Віды афіцыйна-справавой дакументацыі
Афіцыйна-справавая дакументацыя – адна з форм пісьмовых зносін паміж асобамі, установамі, дзяржавамі. Усе дакументы можна падзяліць на некалькі відаў:
1) асабістыя дакументы (заява, даверанасць, аўтабіяграфія);
2) адміністрацыйна-арганізацыйныя дакументы (палажэнне, правіла, статут, інструкцыя);
3) інфармацыйна-даведачныя дакументы (даведка, тлумачальная запіска, дакладная запіска, акт, пратакол);
4) распарадчыя дакументы (рашэнне, пастанова, загад);
5) справавыя лісты (ліст-пытанне, ліст-просьба, ліст-зварот, ліст-прапанова, ліст-адказ, ліст-папярэджанне, ліст-запрашэнне, інфармацыйны ліст, суправаджальны ліст, камерцыйныя лісты і інш.).
Прызначэнне любога дакумента патрабуе таго, каб ён быў выкладзены зразумелай мовай. Дакументы трэба афармляць вельмі дакладна, каб адразу можна было зразумець іх асноўную думку. Таму неабходна пісаць сцісла, проста і акуратна. Фармулёўкі дакумента павінны быць правільнымі ў юрыдычных адносінах.
У сферы афіцыйных зносін выпрацаваліся формы многіх дакументаў, адны з іх строга захоўваюцца (заява, даверанасць, пратакол), другія з’яўляюцца ўзорам, на які можна арыентавацца (аб’ява, справаздача, афіцыйны ліст). Разгледзім некаторыя віды дакументацыі і рэкамендацыі іх афармлення.
Заява –афіцыйны зварот у пэўную ўстанову і/ці да службовай асобы.
Структура заявы:
- зверху ўказваюцца рэквізіты атрымальніка заявы (назва арганізацыі, падаса, прозвішча, імя і імя па бацьку ініцыяламі). Калі адрасат – гэта арганізацыя, то выкарыстоўваецца форма вінавальнага склону: У фінансавы аддзел УА “Вышэйшы каледж сувязі”, калі адрасат уяўляе сабой службовую асобу – прымяняецца форма давальнага склону: Рэктару БДУІР прафесару Батуру М. П;
- з правага боку на трэцюю частку радка ў слупок пішацца прозвішча, імя, імя па бацьку таго, хто падае заяву; пры неабходнасці называецца пасада і адрас аўтара заявы (хатні адрас не пішацца ў заяве, калі заяўнік адрасуе яе кіраўніку сваёй установы);
- праз адзін-два радкі пасярэдзіне ліста пішацца слова заява і ставіцца кропка. Калі слова заява пішуць з вялікай літары, пасля яго не трэба ставіць кропку;
- з чырвонага радка пачынаецца тэкст заявы. Змест звычайна пачынаецца канструкцыяй “Прашу + інфінітыў (дазволіць, дапусціць і інш.)”. Тэкст можа пачынацца і наступнымі выразамі: у сувязі з тым, што…, на падставе таго, што… і інш.;
- калі да заявы прыкладаюцца дакументы (даведкі, пасведчанні, рэкамендацыі, акты і інш.), іх пералічваюць у канцы асноўнага тэксту, пачынаючы з сярэдзіны радка са слова Дадатак;
- на заяве ўнізе павінны быць дата (злева) і асабісты подпіс (справа).
Распіска – дакумент, які пацвярджае факт атрымання важных дакументаў, матэрыяльных каштоўнасцей (грошай, рэчаў, кніг і інш.) і падпісаны атрымальнікам. Распіска з’яўляецца адным з відаў пісьмовых доказаў, складаецца ў адным экземпляры і захоўваецца як каштоўны дакумент.
Неабходнымі рэквізітамі распіскі з’яўляюцца:
1) назва дакумента(у цэнтры, з прапісной літары);
2) хто атрымаў (пасля займенніка “Я”, які пачынае сказ,неабходна назваць прозвішча, імя і імя па бацьку, пасаду, месца пражывання асобы, што дае распіску);
3) ад каго атрымаў (найменне ўстановы, прадпрыемства ці асобы, ад якой атрымана што-небудзь);
4) што атрымаў (дакладнае найменне атрыманага з указаннем колькасці ці сумы, якія пішуцца спачатку лічбамі, затым у дужках словамі);
5) з якой мэтай атрыманы каштоўнасці;
6) дата складання распіскі (злева), подпіс атрымальніка (справа). Калі распіска мае асабліва важнае значэнне, то подпіс асобы, якая дала распіску, завяраецца ва ўстанове ці ў натарыуса.
Даверанасць– дакумент, які дае пэўнай асобе права дзейнічаць ад імя асобы, што выдала гэты дакумент. Тэкст даверанасці складаецца з наступных элементаў (рэквізітаў):
1) прозвішча, імя і імя па бацьку таго, хто давярае (пішацца пасля займенніка “Я”, які пачынае сказ), або указанне ўстановы, якая давярае;
2) пасада, прозвішча, імя і імя па бацьку таго, каму давяраюць;
3) што і адкуль трэба атрымаць;
4) дата і подпіс.
