МОВА – ДУХОЎНЫ СКАРБ НАРОДА
МІНІСТЭРСТВА СУВЯЗІ І ІНФАРМАТЫЗАЦЫІ
ВІЦЕБСКІ ФІЛІЯЛ УСТАНОВЫ АДУКАЦЫІ
“БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАЎНАЯ АКАДЭМІЯ СУВЯЗІ”
Філіял кафедры гуманітарных навук
Дапаможнік па курсу
“Беларуская мова. Прафесійная лексіка”
“Дапаможнік па курсу “Беларуская мова. Прафесійная лексіка” падрыхтаваны на аснове вучэбнай праграмы “Беларуская мова. Прафесійная лексіка” для студэнтаў 4 курса ўсіх спецыяльнасцей. Прызначаецца студэнтам дзённага і завочнага аддзяленняў.
Дапаможнік ахоплівае такія пытанні, як гісторыя развіцця мовы, культуры мовы і стылістыкі, роля самастойных і службовых часцін мовы ў навуковых тэкстах. Шмат месца адводзіцца тэрміналогіі.
Кожны раздзел мае сваю структуру: пытанні для самападрыхтоўкі і заданні.
Выкарыстанне дадзенай метадычнай распрацоўкі дапаможа студэнтам засвоіць вучэбны матэрыял курса “Беларуская мова. Прафесійная лексіка”, палепшыць моўную адукаванасць, павялічыць прафесійны слоўнікавы запас.
МОВА – ДУХОЎНЫ СКАРБ НАРОДА
Пытанні для самападрыхтоўкі
1. Як вы разумееце паняцце “мова”?
2. Якая галоўная функцыя мовы? Чаму?
3. У якую сям’ю, групу і падгрупу ўваходзіць беларуская мова?
4. Чым тлумачыцца блізкасць паміж славянскімі мовамі? Як растлумачыць падабенства ўсходнеславянскіх моў? Чаму паміж імі існуе адрозненне?
5. Якія гістарычныя перыяды характарызуюцца значным развіццём беларускай мовы?
6. Калі адбылося зараджэнне новай беларускай літаратурнай мовы? Хто лічыцца пачынальнікам гэтай справы?
7. Якія асаблівасці развіцця нацыянальнай мовы ў пачатку ХХ ст.? Што характэрна для мовы 30 — 80-х гадоў ХХ ст.?
8. Як вы ацэньваеце сучасны стан нацыянальнай мовы на Беларусі?
Заданне 1. Прывядзіце выказванні беларускіх паэтаў, пісьменікаў аб мове. Растлумачце іх сэнс.
Заданне 2. Якія функцыі выконвае мова ў наступных тэкстах?
9 кастрычніка Міжнародны Дзень пошты. Менавіта ў гэты дзень у 1874 г. быў створаны Сусветны паштовы Саюз. Беларусь увайшла ў склад Сусветнага паштовага Саюза толькі 13 мая 1947 г.
Паштовая служба ў Вялікім княстве Літоўскам пачала сваю дзейнасць ў 1557 годзе. Уздоўж галоўных паштовых дарог былі размяшчаны “ямы” – паштовыя станцыі праз кожныя 3 – 7 міль (1 міля – 7,468 км). Праз 10 год на сумесным сойме Кароны і Вялікага княства Літоўскага было прынята рашэнне, што на ўтрыманне ганцоў, перавозку амбасадараў і дзяржаўных дзеячаў з гарадоў і мястэчкаў павінна збірацца “ганецкае мыта”. Кожнае паселішча ці вёска, якія ляжалі ў межах таго ці іншага ганецкага ўчастку, павінны былі ўтрымоўваць некалькі коней “для пасылкі іх у падводы”.
У 1583 г. на першым у Беларусі паштовым гасцінцы Варшава – Беласток – Гродна – Вільня была ўведзена сістэма тарыфаў, якая дзейнічае сёння ва ўсіх краінах свету. Кошт перасылак вызначаўся відам адпраўлення і яго вагой.
Роднае слова
З малых дзён чуем мы цябе з матчыных вуснаў. Ты нам тлумачыш усе дзівы свету, якія дзіцячае вока бачыць навокал сябе першы раз. І табе выказваем мы свой дзіцячы жаль, крыўду, жаданне, радасць…
Поруч з любоўю да сваіх братоў патрэбна яшчэ нешта, што злучае людзей у суцэльны народ — гэта родная мова. Яна, быццам цэмент, звязвае людзей. Яна дае ім найлепшы спосаб разумець адзін аднаго, адной думкай жыць, адной долі шукаць. (Цётка “Шануйце роднае слова”).
