В. дзм. ліцвінка
Прадмова да аблічбанавага выдання
Вітаю!
Мяне зваць Аляксандр. Калі ў мяне з’яўляецца вольны час я захапляюся беларускай мовай. Мяне цікавяць пераклады на беларускую мову, аблічбоўка і распазнаванне кніг і ўсё што звязана з роднай мовай. Я аблічбаваў гэтую кнігу толькі з адной мэтай, каб пашырыць уплыў беларускай мовы ў нашым грамадстве. Нажаль, абставіны склаліся так, што мы не маем паўнавартаснай падтрымкі роднай мовы і ўвогуле забываемся пра яе размаўляючы ўвесь час на замежнай мове.
Буду спадзявацца, што мая праца будзе карысная для вялікай колькасці людзей…
Жыве Беларусь!
Skype: al.koshal
Email: al.koshal[at]ovi.com
З павагай, Аляксандар
БЕЛАРУСКІ НАРОДНЫ КАЛЯНДАР
Аўтар-укладальнік
АЛЕСЬ ЛОЗКА
МІНСК
“ПОЛЫМЯ”
ББК 63.5
Б 43
Рэцэнзент
кандыдат філалагічных навук
В. Дзм. Ліцвінка
Мастак А. І. Дашкевіч
ISBN 3-345-00495-1 | ©Укладанне. А.Ю. Лозка, 1993 |
©Афармленне. А.І. Дашкевіч, 1993 |
З ГІСТОРЫІ КАЛЕНДАРА
Слова “каляндар” паходзіць ад старажытнарымскага “календы” (“calendae”), што азначала: першыя чыслы кожнага месяца (дні маладзіка). Найменне адпавядае і слову “каляндарыум” — кніга, куды запісваліся даўгі, працэнты па якіх патрэбна было плаціць, і маладзіковыя дні.
Месяцавыя (“лунные”) меры часу — найстаражытнейшыя. Лік часу толькі па звароту Месяца, што існаваў у першабытным грамадстве, называўся месяцавым календаром. Дагэтуль захавалася ў побыце сялян завядзёнка пачатак розных работ суадносіць з пэўнымі квадрамі Месяца: маладзік, веташок, падпоўня, поўня, зыход і г. д. Развіццё земляробства, жывёлагадоўлі прывяло першабытнага чалавека да карыстання і большымі храналагічнымі мерамі: сезонамі, гадамі. Так з’явіліся ў старажытным свеце сонечны і сонечна-месяцавы календары. Апошні ўжо змяшчаў некалькі месяцавых пораў (прыблізна 12,4). Праз шэраг гадоў дадавалі цэлую месяцавую пару, каб прыблізіць месяцавы год да сонечнага.
Чалавецтва на працягу свайго існавання ўдасканальвала меры часу, каб каляндар лепш адпавядаў астранамічнаму году. У 46 годзе да н. э. у Старажытным Рыме, дзе дзейнічаў складаны і нязручны сонечна-месяцавы каляндар, праслаўлены палкаводзец і ўладар Юлій Цэзар здзейсніў рэформу ў летазлічэнні. Згодна новаўвядзенню, Новы год пачалі святкаваць з 1 студзеня, а працягласць года стала раўняцца 365,25 сутак. Эра вызначалася “ад стварэння свету” — у 5508 годзе да н. э. Так, напрыклад, 1993 год неабходна лічыць 7501 годам “ад стварэння свету” (5508+1993).
У VIII стагоддзі была прынята новая эра — ад дня Нараджэння Ісуса Хрыста, 7 студзеня (25 снежня па старым стылі) 0-га года. Гэтую дату ўстанавіў, зрабіўшы складаныя разлікі, рымскі манах, папскі архіварыус Дзіянісій у VI стагоддзі.
Юліянскі каляндар адставаў ад астранамічнага года. За 128 гадоў набіраліся цэлыя суткі. Таму ў 1582 годзе рымскі папа Грыгорый XII, асноўваючыся на праекце італьянскага ўрача, матэматыка і астранома Алаізія Ліліё, правёў рэформу: 4 кастрычніка быў аб’яўлены 15-ым і ўпарадкаваны высакосныя гады.
Археалагічныя знаходкі з кляндарамі “чертами и резами” і спроба расшыфрокі іх Б. Рыбаковым
Грыгарыянскі каляндар стаў больш дакладным і разыходзіўся ў адны суткі з астранамічным часам не за 128 гадоў, а за 3323. Цяпер усе краіны ў міжнародных адносінах карыстаюцца агульнапрынятым сонечным грыгарыянскім календаром. Аднак ва ўнутраным і рэлігійным жыцці некаторыя ўжываюць месяцавыя і сонечна-месяцавыя. Так, у Паўднёва-ўсходняй Азіі яшчэ папулярны старажытны цыклічны каляндар, які першапачаткова ўзнік у Кітаі. Ён сонечна-месяцавы і вядзе годазлічэнне не стагоддзямі, а цыкламі па 60 гадоў. Кожны цыкл складаецца з шасці 10-гадовых і адначасова пяці 12-гадовых перыядаў. Цікавыя народныя традыцыі цыклічнага календара захаваліся ў Кітаі, Японіі, В’етнаме, Бірме. Месяцавыя календары зберагліся ў мусульманскіх краінах. Сярод сонечных вядомы старажытнаегіпецкі, кумранскі, індзейцаў племя майя і іншыя.