У тых выпадках, калі даверанасць выдаецца ўстановай, яна падпісваецца яе кіраўніком. Калі даверанасць афармляецца прыватнай асобай, яе подпіс павінен быць засведчаны ў натарыяльным парадку ці па месцы працы альбо вучобы (у аддзеле кадраў, канцылярыі або дэканаце).
Дакладная запіска – афіцыйная папера з кароткім выкладам сутнасці справы, якая патрабуе разгляду. Гэты дакумент адрасуецца кіраўніку ўстановы, утрымлівае інфармацыю пра пэўны факт, сітуацыю, а таксама вывады-прапановы складальніка дакладной запіскі.
Структура дакладной запіскі:
- уверсе злева ставіцца дата, нумар дакладной, справа – каму прызначаны дакумент;
- пры неабходнасці ўказвацца загаловак (напрыклад, Аб замене кандыцыянера), які пішацца з левага боку, ніжэй за дату і нумар;
- назва дакумента з вялікай літары;
- тэкст запіскі;
- найменне пасады, подпіс, імя, імя па бацьку, прозвішча складальніка запіскі.
Тлумачальная запіска –дакумент, у якім раскрываецца змест асобных палажэнняў дакумента або тлумачыцца прычына дзеянняў, учынкаў складальніка запіскі. Тэкст тлумачальнай запіскі складаецца ў адвольнай форме, як правіла, з указаннем прычын, якія прывялі да парушэнняў. Абавязковымі элементамі з’яўляюцца дата, адрасат (каму прызначаны дакумент), подпіс складальніка.
Аўтабіяграфія – дакумент, у якім змешчаны афіцыйныя звесткі пра жыццёвы шлях, напісаныя ад першай асобы. У аўтабіяграфіі павінны быць адлюстраваны наступныя звесткі:
1) прозвішча, імя і імя па бацьку складальніка;
2) час і месца нараджэння;
3) заняткі бацькоў;
4) сацыяльнае становішча;
5) кароткі выклад галоўных этапаў жыцця: гады вучобы (службы ў арміі), асноўнае з працоўнай і грамадскай дзейнасці;
6) звесткі пра сваё сямейнае становішча;
7) у канцы тэксту ставіцца дата (злева) і подпіс (справа).
Рэзюмэ –дакумент, які ўтрымлівае кароткую інфармацыю пра аўтара. Звычайна складаецца асобай, што шукае работу, для наступнай прапановы работадаўцу. Аб’ём рэзюмэ не павінен перавышаць адной-дзвюх старонак.
У афіцыйнай практыцы не існуе адзінага ўзору напісання рэзюмэ. Традыцыйна рэзюмэ складаецца ў наступнай паслядоўнасці:
1. Загалоўкам дакумента з'яўляюцца прозвішча, імя, імя па бацьку, выдзеленыя адпаведным шрыфтам. Слова “Рэзюмэ” не пішацца.
2. Указваецца дакладны дамашні адрас, тэлефон або іншы сродак хуткай сувязі.
3. Асабістыя даныя: грамадзянства, дата і месца нараджэння, сямейнае становішча.
4. Пасада, на якую прэтэндуе саіскальнік.
5. Адукацыя: звесткі пра яе падаюцца ў адваротным храналагічным парадку. Спачатку самая высокая ступень адукацыі з указаннем даты пачатку і заканчэння навучальнай установы, потым – больш нізкая ступень адукацыі (напрыклад, школа, каледж і г.д.).
6. Вопыт работы адлюстроўваецца інфарматыўна: указваецца месца работы (пачынаецца з апошняга і далей у адваротным парадку), пасада, стаж работы на пасадзе. Абсалютная паўната звестак у гэтай частцы не абавязковая: саіскальнік мае права вылучыць тую частку сваёй практычнай дзейнасці, якая з'яўляецца важнай для вакансіі.
7. Дадатковыя звесткі могуць быць звязаны з атрыманнем дадатковай спецыяльнасці, вывучэннем замежнай мовы, авалоданнем камп’ютарам (спецыяльныя курсы, практыка, стажыроўкі і г. д.). Асобна можна ўказаць пералік замежных моў, якімі валодае саіскальнік, з пазначэннем узроўню ведаў (напрыклад, французская (А2), іспанская (В2), англійская (С1)).
8. Якасці асобы (напрыклад, стрэсаўстойлівасць, здольнасць хутка вырашаць комплексныя праблемы, пунктуальнасць і інш.).
9. Захапленні (хобі).
Справаздача – дакумент, у якім паведамляецца, што і як выканана за адпаведны тэрмін. Гэты дакумент, як і аўтабіяграфія, і рэзюмэ, не мае строгай формы. Асноўныя звесткі, якія павінны быць указаны: як выконвалася заданне, якія цяжкасці давялося пераадолець і што дала праца. У канцы справаздачы пажадана зрабіць выснову і даць свае прапановы. Як і кожная афіцыйная папера, справаздача павінна мець подпіс і дату.
Справавыя лісты – гэта лісты, якія накіраваны адной арганізацыяй або асобай у другую з мэтай праінфармаваць, папярэдзіць або высветліць неабходныя звесткі. Справавыя лісты павінны быць засведчаны пячаткай або мець штамп установы, якая яго дасылае.
