Тэма 4. сацыяльна-эканамічныя і палітычныя фактары развіцця вялікага княства літоўскага
1. Перадумовы і працэс фарміравання Вялікага Княства Літоўскага. Крэўская унія.
2. Палітычны лад і органы дзяржаўнай улады ВКЛ.
3. Асноўныя напрамкі знешняй палітыкі ВКЛ у ХІV – ХVІ стст.
4. Эканамічнае развіццё і сацыяльныя адносіны на беларускіх землях у ХІV – ХVІ стст. Аграрная рэформа 1557 г.
Пытанне да дыскусіі:
Праблема ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага, яго этнічная прыналежнасць.
Тэмы рэфератыўных паведамленняў:
1. Месца і роля ВКЛ у гісторыі Еўропы.
2. Наваградак – цэнтр беларуска-літоўскай дзяржавы.
Літаратура: [9, с.75-117; 10, с.75-137; 17, с.19-35; 20, с.114-166; 21, с.58, 68-72, 78-95; 30, с.61-82; 34, с.58-102, 154-156; 35, с.39-65].
Пачынаючы разгляд дадзенай тэмы, студэнтам неабходна звярнуць увагу на тое, што ў другой палове ХІІІ ст. пачынаецца новы перыяд гісторыі Беларусі, галоўным зместам якога з’яўляецца фарміраванне на яе і суседніх тэрыторыях новай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (ВКЛ). Яе ўтварэнне – заканамерны вынік палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця зямель сучасных Беларусі і Літвы ў ХІІ – ХІІІ стст.
Адносіны ўсходнеславянскіх княстваў са сваімі бліжэйшымі балцкімі суседзямі былі няпростымі. Аднак у канцы ХІІ – перш. пал. ХІІІ стст. наспела неабходнасць кансалідацыі ў адзіную дзяржаву. Фарміраванню буйнейшай сярэдневяковай еўрапейскай дзяржавы садзейнічала мноства фактараў: унутрыпалітычных, сацыяльна-эканамічных і знешнепалітычных. Працэс утварэння ВКЛ быў працяглым і меў складаны характар. Ён адбываўся больш за стагоддзе разнастайнымі шляхамі (пры дапамозе ваенных захопаў, добраахвотна на аснове пагадненняў, шляхам дынастычных шлюбаў).
Цэнтрам аб’яднання ў сярэдзіне ХІІІ ст. сталі землі басейна ракі Нёман з цэнтрам у г. Наваградак. Гэтая тэрыторыя стала ядром для ўтварэння ВКЛ, а першы князь новай дзяржавы – Міндоўг – зрабіў Наваградак сваёй сталіцай. Стварэнне магутнай краіны працягвалася пры нашчадках Міндоўга: князе Войшалку, Трайдзеню, Віценю, Гедыміне, Альгердзе, Вітаўце.
Пры вывучэнні першага пытання тэмы асаблівай ўвагі заслугоўвае падпісанне Крэўскай вуніі і яе значэнне ў гісторыі.
Разглядаючы другое пытанне, трэба мець на ўвазе, што палітычны лад Вялікага княства Літоўскага ўяўляў сабою манархію на чале з вялікім князем (гаспадаром) – носьбітам заканадаўчай, судовай, ваеннай улады. Першай сталіцай ВКЛ з’яўляўся Наваградак, з 1323 г. – Вільня. Герб дзяржавы – “Пагоня”. Дзяржаўнай мовай была старабеларуская мова.
З сярэдзіны ХІІІ ст. і да канца ХІV ст. палітычны лад ВКЛ уяўляў сабою спадчынную манархію, дзе ўлада вялікага князя не была абмежавана. Але ўжо ў ХІV ст. ВКЛ паступова набывае статус абмежаванай манархіі. Гэта адбылося таму, што ўмовы Крэўскай уніі (1385г.) з Польшчай прадугледжвалі не спадчынную, а выбарную вялікакняжацкую ўладу. Акрамя таго, улада князя абмяжоўваецца пэўнымі дзяржаўнымі органамі. Пры вялікім князе існавала Рада альбо Паны-рада. Спачатку гэта быў дарадчы орган пры князю, а потым ператварыўся ў цэнтральны дзяржаўна-палітычны інстытут, які ўжо юрыдычна абмяжоўваў уладу гаспадара. Рада стаяла пастаянным выканаўчым, распарадчым, заканадаўчым, кантрольным і судовым органам. З цягам часу ўстанавіўся пэўны састаў Рады. Права засядаць ў ёй мелі каталіцкія біскупы, ваяводы, кашталяны (маршалак земскі, канцлер, гетман найвышэйшы, падскарбій) і некаторыя буйныя феадалы па асабістых запрашэннях. Рада збіралася эпізадычна, некалькі разоў у год і разбірала толькі важныя справы. Іншыя пытанні па кіраванню дзяржаўнымі справамі ад імя Рады вырашала найвышэйшая (тайная) Рада.
