Глава 4. заходняя беларусь пад уладай польшчы
§ 1. Сацыяльна-эканамічнае становішча заходнебеларускіх зямель
У выніку савецка-польскай вайны 1919–1920 гг., паводле Рыжскага мірнага дагавора ад 18 сакавіка 1921 г., больш за 100 тыс. км2 тэрыторыі Беларусі з насельніцтвам звыш 4 млн чалавек перайшло ва ўладанне польскай дзяржавы. Анексіраваную тэрыторыю Заходняй Беларусі польскія ўлады расчлянілі на чатыры ваяводствы: Палескае, Навагрудскае, Віленскае і Беластоцкае. Была створана польская адміністрацыя, падмацаваная густой сеткай паліцэйскіх устаноў – пастарункаў. Яна падтрымлівала рэжым, спецыяльна распрацаваны для “усходніх крэсаў”.
Заходняя Беларусь і яе насельніцтва апынуліся ў вельмі цяжкім становішчы. Разбураная першай імперыялістычнай і затым грамадзянскай вайной гаспадарка амаль не адбудоўвалася, і беларускія землі ператвараліся ў сыравінны прыдатак Польшчы. Да 1935 г. колькасць прамысловых рабочых скарацілася на 40 % у параўнанні з 1913 г. Прамысловасць Заходняй Беларусі ў 1938 г. давала ў 9 разоў менш прадукцыі, чым БССР. Толькі за 1929–1939 гг. у трох ваяводствах – Палескім, Навагрудскім і Віленскім – было закрыта больш за 300 фабрык і заводаў.
На заводах і фабрыках працоўны дзень працягваўся 10–11 гадзін, а на саматужных прадпрыемствах быў значна большым. За тую ж самую працу ў прамысловасці польскаму рабочаму плацілі больш, чым беларусу. Асабліва пакутлівай з’явай было беспрацоўе. У сярэднім на аднаго працуючага прыходзілася два беспрацоўныя. Людзі згаджаліся на любую работу і любую аплату.
Вельмі цяжка жылося ў вёсцы (85 % насельніцтва). Больш паловы зямельнага фонду належала памешчыкам ці буйным уладальнікам, якія мелі ў сярэднім па 500 га. Такіх уладальнікаў было каля 1 % ад усіх жыхароў сельскай мясцовасці. На сялянскі двор прыходзілася каля 7 га зямлі, а 55 тыс. гаспадарак мелі надзел меншы за 1 га. Каля 90 тыс. парабкаў зусім не мелі зямлі. У гэтых умовах польскія ўлады раздавалі буйныя ўчасткі зямлі асаднікам – былым афіцэрам і чыноўнікам, якія мелі заслугі ў савецка-польскай вайне 1919–1920 гг. Па сутнасці, гэта былі новыя кулакі ці нават памешчыкі, якія з’яўляліся сацыяльнай апорай уладам. Яны былі добра арганізаваны, узброены і выконвалі паліцэйскія функцыі ў адносінах да мясцовага насельніцтва. Да вызвалення на тэрыторыі Заходняй Беларусі было расселена каля 10 тыс. асаднікаў.
Пад выглядам ліквідацыі цераспалосіцы польскі ўрад шырока праводзіў хутарызацыю (“камасацыю”), у выніку якой сяляне ўзамен раздробленых на вузкія палоскі зямель павінны былі атрымаць такую самую колькасць зямлі, але адзіным участкам. Да 1939 г. на хутары было пераведзена 43 % усіх гаспадарак, якія карысталіся 45 % усёй зямлі.
Рэформа ліквідавала сервітуты – агульныя абшчынныя ўчасткі зямлі, у выніку чаго сяляне пазбавіліся пашы для жывёлы, вадаёмаў і сенакосаў. Аграрныя пераўтварэнні вялі да ўзрастання дыферэнцыяцыі сялян, колькасць бедных жыхароў вёскі пачала няўхільна павялічвацца.
Сяляне павінны былі пастаянна выконваць дарожныя павіннасці – шарваркі, задарма працаваць на пабудове ці рамонце мастоў, дарог, грэбляў. Медыцынскае абслугоўванне з-за недахопу ўрачоў, дарагавізны медыкаментаў і лячэння было недаступна для большасці насельніцтва. Адзін доктар прыходзіўся на 5–6 тыс. чалавек.
