Сацыяльна-эканамічнае развіццё на зыходзе прыгонніцтва. 3 страница

Без змены сваёй сутнасці, формы і метады гэтай палітыкі мяняліся ў залежнасці ад палітычнай сітуацыі ў гэтым рэгіёне. Землi Вялікага княства Літоўскага разглядаліся як спрадвечна рускія, таму адной згалоўных задач урад лічыў вяртанне страчаных на працягу ХVІІ—ХVІІІ стст. пазіцый праваслаў'я, ліквідацыі ўплыву Рыму на ўнутраныя справы Расіі, асабліва якiя тычылася царквы i асветы.

Характар урадавай палітыкі на тэрыторіі Беларусі шмат у чым вызначаўся канстытуцыяналістычнымі імкненнямі Аляксандра I, які паставіў пытанне аб магчымым аднаўленні дзяржаўнасці Польшчы. Гэта дапамагло прыцягнуць да агульнаімперскай дзяржаўнай дзейнасці польскіх дзеячаў, у тым ліку А. Чартарыйскага і М. Агiнскага, садзейнічала стварэнню Каралеўства Польскага са сваёй канстытуцыяй і мясцовай адміністрацыяй.

Няўпэўненасць, якая існавала ў Аляксандра І адносна межаў будучай Польшчы, а магчыма і дыпламатычныя меркаванні прывялі да таго, што ўся тэрыторыя Беларусі была ўключана ў склад Віленскай навучальнай акругі, польскай па характару свёй дзейнасці. Вынікам такой палітыкі з'явілася ажыўленне польскага ўплыву ў галіне культуры і мовы, умацаванне пазіцый каталіцызму. Раскрыццё на пачатку 20-х гадоў у Віленскім універсітэце тайных студэнцкіх гурткоў, у якіх прымала ўдзел беларуская моладзь, спрыяла змяненню ўрадавай палітыкі на Беларусі. 3 гэтага часу асноўным яе накірункам становіцца ўсямернае паслабленне польскага палітычнага і культурнага ўплыву. Не выпадкова з Віленекай вучэбнай акругі у 1824 г. былі выключаны і перададзены ў Пецярбургскую вучэбную акругу дзве беларускія губерні — Віцебская і Магілёўская, а А. Чартарыйскі вызвалены ад пасады папячыцеля акругі і зменены М.Навасільцавым.

Курс гэты яшчэ больш узмацняецца ў канцы 20-х гадоў і асабліва ў сувязі з польскім нацыянальным паўстаннем 1830—1831 гг. Іменна гэтым тлумачыцца стварэнне Беларускай навучальнай акругі з дакладна акрэсленымі адміністрацыйна—этнічнымі межамі беларускай тэрыторыі. У імкненні даказаць, што гэта тэрыторыя была здаўна "рускай", урад развярнуў адносна шырокую выдавецкуго дзейнасць па гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі.

Саслоўная палітыка,якая праводзілася на тэрыторыі Беларусі, была накіравана на ўмацаванне пазіцый Расіі.

У адносінах да беларускага дваранства яна ўлічвала гістарычныя асаблівасці, якія склаліся на працягу стагоддяў. Расія не ведала такой сацыяльнай групы як дробная шляхта, якая часам набліжалася да становішча селяніна-аднадворца. Працэнт дваранскага саслоўя ў Расіі быў намнога ніжэй, чым у Беларусі. Збяднелыя дваране ў Расіі гублялі свае прывілеі, пераходзілі на дзяржаўную ваенную або грамадзянскую службу. На Беларусі збяднелая шляхта фармальна не адрознівалася ад магнатаў і юрыдычна мела з імі аднолькавыя правы. Розніца ў прававым статусе дваранства ў Расіі і Беларусі была даволі значнай. У былой Рэчы Паспалітай шляхта не прывыкла да бясспрэчнага паслухмянства дзяржаўнай уладзе. Традыцыя гэта ўзыходзіла яшчэ да эпохі "залатых вольнасцей дваранства". У Расіі, дзе існавала неабмежаваная манархія, традыцыі палітычнага жыцця былі зусім іншыя. Таму палітыка расійскага ўрада ў адносінах да дваранства Беларусі яшчэ з канца ХVIII ст. вызначалася надзвычайнай асцярожнасцю.

Мясцовым дваранам прадастаўляліся ўсе правы і прывілеі, якімі валодала расійскае дваранства, дазвовалялася права карыстання "мясцовымі законамі", калі яны не супярэчылі"расійскім". На тэрыторыі Беларусі да 1840 г. дзейнічаў Статут Вялікага княства Літоўскага І588 г. Не выпадкова ва ўсіх указах, якія выходзілі ў першай чвэрці XIX ст. падкрэслівалася, што «суд iрасправа» з`яўляюцца асаблiвамi ўнутранам справамi тэрыторый, якія былі далучаны да Расіі. Яны павінны асноўвацца на мясцовым праве і весціся на мясцовай мове. Аднак мясцовая адміністрацыя стваралася па расійскіх нормах і была строга падпарадкавана цэнтральнай уладзе. Асцярожнасць у адносінах да беларускага дваранства дыктавалася тактычнымі меркаваннямі.

