Глава 3. беларусь у гады першай сусветнай вайны. лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя на беларусі

§ 1. Пачатак і прычыны Першай сусветнай вайны. Адносіны да вайны розных класаў і партый

Першая сусветная вайна працягвалася 4 гады і 4 месяцы. У вайне ўдзельнічалі 38 краін з насельніцтвам звыш 1,5 млрд. чалавек – 75 % усяго ўсіх жыхароў Зямлі. У ёй, паводле няпоўных звестак, было забіта, паранена і скалечана каля 30 млн. чалавек.

Галоўнай прычынай Першай сусветнай вайны стала барацьба паміж буйнейшымі імперыялістычнымі краінамі за перадзел ужо падзеленага свету, за новыя сферы ўплыву, крыніцы сыравіны і рынкі збыту прадукцыі. 19 ліпеня 1914 г. Германія аб’явіла вайну Расіі, а 21 ліпеня – Францыі, захапіла Бельгію і Люксембург. 22 ліпеня Англія аб’явіла вайну Германіі. Разам з Англіяй у вайну ўступілі яе дамініёны Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і калонія Індыя. На баку Антанты выступіла Японія, на баку Германіі – Турцыя. Пачалася Першая сусветная вайна.

Вайна не вырашала задач нацыянальнага развіцця ніводнай дзяржавы (сваю незалежнасць адстойвала толькі Сербія), не адпавядала інтарэсам працоўных, была з усіх бакоў захопніцкай. Урады краін-удзельніц вайны стараліся пераканаць свае народы ў тым, што яна вядзецца ў мэтах абароны радзімы.

Пануючыя класы і вярхі гандлёва-прамысловай буржуазіі Расіі падтрымалі вайну, таму што чакалі для сябе вялікіх выгод ад будучага падзелу турэцкай і аўстрыйскай маёмасці.

Шырокія пласты гарадской сярэдняй буржуазіі і буржуазнай інтэлігенцыі пад уплывам друку, пропаведзяў духавенства таксама лічылі вайну справядлівай з боку Расіі.

У самым пачатку вайны ў Мінску, Магілёве, Віцебску і іншых гарадах Беларусі мясцовыя органы ўлады правялі “патрыятычныя” сходы, на якіх выказвалася перакананне, што вайна вядзецца ў мэтах абароны Айчыны. Асаблівы патрыятычны ўздым назіраўся ў Магілёве. Летам 1914 г. тут адбыліся сходы прадвадзіцеляў дваранства, членаў земства, ганаровых грамадзян, духавенства і настаўнікаў, удзельнікі якіх запэўнівалі, што насельніцтва губерні аднадушна ўхваляе ўрадавую палітыку і гатова на любыя ахвяры дзеля Айчыны.

Пазіцыі сацыяльных слаёў насельніцтва як у люстэрку адбіваліся на дзейнасці палітычных партый. Ужо ў самым пачатку вайны партыі акцябрыстаў і кадэтаў заявілі аб сваёй поўнай падтрымцы знешняй палітыкі ўрада Расіі. Лідэр кадэтаў П. Мілюкоў выказаў думку аб далучэнні Галіцыі, Угорскай Русі, Букавіны да Расіі з той мэтай, каб дапамагчы нацыянальнаму ўз’яднанню ўкраінскага народа. П. Мілюкоў прапанаваў далучыць да Расіі і землі, якія да славян ніякіх адносін не мелі: Басфор і Дарданелы, прыбярэжную тэрыторыю Турцыі з г. Стамбулам. Справа была не толькі ў абароне славян. Будаўніцтва Германіяй Багдадскай чыгункі праз Балканы і Турцыю закранала эканамічныя інтарэсы Расіі, якая вывозіла праз пралівы Басфор і Дарданелы 37 % сваіх тавараў, у тым ліку 80 % хлеба, прызначанага на экспарт. З будаўніцтвам дарогі Германія ўстанавіла кантроль над пралівамі і стала галоўнай перашкодай пранікненню Расіі ў Турцыю. Пад германскі ўплыў трапіла і Балгарыя, што таксама супярэчыла пазіцыі Расіі, якая лічыла сябе абаронцай усіх славянскіх народаў.