У пошуках заробкаў, даведзеныя голадам і ўціскам да адчаю, сяляне шукалі выйсця ў эміграцыі. У 1925–1938 гг. з трох ваяводстваў Заходняй Беларусі выехалі на пастаяннае жыхарства ў іншыя краіны 78,1 тыс. чалавек.
Кіраўнікі буржуазнай Польшчы на тэрыторыі Заходняй Беларусі праводзілі вялікадзяржаўную, шавіністычную палітыку. Яны не прызнавалі беларусаў за нацыю і мелі на мэце паланізаваць цэлы народ. Беларуская нацыянальная культура праследавалася, закрываліся беларускія газеты, школы, бібліятэкі. У дзяржаўных установах забаранялася ўжываць беларускую мову. Да захопу Польшчай у Заходняй Беларусі працавалі каля 400 беларускіх школ, 2 настаўніцкія семінарыі, 5 гімназій. Да 1939 г. усе беларускія навучальныя ўстановы былі ліквідаваны.
Вядучую ролю ў паланізацыі беларускага насельніцтва адыгрывала каталіцкая царква. Даволі было беларусу памяняць веру з праваслаўнай на каталіцкую, як польскія ўлады аўтаматычна адносілі яго да польскай нацыянальнасці.
Пасля аднаўлення ў 1918 г. Польшчы як дзяржавы яе тэрыторыя была аб’яўлена Ватыканам місіянерскай тэрыторыяй, на якой павінна была праводзіцца работы па распаўсюджанню новай уніі – неауніі (новай у параўнанні з Брэсцкай царкоўнай уніяй 1596 г.). У адпаведнасці з неауніяй працягваўся працэс аб’яднання праваслаўнай і каталіцкай цэркваў і стварэння на базе гэтага уніяцкай царквы. У суды прад’яўляліся неабгрунтаваныя іскі аб вяртанні католікам праваслаўных храмаў, манастыроў і царкоўнай маёмасці. З 500 існаваўшых у краі праваслаўных цэркваў да 1924 г. больш за 300 былі ператвораны ў каталіцкія і ўніяцкія храмы. Уніяцкаму духавенству гарантавалася аплата працы пры ўмове, калі яно прынясе прысягу на вернасць Польшчы.
Разам з тым уніяты пазбаўляліся права праводзіць місіянерскую дзейнасць. Уніяцкіх місіянераў рыхтавалі ў Любліне (Польшча) і Дубне (Валынь). У Альберціне (каля Слоніма) езуіты заснавалі уніяцкі манастыр, а таксама школу місіянераў. Для распаўсюджання уніі сярод беларусаў альберцінскія езуіты выдавалі на беларускай мове часопіс “Да Злучэньня”. У 1932 г. польскі ўрад пад націскам Ватыкана прыняў тайнае рашэнне аб тым, што “задача схілення Усходу ў каталіцтва, гэтак жа, як і ў прошлыя стагоддзі, застаецца і надалей “гістарычнай місіяй” польскай дзяржавы”.
Узмацняецца прымусовае схіленне праваслаўных у каталіцтва і уніяцтва. У 1935 г. у Пінскай епархіі налічвалася 12 святароў і каля 6 тыс. прыхаджан-уніятаў, у Альберціне – 50 місіянераў і каля 300 прыхаджан-уніятаў з навакольных вёсак.
Пад ціскам польскіх улад епіскапат праваслаўнай царквы ў Польшчы станавіўся на шлях разрыву кананічнай сувязі з Маскоўскім патрыярхатам. У гэтых умовах Канстанцінопальскі патрыярх Грыгорый VII дараваў праваслаўнай царкве Польшчы аўтакефалію. У 1925 г. Сінод праваслаўнай царквы ў Польшчы афіцыйна абвясціў праваслаўную царкву аўтакефальнай у складзе Канстанцінопальскага патрыярхату, што садзейнічала захаванню праваслаўя на заходнебеларускіх землях.
Каб зусім не згас агеньчык нацыянальнай культуры, лепшыя прадстаўнікі заходнебеларускай інтэлігенцыі самаахвярна працавалі ў гэтым напрамку. Яны абаранялі беларускую культуру ад нападкаў беларусафобаў, імкнуліся пашыраць асвету сярод свайго гаротнага, паднявольнага народа. Дзякуючы гэтаму пэўнае развіццё атрымала беларуская літаратура. Пісьменнікі і паэты ў сваёй творчасці абапіраліся на дасягненні беларускай дарэвалюцыйнай літаратуры, на здабыткі працэсу беларусізацыі ў БССР, на прагрэсіўную плынь у польскай культуры. Да такіх літаратараў належаць Максім Танк (Я. Скурко), М. Васілёк, М. Машара, В. Таўлай. У сваіх творах яны праслаўлялі чалавека працы, будзілі чалавечую і нацыянальную годнасць, заклікалі на барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.