Справавыя лісты падзяляюцца на тыя, якія патрабуюць адказу (ліст-запытанне, ліст-просьба, ліст-зварот, ліст-прапанова і інш.) і лісты, якія не патрабуюць адказу (ліст-папярэджанне, ліст-напамін, ліст-запрашэнне, суправаджальны ліст і інш.).
Аб’ём справавых лістоў звычайна не павінен перавышаць дзвюх старонак. Да рэквізітаў лістоў адносяцца такія, як адрас атрымання, дата адпраўкі, індэкс, тэкст (тэма, жанр або характар ліста – гарантыйны, рэкламацыйны, суправаджальны і г.д. ), адрас адпраўшчыка (адрасанта), найменне адрасанта, дата і подпіс.
У справавых лістах звычайна выкарыстоўваюцца ўстойлівыя лагічныя і моўныя выразы, што надаюць ім афіцыйны характар, адназначнае разуменне, дакладнасць, стандартнасць. Моўныя формулы (клішэ) справавых лістоў:
1) загалоўкі да тэксту (прыназоўнік аб + назоўнік у месным склоне: Аб усталяванні кантактаў)
2) матывы (мэты) стварэння дакумента:
· У мэтах выканання загаду дырэктара …
· У пацверджанне нашай дамоўленасці…
· У адказ на Ваш запыт паведамляем…
· На падставе нашай тэлефоннай размовы…
· У адпаведнасці з пісьмом заказчыка…
· Згодна з рашэннем …
· Спасылаючыся на ваша гарантыйнае пісьмо…;
3) прычыны стварэння дакумента:
· З прычыны пэўных абставін…
· У сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам…
· Прашу прыняць мяне на работу на пасаду…
· У сувязі з правядзеннем сумеснага мерапрыемства…
· Улічваючы, што… ;
4) запрашэнні:
· Запрашаем Вас прыняць удзел у…
· Запрашаем Вас стаць удзельнікам…
· Просім прыняць удзел у правядзенні выстаўкі-ярмаркі…;
5) абяцанні, гарантыі:
· Канфідэнцыяльнасць інфармацыі гарантуецца…
· Адпаведныя меры будуць прынятыя…
· Гарантуем, што…;
6) напамінанні, папярэджванні:
· Напамінаем Вам, што ў адпаведнасці з дамоўленасцямі…
· Напамінаем, што Ваша завінавачанасць па аплаце складае…
· Паведамляем Вам аб тым, што…;
7) паведамленні:
· Паведамляем, што…
· Інфармуем Вас аб тым, што…
· Лічым неабходным паведаміць Вам…
· Даводзім да Вашага ведама…;
8) распараджэнні:
· Просім накіраваць у адрас нашай арганізацыі звесткі аб…
· Просім прыняць меры…;
9) прапановы:
· Прапаноўваем разгледзець магчымасць супрацоўніцтва ў галіне…
· Па Вашай просьбе дасылаем прайс-ліст нашай кампаніі і прапаноўваем азнаёміцца з…;
10) адмова ад прапановы:
· Ваш праект адхілены па наступных прычынах…
· У цяперашні час наша арганізацыя не мае магчымасці заключыць дагавор аб…;
11) просьба:
· Звяртаемся да вас з просьбай…
· Спадзяёмся на працяг супрацоўніцтва…
· Пераканальна просім Вас не затрымліваць адказ..
· Зараней удзячныя… [17, с. 7 - 8];
· Будзем удзячныя, калі Вы:
- вышлеце нам каталог;
- аплаціце тавар своечасова;
- дашляце нам справаздачу;
- рэалізуеце нашу прадукцыю за адзін месяц;
- едзеце на канферэнцыю;
- станеце нашым пакупніком... .
Дзякуючы ўстойлівым моўным выразам, справавыя лісты адпавядаюць нормам службовага этыкету і з гэтай прычыны выглядаюць пераканаўчымі і заслугоўваюць больш даверу. Тон ліста ў любым выпадку павінен быць нейтральным, тэкст – утрымліваць дастаткова абгрунтаваныя аргументы і пэўную інфармацыю, якая дазволіць адрасату прыняць рашэнне па пытанні, што закранаецца ў лісце. У лістах не дапускаюцца суб’ектыўныя меркаванні і разважанні, збыткоўная інфармацыя.
Да сучасных жанраў афіцыйна-справавога стылю можна аднесці і візітную картку, якая з’яўляецца адным з найважнейшых атрыбутаў дзелавога этыкету.Візітная картка шырока выкарыстоўваецца пры ўстанаўленні і падтрыманні кантактаў у афіцыйнай сферы, у дыпламатычнай практыцы, дзелавых стасунках, выконвае інфармацыйную і рэкламную функцыю. Візітная картка можа быць выкарыстана і для завочнага прадстаўлення яе ўладальніка.
Афіцыйныя стасункі, як правіла, пачынаюцца з абмену візітнымі карткамі, таму візітка павінна быць зроблена так, каб у чалавека, які яе атрымлівае, выклікаць станоўчыя эмоцыі.
