Глава 19 бібліятэчная справа 2 страница
1. Інфармацыйныя рэсурсы дзяржаўных бібліятэк з’яўляюцца састаўной часткай інфармацыйных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь.
2. Бібліятэкі ўдзельнічаюць у стварэнні адзінай аўтаматызаванай інфармацыйна-бібліятэчнай сістэмы (АІБС), іншых інфармацыйных сістэм на аснове дзяржаўных стандартаў апрацоўкі дакументаў і абмену данымі.
Аўтаматызаваная інфармацыйна-бібліятэчная сістэма (АІБС) – комплекс праграмных, тэхнічных, інфармацыйных, лінгвістычных, арганізацыйна-тэхналагічных сродкаў, прызначаных для вырашэння задач бібліятэчнага, інфармацыйнага і даведачна-бібліяграфічнага абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк.
3. З мэтай павышэння эфектыўнасці выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў бібліятэкі ўзаемадзейнічаюць з органамі навуковай інфармацыі, архівамі, музеямі і іншымі юрыдычнымі асобамі, звязанымі са стварэннем, апрацоўкай і захоўваннем інфармацыі. Парадак узаемадзеяння вызначаецца дагаворамі паміж гэтымі юрыдычнымі асобамі.
Артыкул 150. Карыстальнікі бібліятэк. Правы і абавязкі карыстальнікаў бібліятэк
1. Юрыдычныя асобы, грамадзяне, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, якія звяртаюцца да паслуг бібліятэк, з’яўляюцца іх карыстальнікамі.
Парадак карыстання бібліятэкай, пералік асноўных паслуг і ўмовы іх прадастаўлення ўстанаўліваюцца ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам, статутам (палажэннем) бібліятэкі і правіламі карыстання бібліятэкай.
2. Карыстальнікі бібліятэк маюць права на бiблiятэчнае, iнфармацыйнае i даведачна-бiблiяграфiчнае абслугоўванне згодна з іх асабiстымi патрэбнасцямi i iнтарэсамi.
3. Права на бiблiятэчнае, iнфармацыйнае i даведачна-бiблiяграфiчнае абслугоўванне забяспечваецца:
3.1. стварэннем публiчных i спецыяльных бiблiятэк;
3.2. разнастайнасцю вiдаў бiблiятэк;
3.3. арганiзацыяй доступу да нацыянальных i сусветных баз даных;
3.4. мiжбiблiятэчным абанементам;
3.5. электроннай дастаўкай дакументаў;
3.6. арганізацыяй абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк па месцы жыхарства (прабывання), працы, службы, вучобы, адпачынку;
3.7. стварэннем і функцыянаваннем на базе дзяржаўных публічных бібліятэк публічных цэнтраў прававой інфармацыі.
4. Карыстальнікі дзяржаўных бібліятэк маюць права:
4.1. бясплатна атрымліваць поўную інфармацыю аб складзе бібліятэчных фондаў;
4.2. бясплатна атрымліваць кансультацыйную дапамогу ў пошуку крыніц інфармацыі;
4.3. бясплатна атрымліваць для часовага карыстання дакументы з бібліятэчных фондаў;
4.4. атрымліваць доступ да інфармацыйных рэсурсаў бібліятэк;
4.5. атрымліваць дакументы або іх копіі па міжбібліятэчным абанеменце;
4.6. прымаць удзел у культурных мерапрыемствах, якія праводзяцца бібліятэкай;
4.7. выкарыстоўваць у зонах абслугоўвання карыстальнікаў бібліятэк тэхнічныя сродкі на аўтаномным сілкаванні без гукавых сігналаў, за выключэннем выкарыстання капіравальных прыбораў (сканераў, аўдыя,- фота- і відэаапаратуры), мабільнага тэлефона і іншых тэхнічных сродкаў у мэтах фота- і відэаздымкі дакументаў з бібліятэчных фондаў;
4.8. карыстацца іншымі відамі паслуг, у тым ліку платнымі.
5. Асобы з аслабленым зрокам і асобы, пазбаўленыя зроку, маюць права на атрыманне дакументаў на спецыяльных носьбітах інфармацыі.
6. Грамадзяне, якія не могуць наведваць бібліятэку з прычыны састарэласці, фізічных недахопаў, маюць пераважнае права атрымліваць дакументы з бібліятэчных фондаў публічных бібліятэк па месцы жыхарства (прабывання).