Які каляндар існаваў у беларусаў? Як сведчаць археалагічныя знаходкі, усходнія славяне мелі рэчыўныя календары — на іх язычнікі ўмоўнымі знакамі абазначалі дні свят і ігрышчаў, земляробчых работ. Акадэмік Б. А. Рыбакоў налічвае каля дзесятка сасудаў ІІ—IV вякоў, па якіх раней “чтааху (считали) н гатааху (гадали)”. Спецыяльнага даследавання на матэрыяле беларускіх знаходак пакуль невядома. Акрамя гэтага, усходнеславянскія народы карысталіся драўлянымі брускамі даўжынёй 30—50 сантыметраў з трыма, чатырма ці шасцю гранямі, дзе рабіліся спецыяльныя ўмоўныя нарэзы. Да нас дайшлі народныя разныя календары, вырабленыя паміж XII і XVIII стагоддзямі.
Яшчэ і цяпер у некаторых пажылых людзей захаваліся календары ў сшытках, дзе запісаны для памяці святы і прысвяткі (каляндарныя дні, што не святкуюцца, а толькі адзначаюцца). А ў вёсцы Прыбалавічы Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў запаветным сшытку К. В. Акуліча акрамя кароткага календара маецца некалькі малітваў, цікавых палескіх замоў, а таксама табліца “нешчаслівых” дзён:
студзень: 1, 11, 12, 18, 26;
люты: 2, 16, 18;
сакавік: 1, 3, 12, 13;
красавік: 1, 3, 12, 13;
травень: 3,10, 27, 30;
чэрвень: 12, 17;
ліпень: 15, 18, 30;
жнівень: 1, 3, 17;
верасень: 15, 18, 30;
кастрычнік: 11, 13;
лістапад: 1, 7, 17;
снежань: 17.
На Палессі такія дні яшчэ называюць злымі, нядобрымі, паганымі; яны вядомы і сярод іншых славян. У канцы табліцы прыпіска: “У годзе ёсць 36 нешчаслівых дзён. Хто ў гэтыя дні захварэе, той рэдка ачуняе. Каторыя ў гэтыя дні народзяцца, доўга не жывуць. А калі застануцца яны жывымі, то будуць нешчаслівымі. Хто ў гэтыя дні жэніцца, у сям’і не жыве ...Ніколі не трэба нічога сеяць у адзін з гэтых дзён...” Калі параўнаць табліцу з трыма яе варыянтамі — іх дае С. М. Талстая ў “Палескім народным календары” (М., 1986),— то атрымліваецца, што толькі 11 дзён (выдзеленыя) супадаюць з пазначанымі ў двух варыянтах; калі ж узяць усе тры варыянты, то “злых” дзён стане яшчэ менш. Дарэчы, з днямі магнітных бур на Сонцы, звесткі пра якія паведамляюцца цяпер у перыядычным друку, яны не супадаюць. Аднак не выключана, што іх вылучылі зыходзячы з канкрэтных назіранняў над нябесным свяцілам у супастаўленні з адчуваннем чалавека. Упершыню “злыя” дні сустракаюцца ў каляндарных прыпісках XII—XIII стагоддзяў, часцей у чарадзейных кнігах, якія забараняліся царквою. Хаця зрэдку па недасведчанасці перапісчыкаў яны траплялі і ў кананічныя кнігі славян. Адзін з такіх тэкстаў, напрыклад, трапіў у старажытнарускі “Кветнік” (спіс XVIII стагоддзя): “Сказанне, како прояви Бог детем израилтеским, соблюдая их от всякого зла. Поведа им, яко во всяком месяце по 2 дни злых, в них же ни сеяти, ни садити, ни пахати пашни, ни в новой дом входити, ни свадба играти, ни куплю деяти, ни кровь пущати. Аще кто в оныя дни разболитца, то не встанет, а хотя и встанет, то нездоров будет. Аще младенец в такой день родится, не будет жив, а хотя и будет жив, не избыть ему злые своя фортуны...”
Славянскі разны каляндар. XVII ст.
Кожны дзень тыдня асэнсоўваўся таксама адносна мэтазгоднасці пачынаць тую ці іншую сельскагаспадарчую або сямейную справу. Існавалі яшчэ жаночыя і мужчынскія, посныя і скаромныя дні. Панядзелак — няўдачлівы, нешчаслівы, цяжкі. Не трэба пачынаць нічога важнага, напрыклад сеяць, жаць, будаваць, выбірацца ў дарогу, выганяць першы раз кароў на пашу, снаваць кросны. Гэта мужчынскі дзень, “моцны”. Таму ў некаторых раёнах садзяць агуркі, гарбузы, фасолю, каб былі моцнымі. У панядзелак не падкладваюць яйкі пад курыцу, каб не выводзіліся пеўнікі. Квасяць капусту. Аўторак — мужчынскі, удачлівы дзень. Пачынаюць усякую работу. Серада — няцотны, жаночы, посны дзень. Садзяць агародніну, нарыхтоўваюць капусту. Добры дзень (“на маладзіку”) для закладкі печы, хаты. Чацвер — мужчынскі, спрыяльны для ўсіх работ, акрамя пасадкі агародніны, загатоўкі сала. Лічыцца “чарвівым” днём (па гукавой асацыяцыі: чацвер — чэрві). Пятніца — жаночы, няцотны, посны дзень. У розных раёнах успрымаецца па-свойму: як шчаслівы, так і нешчаслівы. Можна выконваць многія работы ў годзе, асабліва “запасваць тавар” (кароў), сеяць, будаваць, “насаджваць” курыцу і інш. Гукавая асацыяцыя “пятніца — п’яніца” дзесьці зрабіла дзень нешчаслівым. Існуюць забароны на ткацтва і прадзенне, звязаныя з персаніфікацыяй пятніцы ў вобразе святой Параскевы Пятніцы. Субота — жаночы, цотны, апошні дзень. Шмат забарон і абмежаванняў на работы, і найбольш у сувязі з тым, што “свет асноўваўся ў суботу”. Можна сеяць лён і каноплі. Нядзеля — жаночы дзень. Нельга выконваць гаспадарчыя палявыя работы, але не забараняюцца хатнія. Варта пачынаць некаторыя сімвалічныя: першы выган жывёлы, першае ворыва, першы, дзень будоўлі хаты. Забараняецца мыць дзіця і бялізну. Лічыцца, напрыклад, што ў гэты дзень з’яўляюцца на свет цялушкі, а не бычкі.
