Глава 28. заключныя палажэнні 1 страница
Артыкул 253. Пераходныя палажэнні
Артыкул 254. Унясенне дапаўненняў у Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь
Артыкул 255. Прызнанне страціўшымі сілу некаторых законаў і асобных палажэнняў законаў
Артыкул 256. Меры па рэалізацыі палажэнняў гэтага Кодэкса
Артыкул 257. Уступленне ў сілу гэтага Кодэкса
Гэты Кодэкс накіраваны на рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы культуры, а таксама на ўстанаўленне прававых, арганізацыйных, эканамічных і сацыяльных асноў культурнай дзейнасці ў мэтах захавання і развіцця культурных каштоўнасцей.
АГУЛЬНАЯ ЧАСТКА
РАЗДЗЕЛ I
АСНОВЫ ПРАВАВОГА РЭГУЛЯВАННЯ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
Артыкул 1. Асноўныя тэрміны, якiя прымяняюцца ў гэтым Кодэксе, і іх азначэнні
1. У гэтым Кодэксе прымяняюцца наступныя асноўныя тэрміны i iх азначэннi:
1.1. аб’екты культурнай iнфраструктуры – капітальныя пабудовы (будынкі, збудаванні), памяшканнi i iншая нерухомая маёмасць, якiя прызначаны (выкарыстоўваюцца) для ажыццяўлення i забеспячэння культурнай дзейнасцi;
1.2. арганiзацыя культуры – юрыдычная асоба, якая ажыццяўляе ў якасцi асноўнай дзейнасцi культурную дзейнасць;
1.3. гісторыка-культурныя каштоўнасці – культурныя каштоўнасці, якія маюць адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці і якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці;
1.4. дзеячы культуры і мастацтва – работнікі культуры і творчыя работнікі, якія маюць ганаровыя званні Рэспублікі Беларусь у сферы культуры і (або) іншыя дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў сферы культуры;
1.5. карыстальнік гісторыка-культурнай каштоўнасці – юрыдычная асоба, за якой гісторыка-культурная каштоўнасць замацавана на праве гаспадарчага вядзення або аператыўнага кіравання;
1.6. культура – дзейнасць, накіраваная на задавальненне духоўных патрэбнасцей грамадства, станаўленне і развіццё чалавека, а таксама створаная для гэтых мэт сукупнасць культурных каштоўнасцей;
1.7. культурная дзейнасць – дзейнасць па стварэнні, аднаўленні (адраджэнні), захаванні, ахове, вывучэнні, выкарыстанні, распаўсюджванні i папулярызацыi культурных каштоўнасцей, прадастаўленні культурных даброт, эстэтычным выхаванні, арганiзацыi культурнага адпачынку (вольнага часу) насельнiцтва;
1.8. культурныя каштоўнасцi – створаныя (пераўтвораныя) чалавекам або цесна звязаныя з яго дзейнасцю матэрыяльныя аб’екты i нематэрыяльныя праяўленнi творчасцi чалавека, якiя маюць гiстарычнае, мастацкае, навуковае або iншае значэнне;
1.9. культурныя даброты – тавары і паслугі, якія прадастаўляюцца юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства (далей, калі не вызначана іншае, – грамадзяне), у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі, для задавальнення духоўных патрэбнасцей грамадства, станаўлення і развіцця чалавека;
1.10. культурны праект – сукупнасць дзеянняў, накіраваных на дасягненне вынікаў культурнай дзейнасці, зыходзячы з вызначаных рэсурсаў, тэрмінаў, патрабаванняў да якасці, уліку дапушчальнага ўзроўню рызыкі;
1.11. мастацкая творчасць – стварэнне твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, іх выкананняў і (або) іх выкананне;
1.12. работнік культуры – грамадзянін, які знаходзіцца ў працоўных адносінах з арганізацыяй культуры, іншай юрыдычнай асобай, якая ажыццяўляе культурную дзейнасць, і займаецца культурнай дзейнасцю;
1.13. сфера культуры – галіна сацыяльнай сферы, якая звязана з ажыццяўленнем і забеспячэннем культурнай дзейнасці;
1.14. творчая дзейнасць – вiд культурнай дзейнасцi, якi ўключае мастацкую творчасць i iншую iнтэлектуальную дзейнасць, што завяршаецца з'яўленнем новага, не iснаваўшага раней вынiку iнтэлектуальнай дзейнасцi ў сферы культуры;
1.15. творчы работнік – грамадзянін, які займаецца творчай дзейнасцю, незалежна ад таго, з’яўляецца ён членам творчага саюза ці не;
1.16. уласнік гісторыка-культурнай каштоўнасці – Рэспублiка Беларусь, адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльная адзiнка Рэспублiкi Беларусь, юрыдычная асоба, грамадзянін, у тым ліку індывідуальны прадпрымальнік, якім належаць правы валодання, карыстання і распараджэння гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
2. Змест асобных тэрмінаў, якiя выкарыстоўваюцца ў гэтым Кодэксе, вызначаецца ў адпаведных артыкулах гэтага Кодэкса.