Сярод дробнабуржуазных партый панавалі абаронніцкія погляды. Большасць эсэраў і меншавікоў прытрымліваліся лозунга “абароны радзімы ад прускіх варвараў”. Невялікая група меншавікоў-інтэрнацыяналістаў на чале з Ю. Мартавым выступіла з асуджэннем урадаў ваюючых краін. Сярод меншавікоў меў месца і правасацыялістычны напрамак. Яго ўзначальваў Г.В. Пляханаў. Ён лічыў, што Расія вядзе праўдзівую вайну, што адказнасць за яе павінен несці той, хто яе распачаў.

У партыі эсэраў таксама вызначылася тры напрамкі ў адносінах да вайны: сацыял-шавіністычны, які падтрымліваў ўрад, цэнтрысцкі, які прапагандаваў лозунг “без пераможцаў і без паражэнцаў”, і левы, які выступаў супраць вайны, за мір, зямлю і волю.

Найбольш радыкальнае стаўленне да вайны заняла партыя бальшавікоў. У жніўні 1914 г. У.І. Ленін напісаў тэзісы аб вайне “Задачы рэвалюцыйнай сацыял-дэмакратыі ў еўрапейскай вайне”. Тэзісы з’явіліся асновай маніфеста ЦК РСДРП “Вайна і расійская сацыял-дэмакратыя”. Гэта была праграма партыі бальшавікоў, у якой вызналася палітычная лінія ў адносінах да вайны. Сутнасць яе заключалася ў трох лозунгах. Першым і галоўным з іх быў лозунг “ператварыць імперыялістычную вайну ў вайну грамадзянскую”. Другім лозунгам бальшавікоў стаў лозунг “паражэння “сваіх” урадаў у імперыялістычнай вайне”. Трэцім – заклік да “поўнага разрыву з II Інтэрнацыяналам, стварэння III, Камуністычнага Інтэрнацыянала”. Трэба адзначыць, што апошні лозунг не падтрымала ніводная з еўрапейскіх сацыял-дэмакратычных партый.

§ 2. Беларусь у гады першай сусветнай вайны

Згодна з распрацаванымі планамі ваенных дзеянняў Германія разлічвала спачатку разбіць Францыю, а затым Расію. Уварваўшыся праз тэрыторыю нейтральнай Бельгіі ў межы Францыі, немцы стварылі рэальную пагрозу для Парыжа.

Расія планавала нанесці галоўны ўдар па Аўстра-Венгрыі ў напрамку Галіцыі, што давала магчымасць пранікнуць на Балканы і да праліваў Басфор і Дарданелы.

З пачатку 1915 г. асноўныя сілы Германіі знаходзіліся на Усходнім фронце. У выніку нямецкага наступлення расійскія войскі ў чэрвені 1915 г. пакінулі Галіцыю, страціўшы каля 600 тыс. палоннымі, забітымі, параненымі. Захапіўшы Галіцыю, Германія сканцэнтравала галоўныя сілы на польскім тэатры ваенных дзеянняў. Расійскія войскі, церпячы паражэнне за паражэннем у Польшчы, у ліпені 1915 г. здалі Варшаву. Пры наступленні на Варшаву германскае камандаванне ўпершыню выкарыстала газавую атаку, у выніку якой загінула 9 тыс. расійскіх салдат.

Акупацыя немцамі Заходняй Беларусі. Фронт імкліва набліжаўся да Беларусі. У жніўні 1915 г. пачалося нямецкае наступленне ў напрамку Коўна – Вільня – Мінск. Пасля няўдалай спробы ўзяць Вільню нямецкія войскі пачалі новае наступленне і 9 верасня 1915 г. прарвалі фронт у ваколіцах Свянцян. Пранікнуўшы ў тыл расійскіх войск, немцы захапілі Вілейку і наблізіліся да Маладзечна. Асобныя нямецкія злучэнні дайшлі аж да Смалявіч і Барысава. Стаўка расійскага Вярхоўнага галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў.

У сярэдзіне верасня 1915 г. наступленне нямецкіх войск было спынена. У ваколіцах Маладзечна, Вілейкі і Смаргоні вораг быў разбіты. Немцы адступілі ў раён азёр Нарач – Свір. 810 дзён і начэй ішлі ўпартыя баі за г. Смаргонь, які быў цалкам разбураны і ўвайшоў у гісторыю як “мёртвы горад” і “месца жорсткіх газавых атак немцаў”. Нездарма тады салдаты гаварылі: “Кто под Сморгонью не бывал, тот войны не видал”.

