Шыльны панядзелак — першы дзень Вялікага посту. На Віцебшчыне раней у гэты дзень гулялі ў карчме, што называлася “каваць шыла” (Шэйн, 1912). 2 страница
Тых жа абрадаў прытрымліваюцца ў лазнях таксама і ў іншыя дні.
У Чысты чацвер нікому нічога не дадуць, асабліва агню, падазраючы, што просячы прыйшоў з прыхамаццю, г. зн. са злымі намерамі.
Калі ў Чысты чацвер бывае вецер, то будзе ён да самага Узнясення; калі добрае надвор’е, то да згаданага дня чакаюць такое ж.
Свечка, з якой стаяць у той дзень у царкве, называецца “стрэстнаю” і захоўваецца для розных выпадкаў. Яе запальваюць у час моцнай навальніцы, пры хваробах абкурваюць людзей і жывёлу, а таксама пчол, перасцерагаючы іх ад нападзення іншых пчол. Кажуць, нібы ў Чысты чацвер сходзіць на зямлю Ісус Хрыстос і па гэтым вераванні пякуць асобны хлеб, які называюць “стульце” (Дабравольскі, 1914).
28/15. Пуд. На Смаленшчыне зазначалі: Руф рушыць, а Пуд так “пугне” снег, што яго не застанецца ў равах (Пабрыкаў, 1862).
*Чырвоная (Вялікая, Велікодная) пятніца— дзень на Вербным тыдні. Рыхтаваліся да вялікага свята. Пасцілі шчырым постам, толькі сыту з мёду пілі (Лельчыцкі раён). На Смаленшчыне сеялі гарох, каб добра ўрадзіў (Дабравольскі, 1914).
29/16. Арына. Прысвятак, які атрымаў жаночае імя, арыентаваў сялян у тэрмінах пасадкі на агародзе. “На Арыну сей капусту на расаду” (Б. с. к., 1937).
*Красная (Велікодная, Вялікая) субота (Таўкушчы дзень)— апошні дзень перад Вялікаднём. Пяклі пірагі, фарбавалі яйкі цыбульнікам ці васковымі жамерынамі (васкадавам). На Мазыршчыне фарбавалі ў чырвоны колер, але калі хто-небудзь з родных паміраў у годзе, дык — у чорны ці які іншы. Хадзілі на могілкі прыбіраць. Палілі кастры. Усю ноч у хатах гарэла святло.
30/17. Зосім. Згодна народным паданням, гэта ахоўнік пчол (Цэбрыкаў, 1862; Дабравольскі, 1891; Раманаў, 1912). Ён упамінаецца ў многіх пчаліных замовах.
Андрыянава ноч (Андрэй). Вядома ў некаторых раёнах Палесся як ноч дзявочых гаданняў і варажбы пра замужжа. Гадалі на канапляным семені, якое пабывала ў царкве. Прасілі ў Андрыяна, або Андрэя, каб прысніўся той, з кім дзяўчына будзе “у пары на вясне”. “Святы Андрэю, канапелькі сею” (Слуцкі павет; Сержпутоўскі, 1930).
Вялікдзень у Моталі
“Святое Вялічка ды гуляць вяліць з красным яечкам…”
* Вялікдзень (Вялігдзень, Вялікадзень, Вялічка, Пасха) — вялікае гадавое вясновае свята, карані якога вядуць у глыбокую старажытнасць. Як ужо згадвалася, ім некалі адкрываўся новы каляндарны год. Пазней царква замацавала яго ў сваім “рухомым” пасхальным календары. Свята пачыналася “ўсяночнай”. З Краснай суботы на нядзелю многія не спалі, на вуліцах гарэлі кастры, чулася стральба, некаторыя шукалі папараць-кветку, у царкве свяцілі пафарбаваныя яйкі, пірагі, мак, хрэн, мяса і інш. Раніцай хадзілі глядзець “гульню” сонца, пафарбаванымі яйкамі гулялі “ў біткі”, качалі іх, гушкаліся на арэлях, вадзілі карагоды.
У валачобных песнях, якія выконваліся на Вялікдзень, гаварылася:
Старым і малым яечкі качаць,
Яечкі качаць, святцаў праважаць.
А гэта святца адзін разочак у гадочак…
А таксама:
Святое Вялічка ды гуляць вяліць
Малым дзеткам з красным яечкам,
Старым мужам — мужжываннейка,
Старым бабкам — пагуканнейка,
Маладым малайцам — паляваннейка,
Маладым паненкам — пагуляннейка…
Лічылася, што на Вялікдзень пачынае кукаваць зязюля.
