Тэма 8. Месца беларускіх земляў у геапалітычнай прасторы Еўропы ў эпоху Новага часу

1. Палітычнае і сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі.

2. Падзеі вайны 1812 г. і Беларусь.

3. Рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух у першай палове ХІХ ст. (дзейнасць тайных таварыстваў, паўстанне 1830-1831 гг.).

4. Нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1863-1864 гг. пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага.

Пытанні да дыскусіі:

1. Палітыка Расіі ў адносінах да беларускіх зямель і насельніцтва.

2. Паўстанне 1863 г. і Беларусь.

Тэмы рэфератыўных паведамленняў:

1. Партызаны ў вайне 1812 г.

2. Гістарычныя асобы вайны 1812 г.: Напалеон Банапарт, Кутузаў, Баграціён.

3. К. Каліноўскі: палітычны партрэт.

Літаратура: [9, с.203-230; 10, с.263-280; 17, с.89-115; 20, с.267-290; 21, с.159-182; 30, с.156-179; 34, с.187-218; 35, с.75-92].

Пачынаючы разгляд дадзенай тэмы, неабходна зазначыць, што ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі былі далучаны да Расійскай імперыі. Пачаўся новы этап беларускай гісторыі, цесна звязаны з гісторыяй Расійскай дзяржавы. Расійскі ўрад ажыццявіў шэраг мер па ўмацаванню свайго ўплыву на далучаных землях. На нашы землі распаўсюджваліся агульныя прынцыпы расійскага кіравання, падатковая сістэма і расійскае заканадаўства. У палітычных адносінах Беларусь была падзелена на два генерал-губернатарствы: Літоўскае і Беларускае. Усё насельніцтва павінна было прысягнуць новай уладзе. У Беларусі скасоўвалася Магдэбургскае права, а на гарады пашыраліся прынцыпы расійскага гарадскога самакіравання паводле “Даравальнай граматы гарадам” 1785 г.

Расійскі ўрад дазволіў дзейнасць усіх канфесій. Галоўнай задачай канфесійнай палітыкі было ўзмацненне пазіцый праваслаўя. Сацыяльная структура насельніцтва Беларусі мела саслоўны характар. Саслоўі былі прывілеяваныя (дваранства, духавенства, купецтва) і падатковыя (сяляне, мяшчане). Беларуская шляхта, што прыняла прысягу, атрымала правы і прывілеі расійскага дваранства. Становішча сялян амаль не змянілася. Для яўрэйскага насельніцтва ўказам 1794 г. вызначалася мяжа аседласці. Далучэнне да імперыі ўключыла Беларусь у агульнарасійскую гаспадарчую сістэму, аказала ўплыў на развіццё ўсіх галін эканомікі. Нягледзячы на лаяльныя адносіны царызму, у шляхты ўсё ж заставаліся прычыны для незадавальнення новай уладай. Гэты прымусіла царскі ўрад стаць на шлях узмацнення сваіх пазіцый у беларускіх землях. Першым крокам у гэтым напрамку з’явілася ўвядзенне ў Беларусі землеўладання рускага дваранства за кошт дзяржаўнага фонду. Наступным крокам было паступовае абмежаванне правоў мясцовага дваранства, канфіскацыя маёнткаў за ўдзел у антыўрадавай дзейнасці.

Падзеі вайны 1812 г. і паўстання 1830-1831 гг. выклікалі рэзкую перамену палітычнага курсу расійскага ўрада. Урад ідзе на сур’ёзны палітычны крок, вядомы пад назвай “разбор шляхты”. З 1831 г. уведзена расійскае заканадаўства. У 1832 г. створаны “Асобы камітэт па справах заходніх губерняў”. Адменена дзеянне Статута (1840 г.). З мэтай аслаблення каталіцкага ўплыву праведзена аб’яднанне уніяцкай царквы з праваслаўнай.

Раскрываючы змест другога пытання, трэба звярнуць увагу на міжнароднае становішча ў Еўропе напярэдадні вайны і падрыхтоўку Расіі да вайны.

Для забеспячэння падтрымкі з боку дваранства Літвы і Беларусі Аляксандр І выказаў жаданне аднавіць ВКЛ. У 1811 г. магнаты М. Агінскі, К. Любецкі і інш. падрыхтавалі праект Палажэння аб кіраванні аўтаномным Вялікім Княствам Літоўскім, абвяшчэнне якога адкладвалася.