У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск – Смаргонь – Баранавічы – Пінск. Чацвёртая частка тэрыторыі Беларусі з насельніцтвам звыш 2 млн. чалавек апынулася пад германскай акупацыяй.

Становішча Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны.Напярэдадні і ў першыя дні вайны заходнія, у тым ліку беларускія губерні, былі аб’яўлены на ваенным становішчы. Забараняліся забастоўкі, сходы, шэсці, маніфестацыі, уводзілася ваенная цэнзура. У сувязі з наступленнем германскіх войск рушыў на ўсход вялікі паток бежанцаў з Польшчы, Літвы і заходніх паветаў Беларусі (больш за 1,3 млн. чалавек).

На абаронныя работы (капанне акопаў, будаўніцтва мастоў, рамонт дарог, ахову вайсковых аб’ектаў і інш.) прыцягвалася ўсё насельніцтва прыфрантавой паласы. Пачаліся масавыя рэквізіцыіжывёлы, прадуктаў харчавання і фуражу. Рэквізіцыі і прымусовыя работы на патрэбу фронту праводзілі і германскія ўлады. Акупанты сілай забіралі ў сялян коней, кароў, іншую жывёлу, прадукты, фураж, адзенне, абутак, прымушалі выконваць розныя павіннасці.

Асабліва цяжка адбівалася вайна на гаспадарцы. На неакупіраванай тэрыторыі Беларусі ў 1914 – 1917 гг. з‑за адсутнасці сыравіны і паліва колькасць буйных прадпрыемстваў скарацілася з 829 да 297, а рабочых з – 37,7 тыс. да 25,1 тыс. Разам з тым асобныя галіны (швейная, абутковая, металаапрацоўчая і інш.), што выконвалі ваенныя заказы, значна павялічылі выпуск прадукцыі. Былі перабудаваны многія фабрыкі і заводы, а таксама створана шмат часовых прадпрыемстваў і майстэрань, якія абслугоўвалі армію. На вытворчасць боепрыпасаў, транспартных сродкаў і іншага вайсковага рыштунку былі пераключаны ўсе прадпрыемствы металаапрацоўчай прамысловасці. Снарады і гранаты выраблялі 5 заводаў у Мінску і тры ў Гомелі. Бомбы выраблялі Рэчыцкі і Аршанскі драцяна-цвіковыя заводы. У Гомелі, Оршы, Віцебску, Мінску і іншых пунктах былі створаны майстэрні для вырабу і рамонту зброі і транспартных сродкаў.

У некалькі разоў павялічылі аб’ём вытворчасці прадпрыемствы хлебапякарна-сухарнай прамысловасці. Вялікія заказы ваеннага ведамства па забеспячэнні арміі вопраткай і абуткам выконваліся на Віцебскай ільнопрадзільнай фабрыцы “Дзвіна”, Дубровенскай бавоўна-прадзільнай фабрыцы, Магілёўскай панчошнай фабрыцы, іншых прадпрыемствах, а таксама ў дробных майстэрнях і асобнымі саматужнікамі.

У выключна цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. Больш за палову ўсіх працаздольных мужчын беларускай вёскі было мабілізавана і адпраўлена на фронт. Толькі з Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў было прызвана ў армію 634 400 чалавек. За гады вайны скараціліся пасяўныя плошчы Беларусі: жыта – на 18,7 %, пшаніцы – на 22,1 %, бульбы – на 34,2 %.

З‑за моцнага заняпаду сельскай гаспадаркі амаль перасталі паступаць на рынак прадметы першай неабходнасці, што выклікала рост цэн, зніжэнне жыццёвага ўзроўню народа. Цэны на прадукты харчавання і адзенне ў Беларусі да 1917 г. павялічыліся ў 5 – 8 разоў у параўнанні з 1913 г. Ва ўмовах надзвычайнай галечы, вялікай скучанасці насельніцтва і голаду ў прыфрантавых губернях шырока распаўсюдзіліся розныя эпідэмічныя хваробы – тыф, халера і інш.