Артыкул 2. Асноўныя прынцыпы, на якіх грунтуюцца грамадскія адносіны ў сферы культуры
Грамадскія адносіны ў сферы культуры грунтуюцца на аснове наступных асноўных прынцыпаў:
прызнанне культуры ў якасцi аднаго з галоўных фактараў самабытнасцi народа Беларусі, нацыянальных супольнасцей, якiя пражываюць у Рэспублiцы Беларусь, пераемнасцi пакаленняў, а таксама ў якасцi асновы для станаўлення і развiцця грамадзяніна;
захаванне, развiццё i распаўсюджванне культуры на карысць iнтарэсаў грамадзяніна i грамадства;
садзейнiчанне адраджэнню i развiццю культурных традыцый;
агульнадаступнасць культурных каштоўнасцей у адпаведнасці з заканадаўствам;
ахова, захаванне, рацыянальнае выкарыстанне i памнажэнне гісторыка-культурнай спадчыны;
ахова аўтарскага права і сумежных правоў;
забеспячэнне i абарона канстытуцыйнага права кожнага на ўдзел у культурным жыццi;
свабода творчай дзейнасці;
разнастайнасць напрамкаў, форм, жанраў i стыляў у мастацкай творчасці;
спалучэнне дзяржаўных i грамадскiх iнтарэсаў i правоў грамадзян у сферы культуры;
забеспячэнне роўнасцi правоў i магчымасцей грамадзян у стварэнні і выкарыстанні культурных каштоўнасцей, недапушчальнасць устанаўлення пераваг i прывiлей у сферы культуры, якiя супярэчаць заканадаўству;
недапушчальнасць манапалiзму ў культуры i манапалiзацыi культурнай дзейнасцi;
фарміраванне і развіццё канкурэнтнага культурнага асяроддзя;
арыентацыя на нацыянальныя i агульначалавечыя каштоўнасцi, лепшыя ўзоры беларускай і сусветнай культуры, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне, прыярытэт культурных каштоўнасцей, якiя носяць высокамастацкi i высокамаральны характар;
прыярытэт развiцця беларускай нацыянальнай культуры і свабоднага развiцця культур усiх нацыянальных супольнасцей, якiя пражываюць у Рэспублiцы Беларусь;
узаемадзеянне беларускай нацыянальнай культуры з культурамi iншых народаў i яе iнтэграцыя ў сусветную культуру;
сцвярджэнне і распаўсюджванне гуманiстычных iдэй, навуковых ведаў і дасягненняў сусветнай культуры, сцвярджэнне высокiх маральных пачаткаў у грамадскiм жыццi, фармiраванне эстэтычнага жыццёвага асяроддзя;
узаемадзеянне арганізацый культуры i ўзаемавыкарыстанне іх iнфармацыйных рэсурсаў.
Артыкул 3. Суб’екты культурнай дзейнасці
Суб’ектамі культурнай дзейнасці з’яўляюцца:
грамадзяне, у тым ліку работнікі культуры, творчыя работнікі, спонсары і мецэнаты культуры;
арганізацыі культуры і падраздзяленні юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць;
калектывы мастацкай творчасці, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры і падраздзяленнямі юрыдычных асоб;
творчыя саюзы, іншыя грамадскія аб’яднанні ў сферы культуры;
установы адукацыі, навуковыя арганізацыі і іншыя юрыдычныя асобы, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць;
дзяржаўныя органы і органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання;
міжнародныя арганізацыі і міждзяржаўныя ўтварэнні;
іншыя юрыдычныя асобы, у тым ліку спонсары культуры, якія садзейнічаюць развіццю культуры.