У дапаўненне да сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту ў Заходняй Беларусі панаваў жорсткі палітычны рэжым і паліцэйскі тэрор. Рэпрэсіравалі ў першую чаргу камуністаў або спачуваючых камуністычнаму руху. Паводле крымінальнага кодэкса ад 11 ліпеня 1932 г., за прыналежнасць да камуністычнай партыі прадугледжвалася пакаранне аж да пажыццёвага турэмнага зняволення. За садзейнічанне камуністам было ўстаноўлена пакаранне да пяці гадоў турмы.
Па ўсёй тэрыторыі “усходніх крэсаў” лютавалі карныя экспедыцыі, якія называліся “пацыфікацыяй”. У час пацыфікацый паліцэйскія разбуралі жыллё сялян, знішчалі маёмасць і харч, учынялі масавыя экзекуцыі. Пасля такога разбою жыхарам гэтых вёсак забаранялася запальваць агні вечарамі, збірацца разам некалькім чалавекам, хадзіць у суседнія вёскі. Вядучая роля ў правядзенні тэрору належала тайнай палітычнай паліцыі – дэфензіве. Яна шырока карысталася метадамі правакацый, паклёпу, запужвання і фізічных катаванняў.
Такім чынам, сацыяльнае, нацыянальнае і палітычнае становішча працоўных мас на тэрыторыі Заходняй Беларусі штурхала іх на актыўныя антыўрадавыя дзеянні. На працягу 20 гадоў тут прайшлі 4 хвалі рэвалюцыйнага руху – у 1923 г., у 1926 – пачатку 1927 г., у 1931–1933 гг., у 1936–1937 гг., г. зн. праз кожныя 2–3 гады.
§ 2. Нацыянальна-вызваленчая барацьба насельніцтва Заходняй Беларусі. Роля і значэнне дзейнасці палітычных партый і арганізацый камуністычнага і нацыянальна-дэмакратычнага напрамку
У пачатку і сярэдзіне 20-х гадоў сацыяльная і нацыянальная барацьба характарызавалася не толькі эканамічнымі забастоўкамі і антыўрадавымі дэманстрацыямі, але і праявамі ўзброеных выступленняў у форме партызанскага руху. У барацьбе прымалі ўдзел працоўныя гарадоў і вёсак, сельская інтэлігенцыя. Гэта былі людзі розных палітычных поглядаў – ад камуністаў да нацыянал-дэмакратаў. Там, дзе кіравалі партызанскімі атрадамі камуністы, рух насіў ярка акрэслены антыпамешчыцкі, класавы характар. А там, дзе задавалі тон людзі з нацыяналістычнымі настроямі, партызанская барацьба насіла антыпольскі напрамак. Такое назіралася на Гродзеншчыне і Беласточчыне. На Віленшчыне, Палессі, Навагрудчыне дзякуючы кіраўніцтву такіх камуністаў, як К.П. Арлоўскі, С.А. Ваўпшасаў, В.З. Корж і іншыя, партызанская барацьба набыла шырокі размах. Агульная колькасць партызан налічвала 5–6 тыс. У 1924–1925 гг. было праведзена каля 300 баявых аперацый. Польскія ўлады вымушаны былі ўвесці надзвычайнае становішча ў краі, каб рэпрэсіямі і тэрорам ліквідаваць гэты рух.
Ва ўзмацненні сацыяльнага і нацыянальна-вызваленчага руху значную ролю адыгралі партыі і арганізацыі камуністычнага і нацыянальна-дэмакратычнага напрамку. Сярод іх галоўнае месца займала Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Яна была створана ў кастрычніку 1923 г. Нягледзячы на нелегальны характар работы, рады партыі пашыраліся. У 1923 г. яна налічвала 523 камуністы, у 1928 г. – 3 тыс., у 1934 г. – 4 тыс. Акрамя таго, каля 3 тыс. членаў партыі знаходзілася пастаянна ў турмах. Друкаванымі органамі ЦК КПЗБ былі газета “Чырвоны сцяг” і часопіс “Бальшавік”. У розныя гады ЦК КПЗБ выдаваў на беларускай, польскай, рускай і яўрэйскай мовах газеты “Партработнік”, “Да барацьбы”, “Весткі з СССР”, “Куйце зброю”, “Голас салдата”, “Чырвоны сцяг” і інш.
