Кастрычнік
У кастрычніку — насмаркаць
Багачу, я свой сноп малачу.
У кастрычніку і хата з дрывамі, і мужык з лапцямі.
Кастрычнік ходзіць па краю й гоніць птушак з гаю.
Кастрычнік ні калёс, ні палоз не любіць.
Кастрычнік зямлю балоціць, а лес дык залоціць.
У кастрычніку снег — толькі на грэх.
У кастрычніку гром — зіма без снегу.
Кастрычнік — дзесяты месяц года. Стараславянскія назвы яго — листапад, риень, паздерник, брудень, у чэхаў ён таксама říjen, у сербаў — паздзернік, у палякаў — październik, ва ўкраінцаў — жовтень. Беларускае найменне месяца паходзіць ад слова “кастрыца” (“кастра”): у гэты час сяляне трапалі, часалі лён і каноплі, з якіх ападала шмат кастры.
У рымлян oktober (такая ж аснова ў нямецкай, французскай, англійскай, рускай мовах) быў прысвечаны богу вайны Марсу. У 15-ы дзень месяца прыносілі ў ахвяру каня, які вылучаўся на папярэдніх скачках. Другога кастрычніка святкавалі Медэтрыналіі ў гонар багіні медыцыны Медэтрыны. Кожны рымлянін гатаваў сабе багаты стол і стараўся як мага больш наесціся і напіцца, бо гэта нібы перасцерагала яго ў будучым ад розных хвароб.
Старажытныя грэкі ўшаноўвалі бога вінаробства Бахуса (Дыяніса). Свята было вельмі вясёлым і свабодным, у ім нароўні з вольнымі грэкамі прымалі ўдзел і рабы. Адмысловы хор пры музыцы і скоках пеў так званы дыфірамб — асаблівую песню ў гонар Бахуса, дзе адлюстроўваліся сумныя і радасныя падзеі з жыцця бога.
Кастрычнік — сярэдні месяц восені, характарызуецца зменлівым надвор’ем: бываюць густыя туманы, слата, частыя прымаразкі, а часам выпадае і снег. Дрэвы стаяць аголеныя, птушкі адляцелі ў вырай. Наступае пара для садаводаў: пасадка дрэў і ягаднікаў, абмазванне ствалоў глінай і вапнай, іх ацяпленне.
Народны каляндар месяца не багаты. Яго асноўнае свята — Пакровы. У скарбонцы земляробскай мудрасці маюцца прыкметы, па якіх вызначаецца надвор’е, як на бліжэйшыя дні, так і на вялікі тэрмін — зіму і вясну.
2/19. Зосім. Журавіны на Зосіма ўздымаюцца — мароз на Пакровы ўдарыць (Ляснічы, 1990).
3/20. Астап (Астаф’я). Людзі прыкмячалі; калі ў гэты дзень вецер паўночны — на холад, паўднёвы — на цяпло, заходні — на дождж, усходні — на сухое надвор’е (Ляснічы, 1990).
4/21. Пранцішак (Францішак). Да гэтага часу жыта ўсё ўбрана з поля, таму цяжка там знайсці зярнятка. “На Пранцішка зярнят шукае ў полі мышка” (Паўлюкоўскі, 1934).
7/24.ПачатакБабінага лета на Мядзельшчыне (да 14 кастрычніка).
У гэтую пару варажылі на “шчаслівую бабулю” (бабку-пупарэзніцу). Усе дні загадзя “раздаваліся” бабулям, якія прымалі роды ў наваколлі: панядзелак — Тэклі, аўторак — Юстыні, сераду — Марцэлі і г. д. Калі дзень выдаваўся сонечны, ціхі, вясёлы, гэта значыла, што рука ў бабулі лёгкая, і роды адпаведна пройдуць лёгка (Васілевіч, 1991).