Вусны народны каляндар уключае багаты вопыт нагляданняў земляроба над навакольным асяроддзем. Сюды ўваходзіць як сістэма размяшчэння пэўных каляндарных дзён, так і прыказкі, прыкметы адносна надвор’я і будучага ўраджаю, а таксама абрады, гульні і песні. Аднак самая цікавая з’ява тут — валачобныя каляндарныя песні. Яны — характэрная адметнасць беларусаў і іншым славянам амаль невядомыя. У паэтычных тэкстах, якія выконваліся на Новы год — Вялікдзень, малюецца радаснае веснавое свята, абуджэнне зямлі, велічаюцца і віншуюцца гаспадар і яго сям’я, паэтызуецца праца і падаецца працоўны каляндар селяніна ў храналагічнай паслядоўнасці. Руплівая збіральніца і даследчыца народнай паэзіі Л. М. Салавей называе валачобную песню “сапраўднай сялянскай паэмай, велічным гімнам земляробу і яго працы” і параўноўвае яе з паэмай Гесіёда “Турботы і дні”. Каб пераканацца ў сказаным, варта прывесці поўны тэкст аднаго з варыянтаў, запісаных у першай палове XIX стагоддзя ў Барысаўскім павеце беларускім этнографам і краязнаўцам Я. П. Тышкевічам. (У дужках даюцца даты па новым і старым стылях таго ці іншага свята, прысвятка.)
Ішлі, прышлі валачобнікі,
Іграючы, спяваючы,
Добрага пана шукаючы.
Добры вечар, пане гаспадару!
Чы спіш, чы ляжыш, пане гаспадару?
Калі ж да спіш,
Бог з табою,
Калі ж ня спіш, моў са мною.
Адчыні акно, паглядзі на двор:
На тваім двары стаіць шацёр,
Навюсенькі, бялюсенькі.
А ў тым шатры залатое крэсла,
На тым крэсле сам Бог сядзіць.
Перад Богам усе святыі
Шыкуюцца, рахуюцца:
Катораму святу наперад пайсці?
Святыя Саракі наперад пайшлі. (22/9 скавіка)
Святы Аляксей сохі чэшаць, (30/7 сакавіка)
Святое Благавешчанне заворываець, (7 красавіка/25 сакавіка)
Святы Вербіч вярбу пасвянцаець, (нядзеля перад Вялікаднем)
Чысты чацвер ячмень засяваець, (дзень вербнага тыдня)
Святое Вялічка з красным яечкам. (адна з нядзель у перыяд з 4 красавіка па 8 траўня)
Першы дзень пірагі маюць,
А сярэдні дзень пагуляюць, (панядзелак, другі дзень Вялікадня)
А паследні дзень выпраўляюць. (аўторак, апошні дзень Вялікадня)
Радаўніца статак запасываець, (першы або другі аўторак пасля Вялікадня)
Святы Юры, божы пасол
Да Бога пайшоў, (6 мая/23 красавіка)
А ўзяў ключы залатыя,
Адамкнуў зямлю сырусенькую,
Пусціў расу цяплюсенькую
На белы свет і на ўвесь свет.
Святы Барыс бабы сеець,
Святы Мікола па межах ходзіць.
Па межах ходзіць, жыта родзіць, (15/2 траўня)
Урасціўся, умачыўся, (22/9 траўня)
Пад залаты пояс падаткнуўся.
Святы Ушэснік — жыта выплываеце (чацвер шостага тыдня пасля Вялікадня)
Святая Сёмуха навозы возіць (нядзеля сёмага тыдня пасля Вялікадня)
І Бога просіць.
Святы Дзевятнік жыта раўнуець, (чацвер на дзевятым тыдні пасля Вялікадня)
Святая Дзесятуха жыта красуець, (пятніца на дзесятым тыдні пасля Вялікадня)
Святы Іван пчолы садзіць (7 ліпеня/24 чэрвеня)
Пад пералазам шасцёра разам.
Святы Пётра жыта спеліць, (12 ліпеня/29 чэрвеня)
Святы Паўлюк граблі робіць, (13 ліпеня/30 чэрвеня)
Святы Дзям’ян сена грабіць, (14/1 ліпеня)
Святы Кузьма сярпы робіць (14/1 ліпеня)
Залатыя, новыя і сталёвыя.
Святы Ілья — слаўная жняя, (2 жніўня/20 ліпеня)
Святы Барыс снапы зносіць, (6 жніўня/24 ліпеня)
Святыя Ганны дамоў возяць, (7 жніўня /25 ліпеня)
Святы Спас жыта пасвянцаець, (29 /16 жніўня)
Святая Прачыстая папары мяшаець (28/15 жніўня)
І жыта засяваець,
А другая ёй памагаець, (21/8 верасня)
Святы Міхайла з халодным ветрам, (19/6 верасня)
Святое Узвіжанне з поля збіраеце (27/14 верасня)
Святы Пакроў зямлю пакрыў, (14/1 кастрычніка)
Зямлю — лістом, а воду — лядом.
Святы Юры грудай гвоздзіць, (9 снежня/26 лістапада)
Святы Мікола снегам мосціць. (19/6 снежня)
Прышлі Калядкі — гаспадарам парадкі (6 студзеня/24 снежня)
Святая Васілля дзяжу мясіла, (14/1 студзеня)
Пірагі пякла і рагатыя, і Сукатыя.
