Глава 22 кінематаграфічная дзейнасць
Артыкул 199. Кінематаграфія
Кінематаграфія – сфера культуры, якая ўключае творчы, вытворчы, навуковы, тэхнічны, адукацыйны, інфармацыйны, асветны працэсы, накіраваныя на вытворчасць, паказ і распаўсюджванне фільмаў.
Артыкул 200. Падтрымка кінематаграфіі
Падтрымка кінематаграфіі ажыццяўляецца шляхам:
прадастаўлення вытворцам фільмаў (прадзюсарам) крэдытаў на вытворчасць нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў у адпаведнасці з заканадаўствам;
размяшчэння сацыяльна-творчых заказаў;
пакрыцця вытворцам фільмаў (прадзюсарам) часткі іх уласных сродкаў, выдаткаваных на вытворчасць буйнабюджэтных фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў, у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі;
арганізацыі правядзення кінематаграфічных мерапрыемстваў і ўдзелу ў такіх мерапрыемствах;
стымулявання паказу арганізацыямі кінематаграфіі лепшых узораў беларускага кінамастацтва, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне;
стварэння ўмоў для паказу фільмаў для малазабяспечаных грамадзян, у сельскіх населеных пунктах, пасёлках гарадскога тыпу, гарадах раённага і абласнога падпарадкавання;
рэалізацыі творчых, адукацыйных і іншых праграм у сферы кінематаграфіі;
падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі работнікаў кінематаграфіі;
устанаўлення іншых мер падтрымкі.
Артыкул 201. Работнікі кінематаграфіі
Работнікі кінематаграфіі – работнікі культуры, якія забяспечваюць ажыццяўленне кінематаграфічнай дзейнасці.
Артыкул 202. Кінематаграфічная дзейнасць і яе склад
1. Кінематаграфічная дзейнасць – напрамак культурнай дзейнасці, які звязаны з вытворчасцю, паказам і распаўсюджваннем фільмаў.
2. Вытворчасць фільма – стварэнне фільма шляхам увасаблення творчай задумы на тэхналагічнай аснове кінематаграфіі. Вытворчасць фільма ажыццяўляецца на падставе камплекта дакументаў (кінапраекта).
3. Паказ фільма – дэманстрацыя (публічнае выкананне) фільма, якая ажыццяўляецца ў кіназалах або іншых спецыяльна абсталяваных памяшканнях (месцах), а таксама па эфірным, кабельным, спадарожнікавым тэлебачанні або іншымі тэхнічнымі спосабамі.
4. Распаўсюджванне фільма – продаж, прадастаўленне ў пракат арыгінала або копіі фільма іншым юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам для паказу фільма і (або) прадастаўленне (перадача) правоў на фільм.
Артыкул 203. Арганізацыі кінематаграфіі
1. Юрыдычная асоба, якая ажыццяўляе ў якасці асноўнага віду дзейнасці кінематаграфічную дзейнасць, з’яўляецца арганізацыяй кінематаграфіі.
2. Віды арганізацый кінематаграфіі:
2.1. кінавытворчыя – арганізацыі кінематаграфіі, асноўным відам дзейнасці якіх з’яўляецца вытворчасць фільмаў;
2.2. кінавідовішчныя – арганізацыі кінематаграфіі, асноўным відам дзейнасці якіх з’яўляецца паказ фільмаў;
2.3. кінапракатныя – арганізацыі кінематаграфіі, асноўным відам дзейнасці якіх з’яўляецца распаўсюджванне фільмаў.
Артыкул 204. Фільм
1. Фільм – аўдыявізуальны твор, створаны на аснове творчай задумы, які складаецца з зафіксаваных на матэрыяльных і лічбавых носьбітах і паслядоўна злучаных у тэматычнае цэлае выяў (кадраў) з суправаджэннем або без суправаджэння іх гукам і прызначаны для ўспрымання з дапамогай адпаведных тэхнічных прылад.
2. Фільм можа быть створаны ў ігравой, неігравой, анімацыйнай або змешанай формах.
Фільм у ігравой форме – фільм, у аснову якога пакладзены літаратурны сцэнарый з драматургічнай канструкцыяй, пазначанай мастацкімі выявамі, створанымі акцёрамі.
Фільм у неігравой форме – фільм, у аснову якога пакладзены здымкі рэальных падзей і людзей.
Фільм у анімацыйнай форме – фільм, у аснову якога пакладзены літаратурны сцэнарый з вывераным сюжэтам, з драматургічнай канструкцыяй, пазначанай мастацкімі выявамі, створанымі маляванымі, лялечнымі, перакладачнымі, сыпучымі, камбінаванымі, камп’ютарнымі персанажамі.