Новым ва ўрадавай палітыцы быў дыферэнцыраваны падыход да розных груп беларускага дваранства. На першы план вылучаецца палітыка ў адносінах да дробнай шляхты, якая складала абсалютную большасць мясцовага прывілеяванага саслоў'я. Яна праявілася у так званым "разборы" шляхты, ў прыпісцы былых шляхціцаў да розных груп падатковага саслоў'я.

І хоць "разбор" шляхты быў дэклараваны яшчэ ў 1772 г., яго рэалізацыя праводзілася марудна, непаслядоўна, асабліва з прычыны ўскладненай юрыдычнай сістэмы доказаў дваранскага паходжання. 3 пачатку новага стагоддзя адным са шляхоў паслаблення пазіцый дробнага дваранства было змяненне заканадаўства ў сістэме выбарных судзебных органаў. Штуршком для змянення становішча па “разбору» шляхты з'явілася паўстанне 1830—1831 гг. Разбор праводзіўся не толькі з пункту погляду стварэння адзiнай эканамічнай i палітычнай прасторы, але i пашырэння фіскальнай практыкі ўрада, павелічэння колькасці плацельшчыкаў падаткаў і пастаўшчыкоў рэкрутаў.

3 канца ХVIII ст. дваранства Беларусі з'яўлялася актыўным удзельнікам выступленняў за аднаўленне Рэчы Паспалітай. Палітыка ўрада ў адносінах да паўстанцаў, а таксама да членаў тайных гурткоў да 30-х гадоў была дваістай. Удзельнікі найбольш масавых з іх (паўстанне Т.Касцюшка, паход Напалеона 1812 г.) практычна засталіся без пакарання. Гэтым урад спрабаваў прыцягнуць на свой бок вышэйшае саслоўе беларускіх губерняў. Адначасова адбываўся працэс абмежавання праў і прывілей мясцовай шляхты. У выніку яе становішча пагоршылася, а яе імкненне да аднаўлення Рэчы Паспалітай узмацнілася.

Значным было паўстанне 1830—1831 гг. Не выпадкова на прадстаўнікоў дробнай шляхты ў першую чаргу абрушыліся рэпрэсіі. Арышты, высылка ва ўнутраныя губерні імперыі, сакрэтны наглад паліцыі, цэнзура асабістай перапіскі сталі традыцыйнымі мерамі "супакойвання" шляхты. Пазіцыя беларускага дваранства ў ходзе падзей 1830—1831 гг. заставіла ўрад Мікалая І перагледзець адносіны да сялянства і пачаць палітыку депаланiзацii Беларусі.

Сялянскае пытанне на тэрыторыі Беларусі на працягу першай паловы XIX ст. зведала значную эвалюцыю. Мерапрыемствы расійскага ўрада па сялянскаму пытанню не маглі не зацікавіць беларускіх памешчыкаў. "Вызваленне сялян" у Остзейскім краі ў 1816—1819 гг., па якому сяляне атрымлівалі асабістую свабоду, а памешчык заставаўся ўласнікам усіх зямельных угоддзяў, умацавала памешчыкаў памежных раёнаў у жаданні беззямельнага вызвалення сялян. Дзінабургскае дваранства Віцебскай губерні стварыла камітэт для выпрацоўкі адпаведнага палажэння. Аднак работа над ім зацягнулася надоўга і не была рэалізавана.

Пасля паўстання 1830—-1831 гг. урад пачаў глядзець на сялян як на сваіх саюзнікаў, пастараўся прыцягнуць іх на свой бок. Адным з такіх пачынанняў была рэформа кіравання казённымі маёнткамі і дзяржаўнымі сялянамі. Яна праводзілася па праекту створанага ў 1837 г. міністэрства дзяржаўных маёмасцей. У адрозненне ад вялікарасійскіх губерняў, дзе яна тычылася толькі арганізацыі кіравання казённымі маёнткамі і дзяржаўнымі сялянамі, рэформа П.Д. Кісялёва на Беларусі складалася з трох частак: рэформы сістэмы кіравання; палітыкі "апякунства" ў адносінах да сялян; шэрагу аграрных мерапрыемстваў, вядомых пад назвай "люстрацыі дзяржаўных маёмасцей". Рэформа пачалася з перабудовы апарату кіравання дзяржаўнай вёскай. У аснову заснавання нiжэйшых ступеняў кiравання была пакладзена "Устанаўленне аб кіраванні дзяржаўнымі маёмасцямі ў губернях" (І838 г.)