На Случчыне дзяўчаты скакалі цераз сані. “Каторая, пераскакваючы, упадзе, тая застанецца старою дзеўкаю дзеваваць” (Сержпутоўскі, 1930). У некаторых раёнах Гомельскай вобласці “вадзілі стралу”.
*Каталіцкая Пасха. Звычайна бывае раней праваслаўнай (гл. дадатак). На Шуміліншчыне гавораць: на каталіцкую Пасху і ў суботу перад ёю нельга садзіць бульбу, бо завядуцца чэрві.
БІЦЦЁ І КАЧАННЕ ЯЕК
Сустракаючыся, адзін пытаецца ў другога: “Будзем біць яйкі?” “Будзем,— адказвае той,— дай найперш пакаштаваць” (г. зн. паспрабаваць). Яны мяняюцца яйкамі і спрабуюць іх асцярожна на зубы. “Нешта, брат, тваё дужа крэпкае ці ж фальшывае”.— “А тваё яйка крапчэй, давай мяняць”.— “Не, не хачу, будзеш бітца по сабе” (г. зн. не мяняючыся).— “Ну, будзем, дзяржы”.— “Не, ты дзяржы”. Пачынаюць спрачацца, каму трымаць яйка і каму біць. Нарэшце, адзін згаджаецца, а другі б’е. Чыё яйка разбілася, той прайграў і павінен аддаць яго таму, хто пабіў.
Мяшчане вялікія аматары да гэтай забавы, і, бывае, хто-небудзь у дзень прайграе ці выйграе сто яек і больш. Каб мець поспех у той справе, многія перад святам набываюць і фарбуюць яйкі цясарскіх кур, вельмі моцныя, і плацяць па 50 к. за адно і даражэй. Некаторыя па-майстэрску ўмеюць рыхтаваць так званыя “наліванкі”, г. зн. для моцы шкарлупы ўліваюць у яйка воск, волава і інш. Аднак калі адкрываецца такая падробка, то ў ілгуна не толькі забіраюць усе пабітыя ім яйкі, але нават зрываюць шапку з галавы, топчуць яе нагамі і пагражаюць, што “дадуць яшчэ і па патыліцы” (па шыі).
Выйграныя яйкі, разбітыя з двух бакоў, называюцца “шупікамі”, імі зноў гуляюць, іх качаюць. Цэлыя яйкі шкадуюць качаць, таму што яны псуюцца і бываюць непрыгоднымі для біцця. А “шупікі” ўжо больш ні для чаго не спатрэбяцца, як толькі для качання і ежы. Для качання яек ставіцца на роўным месцы пад схіл лубок або невялікая дошчачка і кожны па чарзе пускае па ёй сваё яйка. Якога ён дакрануўся сваім, тое выйграў (Дэмбавецкі, 1882).
“ЯЙКА ПАД ШАПКАЙ”
Гуляюць так. Адзін бярэ яйка і кладзе яго пад шапку ўдоўж або ўпоперак — гэту тайну трэба адгадаць. Другі паверх шапкі кладзе палачку, стараючыся размясціць яе ў такім кірунку, у якім, на яго думку, пад шапкаю ляжыць яйка. Калі палачка будзе размешчана правільна, загадка, значыць, адгадана, і той, хто ад гадаў, атрымлівае яйка. У адваротным выпадку ён аддае сваё (Навагрудскі павет; Крачкоўскі, 1874).
ГУЛЬНЯ У ТУРА
Дзяўчаты, узяўшыся за рукі, утвараюць вялікі круг, які называецца “горадам”. Дзве становяцца ўнутры круга, дзве — па-за ім. Першая і другая пары бяруцца за стан, як у польцы, і пачынаюць хадзіць уздоўж круга ў супрацьлеглыя бакі, пры гэтым па чарзе спяваюць наступную песню.
Адразу ўсе дзяўчаты хорам:
А Тур сваі жаночкі лычыць,
А Тур сваі маладэнькі.
Нашчо, Туру, жаночкі лычыш?
Нашчо, Туру, маладэнькі?
Пара ўнутры круга:
Каб м’ня вывюў з чэрэшневага саду,
Каб м’ня вывюў з зэлэненькага.
Пара па-за кругам:
Чаго, мыла, да саду ходыла?
Чэрэшнёвы квіты ламала.
Нашчо, мыла, квіты ламала?
Паповычу-дзяковычу за шапачку клала,
Паповычу-дзяковычу маладэнькаму.
Нашчо, мыла, за шапачку клала?
Каб м’ня вывюў з чэрэшневага саду,
Каб м’ня вывюў з зэлэненькага.
А дэ, мыла, каня падзіла?
Ой аддала пановычу,
Пановычу-дзяковычу маладэнькаму.
Нашчо, мыла, пановычу дала?
