Лексіка паводле паходжання
Паводле паходжання лексіка беларускай мовы падзяляецца на спрадвечна беларускую і запазычаную.
Табліца 13. Лексіка беларускай мовы паводле паходжання
Спрадвечна беларуская лексіка | Запазычаная лексіка |
агульнаславянскія словы; усходнеславянскія словы; уласнабеларускія словы | з неславянскіх моў; са славянскіх моў |
Спрадвечна беларуская лексіка прадстаўлена наступнымі групамі:
1) агульнаславянскія словы:
- маці, сын, брат, дзед, валасы, бровы, зуб, калена, нага, нос, бор, лес, ліпа, клён, вулей, бык, ліса, гарох, пшаніца, квас, кісель, лета, зіма, ноч, год, вясёлы, добры, скупы, люты, каваць, ткаць.
Як можна заўважыць з прыкладаў, гэтыя словы абазначаюць назвы найбольш значных рэалій для старажытнага чалавека: назвы роднасці і сваяцтва, органаў і частак цела чалавека, звяроў, раслін, часавых прамежкаў, некаторых дзеянняў і інш.
2) усходнеславянскія словы, якія ўзніклі ў VI – ХІІІ стст.:
- пляменнік, дзядзька, бондар, знахар, селянін, галка, кошка, снягір, зоркі, цёмны, удалы, ветлівы, каромысел, вяроўка, мяшок, пасля, цяпер.
3) уласнабеларускія словы (ўтварыліся на базе мясцовых гаворак і ад каранеў агульнаславянскіх і ўсходнеславянскіх слоў):
- араты, сейбіт, барацьбіт, абібок, жыхар, насельніцтва, вясёлка, спёка, дранікі, зацірка, смажанка, камы, зломак, спадчына, відавочны, апошні раскашаваць, красамоўства, адвячорак, палетак, красавік, летуценне, мроя, абставіны, гаманіць, пакутаваць, сачыць, анігадкі.
Менавіта існаванне ў нацыянальнай мове ўласнабеларускіх слоў абумоўлівае яе спецыфіку, складае асноўны фонд намінатыўных і эмацыянальна-экспрэсіўных адзінак.
Запазычаная беларуская лексіка – частка слоўнікавага складу мовы, якая складалася на працягу ўсяго гістарычнага перыяду яе развіцця, рознымі шляхамі пры ўзаемадзеянні з іншымі мовамі. Прычынай запазычання слоў з’яўляюцца сацыяльна-эканамічныя, дзяржаўна-палітычныя зносіны паміж народамі. Пранікненне запазычанняў адбываецца або непасрэдна з моў-крыніц, або праз пасрэдніцтва іншых моў. Для беларускай мовы мовамі-пасрэднікамі з'яўляюцца руская і польская мовы, радзей – чэшская.
Запазычанні падзяляюцца на:
1) славянскія запазычанні:
- прыгадаць, бадзёры, журыцца, чубаты, боршч, варэнік, доня ‘дачка’, худоба ‘жывёла’, хлебароб (з украінскай);
- саюз, савет, подзвіг, ачаг, вопыт, упраўленне, раскладушка (з рускай);
- слодыч, маёнтак, тлусты, пагарда, скарга, вантробы, дашчэнту, кавадла, кудлаты, нэндза, страшыдла, рыдлёўка, хлопец (з польскай);
- акаянны, блаславенне, благі, воблака, вочы, глава, дзесяціна, дрэва, злак, падчарыца, продак, трэба, уладыка, храм, шлем, скрыжалі (са стараслав.).
2) неславянскія запазычанні:
- ганак, гатунак, гвалт, грунт, фунт, дах, гандаль, кошт, кафля, рахунак, фурман, шалі, шпіталь, гальштук, гаўптвахта, друк, каўнер, ланцуг, цэгла (з нямецкай);
- кавун, гарбуз, барсук, буран, аер, гайдамак, курган, тавар, саранча, туман, ізюм, баклажан, барабан, кінжал (з цюркскіх моў (пераважна з татарскай));
- клуня, жвір, дойлід, пуня свіран, кубел (з літоўскай);
- балагол, кагал, месія, пэйсы, хаўрус, хеўра (з яўрэйскай);
- аладка, агурок, камедыя, парус, карабель, граматыка, аўтаномія, клімат, бактэрыя, конус, палітыка (з грэчаскай);
- алей, апарат, шкарпэткі, акуляры, аўтар, гумар, водар, воцат, келіх, гонар, колер, дэкан, капялюш, дэлегат, кангрэс, школа, каляндар (з лацінскай);
- батон, бензін, басейн, метро, кафэ, марш, тарыф, аванцюра, асамблея, аташэ, дэпо, акампанемент, дырыжор (з французскай);
- канцэрт, лютня (з італьянскай);
- гавань, шлюпка, матрос, лоцман (з галандскай);
- морж, пельмені, пурга, тундра (з фінскай);
- інтэрв’ю, імпарт, лідар, джэм, кекс, пудзінг, гольф, джаз, клуб, мітынг, сквер, трамвай (з англійскай).
Цікавым выпадкам запазычання з’яўляецца калькаванне,пры якім сродкамі сваёй мовы ствараюцца лексемы паводле структуры замежнага слова (адбываецца памарфемны пераклад запазычаных слоў). Напрыклад, англ. skyscraper – руск. небоскрёб – бел. хмарачос, рус. осуществление – бел. ажыццяўленне, рус. беззащитный – бел. безабаронны. Калькавацца могуць не толькі асобныя словы, але і цэлыя выразы, напрыклад: public relations – сувязі з грамадскасцю, root segment – каранёвы каталог і інш.