Святое Вадохрышча воду пасвянцаець, (19/6 студзеня)
Людзей пакрапляець.
Святыя Грамніцы свечы пасвянцаюць. (15/2 лютага)
Прыйшлі Саракі да другіх Саракоў. (22/9 сакавіка)
Дай жа, Божа, гаспадарам здароўе!
Дай жа, Божа, каб жыта радзіла
На ніве капамі, а ў гумне скіртамі,
На таку ўмалотам, а ў арудзе спорам,
А ў прудзе намолам,
У дзяжы падходам, а ў печы ростам,
На стале сыццем!
Гаспадарок, дары гасцей,
Не баў, барзджэй.
Нашы дары невялічкі:
У дзверы ня лезуць, у акно шыюць.
Пачынальніку — капу яец,
А памагальнікам — па дзесятку,
Для механоша — тры гроша.
Музыцкая горкая доля:
Што даюць, бярэць тоя.
А не дарыш, прасі ў хату,
Мы на тое прыступаем.
Кварту гарэлкі, сыр на тарэлкі.
Калі ж адзначаўся Новы год у Беларусі? Земляробчыя святкаванні Новага года вядомы вясной, летам, восенню і зімой. Такі дзень звычайна прыстасоўваўся да адпаведнага становішча на небе свяцілаў: сонца, месяца, магчыма нават, і асобных зорак. Часцей гэта было “пасля поўні, Бетаінам”, як гаварылі ў народзе, у першы маладзік пасля веснавога раўнадзенства (20—21 сакавіка), летняга сонцастаяння (21—22 чэрвеня), асенняга раўнадзенства (22—23 верасня) і зімовага сонцастаяння (21—22 снежня).
У народным календары бліжэй да названых дзён стаяць і адпавядаюць навагодняй традыцыі наступныя святы: вясною — Вялікдзень, Пасха (нядзеля ў перыяд з 4 красавіка па 8 мая / па ст. ст. з 22 сакавіка па 25 красавіка); Збор, Ізбор (нядзеля першага тыдня пасля Масленіцы); Аўдоцця Вясноўка (14 сакавіка / 1 сакавіка, першы дзень вясны); Казімір у католікаў (4 сакавіка); Благавешчанне, Звеставанне (7 красавіка / 25 сакавіка, свята прылёту бусла, абрад “гукання вясны”) і інш.; летам — Купалле (раней падчас сонцастаяння, затым у адных рэгіёнах 23 чэрвеня, у другіх 6 ліпеня); восенню — Багач, Багатнік, Багатуха, Другая Прачыстая, Другая Спажа (21 верасня / 8 верасня, старажытнае свята заканчэння ўборкі зерневых); Сямён, на які выконвалі абрад “жаніцьбы коміна” (14 верасня / 1 верасня); зімою — Каляды (з 7 па 18 студзеня); Каляды ў беларусаў-католікаў (з 25 снежня па 5 студзеня); Варвары (17 снежня / 4 снежня).
Старажытныя славяне, якія карысталіся “паганскімі” мерамі часу, у тым ліку і сонечна-месяцавым календаром, з прыняццем хрысціянства прынялі юліянскае летазлічэнне па візантыйскаму ўзору. Але Новы год пачыналі не з 1 верасня, як у Візантыі, і нават не з 1 студзеня, як у Рыме, а па сваёй старажытнай традыцыі — вясною, 1 сакавіка. Пра гэта яскрава сведчаць валачобныя песні.
“....Да ў тым крэсле сам Бог сядзіць,
Каля Бога ўсе святыя
Шахуюцца, рахуюцца,
Каму ўперад на работку выходзіць.
Аўдакея, перва святца,—
Вясна ўсходзе...”
(Ілукстэнскі павет: Сахараў, 1940)
У іншых варыянтах валачобных песень у якасці першага свята года выступаюць розныя, блізкія да веснавога раўнадзенства:
СвятыяСаракі напярод пайшлі...
(Віцебская губерня; Шэйн, 1887)
Благавешчанька,
Перша святка,
Жытцо рушыць...
(Дзісенскі павет,Чэрны, 1895)
...Перша святца і чым заняцца.
Казімірка — дроўцы сячы...
(Міёрскі раён; 1970)
Перша святца — новае летца.
СвятыЯня (Юры.— А. Л.), боскі зданя,
Узяў ключы залатыя,
Адамкнуў зямлю, пусціў расу...
(Браслаўскі раён; 1963)
А святыБарыс — ён у Бога павыш,
Ён коні пасе ў зялёных лугах...
(Шырма, 1962)
Гэтыя прыклады адлюстроўваюць шматварыянтнасць язычніцкага светаўспрымання, імкненне прыстасаваць сваю веру да новай. У “валачобным календары” прадстаўлены ў якасці Новага года і святы, час правядзення якіх залежыць ад становішча нябесных свяціл.
Первага свята — святогаВялікдзень,
Свят Вялікдзень з красным яечкам...
(Шэйн, 1874)
СвятыІзбор
Упярод ступіць,
Зімку зрадзіць,
Сошку ладзіць.
(Міёрскі раён, 1972)
Адначасова з варыянтамі валачобных песень, у якіх на першае месца ставіліся вясновыя дні, бытавала і значная частка іх, дзе ўпаміналася зімовае свята Ражаство:
СвятоРажаство
Упярод пашло,
Новы гадок
Павёў радок.