ГЛАВА 2
ЗАКАНАДАЎСТВА АБ КУЛЬТУРЫ І ЯГО ДЗЕЯННЕ
Артыкул 4. Заканадаўства аб культуры
1. Заканадаўства аб культуры грунтуецца на Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i складаецца з гэтага Кодэкса, iншых актаў заканадаўства, міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.
2. Калi мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь устаноўлены iншыя правiлы, чым тыя, якiя прадугледжаны гэтым Кодэксам, то прымяняюцца правілы мiжнароднага дагавора.
Артыкул 5. Грамадскія адносiны, якiя рэгулююцца заканадаўствам аб культуры
Гэтым Кодэксам і iншымі актамі заканадаўства аб культуры рэгулююцца грамадскія адносiны ў наступных напрамках:
захаванне і развіццё культурных каштоўнасцей;
ахова гiсторыка-культурнай спадчыны;
увоз і (або) вываз, вяртанне культурных каштоўнасцей;
ахова археалагічнай спадчыны;
бiблiятэчная справа;
музейная справа;
народныя мастацкія рамёствы;
кiнематаграфiчная дзейнасць;
культурныя мерапрыемствы;
дзейнасць прафесійных калектываў мастацкай творчасці;
дзейнасць непрафесійных (аматарскіх) і аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці;
арганiзацыя культурнага адпачынку (вольнага часу) насельнiцтва;
дзейнасць па эстэтычным выхаванні;
заахвочванні ў сферы культуры;
мiжнароднае супрацоўнiцтва ў сферы культуры;
iншыя напрамкi, звязаныя з ажыццяўленнем i забеспячэннем культурнай дзейнасцi, калi iншае не вызначана гэтым Кодэксам.
Артыкул 6. Дзеянне заканадаўства аб культуры па крузе асоб
Заканадаўства аб культуры, за выключэннем выпадкаў, устаноўленых міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, распаўсюджваецца на грамадзян Рэспублікі Беларусь і юрыдычных асоб Рэспублікі Беларусь, а таксама на замежных грамадзян, асоб без грамадзянства, замежныя арганізацыі, якія знаходзяцца або ажыццяўляюць дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь, і на міжнародныя арганізацыі і міждзяржаўныя ўтварэнні, якія ажыццяўляюць дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь.
Артыкул 7. Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб культуры
1. Заканадаўчымі актамі ўстанаўлiваецца крымiнальная, адмiнiстрацыйная, матэрыяльная адказнасць за парушэнне заканадаўства аб культуры.
2. Дысцыплiнарная i iншая адказнасць за парушэнне заканадаўства аб культуры ўстанаўлiваецца заканадаўствам.
ГЛАВА 3
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА І ДЗЯРЖАЎНАЕ
КІРАВАННЕ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
Артыкул 8. Асноўныя напрамкі дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры
Асноўнымі напрамкамі дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры з’яўляюцца:
захаванне, развiццё i распаўсюджванне беларускай нацыянальнай культуры i мовы;
садзейнічанне ў рэалізацыі правоў грамадзян ў сферы культуры;
забеспячэнне аховы гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны;
стварэнне дзяржаўных арганізацый культуры і садзейнiчанне развiццю іх матэрыяльна-тэхнiчнай базы;
стварэнне ўмоў для супрацоўніцтва ў сферы культуры дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі;
стварэнне ўмоў для развіцця юрыдычных асоб усіх форм уласнасці, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, аказанне ім падтрымкі ў рэалізацыі культурных праектаў на конкурснай аснове;
стварэнне ўмоў для прыцягнення сродкаў спонсараў і мецэнатаў культуры, іншых юрыдычных асоб, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, для фінансавання культуры;
распрацоўка і рэалізацыя дзяржаўных, рэгіянальных і галіновых праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры;
рэалiзацыя дзяржаўных мiнiмальных сацыяльных стандартаў у сферы культуры;
стварэнне спрыяльных умоў для эстэтычнага выхавання насельніцтва;
абарона грамадскай маралi, прадухіленне прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці;
арганізацыя, правядзенне і падтрымка фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў і распрацовак у сферы культуры, аказанне метадычнай дапамогi па ажыццяўленні культурнай дзейнасці арганiзацыям культуры і іншым юрыдычным асобам, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць;