7. Карыстальнікі бібліятэк маюць права ўдзельнічаць у дзейнасці папячыцельскіх саветаў, аб’яднанняў карыстальнікаў бібліятэк, якія ствараюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам і працуюць на грамадскіх пачатках.
8. Незаконныя дзеянні (бяздзейнасць) службовых асоб бібліятэк, якiя абмяжоўваюць правы карыстальнікаў бібліятэк, могуць быць абскарджаны ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
9. Карыстальнікі бібліятэк абавязаны:
9.1. выконваць правілы карыстання бібліятэкай;
9.2. беражліва адносіцца да бібліятэчных фондаў;
9.3. у вызначаныя бібліятэкай тэрміны вяртаць дакументы, атрыманыя з бібліятэчных фондаў;
9.4. праходзіць перарэгістрацыю карыстальнікаў бібліятэк у тэрмін і ў адпаведнасці з парадкам, устаноўленым бібліятэкай;
9.5. пры атрыманні дакументаў з дэфектамі паведаміць аб гэтым бібліятэчнаму работніку.
10. Доступ да інфармацыйных рэсурсаў і дакументаў з бібліятэчных фондаў можа быць абмежаваны ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.
11. Карыстальнікам бібліятэкі забараняецца:
11.1. наведваць бібліятэку ў стане алкагольнага ап’янення або ў стане, выкліканым ужываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў;
11.2. уваходзіць у бібліятэку з жывёламі, за выключэннем карыстальнікаў – асоб з аслабленым зрокам і асоб, якія страцілі зрок, – у суправаджэнні сабакі-павадыра;
11.3. уносіць у бібліятэку друкаваныя выданні, дакументы на электронных і іншых носьбітах, колючыя і рэжучыя прадметы, калі іншае не прадугледжана правіламі карыстання бібліятэкай;
11.4. выносіць дакументы з памяшкання бібліятэкі без запісу ў формах уліку, устаноўленых бібліятэкай;
11.5. уносіць і выкарыстоўваць капіравальныя прыборы (сканеры, аўдыя-, фота- і відэаапаратуру), мабільныя тэлефоны і іншыя тэхнічныя сродкі ў мэтах фота- і відэаздымкі дакументаў з бібліятэчных фондаў;
11.6. перадаваць чытацкі білет іншым асобам або карыстацца чытацкім білетам другой асобы.
12. У выпадку згублення, пашкоджання дакументаў з бібліятэчных фондаў карыстальнікі замяняюць іх ідэнтычнымі, раўнацэннымі дакументамі, у тым ліку ў выглядзе копій. Пры адсутнасці магчымасці замены дакументаў карыстальнікі бібліятэкі кампенсуюць іх кошт у адпаведнасці з заканадаўствам.
13. Карыстальнікам бібліятэкі, якія парушылі тэрміны звароту дакументаў з бібліятэчных фондаў, да моманту іх звароту выдача новых дакументаў не праводзіцца.
Артыкул 151. Рэгістрацыя карыстальнікаў бібліятэк
1. Рэгістрацыя грамадзян у якасці карыстальнікаў бібліятэк ажыццяўляецца непасрэдна ў бібліятэцы або на афіцыйным сайце бібліятэкі ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.
2. Рэгістрацыя юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў у якасці карыстальнікаў бібліятэк ажыццяўляецца на падставе дагавора аб бібліятэчным, інфармацыйным і даведачна – бібліяграфічным абслугоўванні.
3. Парадак рэгістрацыі карыстальнікаў бібліятэкі зацвярджаецца бібліятэкай па ўзгадненні з заснавальнікам.
ГЛАВА 20
музейная справа
Артыкул 152. Музейная справа
Музейная справа – напрамак культурнай дзейнасці па стварэнні і развіцці музеяў, выяўленні прадметаў музейнага значэння, камплектаванні музейных фондаў, ажыццяўленні ўлiку і захоўванні музейных прадметаў, навукова - дапаможных і сыравінных матэрыялаў, вывучэнні i папулярызацыі музейных прадметаў, навукова - дапаможных і сыравінных матэрыялаў, ажыццяўленні іншых відаў музейнай дзейнасці.