Каб м’ня вывюў з чэрэшневага саду,
Каб м’ня вывюў з зэлэненькага.
Песня паўтараецца з 15-га па 20-ы радок уключна з заменаю слова “каня” словамі “ўздэчку, сядло, шапку, сюрдук, пояс і чобуты”, а затым працягваецца:
А дэ, мыла, кашу падзіла?
Выкінула пад прыпечак.
Нашчо, мыла, кашу выкідала?
Жэб не було мылому істы.
Далей спяваецца на іншы матыў. Пара па-за кругам:
А я перстэнь пакачу,
Так і жону ізышчу.
Пара ў крузе:
А мы перстэнь зловымо,
Так і жоны нэ дамо.
А я мост ізмашчу,
Так і жону ізышчу.
А мы мост зломымо,
Так і жоны нэ дамо.
А мы хліба напеком, так і жону отберым.
А мы хліб ізьімо, так і жоны нэ дамо.
Мы горылкі нажэнім, так і жону отберым.
Мы горылку вып’емо, так і жоны нэ дамо.
А мы пыва нажэнім, так і жону отберым
А мы пыво вып’емо, так і жоны нэ дамо.
А мы мэду нажэнім, так і жону отберым.
А мы мэд вып’емо, так і жоны нэ дамо.
А мы выно вып’емо, так і жоны нэ дамо.
А мы дзёгцю нажэнім, так і жону отберым.
А мы дзёгоць выльемо, так і жоны нэ дамо.
Увесь хор:
А Тур жону спуйніў, з ёю шкуру здоніў.
Пры апошнім куплеце дзяўчаты, якія хадзілі ўнутры круга, выбягаюць адтуль, а каторыя звонку, іх ловяць. Гэтым гульня заканчваецца (Бельскі павет; Машкоў, 1894).
Працяг *Велікоднага тыдня. Нядзеля, панядзелак, аўторак называліся Вялікімі. Не працавалі, не гулялі. У валачобнай песні гаворыцца:
Першы дзень пірагі маюць,
А сярэдні дзень пагуляюць,
А паследні дзень выпраўляюць.
У большасці раёнаў Беларусі хадзілі валачобнікі. Спявалі песні гаспадару і гаспадыні, дзяўчыне, хлопцу, бабцы і інш.
Травень
У травень будзе мужык управен.
У май каню сена дай, а сам на печ уцякай.
Май — жывёлу ў поле пхай.
Май зямлю грэе, а сіверам вее.
Май халодны — не будзеш галодны.
Сухі марац, мокры май — будзе жыта, як гай.
Мокра ў маі — будуць пышныя караваі.
Як у маі суха, то падцягвай бруха.
Як ідзе дождж у сакаўцы, то хлеба будзе ў рукаўцы.
а як у маі — будзе і ў гультая.
Майская трава галоднага корміць.
Грымоты ў маю спрыяюць ураджаю.
Май — і пад кустом рай.
Май халодны, год хлебародны.
Сучаснай беларускай літаратурнай назве месяца май адпавядае старажытнабеларуская травень, якая паходзіць ад слова “трава”, бо ў гэтым, пятым месяцы года зямля пакрываецца зеленню. Такое найменне захавалася не толькі ў старажытных пісьмовых крыніцах, але і ў вуснай народнай творчасці. Май — адзіная ў нас назва, узятая з лацінскай мовы. Тая ж лацінская аснова таксама ў нямецкай і французскай мовах — mai, англійскай — may, польскай — maj, венгерскай — május, рускай — май і інш.
Рымляне прысвячалі месяц багіні зямлі Маі. У канцы красавіка і пачатку мая яны адзначалі вясёлае свята Фларэлія ў гонар багіні кветак Флоры. У прыватнасці, у першы дзень апошняга месяца вясны быў звычай садзіць дрэва, што называлі “маем”. У славян, у тым ліку беларусаў, захаваліся абрады з “маем” на Сёмуху. Падобны ў нас і старажытных рымлян і абрад ўшанавання памяці нябожчыкаў. У рымлян ён выконваўся 9 мая.
Католікі прысвячаюць май Божай Маці — Марыі. Штодня ў касцёлах адбываецца так званае маёвае набажэнства. Фігура Багародзіцы ўсюды, дзе яна ўстаноўлена, упрыгожваецца.
Май, працягласць дня ў якім павялічваецца на 1 гадзіну і 42 хвіліны, з’яўляецца найпрыгажэйшай парой года. Цвітуць бяроза, клён, чаромха, наогул усе дрэвы і кусты. Паплавы і паляны пакрываюцца кветкамі. Прырода напаўняецца спевамі птушак, што паспелі ўжо вярнуцца з выраю. З’яўляецца шмат насякомых, майскія жукі захопліваюць зялёналісцевыя дрэвы.