КПЗБ была часткай Кампартыі Польшчы на правах тэрытарыяльнай нацыянальнай арганізацыі, таму яна не мела сваёй праграмы і статута, а кіравалася дакументамі КПП. Такая ж сітуацыя была і ў Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), які з’яўляўся аўтаномнай арганізацыяй камсамола Польшчы. Створаны КСМЗБ у студзені 1924 г. ўвесь час заставаўся верным і надзейным памочнікам КПЗБ, яе рэзервам. Да 4 тыс. чалавек аб’ядноўваў камсамол Заходняй Беларусі, пераважна сялянскую моладзь.
КПЗБ і КСМЗБ аказвалі моцны ўплыў на розныя масавыя арганізацыі дэмакратычнага і нацыянальна-вызваленчага напрамку. Асабліва значным поспехам было кіраўніцтва масавай легальнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай арганізацыяй Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ), створанай у 1925 г. Яе праграма мела наступныя патрабаванні: самавызначэнне Заходняй Беларусі, аб’яднанне яе з БССР, стварэнне сялянска-рабочага ўрада, канфіскацыя памешчыцкіх і царкоўных зямель, пераход іх ва ўласнасць дзяржавы, падзел зямель без выкупу паміж малазямельнымі сялянамі і парабкамі, ліквідацыя асадніцтва, 8-гадзінны працоўны дзень, нацыянальная роўнасць і навучанне на роднай мове, свабода сумлення, аддзяленне царквы ад дзяржавы і іншыя патрабаванні. Галоўным сродкам вызвалення працоўных была абвешчана адкрытая барацьба з эксплуататарамі на аснове саюзу рабочых і сялян. БСРГ праводзіла мітынгі, дэманстрацыі, выступленні сялян супраць абшарнікаў, кулакоў і асаднікаў, падатковага ўціску і аграрнай палітыкі польскіх улад, за вызваленне палітычных вязняў, за стварэнне беларускіх школ і інш.
ЦК Грамады выдаваў газеты, якія па прычыне праследавання ўладамі часта закрываліся, таму выходзілі пад новымі назвамі: “Жыццё беларуса”, “Беларуская ніва”, “Беларуская справа”, “Народная справа”, “Наша справа”, “Наш голас”, “Наша воля”, “Народны звон”. Выходзіў таксама сатырычны часопіс “Маланка”.
У студзені 1927 г. Грамада аб’ядноўвала больш за 2 тыс. суполак, у якіх налічвалася каля 120 тыс. чалавек, дзейнічала 18 павятовых камітэтаў БСРГ. Бурны рост Грамады, яе поспехі ў кіраўніцтве барацьбой працоўных супраць эканамічнага, нацыянальнага і палітычнага прыгнёту непакоілі памешчыкаў, асаднікаў і акупацыйныя ўлады. Паліцыя і дэфензіва нават дазволеныя вышэйшымі ўладамі з’езды, мітынгі і нарады разганяла, а іх удзельнікаў збівала і арыштоўвала.
У студзені 1927 г. улады пачалі ліквідацыю гурткоў і камітэтаў БСРГ. Па ўсім краі прайшлі масавыя арышты яе актывістаў. Грамада была забаронена афіцыйна, больш за 400 яе кіраўнікоў і актывістаў прыцягнуты да судовай адказнасці. У 1927–1929 гг. адбываліся судовыя працэсы над членамі БСРГ.
Пасля разгрому Грамады яе традыцыі былі прадоўжаны сфарміраванай пры ўдзеле КПЗБ новай арганізацыяй – “Змаганне за інтарэсы сялян і рабочых”.
Палітычная платформа “Змагання” вылучала ў першую чаргу дэмакратычныя патрабаванні: спыненне нацыянальнага прыгнёту, паланізацыі, палітыкі мілітарызацыі, фашызацыі грамадскага жыцця, палітычнага тэрору, падпісанне Польшчай Дагавора з СССР аб ненападзенні, увядзенне 8-гадзіннага працоўнага дня і інш. Праграмныя мэты ўключалі і рэвалюцыйныя патрабаванні: нацыяналізацыю фабрык і заводаў, аб’яднанне беларускіх зямель у рэспубліку рабочых і сялян, г. зн. уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР.