28 снежня 1839 г. для заходніх губерняў было выдадзена спецыяльнае "Палажэнне аб люстрацыі дзяржаўных маёмасцей заходніх губерняў і Беластоцкай вобласці". Замест чатырохступеннай сістэмы мясцовага кіравання, якая была ўведзена ў расійскіх губернях, на Беларусі ўстанаўлівалі тры адміністрацыйныя ступені: губерня—акруга—сельская ўправа. Функцыі валасной адміністрацыі былі размеркаваны паміж часовымі ўладальнікамі і сялянскімі выбарнымі. Новая адміністрацыя ўвяла жорсткі кантроль за часовымі ўладальнікамі, узняла статус сельскіх абшчын. Другой часткай рэформы стала палітыка "апякунства" над дзяржаўнымі сялянамі. Яна прадугледжвала арганізацыю харчовай дапамогі сялянам, праз спецыяльна перабудаваныя запасныя хлебныя магазіны, распрацоўку мер на выпадак неўраджаяў і масавых эпідэмій. Ставілася пытанне аб арганізацыі розных агранамічных мерапрыемстваў, пачатковага навучання дзяржаўных сялян, першай медыцынскай дапамогі, развіцця сістэмы страхавання, барацьбы з п'янствам, актывізацыі гандлю. Аднак недахоп сродкаў, жаданне палепшыць сялянскі быт цалкам за кошт сялян звузілі рамкі рэформ, перашкаджалі здзяйсненню планаў рэфарматараў.

Галоўнай часткай рэформ П.Д. Кісялева з'явілася люстрацыя дзяржаўнай маёмасці. Яна ставiла тры мэты: "прывядзення ў свядомасць" дзяржаўную маёмасць, выраўноўванне гаспадарчага ўзроўню сялян шляхам скасавання малазямелля і рэгламентацыі павіннасцей сялян, павышэння плацежаздольнасці дзяржаўнай вёскі.

На першым этапе правядзення рэформ (да 1844 г.) урад спрабаваў вырашыць праблему шляхам пераразмеркавання зямельнага фонду паміж дзяржаўнымі маёнткамі і перасялення часткі сялян у больш забяспечаныя зямлёй губерні Расіі.

Люстрацыйныя камісіі павінны былі скласці інвентарныя вопісы казённых маёнткаў, вызначыць гаспадарчае становішча сялян, памеры сялянскіх надзелаў і павіннасцей. Сяляне дзяліліся на чатыры разрады: цяглых, якія мелі не менш дзвюх галоў буйной рагатай жывёлы; паўцяглых, якія мелі адну галаву працоўнай жывёлы; агароднікаў (халупнікаў), якія мелі хату з агародам, але былі пазбаўлены надзела на полі; бабылёў (кутнікаў) — беззямельных і бяздомных сялян. Закон прадугледжваў, "...каб усе сяляне перайшлі ў разрад цяглых, або, на крайні выпадак, паўцяглых гаспадароў, змяншаючы па магчымасці колькасці такіх, якія не маюць вясковай гаспадаркі і належаць да класа бабылей". Рэалізацыя гэтага палажэння патрабавала наяўнасці запаснога зямельнага фонду, а таксама правядзення ўсеагульнага перадзелу зямлі ў казённых маёнтках. Абмежаванасць зямельнага фонда прымусіла ўсталяваць невысокі зямельны надзел на рэвізскую душу ў памеры трох дзесяцін і адной дзесяціны сенакосу. Відавочна, што такі надзел быў недастатковым для забеспячэння пражытачнага мінімуму сялян, але быў большым за дарэформенны. Тым не менш, у выніку перадзелу колькасць бабылей і агароднікаў у казённай вёсцы скарацілася.

Люстрацыя рэгламентавала павіннасці дзяржаўных сялян Беларусі. За выключэннем даніны захоўваліся ўсе формы раней існуючых павіннасцей, але былі дакладна акрэслены іх памеры і нават усталяваны памеры штодзённых урокаў. Рэформа не адмяніла асноўную паншчынную павіннасць, але ў далейшым прадугледжвалася перавесці дзяржаўных сялян на аброк, што і пачало ажыццяўляцца ў 1844 г. Шматлікія павіннасці адымалі ў сялян амаль палову іх працоўнага часу (замест 1/3 па закону). Люстрацыя істотна абмежавала самавольства часовых гаспадароў і арэндатараў, паставіла іх пад большы кантроль дзяржаўных чыноўнікаў.

З 1844 г. урад мяняе напрамак рэформ: фальваркова-прыгонная сістэма ва ўсіх дзяржаўных маёнтках знішчаецца. Дзяржаўныя сяляне паскоранымі тэмпамі пераводзяцца на пазямельны аброк. 3 фальварковых зямель ім былі зроблены прырэзкі да надзелаў. Да канца 1857 г. на аброк былі пераведзены ўсе маёнткі Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў. Была знішчана ў іх і сістэма часовага ўладання.