(Лепельскі раён, 1976)
Гісторыя змен у календары, звязаных з перанясеннем святкавання Новага года, не простая. Рэформы натыкаліся на супраціўленне народа, які даражыў традыцыямі мінулага і не прымаў душою новаўвядзенні. Яскравых прыкладаў у беларускім фальклоры і абрадах аб святкаванні пачатку года восенню не заўважаецца. Магчыма, толькі некаторыя малапрыкметныя рысы таго захоўваюць Багач і Сямён. Адчуваецца, што мацнейшыя вясновыя і зімовыя традыцыі, якія пусцілі глыбокія карані ў свядомасці народа, не далі развіцца новай рэлігійнай абраднасці ў сялянскім побыце. Тая частка Беларусі, што была ў федэратыўным саюзе з Польшчай, у 1582 годзе перайшла на грыгарыянскі стыль. Нечаканы пераход прынёс шмат блытаніны і нават гора. Вось як расказвае Баркулабаўскі летапіс аб увядзенні грыгарыянскага летазлічэння: “Року 1583 календар новый выдан... На тот же час было великое замешание промеж панами и промеж людьми духовными, также и люди простыми было плачу великаго, нарекания силнаго, похвалки, посварки, забуйство, грабежи, заклинания, видячи яко новые свята установляли, купцом торги албо ярмарки отменяли, право было начало пристья антихристова, у таком великом замешанью...” 9 студзеня 1584 года ў Вялікім княстве Літоўскім выйшла спецыяльная грамата, што прадпісвала адзначаць святы ў новым стылі. Прынцыпова доўга карысталася старым календаром уніяцтва. У 1596 годзе пачынальнікі уніі Іпацій Пацей і Кірыла Тарлецкі зрабілі спробу пераводу на новы стыль, але яна была няўдалай. У сваю чаргу сінод Рэчы Паспалітай сваімі актамі неаднаразова прадпісваў меры пакарання тым, хто выкарыстоўваў стары стыль. А царскія ўлады ў далучаных беларускіх землях устанаўлівалі стары юліянскі каляндар і жорстка распраўляліся з уніятамі. Цяпер беларускія уніяты прыстасоўваюць свой каляндар да сучаснага летазлічэння (грыгарыянскага стылю), а ўкраінскія карыстаюцца старым.
Уніяцкі каляндар добра захоўваецца ў беларускай вуснай народнай творчасці. Ён адлюстраваны ў народных прыказках, паданнях, песнях. Больш таго, можна меркаваць, што уніяцкае асяроддзе з яго талерантнасцю, сувяззю з народам, роднай мовай магло творча і дзейсна спрыяць у XVI—XVII стагоддзях як з’яўленню новых вусных твораў, так і развіццю многіх жанраў фальклору. Асабліва гэта адносіцца да “каляндарных” жанраў: прыказак, павер’яў, паданняў, валачобных песень і інш.
На святы і прысвяткі ўніяцкага календара звярталі ўвагу некаторыя даследчыкі фальклору і этнаграфіі мінулага. Так, святар І. Берман у грунтоўнай працы “Каляндар паводле народных паданняў у Валожынскім прыходзе Ашмянскага павета Віленекай губерні” (Спб., 1873), пішучы пра Дзевятнік, заўважаў: “Тутэйшая заходнеруская царква ўрачыста адзначае яго “як векапомнае ўз’яднанне з праваслаўнымі” і праводзіць у гэты дзень хросны ход... У гэты дзень зноў ставяць бярозкі для ўпрыгожання царквы, а прыхаджане прыносяць з сабою на малебен зелле, г. зн. кветкі, вянкі траў, якія захоўваюць да Іванавага дня”.
Народная памяць любоўна зберагае як нядаўнія, так і старажытныя вераванні сваіх продкаў. Уніяцкі каляндар — гэта неад’емная частка беларускага народнага календара.
У Расіі яшчэ доўга працягваў існаваць юліянскі каляндар, які прадпісваў адзначаць Новы год вясною, затым — восенню. 20 снежня 1700 года выйшаў указ Пятра І аб святкаванні Новага года зімою: “...впредь лѣта счислять въ Приказахъ и во всякихъ дѣлахъ и крѣпостяхъ писать съ нынѣшняго Генваря съ 1 числа отъ Рождества Христова 1700 года... учинить нѣкоторыя украінскія отъ древъ и ветвей сосновых, елевыхъ и можжевелевыхъ”. Думаецца, адгэтуль бярэ пачатак выкарыстанне ёлак у Расіі. На Беларусі ж пакланенне дрэвам існавала і раней. З заходніх краін, у прыватнасці з Германіі, былі запазычаны нашымі гарадамі, а недзе ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя пачалі шырэй выкарыстоўвацца на святкаванні Дзед Мароз і Снягурка. У беларускім вясковым побыце гэтыя персанажы замацаваліся лепш у савецкі перыяд, сталі фармальна папулярнымі побач са спрадвечнымі традыцыямі беларусаў.
Яшчэ да рэвалюцыі неаднаразова ставілася пытанне аб рэформе календара, бо ён не быў дастаткова дакладны, у параўнанні з астранамічным разыходзіўся на некалькі сутак. У 1918 годзе дэкрэтам Саўнаркома краіна перайшла на грыгарыянскі каляндар. Згодна дэкрэту, датаю, што ішла за 31 студзеня, у тым годзе стала не 1, а 14 лютага. Прысвяткі і святы народнага календара на Беларусі сярод праваслаўных замацаваліся па старым стылі, а сярод католікаў — па новым. Таму афіцыйны грамадзянскі Новы год адзначаецца па новым — 31 снежня, а на большай тэрыторыі Беларусі Каляды — з 7 па 19 снежня.
Першыя звесткі аб календары знаходзяцца ў “Астраміравым евангеллі” (1056—1057). У старажытнейшым помніку стараславянскай пісьменнасці згадваюцца, напрыклад, назвы беларускіх і ўкраінскіх месяцаў.
