Перыядызацыя Другой сусветнай вайны
Другая сусветная вайна цягнулася амаль шэсць год з 1 верасня 1939 года па 2 верасня 1945 года. У яе была ўцягнутая 61 дзяржава, у якіх пражывала больш за 80% насельніцтва планеты. Ваенныя дзеянні адбываліся на тэрыторыі 40 дзяржаў, а таксама на большасці марскіх і акіянскіх прастораў. У гістарыяграфіі Другая сусветная вайна падзяляецца на пяць асноўных перыядаў:
· Першы перыяд(1 верасня 1939 – 21 чэрвеня 1941 гг.) характарызуюцца актыўнай дзейнасцю Германіі ў Еўропе. Пад час яго германскія войскі пры дапамозе саюзнікаў захапілі амаль усю Еўропу. У азіяцкім рэгіёне Японія праводзіла агрэсіўную захопніцкую палітыку ў Кітаі пры неўмяшальніцтве вядучых краін рэгіёну – Вялікабрытаніі і ЗША;
· Другі перыяд (22 чэрвеня 1941 – 18 лістапада 1942 гг.) характарызуецца пачаткам ваеннага супрацьстаяння Германіі і СССР, пад час якога планы «маланкавай вайны» правальваюцца. Пачынаецца Вялікая Айчынная вайны савецкага народа. Значна пашыраецца кола ўдзельнікаў вайны – да яе далучаюцца ЗША, якія зведалі агрэсіўны напад Японіі. Складваецца моцная антыгітлераўская кааліцыя;
· Трэці перыяд (19 лістапада 1942 – 31 снежня 1943 гг.) – гэта карэнны пералом у Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайне. У выніку перамог СССР на ўсходнім фронце, ЗША ў Ціхім акіяне, Англіі і ЗША ў Афрыцы – адбываецца пераход стратэгічнай ініцыятывы да саюзнікаў;
· Пад час чацвёртага перыяду (1 студзеня 1944 – 9 мая 1945 гг.) адбываецца поўны разгром германа-італьянскага блока, быў адчынены другі фронт (заходні) у Еўропе, капітулявала Германія. У гэты перыяд скончылася Перамогай Вялікая Айчынная вайна. Адначасова пачынае складвацца сістэма пасляваенных адносін паміж дзяржавамі свету;
· У завяршальны пяты перыяд (9 мая – 2 верасня
1945 г.) адбываецца разгром імперыялістычнай Японіі, народы Азіі вызваляюцца ад японскіх акупантаў. Але адначасова, ўпершыню ў гісторыі, без усялякіх падставаў, супраць мірнага насельніцтва выкарыстоўваецца ядзерная зброя. І гэта робіць не краіна-агрэсар, а ЗША – адна з краін-пераможцаў. Такім антычалавечным фактам была завершана Другая сусветная вайна.
Перыядызацыя падзей вайны на Беларусі супадае з разгледжанай намі агульнай перыядызацыяй. Больш падрабязна выдзяляюць перыяды, звязаныя з акупацыяй, існаваннем акупацыйнай сістэмы і вызваленнем беларускай тэрыторыі. Асобныя перыядызацыі існуюць у дачыненні развіцця партызанкі і падполля, дзейнасці калабаранцкіх арганізацый і па некаторым іншым праблемам.
РАЗДЗЕЛ I. САВЕЦКІ САЮЗ І ІНШЫЯ КРАІНЫ СВЕТУ НАПЯРЭДАДНІ І Ў ПАЧАТКУ ДРУГОЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