Пачынаючы з 1915 г., у Беларусі нарастаў рабочы рух. У красавіку 1915 г. адбылося выступленне рабочых і служачых Гомельскага чыгуначнага вузла. Летам таго ж года баставалі рабочыя дэпо Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомелі. У 1916 г. стачачны рух ахапіў 11 населеных пунктаў Беларусі, у ім удзельнічала 1 800 чалавек. Асноўным патрабаваннем стачачнікаў з’яўлялася павышэнне заработнай платы.

Аднак стачкі ў Беларусі адбываліся разрознена, у іх удзельнічала толькі частка рабочых. Масавага рабочага руху не назіралася. Гэта было абумоўлена прыфрантавым становішчам Беларусі, перанасычанасцю яе тэрыторыі войскамі, паліцыяй, жандармерыяй. Арганізатараў стачак арыштоўвалі і накіроўвалі на фронт.

Сялянскі рух у Беларусі ў гады вайны набыў своеасаблівую форму – разгром памешчыцкіх маёнткаў, харчовых магазінаў і лавак. У пачатку вайны падобныя выпадкі адбыліся ў 20 з 35 паветаў Беларусі. Па сутнасці, гэта былі стыхійныя пагромы, якія суправаджаліся рабаваннем маёмасці памешчыкаў і гандляроў. Значна пашырыліся сялянскія хваляванні ў 1915 г. у сувязі з перанясеннем баявых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі і ростам рэквізіцый. На працягу 1915 г. адбылося 99 сялянскіх выступленняў. У 1916 г. іх колькасць зменшылася да 60, у студзені – лютым 1917 г. – да 7.

Ваенныя паражэнні расійскай арміі, велізарныя людскія страты выклікалі незадаволенасць салдат. У войсках успыхнулі хваляванні, звязаныя з дрэнным забеспячэннем прадуктамі харчавання і абмундзіраваннем, недахопам зброі і боепрыпасаў. Усяго ў Беларусі ў перыяд вайны адбыліся 62 значныя хваляванні салдат. Павялічвалася дэзерцірства. Цэлыя вайсковыя часці і злучэнні адмаўляліся ісці ў наступленне. Узмацнілася антыўрадавая агітацыя сярод салдат.

22 кастрычніка 1916 г. адбылося паўстанне салдат, казакоў і матросаў на размеркавальным пункце ў Гомелі. Паўстанне ўспыхнула ў сувязі з арыштам аднаго з казакоў. На яго абарону выступілі каля 4 тыс. салдат і матросаў, якія абяззброілі каравул гаўптвахты і вызвалілі з-пад арышту больш за 800 чалавек. 26 кастрычніка салдаты-паўстанцы разагналі паліцэйскі атрад, які займаўся вобыскамі. Паустанцы былі жорстка пакараны. Да суда было прыцягнута 16 чалавек. З іх 9 было расстраляна, а астатнія адпраўлены на катаргу і ў арыштанцкія роты. Але спыніць працэс разлажэння арміі ўжо было нельга, яна паступова станавілася небаяздольнай.

§ 3. Беларускі нацыянальны рух

У гады вайны адбыліся значныя змены ў беларускім нацыянальным руху. Усе даваенныя беларускія нацыянальна-культурныя арганізацыі распаліся. Была закрыта газета “Наша ніва”. Ва ўсходняй, неакупіраванай частцы Беларусі нацыянальны рух быў спынены. На захопленай Германіяй тэрыторыі вядомыя беларускія дзеячы, браты Іван і Антон Луцкевічы, В. Ластоўскі і іншыя выступілі з ідэяй стварэння канфедэрацыі Літвы і Заходняй Беларусі ў форме Вялікага княства Літоўскага з сеймам у Вільні. У лютым 1916 г. была распаўсюджана адозва “Грамадзяне!”, у якой намячалася стварэнне самастойнай дзяржавы з соймам у Вільні.

