Развіццё рамяства і гандлю, таварна-грашовых адносін. Беларускія гарады

У XIII – першай палове XVII ст. у ВкЛ інтэнсіўна ішоў працэс урбанізацыі – засноўваліся новыя гарады, расло насельніцтва старых цэнтраў. На 1500 г. у ВкЛ налічвалася 83 горада, да 1600 г. было да 530 гарадскіх пасяленняў. Спецыяльнай граматай вялікі князь Казімір у 1444 г. вызначыў 15 лепшых гарадоў княства, сярод якіх былі гарады ўкраінскія, рускія, літоўскія і беларускія (апошніх – большая палова). Першае месца сярод беларускіх гарадоў займаў Полацк, у якім налічвалася на сярэдзіну XVI ст. каля 50 тыс. жыхароў. Іншыя гарады, за рэдкім выключэннем, былі невялікага памеру з 1-3 тыс. насельніцтва, якое займалася як рамяством, гандлем, так і сельскагаспадарчай працай.

З развіццем рынку ў XV ст. роля гарадоў расце. Як і ў Еўропе, адбываецца бурнае развіццё рамеснай вытворчасці. Прычынай гэтага быў рост прадукцыйнасці сельскагаспадарчай працы і прыбавачнага прадукту, што дазваляла пракарміць значную частку насельніцтва, не звязаную з сельскагаспадарчай вытворчасцю; феадалы, а таксама заможныя сяляне імкнуліся купляць добра вырабленыя прылады працы, прадметы быту, што ў сваю чаргу спрыяла павялічэнню вытворчасці сельскагаспадарчай працы.

У гэты перыяд рамеснікі канцэнтруюцца ў мястэчках (невялікіх паселішчах гарадскога тыпу) і гарадах. Развіццё рамяства спрыяла іх росту і росквіту.

На Беларусі былі шырока распаўсюджаны розныя віды рамёстваў. Апрацоўка металаў набыла шырокую спецыялізацыю
(не менш 25 прафесій, у тым ліку кавалі, слесары, кацельшчыкі, меднікі, лудзільшчыкі, бляхары і інш.). Асобай прафесіяй быў выраб зброі. Сыравіна – балотная руда. Рудні звычайна знаходзіліся ў сельскай мясцовасці, у іх існаваў падзел працы, яны ўяўлялі сабой пачаткі мануфактуры. Каштоўныя металы завозілася на Беларусь з Заходняй Еўропы, часткова з Усходу. Ювеліры працавалі перш за ўсё на феадалаў і царкву, рабілі з золата і серабра ўпрыгажэнні, пераплёты царкоўных кніг. Ювелірам-гравільшчыкам забаранялася выязджаць з княства ў Еўропу.

Апрацоўка дрэва (было да 27 прафесій). Вырабляліся асноўныя часткі плугоў, сох, лапаты, вёслы, граблі, а таксама пасуд і іншы інвентар. 3 дрэва будавалі жыллё, гаспадарчыя памяшканні, павозкі, караблі. Дрэваматэрыялы і вырабы з дрэва вывозіліся на экспарт.

Ганчарства. Ганчарныя вырабы карысталіся вялікім попытам, цэны на іх былі адносна невялікія. Акрамя пасуды, часта аздобленай зялёнай палівай, у XV-XVI стст. значна пашырылася вытворчасць цэглы, чарапіцы, кафлі, што было выклікана павелічэннем будаўніцтва крэпасцяў, замкаў, ратуш, культавых пабудоў.

Апрацоўка скур: гарбарнае, рымарнае, шавецкае, кушнерскае рамёствы. У гарбарнай вытворчасці да сярэдзіны XVII ст. было каля 25 прафесій. Скура і замша карысталіся попытам на ўнутраным і на знешнім рынку, вывозіліся ў Польшчу і Заходнюю Еўропу.

Ткацкая справа. Ткацтвам з воўны, льну займаліся не толькі рамеснікі, але і сяляне і гараджане для сваіх патрэб. 3 мясцовых тканін краўцы шылі аддзенне. Шаўцы пад канец XV ст. пачалі вырабляць абутак з цвёрдай падэшвай і абцасам.

У другой палове XVI ст. большая частка насельніцтва беларускіх гарадоў займалася рамяством. Дакументы нагадваюць больш за 100 прафесій і спецыяльнасцяў, у тым ліку: півавары, мяснікі, муляры, скрыннікі, рэзнікі і інш. У пачатку XVII ст. колькасць рамесных прафесій і спецыяльнасцяў падвоілася. Асноўнай стала работа не на заказ, а на продаж. 3’яўляецца асоба скупшчыка, што арганізуець рэгулярны гандаль.