забеспячэнне функцыянавання i развiцця культуры ў сельскай мясцовасцi, у тым ліку шляхам рацыянальнага i аптымальнага размяшчэння арганізацый культуры з улiкам развiцця асобных рэгiёнаў i галiн вытворчасцi;
стварэнне аб’ектаў культурнай інфраструктуры;
садзейнічанне інфарматызацыі ў сферы культуры;
падтрымка таленавітай моладзі і стварэнне ўмоў для яе плённай дзейнасці;
заахвочванне работнiкаў культуры, творчых работнікаў, арганізацый культуры, спонсараў і мецэнатаў культуры, іншых юрыдычных асоб, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якiя ўнеслi значны ўклад у захаванне, развiццё i распаўсюджванне культуры;
сацыяльная абарона работнiкаў культуры i творчых работнiкаў;
садзейнічанне міжнароднаму супрацоўніцтву ў сферы культуры;
забеспячэнне ў адпаведнасцi з заканадаўствам свабоднага доступу да культурных каштоўнасцей i культурнай дзейнасцi на льготных умовах для iнвалiдаў, ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны, ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыi iншых дзяржаў, ваеннаслужачых тэрмiновай службы, дзяцей-сiрот, дзяцей, якiя засталiся без апекi бацькоў, асоб, якiя атрымлiваюць дашкольную, агульную сярэднюю, прафесiйна-тэхнiчную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую, спецыяльную адукацыю, а таксама асоб, якiя маюць заслугi перад дзяржавай i народам;
стварэнне ўмоў інвалідам і іншым фізічна аслабленым асобам для свабоднага доступу і карыстання арганізацыямі культуры, у тым ліку доступу да інфармацыйна-камунікацыйных рэсурсаў;
спрыянне стварэнню, распаўсюджванню i папулярызацыi суб’ектамi культурнай дзейнасцi культурных каштоўнасцей, культурных мерапрыемстваў i культурных праектаў, якiя маюць высокамастацкае i высокамаральнае значэнне, у тым лiку шляхам размяшчэння сацыяльна-творчых заказаў i фiнансавання дзяржаўных, рэгіянальных і галіновых праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры;
папулярызацыя нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў, а таксама іншых фільмаў, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне;
дыферэнцыраванне падыходаў да фінансавання вытворчасці фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў у адпаведнасці з заканадаўствам;
забеспячэнне даступнасці паслуг у сферы культуры і павышэнне іх якасці;
стварэнне ўмоў для адраджэння i развiцця гiстарычных традыцый народнай творчасцi, заахвочванне культурнай дзейнасці юрыдычных асоб, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, ва ўказанай сферы;
садзейнiчанне арганiзацыi i (або) правядзенню культурных мерапрыемстваў, экспертыз, iншых форм аб’ектыўнай i незалежнай ацэнкi вынiкаў творчай дзейнасцi, а таксама развiццю лiтаратурнай i мастацкай крытыкi;
стварэнне дзяржаўных сродкаў масавай iнфармацыi, якiя спецыялiзуюцца на асвятленнi культурнага жыцця ў Рэспублiцы Беларусь i замежных дзяржавах;
стымуляванне публiкацый або паведамленняў на тэмы, звязаныя з культурным жыццём, у сродках масавай iнфармацыi;
стымуляванне выдання твораў мастацкай лiтаратуры, якія маюць значэнне для захавання, развiцця i распаўсюджвання культуры (творы лiтаратуры нацыянальнай тэматыкi, для дзяцей i моладзi, класiчныя творы мастацкай лiтаратуры i iншыя творы);
рэгуляванне ўвозу і (або) вывазу культурных каштоўнасцей, недапушчэнне незаконнага вывазу з Рэспублiкi Беларусь культурных каштоўнасцей i незаконнай перадачы права ўласнасцi на iх, прыняцце мер па вяртанні ў Рэспублiку Беларусь культурных каштоўнасцей, незаконна вывезеных з яе тэрыторыi або не вернутых ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку;
падрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка работнікаў культуры.
Артыкул 9. Дзяржаўныя, рэгіянальныя і галіновыя праграмы, накіраваныя на захаванне i развiццё культуры
1. У мэтах захавання і развіцця культуры распрацоўваюцца дзяржаўныя, рэгіянальныя і галіновыя праграмы, накіраваныя на захаванне і развіццё культуры.
2. Фарміраванне, фінансаванне і выкананне дзяржаўных, рэгіянальных і галіновых праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры, ажыццяўляюцца ў парадку, вызначаным заканадаўствам.
