Рэлігія славян. Распаўсюджанне хрысціянства на Беларусі
Да прыняцця хрысціянства ўсходнія славяне з’яўляліся язычнікамі ці паганцамі. Гэта значыць, што яны пакланяліся розным з’явам прыроды – агню, сонцу, месяцу, вадзе і г.д. Напярэдадні хрысціянізацыі склаўся пантэон багоў славян, якія мелі антропаморфны выгляд (выглядалі як людзі). Галоўныя багі –
Пярун – бог грому, маланкі і вайны, Сварог – бог неба, Ярыла – бог сонца, Велес – бог-абаронца хатняй жывёлы. Цэнтрамі язычніцкай рэлігіі былі свяцілішчы – капішчы, дзе адбываліся малебны, ахвярапрынашэнні, у тым ліку і чалавечыя. Служкай паганскага культу быў жрэц – пасрэднік паміж людзьмі і багамі. Жрацы падтрымлівалі агонь на капішчах, бо агонь валодаў свяшчэннай ачышчальнай сілай. Сваіх нябожчыкаў славяне спальвалі на вогнішчы, а знатных – нават разам з жонкамі, рабамі і вялікай колькасцю прылад працы. Гэта гаворыць аб існаванні развітых уяўленняў пра жыццё пасля смерці.
Менавіта ў той час склаліся галоўныя святы славян, звязаныя з сельскагаспадарчым і каляндарным цыкламі, шанаваннем продкаў. Некаторыя з іх дайшлі да нашых дзён. Гэта зажынкі – пачатак уборкі ўраджаю, звязванне першага снапа і дажынкі – свята апошняга снапа; масляніца – свята адраджэння сонца ў пачатку вясны, калі пякліся бліны – сімвалы нябеснага свяціла. Культ шанавання продкаў увасабляецца ў святах Дзяды і Радаўніца. Новы год у славян пачынаўся з сакавіка месяца – гэта таксама было звязана з нараджэннем сонца, хуткім пачаткам сельскагаспадарчай працы.
Але паганства ўжо не адпавядала патрэбам кіруючай вярхушкі Кіеўскай Русі. Суседнія дзяржавы і дзяржавы, з якімі ўсходнія славяне былі звязаны гандлёвымі сувязямі адмовіліся ад паганства на карысць хрысціянства (Еўропа), ці мусульманства (Азія). На землях Старажытнай Русі таксама былі знаёмы з хрысціянствам. Бабка Уладзіміра Святаславіча, княгіня Вольга, прыняла хрысціянства ў Канстантынопалі разам з некаторымі прадстаўнікамі кіеўскай знаці. У Кіеве пад час княжання Святаслава дзейнічала Дзесяцінная царква, і шмат кіеўлян, што арыентаваліся на супрацоўніцтва з Візантыяй (асабліва нараджаемае заможнае купецтва) веравызнавалі хрысціянства па ўсходнім абрадзе.
На Полаччыне былі свае прыклады знаёмства мясцовых жыхароў з хрысціянствам, якое пачало пранікаць у IX ст. Ісландскі помнік пісьменнасці “Сага аб хрышчэнні” распавядае пра Торвальда Вандроўніка (ён ахрысціў Ісландыю), які вяртаўся на радзіму пасля паломніцтва ў Палесціну. Яго шлях пралягаў праз Полацк, дзе місіянер заснаваў манастыр Іаана Прадцечы, але неўзабаве і сам памёр (пахаваны ў гэтым манастыры).
Былі знаёмы з хрысціянствам у сям’і першага гістарычна вядомага полацкага князя Рагвалода. Нездарма Рагнеда аддала перавагу Яраполку, а не Ўладзіміру – першы спрыяльна адносіўся да хрысціян. Усе дзеці Рагнеды былі вядомы сваімі прыхільнымі адносінамі да хрысціянства. Пасля ліквідацыі гарэма Уладзіміра Рагнеда пастрыглася ў манашкі, узяўшы імя Анастасія і жыла ў Заслаўі ў скіце, які, на жаль, так і не пераўтварыўся ў першы жаночы манастыр на Беларусі.
Афіцыйна Кіеўская Русь прыняла хрышчэнне ў 988 г. Ужо ў 992 г. у Полацку была заснавана епархія – царкоўная тэрытарыяльная адзінка, што кіравалася епіскапам. Была пабудавана першая царква ў імя Багародзіцы. Першымі епіскапамі былі грэкі (з Візантыі) ці балгары. У 1005 г. была заснавана Тураўская епархія. Абедзве епархіі ўваходзілі ў склад Кіеўскай мітраполіі. Самым вядомым тураўскім епіскапам быў наш славуты культурны дзеяч Кірыла Тураўскі, які жыў у XII стагоддзі.