Важнае значэнне ў сістэме органаў дзяржаўнай улады меў агульнадзяржаўны (вольны) сейм, на пасяджэннях якога прысутнічалі паны-рады, службовыя асобы, феадалы ВКЛ. На соймах выпрацоўваўся агульны кірунак знешняй і ўнутранай палітыкі дзяржавы.
Мясцовае кіраванне на беларускіх землях залежыла ад адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу (ваяводства, паветы) і мела свае органы кіравання: ваяводы, ключнікі, гараднічыя, дзяржаўцы, соцкія і г.д.
Саслоўна-прадстаўнічымі органамі ў павеце былі павятовыя соймікі, дзе адмяркоўваліся мясцовыя і агульнадзяржаўныя справы. Яны збіраліся штогод або некалькі разоў на год.
Праводзячы аналіз трэцяга пытання, студэнты павінны вызначыць асноўныя напрамкі знешняй палітыкі Вялікага княства Літоўскага ў ХІV-ХVІ стст. Зыходзячы з унутранага становішча дзяржавы і знешнепалітычнай расстаноўкі сіл, асноўнымі накірункамі знешняй палітыкі з’яўляліся: на захадзе – уладкаванне ўзаемаадносін з Польшчай, на паўночна-заходнім напрамку – барацьба з нямецкімі ордэнамі (Грунвальдская бітва 1410 г.); на ўсходзе – саперніцтва з Маскоўскай дзяржавай; на паўднёвым усходзе і поўдні – барацьба з татарскімі ханствамі (Залатой Ардой, Вялікай Ардой, Крымскім ханствам) па абароне сваіх дзяржаўных межаў.
Раскрываючы змест чацвёртага пытання, неабходна адзначыць, што ў другой палове ХІІІ – першай палове ХVІ ст. у Беларусі працягваецца фарміраванне і ўдасканаленне феадальных адносін. Асновай эканамічнага развіцця з’яўляецца сельская гаспадарка, галоўным сродкам вытворчасці і багаццем з’яўляецца зямля, а галоўным гаспадарчым заняткам – земляробства, звязанае з жывёлагадоўляй і хатнімі промысламі. Формы феадальнай уласнасці, правоў і абавязкаў складваліся паступова.
Вярхоўным землеўладальнікам лічыўся вялікі князь. Землі падзяляліся на дзяржаўныя, прыватнаўласніцкія, баярскія (шляхецкія), царкоўныя. Гаспадарчае жыццё ВКЛ характарызавалася існаваннем і пэўнымі суадносінамі паміж рознымі саслоўямі і панамі-магнатамі (шляхтай), духавенцвам, мяшчанмі і сялянамі.
Самую вялікую частку складалі сяляне, якія ў ХІV-ХV стст. з землеўласнікаў сталі землекарыстальнікамі. У адпаведнасці са сваім маёмасным, падатным становішчам, па ступені залежнасці ад феадалаў сяляне дзяліліся на катэгорыі: пахожыя, непахожыя, чэлядзь нявольная, цяглыя, асадныя, закупы, закладнікі, найміты, агароднікі, слугі і інш.
За карыстанне зямельнымі надзеламі сяляне павінны былі выконваць шматлікія павіннасці і ўносіць рэнту. Працэс запрыгоньвання сялян пачынаецца з выдання ў 1447 г. уласнасці феадала на зямлю, а Судзебнік Казіміра 1468 г. пазбавіў сялян права свабоднага пераходу ад аднаго феадала да другога. Такім чынам, адбылося юрыдычнае афармленне запрыгоньвання сялян. У ХІV-ХVІ стст. адбываецца рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. Гарады з’яўляліся цэнтрам культурнага жыцця, рамёстваў і гандлю.
Змены, якія адбываліся ў эканамічным развіцці і сацыяльных адносінах, прывялі да неабходнасці правядзення аграрнай рэформы. Студэнты павінны вызначыць мэты, асноўныя пытанні і вынікі рэформы 1557 г.