Фільм у змешанай форме – фільм, у якім адначасова могуць выкарыстоўвацца элементы фільмаў у ігравой, неігравой, анімацыйнай формах.
3. Зыходнымі матэрыяламі фільма з’яўляюцца матэрыяльныя і лічбавыя носьбіты, неабходныя для тыражавання фільма.
Артыкул 205. Вытворчасць фільмаў
1. Пры вытворчасці фільмаў на прафесійнай аснове павінны выконвацца абавязковыя для выканання патрабаванні тэхнічных нарматыўных прававых актаў у галіне тэхнічнага нармавання і стандартызацыі, якія вызначаюць тэхнічную якасць тэхналагічных працэсаў і парадак іх ажыццяўлення.
2. Вытворчасць фільма ажыццяўляецца, як правіла, здымачнай групай – часовым калектывам, які складаецца з творчых работнікаў і іншых грамадзян і фарміруецца вытворцам фільма (прадзюсарам) у мэтах вытворчасці фільма. Персанальны склад удзельнікаў здымачнай групы ўказваецца ў выходных дадзеных (тытрах).
3. Вытворца фільма (прадзюсар) – юрыдычная асоба, грамадзянін, у тым ліку індывідуальны прадпрымальнік, якія ўзялі на сябе ініцыятыву і адказнасць за фінансаванне і вытворчасць фільма.
Вытворца фільма (прадзюсар) мае права самастойна вызначаць крыніцы фінансавання, выбіраць тэхналагічную базу і тэхнічныя сродкі пры вытворчасці фільма, за выключэннем выпадкаў вытворчасці нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў.
Вытворца фільма (прадзюсар) мае права пры любым выкарыстанні фільма ўказваць сваё імя (найменне) або патрабаваць такога ўказання.
4. У выпадку сумеснай вытворчасці фільма двума і больш вытворцамі (прадзюсарамі) дагавор аб сумеснай вытворчасці фільма павінен ўтрымліваць гарантыі кожнаму вытворцу (прадзюсару) на сумеснае валоданне зыходнымі матэрыяламі фільма і свабодны доступ да іх, за выключэннем выпадкаў вытворчасці нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў.
5. Адносіны, якія ўзнікаюць у сувязі з вытворчасцю фільма як аб’екта аўтарскага права, рэгулююцца заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах.
Артыкул 206. Нацыянальныя фільмы і фільмы ў рамках сацыяльна-творчага заказа
1. Нацыянальныя фільмы – фільмы, якія адлюстроўваюць найважнейшыя падзеі нацыянальнай гісторыі і культуры, сучаснага жыцця Рэспублікі Беларусь, прысвечаны агульначалавечым гуманітарным, сацыяльным і маральным праблемам, падзеям сусветнай гісторыі, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне для Рэспублікі Беларусь.
2. Фільмы у рамках сацыяльна-творчага заказа:
2.1. у ігравой форме – фільмы, якія адлюстроўваюць падзеі нацыянальнай гісторыі і культуры, фільмы для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі, фільмы – экранізацыі твораў беларускай і замежнай літаратуры, а таксама фільмы сацыяльнай тэматыкі, розныя па жанрах;
2.2. у неігравой форме – фільмы, якія адлюстроўваюць падзеі нацыянальнай гісторыі і культуры або дасягненні сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, фільмы – партрэты выдатных асоб, а таксама фільмы экалагічнай і сацыяльнай тэматыкі;
2.3. у анімацыйнай форме – фільмы для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі, у тым ліку гісторыка-патрыятычнай накіраванасці, а таксама фільмы сацыяльнай тэматыкі.
3. Фінансаванне вытворчасці нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчага заказа ажыццяўляецца ў памерах і на ўмовах, якія вызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
4. Першачарговы паказ нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчага заказа ажыццяўляецца, як правіла, у Рэспубліцы Беларусь.
5. Зыходныя матэрыялы нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчага заказа перадаюцца на захоўванне ва ўстанову “Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў” у парадку, устаноўленым заканадаўствам.
6. Канкрэтныя ўмовы вытворчасці нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчага заказа вызначаюцца дагаворамі, якія заключаюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь з вытворцамі фільма (прадзюсарамі) па тыпавых формах, устаноўленых заканадаўствам.
Артыкул 207. Паказ і распаўсюджванне фільмаў
1. На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь паказ і распаўсюджванне фільмаў ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам іх праваўладальнікамі.