На палях рунеюць азімыя, узыходзяць яравыя. Калі пайшла ў трубку пшаніца, можна сеяць кукурузу і іншыя цеплалюбівыя культуры. Народная прыкмета перасцерагае: нельга сеяць пшаніцу раней распускання дубовага лісця. А як на дубе апушылася першая макаўка і раскрываецца бярозавы ліст — лепшая пара для сяўбы аўса.
У залежнасці ад надвор’я, адпаведных прыкмет, бульбу садзілі ад першага дня месяца і да Міколы; калі ж чакалася вільготнае лета, то загортвалі яе не глыбока. Пры пасадцы агародніны звяраліся з месяцавым календаром: спрыяльная пара — поўня. У замаразкі — а гэта звычайная з’ява для мая — расаду накрывалі рыззём, паблізу садовых дрэў ставілі посуд з вадою, наладжвалі дымныя кастры.
Высвяціла сонейка драўляныя карункі. Рэзчыкі па дрэве з Веткі Барыс Міхаленка, Пётр і Леанід Грыбоўскія
1/18. Кузьма. Гэты прысвятак, як і многія іншыя ў календары, служыць арыенцірам для селяніна ў выкананні розных работ. “У дзень святога Кузьмы сеюць моркву і буракі” (Паўлюкоўскі, 1934). На Паазершчыне гаварылі: “Май Кузьма з морквінай сустракае, а Пахом з гурком праводзіць” (Ляснічы, 1990). Тут таксама садзілі часнок і іншыя караняплоды. Прычым стараліся тое рабіць у поўню, бо лічылі, што ў такім выпадку гародніна пойдзе не ў траву, а ў корань.
Пачатак *Праводнага (Вархушына, Мёртвага) тыдня (Провады). Серада пасля Вялікадня. У Драгічынскім раёне пасля работы вечарам зіму “ганілі”; на Піншчыне кідалі шкарлупінне з яек на ваду і спявалі: “Ідзі, зіма, бо ты нам хліб выела”; кідалі чырвоныя яйкі або камяні на поўнач, на вароты са словамі: “Пошла, зіма, до Кіева, а нам лето покінула” (Талстая, 1986).
Добрай хаце – прыгожая аздоба. Веткаўскі майстар. Андрэй Кушняроў
Птушка надзеі. Народны майстар з Барысаўшчыны Міхаіл Ржэвускі
*Людавы дзень —чацвёрты дзень святкавання Вялікадня. Білі і качалі яйца з лубкоў. Гушкаліся на арэлях (Віленская губерня; Кіркор, 1882).
*Градавая серада. Серада на Велікодным тыдні. Не працавалі, каб летам поле не пабіў град. Праводзілі абрады каля студні.
*Вялікадне мёртвых (Наўскі Вялікдзень, Шопшы Вялікдзень, Бабскі Вялікдзень, Мёртвы Вялікдзень, Наўская Пасха, Наўскі чацвер).Чацвер на Велікодным тыдні, дзень памінання на могілках памерлых. Парадкавалі магілы, вешалі новую хусцінку ці стужку на крыж. Рассцілалі на магілах ручнікі, палатно і выстаўлялі яду. Пасля памінання пакідалі чырвонае яечка, хлеб і інш. У Кобрынскім раёне расказваюць: “У нас колыся купалы (аблівалі вадою.— А. Л.) на Вэлыкдэнь дэвок, а у чатвэр — дэўкі хлопцаў” (Талстая, 1986).
5/22. Ляльнік. Свята заклікання вясны ў гонар багіні Лады (Лялі). Дзяўчаты на лузе выбіралі самую прыгожую сяброўку, апраналі ў белую кашулю, упрыгожвалі зялёнымі галінкамі, вянком з кветак і саджалі сярод малочных пачастункаў. Вадзілі каля яе карагоды і спявалі:
Благаславі, маці,
Ой, Лада, маці!
Вясну заклікаці...
ЛЯЛЯ
Беларусамі яна ўяўляецца ў выглядзе маладзенькай, прыгожай, прывабнай, высокай дзяўчыны. Святкаванне ў гонар яе бывае напярэдадні Юр’ева дня. Звычайна гадзіны ў тры па полудні на чыстым лузе (а іншы раз каля хаты ў агародзе) збіраецца карагод маладых дзяўчат. Выбраўшы сабе сяброўку, што ўпаўне адпавядае іх паняццю пра Лялю, карагод беларусачак апранае яе ў доўгі белы саван, перавязвае ёй шыю, рукі і стан усякай зеленню, а на галаву кладзе вянок з розных вясновых кветак. У такім уборы саджаюць дзяўчыну на дзярновую лаўку, на якой з аднаго боку стаяць гладыш з малаком, масла, яйкі, смятана і сыр, а з другога — хлеб; ля ног Лялі ляжаць некалькі вянкоў з зелені, адпаведна ліку дзяўчат з карагода. Затым, узяўшыся за рукі, карагод дзяўчат скача вакол Лялі і спявае ў гонар яе песню. Яна завяршаецца наступнаю просьбаю:
Дай нам жытцу
Да пшаніцу,
У агародзе —
Сенажаць,
Поўны грады,
Роўны зрады.