Парады да афармлення візітных картак:
1. Візітныя карткі звычайна ўяўляюць сабой прамавугольнікі не вельмі шчыльнага картону (перавага аддаецца паперы высокага гатунку) невялікага фармату: 50 (60) Х 90 (100) мм.
2.Як правіла, візітная картка павінна мець чорны тэкст на светлым фоне без якіх-небудзь рамак.Нормы этыкету не рэкамендуюць выкарыстоўваюць шырокую колеравую гаму.
3. На карткі дзяржаўных чыноўнікаў, згодна з пратаколам, наносяцца герб і сцяг.
4. Шрыфт строга не рэгламентуецца, ён павінен зручна чытацца. Імя, як правіла, вылучаецца лёгка чытаемым паўтлустым шрыфтам нязначна большага памеру.
5. Класічны выгляд карткі наступны: уверсе па цэнтры – назва фірмы (прадпрыемства), дзе працуе ўладальнік карткі, ніжэй па цэнтры – імя, імя па бацьку, прозвішча, яшчэ ніжэй – пасада, а ў правым верхнім вугле – тэлефон, факс, адрас электроннай пошты. Калі тэлефон змяніўся, можна акуратна закрэсліць і запісаць новы. Але закрэсліваць і запісваць найменаванне новай пасады лічыцца адступленнем ад этыкету. Дзелавая візітная картка без адраса таксама не адпавядае нормам этыкету.
Візітная картка, як і астатнія жанры афіцыйна-справавой дакументацыі, пры ўмове іх пісьменнага складання, з’яўляюцца важным элементам іміджу ўстановы і асабістага іміджу складальніка дакументаў.
Такім чынам, афіцыйна-справавы стыль сучаснай беларускай літаратурнай мовы характарызуецца высокай ступенню развітасці, унармаванасцю моўных сродкаў, распрацаванасцю жанраў. Неабходнасць авалодання нормамі справавых зносін абумоўлена тым, што афіцыйныя зносіны пранікаюць ва ўсе сферы жыцця. Уменне паспяхова весці перагаворы, працаваць з дакументамі – важнейшы элемент культуры сучаснага адукаванага чалавека, які імкнецца дасягнуць поспехаў у жыцці.
Культура маўлення
Уменне выразна і дакладна выказваць свае думкі, гаварыць граматна, не толькі прыцягваць увагу сваім маўленнем, але і ўздзейнічаць на слухачоў, валоданне культурай маўлення – важны складнік прафесійнай падрыхтоўкі людзей самых розных спецыяльнасцей: дыпламатаў, юрыстаў, палітыкаў, настаўнікаў і выкладчыкаў, журналістаў, менеджараў. Культурай маўлення важна валодаць усім, хто па сваёй пасадзе, роду заняткаў звязаны з людзьмі, арганізуе і накіроўвае іх працу, вядзе дзелавыя перагаворы, выхоўвае, вучыць, клапоціцца пра здароўе, аказвае людзям розныя паслугі.
Культура маўлення – гэта сукупнасць такіх якасцей, якія дазваляюць найлепшым чынам уздзейнічаць на адрасата з улікам канкрэтнай сітуацыі маўлення і ў адпаведнасці з пастаўленай мэтай.
Якасці маўлення
Да камунікацыйных якасцей маўлення адносяцца:
- правільнасць,
- дакладнасць,
- лагічнасць,
- чысціня,
- багацце і разнастайнасць,
- выразнасць,
- дарэчнасць,
- сцісласць (лаканічнасць).
Правільнасць – галоўная, базавая камунікацыйная якасць маўлення, бо найперш яна забяспечвае ўзаемапаразуменне суразмоўцаў. Калі няма правільнасці, не “працуюць” іншыя камунікацыйныя якасці маўлення. Правільнасць заснавана на прытрымліванні літаратурных норм, якія выпрацаваны цягам стагоддзяў і кадыфікаваны (замацаваны афіцыйна як абавязковыя для выканання) у аўтарытэтных граматыках і слоўніках (звычайна акадэмічных выданнях).
Літаратурная норма[20]
[22]
забяспечвае сацыяльнае адзінства мовы, узаемапаразуменне паміж усімі носьбітамі ўсіх разнавіднасцяў мовы (дыялекты, жаргоны). “Вызначаюцца тры падыходы да разумення моўнай нормы – 1) норма – гэта сукупнасць агульнапрызнаных моўных сродкаў, якія лічацца правільнымі і ўзорнымі; 2) норма – правілы, што кіруюць выкарыстаннем моўных сродкаў; 3) норма – узаемасувязь моўных сродкаў і правілаў іх ужывання” [2, с. 91]. Моўная норма аб’ектыўная, не ствараецца асобнымі навукоўцамі, адлюстроўвае сучасны стан беларускай літаратурнай мовы, падтрымліваючы выпрацаваныя ў ходзе працяглай маўленчай практыкі набыткі.
