Уз’яднанне Беларусі. Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя пераўтварэнні ў заходніх абласцях БССР
Пасля працяглага перыяду нявырашанасці аграрнага пытання беларускія сяляне атрымалі магчымасць здзейсніць свае эканамічныя патрэбы. Сялянскія камітэты дзялілі памешчыцкую, асадніцкую, царкоўную землі, бралі на ўлік маёмасць, інвентар, жывёлу і запасы збожжа ў маёнтках. Малазямельныя і беззямельныя сяляне атрымалі 431 тыс. га ворнай зямлі, 14 тыс. коней і 33,4 тыс. кароў, ім выдзелілі зерне на пасеў. У выніку было ліквідавана памешчыцкае землеўладанне, серадняцкая праслойка ў вёсцы стала пануючай.
У гарадах часовыя ўправы бралі на ўлік фабрыкі і заводы, арганізоўвалі вытворчасць, забяспечвалі насельніцтва харчаваннем, наладжвалі медыцынскае абслугоўванне, вялі барацьбу са спекуляцыяй, адчынялі школы. Адчыняліся бясплатныя бальніцы, амбулаторыі, медыцынскія пункты. Восенню 1939 г. адчыніліся новыя школы (усяго было 5643 школы, з іх 4278 – з беларускай мовай навучання). Адукацыя дэмакратызавалася, пераводзілася на родную мову. У школы пайшлі дзесяткі тысяч дзяцей рабочых і сялян.
Аднак пытанні аб дзяржаўнай уладзе, аб самавызначэнні Заходняй Беларусі, згодна з палітычнай еўрапейскай традыцыяй, маглі быць вырашаны толькі ці праз рэферэндум-плебесцыт ці паўнамоцным прадстаўнічым органам, абраным народам. Масква была вельмі зацікаўлена ў чысціні прававой працэдуры далучэння да СССР новых тэрыторыяў. 1 кастрычніка 1939 г. была прынятая пастанова Палітбюро ЦК УКП(б) «Пытанні Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны», якая складалася з 33 пунктаў. Пастанова абавязвала склікаць Украінскі і Беларускі Народныя сходы з выбарных, вызначала змест рашэнняў, якія павінны былі прымацца на сходах.
Выбары адбыліся 22 кастрычніка 1939 г. у абстаноўцы палітычнага ўздыму і пад пільным наглядам Камуністычнай партыі. На 929 участкаў прыйшло 2672280 асобаў (гэта 96,7% выбаршчыкаў), з іх 96,7% галасавалі за «народны спіс». З 929 абраных дэпутатаў Народнага сходу прадстаўнікоў сялянства – 563, рабочых – 197, інтэлігенцыі – 112, служачых – 29, саматужнікаў – 25. Сярод іх беларусаў налічвалася 621, палякаў – 127, яўрэяў – 72, украінцаў – 53, рускіх – 43 і 13 прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Пераважалі былыя актыўныя ўдзельнікі рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі.
Народны сход аднагалосна прыняў 29 кастрычніка дэкларацыю аб устанаўленні Савецкай улады ў Заходняй Беларусі. Аднагалосна была прынятая і дэкларацыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР, дзе змяшчаўся зварот да Вярхоўнага Савета СССР і БССР аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Савецкага Саюза і БССР, аб’яднанні беларускага народа ў адзіную дзяржаву ў мэтах «пакласці канец раз’яднанню беларускага народа». 30 кастрычніка былі прыняты дэкларацыі аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці і канфіскацыі памешчыцкіх зямель. 17 верасня Народны сход абвясціў Днём усенароднага свята.
2 лістапада нечарговая V сесія ВС СССР першага склікання задаволіла просьбу Народнага сходу Заходняй Беларусі і ўключыла Заходнюю Беларусь у склад СССР з уз’яднаннем яе з БССР. На нечарговай III сесіі ВС БССР 14 лістапада прымаецца закона, у якім было запісана: «Прыняць Заходнюю Беларусь у склад БССР і ўз’яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзінай Беларускай дзяржаве». У склад БССР увайшла тэрыторыя плошчай 100 тыс. кв. км. з насельніцтвам 4,7 млн. чалавек. Плошча БССР павялічылася са 125,6 тыс. кв. км да 225,6 тыс. кв. км, насельніцтва – з 5,6 млн. да 10,3 млн. чалавек. У складзе БССР было ўтворана 10 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Віцебская, Вілейская, Гомельская, Мінская, Магілёўская, Палеская, Пінская і 188 раёнаў.