12 чэрвеня 1812 г. войска Напалеона перасекла дзяржаўную мяжу Расійскай імперыі. З самага пачатку вайны Беларусь стала арэнай ваенных дзеянняў. 16 чэрвеня армія Напалеона заняла Вільню. У чэрвені – ліпені адбыліся жорсткія баі пад Кобрынам, Мірам, Салтанаўкай і інш. На пачатак жніўня амаль уся тэрыторыя Беларусі была акупавана французскімі войскамі. На захопленай тэрыторыі Напалеон выдаў дэкрэт аб аднаўленні ВКЛ і ўтварэнні яго Часовага ўрада, які павінен быў забяспечваць усім неабходным французскае вайска. Пытанне аб палітычнай будучыні ВКЛ заставалася нявырашаным. Армію Напалеона сустракалі па-рознаму. Частка шляхты пайшла ў яго войска. Асноўны цяжар вайны лёг на плечы сялян. Жыхары многіх вёсак уцякалі ў лясы і стваралі партызанскія атрады.

Студэнты павінны асвятліць ход ваенных дзеянняў восенню 1812 г., адзначыць вынікі вайны для беларускіх зямель і краін Еўропы. Разглядаючы трэцяе пытанне, неабходна вызначыць, што ў другім дзесяцігоддзі ХІХ ст. на Беларусі значна ўзмацніўся грамадска-палітычны рух. Ён развіваўся пад уплывам рэвалюцыйных падзей у Заходняй Еўропе, расійскай рэвалюцыйнай думкі і польскіх нацыянальна-вызваленчых ідэй. Адразу пасля падзелаў Рэчы Паспалітай пачалі ўзнікаць тайныя антырасійскія арганізацыі (“Віленская асацыяцыя”, “Нацыяльнае масонства”, “Патрыятычнае таварыства”).

У канцы 1817 г. студэнты Віленскага універсітэта заснавалі тайнае таварыства філаматаў. У Свіслацкай гімназіі з 1819 г. узнікла “Таварыства аматараў навук”. У канцы 1820 г. у піярскім вучылішчы Полацка філаманты заснавалі тайную арганізацыю філарэтаў. Знайшлі падтрымку на Беларусі і ідэі дзекабрыстаў. Студэнтам неабходна звярнуць увагу на склад удзельнікаў і галоўныя мэты тайных таварыстваў.

Незадаволенасць шляхты падзеламі Рэчы Паспалітай і парушэнне расійскімі ўладамі польскай Канстытуцыі 1815 г. прывялі ў лістападзе 1830 г. да паўстання ў Варшаве. Расійскі ўрад імкнуўся прадухіліць распаўсюджанне паўстання на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Украіны, таму было ўведзена ваеннае становішча. У студзені 1831 г. быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, а ў красавіку паўстанне ахапіла ўсю Літву і Паўночна-Заходнюю Беларусь. Вузкія палітычныя мэты кіраўнікоў паўстання абумовілі адсутнасць падтрымкі яго шырокімі слаямі насельніцтва.

Бітва за Вільню 19 чэрвеня 1831 г. стала кульмінацыяй паўстання. У пачатку жніўня 1831 г. у Беларусі і Літве паўстанне было падаўлена.

Аднак пасля падзей 1830-1831 гг. рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух на Беларусі і Літве не спыніўся. З’явілася тайная арганізацыя “Садружнасць польскага народа”, тайная суполка “Дэмакратычнае таварыства”, дзейнічаў “Саюз свабодных братоў”.

Пры падрыхтоўцы апошняга пытання трэба ўлічваць, што паўстанне 1863-1864 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі адбылося на хвалі пад’ёму польскага нацыянальна-вызваленчага руху. Яно было накіравана супраць самадзяржаўя, рэшткаў прыгонніцкага права, нацыянальнага прыгнёту і саслоўнай няроўнасці, аказала вялікі ўплыў на ажыццяўленне рэвалюцыйнага руху, садзейнічала абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці, паўплывала на далейшае развіццё беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.

Наши рекомендации