Польскія ўлады чынілі розныя перашкоды для стварэння сеткі гурткоў на месцах, а таксама ажыццяўлялі жорсткі ўціск на перыядычныя выданні “Змагання”. 30 студзеня 1930 г. паліцыя правяла масавыя арышты актывістаў “Змагання”, ліквідавала цэнтральны і павятовыя сакратарыяты. Гродзенскі акруговы суд восенню 1930 г. асудзіў лідэраў гэтай арганізацыі да 8 гадоў турмы.
Важную ролю ў грамадска-палітычным жыцці Заходняй Беларусі адыграла культурна-асветная арганізацыя – Таварыства беларускай школы (ТБШ), створаная ў 1921 г. з адзінай мэтай: “распаўсюджваць і дапамагаць асвеце сярод беларусаў, пашыраць беларускія школы і беларускую асвету наогул”. Так сказана ў статуце ТБШ.
За перыяд свайго існавання (да 1937 г.) ТБШ заваявала вялікую любоў насельніцтва Заходняй Беларусі. Аб гэтым сведчыць тое, што да пачатку 30-х гадоў яна стала масавай прагрэсіўнай культурна-асветнай арганізацыяй і налічвала каля 500 гурткоў і 30 тыс. актывістаў. ТБШ змагалася за пісьменнасць насельніцтва, за беларускія школы, стварала бібліятэкі, хаты-чытальні, арганізоўвала мастацкую самадзейнасць, выдавала падручнікі, песеннікі. Мясцовыя аддзелы ТБШ стваралі драматычныя гурткі, якія актыўна працавалі сярод насельніцтва.
Заслуга ТБШ была не толькі ў асветніцкай ролі, але і ў тым, што яна падрыхтавала і выхавала ў вельмі цяжкіх умовах нацыянальнага прыгнёту значную колькасць беларускай творчай інтэлігенцыі. Гэта – грамадскі дзеяч Браніслаў Тарашкевіч, музыкант і кіраўнік народнага хору Рыгор Шырма, паэты Яўген Скурко (Максім Танк) і Валянцін Таўлай, пісьменнік Піліп Пестрак і многія іншыя.
У канцы 20 – пачатку 30-х гадоў адбыліся значныя палітычныя і эканамічныя змены на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Па-першае, набіраў сілу прафашысцкі рэжым “санацыі”, альбо санацыйны рэжым (ад лацінскага слова “аздараўленне”), устаноўлены Ю. Пілсудскім у маі 1926 г. пасля дзяржаўнага перавароту. Па-другое, слабая эканоміка Польшчы цяжка пераносіла ўсеагульны эканамічны крызіс 1929–1933 гг., вынікі якога ляглі на плечы працоўных. Толькі на тэрыторыі Заходняй Беларусі прадукцыя прамысловасці скарацілася на 30–40 %, што зрабіла часткова ці поўнасцю беспрацоўнымі амаль палову рабочых. Па-трэцяе, нямала шкоды нацыянальна-вызваленчаму руху нанесла сектанцкая дагматычная палітыка КПЗБ.
§ 3. Праблема адзінага рабочага і антыфашысцкага народнага фронту ў Заходняй Беларусі. Міжпартыйныя адносіны
Эканамічны крызіс 1929–1933 гг. надзвычай абвастрыў міждзяржаўныя і ўнутрыкласавыя супярэчнасці ў большасці краін свету. Гэта штурхала кіруючыя колы краін да пераходу на антыдэмакратычныя метады і формы дзяржаўнага кіравання, спрыяла прыходу да ўлады найбольш жорсткіх альбо фашысцкіх рэжымаў.