8/25. Сяргей. Першыя халодныя дні месяца далі падставу ў некаторых мясцінах назваць яго пачаткам зімы. “З Сяргея пачынаецца зіма” (Паўлюкоўскі, 1934).
Жалезны тыдзень. Чысцяць, змазваюць жалезныя рэчы, каб цэлы год не ржавелі і не ламаліся (Санько, 1990). На Жалезны тыдзень існавалі і забароны: “Пянькі ні мачы — крэпка будзіць” (Смаленская губерня; Дабравольскі, 1894).
9/26. Іван Шаптун (Іван Пакроўны, Іван Журавіннік, ІванКураед, Багаслоў). Свахі сакрэтна шапталіся з жаніхамі пра нявест, каб 1 кастрычніка (па старым стылі) зрабіць вяселле. Асабліва гэта было распаўсюджана ў Віцебскай губерні. Захавалася прымаўка: “Іван Багаслоў дружкі разаслаў, а на Пакрова дзеўка гатова”.
У Лельчыцкім раёне гавораць: “Іван Пакроўцы перад Пакровам ходзіць” (Талстая, 1986). Па прысвятку раней арыентаваліся ў заканчэнні сяўбы азімых, завяршалі іншыя палявыя работы і пачыналі вяселлі. На Драгічыншчыне кажуць: “Богослаў сваты розослаў, пачынаюць высілля робыты” (Талстая, 1986). Вядомы песні:
Ах, восень, восень!
Сватоў па восем,
А ка мне ніводнага!..
Ай, восень, макрота,
Дзецюкам жаніцца ахвота...
Пры выкананні розных гаспадарчых работ, талок спявалі таксама іншыя песні, не вельмі замацаваныя за асенняй парой.
У Шумілінскім раёне хадзілі па журавіны (ягады выкарыстоўвалі для лячэння многіх хвароб). Там жа раней высаджвалі куранят, якія вырасталі да Івана Кураеда, і аддавалі іх папу.
10/27. Саўкі (Савасцей). У цёплую восень хавалі вуллі ў амшанік, хаця звычайна гэта рабілі ў Засімаў дзень.
11 /28. Пакроўны бацька — прысвятак за тры дні перад Пакровамі (Талстая, 1986).
Пакроўцы — Дзяды перад Пакроваю, адзначаліся на Магілёўшчыне. У Вілейскім павеце асеннія Дзяды праводзіліся прыблізна каля І кастрычніка. “Сяляне адной вёскі кожны год робяць памінкі ў адзін і той жа тыдзень, сяляне другой вёскі — у другі. Адны з іх звычайна ўдзельнічаюць у святах іншых” (Крачкоўскі, 1874).
“А я й з табою на ручнічок стану…”
Выпрабаванне на працавітасць
Весялей іграй, музыка! | Добры памол з першага ўраджаю |
14/1. Пакровы (Пакроў, Трэцяя Прачыстая) — народнае свята глыбокай восені, пасля яго пачынаецца зіма. Сяляне стараліся закончыць палявыя работы, усебакова падрыхтавацца да зімы. Пра гэты дзень вядома шмат прымавак: “Прыйшла Пакрова, пытае, ці ты да зімы гатова”, “Калі да Пакроў не было снегу, не будзе яго яшчэ два тыдні”, “На Пакроў мароз — сей пад кустом авёс” і інш.
Адбываюцца змены ў прыродзе: “Прыйшла Пакрова — усохла дуброва” (Радчанка, 1888), “Свята Пакрова, пакрый зямельку лісточкам, а галоўку вяночкам”. Становіцца менш корму жывёле на лугах. “Пакровы — зарыкалі каровы” (Слонімскі раён), “На Пакрова дай сена карове” (Дубровенскі раён), “Пакрова — кіі на дрова” (г. зн. пастухам ужо не патрэбны) (Іванаўскі раён). Па надвор’і гадалі пра будучае. “Як на Пакрова дождж ідзе, то бортнік скача, а пахар плача”, “Як на Пакроў маладзік стане — лёгка будзе, як “у старом” — сільна зіма” (Лельчыцкі раён).