Спецыфіка нацыянальная мовы выяўляецца таксама ў так званай безэквівалентнай лексіцы (пласт слоў беларускай мовы, нацыянальная адметнасць якіх выяўляецца ў немагчымасці знайсці ім іншамоўны аднаслоўны адпаведнік).
У гэтых словах адлюстраваны асаблівасці светаўспрымання народа, працоўнай дзейнасці, а таксама асаблівасці культурна-этнаграфічных традыцый. У выпадку з такой лексікай перакладчыцкі прынцып “слова праз слова” не спрацоўвае. Нягледзячы на тое, што аднаслоўны эквівалент пры жаданні можна знайсці, нацыянальна-спецыфічныя адценні значэння, звязаныя з адметнымі ўмовамі жыцця народа, беззваротна страчваюцца. Таму значэнне такіх слоў і эмацыянальныя адценні перадаюцца не словамі, а словазлучэннямі (зваротамі) рускай мовы.
У безэквівалентную лексіку ўключаюцца так званыя экзатызмы – назвы прадметаў і паняццяў, характэрных для духоўнай культуры і матэрыяльнага побыту народа, а таксама абумоўленых асаблівасцямі прыроднага, геапалітычнага становішча краіны. Яны займаюць асобае месца сярод беларускай безэксівалентнай лексікі ў тым плане, што ў рускамоўным дачыненні ўвогуле адсутнічае з’ява, названая па-беларуску. Гэта значыць, што некаторыя прадметы і з’явы рэчаіснасці ў беларускай мове характарызуюць бытавыя, сацыяльныя, культурныя, экалагічныя і іншыя ўмовы жыцця толькі аднаго беларускага народа і адсутнічаюць у другога. Адзнаку нацыянальнага, мясцовага, гістарычнага, фальклорна-міфалагічнага каларыту маюць такія беларускія назвы і звароты, як васпан, ягамосць, верашчака, ваўкалак, дакоскі, заворыны, рэзгіны, староства, дзедаўшчына, дзядзькаванне і інш.
Вельмі часта пры наяўнасці агульных для беларускай і рускай моў слоў для абазначэння родавых паняццяў беларускае безэквівалентнае слова выступае як відавое (канкрэтызуе родавае найменне). Напрыклад, беларускае і рускае родавае слова арэх – орех у беларускай мове канкрэтызуецца безэквівалентным словам лузанец – “вылущившийся орех”. Агульнае для роднасных моў вугельчык – уголёк удакладняе больш канкрэтнае беларускае слова жарынка – ‘горячая зола’. Удакладненні такога тыпу адлюстраваны ў наступных беларускіх безэквівалентных словах: дыля – ‘толстая доска’, куфель – ‘бокал для пива’, зашмарга – ‘затяжная петля’, ганок – ‘небольшой плот’, кірпа – ‘курносый нос’, поплаў – ‘заливной луг’, імшара – ‘моховое болото’ [4; 54].
Значэнне безэквівалентнага слова можа ускладняцца элементам ацэначнасці. Яна ўзнікае пры называнні аб’ектаў, з’яў рэчаіснасці, якія з’яўляюцца істотнымі для грамадства, выклікаюць стэрэатыпныя ацэнкі. Так безэквівалентным словам нікчэмік, нядбалец, прадажнік, зломак, папіхач уласціва адмоўная ацэнка, а для слоў сумленне, руплівец, весялуха характэрна станоўчая ацэначнасць.
Адной з прычын праяўлення лексічнай безэквівалентнасці, як адзначаюць даследчыкі,з’яўляеццаадметнасць словаўтварэння ў кожнай з моў. Напрыклад, у рускай мове адсутнічае мадэль утварэння дзеясловаў са значэннем працягласці або шматкратнасці дзеяння тыпу папапрасіць, папамучыцца. Значэнне беларускай прыстаўкі папа- ў рускай мове перадаецца апісальна: папахадзіць – ‘долго ходить’, папакрычаць – ‘кричать долго, неоднократно’. Прывядзём яшчэ прыклады самабытных спосабаў словаўтварэння у беларускай мове: са значэннем празмернага праяўлення прыкметы – замалы, зашырокі, застары, завялікі, зацесны; са значэннем занятку, рамяства – разьбярства, грабарства, камінарства, кавальства, гарбарства, бандарства, староства, каморніцтва; са значэннем станаўлення прыкметы – паскупець, пазванчэць, парухавець, пазласнець, паглыбець, палагаднець. Часам узор утварэння новых слоў аднолькава характэрны для абедзвюх моў, але адрозніваецца колькасна: напрыклад, у беларускай мове пераважаюць словы са значэннем ‘дачка таго, хто названы ўтваральнай асновай’ – леснікоўна, бандароўна, ткачоўна, дзякоўна, вайтоўна, у рускай мове – гэта толькі словы поповна, королевна, царевна. Аднаслоўных эквівалентаў да пералічаных беларускіх назваў у рускай мове няма [4; 54].
Як можна ўпэўніцца, безэквівалентная лексіка беларускай мовы – з’ява арыгінальная, цікавая, “у іх закладзены значныя камунікацыйныя і выяўленчыя магчымасці. Варта спрыяць таму, каб абсяг іх ужывання не звужаўся і беларуская мова не зведвала прыкрых страт” [54, с. 7].