Рэформа кіравання дзяржаўнымі сялянамі суправаджалася важнымі гаспадарчымі і адміністрацыйнымі пераўтварэннямі, садзейнічала істотнаму паляпшэнню становішча дзяржаўных сялян. У выніку рэформы агульная плошча надзельнага фонду павялічылася на 10,73%. Але гэта мала што змяніла ў забеспячэнні сялян зямлёй, бо за гады рэформы колькасць рэвізскіх душ узрасла на 38,5%.

Тым не менш рэформа дазволіла крыху палепшыць становішча сялян. Асабліва значныя перамены адбыліся ў прававым статусе дзяржаўных сялян. За імі прызнаваліся правы атрымання спадчыны, уласнасці, занятаку гандлем і промысламі.

Рэформа Кісялёва насіла буржуазны характар. Перавод на аброк спрыяў паскарэнню маёмаснай дыферэнцыяцыі, працэсу першапачатковага накаплення капіталу, вызваліў працоўныя рукі для капіталістычнай вытворчасці, стымуляваў рост гарадоў, з'явіўся адным з падрыхтоўчых мерапрыемстваў урада па вырашэнню аграрнага пытання ў Расіі.

3 сакавіка 1840 г. П.Д. Кісялёў пачаў падрыхтоўку інвентарнай рэформы з мэтай падцягнуць узровень памешчыцкай вёскі да дзяржаўнай. У 1844 г. быў створаны Камітэт заходніх губерняў для выпрацоукі "Правілаў для кіравання маёнткамі па зацверджаных для гэтага інвентарах". Былі складзены інвентары-апісанні памешчыцкіх маёнткаў з дакладнай фіксацыяй сялянскіх надзелаў і агульнай для ўсіх маёнткаў колькасці паншчынных дзён.

Увядзенне ў дзеянне перагледжаных і зноў складзеных інвентароў пачалося ў Беларусі з 1845 г. Для цяглавай сялянскай гаспадаркі, у залежнасці ад колькасці і якасці зямлі, у маёнтках устанаўліваліся надзелы памерам ад 4 да 9 дзесяцін. Такая гаспадарка павінна была адпрацаваць на паншчыне 3 дні з канём (мужчынская паншчына) і 1 дзень без каня (жаночая паншчына). Падводная павіннасць заставалася, але павінна была выконвацца не звыш паншчыны, а за кошт паншчынных дзён. Памешчыкам забаранялася самавольна ўстанаўліваць згонныя дні, а таксама абкладаць сялян "данінай" — натуральнымі паборамі. Аднак памешчыкі рашуча сталі на абарону сваёй уласнасці, усяляк перашкаджалі перагляду старых і складанню новых інвентароў. Уваходзячы ў склад інвентарных камітэтаў, яны дабіваліся для многіх маёнткаў не толькі захавання былых прыгонніцкіх павіннасцей, але і ў шэрагу выпадкаў іх павелічэння. Асцерагаючыся абваастрэння адносін з мясцовымі памешчыкамі, урад асабліва не падганяў іх. Да 1857 г. перагледжаныя і зноў складзеныя інвентары былі ўведзены ў дзеянне толькі у 1/10 частцы памешчыцкіх маёнткаў Беларусі. А ў сувязі з падрыхтоўкай сялянскіх рэформ неабходнасць ва ўвядзенні інвентароў зусім адпала.

Рэформы 30—50-х гг. захавалі дваранскую накіраванасць. Прынцыпы рэфармiравання дзяржаўнай вёскі былі прызнаны памешчыкамі празмерна радыкальнымі. Сацыяльна-прававое становішча памешчыцкіх сялян змянілася мала. І пасля правядзення рэформ феадальная ўласнасць заставалася пакуль некранутай.

Урадавая палітыка ў галіне асветы.Адной з важнейшых задач расійскі ўрад лічыў рэарганізацыю адукацыі, на асновах, якія б поўнасцю адпавядалі яго інтэрэсам. Найбольш яскрава гэтыя мэты былі сфармуляваны ў запісцы беларускага ренерал-губернатара князя М.Л.Хаванскага імператару Аляксандру І у 1824 годзе: "У Беларусі — пісаў ён — з часоў далучэння яе да Расійскай імперыі, адукацыя юнацтва знаходзіцца ў руках каталіцкага і уніяцкага духавенства. ...У школах манаскіх ордэнаў юнацтва навучаецца па метадах старажытных аўтараў, навукі выкладаюцца на польскай і лацінскай мовах, славеснасць абмяжоўваецца навучаннем польскай мовы, лацінскай і некаторых замежных, а расійская застаецца ў поўньм зневажэнні".

