Глава 25 дзейнасць непрафесійных (аматарскіх) і аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці

Артыкул 226. Асаблівасці культурнай дзейнасці непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці

1. Дзейнасць непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці – напрамак культурнай дзейнасці, накіраваны на стварэнне твораў мастацтва, выкананняў твораў сцэнічнага мастацтва і (або) іх публічны паказ (выкананне) на непрафесійнай аснове.

2. Напрамкамі дзейнасці непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці з’яўляюцца:

2.1. стварэнне твораў мастацтва, выкананняў твораў сцэнічнага мастацтва і (або) іх публічны паказ (выкананне);

2.2. удзел у культурна-відовішчных і іншых культурных мерапрыемствах;

2.3. правядзенне майстар-класаў дзеячамі культуры і мастацтва, іншымі творчымі работнікамі.

3. Нароўні з напрамкамі дзейнасці, вызначанымі пунктам 2 гэтага артыкула, непрафесійны (аматарскі) калектыў мастацкай творчасці можа ажыццяўляць выраб і (або) прадастаўленне юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам па дагаворах з імі дэкарацый, мэблі, рэквізіту, сцэнічных касцюмаў і іншай маёмасці для правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў.

4. Дзейнасць непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці ажыццяўляецца з улiкам жанру і формы культурнай дзейнасцi, ступенi развiцця выканаўчага майстэрства членаў непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, узроўню iх творчага патэнцыялу, асаблiвасцей рэпертуару i iншага.

5. Дзейнасць непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці носiць планавы характар, вызначаецца мэтанакiраванасцю, спалучэннем розных вiдаў заняткаў (iндывiдуальных, групавых, агульнакалектыўных) i заключаецца ў авалоданнi тэарэтычнымi ведамi i практычнымi навыкамi ў пэўным вiдзе мастацтва.

Для арганізацыі пастановачнай i кансультацыйнай работы ў непрафесійных (аматарскіх) калектывах мастацкай творчасці могуць запрошвацца балетмайстры, хормайстры, канцэртмайстры, рэжысёры, кампазiтары, мастакі i iншыя творчыя работнікі.

6. Дзейнасць непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці лічыцца выніковай, калі гэты калектыў:

6.1. праводзіць самастойныя культурныя мерапрыемствы не радзей за адзiн раз у два месяцы;

6.2. праводзіць штогод справаздачныя культурныя мерапрыемствы з абнаўленнем іх зместу;

6.3. прымае актыўны ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца заснавальнікам непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці.

7. Колькасць удзельнікаў непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці павінна адпавядаць жанру і форме культурнай дзейнасці калектыву пры фарміраванні рэпертуару, правядзенні рэпетыцый, стварэнні твораў мастацтва, выкананні твораў сцэнічнага мастацтва, вырашэнні мастацкіх задач, правядзенні культурных мерапрыемстваў, садзейнічаць творчаму развіццю непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці.

8. Формай самакіравання ў непрафесійных (аматарскіх) калектывах мастацкай творчасці можа выступаць мастацкі савет, які ствараецца з мэтай каардынацыi дзейнасцi непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці і складаецца з удзельнікаў гэтага калектыву.

Склад мастацкага савета непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці вызначаецца шляхам галасавання на агульным сходзе членаў непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці большасцю галасоў ад агульнай колькасці ўдзельнікаў гэтага калектыву.

Артыкул 227. Асноўныя прынцыпы і мэты дзейнасці непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці

1. Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці з’яўляюцца:

1.1. добраахвотнасць;

1.2. агульнасць iнтарэсаў;

1.3. даступнасць;

1.4. спалучэнне асабiстай iнiцыятывы, арганiзацыi i самакіравання;

1.5. рэалізацыя творчых здольнасцей, уменняў і навыкаў.

2. Асноўнымі мэтамі дзейнасці непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці з’яўляюцца:

2.1. адраджэнне, захаванне, развiццё i распаўсюджванне беларускай традыцыйнай культуры;

2.2. далучэнне грамадзян да культурных мастацкіх традыцый, лепшых узораў айчыннай і сусветнай культуры, твораў сучаснага мастацтва;

2.3. стварэнне, захаванне i распаўсюджванне культурных каштоўнасцей і шырокае далучэнне да ўдзелу ў мастацкай творчасці розных сацыяльных груп насельніцтва;

2.4. папулярызацыя твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, якія атрымалі агульнаграмадскае прызнанне;

2.5. набыццё ведаў і навыкаў у розных відах мастацкай творчасці, выяўленне i гарманічнае развiццё творчых здольнасцей асобы, стварэнне ўмоў для яе сацыялiзацыi i самарэалізацыі;

2.6. эстэтычнае выхаванне грамадзян;

2.7. арганізацыя культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва i задавальненне культурных патрэбнасцей грамадзян.