Артыкул 153. Музейны работнік
Музейны работнік – работнік культуры, які забяспечвае ажыццяўленне музейнай дзейнасці.
Артыкул 154. Прадмет музейнага значэння. Музейны прадмет, навукова-дапаможны і сыравінны матэрыял, іх класіфікацыя
1. Прадмет музейнага значэння – культурная каштоўнасць або выдзелены з навакольнага асяроддзя ў выніку навуковай дзейнасці аб’ект прыроднага асяроддзя, якiя маюць навуковую, гiстарычную, мемарыяльную, мастацкую i (або) эстэтычную вартасць, але не ўключаны ў музейны фонд.
2. Музейны прадмет – культурная каштоўнасць або выдзелены з навакольнага асяроддзя ў выніку навуковай дзейнасці аб’ект прыроднага асяроддзя, якiя маюць навуковую, гiстарычную, мемарыяльную, мастацкую i (або) эстэтычную вартасць i ўключаны ў музейны фонд.
3. Навукова-дапаможны матэрыял – матэрыял, які набыты або спецыяльна выраблены для раскрыцця зместу экспазіцыі і замяняе арыгінальны прадмет, або арыгінальны прадмет, які не аднесены да музейных прадметаў па прычыне немагчымасці забеспячэння яго доўгатэрміновага захоўвання, і ўключаны ў музейны фонд.
4. Сыравінны матэрыял – прыродны аб’ект, які прызначаны для лабараторных даследаванняў і прэпаравання і ўключаны ў музейны фонд.
5. У мэтах аптымальнай арганізацыі работы з музейнымі прадметамі, навукова-дапаможнымі і сыравіннымі матэрыяламі, а таксама стварэння ўмоў, якія максімальна спрыяюць іх захаванню, выкарыстанню, даследаванню музейныя прадметы, навукова-дапаможныя і сыравінныя матэрыялы класіфікуюцца па тыпах і відах.
6. Класіфікацыя музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў – групоўка музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў на аснове адзінства (агульнасці) іх прыкмет (паходжання, тэматыкі, храналогіі, структуры, функцыянальнага прызначэння і іншых прыкмет), накіраваная на фіксацыю сувязі паміж імі.
7. Класіфікацыя музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў ажыццяўляецца па наступных тыпах і відах:
7.1. пісьмовы – дакументы, рукапісы, друкаваныя выданні і іншыя пісьмовыя віды;
7.2. выяўленчы – скульптура, жывапіс, графіка, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і іншыя выяўленчыя віды;
7.3. рэчавы – археалагічныя артэфакты, нумізматыка, баністыка, фалерыстыка, сфрагістыка, зброя, ахоўнае ўзбраенне, боепрыпасы, вайсковы рыштунак і атрыбутыка, адзенне, тканіны, вексілалогія, мэбля, музычныя інструменты, прыборы, апараты, інструменты, механізмы, транспартныя сродкі, прылады і прыстасаванні, прадметы побыту і іншыя рэчавыя віды;
7.4. аудыявізуальны – фотадакументы, фонадакументы, кінадакументы і іншыя аудыявізуальныя віды;
7.5. натуральна-гістарычны – біялагічныя, геалагічныя аб’екты і іншыя натуральна-гістарычныя віды;
7.6. архітэктурны – капітальныя пабудовы (будынкі, збудаванні) і іншыя архітэктурныя віды.
Артыкул 155. Музейная калекцыя
Музейная калекцыя – збор музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, аб’яднаных адной або некалькiмi прыкметамi, які мае навуковую, гiстарычную, мемарыяльную, мастацкую i (або) эстэтычную вартасць як адно цэлае.
Артыкул 156. Музейны фонд
1. Музейны фонд – навукова абгрунтаваная сукупнасць музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, якiя пастаянна захоўваюцца ў музеi.
2. Структурнымі элементамі музейнага фонду з’яўляюцца:
2.1. асноўны фонд, які ўяўляе сукупнасць усіх музейных прадметаў;
2.2. фонд навукова-дапаможных матэрыялаў, які ўяўляе сукупнасць усіх навукова-дапаможных матэрыялаў;
2.3. фонд сыравінных матэрыялаў, які ўяўляе сукупнасць усіх сыравінных матэрыялаў.