Напеў песні працяглы і яе спяваюць вельмі доўга, пасля кожных вершаў (двух радкоў.— А. Л.) выгукваюць: “Ляля, Ляля, на ша Ляля!” Закончыўшы танцы і спевы, карагод сядае ля ног Лялі і зноў пачынае:
Наша Ляля, Ляля
Нас корміць зусім,
Каб з вясны на лета
Усё, што тут гэта,
Гадавала заўсім.
Ляля, Ляля,
Ой да Ляля, Ляля!
Тут Ляля раздае ўсім па чарзе малако, масла, сыр і г. д., пакуль, урэшце, нічога не застанецца. Пасля дзяўчаты ўстаюць і зноў скачуць вакол яе, прыпяваючы тую ж песню. У час скокаў і песні Ляля бярэ вянкі і кідае на танцаўшчыц да таго часу, пакуль кожная не схопіць па аднаму. Гэтыя вянкі дзяўчаты берагуць да наступнай вясны, а некаторыя, у выпадку замужжа — і больш, іншы раз усё жыццё, як нешта запаветнае, святое. Па заканчэнні цырымоній некалькі дзяўчат бяруць Лялю пад рукі, у суправаджэнні астатніх праводзяць яе з дзярновай лаўкі і, спяваючы ранейшыя песні, вядуць дамоў. Саван і зелень, у якія была апранута Ляля, хаваюць да другой вясны (Драўлянскі, 1846).
Юр’е на Гродзеншчыне
6/23. Юрый (Ягорый, Юр’е-Ягор’е, Частны Леса). Даўняе земляробчае свята першага выгану кароў. Юрый (Ягорый) — апякун жывёлы і земляробства (у хрысціянскі перыяд замяніў Ярылу).
У дахрысціянскую эпоху на Смаленшчыне мела яшчэ назву “Чэстной Леса”. Частны Леса — цар над усімі лесунамі, і ў гэты дзень яму прыносілі ахвяраванні (“клалі адносы”), каб ён зберагаў жывёлу ад ваўкоў. У беларусаў, папярэднік Юрыя (Ягорыя) уяўляўся то ў выглядзе дзеда, то ў выглядзе белага воўка (Дабравольскі, 1914). Пра свята гаварылі: “Да Юр’я корму і ў дурня”, “Юр’ева раса — не трэба каням аўса”. Статак выганялі вербнай галінкай на “юраўскую расу”, шапталі замовы, абкурвалі кароў купальскімі зёлкамі. З пастухамі праводзілі абрадавыя частаванні. У Шумілінскім раёне “замочвалі” даёнкі. Коням стрыглі хвасты і грывы. Хадзілі аглядаць палі, закопвалі на ўзмежках рэшткі рытуальнай стравы (ахвяра духу зямлі), насілі на рунь каравай. Качаліся па ніве, каб зямля радзіла і давала здароўе. На Усходнім Палессі бытаваў так званы Тураўскі карагод, з якім моладзь абходзіла двары гаспадароў і кіравалася ў поле. Там насілі каравай, спявалі. У гэты дзень вадзілі і іншыя карагоды. Вечарам спявалі юр’еўскія песні — пра тое, як Юрый адмыкае зямлю ключамі, выпускае расу і вясну:
А ўзяў ён ключы залатыя,
Адамкнуў зямлю сырусенькую,
Пусціў расу цяплюсенькую.
На Белую Русь і на ўвесь свет.
Юр’еўскія песні спявалі да Міколы. У Гродзенскай губерні сяляне аглядалі азімыя з караваем. Качалі яго па полі. У Гомельскім павеце сярод дзяўчат быў звычай “юрыцца” (выбіралі сяброўку на ўвесь год, мяняліся хусткамі, смажылі яешню пад бярозамі). Ён нагадвае абрад “кумлення”, які праводзіўся ў іншых рэгіёнах на Сёмуху. Са святам звязана шмат прымавак: “На годзе ёсць два Юр’і ды абодва дурні: увосень — халодны, а ўвясну — галодны”; “Як на Юр’я пагода, то на грэчку няўрода”; “Калі на Юр’я мароз, дык сей на балоце авёс”; “Як дождж на Юр’я, то будзе хлеб і ў дурня”; “Калі прыйдзе Юры, не ўгледзіш у жыце куры”; “Юры сказаў: “Жыта ўраджу”, Мікола адказаў: “Пажджы, пагляджу”.