З другой паловы XVI ст. рамеснікі аб’ядноўваюцца ў цэхі (брацтвы). Цэхі аб’ядноўвалі рамеснікаў аднаго веравызнання. Яны прымалі рамеснікаў адной ці некалькіх сумежных спецыяльнасцяў і абаранялі іх ад канкурэнцыі з боку прышлых сельскіх і іншагародніх рамеснікаў. Не прынятым у цэх “пакутнікам” ці “партачам” забаранялася займацца рамяством у горадзе. Звычайна гэта катэгорыя рамеснікаў вырабляла рэчы больш нізкай якасці, чым патрабавалася цэхам, прадавала іх больш танна.

У склад цэха ўваходзіла каля 60-100 чалавек. На вышэйшай прыступцы стаялі майстры. Яны мелі ва ўласнасці прылады працы і майстэрні, дасканала валодалі прафесіяй. З іх ліку на год выбіраўся кіраўнік цэха – стараста, ці цэхмістр. Чаляднікі ("таварышы", "пахолкі") працавалі ў якасці падручных у майстроў. Яны прайшлі курс навучання, але не мелі сваіх прылад працы і не атрымалі статусу майстра. Вучні майстроў зваліся хлопцамі, у доме майстра былі ў якасці прыслугі, бясплатных і бяспраўных работнікаў. Тэрмін вучнёўства ў розных рамёствах быў ад трох да пяці гадоў. Потым чаляднік тры – чатыры гады працаваў у майстра, і яшчэ паўтара – тры гады вандраваў па іншых гарадах. Пасля вяртання з вандроўкі чаляднік з дазволу сходу майстроў рабіў “шэдэўр” – складаную рэч, каб падцвердзіць сваю кваліфікацыю. Пасля экзамену і шыкоўнага застолля чэляднік пераводзіўся ў майстры. Пад час ваенных дзеянняў цэх пераўтвараўся ў узброены атрад, абараняў адведзены яму кавалак гарадскіх умацаванняў.

У адзначаны час у буйнейшых гарадах колькасць цахоў хутка павялічвалася да некалькіх дзесяткаў. У Мінску на сярэдзіну XVII ст. было 9, у Слуцку – 17, у Магілеве – 21, у Брэсце – 14 цахоў.

Гандаль

Прыкметы развіцця гандлю да сярэдзіны XVII ст.:

1. Складваецца сістэма гандлевых устаноў. Наладжваецца пастаянны гандаль па гарадах у лавах і крамах. Кожны тыдзень у мястэчках і гарадах праходзілі таргі (пераважалі аптовыя і дробнааптовыя аперацыі) і ў буйных гарадах кожны год праводзіліся адна-дзве ярмаркі, дзе шырока былі прадстаўлены замежныя купцы і разам з гандлем у розніцу праводзіліся буйныя аптовыя аперацыя.

2. Ідзе працэсс аб’яднання гандлевага люду. Адначасова з рамеснікамі пачалі ствараць свае аб’яднанні (брацтвы ці гільдыі) купцы. Яны атрымлівалі гандлевыя прывілеі – іншагароднім купцам забаранялася весці разнічны гандаль і рабіць закупкі па навакольным вескам.

3. XVI ст. вызначаецца пераходам мясцовага гандлю на больш высокую прыступку. Рэгулярны мясцовы абмен горад-веска дапаўняецца рэгулярнымі адносінамі на ўзроўню розных рэгіёнаў краіны. Трывалымі гандлевымі сувязямі былі звязаны Смаленск, Віцебск, Полацак. Цесна былі звязаны гарады поўдню Беларусі, а так сама Пандяпроўе з Падзвіннем і центрам княства. Гэтыя адносіні стымулявалі будаўніцтва дарог-гасцінцаў. Самая вялікая звязвала Брэст, Мінск з Оршай і Смаленскам.

4. Садзейнічае ўнутраннаму гандлю выразная спецыялізацыя рэгіёнаў. Слуцк спецыялізуецца на металаапрацоўке, Магілеў – на скарняжным рамястве, Гродна – на мылаварэнні і г.д.

5. Пашыраліся аб’ёмы экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі за мяжу. Галоўныя прадукты экспарту – збожжа, сала, воск, лес, скуры, смала, дзёгаць, лён, хмель, попел, пянька, радзей – рамесніцкія вырабы.

Імпарт складалі наступныя тавары: жалеза, медзь, волава, свінец, вырабы з металу, зброя, сукно, перац, віна, соль.