Аднак зрабіць замах на пануючую ў Беларусі традыцыйную школу ўрад адразу не адважваўся, бо не жадаў абвастрэння адносін з мясцовым дваранствам. Сістэма адукацыі Беларусі ў першай чвэрці XIX ст. была пабудавана, згодна з рэформай адукацыі 1802 г,уся тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў склад Віленскай навучальнай акругі (1803—1824 гг.), якую ўзначальваў князь А.Чартарыйскі. Навучальная акруга мела поўную самастойнасць і кіравалася "Статутам, ці Агульнымі пастановамі Віленскага ўніверсітэта і вучылішчаў яго акругі" (1803 г.) і "Падпісаннем арганізацыі вучылішчаў ў акрузе імп. Віленскага універсітэта" (1804 г.). Карыстаючыся неабмежаваным даверам Аляксандра І і міністраў народнай адукацыі П.В.Завадоўскага і А.Г.Разумоўскага, апякун акругі мог смела праводзіць ідэі аднаўлення самастойнасці Польшчы, якія, па яго прызнанню, "былі альфай і амегай ўсяго майго існавання".

У аснову сістэмы адукацыі Беларусі, як і Расіі, былі пакладзены прынцыпы бессаслоўнасці, бясплатнасці навучання на ніжэйшых яго ступенях, пераемнасці навучальных праграм.

Згодна з рэформай стваралася некалькі тыпаў навучальных устаноў. Пачатковая школа была прадстаўлена аднакласнымі прыхадскімі вучылішчамі для ніжэйшьх саслоўяў. Сярэднюю адукацыю давалі павятовыя вучылішчы і гімназіі. У першыя дзесяцігоддзі XIX ст. у Беларусі дзейнічала сетка вучылішчаў пры каталіцкіх і базыліянскіх манастырах. Яны давалі сярэднюю адукацыю і прыраўноўваліся да павятовых вучылішчаў і гімназій. Аднак іх колькасць на працягу першай трэці XIX ст. паступова скарачалася, а ў 1832 г. у сувязі з закрыццём каталіцкіх манастыроў яны былі пераўтвораны ў свецкія.

Вышэйшай ступенню адукацыі быў Віленскі ўніверсітэт з 4 факультэтамі: маральных і палітычных навук, фізіка-матэматычным, медыцынскім, літаратурным і вольных мастацтваў, а таксама настаўніцкай і духоўнай семінарыямі. Меліся бібліятэка, батанічны сад, астранамічная абсерваторыя, анатамічны музей, лабараторыі. Першымі рэктарамі універсітэта былі браты I. і Я.Снядэцкія. У функцыі ўніверсітэта ўваходзіла таксама арганізацыя навучальнага працэсу ў навучальнай акрузе наогул. Універсітэт павінен быў распрацоўваць навучальныя праграмы, выпускаць падручнікі, прызначаць настаўнікаў у гімназіі і вучылішчы. 3 1805 г. універсітэт выдаваў штомесячны навукова-літаратурны часопіс "Oziennik Wilenski" і быў своеасаблівым цэнтрам культурнага жыцця края, вакол якога згуртоўвалася мясцовая інтэлігенцыя.

Гімназіі Віленскай навучальнай акругі мелі 6 класаў, павятовыя вучылішчы — 3. Адначасова са свецкімі павятовымі вучылішчамі ў Беларусі меліся 6-класныя манастырскія павятовыя вучылішчы з гімназічным курсам, выпускнікі якіх мелі права паступаць ва ўніверсітэт. У 1824 г. у Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і беларускіх паветах Віленскай губерняў налічвалася 32 сярэднія школы і каля 130 пачатковых школ. Выкладанне ў навучальных установах вялося на польскай мове, руская мова выкладалася як адна з вучэбных дысцыплін.

Раскрыццё ў 1823 г. тайных таварыстваў у навучальных установах Віленскай акругі дазволіла расійскім уладам распачаць працэс дэпаланiзацыi сістэмы асветы Беларусі. Дзеля гэтага праводзіўся перагляд праграм і падручнікаў, забаронялася заснаванне любых таварыстваў. Па плану новага папячыцеля акругі М.Навасільцава пачалася ліквідацыя павятовых вучылішчаў з гімгазічным курсам навук. Тольк два з іх — у Гродна і Жыровічах атрымалі статус гімназій. А 8 астатніх былі пераўтвораны ў звычайныя павятовыя вучылішчы, выпускнікі якіх не мелі права вучыцца ва універсітэце.

Па-іншаму разгортваліся падзеі ў Віцебскай і Магілёўскай губернях, навучальныя ўстановы якіх у 1824 г. былі перададзены ў падпарадкаванне Пецярбургскай навучальнай акругі. Але аб'яднання мясцовай сістэмы асветы з расійскай не адбылося.

