалюцыйных выступленняў сталі чыгуначнікі. Шматлікія агульнагарадскія выступленні зліліся ва ўсерасійскую палітычную стачку, у ходзе якой пачалі ўзнікаць Саветы рабочых дэпутатаў.
Каб спыніць рэвалюцыйны рух, царскі ўрад пайшоў на палітычныя ўступкі. Мікалай ІІ 17 кастрычніка 1905 г. падпісаў Маніфест, паводле якога ў Расіі ўводзіўся парламент з заканадаўчымі паўнамоцтвамі (Дзяржаўная Дума) і абвяшчаліся дэмакратычныя свабоды.
18 кастрычніка 1905 г. на вакзальнай плошчы ў Мінску па загадзе губернатара Курлова былі растраляны ўдзельнікі мітынгу (“Курлаўскі растрэл”). У канцы 1905 г. у рэвалюцыйны рух уцягваецца армія. Палітычная барацьба пралетарыята Расіі ў Маскве (снежань 1905 г.) перарасла ва ўзброенае паўстанне, якое было падаўлена. Гэта быў вышэйшы ўздым рэвалюцыі. У ліпені 1906 г. Дума не прыняла дзяржаўны праект па аграрным пытанні і была распушчана ўрадам. Калі Другая Дума (люты-чэрвень 1907 г.) пачала выходзіць з-пад кантролю ўрада, яна была таксама распушчана (3 чэрвеня 1907 г.). Гэты крок ўрада з’яўляўся дзяржаўным пераваротам і сведчыў аб заканчэнні першай расійскай рэвалюцыі. Нягледзячы на значныя дасягненні, галоўная мэта рэвалюцыі не была дасягнута, але яна аказала моцны ўплыў на развіццё рабочага і нацыянальна-вызваленчага руху.
Разглядаючы чацвёртае пытанне, трэба зазначыць, што абвастрэнне супярэчнасці паміж Траістым саюзам (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія) і Антантай (Англія, Францыя, Расія) прывяло да пачатку Першай сусветнай вайны. З першых дзён вайны ўводзілася ваеннае становішча. Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі пачаліся ў жніўні 1915 г. Нямецкае наступленне ішло ў напрамку Коўна-Вільня-Мінск. Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў. У кастрычніку фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск-Паставы-Баранавічы-Пінск. На беларускай тэрыторыі падчас вайны былі праведзены дзве буйныя вайсковыя аперацыі: Свянцянскі прарыў (кастрычнік 1915 г.) і наступленне ў раёне возера Нарач (сакавік 1916 г.).
На акупаванай тэрыторыі немцы ўстанавілі жорсткі ваенна –паліцэйскі рэжым. Тут дзейнічала сістэма падаткаў, штрафаў, прымусовых работ. Абсталяванне прамысловых прадпрыемстваў, сельскагаспадарчыя прадукты, жывёла вывозіліся ў Германію.
Ваенныя паражэнні царскай арміі, няўдача баявых дзейнняў, велізарныя людскія страты выклікалі незадаволенасць салдат. У цяжкім становішчы апынуліся эканоміка, грамадска-палітычны, нацыяльна-вызваленчы, рабочы і сялянскі рух. У Расіі рэальнасцю станавілася пагроза рэвалюцыі.