Лічыцца, што першы беларускі каляндар выдадзены ў 1587 годзе, аб чым засведчылі віленскія беларускія календары 20— 30-ых гадоў нашага стагоддзя. Магчыма, маецца на ўвазе “Календарь римски новы”, выпушчаны ў згаданым годзе Герасімам Сматрыцкім у Астрозе, ці што-небудзь іншае. Але, як вядома, яшчэ ў 1522 годзе ў беларусаў існавала “Малая падарожная кніжка” — каляндар, “выложенный из греческого на русский язык доктором Франциском с Полоцка”. У гэтым друкаваным усходнеславянскім царкоўна-астранамічным календары, разлічаным на 1523—1543 гады, побач з грыгарыянскім летазлічэннем дадзена і юліянскае. Змешчаны “Псалтыр”, “Часаслоў”, некалькі акафістаў і канонаў, “Шасцідневец”, “Саборнік”, куды ўвайшлі “Святцы” і “Пасхалія”. У “Малой падарожнай кніжцы” славуты Скарына для сваіх землякоў на роднай беларускай мове тлумачыў асновы пазнання летазлічэння (“Месець септеврий зовемы вресень”, “Месець октоврий рекомы листопадъ...”).
Хрысціянскі каляндар адлюстраваны на многіх гравюрах скарынаўскіх, выданняў. Асабліва вылучаецца тытульны ліст кнігі “Руф” (1519), дзе паказана жніво (“Руфъ Прабаба царя Давыдова пабирае класы зажнеци”). Сярод іншых твораў эпохі Адраджэння ўражвае каляндарны цыкл гравюр мастака родам з Глуска Аляксандра Тарасевіча ў кнізе “Разарыум...” (1677). У дванаццаці гравюрах, якія маюць назвы 12 месяцаў года, даюцца праўдзівыя малюнкі жыцця і побыту сялян.
Вокладкі паслярэвалюцыйных календароў, выпушчаных у Менску |
Варта тут успомніць і першы друкаваны расійскі каляндар. Ён з’явіўся ў 1699 годзе ў сувязі з рэформаю Пятра І. Па іншых , звестках, першы рускі каляндар выйшаў у Амстэрдаме ў 1702 годзе пад назваю “Святцы, или Календарь”. Яго складальнікам і выдаўцом быў ураджэнец Беларусі Ілля Капіевіч, які загадваў па даручэнні імператара Пятра І рускай друкарняй у гэтым замежным горадзе.
У XVIII стагоддзі Супрасльская друкарня базыльян-уніятаў выдала “Польскі і рускі каляндар”, у якім адлюстроўваліся рымска-каталіцкія і праваслаўныя святы, а таксама змяшчаўся народны вопыт прагнозу надвор’я. Час правядзення кірмашоў, напрыклад, указваўся так: “У красавіку на св. Марка польскага...” ці “На св. Мікалая рускага ў Марыупалі...”
Новы этап у гісторыі беларускага народнага календара звязаны з падзвіжніцкай дзейнасцю фалькларыстаў і этнографаў А. Багдановіча, І. Бермана, Д. Булгакоўскага, У. Дабравольскага, М. Дзмітрыева, А. Дэмбавецкага, Я. Карскага, А. Кіркора, М. Косіч, Ю, Крачкоўскага, К. Машынскага, М. Нікіфароўскага, Ч. Пяткевіча, З. Радчанкі, Е. Раманава, М. Федароўскага, Я. Чачота, П. Шэйна, а таксама У. Паўлюкоўскага, П. Сахарава, А. Сержпутоўскага і інш. Яны сабралі багаты матэрыял, які адлюстроўвае шматграннае духоўнае жыццё беларускага народа ў прыказках, прыкметах, песнях, абрадах, паданнях, гульнях, святах.
Да рэвалюцыі беларускія календары з рознымі патрэбнымі звесткамі друкаваліся ў Варшаве, Кракаве, Маскве, Петраградзе, Бярэсці, Вільні, Гомелі, Гродне, Магілёве, Менску, Полацку, Супраслі і інш. Аднак сталую традыцыю іх выпуску па сутнасці сфарміравалі выдаўцы “Нашай нівы”. Першы выйшаў на 1910 год у друкарні Марціна Кухты ў Вільні. Аўтары імкнуліся, каб гэтыя невялікія кніжачкі сталіся карыснымі і неабходнымі асноўнаму чытачу — селяніну. Каляндар падаваўся па месяцах у трох раздзелах: праваслаўным, рымска-каталіцкім, грэка-каталіцкім (уніяцкім) і адпаведна на трох мовах — царкоўнаславянскай, польскай і беларускай. Ва ўніяцкай частцы назвы свят і прысвяткаў трапляліся прастамоўныя, у канцы змяшчаліся некаторыя прыказкі: Вялікдзень (Пасха), “Не я б’ю, верба б’е, за тыдзень Вялікдзень”; Ражаство св. Івана Хрысціцеля (Рождество Іоанна Предтечи), “Сьвяты Іван пчолы садзіць” і інш. Хаця і коратка, але быў прадстаўлены яўрэйскі каляндар, што сведчыла аб дэмакратычнасці і верацярпімасці ўкладальнікаў.
У календары змяшчаліся розныя цікавыя і карысныя матэрыялы — змены фаз Месяца, надвор’е, даты кірмашоў на Беларусі, парады накшталт: як на торфе зрабіць сенажаць, якая карысць ад пасеву траў, як пазнаць, якое штучнае ўгнаенне патрэбна для нашай зямлі, як выбіраць добрага рабочага каня, як выбіраць карову, як адкрываць сельскагаспадарчую суполку, як варыць верашчаку, калі рубіць дрэва на будоўлю, як даіць неспакойных кароў, як пазнаць, колькі гусаку гадоў, як звясці мох і лішаі на пладовых дрэвах, як гасіць пажар у коміне, якім зернем сеяць, і шмат іншых парад, што не страцілі сваю вартасць і сёння. Акрамя таго, друкаваліся творы пісьменнікаў, фальклорныя матэрыялы, асвятляліся палітычныя і эканамічныя пытанні.