Артыкул 10. Дзяржаўнае кіраванне ў сферы культуры
Дзяржаўнае кіраванне ў сферы культуры ажыццяўляюць Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь, Савет Міністраў Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы і iншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасцi з iх кампетэнцыяй.
Артыкул 11. Паўнамоцтвы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь у сферы культуры
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь вызначае адзіную дзяржаўную палітыку і ажыццяўляе дзяржаўнае кіраванне ў сферы культуры ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.
Артыкул 12. Паўнамоцтвы Савета Міністраў Рэспублiкi Беларусь у сферы культуры
Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь у сферы культуры:
забяспечвае правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі;
зацвярджае дзяржаўныя мінімальныя сацыяльныя стандарты ў сферы культуры;
забяспечвае развіццё міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры;
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Кодэксам, іншымі законамі і актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 13. Паўнамоцтвы Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь у сферы культуры
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у сферы культуры:
праводзіць адзіную дзяржаўную палітыку ў адпаведнасцi з асноўнымi напрамкамі дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры;
каардынуе дзейнасць iншых рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання ў сферы культуры;
распрацоўвае і рэалізуе дзяржаўныя і галіновыя праграмы, накіраваныя на захаванне і развіццё культуры;
вызначае агульную стратэгію развіцця сферы культуры;
арганізуе міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы культуры;
стварае дзяржаўныя арганізацыі культуры, садзейнічае развіццю іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, забяспечвае аказанне метадычнай дапамогі па ажыццяўленні культурнай дзейнасці арганізацыям культуры і іншым юрыдычным асобам, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць;
арганізуе і праводзіць культурныя мерапрыемствы;
арганізуе і садзейнічае ажыццяўленню мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, вызначае методыку падрыхтоўкі і правядзення эвакуацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей, якім пагражае знішчэнне ў выпадку надзвычайнай сітуацыі або ўзброенага канфлікта, у тым ліку за межамі Рэспублікі Беларусь;
прымае меры па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці;
размяшчае сацыяльна-творчыя заказы;
забяспечвае падрыхтоўку, перападрыхтоўку i павышэнне квалiфiкацыi работнiкаў культуры;
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.
Артыкул 14. Паўнамоцтвы мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў і iншых дзяржаўных органаў у сферы культуры
1. Мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы ў сферы культуры:
прымаюць удзел у правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі;
вырашаюць пытаннi культуры мясцовага значэння;
распрацоўваюць і рэалізуюць рэгіянальныя праграмы, накіраваныя на захаванне і развіццё культуры;
ствараюць дзяржаўныя арганізацыі культуры, садзейнічаюць развіццю іх матэрыяльна-тэхнічнай базы;
арганізуюць і праводзяць культурныя мерапрыемствы;
арганiзуюць i садзейнiчаюць ажыццяўленню мерапрыемстваў па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны;
размяшчаюць сацыяльна-творчыя заказы;
ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.
2. Іншыя дзяржаўныя органы прымаюць удзел у правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры ў адпаведнасцi з iх кампетэнцыяй.
Артыкул 15. Узаемадзеянне ў сферы культуры дзяржаўных органаў з органамi тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, грамадскiмi аб’яднаннямi і іншымі юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі
1. Дзяржаўныя органы ажыццяўляюць кіраванне ў сферы культуры ва ўзаемадзеяннi з органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, грамадскiмi аб’яднаннямi і іншымі юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі.
2. З мэтай забеспячэння ўдзелу органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, грамадскiх аб’яднанняў і іншых юрыдычных асоб, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, у ажыццяўленнi дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры, аб’ектыўнай ацэнкi праблемных пытанняў i распрацоўкi канкрэтных мер па iх вырашэнні пры дзяржаўных органах могуць стварацца грамадскiя саветы (камісіі) i iншыя кансультатыўныя органы (экспертныя фарміраванні) па пытаннях культуры з ліку творчых работнікаў, работнікаў культуры, іншых грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, дзяржаўных органаў, навуковых арганізацый, іншых юрыдычных асоб.