Артыкул 228. Правы і абавязкі непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці і іх заснавальнікаў

1. Непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці маюць права:

1.1. самастойна вызначаць жанр і форму культурнай дзейнасці калектыву, склад удзельнікаў, рэпертуарную палітыку;

1.2. ажыццяўляць творчую дзейнасць;

1.3. дэманстраваць вынікі творчай дзейнасці, удзельнічаць у фестывалях, аглядах, конкурсах і іншых культурных мерапрыемствах;

1.4. папулярызаваць творчасць розных аўтараў, выканаўцаў;

1.5. удзельнічаць у выкананні сацыяльна-творчых заказаў.

2. Непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці абавязаны мець назву.

Поўная назва непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці павінна адлюстроўваць жанр і форму культурнайдзейнасці калектыву, поўную назву заснавальніка непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці (яго падраздзялення), тэрытарыяльную прыналежнасць, а таксама можа ўтрымліваць арыгiнальную назву непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці.

Поўная назва непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, у склад якой уваходзiць больш 75 працэнтаў удзельнiкаў, якiя працуюць ва ўстановах культуры, установах адукацыі ў сферы культуры i пры гэтым маюць адукацыю ў пэўных відах мастацтва, можа адлюстроўваць якасны склад удзельнікаў непрафесійнага (аматарскага) калектыва мастацкай творчасці.

Назва непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці адлюстроўваецца ў пашпарце непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці.

3. Адказнасць за дзейнасць непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці нясе яго заснавальнік.

4. Заснавальнік непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці:

4.1. ажыццяўляе арганiзацыйнае, фiнансавае i матэрыяльна-тэхнiчнае забеспячэнне непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці;

4.2. садзейнічае развіццю творчых здольнасцей удзельнікаў непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, удзелу непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці ў культурных мерапрыемствах;

4.3. садзейнічае павышэнню прафесiйнага ўзроўню і заахвочванню кіраўніка непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці.

Артыкул 229. Асаблівасці культурнай дзейнасці аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці

1. Дзейнасць аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці – напрамак культурнай дзейнасці, накіраваны на захаванасць аўтэнтычнага фальклору пэўнай мясцовасцi.

2. Аўтэнтычны фальклор – народнае мастацтва ў яго спрадвечным, адэкватным генетычным вытокам выглядзе, без якiх-небудзь апрацовак. Аўтэнтычны фальклор функцыянуе ў натуральным асяроддзi, iснуе як вусная традыцыя, праяўляе сябе як калектыўная свядомасць, псiхалагiчна арыентаваная на непасрэдныя, нефармальныя адносiны.

Аўтэнтычны фальклор мае матэрыяльныя і нематэрыяльныя формы iснавання (праявы).

Да матэрыяльных праяў аўтэнтычнага фальклору адносяцца па-мастацку аформленыя прадметы побыту, прылады працы, касцюм, жыллё, мэбля, посуд, вырабленыя з прымяненнем мясцовых прыродных матэрыялаў (дрэва, глiны, саломы, лазы, iльну, воўны i iншых) па традыцыйных тэхналогiях.

Да нематэрыяльных праяў аўтэнтычнага фальклору адносяцца абрадавыя дзеяннi, гульнi, песенны, iнструментальны, танцавальны, празаiчны фальклор i iншае.

3. Аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці ў сваёй цэласнасцi цi асобных праявах з’яўляюцца:

3.1. адным з фактараў існавання праяў аўтэнтычнай традыцыйнай культуры;

3.2. носьбітам адметных для традыцыйнай культуры з’яў i працэсаў;

3.3. вынiкам i сведчаннем недаследаваных працэсаў;

3.4. матэрыяльным аб’ектам i нематэрыяльнай з’явай, характэрнай для культуры нацыі.

4. Аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці маюць:

4.1. адметныя, характэрныя для пэўнага рэгiёна краіны культурныя традыцыi;

4.2. традыцыйныя тапанiмiчныя назвы;

4.3. рэдкiя i адметныя ўзоры прадметаў побыту i iншага прызначэння пэўных гiстарычных перыядаў i рэгiёнаў, пэўных стылiстычных напрамкаў рэгiянальных i этнiчных асаблiвасцей традыцыйнага мастацтва, твораў мастацтва розных вiдаў народнай творчасцi пэўнага гiстарычнага перыяду, рэгiёна i этнiчнай групы.

5. Назва аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці павінна ўключаць словы ”аўтэнтычны фальклорны“.

6. Культурная дзейнасць аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці павінна быць скіравана на захаванне ў натуральных умовах праяў аўтэнтычнага фальклору сваёй мясцовасцi, такіх як:

6.1. абрады i звычаi каляндарнага i сямейна-бытавога цыклаў;

6.2. традыцыйныя формы адпачынку i заняткаў характэрнымi вiдамi дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва;

6.3. уласцiвыя для спантанных праяўленняў традыцыйнай мастацкай культуры спевы, ігра на музычных інструментах, танцы, гульнi ў натуральным асяроддзі;

6.4. рэгiянальныя песенныя, iнструментальныя, танцавальныя, гульнёва-мастацкiя стылi;

6.5. традыцыйныя склады выканаўцаў;

6.6. перадача фальклорных ведаў i навыкаў дзецям i моладзi, якiя далучаюцца да традыцыйнай фальклорнай спадчыны сваёй мясцовасцi ў парадку вуснай традыцыі натуральным шляхам;

6.7. выраб нацыянальнага адзення ў мясцовых традыцыях;

6.8. iншыя праявы.

7. Аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці могуць ажыццяўляць культурную дзейнасць на базе арганізацый культуры, устаноў адукацыі, іншых юрыдычных асоб або па месцы жыхарства іх удзельнікаў.

Юрыдычная асоба, на базе якой дзейнічае аўтэнтычны фальклорны калектыў мастацкай творчасці, па магчымасці прадастаўляе асобнае памяшканне, абсталяванне, музычныя iнструменты, сродкi для фiксацыi твораў традыцыйнай культуры (аўдыя-, фота-, вiдэаапаратура і іншыя), дапамагае ў аднаўленні і стварэнні сцэнічных касцюмаў на аснове мясцовых аўтэнтычных строяў, стварае iншыя неабходныя для забеспячэння культурнай дзейнасці аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці ўмовы.

8. У арганізацыі культуры, на базе якой ажыццяўляецца культурная дзейнасць аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці, са згоды заснавальніка арганізацыі культуры можа ўводзіцца пасада кіраўніка аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці, які працуе на падставе працоўнага або грамадзянска-прававога дагавора.

Артыкул 230. Кіраўнік аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці

1. Прыярытэтнымі патрабаваннямі да кiраўнiка аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці з’яўляюцца:

1.1. веданне і вывучэнне гiсторыi, этнаграфii, фальклору пэўнага рэгіёна краіны, культурна-этнаграфiчных асаблiвасцей мясцовасцi, у якой ажыццяўляе культурную дзейнасць аўтэнтычны фальклорны калектыў мастацкай творчасці;

1.2. валоданне беларускай мовай i адным з вiдаў традыцыйнага мастацтва.

2. Прыярытэтным напрамкам дзейнасцi кiраўнiка аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці з’яўляецца забеспячэнне дзейнасці гэтага калектыву з мэтай захавання аўтэнтычнага фальклору ў адпаведнасці са спецыфікай аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці.

3. Вынiкi дзейнасцi кiраўнiка аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці вызначаюцца па:

3.1. ступенi паўнаты i iнтэнсiўнасцi культурнай дзейнасці аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці ва ўмовах мясцовай несцэнiчнай традыцыi (выкананні ў натуральных умовах каляндарных i сямейных абрадаў, наяўнасці аўтэнтычных касцюмаў, веданні мясцовых музычных, танцавальных традыцый, казак, паданняў, легенд i гэтак далей), садзейнiчанні ў перадачы ўсiх праяў аўтэнтычнай традыцыйнай культуры дзецям i моладзi;

3.2. наяўнасцi створанага фонду твораў традыцыйнай культуры, які складаецца з якасна зафiксаваных рознымi тэхнiчнымi сродкамi матэрыялаў усiх вiдаў i жанраў фальклору, характэрнага для дадзенай мясцовасцi.

Наши рекомендации