3. Па рашэнні фондава-закупачнай камісіі, іншай упаўнаважанай камісіі музея ці кіраўніка музея або юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей, навукова-дапаможныя матэрыялы могуць быць аднесены да музейных прадметаў, сыравінныя матэрыялы могуць быць аднесены да музейных прадметаў або навукова-дапаможных матэрыялаў.
4. У складзе асноўнага фонду пры неабходнасці па рашэнні фондава-закупачнай камісіі або іншай упаўнаважанай камісіі музея могуць быць створаны:
4.1. калекцыйны фонд, які ўяўляе сукупнасць музейных прадметаў, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці або не нададзены такі статус, але якія з’яўляюцца рэдкімі ў сваім родзе прадметамі і існуюць у адзіным экзэмпляры або ў абмежаванай колькасці (далей – асабліва каштоўныя музейныя прадметы);
4.2. абменны фонд, які ўяўляе сукупнасць няпрофільных або дублетных (паўторных) музейных прадметаў і прызначаецца для міжмузейнага абмену.
Артыкул 157. Права ўласнасці на музейныя прадметы, прадметы музейнага значэння
1. Музейныя прадметы, прадметы музейнага значэння могуць знаходзіцца ў дзяржаўнай або прыватнай уласнасці.
2. Музейныя прадметы, якія пастаянна захоўваюцца ў дзяржаўных музеях, знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы.
Артыкул 158. Музей, яго віды па форме ўласнасці
1. Музей – арганізацыя культуры або падраздзяленне юрыдычнай асобы, якія выяўляюць прадметы музейнага значэння, камплектуюць музейныя фонды, ажыццяўляюць на пастаяннай аснове ўлік і захоўванне музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў, вывучэнне і папулярызацыю музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў.
2. Па форме ўласнасці музеі падзяляюцца на дзяржаўныя і прыватныя.
3. У выпадках, прадугледжанных заканадаўствам, у музеі ствараюцца навукова-метадычны, вучоны, рэстаўрацыйны, экспертны саветы, функцыі і парадак дзейнасці якіх устанаўліваюцца кіраўніком музея або юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей.
Артыкул 159. Класіфікацыя музеяў
1. Класіфікацыя музеяў – групоўка музеяў па прыкметах, істотных для арганізацыі і развіцця сістэмы музеяў, ажыццяўлення музейнай дзейнасці, у тым ліку па профілі (профілях), асаблівасцях прававога становішча, парадку дзейнасці, выконваемых грамадскіх функцыях і іншых крытэрыях.
2. Пад профілем музея разумеецца катэгорыя класіфікацыі музеяў, якая вызначае сувязь музейнай дзейнасці з профільнай дысцыплінай, з канкрэтнай галіной навукі, тэхнікі, вытворчасці, культуры, відам мастацтва.
3. Музеі класіфікуюцца па наступных профілях:
3.1. гістарычны, да якога адносяцца агульнагiстарычныя, ваенна-гiстарычныя, археалагiчныя, этнаграфiчныя, гiсторыi рэлiгii, гiстарычныя манаграфiчныя (гiсторыi адной падзеi), сучаснай культуры, iншыя гістарычныя музеі;
3.2. прыродазнаўчы, да якога адносяцца прыродазнаўчыя музеi шырокага профiлю, геаграфiчныя, бiялагiчныя, заалагiчныя, батанiчныя, геалагiчныя, мiнералагiчныя, антрапалагiчныя, iншыя прыродазнаўчыя музеі;
3.3. мастацтвазнаўчы, да якога адносяцца музеi выяўленчых мастацтваў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народнага мастацтва, палацавага i паркавага мастацтва, мастацкiя манаграфiчныя, iншыя мастацтвазнаўчыя музеі;
3.4. лiтаратурны, да якога адносяцца музеi гiсторыi лiтаратуры, гiсторыi кнiгi, лiтаратурныя манаграфiчныя, iншыя лiтаратурныя музеі.
4. У выпадку, калі музей сумяшчае прыкметы некалькіх профіляў, музей класіфікуецца як комплексны. Да такога профілю адносяцца музеi, у дзейнасцi якiх аб’ядноўваюцца розныя профiльныя адгалiнаваннi: мемарыяльныя комплексы, краязнаўчыя, архiтэктуры i этнаграфii, гiсторыка-мастацкiя, гiсторыка-культурныя запаведнiкi, iншыя музеі.