3. Асноўнымi задачамi дзейнасцi грамадскiх саветаў (камісій) i iншых кансультатыўных органаў (экспертных фарміраванняў) па пытаннях культуры з’яўляюцца:
3.1. падрыхтоўка прапаноў па рэалiзацыi дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры;
3.2. удзел у падрыхтоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў па пытаннях культуры;
3.3. падрыхтоўка прапаноў і рэкамендацый па пытаннях культуры, дзейнасці работнiкаў культуры, творчых работнікаў, грамадскіх аб’яднанняў і іншых суб’ектаў культурнай дзейнасці;
3.4. садзейнiчанне ў рэалiзацыi культурных праектаў, дзяржаўных, рэгіянальных і галіновых праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры, мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, развіцці бібліятэчнай і музейнай справы, кінематаграфіі, дэкаратыўна-прыкладнога, манументальнага, музычнага, тэатральнага, харэаграфічнага, эстраднага, цыркавога і іншых відаў мастацтва, развіцці і падтрымцы народных мастацкіх рамёстваў, адукацыі ў сферы культуры, правядзенні культурных мерапрыемстваў;
3.5. аказанне метадычнай і экспертнай дапамогі, кансультаванне па пытаннях культуры;
3.6. садзейнiчанне стварэнню спрыяльных умоў для культурнай дзейнасці, развіццю мiжнароднага супрацоўнiцтва ў сферы культуры.
4. Склад грамадскiх саветаў (камісій) i iншых кансультатыўных органаў (экспертных фарміраванняў) па пытаннях культуры зацвярджаецца дзяржаўным органам, пры якім яны ствараюцца.
5. Рашэннi грамадскiх саветаў (камісій) i iншых кансультатыўных органаў (экспертных фарміраванняў) па пытаннях культуры носяць рэкамендацыйны характар, калі іншае не вызначана гэтым Кодэксам і (або) іншымі заканадаўчымі актамі.
Артыкул 16. Супрацоўніцтва ў сферы культуры дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі
1. З мэтай забеспячэння эфектыўнасці выкарыстання маёмасці, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, у тым ліку бюджэтных сродкаў, а таксама павышэння якасці культурных даброт дзяржаўныя органы на прынцыпах узаемавыгаднасці ажыццяўляюць супрацоўніцтва ў сферы культуры з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі.
2. Асноўнымі напрамкамі супрацоўніцтва ў сферы культуры дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі з’яўляюцца:
2.1. рэалізацыя культурных праектаў, у тым ліку сумесныя вытворчасць фільмаў і правядзенне культурных мерапрыемстваў;
2.2. развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый культуры;
2.3. дзейнасць па выкарыстанні, захаванні і ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей.
3. Дзяржаўнымі мерамі па ажыццяўленні супрацоўніцтва ў сферы культуры дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі з’яўляюцца:
3.1. распрацоўка дзяржаўных, рэгіянальных і галіновых праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры, выканаўцамі мерапрыемстваў якіх могуць быць камерцыйныя арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі;
3.2. размяшчэнне сацыяльна-творчых заказаў;
3.3. выкуп вынікаў дзейнасці камерцыйных арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў у адпаведнасці з заканадаўствам;
3.4. іншыя меры, прадугледжаныя заканадаўствам.
Артыкул 17. Сацыяльна-творчыя заказы
1. З мэтай стымулявання творчага пошуку суб’ектаў культурнай дзейнасці, падтрымкi творчых работнікаў, рашэння iншых сацыяльна-культурных задач Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы маюць права размяшчаць сацыяльна-творчыя заказы ў суб’ектаў культурнай дзейнасцi на стварэнне новых твораў мастацкай лiтаратуры i мастацтва, выкананняў, арганiзацыю i (або) правядзенне культурных мерапрыемстваў, аказанне іншых паслуг у сферы культуры.
2. Размяшчэнне сацыяльна-творчага заказу ажыццяўляецца шляхам заключэння дагавора паміж Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь або iншым дзяржаўным органам і суб’ектам культурнай дзейнасцi ў адпаведнасці з заканадаўствам аб дзяржаўных закупках.
3. Дзеяннi, заснаваныя на дагаворы з суб’ектам культурнай дзейнасцi аб стварэннi i выкарыстаннi вынiкаў творчай дзейнасцi, не з’яўляюцца ўмяшаннем у творчую дзейнасць.
Артыкул 18. Падтрымка таленавітай моладзі
1. З мэтай выяўлення, станаўлення, развіцця, рэалізацыі і захавання інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу моладзі, забеспячэння пераемнасці культурных традыцый Рэспублікі Беларусь дзяржава рэалізуе сістэму мер па падтрымцы таленавітай моладзі і стварэнні ўмоў для яе плённай дзейнасці.