Распаўсюджванне хрысціянства ішло досыць марудна, яно хутка пранікала ў сем’і феадалаў і знаці, купецкага люду, але амаль не мела ўплыву ў сельскай мясцовасці, дзе па-ранейшаму шанавалі старых паганскіх багоў. Гэтаму спрыяла суседства беларускіх зямель з балцкімі плямёнамі, што веравызнавалі язычніцтва. Адначасова тут спрабавала распаўсюдзіць уплыў хрысціянства заходняга абраду. Яшчэ ў 1013 г. у Тураве дзейнічаў біскуп Рэйнберг з Калобжыц, што прыехаў разам з дачкой польскага караля Баляслава, жонкай тураўскага князя Святаполка Уладзіміравіча. Хрысціянская царква юрыдычна была адзінай, але паміж заходняй і ўсходняй часткай яе існавалі вельмі напружаныя адносіны. Па загаду вялікага кіеўскага князя Уладзіміра Рэйнберг быў зняволены ў Кіеве, дзе і памёр. У 1054 г. хрысціянская царква канчаткова падзялілася на праваслаўе і каталіцтва, што дало ідэалагічную падставу ў XIII ст. нямецкім рыцарам рабіць напады на славянскія землі – яны ваявалі супраць “схізматыкаў”, ератыкоў і неслі разам з агнём і крыжом “сапраўдную” веру – каталіцтва.
Пад час барацьбы за княжаскі трон у Кіеве (пасля смерці Уладзіміра) у 1015 г. былі забіты князі-браты Барыс і Глеб. Менавіта яны сталі першымі ўсходнеславянскімі святымі (кананізаваны ў 1072 г.). Гэтых святых шанавалі ў Полацкім княстве. Два сыны Ўсяслава Чарадзея названыя ў гонар святых. У сваю чаргу, сын Усяслава Барыс мае прамое дачыненне да так званых “барысавых камянёў”. На велізарных валунах, што з’яўляліся язычніцкімі фетышамі, ён загадаў выбіць хрысціянскі сімвал – шасціканцовы крыж з надпісам “Господі помозі”. Гэта быў адзін з метадаў барацьбы з язычніцтвам. Выкарыстанне язычніцкіх святынь хрысціянствам дапамагала распаўсюджванню новай рэлігіі, стварала бачнасць пераемнасці. Так, нават полацкая Сафія была пабудавана Ўсяславам Чарадзеем (1050-я гг.) на месцы старажытнага паганскага капішча.
Яшчэ адзін з метадаў пашырэння хрысціянства – гэта заснаванне манастыроў. Паводле некаторых звестак, першыя манастыры ўзніклі ўжо ў X ст. Гэта полацкі манастыр св. Іаана Прадцечы (заснаваны Торвальдам Вандроўнікам) і пінскі Лешчынскі (заснаваны кіеўскім князем Уладзімірам). Але дасканала вядома пра манастыры на Беларусі толькі з XII ст. У Полацку гэта – жаночы св. Спаса і мужчынскі св. Багародзіцы (заснаваныя Еўфрасінняй Полацкай), Барысаглебскі ў Бельчыцах пад Полацкам. У пачатку XII ст. у Тураве быў заснаваны жаночы Варварынскі манастыр (заснавала Варвара, жонка Святаполка Ізяславіча) і Барысаглебскі (у ім знаходзілася рэзідэнцыя епіскапа). Манастыры карысталіся значнай падтрымкай ад князёў, частка манахаў і манахінь былі са знатных феадальных родаў.
Са стварэннем ВкЛ адносіны да рэлігіі з боку кіраўнікоў княства крыху змяніліся. Вялікія літоўскія князі, за рэдкім выключэннем, спрыяльна ставіліся да язычніцтва. А ў цяжкіх палітычных абставінах яны з лёгкасцю маглі мяняць веравызнанне на тое, што давала большыя палітычныя перавагі. Так, Міндоўг прыняў праваслаўе ў 1246 г., каталіцтва ў 1251 г., а ў 1261 г. наогул вярнуўся да паганства. Пры князі Трайдзене літоўцы-хрысціяне падвяргаліся ганенням. Тым не менш, да пачатку XIV ст. хрысціянства на беларускай частцы ВкЛ атрымала канчатковую перамогу. На літоўскай частцы ВкЛ пераважна веравызнавалі язычніцтва, але былі і хрысціяне – як праваслаўныя, так і каталікі.