Аднак утварыць канфедэрацыю не ўдалося. Германскі ўрад не быў зацікаўлены ў такой дзяржаве. Акупіраваўшы Вільню, германскае камандаванне абвясціла аб тым, што беларускія землі будуць падпарадкоўвацца “Польскай Кароне”. У сувязі з гэтым польскія памешчыкі і ксяндзы, карыстаючыся падтрымкай акупантаў, пачалі настойліва ажыццяўляць паланізацыю беларускага насельніцтва. На акупіраванай беларускай тэрыторыі была створана шырокая сетка польскіх школ, розных згуртаванняў польскай “злучнасці”. Прымусовая паланізацыявыклікала абурэнне мясцовага насельніцтва. Пачаліся спрэчкі паміж палякамі і беларусамі. Гэта прывяло да адмаўлення ідэі ўтварэння канфедэратыўнай дзяржавы Польшчы і Беларусі. Больш таго, у самім беларускім нацыянальным руху адбыўся раскол. Група беларускіх дзеячаў на чале з В. Ластоўскім заснавала тайную арганізацыю “Сувязь незалежнасці і непадзельнасці Беларусі”, якая ставіла сваёй мэтай утварыць незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах.

Германія, намагаючыся ўмацаваць сваю ўладу на акупіраванай тэрыторыі, ажыццявіла адпаведныя захады, каб, з аднаго боку, не даць магчымасці стварыць тут самастойную дзяржаву, а з другога – прадухіліць польскае засілле на гэтых землях. У пачатку 1916 г. у германскім загадзе аб школах акупіраванага краю беларуская мова абвяшчалася раўнапраўнай з польскай, літоўскай і яўрэйскай мовамі. Беларускі нацыянальны рух значна ажывіўся.

На акупіраванай тэрыторыі былі адчынены беларускія школы, створаны выдавецтвы. Пачалося выданне на беларускай мове газет, часопісаў. Стала выходзіць газета “Гоман”. У Вільні былі створаны “Беларускі клуб”, згуртаванне “Золак”, “Навуковае таварыства”, “Беларускі вучыцельскі саюз” і інш. Кіраваў усёй гэтай работай створаны ў 1915 г. у Вільні Беларускі народны камітэт, які ўзначальваў А. Луцкевіч. Прадстаўнікі камітэта прынялі ўдзел у рабоце канферэнцый прыгнечаных народаў Расіі, якія былі арганізаваны немцамі ў Стакгольме і Лазане ў красавіку і чэрвені 1916 г. Там яны прасілі дапамогі ў народаў Еўропы ў вызваленні беларускага народа “з‑пад расійскай акупацыі”.

У канцы 1916 г. Беларускі народны камітэт спрабаваў дамовіцца з Літоўскім нацыянальным камітэтам аб утварэнні агульнай літоўска-беларускай дзяржавы. Аднак Літоўскі нацыянальны камітэт адмовіўся ад перагавораў, канчаткова разарваў сувязь не толькі з Беларускім народным камітэтам, але і з польскім і яўрэйскім нацыянальнымі камітэтамі і ўтварыў у Вільні Літоўскую дзяржаўную раду (Тарыбу) як вярхоўны дзяржаўны орган Літвы. У склад гэтай літоўскай дзяржавы былі ўключаны і акупіраваныя Германіяй беларускія землі. Беларусь атрымала ў Тарыбе два месцы.

Паступова галоўнымі цэнтрамі беларускага нацыянальнага руху па‑за межамі краю сталі Петраград, Масква і іншыя расійскія гарады, дзе бежанцы-беларусы ўтварылі свае суполкі. У кастрычніку 1916 г. Міністэрства ўнутраных спраў Расіі дазволіла выданне ў Петраградзе беларускіх газет “Дзянніца” і “Светач”.

Газета “Светач” прапагандавала ідэі адзінства беларусаў незалежна ад іх класавай прыналежнасці, заклікала ўсе грамадскія сілы да ажыццяўлення “беларускага нацыянальнага ідэалу”. Аднак газета не мела вялікага ўплыву на развіццё беларускага нацыянальнага руху. У пачатку 1917 г. яе выданне спынілася.