Так, не захоўваецца крытэрый правільнасці ў наступных сказах: Большая палова групы запісалася ў Нацыянальную бібліятэку (парушэнне лексічнай нормы, палова не можаць большай або меншай); Прыгожая запіс з віншаваннямі вісела пры ўваходзе ў залу (парушана граматычная норма, назоўнік запіс у беларускай мове мужчынскага роду).
Дакладнасць маўлення заключаецца ў сэнсавай адпаведнасці слоў і выказванняў знешнім рэаліям, а таксама ў выкарыстанні адзінак маўлення ў тых значэннях, што замацаваны за імі ў адпаведных слоўніках. Дакладнасць вельмі цесна звязана з правільнасцю ўсіх узроўняў, а ў сферы тэрміналогіі з’яўляецца галоўным патрабаваннем.
Асабліва асцярожна і ўмела трэба ставіцца да выкарыстання мнагазначных слоў і паронімаў (На розе каровы вісеў званочак – На рагу вуліцы Іван сустрэў сябра. Ён бескарысна – трэба бескарысліва – заступіўся за чалавека; Дзеці яшчэ дрэнна валодаюць звязаным – трэба звязным – маўленнем), размяжоўваць выпадкі ўжывання слоў з рознымі словамі сінанімічнага рада (зачыніць дзверы – закрыць твар рукамі – загарнуць сшытак – заплюшчыць вочы; любіць сястру – кахаць дзяўчыну). Перакладчыцкім алагізмам будзе наступны сказ: Я маю паляванне з’есці пэндзаль вінаграду, у якім не размяжоўваюцца амонімы.
Дакладнасць з’яўляецца абавязковым кампанентам лагічнасці, з дапамогай якой устанаўліваюцца несупярэчлівыя, паслядоўныя, адпаведныя рэчаіснасці сэнсавыя сувязі паміж часткамі выказвання. Такім чынам, лагічнасць выходзіць за межы слова і праяўляецца ў сказе, у галіне сінтаксіса (Мы сядзелі наўскос насупраць адзін аднаго – адначасова сядзець наўскос і насупраць немагчыма). Менавіта факт адсутнасці логікі спрыяе з’яўленню такіх жартаўлівых выказванняў: Ішоў дождж і два студэнты – адзін у паліто, другі ва ўніверсітэт.
Лагічныя сувязі рэалізуюцца адпаведнымі сінтаксічнымі канструкцыямі, у якіх значную ролю адыгрываюць складаныя злучнікі (таму...што, калі...то, раз...так, як толькі...дык), парадак слоў (параўн.: Дзень змяняе ноч, Маці любіць дзіця – звычайна на першым месцы знаходзіцца суб’ект дзеяння).
У аснове лагічнасці ляжыць сувязь мыслення і маўлення, якая адлюстравана ў наступных правілах: 1) кожная думка мусіць мець адзіны ўстойлівы змест; 2) дзве супрацьлеглыя думкі пра адзін і той прадмет не могуць адначасова ісціннымі; 3) з двух супрацьлеглых выказванняў толькі адно ісціннае, трэцяга быць не можа; 4) кожная думка павінна быць абгрунтавана чалавечай практыкай [2, с. 164].
Лагічнасць павінна прымяняецца для выступлення, дакладаў, артыкулаў, якія будуюцца па пэўнай лагічнай схеме, маюць устойлівую кампазіцыю: уводзіны (уступ) – асноўная частка – заключэнне. Кожны падраздзел такой работы павінен арганічна і лагічна звязвацца з іншымі. Аднак лагічнасць навуковага твора і мастацкага – з’явы розныя. Стылістычную функцыю выконваюць аксюмараны (паняцці, што складаюцца з дзвюх супрацьлеглых адзінак – воўчая пакора, адзінота ўдваіх) і алагічныя параўнанні, якія ствараюць камічны эфект (Прыстаў пабел да гнілых сцен, Як да старой бабулі пудра; Патрэбен, ён, братцы, Як прус у аладцы, Як у мосце дзірка, Як з гразі зацірка – Я. Колас).
Дарэчнасць маўлення арганічна звязана з дакладнасцю і лагічнасцю. Сутнасць дарэчнасці заключаецца ў выкарыстанні моўных сродкаў з поўнай адпаведнасцю тэме гаворкі, сітуацыі маўлення, мэце выказвання, колькаснаму і якаснаму складу аўдыторыі, выбранаму стылю маўлення і ўмовам зносін. Кожны функцыянальны стыль мае свае стылістычныя нормы. Прыдатнае і неабходнае ў адным стылі можа быць недарэчным, памылковым у другім, напрыклад: На рэспубліканскім конкурсе асілкаў перамаглі бугаі з Гродзенскай вобласці. Парушэннем стылявой дарэчнасці лічыцца захапленне тэрміналогіяй, моўнымі клішэ (Ён завёў трактар, каб нанесці візіт цешчы ў суседнюю вёску), ненатуральна гучыць сказ: Гаспадыня займалася гатаваннем снедання. Неабумоўленае суседства рознастылявых моўных сродкаў непрымальнае і ў мове мастацкай літаратуры, аднак можа выкарыстоўвацца з разліку на гумарыстычны эфект: Кабыла не разумела бацькавай крыўды і здзіўлена пазірала на слабакаардынаваныя рухі свайго гаспадара і яго палітычна нявытрыманую тактыку (А. Мрый).