5. У залежнасці ад асаблівасцей прававога становішча і парадку дзейнасці выдзяляюцца музеі-запаведнікі, музеі пад адкрытым небам і іншыя музеі.
Артыкул 160. Сістэма дзяржаўных музеяў
1. Сістэма дзяржаўных музеяў складаецца з дзяржаўных музеяў, падпарадкаваных Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь і структурным падраздзяленням мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, і дзяржаўных музеяў, падпарадкаваных іншым дзяржаўным органам і іншым дзяржаўным юрыдычным асобам.
2. У сістэме дзяржаўных музеяў метадычнымі і каардынацыйнымі цэнтрамі з’яўляюцца:
2.1. на рэспубліканскім узроўні – дзяржаўная ўстанова “Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь” (для музеяў гістарычнага і прыродазнаўчага профіляў), установа “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь” (для музеяў мастацтвазнаўчага профілю), установа “Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры” (для музеяў літаратурнага профілю);
2.2. на абласным (Мінскім гарадскім) узроўні – абласныя (мінскія гарадскія) дзяржаўныя музеі, што вызначаюцца адпаведнымі структурнымі падраздзяленнямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры;
2.3. на раённым (гарадскім) узроўні – раённыя і гарадскія дзяржаўныя музеі, што вызначаюцца адпаведнымі структурнымі падраздзяленнямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры.
Артыкул 161. Місія музея. Канцэпцыя развіцця музея
1. Музей ажыццяўляе дзейнасць у адпаведнасці з місіяй музея.
Пад місіяй музея разумеецца грамадскае прызначэнне музея як сацыяльнага інстытута. Місія музея заключаецца ў захаванні і папулярызацыі матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны, уключаючы помнікі гісторыі і культуры, традыцыі, рамёствы, этнакультурнае і прыроднае асяроддзе.
2. Накірункі развіцця і дзейнасці музея вызначаюцца ў адпаведнасці з яго профілем (профілямі) і канцэпцыяй развіцця музея, якая зацвярджаецца заснавальнікам музея.
Канцэпцыя развіцця музея з’яўляецца асновай для планавання дзейнасці музея, вызначае місію музея ў адпаведнасці з яго профілем (профілямі) і ўключае мэты, задачы, прынцыпы функцыянавання, перспектывы развіцця музея, шляхі іх рэалізацыі.
Артыкул 162. Асаблівасці стварэння i лiквiдацыi музеяў
1. Стварэнне дзяржаўных музеяў ажыццяўляецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама іншымі дзяржаўнымі органамі і дзяржаўнымі юрыдычнымі асобамі па ўзгадненні з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
2. Абавязковымі ўмовамі для стварэння музея з’яўляюцца:
2.1. наяўнасць культурных каштоўнасцей і (або) выдзеленых з навакольнага асяроддзя ў выніку навуковай дзейнасці аб’ектаў прыроднага асяроддзя, а таксама канцэпцыі развіцця музея;
2.2. магчымасць заснавальніка музея забяспечыць музей капітальнай пабудовай (будынкам, збудаваннем), памяшканнем, тэрыторыяй, якія адпавядаюць профілю (профілям) музея і патрабаванням па захоўванні музейных прадметаў, а таксама абсталяваннем, фінансавымі, тэхнічнымі і іншымі сродкамі, неабходнымі для арганізацыі і ажыццяўлення музейнай дзейнасці.
3. Пры ліквідацыі дзяржаўнага музея яго заснавальнік абавязаны забяспечыць захаванасць музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў і перадаць музейны фонд іншаму дзяржаўнаму музею (музеям).
4. Перадача музейнага фонду дзяржаўнага музея, падпарадкаванага Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь, адбываецца ў адпаведнасці з рашэннем Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Перадача музейнага фонду іншага дзяржаўнага музея адбываецца ў адпаведнасці з рашэннем яго заснавальніка, узгодненым з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
5. Пры ліквідацыі прыватнага музея яго заснавальнік абавязаны забяспечыць захаванасць музейных прадметаў, уключаных у Музейны фонд Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 163. Асаблівасці матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і фінансавання музеяў
1. Музеі павінны забяспечвацца капітальнымі пабудовамі (будынкамі, збудаваннямі), памяшканнямі, тэрыторыямі, якiя адпавядаюць профілю (профілям) музея і патрабаванням па захоўванні музейных прадметаў, а таксама абсталяваннем, тэхнiчнымi, фiнансавымi сродкамi, неабходнымi для арганiзацыi i ажыццяўлення дзейнасцi музеяў.