2. У Рэспубліцы Беларусь арганізуюцца мерапрыемствы, у тым ліку алімпіяды і конкурсы, накіраваныя на выяўленне таленавітай моладзі, праводзіцца пастаянны аналіз работы з такой моладдзю, вядзецца банк даных таленавітай моладзі.
3. Мерамі падтрымкі таленавітай моладзі з’яўляюцца прысуджэнне заахвочванняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, прадастаўленне грамадзянам, уключаным у банк даных таленавітай моладзі, льгот і гарантый у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
4. Вядзенне банка даных таленавітай моладзі ажыццяўляецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь або юрыдычнай асобай, ім упаўнаважанай.
Парадак фарміравання, вядзення і выкарыстання банка даных таленавітай моладзі вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
ГЛАВА 4
КАНТРОЛЬ, ГРАМАДСКІ КАНТРОЛЬ У СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
Артыкул 19. Кантроль у сферы культуры
1. Кантроль у сферы культуры праводзіцца з мэтай забеспячэння выканання заканадаўства ў сферы культуры дзяржаўнымі органамі, іншымі юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі.
2. Дзяржаўныя органы, упаўнаважаныя ажыццяўляць кантроль у сферы культуры, яго парадак і перыядычнасць устанаўліваюцца актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншымі актамі заканадаўства.
Артыкул 20. Грамадскі кантроль у сферы культуры
1. Грамадскі кантроль у сферы культуры за выкананнем патрабаванняў ахоўных абавязацельстваў, наяўнасцю на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях ахоўных дошак, прытрымліваннем парадку і (або) умоў выканання работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях або ажыццяўлення дзеянняў, якія ствараюць пагрозу гісторыка-культурным каштоўнасцям, рэжымаў зместу і (або) выкарыстання зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, патрабаванняў аб абмежаванні правоў уласніка (карыстальніка) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, землекарыстальніка, на зямельным участку якога размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць, ажыццяўляецца грамадскімі назіральнымі камісіямі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, якія ствараюцца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
2. Грамадскія назіральныя камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ствараюцца на грамадскіх пачатках і складаюцца з прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь або мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Персанальны склад грамадскай назіральнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны зацвярджаецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь або мясцовым выканаўчым і распарадчым органам.
3. Члены грамадскай назіральнай камісіі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны па ўзгадненні з уласнікам (карыстальнікам) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, землекарыстальнікам, на зямельным участку якога размешчана гісторыка-культурная каштоўнасць, маюць права:
3.1. наведваць гісторыка-культурныя каштоўнасці і праводзіць іх візуальны агляд;
3.2. атрымліваць інфармацыю і паясненні па пытаннях, якія пералічаны ў пункце 1 гэтага артыкула;
3.3. прымаць удзел у пасяджэннях Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь з правам дарадчага голасу;
3.4. прымаць удзел ў мерапрыемствах па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.
ГЛАВА 5
ФІНАНСАВАЕ І МАТЭРЫЯЛЬНА-ТЭХНІЧНАЕ
ЗАБЕСПЯЧЭННЕ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ
Артыкул 21. Крыніцы фінансавання ў сферы культуры
1. Фінансаванне ў сферы культуры ажыццяўляецца ў мэтах забеспячэння рэалізацыі правоў грамадзян у сферы культуры, даступнасці і якасці паслуг у гэтай сферы, рэалізацыі напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры і з’яўляецца шматканальным.
2. Шматканальнае фінансаванне ў сферы культуры ўключае наступныя крыніцы:
2.1. сродкі рэспублiканскага i (або) мясцовых бюджэтаў;
2.2. сродкі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы культуры i мастацтва;
2.3. сродкі суб’ектаў культурнай дзейнасці;
2.4. сродкі ўласнікаў (карыстальнікаў) гісторыка-культурных каштоўнасцей або землекарыстальнікаў, на зямельных участках якіх размешчаны гісторыка-культурныя каштоўнасці;
2.5. сродкі заснавальнiкаў арганізацый культуры;
2.6. сродкі, атрыманыя ад ажыццяўлення дзейнасці, якая прыносіць даход;
2.7. крэдыты, якія прадастаўляюцца банкамі і нябанкаўскімі крэдытна-фiнансавымi арганiзацыямi;