Чысціня маўлення забяспечваецца найперш адсутнасцю чужародных літаратурнай мове элементаў. Разбураюць чысціню маўлення такія беспадстаўна ўжытыя сродкі, як:
1) дыялектызмы і прастамоўі (змэнчаны конь, гарэхавае вудзільна; перці пехадралам);
2) запазычаныя словы і варварызмы (іншамоўныя словы, не да канца засвоеныя мовай), у тым ліку русізмы (так званая макаранічная мова: Даю вам чэснае слова; вучыцель, сражэнне, зачэм, вужас, тусклыя вочы, хадзем на хауз, пафарбаваць хайр);
3) канцылярызмы і штампы (як абстаіць справа, улічваючы абставіны);
4) гукі і словы-паразіты (ну, як гэта, так сказаць, значыцца);
5) жарганізмы (тралік – тралейбус, бабосы – грошы);
6) плеаназмы (празмерная, збыткоўная інфармацыя) і таўталогія (паўтарэнне аднакарэнных слоў): у верасні месяцы, шэсць штук сталоў, пяць чалавек студэнтаў; поўнасцю запоўнены, свая аўтабіяграфія, патрыёт сваёй радзімы.
Выразнасць маўлення звязана з вобразнасцю афармлення моўных сродкаў і забяспечваецца дарэчным выкарыстаннем такіх стылістычных сродкаў, як:
1) эпітэты (К. Чорны: каструбаватая рука зямлі; І. Мележ: пацяплелыя халодна-шэрыя вочы);
2) метафары (К.Чорны: чабор хаваецца ў іржэўнік, восень сядзіць і бродзіць доўга);
3) параўнанні (Я. Колас: Зажыць па-людску, а не гэтак, Як у пячуры таракан; І прапаў, бы ў гноі сліва; Ішоў, глядзеў, бы кот за прусам; Чалавечая думка як ручай);
4) фразеалагізмы (на сёмым небе , брацца за розум, ад відна да відна, як вол да карэты, вялікая шышка на голым месцы);
5) парэміі[21]
[23]
(Гаруе ён, гаруе – з адной карчмы ў другую! Як дбаем, так і маем. І шыла, і мыла, і прала, і ткала, і ўсё языком. Ён пра ўвесь лес, а пра яго ніякі бес);
6) перыфразы (Я. Колас: прафесар велькіх букваў – настаўнік, сутокі неба і зямлі - сусвет);
7) крылатыя выразы (К. Крапіва: Да славы прагныя, ды вузкія ў плячах; Я. Колас: Забілі зайца не забілі, але ж, брат, гуку нарабілі; Я. Купала: На беларускую дзяўчыну ніхто шчэ каменем не кінуў);
8) антонімы (І. Шамякін: Як усё пераплялося – старое і новае, вялікае і малое, гераічнае і буднічнае!);
9) амонімы (Н. Гілевіч: Каб быў тонус вас высокі – Піце, дзетачкі, вы сокі; С. Грахоўскі: А суніцы ледзь паспелі, Іх дразды скляваць паспелі);
10) паронімы (С. Шушкевіч: Полем, лесам, пералескамі, Па зямлі, вясной абуджанай, Красавік ідзе з пралескамі Па праталінах і лужынах);
11) сінонімы (Я. Колас: Усход гарыць, жыве, палае, слупы-праменні падымае).
Выразнасць маўлення мае на мэце прыцягнуць увагу, выклікаць зацікаўленасць суразмоўцы або слухача, дапамагае аптымальна цікава аформіць думку.
Неабходна адрозніваць багацце мовы і багацце (разнастайнасць) маўлення. Багацце мовы – гэта лексіка-фразеалагічны фонд, семантыка стылістычныя і сінтаксічныя рэсурсы, усё сродкі, што ёсць у мове. Багацце маўлення – уменне носьбіта мовы карыстацца скарбамі ўсіх яе ўзроўняў. Гэта камунікацыйная якасць характарызуецца разнастайнасцю ўжытых моўных сродкаў і як мага радзейшым паўтарэннем адных слоў і выразаў, асабліва нематываваным. Заўважым, што абмежаванасць арсеналу моўных сродкаў і частая іх паўтаральнасць сведчыць пра беднасць не толькі маўленчых здольнасцей аўтара, але і пра невялікі запас думак, слабы інтэлект прамоўцы.
Беларуская мова багатая на сінонімы, прыказкі і прымаўкі, фразеалагізмы, аднак гэта не значыць, што пэўная асоба можа выкарыстаць усё багацце мовы, бо нават у майстроў слова адзначаецца прыкладна 15% агульнаўжывальнай літаратурнай лексікі (Я.Колас выкрыстоўваў 37000 слоў, а Элачка Людаедка “паспяхова” карысталася 30) [34, с. 111-112].
