Гаспадарчае развіццё беларускіх зямель у XVII – XVIII стст.
Эканамічны заняпад Беларусі ў другой палове XVII – першай палове XVIII ст. Другая палова XVII – першая палова XVIII ст. – гэта перыяд глыбокага эканамічнага заняпада.
Прычынамі заняпаду былі вынішчальныя войны: антыфеадальная 1648-1654 гг.; вайна Расіі з Рэччу Паспалітай
1654-1667 гг.; польска-шведская 1655-1660 гг.; Паўночная вайна 1700-1721 гг. Іх вынікам было поўнае разбурэнне гарадоў і сельскай гаспадаркі, асабліва ў усходніх і паўночных раёнах. Рэзка скарацілася колькасць насельніцтва. Калі ў 1654 г. на Беларусі было каля 2,9 млн. жыхароў, у 1667 г. – каля 1,400 млн. Абязлюдзелі ўсходнія і паўночныя паветы Беларусі. Да 1700 г. колькасць насельніцтва ўзрасла да 2,2 млн, але пасля Паўночнай вайны – зменшылася да 1,5 млн. чалавек. Не было працаўнікоў, таму значна зменшылася колькасць ворыўных зямель і колькасць цяглавай жывёлы. Плошчы палеткаў на Беларусі скараціліся больш чым на палову. Феадалы часова ішлі на ўступкі сялянам, асабліва ва ўсходніх раёнах, якія асабліва пацярпелі ад вайны. Але з аднаўленнем гаспадаркі ўзмацнялася феадальная эксплуатацыя сялянства. Павялічваліся памеры павіннасцей: адпрацовачнай, грашовай і натуральнай. У цяглых сялян на захадзе і ў цэнтры Беларусі пераважала адпрацовачная, у чыншавых (больш на ўсходзе) – грашовая. Асабліва цяжкае становішча было ў тых сялян, што працавалі на землях феадалаў-арандатараў. Арандатар, які імкнуўся за час свайго ўладання атрымаць ад маёнткаў найбольшы даход, нярэдка павялічваў павіннасці звыш усякіх нормаў.
Не спрыяла гаспадарчаму развіццю няўстойлівая палітычная абстаноўка. Немач цэнтральнай улады выклікала ўзброеную барацьбу магнацкіх груповак за ўплыў на дзяржаўныя справы. Так, у канцы XVII – пачатку XVIII ст. найбольш адыёзныя формы набыла барацьба Сапегаў і Радзівілаў, што праходзіла на фоне Паўночнай вайны. Войскі магнатаў вынішчалі маёнткі сапернікаў, жадая падарваць эканамічную моц ворага. Тым часам падрывалася моц усей дзяржавы.
Сельская гаспадарка. Аднаўленне гаспадаркі пачалося на Беларусі ў пачатку XVIII ст. з галоўнай галіны – сельскай гаспадаркі. Зацікаўлены ў гэтым былі феадальныя ўласнікі – шляхта, магнаты, кароль і царква, у руках якіх знаходзілася галоўнае багацце – зямля і прыгоннае сялянства.
Дробная шляхта гаспадарыла на невялікіх участках зямлі і валодала нязначнай колькасцю сялян. Маёнтак сярэдняга шляхціца складалі некалькі вёсак. Буйнымі землеўладальнікамі былі магнаты, уласнікі вялікіх зямельных латыфундый, у склад якіх уваходзілі некалькі дзесяткаў ці нават соцень вёсак. У канцы XVIII ст. 16 магнацкім сем’ям (Радзівілам, Сапегам, Агінскім, Чартарыйскім і інш.) належала на Беларусі 30% усіх сялян.
Буйнейшым феадальным уласнікам быў кароль Рэчы Паспалітай. Маёнткі, якімі ён распараджаўся, называліся каралеўскімі эканоміямі. Самымі вялікімі каралеўскімі ўладаннямі на ўсходзе Беларусі была Магілёўская эканомія, якая ў пачатку XVII ст. налічвала толькі ворнай зямлі 126 тыс. га. Вялікія землеўладанні належалі каталіцкай і ўніяцкай царквам. Пад час аднаўлення сельскай гаспадаркі феадальная знаць выкарыстоўвала ў асноўным два метады: перавод сялян на грашовы аброк – чынш і пашырэнне фальварка.
Грашовы аброк ужываўся часцей там, дзе разбурэнне было асабліва вялікім і востра не хапала рабочых рук. У гэтых маёнтках памешчыкі вымушаны былі адмаўляцца ад самастойнага вядзення гаспадаркі, перадавалі часова зямлю сваіх фальваркаў сялянам і пераводзілі іх з паншчыны на чынш. Чыншавыя стаўкі былі неаднолькавымі ў розных уладаннях, але досыць высокімі – 30-60 злотых з валокі. Але большасць землеўладальнікаў імкнуліся захаваць свае фальваркі.
