Вызваленчы паход у Еўропу
Пасля завяршэння аперацыі «Баграціён» было праведзена 20 буйных наступальных аперацый, якія вызначылі канчатковую перамогу краін антыгітлераўскай кааліцыі над нямецка-фашысцкім блокам і мілітарысцкай Японіяй.
У ходзе летне-асенняга наступлення 1944 г. толькі ў трох ваенных аперацыях – Беларускай, Львоўска-СандамірскайіЯска-Кішынёўскай на фронце працягласцю 2200 кіламетраў – ад Заходняй Дзвіны да Чорнага мора было разгромлена звыш 170 дывізій праціўніка. Амаль поўнасцю была вызвалена тэрыторыя СССР. Выведзены з вайны саюзнікі Германіі – Румынія, Балгарыя, Фінляндыя і Венгрыя. Вельмі напружанымі былі баі на подступах да Усходняй Прусіі ў Прыбалтыцы. Германскае кіраўніцтва, як у свой час савецкае, прымае надзвычайныя меры па ўмацаванню баявога духу салдат. Са снежня 1944 г. дэзерціры прыгаворваліся да смяротнага пакарання, а іх сем’і да канфіскацыі маёмасці і пазбаўлення свабоды. У сакавіку 1945 г. у вермахце былі ўведзены ваенна-палявыя суды. Блізілася расплата за развязаную вайну і гэта стала асновай упартага супраціўлення наступленню савецкай арміі.
12 студзеня 1945 г. войскі шасці франтоў, у тым ліку трох Беларускіх, пачалі Усходне-Прускую, Вісла-Одэрскуюі Заходне-Карпацкую наступальныя аперацыі. Савецкае камандаванне змагло забяспечыць значную перавагу над праціўнікам у жывой сіле, а таксама ў тэхніцы. У выніку гэтых аперацый было знішчана і разгромлена больш за 100 дывізій, вызвалена амаль уся Польшча і частка Чэхаславакіі. Савецкія войскі прасунуліся на захад больш чым на 500 кіламетраў, выйшлі на р. Одру за 60 кіламетраў ад Берліна.
Пры вызваленні польскай сталіцы Варшавы вылучыліся салдаты і афіцэры 47-й арміі, якой камандаваў ураджэнец Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці, генерал-лейтэнант Ф.І.Перхаровіч, які быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Гераічна змагаліся на польскай зямлі тысячы салдат і малодшых камандзіраў, выхадцаў з Беларусі. Радавы П.В.Касцючык, баец 218-га стралковага палка, ураджэнец Пухавіцкага раёна 15 студзеня 1945 г. у крытычны момант бою закрыў сабой амбразуру дзота, за што яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. А ўсяго 61 беларус за свае гераічныя ўчынкі, здзейсненыя пры вызваленні Польшчы быў удастоены зоркі Героя.
У выніку паспяховага ажыццяўлення Карпацска-Дуклінскай аперацыісавецкія войскі сумесна з 1-м чэхаславацкім армейскім корпусам, які быў сфарміраваны на тэрыторыі Савецкага Саюза, уступілі на тэрыторыю Чэхаславакіі. 5 мая ў Празе пачалося паўстанне, паўстаўшыя звярнуліся да савецкага камандавання з просьбай аб дапамозе. 9 мая 1945 г. пры актыўнай падтрымцы насельніцтва вызвалілі Прагу.
140 тыс. воінаў Чырвонай Арміі загінулі ў баях за свабоду і незалежнасць чэхаславацкага народа.
Чырвоная Армія выканала сваю вызваленчую місію, вызваліўшы адзінаццаць краін Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы з насельніцтвам 113 млн. чалавек.