Знешнепалітычная арыентацыя на гітлераўскую Германію выкрышталізавала і ўнутрыпалітычны курс санацыйнага рэжыму Ю. Пілсудскага ў Польшчы. Пасля заключэння ў студзені 1934 г. германска-польскага дагавора ў краіне хутчэй пайшла фашызацыя грамадскага жыцця. У гэтым жа годзе на тэрыторыі Заходняй Беларусі каля мястэчка Бяроза-Картузская быў створаны канцлагер, куды без суда і следства змяшчалі актывістаў нацыянальна-вызваленчай барацьбы, у першую чаргу камуністаў і камсамольцаў. У красавіку 1935 г. былі прыняты новая канстытуцыя Польшчы і новы выбарчы закон. Яны фактычна ліквідавалі тыя абмежаваныя дэмакратычныя правы, якія існавалі ў краіне ў 20‑я гады. Новая канстытуцыя ўзаконіла санацыйны рэжым. Такія перамены дыктавалі неабходнасць мяняць тактыку ўсяго сацыяльнага і нацыянальна-вызваленчага руху. Камуністычная партыя Польшчы і яе састаўная частка – Кампартыя Заходняй Беларусі – аказаліся негатовымі адразу да барацьбы ў новых умовах. Узброеная партызанская барацьба была больш лагічнай і зразумелай для заходнебеларускіх камуністаў. Другой, асабліва небяспечнай палітычнай лініяй было тое, што ў дзейнасці кампартый мэтанакіравана ўсталёўваліся максімалізм патрабаванняў, нецярпімасць да іншай думкі і інш. На гэтай падставе праводзілася палітыка варожасці да сацыял-дэмакратыі. На практыцы адбывалася наадварот: у краінах, дзе камуністы аб’ядноўвалі свае намаганні ў барацьбе з сацыял-дэмакратамі і дамагаліся ў адзінстве з дэмакратычнымі партыямі і арганізацыямі, дасягнута была перамога.
Рашаючую ролю ў перабудове ўсяго рэвалюцыйнага руху адыграў VII кангрэс Камінтэрна (1935), які распрацаваў тактыку барацьбы супраць фашызму і вайны. Трэба было стварыць адзіны рабочы фронт, што азначала аб’яднаць усіх рабочых у барацьбе за свае правы. Планавалася стварыць адзіны народны антыфашысцкі фронт. Гэта азначала, што важна аб’яднаць усе пласты грамадства, усіх грамадзян, якія не хочуць фашызму, імкнуцца не дапусціць новай вайны.
Працэс рэалізацыі задачы па стварэнні адзінага фронту барацьбы ўсіх дэмакратычных сіл супраць фашысцкага наступу праходзіў вельмі цяжка і з пераменным поспехам. Камуністы не маглі хутка зжыць сектанцкія адносіны да дэмакратычных партый і арганізацый, вельмі вялікі недавер склаўся ў членаў гэтых партый да камуністаў. У выніку агульная справа цярпела няўдачу.
Што ўяўлялі сабой партыі і арганізацыі Польшчы і Заходняй Беларусі, якія сумеснымі намаганнямі маглі стварыць антыфашысцкі фронт і не дапусціць перамогі фашызму?
Польская сацыялістычная партыя (ППС), створаная ў 1892 г., стаяла на антысавецкіх і антыкамуністычных пазіцыях, падтрымлівала ўрадавую палітыку паланізацыі насельніцтва “ўсходніх крэсаў”. Нязгодныя з гэтай палітыкай у 1926 г. адкалоліся і стварылі ППС-лявіцу. У 1931 г. яна была забаронена. У 30-я гады, у правай ППС зноў сталі ўзнікаць левыя плыні, што давала магчымасць для сумеснай барацьбы.
Значны ўплыў на працоўных гарадоў і мястэчак Заходняй Беларусі мелі яўрэйскія дэмакратычныя арганізацыі. Вядучую ролю адыгрываў Бунд – Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі. Створаны ў 1897 г., ён выяўляў галоўным чынам інтарэсы яўрэйскай беднаты і паўпралетарскіх элементаў.
Значным уплывам на сялянскія масы карысталася партыя “Стронніцтва людове”, якая ўтварылася ў выніку аб’яднання ў 1931 г. некалькіх партый: “Вызволене”, “Стронніцтва хлопске” і “Пяст” (польская сялянская партыя, што існавала ў 1912–1931 гг.). “Стронніцтва людове” знаходзілася ў апазіцыі да рэжыму Пілсудскага. Асобнае месца займалі беларускія нацыянальныя партыі. Сярод іх Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД), пераіменаваная ў 1936 г. у Беларускае нацыянальнае аб’яднанне (БНА). Канкурэнтам БХД–БНА ў барацьбе за ўплыў на насельніцтва выступала палітычная групоўка беларускіх буржуазных суполак Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), якая лічыла магчымым кампраміс з “санацыйным” рэжымам Ю. Пілсудскага.