Развіццё фальварачных запашак пераважала там, дзе насельніцтва, якое хоць і памяншалася, але ў масе сваёй заставалася на месцы. Другая ўмова – памешчык павінен быў мець сродкі для вядзення сваёй гаспадаркі ў фальварку. Па-ранейшаму сеялі азімае жыта (яно займала да 50% усёй плошчы пасеваў), авёс, ячмень, грэчку, а на поўдні Беларусі – проса. Лён і каноплі займалі нязначнае месца ў панскіх пасевах. З-за недахопу рабочых рук і невялікай колькасці жывёлы зямля дрэнна апрацоўвалася і ўгнойвалася, таму сярэдняя ўраджайнасць асноўных культур у фальварках знізілася і складала сам 2-3.
У 30-40-я гг. XVIII ст. фальварачныя гаспадаркі ўзмацніліся на захадзе і ў цэнтральнай частцы Беларусі. Для аднаўлення фальваркаў патрэбны былі грашовыя сродкі, якіх у памешчыкаў пастаянна не хапала. Таму з другой паловы XVII ст. стала шырока прадтыкавацца перадача маёнтка ў арэнду або залог. Арандатарамі былі шляхціцы, а часам і купцы, пераважала кароткатэрміновая арэнда на 1-3 гады.
Паступова ўзнаўлялася і сялянская гаспадарка. Сяляне пашыралі яе шляхам запашкі пазанадзельнай зямлі, з якой яны не плацілі падаткі (бо ўтойвалі), ці плацілі невялікія падаткі. У аднаўленчы перыяд дзяржаўная ўлада і феадалы, каб хутчэй узняць пустоты, уводзілі розныя льготы для сялян, якія бралі для апрацоўкі дадатковы надзел. Такая палітыка станоўча ўплывала на стан сялянскай гаспадаркі і садзейнічала эканамічнаму ўздыму краіны ў цэлым.
Сялянскія надзелы дзяліліся на цяглавыя, за якія ў асноўным выконвалася паншчына, і чыншавыя, за якія галоўным чынам сяляне плацілі грашовы аброк. Дапаўняла іх дзякла. У цэлым па Беларусі ў большасці былі цяглавыя сялянскія гаспадаркі. У сувязі з гаспадарчым разбурэннем павялічылася колькасць сялян, не меўшых амаль ніякіх сродкаў вытворчасці.
Паншчына. Яе адбывалі круглы год і мужчыны і жанчыны, са сваей рабочай жывёлай. Памеры яе вызначаліся з улікам магчымасці селяніну весці сваю гаспадарку. За разглядаемы перыяд памер паншчыны павялічыўся амаль у 3 разы, дасягаючы фантастычных лічбаў 24 дні на тыдні з валокі (маентак Блювенічы Лідскага павету на 1746 г.).
У разбураных маентках і дзеля наваселаў рабіліся палегкі – у некалькі разоў памеры павіннасцяў памяньшаліся, але на непрацяглы час.
Гвалты, талокі, згоны – работы ўсей сялянскай сям’ей на жніве, сенакосах, узворванні зямлі феадала. Колькасць гвалтоў часцей за ўсе вызначалося ў 12 на год дзеля сялянскай гаспадаркі. Адзін гвалт мог працягвацца тры дні (маентак Глыбокае Ашмянскага павета, 1702 г.).
Падводная павіннасць – на сваей жывёле дастаўляць панскія грузы да прыстані ці ў гандлевыя цэнтры – ажно да Круляўца (зараз Калінінград). Замест паездкі пан мог спаганяць грашовы эквівалент адпрацоўкі, і ен быў вельмі вялікі.
Шарваркі – павіннасць заключалася ў рамонце і будаўніцтве дарог-гасцінцаў, мастоў, маенткаў. Мелі нерэгулярны характар.
Акрамя таго, сяляне адбывалі старажоўшчыну (розныя гаспадарчыя работы ў двары феадала па чарзе сялянамі адной вескі), начную варту, яны сплаўлялі лес і іншыя грузы ў парты Прыбалтыкі, удзельнічалі ў аблавах пад час панскага палявання і інш., жанчыны прапалвалі агароды, ткалі, мылі для панскага двара. Пад час святаў сяляне павінны былі паднасіць абавязковае “каляднае” і “валачобнае” – пэўную колькасць птушкі і яек.