Сцісласць (лаканічнасць) маўлення падпарадкавана закону эканоміі моўных сродкаў, які вымагае адбіраць найбольш рацыянальныя, зручныя для камунікацыі элементы. У навуковай літаратуры надзвычай прадуктыўны сродак эканоміі – абрэвіяцыя. Увогуле, сцісласць на ўсіх узроўнях – істотная рыса афіцыйна-справавога маўлення. Унутры моўнай сістэмы ў цэлым сродкамі лаканізацыі з’яўляюцца слова- і асноваскладанне, замена словазлучэння аднаслоўным кампанентам (у адзін голас – адзінагалосна), скарачэнне фразеалагізма да аднаго кампанента (біцца як рыба аб лёд – біцца), ужыванне гукапераймальных слоў, выкарыстанне няпоўных і эліптычных сінтаксічных канструкцый (тады важную ролю адыгрываюць пазамоўныя сродкі – інтанацыя, жэсты, міміка).
Сцісласць робіць маўленне больш зразумелым і прыемным. Дасягнуць гэтага можна ўменнем:
- вылучаць галоўнае, канцэнтравацца на ім;
- пазбягаць другасных падрабязнасцей;
- не перагружаць маўленне складанымі сінтаксічнымі канструкцыямі;
- прытрымлівацца рэгламенту выступлення.
Спецыфіка рэдагавання
Незвычайнае багацце лексікі беларускай мовы, шырокі спектр канструкцый граматычнага ладу ствараюць спрыяльныя ўмовы для варыянтнага выбару моўных сродкаў ў залежнасці ад зместу тэксту, яго агульнай стылістычнай скіраванасці, жанру і формы выказвання. Таму не заўсёды варта “абмяжоўвацца” строгімі акадэмічнымі правіламі, якія могуць у пэўнай ступені стрымліваць творчы патэнцыял жывога слова. У гэтым выпадку трэба кіравацца моўным густам, разуменнем тонкіх сэнсава-стылістычных адценняў канкрэтнага тэксту, улічваць агульныя тэндэнцыі развіцця беларускай літаратурнай мовы. Лепшы крытэрый нормы – літаратурная практыка айчынных класікаў, вядомых публіцыстаў, дзеячаў навукі і культуры.
Трэба адрозніваць памылкі ўласнастылістычныя і маўленчыя (парушэнне правільнасці як асноўнай якасці маўлення).
Уласнастылістычныя памылкі:
1) беспадстаўнае ўжыванне сродкаў іншага стылю (калі гэта не робіцца знарок, для стварэння камічнага эфекту): Сяляне былі ўжо гатовыя стаць у першыя шарэнгі адважных барацьбітоў з паншчынай (з сачынення);
2) злоўжыванне моўнымі клішэ, спецыфічнымі словамі і тэрмінамі (Студэнты ў большасці выпадкаў самі дабіваюцца выпраўлення недахопаў; Ці не было эксцэсаў у класе? );
3) слабое валоданне рэсурсамі мовы (плеаназм, таўталогія, беднасць слоўніка, “заштампаванасць” мовы, словы-паразіты ў маўленні, моўная аднастайнасць: На сяброўскай сустрэчы сустрэліся дзве футбольныя каманды; Гэта мой калега па рабоце; Сяляне, нягледзячы на неспрыяльныя кліматычныя ўмовы вясны, на высокім агратэхнічным узроўні правялі сяўбу; Мы прыйшлі у лес. Было добрае надвор’е. Нам было весела).
Адзначым, што плеаназмы і таўталогія ў фразеалагічных выразах памылкай не лічыцца: ведаць не ведаю, бегма бечы, бачыць на свае вочы, у рэшце рэшт.
Як ужо адзначалася вышэй, мова навукі, дакументаў і справаводства мае свае стылістычныя адметнасці, у ёй сустракаецца шмат спецыфічных слоў і фармулёвак: займацца рашэннем праблемы, праводзіць даследаванне, згодна з пастановай, вывесці са складу, прысвоіць званне, давесці да ведама і інш. Канцылярскі каларыт надаюць тэкстам складаныя прыназоўнікі: у сілу, па лініі, з боку, у справе, у разрэзе, у мэтах; аддзеяслоўныя назоўнікі: стварэнне, атрыманне, уяўленне, паляпшэнне, накіраванне. Аднак моўныя стандартныя выразы, тэрміны, ужытыя ў неадпаведным кантэксце, пазбаўляюць маўленне вобразнасці, звычайна маскіруюць банальныя або алагічныя думкі (З пункту гледжання банальнай эрудыцыі не кожны лакальна селектыўны ідывідуум здольны свабодна элацыраваць тэндыцыі парадаксальных эмоцыі; Дуалістычны прынцып выкарыстання сельскагаспадарчых прылад на гідрапаверхні (віламі па вадзе пісана); Антытэзісныя ўласцівасці разумова абмежаваных суб’ектаў у кантэксце выканання дзяржаўных нарматыўных актаў (дурням закон не пісаны)).
4) недастаткова развітая моўная чуйнасць (квяцістасць, немілагучнасць, уяўная прыгажосць выкладу, гучныя словы, пустаслоўе – так званае “фразёрства”): Веру, што мая вялікая, свабодная, неабсяжная краіна будзе шчаслівай, магутнай і квітнеючай.
