Ідэйныя канфлікты ў гады халоднае вайны
Відавочна, што па шоку, выкліканым падзеямі Другое сусветнае вайны, палітычная і праўная думка з цяжкасцю фармулявала новыя канцэпцыі. Зусім апраўданым было перакананне, што шмат якія з тых тэарэтычных рашэнняў, каторыя знаходзілі прыхільнікаў у перадваенны перыяд, выявіліся або наіўнымі ў сваім прадбачанні будучыні, або не ўнікнулі абвінавачанняў у пасярэднай або простай сувязі з фармаваннем ідэалогіі таталітарызму. Апроч таго, паваенная палітычная думка на працягу першых дзесяцігоддзяў развівалася ў свеце, падзеленым на два варожыя палітычныя станы. Блок сацыялістычных дзяржаў што паўстаў у выніку міжнародных дамоўленасцяў і існаваў да 1990 г. пад правадырствам Савецкага Саюза, і супраціўны яму хаўрус дзяржаў якія звычайна не надта дакладна называлі капіталістычнымі, пачынаючы ад другой паловы 1940-х гадоў вялі так званую халодную вайну якая ня раз пагражала выбухам чарговае сусветнае вайны. Гэта была і ідэалагічная вайна, што асабліва падкрэслівалі ў сацыялістычным блоку. У капіталістычных дзяржавах, у сваю чаргу, паўстала новая галіна паліталогіі, прысвечаная даследзінам ідэалогіі і палітычнае практыкі сацыялістычных дзяржаў і найперш Савецкага Саюза, названая саветалогіяй.
Характэрнай рысай паваеннае пары, зразумела, калі не прымаць пад увагу так званага Трэцяга Свету, было развіццё палітычнае думкі ў двух, адпаведных падзелу свету, кірунках. Палітычная і праўная думка сацыялістычных краёў не была арыгінальная і ў прынцыпе не выпрацавала ніякіх новых канцэпцый, бо заставалася пад уладай савецкага выдання марксізму якое спярша набыло форму ленінізму, пасля сталінізму, каторы афіцыйна называлі марксізмам-ленінізмам, ажно, нарэшце, ад сярэдзіны 1950-х гадоў у сацыялістычных дзяржавах ідэйныя лозунгі марксізму пачалі выказваць штораз болей у мэтах прапаганды, не аддаючы ўвагі іх рэальнаму сэнсу і магчымым наступствам. У сваю чаргу ў дзяржавах Захаду імя каторага рабілася сінонімам "вольнага свету", можна заўважыць выразную тэндэнцыю звароту да левых ідэяў. Кансерватыўная думка, хутка асацыяваная з усеагульным зваротам да правых канцэпцый, які меў месца ў міжваенны перыяд, у тыя першыя паваенныя дзесяцігоддзі выразна адступіла на эўрапейскім кантыненце, дзе яшчэ ў міжваенныя гады давала арыгінальныя тэорыі. Па Другой сусветнай вайне найцікавейшыя рашэнні прапанавалі амэрыканскія кансерватары.
Найважнейшай тэндэнцыяй у палітычнай і праўнай думцы гэтае пары, бясспрэчна, застаецца будаванне тэорый, якія, паводле задумы іх творцаў, павінны спалучыць спрэчныя дагэтуль тэарэтычныя палажэнні. Здавалася, што шлях унікнення сітуацыі, у якой перамаглі б таталітарныя сістэмы, вядзе да кампрамісу і стварэння канцэпцый, што злучаюць у сабе лозунгі свабоды, роўнасці і пашаны да аўтарытэтаў. Але найбольшы націск рабілі на стварэнне розных версій новае мадэлі гаспадаркі, якая мусіла быць мешанай, спалучаючы элементы вольнага рынку і дзяржаўнае планавае гаспадаркі, і гэтак ухіляцца недахопаў кожнага з гэтых рашэнняў паасобку: з аднаго боку, мусілі быць зліквідаваныя крызісы, з другога, захавана эканамічная раўнавага і здаволены патрэбы ўсяго грамадства. Прапанаваныя гэтымі тэорыямі развязкі мелі значны ўплыў на практычныя рашэнні адносна дзяржаўнага ладу, але не развязалі канчаткова шматлікіх супярэчнасцяў тагачаснага свету. Характэрна і тое, што тэорыі першых паваенных дзесяцігоддзяў у пераважнай большасці карысталі з ужо гатовых рашэнняў і не мелі падтрымкі ў арыгінальных філасафічных сістэмах, у тэарэтычным аспекце часцей зварочваючыся да эканамічных сістэмаў. Але гэта не датычыць грамадскае навукі Касцёлу, бо ўжо ў 1950-х гадох яна зазнала прынцыповыя змены, якія ў наступным дзесяцігоддзі былі ўвенчаны пастановамі II Ватыканскага Сабору.