Прыблізна па такому прынцыпу створаны наступныя выданні: “Беларускі календар на 1917 год”, “Беларускі гаспадарскі календар на 1926 год”, “Беларускі месячны настольны календар на 1930 год”, “Беларускі гаспадарскі календар “Рольнік” (выдаваўся з 1930 года), “Беларускі месячны календар на 1930 год”, “Беларускі сялянскі календар” (выходзіў з 1937 года), “Народны календар” (1934), “Bielaruski narodny kalendar” (выходзіў з 1935 года), “Беларускі адрыўны календар на 1937 год” — выдадзены ў Вільні; “Паўночна-заходні каляндар” (на 1892 і 1893 гады), “Праца. Беларускі работніцка-сялянскі каляндар на 1924 год”, “Настольны каляндар-справачнік” (выходзіў з 1927 года) — выдадзены ў Менску; “Каляндар Паўночна-заходняга краю” на 1889 і 1890 гады — выдадзены ў Маскве; “Беларускі календ ар” (выходзіў у 1928 і 1937 гадах у Рызе); “Беларускі каляндар” (выходзіць з 1957 года ў Беластоку) і інш.
У 30-ыя гады нашага стагоддзя, сумна вядомыя тым, што ўсялякае імкненне да захавання нацыянальнай культуры разглядалася як праява буржуазнага нацыяналізму, друкаванне падобных календароў на тэрыторыі Савецкай Беларусі было спынена. Толькі з мэтай навуковага даследавання праводзілася некаторая работа, звязаная з каляндарна-абрадавай паэзіяй. Дарэчы, назвы народных свят пісаліся з малой літары, а той, хто пісаў загалоўнымі слова “Бог”, аб’яўляўся “нацдэмам”. Тагачасныя навуковыя працы скіроўваліся на пошук шкоднасці ў народных і царкоўных святах. Так, кніга маскоўскага аўтара Н. Р. Румянцава “Праваслаўныя святы, іх паходжанне і класавая сутнасць” (М., 1936) прысвячалася “разбору гадавога цыкла праваслаўных перажыткаў капіталістычнага і дакапіталістычнага мінулага ў свядомасці працоўных, якія яшчэ не вызваліліся ад рэлігійнага дурману...” Каментарыі тут не патрэбныя.
Сталін загубіў у канцэнтрацыйных лагерах тысячы ні ў чым не павінных служыцеляў царквы, партыйных, савецкіх і навуковых работнікаў, звязаных з нацыянальнай культурай, якой была нанесена вялікая шкода. Царкоўныя каштоўнасці абрабаваны, святыя месцы спаганены... Палітыка ваяўнічага атэізму нанесла непапраўную шкоду нашай спадчыне, дэфарміравала развіццё духоўнай культуры беларускага народа.
Вокладкі беларускіх календароў, выдадзеных у Вільні | Вокладка аднаго з сучасных праваслаўных календароў |
Як гэта адбілася на каляндарнай справе ў прыватнасці, можна паказаць на прыкладзе зместу “Беларускага сялянскага настольнага календара на 1928 год”, што выйшаў пры менскай газеце “Беларуская вёска” (складзены А. Матусевічам). У ім прыведзены табліцы па месяцах і днях царкоўных свят і прысвяткаў, больш-менш вядомых ці адзначаемых народам, дзе кожнай даце адпавядаюць штучна і адвольна ўключаныя новыя “рэвалюцыйныя” святы. Напрыклад, у красавіку: Калектыве, Улада, Сьцяг, Воля, Зорка, Краса, Страла, Сталь, Горан, Паэма, Бунтар, Адвага, Сьмена, Слава, Кветкі і т. п. Як вядома, святары раней давалі імёны нованароджаным па царкоўным календары. Магчыма, таму і прапаноўваўся гэты ўзноўлены “імяннік”.
Савецкія календары сталі палітызаванымі, у іх амаль адсутнічаў фальклор. Як у першыя дзесяцігоддзі Савецкай улады, так і пазней многія ваяўнічыя атэісты не размяжоўвалі “паганскія” (язычніцкія) святы — з імі вяла барацьбу царква — з царкоўнымі, што паралельна існавалі,— усё агулам аб’яўлялася “нацдэмаўскім”, “рэлігійным”, “царкоўным”, “антысавецкім”. Але рэальнасць жыцця паказала: уводзячы новае, нельга нішчыць карані старога, не прыжывецца; ідэалогія, пабудаваная па прынцыпу: разбурыць старое “до основанья”,— не жыццёвая.
Беларускі народны каляндар — адна з форм духоўнага жыцця нацыі, сістэма свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, ігрышчаў, пэўных дзён забарон, што замацаваны ў быце і фальклоры беларусаў і з’яўляюцца арыенцірам пры выкананні сельскагаспадарчых работ і адпачынкаў у гадавым, сезонным, месяцавым цыклах. У ім выдзяляюцца чатыры пары года і адпаведна ім — чатыры вялікія святы, вакол якіх групуюцца іншыя. У сваю чаргу асноўныя святы прыблізна накладваюцца на астранамічныя перыяды, звязаныя з сонцастаяннем, ці раўнадзенствам. Увесь земляробчы каляндар трымаецца на такіх цыклах свят: Вялікдзень і іншыя веснавыя святы і прысвяткі, у тым ліку Гуканне вясны, Юр’е, Мікола; летам — Купалле, каля яго сёмушныя святы; восенню — Дзяды, Багач, Пакрова; зімой — Каляды. Народныя памінальныя абрады суправаджаюць усе чатыры цыклы каляндарнага года: зімою — Калядная куцця, Масленічныя Дзяды; вясною — Радаўніца; летам — Сёмушныя Дзяды і восенню — Асяніны. У гэтым выразна праяўляецца культ продкаў.