Газету “Дзянніца” выдаваў на свае сродкі З. Жылуновіч. Яна ўздымала вострыя сацыяльныя праблемы, пытанні развіцця беларускай культуры, асуджала палітыку нямецкіх акупацыйных улад, прапагандавала думку, што свабоднае развіццё беларускага народа магчыма толькі ў саюзе з рускім народам. У газеце друкаваліся творы З. Жылуновіча, К. Буйло, К. Чарнушэвіча, Ф. Шантыра і іншых дзеячаў, якія стаялі на рэвалюцыйна-дэмакратычных пазіцыях. Рэвалюцыйна-нацыянальны кірунак газеты выклікаў падазронасць у цэнзуры. Цэнзары выкідалі з газеты ўсе матэрыялы аб становішчы ў Беларусі, абвінавачвалі газету ў тым, што яна нібыта служыла Германіі. У снежні 1916 г. “Дзянніца” перастала выходзіць.

Далейшай актывізацыі беларускага нацыянальнага руху спрыяла Лютаўская рэвалюцыя 1917 г.

§ 4. Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя. Перамога рэвалюцыі на Беларусі

Лютаўская рэвалюцыя – з’ява сусветна-гістарычнага значэння. З аднаго боку, яна падвяла рысу пад шматвяковай гісторыяй расійскай манархіі, а з другога – адкрыла шлях да дэмакратычнага развіцця Расіі. Пачатак ёй паклалі масавыя забастоўкі, мітынгі і дэманстрацыі ў Петраградзе, праведзеныя 23 лютага 1917 г. у сувязі з Міжнародным жаночым днём. 25 лютага забастоўка стала ўсеагульнай. На бок рабочых сталі пераходзіць салдаты. 27 лютага рабочыя і салдаты захапілі Галоўны арсенал, тэлеграф, вакзалы, вызвалілі з турмаў палітычных зняволеных. Рэвалюцыя ў Петраградзе перамагла. 2 сакавіка 1917 г. імператар Мікалай ІІ быў вымушаны адмовіцца ад улады.

Па свайму характару рэвалюцыя была буржуазна-дэмакратычнай. Але ў адрозненне ад рэвалюцыі 1905–1907 гг. яна перамагла. Галоўная яе задача – звяржэнне самадзяржаўя – была выканана. Рухаючай сілай рэвалюцыі з’яўляўся народ. Асаблівасцю рэвалюцыі было тое, што яна непаслядоўна вырашыла пытанне аб уладзе. У выніку ў краіне ўстанавілася двоеўладдзе.

Пасля перамогі паўстання па ўсёй краіне пачалі стварацца Саветы, якія і сталі органамі ўлады. Большасць у Саветах склалі меншавікі і эсэры. У той жа час быў створаны з дэпутатаў IV Дзяржаўнай думы Часовы камітэт на чале з адным з кіраўнікоў акцябрыстаў М. Радзянкам. Мэта – “навесці парадак у краіне”, што азначала ўзяць усю ўладу ў свае рукі. Але зрабіць гэта было цяжка, таму што Петраградскі Савет выдаў 1 сакавіка 1917 г. загад, па якому ўсе вайсковыя злучэнні пераходзілі ў яго падпарадкаванне. 2 сакавіка на аснове згоды паміж Часовым камітэтам Думы і меншавіцка-эсэраўскім кіраўніцтвам Петраградскага Савета быў створаны Часовы ўрад на чале з князем Г. Львовым. Пасаду міністра замежных спраў заняў лідэр кадэтаў П. Мілюкоў, вайсковых спраў – лідэр акцябрыстаў А. Гучкоў. Іншыя члены ўрада таксама былі з ліку вядомых дзеячаў партый кадэтаў і акцябрыстаў. Выключэнне склаў сацыяліст А. Керанскі, які заняў пасаду міністра юстыцыі і адначасова з’яўляўся намеснікам старшыні Петраградскага Савета.

Так у краіне ўстанавілася двоеўладдзе: улада буржуазіі, якую ўвасабляў Часовы ўрад, і рэвалюцыйна-дэмакратычная ўлада пралетарыяту і сялянства – Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў.

Звесткі аб перамозе рэвалюцыі ў Петраградзе прыйшлі ў Беларусь
1–4 сакавіка 1917 г. Рабочыя, сяляне, салдаты віталі пралетарыят Петраграда і выказалі намер падтрымаць рэвалюцыю. Па прыкладу Петраграда ў гарадах і мястэчках Беларусі пачалі стварацца ўзброеныя атрады. Баявыя дружыны мінскіх рабочых 2 сакавіка вызвалілі з турмы 400 палітычных зняволеных. Былі арыштаваны камандуючы мінскай ваеннай акругі, начальнік штаба, камендант горада. Створаная 4 сакавіка міліцыя, якую ўзначаліў М.В. Фрунзе, узяла пад ахову ўрадавыя ўстановы, пошту і тэлеграф.