1 лістапада 1939 г. беларусы даведаліся, што Віленскі край Савецкі ўрад адлучыў ад Заходняй Беларусі і перадаў Літве. Гэта 6656 кв. км. з 457 тыс. чалавек, з якіх літоўцаў было толькі 100 тыс. Пагадненне аб яе перадачы было падпісанае яшчэ
10 кастрычніка 1939 г., але яно не публікавалася, аж пакуль выбары ў Народны Сход Заходняй Беларусі і беластоцкая сесія не адышлі ў гісторыю. Волі насельніцтва ніхто не пытаў і нацыянальнага складу яго не ўлічваў.
Далейшыя мерапрыемствы на далучаных тэрыторыях выдзяляюцца ў некалькі груп. Гэта ўвядзенне адзінай сістэмы адміністрацыйнага падзелу і стварэнне сістэмы органаў улады; эканамічныя і сацыяльныя пераўтварэнні; змены ў культуры і адукацыі; мерапрыемствы ў сферы абароны.
У канцы 1939 г. у Заходняй Беларусі быў уведзены новы адміністрацыйна–тэрытарыяльны падзел: вобласці, раёны, сельсаветы. Створаны 5 абласцей – Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская і 101 раён. 24 сакавіка 1940 г. тут адбыліся першыя выбары ў Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР. У галасаванні ўдзельнічала 99,3%выбаршчыкаў. За кандыдатаў «блока камуністаў і беспартыйных» прагаласавала 98,1% выбаршчыкаў. У органах кіравання – як савецкіх, так і партыйных – пераважалі спецыялісты, прысланыя з Усходняй Беларусі і Савецкай Расіі. Колішнія сябры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі арыштоўваліся і рэпрэсіраваліся, а партыя была яшчэ ў 1938 г. распушчана Камінтэрнам, разам з Польскай камуністычнай партыяй. У канцы 1939 – пачатку 1940 г. былі створаны партыйныя органы кіравання. Для арганізацыі іх работы накіравалі 4500 камуністаў. У пачатку 1941 г. дзейнічалі ўжо 1232 пярвічныя партарганізацыі, якія аб’ядноўвалі 16048 камуністаў. Да мая 1940 г. на работу сярод моладзі з усходу было накіравана 6200 камсамольцаў. У верасні дзейнічала ўжо 2041 пярвічная камсамольская арганізацыя, якая аб’ядноўвала 23611 камсамольцаў. Гэтыя арганізацыі павінны былі ажыццяўляць сярод мясцовага насельніцтва пільны ідэалагічны кантроль. Была забаронена дзейнасць усіх палітычных партый, акрамя камуністычнай.
У эканоміцы адбываліся сацыялістычныя пераўтварэнні. У лістападзе-снежні 1939 г. пачалася нацыяналізацыя прамысловых прадпрыемстваў, у тым ліку, дробных і банкаў. Адначасова пашыраліся існаваўшыя прадпрыемствы, будаваліся новыя фабрыкі і заводы. У канцы 1940 г. тут дзейнічалі 392 прамысловыя прадпрыемствы, на якіх былі заняты каля 40 тыс. рабочых. Аб’ём валавой прадукцыі прамысловасці павялічыўся амаль у 2 разы ў параўнанні з 1938 г. і склаў 27,6% прамысловай вытворчасці рэспублікі. У другой палове 1940 г. пачалося інтэнсіўнае будаўніцтва аэрадромаў, мастоў, віядукаў, пад’язных дарог. Гэтыя мерапрыемствы хутка пашыралі колькасць пралетарыяту – сацыяльнай апоры савецкай улады. Лічылася, што сялянства ў Заходняй Беларусі знаходзіцца пад моцным уплывам дробнабуржуазнай ідэалогіі маёмаснікаў і з гэтай нагоды не можа выконваць ролю апоры савецкага строю на новых тэрыторыях.