2. Размяшчэнне музеяў у капітальных пабудовах (будынках, збудаваннях), памяшканнях, на тэрыторыі, якiя не адпавядаюць профілю (профілям) музея і патрабаванням па захоўванні музейных прадметаў, i перавод музеяў у капітальныя пабудовы (будынкi, збудаванні), памяшканнi, на тэрыторыі, якiя пагаршаюць умовы iх дзейнасцi, не дапускаюцца.
3. У выпадку перадачы іншым юрыдычным асобам капітальнай пабудовы (будынка, збудавання), памяшкання, тэрыторыі, дзе размешчаны дзяржаўны музей, дзяржаўныя органы, якія ажыццяўляюць перадачу, прадастаўляюць дзяржаўнаму музею раўнацэнныя капітальную пабудову (будынак, збудаванне), памяшканне, тэрыторыю і забяспечваюць за свой кошт перамяшчэнне музейнага фонду і абсталявання музея.
4. Фінансаванне музеяў ажыццяўляецца за кошт сродкаў, пералічаных у артыкуле 21 гэтага Кодэкса, у тым лiку сродкаў, атрыманых у выглядзе платы за наведванне экспазiцый, экскурсiйнае абслугоўванне, выдачу дазволу на выраб выяўленчай, друкарскай, сувенірнай і іншай тыражаванай прадукцыі і вытворчасць тавараў народнага спажывання з выкарыстаннем выяў музейных прадметаў, а таксама сродкаў, атрыманых ад вырабу i рэалiзацыi выяўленчай, друкарскай, сувенiрнай i iншай прадукцыi.
Артыкул 164. Музеі-запаведнікі. Музеі пад адкрытым небам
1. Комплексы і ансамблі нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія маюць асаблівую навуковую, гiстарычную, мемарыяльную, мастацкую i (або) эстэтычную вартасць, разам з тэрыторыяй, гістарычна і культурна звязанай з імі, па прадстаўленні заснавальніка музея, узгодненаму з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь (за выключэннем выпадку, калі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з’яўляецца заснавальнікам музея) могуць быць аб’яўлены Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь музеямі-запаведнікамі.
2. Комплексы і ансамблі нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і (або) калекцыі, камплекты рухомых матэрыяльных культурных каштоўнасцей разам з тэрыторыяй, на якой яны сістэматызаваны і прадстаўлены і якая гістарычна і культурна не звязана з гэтымі каштоўнасцямі, па прадстаўленні заснавальніка музея або музея, калі яго заснавальнікам з’яўляецца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, могуць быць аб’яўлены Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь музеямі пад адкрытым небам.
3. Ахова матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія ўваходзяць у склад музеяў-запаведнікаў, музеяў пад адкрытым небам ажыццяўляецца ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам.
4. Музей-запаведнік, музей пад адкрытым небам валодаюць пераважным правам на ажыццяўленне культурнай i iншай дзейнасцi на сваёй тэрыторыi, у тым лiку на экскурсiйнае абслугоўванне.
5. Музей-запаведнік, музей пад адкрытым небам могуць мець уласную сiмволiку (сцягi, вымпелы, эмблемы i iншае).
6. У музеi-запаведніку, музеі пад адкрытым небам устанаўлiваецца спецыяльны рэжым захоўвання музейных прадметаў з улiкам размяшчэння iх ва ўмовах нестабiльнага тэмпературна-вiльготнаснага i светлавога рэжыму.
7. У мэтах адраджэння, захавання i папулярызацыi народных мастацкіх рамёстваў, гiстарычных традыцыйных тэхналагiчных працэсаў гаспадарання, вытворчасцi, прыгатавання асобных вiдаў прадуктаў харчавання нацыянальнай кухнi музей-запаведнік, музей пад адкрытым небам могуць выкарыстоўваць музейныя прадметы пры ўмове, што такое выкарыстанне не стварае пагрозы iх захаванню i не можа прывесцi да iх пашкоджання, страты цi знiшчэння.