КПЗБ паступова пачала адыходзіць ад сектанцкіх пазіцый, вяла работу па аб’яднанні ўсіх рабочых арганізацый на аснове дэмакратычных патрабаванняў: 8-гадзіннага працоўнага дня, павышэння зарплаты і інш. Камуністы ўзмацнілі работу сярод членаў нізавых арганізацый “Стронніцтва людовага”. Паспяхова праводзілі адзінафрантавыя кампаніі сумесна з БХД–БНА за школу на беларускай мове і інш. У пачатку 1937 г. рэвалюцыйная і антыфашысцкая барацьба ў Заходняй Беларусі, безумоўна, мела значны поспех. Нягледзячы на рэпрэсіі, у забастовачнай барацьбе прымала ўдзел каля 30 тыс. чалавек толькі рабочых. Дакладныя лічбы бастуючых сялян невядомы, але аб маштабах гэтай барацьбы можна меркаваць па тым, што ва ўсёй Польшчы толькі 15 жніўня 1937 г. баставала 10 млн чалавек.
Ва ўмовах нарастання барацьбы працоўных і значных поспехаў па стварэнні адзінага народнага фронту ў Польшчы, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне Кампартыя Польшчы і яе састаўныя часткі – КПЗБ і КПЗУ – у сакавіку 1938 г. былі распушчаны і перасталі існаваць. Пазней, у 1956 г., роспуск кампартый быў прызнаны як неабгрунтаваны.
Нягледзячы на такі ўдар па сацыяльным і нацыянальна-вызваленчым руху ў Польшчы, барацьба працоўных, хоць і не так інтэнсіўна, як раней, усё ж працягвалася аж да 17 верасня 1939 г.
У 1921–1939 гг. заходнебеларускія землі з’яўляліся аграрна-сыравінным прыдаткам Польшчы. Гэты перыяд стаў цяжкім і трагічным выпрабаваннем для беларускага народа. Яго заходняя частка апынулася фактычна ў каланіяльным становішчы, што абумовіла заняпад эканомікі і культуры. Беларускі народ не мірыўся з прыгнечаным становішчам і змагаўся за сацыяльную і нацыянальную незалежнасць, за ўз’яднанне з БССР. У гэтай барацьбе вызначыліся К. Арлоўскі, С. Ваўпшасаў, В. Корж, С. Прытыцкі, В. Харужая і інш. У 1939 г. здзейснілася мара беларускага народа. Заходняя Беларусь уз’ядналася з БССР.
РАЗДЗЕЛ VIII. БЕЛАРУСЬ У ГАДЫ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ І ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ (верасень 1939 г. – верасень 1945 г.)
У другую сусветную вайну было ўцягнута 61 дзяржава, больш за 80% насельніцтва зямнога шара. Вайна пазбавіла жыцця звыш 50 млн чалавек, з іх больш за 2,2 млн жыхароў Беларусі. У руіны былі ператвораны тысячы гарадоў і вёсак, значны ўрон прычынены духоўнай культуры народаў. Жудасна нават уявіць сабе, якім бы стала жыццё на нашай планеце, калі б фашысцкім агрэсарам не перагарадзілі шлях народы Савецкага Саюза, іншых дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі.
У гісторыі другой сусветнай вайны можна ўмоўна вылучыць 5 асноўных перыядаў:
1) пачатак вайны, уварванне германскіх войск у Польшчу, іншыя краіны Заходняй Еўропы (верасень 1939 г. – чэрвень 1941 г.);
2) нападзенне фашысцкай Германіі на СССР, пашырэнне маштабаў вайны, крах гітлераўскай дактрыны “бліцкрыга” і міфа аб непераможнасці нямецкай арміі (чэрвень 1941 г. – лістапад 1942 г.);
3) карэнны пералом у ходзе вайны, крушэнне наступальнай стратэгіі фашысцкага блока (лістапад 1942 г. – снежань 1943 г.);
4) выгнанне варожых войск за межы СССР, вызваленне ад акупацыі краін Еўропы. Разгром фашысцкага блока, крах фашысцкай Германіі і яе безагаворачная капітуляцыя (студзень 1944 г. – май 1945 г.);
5) разгром імперыялістычнай Японіі, вызваленне народаў Азіі ад японскай акупацыі і заканчэнне другой сусветнай вайны (май – верасень 1945 г.).