Тэма 10. Асноўныя тэндэнцыі і дасягненні ў развіцці культуры Беларусі ў другой палове XVI – пач. XX стст.
1. Развіццё культуры Беларусі ў эпохі Адраджэння і Асветы (другая палова XVI – канец XVIІІ стст.).
2. Асноўныя накірункі развіцця культуры Беларусі ў ХІХ ст.
3. Беларуская нацыянальная ідэя ў мастацкай літаратуры, гістарычных, этнаграфічных даследаваннях і яе адлюстраванне ў ідэалогіі народнікаў.
4. Беларускае нацыянальна-культурнае адраджэнне пачатку ХХ ст.
Пытанне да дыскусіі:
1. Роля і месца культуры Беларусі ў агульнаеўрапейскай культурна-цывілізацыйнай прасторы ў Новы час.
Тэмы рэфератыўных паведамленняў:
1. Выдатныя дзеячы беларускага Адраджэння: Ф. Скарына, М. Гусоўскі, С. Будны, В. Цяпінскі, Л. Сапега.
Літаратура: [].
Пры разглядзе зместу дадзенай тэмы студэнтам неабходна звярнуць увагу на тое, што ў ВКЛ і ў першае стагоддзе існавання Рэчы Паспалітай абодвух народаў беларускія землі мелі параўнальна больш высокі ўзровень эканамічнага развіцця, таму важную ролю ў дзяржаве адыгрывала беларуская мова і культура. Беларуская мова выкарыстоўвалася як дзяржаўная да 1696 года. XV – першая палова XVII стст. – перыяд развіця культуры , які атрымаў у Еўропе назву Адраджэнне. Ён характарызаваўся ўздымам свецкай навукі і мастацтва, станаўленнем нацыянальных моў, літаратур і нацыянальнай самасвядомасці, гуманістычным светапоглядам. Студэнты павінны адзначыць асаблівасці беларускага Адраджэння. Можна гаварыць аб шматграннасці і варыянтнасці рэнесанснай культуры на Беларусі.
У ВКЛ узнікла кнігадрукаванне раней за ўсе ўсходнеславянскія землі. Дзейнасць Ф.Скарыны, С.Буднага, Л.Крышкоўскага, В.Цяпінскага. Развівалася архітэктура: “беларуская готыка” (Мураванкаўская, Сынкавіцкая, Супрасльская цэрквы-крэпасці, Мікалаеўскі сабор у Брэсце); барока (Нясвіжскі езуіцкі касцёл і інш.); палацава-замкавыя комплексы (Нясвіж, Гродна, Гальшаны, дом-крэпасць у Гайцюнішках, Ружанскі замак); грамадзянская архітэктура (ратушы). У межах ВКЛ развіваліся ўсе віды выяўленчага мастацтва. У пачатку XVI ст. складваецца беларуская іканапісная школа. Тэатр. Творчасць С.Полацкага і М.Сарбеўскага, П.Скаргі, І.Пацея, М.Сматрыцкага, Л.Карповіча, братоў Зізаніяў. З апошняй чвэрці ХVІІІ ст. на беларускіх землях пачынаюць распаўсюджвацца ідэі Асветніцтва. Стварэнне Адукацыйнай камісіі. Творчасць К.Лышчынскага, Г.Каніскага, І.Капіевіча, К. Нарбута, Б.Дабшэвіча, М.Пачобута-Адляніцкага, А.Нарушэвіча.
Такім чынам, у пераходны перыяд ад сярэдневечча да новага часу сфарміраваўся беларускі тып рэнесанснай культуры, узніклі перадумовы для станаўлення сучаснай беларускай мовы, літаратуры, тэатра, музычнага і выяўленчага мастацтваў.
Разглядаючы другое пытанне, трэба мець на ўвазе, што асноўнымі крыніцамі адраджэння беларускай культуры ў XIX ст. сталі народная (сялянская) культура і старабеларуская пісьмова-культурная традыцыя, носьбітамі – асобы з шляхецкага асяродка. На першым этапе нацыянальна-адраджэнскага руху, які ахопліваў першую палову XIX стагоддзя, адбывалася станаўленне новай беларускай літаратуры (П.Багрым, Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.), нацыянальнага тэатра (В.Дунін-Марцінкевіч), пачалося даследванне народнага побыту і творчасці. Другі этап (пасля паўстання 1863 года) характарызаваўся далейшым развіццём нацыянальнай самасвядомасці, усведамленнем гістарычнай спадчыны Беларусі, адмовай ад рамантычных мар на аднаўленне Рэчы Паспалітай. Галоўны накірунак у гэты час – развіццё ўласнай культуры і дзяржаўнасці.