Грашовыя падаткі: Чынш – галоўны падатак для сялян чыншавых. Памер чыншу ў разглядаемы перыяд павялічыўся з улікам інфляцыі амаль у два разы (з 30 злотых у 1682 г. да 120 злотых у 1750-х гг., Крычаўскае стараства). Жорнавае – спаганялася панам за права карыстацца сваімі жорнамі. Угайнае, ялавічнае, вепраўшчызна – грашовыя падаткі за права карыстацца ляснымі ўгоддзямі. Чапавое – падата за права вырабляць алкаголь. Куніца – плата за дазвол выйсці замуж у іншую воласць. Усяго налічваецца каля 56 найменаванняў грашовых спагнанняў.
Дзяржаўны падатак – падымнае – штогод уносіўся с кожнага дыма. Гіберна, што змяніла серабшчызну, ішла на ўтрыманне войска (спаганялася з дзяржаўных сялян). Рэйтаршчызна – ішла на ўтрыманне магнацкага прыватнага войска. На карысць ваенных спаганяліся з сялян стацыі (натуральны падатак) пад час кватаравання ў той мясцовасці войскаў.
Агульны пералік падаткаў немагчымы, бо іх існавала каля
120-140. Максімальныя памеры падаткаў вызначаліся ў інвентарах. Але яны паўсюдна парушаліся арандатарамі і адміністрацыяй маенткаў. Улады, што абараніла бы селяніна – не было.
Сялянскія паўстанні. Паўстанне ў Крычаўскім старастве 1743-1744 гг. Доўгія гады сяляне Крычаўскага стараства вялі ўпартую барацьбу супраць самавольства кіраўніцтва стараства (старастам быў г.Радзівіл) і арандатараў. Звычайныя формы барацьбы – скаргі, адмовы выконваць павіннасці, уцёкі, вынікаў не давалі. У канцы 1743 г. выбухнула ўзброенае паўстанне. Узначаліў выступленне сялян Васіль Вашчыла і яго паплечнікі: Іван Карпач, Стэсь Бачко, Васіль Вецер. Сяляне і мяшчане Крычава прагналі радзівілавых арандатараў, замест іх абралі са свайго кола. Паўстанцы разграмілі двары найбольш адыёзных шляхціцаў і ліхвяроў і падзялілі маёмасць. Былі знішчаны судовыя і даўгавыя кнігі. На разгром паўстання Радзівіл накіраваў у студзене 1744 г. значны вайсковы атрад на чале з паўкоўнікам Пястжэцкім. Калі галоўныя сілы паўстанцаў былі далёка ад Крычава, Пястжэцкі захапіў горад. 18 студзеня адбыўся няўдалы штурм горада, добра ўзброены атрад Пястжэцкага (меліся нават гарматы) адбіў напад дрэнна ўзброенай беднаты. Паўстанцы разбілі лагер каля вёскі Царковішча і пачалі рыхтавацца да асады Крычаўскага замка. У ноч на 26 студзеня, напярэдадні асады, Пястжэцкі нечакана напаў на лагер і разбіў сялянскае войска, кіраўнікі паўстання былі захоплены і жорстка пакараны. У пачатку лютага паўстанне было канчаткова задушана. Неарганізаванасць, стыхійнасць і лакальнасць – прыкметы амаль усіх сялянскіх паўстанняў, з-за якіх яны не маглі скончыцца перамогай. Але Радзівіл пайшоў на ўступкі: ён замяніў прымусовыя работы грашовым чыншам, зняў абмежаванні для сялян у гандлі, на некаторы час не здаваў староства ў арэнду.
Не меньш моцным было паўстанне на Каменшчыне 1754-1756 гг.Хваляванні сялян ва ўладаннях Віленскага капітула на Мазыршчыне пачаліся яшчэ ў 1736 г., у 1754 яны перараслі ва ўзброенае паўстанне. Гэтаму паспрыяла пашырэнне на поўдзень Беларусі гайдамацкага руха, што ўзнік на Ўкраіне. Геранім Радзівіл паслаў войскі на задушэнне паўстання, але сяляне аказалі яму сур’ёзнае супраціўленне пад Славечнам. Толькі ў 1756 г. паўстанне было задушана.
Горад. Войны сярэдзіны XVII ст. і Паўночная вайна нанеслі гарадам і мястэчкам Беларусі яшчэ большую страту, чым сельскай мясцовасці. Была разбурана большасць гарадоў, а некаторыя цалкам разграблены і спалены. Пад час расійскай акупацыі 1654-1667 гг. рамеснікі прымусова вывозіліся ў Расію, дзе працавалі на карысць ужо расейскай гаспадаркі. Такім чынам беларускія землі страцілі тую аснову, на якой магла з’явіцца нацыянальная буржуазія і далей развівацца нацыянальная дзяржаўнасць.
