Прыгранічныя баі ў Беларусі
Напад на СССР, у тым ліку на Беларусь, гітлераўцы пачалі моцным артылерыйскім абстрэлам прыгранічных раёнаў, пасля чаго ў наступленне перайшлі сухапутныя войскі. Адначасова фашысцкая авіяцыя бамбіла месцы размяшчэння савецкіх войск, аэрадромы, казармы, чыгуначныя вузлы, гарады і інш. У першы дзень баявых дзеянняў паветраныя сілы СССР страцілі 1200 баявых самалётаў, 738 з іх было знішчана на тэрыторыі Беларусі, прычым 528 непасрэдна на аэрадромах. Нехапала боепрыпасаў, і таран выкарыстоўваўся савецкімі лётчыкамі ў якасці апошняга сродку бою. Яго роля як маральнага фактара, была даволі высокай, таран дастаўляў шмат непрыемнасцей германскім паветраным асам. У першыя гадзіны вайны таранілі варожыя самалёты лётчыкі П.С.Рабцаў, А.С.Данілаў, С.М.Гудзімаў, Д.В.Кокараў.
Галоўны ўдар па савецкіх войсках у Беларусі германская армія нанесла ў раёнах Брэста і Гродна ў паласе абароны 3-й і 4-й савецкіх армій. Тут колькасць нямецкіх войскаў у жывой сіле і тэхніцы пераўзыходзіла савецкія войскі ў 5 разоў. Гэтыя два ўдарныя кулакі павінны былі зламаць супраціўленне Чырвонай Арміі з наступным выхадам на аператыўную прастору і авалоданнем гарадамі Мінск і Смаленск. У першыя дні вайны быў дапушчаны стратэгічны пралік савецкага ваеннага камандавання. На Беластоцкім выступе было сканцэнтравана 26 савецкіх дывізій, у тым ліку 8 танкавых і 4 матарызаваных, а гэта каля 350 тыс. салдат і афіцэраў і 2 тыс. танкаў. Флангавыя ўдары германскіх войскаў на Брэсцкім і Гродзенскім напрамках прывялі да таго, што гэтыя сілы трапілі ў акружэнне.
У выніку мэтанакіраванай дзейнасці дыверсантаў у тыле Чырвонай Арміі былі разбураны вузлы сувязі, згублена кіраўніцтва войскамі. 22 чэрвеня ў штаб Заходняга фронту (створанага з войск Акругі) з Масквы прыйшла дырэктыва наркома абароны С.Цімашэнкі, у якой патрабавалася неадкладна распачаць наступальныя дзеянні «з мэтай разгрому нямецкіх груповак у раёнах, дзе яны парушылі дзяржаўную граніцу». Арганізаваць наступленне было немагчыма, але з самага пачатку вайны германскія войскі адчулі на сабе моц супраціўлення, якога яны не сустракалі ў Еўропе. Нягледзячы на адыход часцей Чырвонай Арміі ад Гродна, 29-я танкавая дывізія контратакавала праціўніка і часова адкінула яго на некалькі кіламетраў на захад.
Усяму свету вядома гераічная абарона Брэсцкай крэпасці. Знаходзячыся ў поўным акружэнні, без вады і ежы, пры вострай нястачы боепрыпасаў і медыкаментаў, гарнізон крэпасці амаль месяц мужна змагаўся з ворагам. Гарнізон чакаў наступлення Чырвонай Арміі і зняцця блакады, але Чырвоная Армія была ўжо далёка на Усходзе. Мужнасць і гераізм праявілі афіцэры П.М.Гаўрылаў, I.М.Зубачоў, Я.М.Фамін, У.В.Шаблоўскі, М.В.Несцярчук, А.I.Махнач, сяржанты Р.К.Семянюк, А.Д.Раманаў, Т.Г.Грабянюк і інш. За бессмяротны подзвіг Брэсцкай крэпасці прысвоена ганаровае званне «Крэпасць-герой».
26 чэрвеня 1941 г. нямецкія механізаваныя часці ўжо падступілі да сталіцы Беларусі. Войскі 13-й арміі пад камандаваннем генерал-лейтэнанта П.М.Філатава ўтрымлівалі рубяжы да 28 чэрвеня. Гераічна змагаліся воіны 100-й стралковай дывізіі генерал-маёра І.М.Русіянава, якія выкарыстоўвалі для барацьбы з варожымі танкамі звязкі гранат, а таксама бутэлькі з гаручай сумессю – знакаміты «кактэйль Молатава» і знішчылі больш як 100 танкаў і бронемашын праціўніка. Аднак, з паўднёвага захаду да сталіцы прарваўся 47-мы матарызаваны корпус з групы Гудэрыяна. 28 чэрвеня ў акружэнне пад Мінскам трапілі войскі 3-й, 4-й, 10-й і значная частка сіл 13-й савецкіх армій. Па звестках нямецкага камандавання ў аперацыях пад Беластокам, Брэстам і Мінскам часці вермахта захапілі ў палон 330 тыс. ваеннаслужачых, больш за 3000 гармат і 3332 танкі, а таксама шмат боепрыпасаў і вайсковай маёмасці.
Мінск вельмі пацярпеў пад час абароны. Горад рэгулярна бамбіла нямецкая авіяцыя, ён гарэў. Цэнтралізаваная эвакуацыя з горада не праводзілася. Яшчэ 24 чэрвеня штаб Заходняга фронту, кіраўнікі кампартыі і ўрада рэспублікі выехалі ў Магілёў. Пры гэтым не быў эвакуіраваны архіў СНК БССР, а кіраўніцтва Вярхоўнага Савета пакінула ў сейфе спісы членаў урада, кіруючых работнікаў Вярхоўнага Савета, ЦК ЛКСМБ з указаннем хатніх адрасоў і пералічэннем членаў іх сем’яў. На падставе гэтых дакументаў адбыліся першыя масавыя арышты і расстрэлы ў Мінску.