Важным элементам школьнай справы на беларускіх землях была дзейнасць езуіцкіх навучальных устаноў і асабліва Полацкай акадэміі, якая адкрылася ў 1812 г. Яна мела факультэты моў, вольных навук (філасофія, прыродазнаўчыя і грамадзянскія), тэалогіі. Да самага свайго закрыцця ў 1820 г. акадэмія была фактычна цэнтрам вышэйшай каталіцкай адукацыі ўсёй Расіі. Сярэдняя каталіцкая адукацыя Беларусі першай чвэрці XIX ст. была прадстаўлена Галоўнай духоўнай семінарыяй пры Віленскім універсітэце і Полацкай уніяцкай семінарыяй.

Праваслаўная духоўная адукацыя Беларусі знаходзілася ў стадыі фарміравання. Яго духоўным цэнтрам па-ранейшаму заставалася Магілёўская семінарыя, якая многа зрабіла для стварэння пачатковых духоўных школ (Гомель, Невель).

Пасля ўступлення на прастол імператара Мікалая I, які добра вядомы сваім антыпольскім настроем, пачаліся змяненні ў сістэме асветы. У аснову народнай асветы быў пакладзены прынып строгай саслоўнасці. Каб ажыццявіць гэты прынцып, быў выдадзены ў 1828 г. "Устаў навучальных устаноў". Згодна з ім пачатковая і сярэдняя адукацыя падзялялася на тры катэгорыі: для дзяцей ніжэйшага саслоўя (сялян) прызначаліся аднакласныя прыходскія вучылішчы з элементарнай праграмай навучання; для "сярэдняга" саслоўя — трохкласныя вучылішчы з больш шырокай праграмай пачатковага навучання; для дзяцей дваран і чыноўнікаў уводзіліся сямікласныя гімназіі, заканчэнне якіх давала права для паступлення ва універсітэты. Устаў ліквідаваў пераемную сувязь паміж ступенямі. Узровень адукацыі павінен быў адпавядаць сацыяльнаму становішчу вучня, каб " ніхто не намагаўся ўзвысіцца палажэннем у якім яму наканавана застацца". Па новаму палажэнню аб навучальных акругах (1835 г.) апошнія выключаліся з пад улады ўніверсітэтаў, істотна пашыраліся правы папячыцеляў навучальных акругоў.

У поўнай адпаведнасці з палажэннем "Устава" 1828 г. была створана Беларуская навучальная акруга (І829 г.). Дадатковыя палажэнні ўстава 1828 г. тлумачылі мэту стварэння акругі — "неабходнасць навучання юнакоў у адпаведнасці з асаблівасцямі Беларусі" і прадпісваў "навучаць роднай мове". У новую вучэбную акругу ўвайшлі Віцебская, Магілёўская, а ў 1831 г. Мінская губерні.

Падзеі 1830—1831 гг. прымусілі ўрад актывізаваць сваю палітыку на Беларусі. У студзені 1830 г. Магілёўскі губернатар граф М.М. Мураўёў звярнуўся да Мікалая І з запіскай аб неадкладнай і поўнай ліквідацыі польскага і каталіцкага ўплыву на працу школ на Беларусі. У красавіку 1831 г. з'явіўся "найвышэйшы загад", у якім адзначалася, што "спосаб сучаснага выхавання юнацтва на Беларусі і іншых губернях, вернутых ад Польшчы, патрабуе неадкладнага пераўтварэння і ўдасканалення". У сувязі з гэтым Міністэрству народнай асветы і папячыцелю акругі рэкамендавалася прыкласці ўсе магчымыя намаганні да скарэйшага выпраўлення вучылішчаў пры рымска-каталіцкіх манастырах і аб выкладанні на рускай мове ў светскіх вучылішчах. У мэтах збліжэння мясцпвых жыхароў з "прыроднымі рускімі" у маі 1832 г. у сувязі з закрыццём Віленскага універсітэта была ліквідавана Віленская навучальная акруга. Навучальныя ўстановы Віленскай, Гродзенскай губерняў і Беластоцкай вобласці ўвайшлі ў склад Беларускай навучальнай акругі. Цэнтр навучальнай акругі знаходзіўся ў г. Віцебску, яго папячыцелем быў вядомы матэматык Р.І. Карташэўскі (І829—І835 гг.) і быўшы дырэктар вучылішчаў Закаўказскай вобласці і Тыфліскага шляхецкага пансіёна Е.А.Грубер (1836—1850 гг.).

Замест закрытага Віленскага універсітэта меркавалася адкрыць у Оршы вышэйшае вучылішча для дзяцей дваран з далейшым яго пераўтварэннем у вышэйшую навучальную ўстанову. Аднак ў ходзе паўстання пачатая справа была спынена. Асігнаваныя для гэтага грошы былі пераведзены ў Кіеў на будаўніцтва універсітэта св. Уладзіміра.