Гарады знаходзіліся ў глыбокім заняпадзе, унутраны рынак звузіўся, было падарвана развіццё рамяства. Частка застаўшыхся гарадскіх рамеснікаў была вымушана перасяляцца ў вёску або заняцца сельскай гаспадаркай у горадзе, бо не было заказаў пакупнікоў. Колькасць рамеснікаў у гарадах Беларусі рэзка зменьшылася. У Гродне, напрыклад, у 1650 г. было 130 рамеснікаў, а ў 1680 г. засталося толькі 12. Ва ўмовах бязладдзя феадалы рабавалі купецкія абозы, рабілі “наезды” на рынкі і гарады, патрабавалі ад апошніх выкупы. Ствараліся прыватныя ўнутраныя мытні ва ўладаннях магнатаў. Значна выраслі падаткі з гарадоў, і адначасова раслі юрыдыкі, часткі гарадоў, якія належылі феадалам і не падпарадкоўваліся магістрату, з іх не спаганяліся дзяржаўныя падаткі.
З аднаўленнем прадукцыйных сілаў у вёсцы паступова пачынае адраджацца гаспадарка гарадскіх паселішчаў. Хутчэй, чым іншыя, адбудоўваюцца буйныя гарады на галоўных гандлевых шляхах – Мінск, Магілёў, Віцебск, Нясвіж, Наваградак – у іх лягчэй было абмежаваць феадальнае свавольства. У гэтых гарадах расце рамесная вытворчасць, адмячаецца адраджэнне спецыялізацыі раёнаў. У Віцебску ў першай палове XVIII ст. пашыралася гарбарная вытворчасць, апрацоўка мінеральнай сыравіны і дрэва. Вялікім попытам карысталіся магілёўскія пальчаткі і мыла, слуцкія пярсцёнкі, вырабы мінскіх рымароў.
Адраджэнне рамяства суправаджалася аднаўленнем арганізацый рамеснікаў – цэхаў. Адначасова ўзрастае роля скупшчыка-пасрэднікапаміж вытворцам і рынкам. Гэтай справай займаюцца не толькі гандлевыя людзі, але і майстры, цэхмістры. Цэхі ўжо не ахопліваюць большасць рамеснікаў горада, і адносіны паміж цэхамі і нецэхавымі вытворцамі абвастраюцца.
Новае ў эканамічным жыцці – гэта з’яўленне мануфактурнай вытворчасці, пераважна ў мястэчках і сельскай мясцовасці. Яны належылі ў асноўным магнатам, таму зваліся вотчыннымі мануфактурамі. Там іх працы не перашкаджалі цэхі. Першыя мануфактуры ўзніклі ў мястэчку Ўрэчча Бабруйскага павета (шкляныя вырабы і люстэркі) і ў мястэчку Свержань (фарфоравыя вырабы) у 30-я гг. XVIII ст. Належылі яны Радзівілам. Акрамя таго, гэтыя магнаты валодалі мануфактурамі ў Нясвіжы і Слуцку, якія выраблялі шаўковыя паясы, шкляной мануфактурай у Налібоках і іншымі. У сярэдзіне стагоддзя на 53 мануфактурах працавала 2400 рабочых, але большая частка з іх – гэта прыгонныя.
Гандаль. У сярэдзіне XVII ст. прыкметна звузіўся памер унутранага і знешняга гандлю. Прычынамі быў агульны заняпад гаспадаркі ў выніку шматлікіх войнаў; збядненне асноўнай масы насельніцтва; вузкасць унутранага рынку; абмежаванні на гандаль для сялянства; змяньшэнне ролі Беларусі як пасрэдніка ў расейскім знешнім гандлю.
З сярэдзіны XVIII ст. гандаль у гарадах некалькі ажывіўся за кошт вывазу вырабаў сельскай гаспадаркі і лясных промыслаў. Увозілі тканіны, палотны, жалеза і вырабы з яго, медзь, розныя галантарэйныя вырабы. Пашырыліся гандлевыя сувязі з Прыбалтыкай і Расіяй.
Сярэдзіна XVII – першая палова XVIII ст. – гэта перыяд развалу ўсяго гаспадарчага жыцця Беларусі і пачатак аднаўлення яе эканомікі. Але да сярэдзіны XVIII ст. гаспрадарка не дасягнула яшчэ ўзроўню сярэдзіны XVII ст.