Пакроў заўсёды чакалі, бо тады было менш работы. На Тураўшчыне кажуць: “Як прыйдзе Пакрова, то жыва-здарова, як прыйшлі жніва, то ляжу нежыва”. Наступала пара асенніх вяселляў. “Прыходзіць Пакрова — раве дзеўка бы карова” (Сержпутоўскі, 1930), “Пакрова — дзеўка гатова, Пакрова прайшла — дзеўка замуж не пайшла” (Свіслацкі раён).
Стары вятрак ужо на спачынку
Добра ахарактарызавана свята ў валачобнай песні, якая бытуе ў Міёрскім раёне:
Святы Пакроў
Пытаецца
Да ў вазвышанькі,
Ці ўпахала
У полі жыта.
Аяй буду
Да й хадзіць
Аглядаці,
Ці ўруніла
У полі жыта,
Зямлю лістом
Засыпаці,
Снегам чыстым
Пакрываці,
Ваду лёдам,
Пчолку мёдам
Надзяляці.
Старых бабак
Кіёчкамі,
Сярэдніх жонак
А дзяўчатак
Вяночкамі
Награждаці.
Дзявоцкае лета (па 21 кастрычніка) на Мядзельшчыне, тыдзень пасля Пакроваў. У адрозненне ад Бабінага лета ўсе дні размяркоўваліся паміж дзяўчынкамі, якіх ужо прынялі “ў дзеўкі”, і варажылі пра добры характар будучых маладух. Калі дні стаялі сонечныя, значыць, і характар у дзяўчат павінен быць людскі, ласкавы (Васілевіч, 1991).
20/7. Палагея, Сяргей. У некаторых раёнах лічаць гэты дзень пачаткам зімы.
21/8. Трыфан, Пелагея. Прыказкі прысвятка адлюстроўваюць халодную пару. “Трыфан, Пелагея золкім ветрам вее”, “Трыфан кажух латае, Палагея рукавічкі вяжа” (Ляснічы, 1990).
23/10. Аўлампій. У народзе прыкмячалі: калі на Аўлампія рогі месяца паказваюць на поўдзень — будзе позняя зіма, на поўнач — суровая (Ляснічы, 1990).
24/11. Зміцер — прысвятак. “Зміцер зямлю выцер, на груды пабіў, каб ніхто не хадзіў”, “Да Змітра баба хітра” (Сахараў, 1937).
25/12. Марцін — свята млынароў. Адзначалі яго на млынавым каменным крузе (Ашмянскі павет; Берман, 1874). У Барысаўскім павеце елі гусей і гаварылі: “Марцін святы — губіцель гагаты” (Ляцкі, 1898). Гагатой называлі гусей, якіх ужывалі на свяце.
28/15. Сымон і Юда. “Сымон з Юдаю працу ў полі канчаюць, хаты аглядаюць” (Паўлюкоўскі, 1934).
Параскева Пятніцкая. Дзень забароны прадзення ў католікаў. “Ня можна прасці, араць, выносіць попел і рабіць шчалок для мыцця бялізны” (Сахараў, 1937).
29/16.Логін — прысвятак, збавіцель хвароб вачэй (Раманаў, 1912).
30/17.Паклоны — дзень адбівання паклонаў пакутніку Андрэю Крыцкаму (Крачкоўскі, 1874).
31/18.Лука (Лукаш) — прысвятак, па якім арыентаваліся на Палессі пра неспрыяльную пару для сяўбы азімых. “Хто сіе до Лукы, то нэ будэ маты хлыба, ны мукы” (Маларыцкі раён; Талстая, 1986). Адзін з дзён асенніх вяселляў. “На Лукаша — дзеўка наша”.
Юльян — прысвятак; ахоўнік дзяцей.