У сельскай вытворчасці ствараліся калектыўныя гаспадаркі, але ўлады не пайшлі па шляху масавай прымусовай калектывізацыі. Гэта абавязкова б вызвала ўсеагульнае сялянскае выступленне, якое паставіла б пад сумленне правамоцнасць дабравольнага далучэння Заходняй Беларусі да СССР. Тым не менш, да чэрвеня 1941 г. мелася 1115 калгасаў, якія аб’ядноўвалі 49 тыс., ці каля 7% сялянскіх гаспадарак. Іх абслугоўвалі 101 МТС з 997 трактарамі і сельскагаспадарчымі машынамі. На землях лепшых маёнткаў было арганізавана 28 саўгасаў. Пераход да калектывізацыі выклікалі супраціўленне часткі сялян, асабліва заможных, але выпадкі падпалу калгасных будынкаў, тэрарыстычных актаў былі адзінкавымі. Нацыяналізацыя прамысловасці, пераадоленне беспрацоўя, павышэнне заработнай платы, пераразмеркаванне зямлі забяспечылі пэўны рост жыццёвага ўзроўню рабочых і сялян.
Пасля 20-ці год моцнай паланізатарскай палітыкі насельніцтва атрымала магчымасці развіваць і карыстацца дасягненнямі сваёй, беларускай культуры. Сістэма адукацыі была пераведзена на родную мову. З 5643 школ (ахоплівалі
774,5 тыс. дзяцей) 4278 былі беларускамоўнымі, а ў 1365 дзеці вучыліся на рускай, польскай, яўрэйскай і літоўскай мовах. Былі адкрыты 4 ВНУ і 25 педвучылішчаў, медвучылішчаў, тэхнікумаў. На беларускай, польскай мовах сталі выдавацца газеты, адкрыліся 5 драмтэатраў і 100 кінатэатраў, 220 бібліятэк з фондам 446 тыс. кніг. Улічваліся і нацыянальныя асаблівасці заходняга рэгіёну. У 1940 г. у Беластоку былі адчынены польскі і яўрэйскі драматычныя тэатры. У красавіку 1941 г. у Гродне адкрыўся музей польскай літаратуры імя Э.Ажэшкі, працавалі рэдакцыі польскага радыёвяшчання.
Напружанасць у грамадстве выклікалі арышты і дэпартацыі ў заходніх абласцях рэспублікі. 5 снежня 1939 г. кіраўнік НКУС СССР Л.Берыя загадаў высяляць з заходніх абласцей Беларусі работнікаў лясной аховы і ваенных асаднікаў. З лютага 1940 г. па 20 чэрвеня 1941 г. было рэпрэсіравана больш як 125 тыс. чалавек. Сярод дэпартыраваных ва ўсходнія і паўночныя раёны Савецкага Саюза былі асаднікі, работнікі лясной аховы, члены іх сямей, арыштаваныя раней паліцэйскія, жандары, фабрыканты, памешчыкі, асобы, якія не жадалі прымаць савецкае грамадзянства і інш.
Пры падтрымцы польскага эміграцыйнага ўрада і касцёла на тэрыторыі Заходняй Беларусі была створана канспіратыўная сетка польскага падполля. Толькі з кастрычніка 1939 г. па ліпень 1940 г. былі выкрытыя 109 падпольных арганізацый, якія аб’ядноўвалі 3231 удзельніка, з якіх 2904 чалавекі былі польскай нацыянальнасці.Самымі ўплывовымі падпольнымі арганізацыямі былі «Саюз узброенай барацьбы», «Саюз польскіх патрыётаў», «Стральцы», «Сокал», «Вызваленцы», «Партызанка». Яны рыхтавалі аднаўленне Польшчы ў межах да 1 верасня 1939 г.
Абапіраючыся на эканамічны і навукова-тэхнічны патэнцыял усёй краіны, заходнія вобласці БССР за год і дзевяць месяцаў пасля ўз’яднання зрабілі значны крок у сацыяльна-эканамічным развіцці і ажыццяўленні культурных пераўтварэнняў, нягледзячы на недахопы камандна-адміністрацыйнай сістэмы.