У некаторых паўднёвых раёнах “вадзілі стралу”.
ТУРАЎСКІ КАРАГОД
...У гэты дзень наладжваецца моладдзю досыць арыгінальнае шэсце. У ёй галоўную ролю выконваюць дзяўчаты. Яны з’яўляюцца на свята ў лепшых сваіх святочных вопратках, што складаюцца звычайна з шарсцяной спадніцы хатняй работы, гарсета з пакупной тканіны; сукенкі і фартухі бываюць рознакаляровыя, з перавагай, аднак, чырвонага колеру; на шыі пацеркі шкляныя, таксама рознакаляровыя, каралавыя і бурштынавыя, якія іх бацькі прывозяць з Кіева. Сабраўшыся ў больш прасторную хату адной з удзельніц шэсця, вядома па ўзгадненні з бацькамі, дзяўчаты з вясёлым гоманам і шумам пякуць з пшанічнай мукі пірог, робяць з вялікай галіны і чырвонага кумача харугву і ўтыкаюць яе ў пірог. Затым высыпаюць на вуліцу, дзе іх чакаюць хлопцы, што таксама апрануты па-святочнаму. Перагрупаваўшыся ў два гурты, уся кампанія пры першых словах адпаведнай песні выступае ў паход у такім парадку: уперадзе першага гурту, які складаецца з адных дзяўчат, ідзе хлопец з пірагом і харугвай (іншы раз пірог нясе асобна другі хлопец); за імі следам рухаецца гурт з адных толькі хлопцаў. Такім чынам шэсце павольным крокам праходзіць усю вёску з канца ў канец, спяваючы:
Ідзе, ідзе карагод, карагод,
Усе дзевачкі напірод, напірод,
А хлопчыкі за намі,
Моргаючы очамі.
Ото ж карагод,
Ото ж ваявод.
У нашаго карагода
Быў сын ваявода.
Гдзе карагод ходзіць,
Там жыто родзіць,
А гдзе карагод не бывае,
Там жыто вылегае.
У нашаго карагода
Быў сын ваявода.
Ідзе, ідзе карагод,
Усе дзевачкі напірод,
А хлопчыкі за намі,
Моргаючы очамі.
(Мазырскі павет; Шэйн, 1902)
“Ідзе, ідзе карагод, карагод…” |
ГУЛЬНЯ ПАСТУХОЎ НА ЯГОР’ЕЎ ДЗЕНЬ
...Пастух вызначае, каму з падпаскаў быць “зайцам”, каму — “сляпым”, каму — “кульгавым”, каму — “замком” і каму — “калодай”, расстаўляе іх усіх вакол статку. Пасля гэтага бярэ прыгатаваную яешню і ідзе з ёю да “зайца”, пытаючы:
— Заяц, заяц, ці горкая асіна? Той адказвае:
— Горка!
— Дай Бог, каб і наша скацінка для звяроў была горка! Звяртаецца да “сляпога”:
— Сляпэй, а сляпэй, ці бачыш ты? Сляпы адказвае:
— Ня бачу!
— Дай Бог, каб і нашу скацінку ні бачыла звярынка! Далей пытае ў “кульгавага”:
— Храмэй, а храмэй, ці дайдзеш ты? У адказ:
— Ні дайду!
— Дай Бог, каб і звярынка ні дайшла да нашый скацінкі! Затым пастух пытае ў “замка”:
— Замок, а замок, ці разамкнешся ты? “Замок” адказвае:
— Не, ні разамкнуся!
— Дай Бог, каб у звера ні разамнуліся зубы ля нашый скацінкі. Нарэшце пастух падыходзіць да “калоды”:
— Калода, а калода, ці пувярнешся ты? Тая кажа:
— Ні пувярнуся.
— Дай Бог, каб і звер к нашый скацінкі ні пувярнуўся! Такім чынам пастух тры разы абходзіць статак. Пасля гэтага ўсе дзеючыя асобы сядаюць і з’ядаюць яешню, а затым, трохі счакаўшы, але задоўга да вечара, гоняць жывёлу назад у вёску, дзе ўжо на вуліцы пачынаюцца танцы, як на Радаўніцу (Дабравольскі, 1903).