Тыпы маўленчых памылак
Парушэнне правільнасці як асноўнай камунікацыйнай якасці маўлення можа праяўляцца на любым узроўні мовы [22]
[24]
. Такім чынам, маўленчыя памылкі – гэта парушэнне фанетычных, словаўтваральных, граматычных, лексічных і фразеалагічных нормаў. Паколькі парушэнні правільнасці разгледжаны намі вышэй, праілюструем самыя распаўсюджаныя памылкі:
1) ужыванне слова не ў тым кантэксце: Ён без хістання накіраваўся на работу (трэба вагання); Іван Пятровіч па-гаспадарску трымае руль сваёй машыны (па-гаспадарску можна весці справу, а трымаць руль - упэўнена); Пры абмеркаванні даклада людзі былі досыць жвавымі (актыўнымі);
2) парушэнне спалучальнасці слоў. Пераважная колькасць памылак выклікана недакладным ужываннем сінанімічных слоў: Дыхне невялічкі вецер (правільна лёгкі або слабы); Характар у хлопца павольны (павольнымі могуць быць рухі, жэсты, хада, а характар – добры, мяккі, цвёрды, цяжкі); Пералік прыкладаў быў вялікі (трэба доўгі); Мне трэба праверыць гурт сшыткаў (правільна стос);
3) памылкі могуць быць выкліканы неапраўданым спалучэннем канкрэтных і абстрактных паняццяў: Беспрацоўе знізілася да 300 тыс. чалавек. (Беспрацоўе – адцягненае паняцце, яно не вымяраецца пэўнай колькасцю. Трэба: Колькасць беспрацоўных знізілася да 300 тыс чалавек). Упершыню мы пабачылі Івана Пятровіча не ў лабараторыі, а на дошцы гонару (натуральна, што гэта быў не сам Іван Пятровіч, а яго партрэт, фотаздымак);
4)няправільная арганізацыя выказвання парушае лагічныя сувязі, што значна ўскладняе яго ўспрыняцце:Гледзячы на залацістае поле пшаніцы, сэрца напаўняецца радасцю (трэба: Калі глядзіш на залацістае поле пшаніцы, сэрца напаўняецца радасцю).
Калі ўказальны займеннік гэты можна суаднесці з некалькімі назоўнікамі папярэдняга выказвання, узнікае незразумеласць: Некаторыя студэнты прапускаюць заняткі, у выніку чаго група не можа выйсці ў пераможцы спаборніцтва i паехаць на фестываль. Аб гэтым нельга маўчаць. Трэба: Нельга маўчаць аб тым, што некаторыя студэнты прапускаюць заняткі, у выніку чаго група не можа выйсці ў пераможцы спаборніцтва i паехаць на фестываль;
5) спалучэнне рознастылёвай лексікі. Як правіла, ва ўсіх стылях мовы словы аб’ядноваюцца па прынцыпу стылістычнай аднароднасці: трэба ўжываць толькі словы пэўнага стылю і нейтральную лексіку. Такім чынам, функцыянальна-стылістычныя тыпы лексікі проціпастаўлены: спецыяльныя словы не апраўданы ў любым неспецыяльным тэксце, размоўныя – ў пісьмовым маўленні, кніжныя – у размоўна-бытавым. Але такая процілегласць можа выкарыстоўвацца пісьменнікамі і журналістамі для стварэння пэўнага экспрэсіўна-стылістычнага эфекту. Асабліва часта спалучэнне рознастылёвай лексікі выкрыстоўваецца як сродак гумару, іроніі, сатыры: Ён арудуе ў нашай установе; І калі ўжо выльецца гэты працэнт вільгаці? Зара дае заяўку на світанне; Полацку стукнула тысячу сто; Даклады трубіў, на нарадах савеў. Ва ўсіх іншых выпадках ужыванне ў адным кантэксце рознастылёвай лексікі – грубая памылка: Вялікі ўклад у дасягненне поспехаў унеслі мае сябры; Сёлета мы натхнёна змагаліся за паспяховае правядзенне вяпускнога балю; Гаспадыня займаецца гатаваннем снядання [падрабязней гл. Міхневіч 2006].
Кожны, хто жадае палепшыць уласную культуру маўлення, павінен:
- разумець, што такое нацыянальная беларуская мова; у якіх формах яна існуе; чым кніжнае маўленне адрозніваецца ад гутарковага; што сабой уяўляюць функцыянальныя стылі маўлення; што такое моўная норма і варыянты;
- засвоіць і развіць навыкі адбору і ўжывання моўных сродкаў падчас маўленчай дзейнасці;
- авалодаць нормамі літаратурнай мовы, яе багаццем.
Трэба памятаць, што культура маўлення – звязана не толькі з уменнем правільна, прыгожа, пераканаўча гаварыць, але і з агульнай культурай чалавека, яго знешнім выглядам, манерамі, з уменнем лагічна і дакладна мысліць і аптымальна прэзентаваць асабістыя разважанні і гатовыя думкі, адэкватна апісваць моўнымі сродкамі любыя жыццёвыя сітуацыі, правільна складаць і афармляць разнастайныя пісьмовыя дакументы, дарэчна выкарыстоўваць усе стылістычныя рэсурсы мовы.