2. У Рэспубліцы Беларусь забараняецца паказ фільмаў, звесткі пра якія не ўключаны ў дзяржаўны рэгістр фільмаў па выніках класіфікацыі фільмаў, якая ажыццяўляецца юрыдычнай асобай, упаўнаважанай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
3. Паказ фільмаў у спецыяльна абсталяваных памяшканнях (месцах), аснашчаных кіна- або відэапраекцыйным абсталяваннем, можа ажыццяўляцца толькі пасля атрымання ў парадку, вызначаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, дазволу на эксплуатацыю гэтых памяшканняў (месцаў) і абсталявання.
4. Адносіны, якія ўзнікаюць у сувязі з кінаабслугоўваннем насельніцтва (аказаннем паслуг па паказу фільмаў), рэгулююцца заканадаўствам аб абароне правоў спажыўцоў.
5. Адносіны, якія ўзнікаюць у сувязі з паказам і распаўсюджваннем фільма як аб’екта аўтарскага права, рэгулююцца заканадаўствам аб аўтарскім праве і сумежных правах.
Артыкул 208. Класіфікацыя фільмаў
1. Фільмы, прызначаныя для паказу на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, падлягаюць класіфікацыі.
2. Класіфікацыя фільма ўяўляе сабой аднясенне фільма ў залежнасці ад яго тэматыкі, жанра, зместу і мастацкага афармлення да пэўнай ўзроставай катэгорыі.
3. Класіфікацыю фільма ажыццяўляе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь або юрыдычная асоба, упаўнаважаная Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, у адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.
4. На класіфікацыю фільмы прадстаўляюць іх праваўладальнікі ў выпадку адсутнасці звестак пра фільм у дзяржаўным рэгістры фільмаў.
Пры неабходнасці праваўладальнік павінен забяспечыць работнікам юрыдычнай асобы, упаўнаважанай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, умовы для прагляду фільма.
5. Фільмы, якія ўтрымліваюць элементы парнаграфіі, насілля і жорсткасці, накіроўваюцца юрыдычнай асобай, упаўнаважанай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, у Рэспубліканскую экспертную камісію па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці для атрымання экспертнага заключэння.
Пры неабходнасці для экспертнай ацэнкі фільма юрыдычнай асобай, упаўнаважанай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, могуць запрашацца асобы, кампетэнтныя ў пэўнай галіне ведаў.
6. Фільм можа быць аднесены да наступных узроставых катэгорый:
6.1. «0» – без узроставых абмежаванняў;
6.2. «6+» – фільм дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту 6 гадоў;
6.3. «12+» – фільм дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту 12 гадоў;
6.4. «14+» – фільм дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту 14 гадоў;
6.5. «16+» – фільм дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту 16 гадоў;
6.6. «18+» – фільм дазволены для паказу гледачам, якія дасягнулі ўзросту 18 гадоў. Паказ фільмаў гэтай узроставай катэгорыі па тэлебачанні праводзіцца з абмежаваннем часу паказу: не раней 23.00 і не пазней 4.00 па мясцовым часе.
Крытэрыі аднясення фільмаў да пэўных узроставых катэгорый устанаўліваюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
7. Па выніках прагляду фільма юрыдычнай асобай, упаўнаважанай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, прымаецца рашэнне аб класіфікацыі фільма.
На фільмы ўзроставай катэгорыі «18+» праваўладальніку выдаецца заключэнне Рэспубліканскай экспертнай камісіі па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці.
8. Знак узроставай катэгорыі фільма ўказваецца ва ўсіх выпадках выкарыстання фільма (у тым ліку пры трансляцыі па тэлебачанні) і яго рэкламы (буклеты, запрашальныя білеты, лістоўкі, абвяшчэнні і іншыя), а таксама на ўпакоўцы носьбітаў экзэмпляраў фільма.9. Па выніках класіфікацыі фільма звесткі пра фільм уключаюцца ў дзяржаўны рэгістр фільмаў.
Артыкул 209. Дзяржаўны регістр фільмаў
1. Вядзенне дзяржаўнага рэгістра фільмаў ажыццяўляецца юрыдычнай асобай, упаўнаважанай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
2. Дзяржаўны рэгістр фільмаў змяшчае звесткі пра фільмы, у адносінах да якіх прынята рашэнне аб класіфікацыі, і іх узроставую катэгорыю.
3. Інфармацыя з дзяржаўнага рэгістра фільмаў можа прадастаўляцца дзяржаўным органам, іншым юрыдычным асобам, грамадзянам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам. Інфармацыя з дзяржаўнага рэгістру фільмаў можа прадастаўляцца на электронных і папяровых носьбітах, а таксама праз глабальную камп’ютарную сетку Інтэрнэт.