Вялікая роля ў духоўным жыцці грамадства належыла інтэлігенцыі. Заслугай пакалення беларускай інтэлігенцыі стала спроба аб’яднаць, звязаць народную і прафесійную культуру. У адукаванага выхадца з беларускай шляхты, разначынца з’явілася цікавасць да мясцовай гісторыі, этнаграфіі, археалогіі, фальклору, мовы. Гэтыя галіны навуковых ведаў звязаны з імёнамі I.Грыгаровіча, М.Баброўскага, 3.Даленгі-Хадакоўскага, Т.Нарбута, А.Кіркора, I.Даніловіча, братоў Я. і К.Тышкевічаў і шмат іншых. З дзейнасцю гэтых навукоўцаў звязана зараджэнне на Беларусі археаграфіі, крыніцазнаўства, славяназнаўства, а таксама беларусазнаўства.
У другой палове стагоддзя пашырылася навуковае вывучэнне Беларусі. Былі створаны буйныя працы па гісторыі беларускага края М.Доўнар-Запольскім, М.Любаўскім, М.Уладзімірскім-Буданавым, А.П.Сапуновым, А.Кіркорам. Вялікае значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў і этнографаў:І.І.Насовіча, М.Я.Нікіфароўскага, Я.Ф.Карскага,. П.В.Шэйна, Е.Р.Раманава.
Пасля падаўлення паўстання 1863 года значныя перашкоды зведала развіццё беларускай культуры. Ва ўмовах ваеннага становішча, якое дзейнічала ў Беларусі, любая грамадская дзейнасць, не адобраная ўрадам, была амаль немагчымай. Таму часта культурная дзейнасць беларусаў разгортвалася за межамі беларускіх губерняў.
Беларуская літаратура развівалася ў другой палове стагоддзя ў неспрыяльных умовах. Бацькам беларускага культурнага адраджэнне стаў Ф.Багушэвіч. Яго паслядоўнікамі былі Янка Лучына (І.Неслухоўскі) і Адам Гурыновіч. У 1890-я гады ў беларускую літаратуру прыйшлі такія новыя імёны, як Карусь Каганец (К.Кастравіцкі), Цётка (Э.Пашкевіч).
Станаўленне беларускай мовы адбывалася на рубяжы XIX-XX стагоддзяў. У пачатку XX стагоддзя са з’яўленнем газеты “Наша ніва” і пашырэннем магчымасцяў для беларускага друку, выпрацоўка навуковай тэрміналогіі і фарміраванне літаратурнай мовы паскорылася.
Працэс фарміравання беларускай нацыянальнай ідэі шчыльна ўлучаны з развіццём мастацкай літаратуры, гістарычных, этнаграфічных даследаванняў і знайшоў адлюстраванне ў ідэалогіі народнікаў (часопіс “Гоман”).
Беларускае нацыянальна-культурнае адраджэнне пачатку ХХ ст. непасрэдна звязана з выданнем беларускіх газет “Наша доля” і “Наша Ніва”, творчасцю такіх асобаў як М.Багдановіч, Я.Купала, Я.Колас і інш., дзейнасцю братоў Івана і Антона Луцкевічаў, узнікненнем беларускага тэатру (І.Буйніцкі), стварэннем і дзейнасцю БСГ, культурных і грамадскіх беларускіх арганізацый і г.д. Беларускі рух на гэты час характарызаваўся культурна-асветніцкай працай, пашырэннем сярод насельніцтва навукова-папулярных ведаў у розных галінах гаспадаркі і навукі.
Завяршаючы падрыхтоўку дадзенай тэмы, студэнтам неабходна засвоіць, што насуперак неспрыяльным умовам, супрацьдзеянню дзяржаўнага апарата імперыі, спецыфічнай, вельмі складанай этна-канфесійнай сітуацыі, фарміраванне беларускай нацыі ў агульных рысах да пачатку XX стагоддзя завяршылася.