У прапанаванае выданне ўключаны як язычніцкія, так і фалькларызаваныя хрысціянскія святы і прысвяткі, на якіх традыцыйна выконваліся песні, праводзіліся абрады, гульні, ігрышчы, з якімі звязаны прыкметы, павер’і і прыказкі, а таксама тыдні і большыя прамежкі часу (напрыклад, пасты), што атрымалі назвы ў народзе. Такім чынам, сюды ўвайшла і значная частка народных свят, звязаных з “рухомымі” датамі календароў праваслаўнай і каталіцкай Пасхі. Часцей ужываецца найменне на беларускі лад, напрыклад Мікола (Перанясенне мошчаў свяціцеля цудатворца Мікалая — 9 мая), Іван Веснавы (Апостал і евангеліст Іаан Багаслоў — 8 мая), Ганны (Зачацце праведнай Анны Прасвятой Багародзіцы — 9 снежня). Для некаторых характэрна выкарыстанне форм множнага ліку (Ганны, Кацярыны, Варвары, Параскі).
Язычніцкія святкаванні і абрады прадстаўлены Камаедзіцай, “ваджэннем і пахаваннем стралы”, Ярылавіцай, “жаніцьбай коміна” і інш. Даецца вялікая група свят і прысвяткаў, якія ўяўляюць сабой з’яднанасць “паганскай” і хрысціянскай культур. Народная язычніцкая традыцыя была настолькі моцная, што царкве і касцёлу прыходзілася прыстасоўваць свой каляндар, каб паступова выцесніць старажытныя абрады або трансфарміраваць іх у хрысціянскія. Таму цяпер побач са спрадвечнымі “паганскімі” святамі адзначаюцца чыста хрысціянскія, якія маюць як некаторае падабенства, так і адрозненне, і існуюць незалежна ад іх рэлігійнага зместу (пачатак Каляд — Ражаство Госпада Бога і Спаса нашага Ісуса Хрыста; Валосы, Аўлас — Святы пакутнік Уласій, епіскап Севасційскі; Гуканне вясны, Аўдоцця Вяскоўка — Прападобнапакутніца Яўдокія; Вялікдзень, Вялічка — Светлае Хрыстова Уваскрашэнне, Пасха і інш.).
У календары часта ўжываюцца тэрміны, кароткае тлумачэнне якіх варта прывесці.
Свята — сукупнасць традыцыйных звычаяў, абрадаў і гульняў, свабодныя ад работы дні (напрыклад, Гуканне вясны, Купалле, Каляды).
Прысвятак — звычайны рабочы дзень, названы ў гонар гістарычнай, духоўнай асобы і адлюстраваны ў фальклоры і быце (Марк, Варвары, Магдалена).
Абрад — сукупнасць традыцыйных умоўных дзеянняў, што адлюстроўваюць бытавыя ці культавыя звычаі народа (абрады “мыцця дзежкі”, “пахавання стралы”).
Гульня — від актыўнага адпачынку, гістарычна сфарміраванага на аснове драматызаваных, умоўных або творчых дзеянняў з пэўнымі правіламі і прыёмамі забаў. Яна з’яўляецца сродкам фізічнага, разумовага і маральна-эстэтычнага выхавання. Многія народныя гульні ўзніклі з абрадаў, развіваліся са старажытных часоў і дагэтуль нясуць на сабе сляды язычніцкіх культаў.
Ігрышча — народнае зборышча, пераважна моладзі, з танцамі, гульнямі, тэатрам, а таксама з частаваннем. Адбываецца на вялікія святы (Гуканне вясны, Купалле, Каляды).
У кнізе выкарыстаны матэрыялы розных крыніц, у тым ліку архіваў, і асабістыя запісы. Тэксты падаюцца з захаваннем іх дыялектных асаблівасцей. У дужках указваецца мясцовасць, дзе зроблены запіс, калі гэта вядома, а таксама прозвішча аўтара пэўнага выдання, год выпуску. У аўтарскіх запісах і тых, што зроблены ў савецкі перыяд і змешчаны ў тамах акадэмічнай серыі “Беларуская народная творчасць”, крыніца і год не ўказваюцца. Даты ў календары прыводзяцца па новым і старым стылях (напрыклад, у студзені: 1/19—1 студзеня па новым стылі, 19 снежня па старым). Каб правільна вызначыць дату на новы стыль, неабходна да лічбы старога дадаць 14 дзён. Курсівам выдзелены назвы каляндарных дзён, якія бытуюць сярод беларусаў-католікаў і замацаваны па новым стылі. Зорачкай (*) абазначаны святы і прысвяткі (яны ў календары стаяць адвольна, прыблізна), што залежаць ад дня Пасхі ў праваслаўным і каталіцкім “рухомых” календарах. Пасхаліі (календары Пасхі) дадзены ў канцы кнігі. Пасля асноўнай назвы свята ці прысвятка ў дужках падаюцца іх варыянты.
Выказваю ўдзячнасць за кансультацыі сваім калегам з Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, заўзятаму прапагандысту народнага календара Рэгіне Гамзовіч, а таксама айцу Яну (Яну Янавічу Матусевічу) і ксяндзу Уладыславу, пробашчу парафіі мінскага Чырвонага касцёла.