Трэба на ўсіх узроўнях фарміраваць сістэму папулярызацыі і пашырэння выкарыстання беларускай мовы. А гэтая сістэма пачынаецца з самага ранку, калі гучыць нацыянальны гімн на беларускай мове, далей працягваецца тэле- і радыёперадачамі, дзе гучыць паўнавартасная беларуская мова. Калі кіраўнікі на ўсіх узроўнях карыстаюцца беларускай мовай, калі яна становіцца звычайнай у паўсядзённым ужытку, гучыць у грамадскім транспарце. Калі вонкавая рэклама, назвы дзяржаўных і іншых арганізацый маюць шыльды па-беларуску. Калі вучні, пачынаючы з першага класа, чуюць родную мову, чытаюць на ёй вершы. Калі ў радыёэфіры гучаць беларускамоўныя песні. Усё гэта мае важны выхаваўчы патрыятычны фактар. Ён нагадвае чалавеку, што ён жыве ў Беларусі — самастойнай краіне з багатымі культурнымі традыцыямі і адметнасцямі, якімі можна па праву ганарыцца. І я веру, што так яно ўрэшце й будзе. (Тадэуш Стружэцкі, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь)
Заданне 3. Прачытайце тэкст.
Беларуская мова дазваляе мне глыбей, больш аптымістычна ўспрымаць Свет. Яна не супярэчыць, а пасуе майму мэнталітэту, не выклікае ўнутранага, мэнтальнага канфлікту.
Мова — геніяльны твор этнасу, найбольш характарызуе этнас. Беларуская мова вымагае ад мяне асаблівага мысьлення. Слова лучыць рэчаіснасць з маёй свядомасцю і падсвядомасцю, дзе захоўваецца памяць продкаў.
Мой слоўнікавы запас паказвае, як я стаўлюся да рэаліяў: напрыклад, “я люблю сала” і “я кахаю жанчыну”. Між іншым, ці не адчуваецца ў слове “жанчына” слова “чын”, што я адчуў і неяк па-іншаму пасля гэтага ўспрымаю прыгожую палову чалавецтва. І ці не чуецца ў расейскім слове “женщина” другога кораня — “щи” (першы корань “жен”, у якім “г” перайшло на “ж” — род, паходжаньне, утварэньне, генатып і г.д.).
Дзесьці падсвядома я адчуваю сувязь слова з ягоным першасным сэнсам таму, што ў іх аднолькавыя карані, роднаснае каранёвае і сэнсавае гняздо.
Я адчуваю сувязь слова “асоба” з сэнсам слова “асаблівы”, “асобны”, гэта значыць не такі, як іншыя. Я адчуваю слова “вага”, як вагу развагаў, непазбежнасць ціску для вагаў, адкінутасць гэтага ціску для ад-важнага, цяжар цікаўнасці робіць мяне уважлівым. І як мне цяжка адчуваць знявагу.
Я ў шлюбе з жанчынай, бо злюбіўся з ёю. Расейскае слова “брак” аднаго кораня са словам “браці”. Узяў дзяўчыну, узяў пугу.
Я кажу слова маці, бо яно гучыць мякка, ласкава. Слова маці не стасуецца з бруднай расейскай лаянкай, дзе яно гучыць рэзка, як пуга: мать!!
Гукі маёй мовы лашчаць мой слых. Інтанацыя — душа мовы. У беларускай мове шмат далікатнай інтанацыі. Беларусы ўжываюць узыходныя таны:
- Ці ня так, спадары?
Параўнаем:
- Не так ли, господа?
Кантрасты паміж націскным і ненаціскным складамі ў нашай мове не такія адметныя, як, напрыклад, у расейскай. Спяваць на беларускай мове лягчэй, чым на польскай і расейскай мовах.
Мая мова — гэта мой Сусвет! Яна вызначае маё светаўспрыманне, мысленьне, маю адметнасць, асаблівасць маёй асобы. Яна дае мне права звацца беларусам, а не аскепкам савецкай імпэрыі. (Сяргей Язерскі)
Падрыхтуйцеся да дыскусіі “Што дае мне Беларуская Мова?”. Падзяліцеся сваім уласным вопытам карыстання беларускай мовай, сваімі ўражаннямі, думкамі і пачуццямі, звязанымі з ёю.