Сістэма асветы ў першай палове XIX ст. не абмяжоўвалася толькі мужчынскай і духоўнай адукацыяй. Разам з ёй у краі дзейнічалі жаночыя манаскія і прыватныя пансіёны.

Выкладанне ва ўсіх тыпах навучальных устаноў Беларускай навучальнай акругі было пераведзена на рускую мову.

Польская мова была выключана з праграм адукацыі. Толькі ў заходніх губернях акругі яна вывучалася як асобны прадмет па скарочанай праграме. Выпускнікам Віленскага універсітэта забаранялася выкладаць у мясцовых школах. Падрыхтоўку выкладчыкаў для Беларусі пачынае весці настаўніцкая семінарыя, створаная ў 1834 г. у Віцебску.

Важнай падзеяй у галіне асветы было адкрыццё ў 1840 г. у Горы-Горках земляробчай школы, якая ў 1848 г. была пераўтворана ў земляробчы інстытут. Усяго на пачатку 60-х гг. у Беларусі налічвалася 567 навучальных устаноў усіх тыпаў, у тым ліку адно вышэйшае, 12 сярэдніх, 21 духоўнае вучылішча, звыш 400 пачатковых школ.

Адметнай рысай мясцовай сістэмы асветы стала пашырэнне ваенна-вучэбных устаноў. Калі ў эпоху Аляксандра I, яны былі прадстаўлены юнкерскімі вучылішчамі ў Бабруйску, Дзінабургу і Магілёве, то пры Мікалаі І былі адкрыты кадэцкія карпусы ў Полацку (1835 г.) і Брэсце (1842 г.). Яны разглядаліся ўрадам як сродак выхавання дваранства ў духу вернасці самадзяржаўю і таму напалову камплектаваліся з дваранства беларускіх губерняў.

Заканадаўства. Ідэі і рэаліі.Палітыка ў галіне заканадаўства была непарыўна звязана з агульным зместам палітычнага курсу Расійскага ўрада.

Адносіны самаўладства да пануючага саслоўя былі лаяльнымі, але ў шляхецкай свядомасці жыла ідэя былой незалежнасці Вялікага княства Літоўскага, якая яскрава адлюстроўвалася ў так званым літвінскім патрыятызме. Расійскі ўрад дакладна рэагаваў на гэту асаблівасць менталітэту мясцовага дваранства і па-рознаму падыходзіў да вырашэння амаль усіх найбольш істотных праблем былога Вялікага княства і асабліва Польшчы. Напярэдадні вайны з Францыяй імператару Аляксандру І неабходна было забяспечыць падтрымку з боку дваранства Літвы і Беларусі. Таму імператар істотна знізіў падаткі, які паступалі ў казну з Вялікага княства Літоўскага, і выказаў жаданне аднавіць яго цэласнасць пад эгідай Расіі. Па даручэнню імператара у 1811 г. магнаты М.Агінскі, К.Любецкі, К.Пляцер, К.Любамірскі, С.Грабоўскі склалі праект "Палажэння аб кіраванні аўтаномным Вялікім Княствам Літоўскім", у склад якога павінны былі увайсці ўсе тэрыторыі, што адышлі да Расіі ад былой Рэчы Паспалітай. Першым крокам на шляху да аўтаноміі павінна было быць абвяшчэнне маніфеста Вялікага княства Літоўскага. Прадугледжвалася таксама паступовае на працягу 10 гадоў, асабістае вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Відаць у гэтай сувязі трэба разглядаць публікацыi на польскай і рускай мовах у 1811 г. "Статута Вялікага Княства Літоўскага" з польскага выдання 1786 г.