У знешнім гандлі шырока ўдзельнічалі феадалы, яны мелі вызваленне ад мыта.

6. Значна пашырыўся пасрэдніцкі гандаль расійскімі тавара-
мі – воскам, футрам каштоўных жывёл.

У разглядаемы перыяд грошы амаль поўнасцю выцяснілі натуральны абмен. У пачатку перыяду нярэдка як грошы выкарыстоўваліся каштоўныя футры ці прадаўгаватыя сярэбраныя зліткі – грыўны (ізгоі) – масай ад 100 да 200 г.

У канцы XIV – пачатку XV ст. у ВкЛ устанаўліваецца адзіная агульнадзяржаўная грашова-вагавая сістэма, складзеная на падставе полацка-віцебскай сістэмы. Яна мае выгляд: рубель (каля 180 г) = 100 пражскім грошам = 1000 пенязям. Каля 1492 г. у Вільні пачаў працаваць дзяржаўны манетны двор, дзе друкаваліся паўгрошы, а пазней дынарыі. Да таго грашовая сістэма была заснавана на замежных грашовых адзінках.

У XIV ст. на тэрыторыі Беларусі было больш за 40 гарадоў. У сярэдзіне XV ст. з пералічаных у прывілеі 15 найбольш буйных гарадоў Вялікага княства Літоўскага сем знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі: Полацк, Віцебск, Слуцк, Мінск, Брэст, Гродна, Навагародак. Сюды трэба дадаць і Вільню як цэнтр фарміравання беларускай культуры і народнасці.

У XV ст. многія крэпасці, замкі і гаспадарчыя двары таксама набываюць рысы рамесных і гандлёвых цэнтраў (Койданава, Мір, Любча, Валожын і інш.) – узнікаюць, так званыя, мястэчкі. Мястэчкі ўзнікалі і на тэрыторыях ранейшых вёсак (Санькава, Магільнае, Мікалаеўшчына), на важных сухапутных ці рачных гандлёвых шляхах (Новы Свержан, Стоўбцы, Ярэмічы). У XVI ст. на тэрыторыі Беларусі ўжо было больш за 20 мястэчак.

У цэлым да сярэдзіны XVII ст. у Вялікім княстве Літоўскім налічвалася 757 гарадоў і мястэчак, з іх – 467 былі на тэрыторыі Беларусі. Большасць гарадоў і каля палавіны мястэчак належалі вялікаму князю літоўскаму. Астатнія былі прыватнаўласніцкімі. Прыватнаму ўласніку магла належыць частка вольнага ці вялікакняжацкага горада з насельніцтвам. Гэтая частка мела статус юрыдыкі, яна не падпарадкоўвалася гарадскім ці княжацкім уладам.

Асноўнае насельніцтва гарадоў у гэты перыяд складалі белару-
сы – 80%. У іх таксама пражывалі літоўцы, палякі, немцы, з
XIV-XV стст. – яўрэі і татары. Гараджане выконвалі павіннасці на карысць дзяржавы або феадала: плацілі грашовыя подаці, выконвалі будаўнічыя і гаспадарчыя работы, пастаўлялі падводы (фурманкі) і г.д.

У адзначаны перыяд вялікакняскія гарады атрымліваюць права на самакіраванне – Магдэбурскае права. Першым яго атрымаў Брэст у 1390 г., потым Гродна – у 1391, Слуцк – у 1441, Полацк – у 1498, Мінск – у 1499, Віцебск – у 1597 і г.д. Да другой паловы XVI ст. магдэбургскае права атрымалі амаль што ўсе больш ці менш значныя гарады Беларусі. Устанаўленне самакіравання, нягледзячы на яго абмежаванні, паляпшала ўмовы рамеснай і гандлёвай дзейнасці, аслабляла феадальную залежнасць гараджан, якія былі асабіста свабоднымі.

У XIV – першай палове XVI ст. феадальная сістэма грамадскіх адносін на Беларусі канчаткова замацоўваецца ў заканадаўчых актах. Галоўным сродкам вытворчасці і крыніцай грамадскага багацця становіцца зямля, галоўным вытворцам матэрыяльных благ – замацаваны за ёю селянін. Адначасова фарміруюцца пачаткі новых формаў грамадскіх адносін – таварна-грашовыя адносіны, паступова зараджаюцца элементы рынку. Перадумовамі новых працэсаў стала аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі, гандлю ад рамяства. Усё гэта паступова рыхтавала падставы для складвання новых эканамічных адносін.

Наши рекомендации