8. Музей-запаведнік, музей пад адкрытым небам з улiкам іх профiлю (профiляў) могуць ажыццяўляць дзейнасць па раслiнаводстве, жывёлагадоўлi, вытворчасць тавараў народнага спажывання, прыгатаванне прадуктаў харчавання з прымяненнем тэхналогiй i прылад працы, якiя выкарыстоўвалiся ў адпаведны гiстарычны перыяд.
Атрыманая прадукцыя (тавары народнага спажывання, прадукты харчавання i iншае) можа рэалiзоўвацца музеем-запаведнікам, музеем пад адкрытым небам у парадку, устаноўленым заканадаўствам.
9. Музей-запаведнік, музей пад адкрытым небам ажыццяўляюць дзейнасць, якая прыносіць даход, у парадку, устаноўленым заканадаўствам, калi такая дзейнасць не перашкаджае ахове матэрыяльных культурных каштоўнасцей i iншых аб’ектаў культурнай i прыроднай спадчыны.
10. На тэрыторыi музея-запаведніка, музея пад адкрытым небам устанаўлiваецца дыферэнцаваны рэжым іх аховы з улiкам спецыфiкi размешчаных на гэтай тэрыторыi зон аховы нерухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей i асабліва ахоўваемых прыродных комплексаў i аб’ектаў.
11. У мэтах забеспячэння цэласнасцi i захаванасцi музейных прадметаў, выключэння выпадкаў iх пашкоджання, страты цi знiшчэння музей-запаведнік, музей пад адкрытым небам павiнны быць абсталяваны неабходнымi сродкамi аховы i iншымi iнжынерна-тэхнiчнымi сродкамi абароны.
12. На тэрыторыi музея-запаведніка, музея пад адкрытым небам забараняецца любая дзейнасць, якая можа нанесцi шкоду матэрыяльным культурным каштоўнасцям i iншым аб’ектам культурнай i прыроднай спадчыны, гiстарычнаму i прыроднаму асяроддзю, у тым лiку дзейнасць, якая цягне за сабой:
12.1. змяненне стану музейных прадметаў, пагаршэнне iх адметных духоўных, мастацкiх i (або) дакументальных вартасцей;
12.2. забруджванне навакольнага асяроддзя;
12.3. панiжэнне бiяразнастайнасцi экасiстэм;
12.4. парушэнне захаванасцi паверхні зямлі, гiдралагiчнага рэжыму тэрыторыi.
13. Музей-запаведнік, музей пад адкрытым небам у сваёй дзейнасцi па ахове i выкарыстанні матэрыяльных культурных каштоўнасцей i iншых аб’ектаў культурнай i прыроднай спадчыны:
13.1. ажыццяўляюць кантроль за станам i захаванасцю музейных прадметаў i аб’ектаў прыроды;
13.2. забяспечваюць выкананне праектных i вытворчых работ па кансервацыi, рэстаўрацыi, рамонце, прыстасаванні музейных прадметаў i iншых культурных i прыродных аб’ектаў;
13.3. удзельнiчаюць у ажыццяўленнi навукова-метадычнага i тэхнiчнага кантролю пры выкананні праектных і вытворчых работ па кансервацыі, рэстаўрацыі i рамонту, звязаных са змяненнем стану музейных прадметаў;
13.4. ажыццяўляюць iншыя мерапрыемствы, накiраваныя на ахову матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей у адпаведнасцi з гэтым Кодэксам.
Артыкул 165. Рэестр музеяў
1. Рэестр музеяў вядзецца ў мэтах арганізацыі ўліку музеяў, якія знаходзяцца і дзейнічаюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, стварэння адзінай базы даных аб дзейнасці музеяў і прадстаўлення звестак, якія ў ім змяшчаюцца.
2. Вядзенне рэестра музеяў ажыццяўляецца юрыдычнай асобай, упаўнаважанай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, і прадстаўляе сабой збор звестак аб музеях, іх сістэматызацыю і актуалізацыю.