Акрамя ідэі аўтаноміі Вялікага княства Літоўскага Аляксандр І меў і іншы план, прапанаваны князем А.Чартарыйскім. Мелася на ўвазе аднавіць усё Каралеўства Польскае ў межах 1772 г., не звяртаючы ўвагі на княства. Гэты план падтрымліваўся большасцю польскай і апалячанай шляхты Літвы і Беларусі. Аднак дыялог з дваранствам не атрымаўся. Ажыццяўленне праектаў зацягвалася, а вайна з Напалеонам карэнным чынам змяніла становішча Беларусі. Тым не менш, праца над новым выданнем Статута працягвалася. У выданні 1811 г. былі зроблены памылкі. Пераклад быў выкананы з польскага тэксту, а не з арыгінала, 17 лістапада 1828 г. камітэт міністраў прыняў рашэнне стварыць камісію для перакладу і выдання Статута 1588 г. на рускай і старажытнабеларускай мовах, а таксама яго польскага перакладу 1614 г. Праца камісіі была закончана ў 1834 г. Аднак паўстанне 1830—1831 гт. поўнасцю пахавала ідэю аўтаноміі. Урадам імператара Мікалая І была распрацавана праграма зліцця далучаных зямель з імперыяй. Яна поўнасцю супадала з новым курсам самадзяржаўя на ўніфікацыю агульнарасійскага заканадаўства, якое знайшло адлюстраванне ў кадыфікацыі законаў Расійскай імперыі. Важным мерапрыемствам у гэтым напрамку было ўвядзенне ўказам ад 1 студзеня 1831 г. расійскага заканадаўства ў Магілёўскай і Віцебскай губернях, а таксама адмена 25 чэрвеня 1840 г. дзейнасці Статута Вялікага княства Літоўскага на тэрыторыях Мінскай, Віленскай, Гродзенскай губерняў і Беластоцкай вобласці. У 1840—1842 гг. урадам былі праведзена шэраг мерапрыемстваў па упарадкаванню мясцовага справаводства. Яго вынікам стаў указ 18 ліпеня 1840 г., які прадпісваў замест агульнага наймення Беларускі і Літоўскіх губерняў выкарыстоўваць іх асобныя назвы: Віцебская, Магілёўская, Віленская і Гродзенская. Мінская губерня афіцыяльна не адносілася ні да Беларускіх, ні да Літоўскіх. Урад Мікалая І паступова замяняў назвы "Украіна" і "Літва" на Паўднёва-Заходні і Паўночна-Заходні край. Назва "Беларусія" і "беларускі" край, як і "Маларасія", "маларасійскі"і "Вялікарасія", "вялікароскі" афіцыйна не выключаліся з дзяржаўнага i афiцыйнага ўжытку паколькi мелi агульны коррань «рос», якi сведчыў, з пункту гледжання ўрада, аб адзiнстве паходжання «трох плямён русскага народа».

Канфесіянальная палітыка.Асноўным зместам канфесіянальнай палітыкі на тэрыторыі Беларусі было аднаўленне страчаных пазіцый праваслаўя. Аднак формы і метады дасягнення галоўнай мэты пры Аляксандры І і Мікалаі І былі неаднолькавымі. Нягледзячы на сваё пануючае становішча ў эпоху імператара Аляксандра І праваслаўная царква знаходзілася ў цяжкім матэрыяльным і маральным стане. Веруючымі ў асноўным былі прыгонныя сяляне, бедная шляхта і мяшчане. Дваранства, пераважна каталіцкае, мала клапацілася пра ўладкаванне праваслаўных прыходаў. Больш таго, пачасціліся выпадкі пераводу праваслаўных у каталіцызм, уз'яднанне уніятаў з праваслаўем спынілася. Шырокай свабодай карысталася каталіцтва і нават пратэстантызм. 3 дазволу імператара па ўсёй Беларусі зацвярджаліся езуіцкія місіі. Полацкая езуіцкая калегія загадам ад 12 студзеня 1812 г. была ўзведзена ў ранг акадэміі з правамі універсітэта. Толькі пасля вайны 1812 г., у ходзе якой выявілася супрацоўніцтва каталіцкага духавенства з напалеонаўскай адміністрацыяй, езуіты былі выдвараны з Расіі, а іх маёмасць канфіскавана. Тады ж была скасавана і Полацкая акадэмія.

Актывізацыя каталіцызму адбілася на становішчы уніяцкай царквы Беларусі. Раз'язджаючы па уніяцкіх прыходах, каталіцкія ксяндзы аб'вяшчалі, што быццам ёсць прадпісанне расійскага ўрада неадкладна далучыць уніятаў да католікаў. Былі выпадкі гвалтоўнага захопу католікамі ўніяцкіх храмаў. Значную шкоду аўтарытэту уніяцкай царквы нанеслі базыліяне, прыхільнікі далейшай лацінізацыі царкоўнай уніі. Польская гісторыя, мова і літаратура былі асноўнымі прадметамі базыліянскіх школ. У выніку пастаянных скаргаў іерархаў уніяцкай царквы ў Санкт-Пецярбург у І805 г. каталіцкая калегія была падзелена на два дэпартаменты, каталіцкі і уніяцкі, а ў 1830 г. было забаронена схіляць уніятаў да каталіцтва. Аднак барацьба ўнутры самой уніяцкай царквы паміж базыліянамі і белым духавенствам, прыхільнiкамі яе "чысціні", не спыняліся. У 1822 г. міністр духоўных спраў і народнай асветы князь А. Галіцын прапанаваў уніяцкаму дэпартаменту закрыць базыліянскія манастыры, якія знаходзіліся ў населеных. пунктах з праваслаўным насельніцтвам. У выніку ў Беларускай базыліянскай правінцыі засталося 18 манастыроў, у Літоўскай — 12. Уніяцкаму духавенству было перададзена каля 600 душ сялян і больш за 14 тыс. дзесяцін зямлі.

Наши рекомендации