Асаблівая ўвага была звернута на ўтварэнне Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. У Мінску ўжо 4 сакавіка адбылося першае пасяджэнне выбраных дэпутатаў, дзе быў створаны Мінскі Савет рабочых дэпутатаў і яго выканаўчы камітэт. Каб аб’яднаць сілы пралетарыяту і салдат, 8 сакавіка быў створаны адзіны Мінскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў і адзіны выканаўчы камітэт.

Саветы былі створаны і ў іншых гарадах Беларусі. На працягу сакавіка – красавіка 1917 г. арганізацыйна аформілася 37 Саветаў. Сваю асноўную задачу Саветы бачылі ў арганізацыі рабочых і салдат, у абароне іх эканамічных інтарэсаў і палітычных правоў. Саветы актыўна ўдзельнічалі ў стварэнні народнай міліцыі, фабрычна-заводскіх камітэтаў і прафсаюзаў рабочых і служачых, салдацкіх камітэтаў у войску, сялянскіх у вёсцы. Саветы ў Беларусі прызнавалі кіруючую ролю Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Разам з тым яны прызнавалі і Часовы ўрад. Больш таго, яны дапамагалі Часоваму ўраду ствараць яго мясцовыя органы ўлады. Амаль ва ўсіх гарадах Беларусі былі створаны буржуазныя “грамадскія камітэты парадку”. Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў не толькі прызналі іх, але нават накіравалі сваіх прадстаўнікоў у гэтыя камітэты, фактычна падпарадкоўваючыся ім. Праваднікамі такой палітыкі ў Саветах былі эсэры, меншавікі і бундаўцы, якія складалі пераважную большасць дэпутатаў. 4 сакавіка 1917 г. ў Мінску быў створаны “Часовы грамадскі камітэт парадку”, у склад якога ўвайшлі і прадстаўнікі Мінскага Савета.

6 сакавіка 1917 г. Часовы ўрад перадаў уладу ў губернях і паветах сваім камісарам, якія выконвалі функцыі губернатараў. Ім падпарадкоўваліся ўсе мясцовыя органы ўлады.

У першыя дні рэвалюцыі пачалі стварацца прафсаюзы, якія павялі барацьбу за паляпшэнне эканамічнага становішча працоўных, скарачэнне рабочага дня, павелічэнне зарплаты і інш.

Рэвалюцыя паклала пачатак дэмакратызацыі войска. Сталі стварацца выбарныя салдацкія камітэты, якія павінны былі забяспечыць магчымасць для салдат удзельнічаць у палітычным жыцці краіны, садзейнічаць росту іх культурнага ўзроўню і палітычнай свядомасці.

7–17 красавіка 1917 г. у Мінску адбыўся І з’езд ваенных і рабочых дэпутатаў армій і тылу Заходняга фронту. Адным з галоуных арганізатараў з’езда быў Мінскі Савет рабочых і салдатскіх дэпутатау. З’езд прызнаў неабходным для Расіі працягваць вайну з мэтай абароны рэвалюцыі.

20 красавіка 1917 г. у Мінску адкрыўся з’езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і неакупіраваных Германіяй паветаў Віленскай губерні. Старшыней з’езда быу абраны М. Фрунзе. Дэлегаты з’езда выступілі за пераход усёй зямлі ў агульнанародную ўласнасць і ўраўняльнае землекарыстанне па працоўнай норме, за адмену прыватнай уласнасці на зямлю, забарону яе куплі-продажу. Канчатковае заканадаўчае вырашэнне аграрнага пытання з’ездам адкладвалася да Устаноўчага сходу. Як бачым, у вырашэнні аграрнага пытання з’езд стаяў на эсэраўскіх пазіцыях. За эсэрамі пайшлі сялянскія з’езды Магілёўскай і Віцебскай губерняў.

Такім чынам, Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя з’явілася пачаткам дэмакратычнага развіцця Расіі, у тым ліку і Беларусі, адкрыла шлях да эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу краіны.

Наши рекомендации