3. Рэестр музеяў вядзецца па форме, устаноўленай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
4. Для фарміравання рэестра музеяў музеі абавязаны прадстаўляць у адпаведнае структурнае падраздзяленне абласнога (Мінскага гарадскога) выканаўчага камітэта, якое ажыццяўляе дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, звесткі аб музеі (найменні, профілі (профілях), месцазнаходжанні, рэжыме работы музея, яго заснавальніку і іншыя) па форме, устаноўленай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
5. Структурныя падраздзяленні абласных (Мінскага гарадскога) выканаўчых камітэтаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, на працягу 30 дзён разглядаюць звесткі аб музеі і накіроўваюць іх і прапановы аб уключэнні музея ў рэестр музеяў юрыдычнай асобе, упаўнаважанай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
6. У выпадку змены звестак аб найменні музея, яго заснавальнiку, профiлі (профiлях), месцазнаходжаннi i рэжыме работы музей на працягу 10 дзён паведамляе аб гэтым у юрыдычную асобу, упаўнаважаную Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
7. У выпадку ліквідацыі музея кіраўнік музея або юрыдычнай асобы, падраздзяленнем якой з’яўляецца музей, павінен на працягу 10 дзён пісьмова паведаміць аб гэтым юрыдычнай асобе, упаўнаважанай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.
8. Рэестр музеяў з’яўляецца адкрытым. Доступ да рэестра музеяў забяспечваецца юрыдычнай асобай, упаўнаважанай Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, шляхам:
8.1. публікацыі ў сродках масавай інфармацыі звестак, уключаных у рэестр музеяў;
8.2. размяшчэння звестак рэестра музеяў у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт і на афіцыйным сайце Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Артыкул 166. Правы і абавязкі музеяў
1. Музеі маюць права на:
1.1. дакументаванне ўсіх з’яў айчыннай і замежнай гісторыі і культуры незалежна ад іх палітычнай, ідэалагічнай, гаспадарчай, сацыяльнай або іншай накіраванасці, за выключэннем з’яў, звесткі аб якіх з’яўляюцца дзяржаўнай або іншай ахоўваемай законам тайнай;
1.2. арганізацыю і правядзенне навукова-даследчай дзейнасці для забеспячэння камплектавання музейных фондаў, а таксама на выяўленне прадметаў музейнага значэння іншым спосабам, які не супярэчыць заканадаўству;
1.3. ажыццяўленне дзейнасці, якая прыносіць даход, у тым ліку аказанне платных паслуг;
1.4. устанаўленне па ўзгадненні з заснавальнікам музея памеру платы за наведванне экспазіцый, выдачу дазволу на выраб выяўленчай, друкарскай, сувенірнай і іншай тыражаванай прадукцыі і вытворчасць тавараў народнага спажывання з выкарыстаннем выяў музейных прадметаў без абгрунтавання эканамічных затрат;
1.5. працу ў архівах, бібліятэках і іншых юрыдычных асобах.
2. Музеі абавязаны:
2.1. садзейнічаць рэалізацыі правоў наведвальнікаў музеяў, прадугледжаных гэтым Кодэксам;
2.2. абслугоўваць наведвальнікаў музеяў у адпаведнасці са статутам (палажэннем) музея;
2.3. пашыраць доступ наведвальнікаў да музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў;
2.4. забяспечваць захаванасць музейных прадметаў, навукова-дапаможных і сыравінных матэрыялаў;
2.5. забяспечваць падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі музейных работнікаў;
2.6. прадастаўляць у адпаведнасці з гэтым Кодэксам асобным катэгорыям наведвальнікаў права бясплатнага (льготнага) наведвання экспазіцый, створаных на аснове ўласных музейных фондаў.
3. Музеі маюць іншыя правы і абавязкі, прадугледжаныя гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.
Артыкул 167. Рэспубліканская рада дырэктараў музеяў
1. Для выпрацоўкі рэкамендацый па пытаннях у сферы музейнай справы, удасканалення музейнай дзейнасці, развіцця супрацоўніцтва паміж музеямі і аказання метадычнай дапамогі музеям пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь на грамадскіх пачатках ствараецца Рэспубліканская рада дырэктараў музеяў.
2. Да кампетэнцыі Рэспубліканскай рады дырэктараў музеяў адносяцца:
2.1. падрыхтоўка рэкамендацый і прапаноў па забеспячэнні якаснага кіравання музейнай дзейнасцю, павышэнні эфектыўнасці выкарыстання матэрыяльных і фінансавых рэсурсаў у дзейнасці музеяў, выкарыстанні музеямі перспектыўных навуковых дасягненняў у сферы музейнай справы;