Заданне 4. Раскажыце пра жыццё і дзейнасць Ефрасінні Полацкай. Ахарактарызуйце лексіку старажытнага тэксту.
Жыціе Ефрасінні Полацкай…
(урывак)
Преподобная же Еуфросинья сего всего не брежаше жалости отца своего. Но, яко добрый Храбор, вооружившися на супротивника своего, диавола, пребываше в монастыри, и повинующись иегумении и сестрам всем, и вся преспевающи постом, молитвами и бдением нощным. И оттоле начат подвижнейши быти, собирающи благые мысли в сердци своем, яко пчела сот.
Иже пребывши неколика время в монастыри, и потом испроси тогда сущаго епископа, нарицаемого Ильи, правящаго стол святыя Софеи в Полотсте, дабы ей повелел ту пребыти — во церкви святыя Софии и каменныя, в голубници. И повелел ей да пребывает. И ту, въшедши, нача книгы писати своими руками. И наем емлюще требующем даяше…
На всяк же день учаша сестры своа: старые же учаша трепению и воздръжанию, юные же учаше чистоте душевней и бестрастию телесному, говению образному, ступанию кротку, гласу смирену, слову благочестну, ядению и питию безмолвну, при старейших молчати, мудрейших послушати, ко старейшим покорением, к точным и меншим любовь без лицемериа, мало вещати, a много разумети.
Заданне 5. Прачытайце тэкст. Якія помнікі старажытнай пісьменнасці дайшлі да нас? Чаму Статут Вялікага княства Літоўскага называюць “першай еўрапейскай канстытуцыяй”?
Пісьмовыя помнікі старажытнасці
У XIV ст., пры Альгердзе (1296 —1377), мова продкаў сучасных беларусаў стала афіцыйнай мовай канцылярыі і справаводства ў Вялікім княстве Літоўскім. Гэта, зразумела, спрыяла пашырэнню і развіццю беларускай пісьменнасці.
Да нас дайшло каля 600 кніг так званай Літоўскай метрыкі — архіва дзелавой пісьменнасці канцылярыі Вялікага княства Літоўскага: разнастайныя дакументы, перапіска ўстаноў, справы судоў Менска, Гародні, Бярэсця, Слоніма, Магілёва, Полацка, Коўна, Вільні і іншых гарадоў, напісаныя на старажытнай беларускай мове.
Створанае на беларускай мове ў Вялікім княстве Літоўскім заканадаўства — багатая крыніца вывучэння гісторыі беларускай мовы, гісторыі Беларусі, Літвы, суседніх рускіх, украінскіх, польскіх зямель. Як прыклады заканадаўчых дакументаў, напісаных на беларускай мове, можна назваць Судзебнік караля Ягелонавіча (1468), Статут Вялікага княства Літоўскага (1529, 1566, 1588).
Да нас дайшлі таксама хронікі — прыватныя запісы гістарычных падзей, напрыклад дзённік Фёдара Еўлашэўскага (1563 — 1604), Баркулабаўскі летапіс, напісаны ў Баркулабаве, каля Быхава, у канцы XVI — першыя гады XVII ст. У беларускіх летапісах і хроніках часта не толькі пералічваюцца падзеі, а ствараюцца жывыя карціны і малюнкі мінулых часоў.
У той перыяд былі створаны і лінгвістычныя працы: у 1596 г. з'явілася “Грамматіка словенска” Л. Зізанія, у 1619 г. — “Грамматики словенския правилное синтагма» М. Сматрыцкага. (Ф. Янкоўскі).
Заданне 6. Прачытайце тэкст.Якія лексічныя адзінкі з тэксту выкарыстоўваюцца ў сучаснай мове? Што выклікае складанасць пры ўспрыняцці тэксту?
Статут Великого княжества Литовского 1588 года
Артыкулъ 12.
О сынехъ и о заступованье войны одинъ за другого.
Тежъ уставуемъ: хто бы с подданых нашихъ шляхъты, будучи самъ здоровъ, а мелъ сыны у себе дорослые в осмънадцати летехъ, а не нижей, а тотъ сынъ не был бы с нимъ делный, або и делъный, а был бы годный ку служъбе военой, тогды таковый сынъ за отца можеть войну служити с почтом отца своего. А вед же тотъ и таковый отецъ того сына своего маеть привести до хоружого своего, в котором повете естъ, и ему оповедати. А хоружий маеть его гетъману нашому оповедати. А гетъманъ нашъ будет повиненъ такового ку попису и ку служъбе нашой приняти.
