Фразеалагізм як моўная адзінка

Дацэнт Бут-Гусаім С.Ф.

І курс

Факультэт замежных моў

“Англійская мова. Нямецкая мова”

“Нямецкая мова. Англійская мова”

БЕЛАРУСКАЯ МОВА І КУЛЬТУРА МАЎЛЕННЯ

МАТЭРЫЯЛЫ ДА ПРАКТЫЧНЫХ ЗАНЯТКАЎ

СЛОВА ЯК АСНОЎНАЯ АДЗІНКА МОВЫ.

ТЫПЫ ЛЕКСІЧНЫХ ЗНАЧЭННЯЎ СЛОВА.

ПОЛІСЕМІЯ

1. Дайце азначэнне слова. Растлумачце, чаму яно з’яўляецца асноўнай адзінкай мовы.

2. Адзначце, у чым праяўляецца двухбаковая прырода слова. Што выступае знешняй формай і ўнутраным зместам слова?

3. Акрэсліце змест тэрміна “лексічнае значэнне слова”. Пакажыце, як суадносіцца лексічнае значэнне з такой формай чалавечага мыслення, як паняцце.

4. Раскрыйце змест тэрміна “граматычнае значэнне слова”. Пакажыце адрозненне і ўзаемасувязь лексічнага і граматычнага значэнняў.

5. Ахарактарызуйце адметнасць пераносных метафарычных, метанімічных, сінекдахічных значэнняў слова.

Практыкаванне 1.Растлумачце значэнне прыведзеных слоў. Акрэсліце прыметы, пакладзеныя ў аснову прапанаваных назваў беларускіх звычаяў, абрадаў, свят. Пры неабходнасці звяртайцеся да энцыклапедычнага даведніка “Народная культура Беларусі” (Мн., 2002).

Агледзіны, адведкі, заручыны, валачобніцтва, Вербніца, Багач, Грамніцы, Вадохрышча, Вялікдзень, заворванне, зажынкі, засеўкі, ігрышча, камаедзіца.

Практыкаванне 2.Знайдзіце ў прыведзеных сказах словы, ужытыя ў пераносным значэнні. Назавіце тып пераносу.

1. Натура ўжо, відаць, такая, што чалавеку з кожным днём заўжды чагосьці не хапае, хоць у парадку ўсё кругом. (П. Броўка) 2. І доўжыцца, доўжыцца Вечнасць – зялёнае Дрэва жыцця. (І. Тварановіч) 3. Людзі – зоркі: запаляцца ў свеце, замігцяць навокал, зазіхцяць і, колькі трэба, зямлі пасвецячы, скоцяцца зноў з небасхілу жыцця. (К. Цвірка) 4. Агні кахання – вечныя агні. Яны нікому з нас не слепяць вочы. (А. Грачанікаў) 5. Пакой я помню: на сцяне – Тарас, чые мы песні ведаем з калыскі. (М. Зарыцкі) 6. Ты, мой брат, каго зваць Беларусам, роднай мовы сваёй не цурайся; як не зрокся яе пад прымусам, так і вольны цяпер не зракайся. (А. Гарун) 7. Якім ты ёсць і стаць якім гатовы, – хай светлай будзе лёсу каляя! (Н. Мацяш)

ЛІТАРАТУРА

Беларуская мова : Энцыклапедыя / пад рэд. А.Я. Міхневіча ; рэдкал.: Б.І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. – Мінск : БелЭн, 1994. – С. 344-345, 424-425.

Красней, В.П. Грані слова / В.П. Красней. – 3-е выд., дапрац. – Мн.: Нар. асвета, 1996. – С. 21-54.

Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія: вучэб. дапам. / Я.М. Камароўскі, В.П. Красней, У.М. Лазоўскі і інш. – 2-е выд, дапрац. і дап. – Мн.: Выш. школа, 1995. – С. 175-178.

Сямешка, Л.І. Курс беларускай мовы: падручнік / Л.І. Сямешка, І.Р. Шкраба, З.І. Бадзевіч. – Мн.: Універсітэцкае, 1996. – С. 184-186.

СІНОНІМЫ. АНТОНІМЫ

1. Дайце азначэнне слоў-сінонімаў. Ахарактарызуйце шляхі ўтварэння сінонімаў.

2. Вызначце асаблівасці абсалютных, семантычных (ідэаграфічных), стылістычных, семантыка-стылістычных сінонімаў. Пакажыце розніцу паміж агульнамоўнымі і кантэкстуальнымі сінонімамі. Адказ праілюструйце прыкладамі.

3. Адзначце, што такое сінанімічны рад. Пакажыце, чым дамінанта адрозніваецца ад іншых членаў сінанімічнага рада. Ахарактарызуйце структуру слоўнікавага артыкула ў “Слоўніку сінонімаў і блізказначных слоў” М.К. Клышкі (Мн., 2005). Праілюструйце адказ трыма радамі слоў, выпісаных з гэтага даведніка.

4. Акрэсліце асаблівасці лексічнай антаніміі. Адзначце, ці ўсе словы могуць уступаць у антанімічныя адносіны. Ахарактарызуйце тыпы антонімаў. Прывядзіце прыклады. Выпішыце пяць антанімічных груп са “Слоўніка антонімаў” У.М. Лазоўскага (Мн., 1994). Ахарактарызуйце будову слоўнікавага артыкула ў гэтым даведніку.

5. Дайце характарыстыку агульнамоўных і кантэкстуальных антонімаў. Пакажыце адрозненне паміж антаніміяй і антанімізацыяй. Адказ праілюструйце прыкладамі.

Практыкаванне 1. Падрыхтуйце лінгвістычнае паведамленне на тэму “Сінонімы ветлівасці”, прысвечанае эўфемізмам і гісторыі іх узнікнення. Рыхтуючыся да выступлення, звярніцеся да артыкула Г.М. Малажай у энцыклапедыі “Беларуская мова” (Мн., 1994, С. 636).

Практыкаванне 2.У прыведзеных словазлучэннях замяніце прыметнікі антанімічнымі.

Цягавіты чалавек, чулы сябра, спагадлівая дзяўчына, благія намеры, слушная парада, кемлівы навучэнец, карысная справа, ганебны ўчынак.

ЛІТАРАТУРА

Беларуская мова : Энцыклапедыя / пад рэд. А.Я. Міхневіча ; рэдкал.: Б.І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. – Мінск : БелЭн, 1994. – С. 35-36.

Сямешка, Л.І. Курс беларускай мовы: падручнік / Л.І. Сямешка, І.Р. Шкраба, З.І. Бадзевіч. – Мн.: Універсітэцкае, 1996. – С. 201-208.

Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Фаналогія. Арфаграфія / Пад рэд. Ф.М. Янкоўскага. – Мінск : Вышэйшая школа, 1979. – С. 26-34.

Беларуская мова. Фанетыка. Арфаграфія. Лексікалогія. Фразеалогія / Пад рэд. Л.М. Грыгор’евай. – Мінск : Вышэйшая школа, 1998. – С. 76-81, 83-85.

ФРАЗЕАЛАГІЗМ ЯК МОЎНАЯ АДЗІНКА.

Наши рекомендации