7/24. Алісей, Аўсей. “Прыйшоў Алісей — авёс пасей” (Паўлюкоўскі, 1934). Больш дакладныя тэрміны сяўбы давала народная мудрасць (гл. таксама 20 мая, 7 чэрвеня): “Сей авёс, як камары з’явяцца”. “Калі цвіце каліна — без ваганняў сей ячмень: не застанешся пакрыўджаным” (Ляснічы, 1990).
*Праводная (Прабудная) нядзеля (Провады).Нядзеля пасля Велікоднага тыдня, на якой праводзілі Вялікдзень і зіму ў некаторых раёнах Палесся. На Піншчыне гаварылі: “А ну, зіма, до Бучына, ужэ ты нам надокучыла. А ну, зіма, до Пэтрава, ты нам допэкла”. Кідалі пасталы ў агонь і скакалі праз яго. На Століншчыне вечарам або на наступны дзень качалі яйцо качаргою, прыказваючы: “Ідзі, зіма, до Кучэва, ужэ ты нам надокучыла. Ідзі, зіма, до Кракова, прыйдзеш до нас одзінакова” (Талстая, 1986). У Лельчыцкім раёне “рэзалі хвасты” каровам, замыкалі адрыну, каб “змей не зайшоў”. Хадзілі на могілкі памінаць родзічаў. У Ельскім раёне лічаць нядзелю Радаўніцай, а аўторак — Провадамі Радаўніцы. Провады Вялікадня могуць быць і ў панядзелак.
“Радаўніца” – сталы засцілаць, дзядоў памінаць”
8/25. Станіслаў. “Сей лён на Станіслава, вырасце як лава” (Паўлюкоўскі, 1934).
*Радаўнічныя (Радунічныя, Радасныя) Дзяды.Звычайна адзначаліся ў панядзелак перад Радаўніцай. Называліся яшчэ Жывой радаўніцай у адрозненне ад Мёртвай у аўторак (Крачкоўскі, 1873).
Радаўніца (Радуніца, Провады, Праводная ці Мёртвая радаўніца, Мёртвы дзень, Праводны дзень) — аўторак другога (Фамінога) тыдня пасля Вялікадня, дзень памінання памёршых на могілках. Вядомы ва ўсіх славян. У народзе гавораць: “На Радаўніцу да абеду пашуць, па абеду плачуць, а к вечару скачуць”. У валачобных песнях пяецца:
Радаўніца —
Сталы засцілаць,
Дзядоў памінаць...
Радаўніца
Бараніць
Чыста поле
Яравое
Да й раўнуіць..,
Каб зберагалася збожжа ў гумне, у Свіслацкім раёне цераз яго кідалі тры разы яйка, якое прытым не разбівалася.
* Дзяды. Аўторак на другім тыдні пасля Вялікадня.У Хойніцкім раёне праводзілі “чытвёртые дзіды” на годзе (Талстая, 1986).
Бабскія розбрыкі. Аўторак або чацвер пасля Юр’ева дня. Рытуальны дзень скокаў жанчын, якія нібы садзейнічалі ўрадлівасці зямлі і плоднасці жывёлы. Качаліся і куляліся па ніве, падскоквалі, імітуючы рухі жывёл (Талстая, 1984).
10/27. Праводзіўся абрад выезду ў полеЯрылы. У поле выпраўляўся на белым кані малады прыгожы хлопец у белай вопратцы, такім жа плашчы-накідцы, на галаве — вянок, у руцэ — пук жытнёвых каласоў. Дзяўчаты вадзілі вакол яго карагоды, спявалі:
Валачыўся Ярыла
Па ўсяму свету.
Полю жыта радзіў,
Людзям дзеці пладзіў.
А дзе ж ён нагою,
Там жыта капою.
А дзе ж ён ні зірне,
Там колас зацвіце.
Ярылавіца (Красная Горка). Язычніцкае свята ў гонар вясновага культу. “На Красную Горку,— як заўважыў І. Сербаў,— “сакуны” (беларусы, што ў дзеясловах ужываюць часціцу -са замест -ся.— А. Л.) гушкаюцца на арэлях і спяваюць “Ярыловіцу і валялём”:
Валялём!
Ды на вуліцы
Ярыловіца, валялём!
Ой, цяжка хлопцам —
Пятровіца.
Да судзі ж, Божа,
Пятра даждаць,
Хлеба нажаць...
Мусіць, святкаванне Ярылавіцы было на Праводным тыдні і яшчэ некалькі дзён пасля, як і Красная Горка, але да Пятроўкі (з 26 чэрвеня).
11/28. Дзень Пранціша. У Заходняй Беларусі існавала прыкмета: 11-га мокра — усё лета мокрае, а суха — усё лета сухое (Б. с. к., 1937).