Артыкулъ 13.
Хто бы замешкалъ на рокъ до войска прыехати.
Уставуемъ, естли бы хто замешкалъ року на пописъ, через листы наши положоного, и до войска не поспешил се, и на рокъ у насъ и у гетмана нашого, великого князства литовъского, не постановил без слушное причины, тогды таковых огуръных а непослушных гетманъ нашъ великий в особъливый рейстръ маеть казати уписати и того доложивъшы, якъ который долъго замешкалъ. А тые вси такимъ способомъ карани быти мають, ижъ мы, г[о]с[по]д[а]ръ, через пана гетмана литовъского маемъ ихъ послати на границы або тамъ, где того потреба речи посполитой окажеть. А они водвое такъ много, яко замешкали, тамъ заслуговати будут повинъни. А то се маеть розуметь о посполитом рушенью съ сойму.
Заданне 7. Прачытайце. Якая мэтагазеты К. Каліноўскага? Растлумачце моўныя асаблівасці тэксту ХІХ ст.
Мужыцкая праўда, №1
(урывак)
Дзецюкі!
Мінула ўжэ тое, калі здавалася ўсім, што мужыцкая рука здасца толькі да сахі, — цяпер настаў такі час, што мы самі можам пісаці, і то пісаці такую праўду справядліву, як Бог на небе. О, загрыміць наша праўда і, як маланка, пераляціць па свеце! Няхай пазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, но яшчэ і вучыць сваёй мужыцкай праўды.
Шэсць лет ужэ мінула, як пачалі гаварыць а свабодзе мужыцкай. Гаварылі, талкавалі і пісалі многа, а нічога не зрабілі. А гэты маніфэст, што цар з сэнатам і з панамі для нас напісаў, то такі дурны, што чорт ведае да чаго ён падобны,— ніякай у нём няма праўды, няма з яго для нас ніякой карысці. Парабілі канцылярыі, зрабілі суд, як бы гэта не ўсё роўна браць у сраку чы з судом, чы без суда. Парабілі пісараў, пасрэднікаў, а ўсё за мужыцкія грошы, і вялікія грошы — чорт іх ведае на што; для таго хіба, каб запісывалі ў ксёнжкі, як многа напішуць на сраках мужыцкіх. А з гэтага то і відаць, што нам нічога добрага і не думалі зрабіці.
Праўда, абяшчалі то калісь даць нам вольнасць, но як нам здаецца на наш мужыцкі розум, што хочуць ашукаці, бо калі праз шэсць лет нічога не зрабілі, то чэраз рок пэўне не зробяць. Могуць яшчэ напісаці і другі маніфэст, яшчэ большы ад гэтага, но і з гэтага другога маніфэсту нічога добрага, як і з першага, не будзе.
Лексісчная сістэма беларускай мовы
1. У якіх формах існуе беларуская нацыянальная мова?
2. Якія дыялекты складаюць аснову дыялектнай мовы? Якія асаблівасці поўночна-ўсходняга і паўднёва-заходняга дыялектаў вы можаце назваць?
3. Якія асноўныя адзнакі літаратурнай мовы? Якія адрозненні паміж літаратурнай мовай і дыялектнай?
4. Як паўплывала ўзнікненне і развіццё пісьменнасці на Беларусі на фарміраванне тэрміналагічнай лексікі?
5. Назавіце асноўныя прыёмы тэрмінатворчасці, якія выкарыстоўваюцца ў наш час. Абгрунтуйце свой адказ.
6. Што азначае слова “тэрміналогія”?
7. Якія тэрміны адносяцца да агульнанавуковых, міжнавуковых і вузкаспецыяльных?
8. Якія словы называюцца прафесіяналізмамі? Чым адрозніваюцца тэрміны і прафесіяналізмы?
9. Ахарактарызуйце асноўныя тыпы марфалагічнага словаўтварэння.
10. Якія суфіксы найбольш прадуктыўныя ва ўтварэнні тэхнічных тэрмінаў? Якія прэфіксы ўдзельнічаюць ва ўтварэнні тэхнічных тэрмінаў? Якія значэнні яны ўносяць?
11. У чым заключаецца семантычны спосаб утварэння тэрмінаў?