13/30. Якуб. “На Якуба грэе люба” (Паўлюкоўскі, 1934). Прадказвалі, якое будзе лета. Карысталіся дзедаўскімі прыкметамі: калі сонца ўзыйдзе ясна — чакаецца сухое лета, а праз хмары — дажджлівае; як ноч пад 1 траўня зорная і цёплы паўднёвы вецер — лета будзе з бурамі, але цёплае і ўраджайнае (Б. с. к., 1937).
14/1. Макарэй. У некаторых мясцінах заходзілі ў раку і мачылі вочы, каб не балелі; свянцілі ваду (Талстая, 1986).
Ярома. У народзе прыкмячалі: калі на Ярому непагадзь, то суровая і галодная надарыцца зіма (Ляснічы, 1990).
* Міраносцы. На Смаленшчыне гаварылі: “На Міраносця п’яныі бабы цігаюць адна адную за валосця” (Дабравольскі, 1894). Жанчыны святкавалі таму, што, згодна царкоўнаму праваслаўнаму календару, трэцяя нядзеля ад Вялікадня — дзень святых жонаў Міраносіц. Такую назву мае і сталая дата ў царкоўным календары (22 ліпеня па старым стылі).
15/2. Барыс (Барыс Кажалуп). Лічыцца апекуном палявых работ. На Палессі праводзіліся абрады каля крыніц, вада якіх прызнавалася гаючай пры хваробах вачэй. У валачобных песнях Барыс
...ляды паліць,
Зямлю грэець, ячмень сеець
З поўнай сявенькі, з правай жменькі.
Кінеш рэдка — дасць Бог густа.
Дай жа, Божа, зарадзі, Божа,
Каласіста, ядраніста,
а таксама “па межах ходзіць, поле дзеліць”, “бабы сеець”, “збожжа высіць”, “бульбу засяець”, “коні пасець у зялёных дугах”. Раней казалі: “Як запяе ўдод, тады сей боб”. На гэты дзень прымяркоўвалася “паленне грудаў”, правядзенне падсеянага земляробства, падрыхтоўка так званых лядаў, для будучага поля раскарчоўвалі дзялянку і палілі груды (Нікіфароўскі, 1898).
16/3. Маўра. Прысвятак папярэджвае земляроба, што не ўсе дні ў маі бываюць па-веснавому цёплымі. “Маўра холад прыносіць” (Васілевіч, 1991).
18/5. Арына Расадніца. Дзень высаджвання расады ў Паазер’і. Калі шмат вады ішло на яе паліўку, то меркавалі, што чакаецца сухі сенакос, слаба вада ўбіралася — на мокрую касавіцу (Ляснічы, 1990).
19/6. На Паазер’і лічылі: з раніцы вялікая раса і ясны дзень — на ўраджай гуркоў (Ляснічы, 1990).
20/7. Антоній. Прысвятак служыць арыенцірам у некаторых мясцінах для сяўбы аўса. “На Святы Антоній сей авёс для коней, а як удасца, дык і прадасца” (Гілевіч, 1983).
21/8. Іван Веснавы (Іван Мікольны, Іван Доўгі, Бацька Міколы, Мікольнік). Адзін з апекуноў земляробства. У полі з’яўляліся каласкі жыта, таму ў некаторых мясцінах гаварылі: “На Івана каласок, а на Пятра піражок” (Крачкоўскі, 1874). Спрыяльны дзень для пасеву агуркоў, морквы, рэдзькі, гарбузоў і інш. “Гуркі сеём, гарбузы, шчоб доўгіе булі, бо то ж Доўгі Іван, Іван Мікульны, перад Мікулай ходзіт” (Лельчыцкі раён; Талстая, 1986).
“Прыпасайся сенам да Міколы, не бойся вясны ніколі”
На Віцебшчыне сажалі цыбулю (Нікіфароўскі, 1897). На Лельчыччыне сеялі агуркі, пакуль каровы ляжаць у хляве, каб былі такімі тоўстымі, як жывёла, і трымалі ў руках качалку, каб раслі такімі ж вялікімі. У Пінскім павеце жанчыны ў час пасадкі вышэй падбіралі спадніцы, каб усё вырасла высокае, і хапаліся за сваё калена, каб агародніна была тоўстая і круглая (Булгакоўскі, 1890). На Мазыршчыне на беразе ракі раскладвалі вогнішча (“купайла”), спявалі каля яго песні. Падпальвалі пукі саломы і кідалі ў плынь, каб лён добра радзіў. Там жа лічылася, што на Мікольнага Івана “орахі цьветуць і папараць”. У Ельскім раёне “купайла” рабілі з дзеркачоў і палілі, павесіўшы на хвою. Засцерагаліся ведзьмы (Талстая, 1986). Міколін Бацька адлюстраваны ў калядных і валачобных песнях: