Сакавік

Сакавік часамі снегам сее, а часамі сонцам грэе.

Сакавік зялёны — ураджай благі.

Як у сакавіку туман, дык у жніво дождж — пан!

У сакавіку зіма не гніе — у красавіку трава не расце.

Няма ў сакавіку вады — няма ў красавіку травы.

Сакавік дрэвам сок пускае.

Сакавік мокры — хлеб горкі.

Хто сее гарох у марцы, той гатуе ў гарцы, а хто ў маі, той у яі.

Жыта ў сакавіку глядзіць у неба — не пакаштуеш зімой хлеба.

Сакавік дажджом імжыцца — хлеба будзе ў рукавіцу.

Сучасная беларуская назва трэцяга месяца года і першага месяца вясны паходзіць ад слова “сок”. У гэтую пару сок пачы­нае цячы з дрэў. У адным з тэкстаў XIV стагоддзя, які пісаўся ў полацкім манастыры, зафіксавана найменне сухий. Францыск Скарына ў “Малой падарожнай кніжцы” (1522) згадвае месяц марець, а ў астрожскім “Псалтыры” (1597) — березозол. Апош­няя назва, дакладней яе варыянты, захаваліся ў чэшскай мове — březen, украінскай — березень. Лацінскую форму ўтрымліваюць французская — mars, англійская — march, нямецкая — März, польская — marzec, руская — март, італьянская і іспанская — marzo і інш.

Рымскі martius, згодна легендзе, “абвясцілі” Ромул і Рэм у гонар бога сонца і вайны Марса, апекуна земляробстава і жывёла­гадоўлі, які ўвасабляў творчыя сілы прыроды. Як ужо зазнача­лася, у рымлян гэта быў першы месяц года аж да 153 года да нашай эры (таксама і ў многіх іншых народаў, у тым ліку беларусаў).

Рымлянамі, асабліва жанчынамі, 1 сакавіка святкавалася яшчэ ў гонар Юноны, апякункі жаночага жыцця, найвышэйшай ба­гіні, царыцы неба і зямлі, жонкі Юпітэра. Да таго ж яна лічылася багіняй ранняга святла, таму ёй і прысвячаўся першы дзень новага года. З 19 па 23 сакавіка адзначалася свята Квінква-трус, якое супадала з днём вясенняга раўнадзенства. Яго “гера­іняй” была Мінерва, дзявочая багіня мудрасці і вынаходстваў, што абараняла розныя промыслы, рамёствы, хатнія работы жан­чын.

Якія ж змены ў сакавіку адбываюцца ў прыродзе? Снег пачынае чарнець і раставаць. На высокіх месцах з’яўляюцца пра­таліны, бягуць ручайкі. Сярэднемесячная тэмпература паветра вагаецца ад +1 на паўднёвым захадзе да -4 градусаў на паў­ночным усходзе. Дзённая павышаецца да +15 ... 22 градусаў, аднак часам мароз захоўваецца аж да канца месяца.

На поўначы Беларусі клён дае сок у сярэдзіне сакавіка, бяроза — у канцы. З’яўляюцца “коцікі” на ранніх раслінах. Ра­кіты ў другой палове месяца ці ў пачатку наступнага ўжо пачынаюць цвісці, Гэта першыя меданосы. З-пад сухой травы выглядаюць пралескі, зелянее трава. Прылятаюць гракі, за імі — шпакі, жаваранкі, канаплянкі, зяблікі. Такуюць глухары, потым цяцеры. Выводзяцца вавёркі, зайчыкі, ваўчаняты і іншыя звяркі. Пачынаецца нераст у рыб.

Народная мудрасць перасцерагае: не бярыся за плуг, па­куль баразна блішчыць, гэта значыць мокрая. І нашаніўскія календары, абапіраючыся на багаты сялянскі вопыт, раілі піль­наваць капцы і ямы, у якіх схавана гародніна. Калі што-небудзь пачало псавацца, дык у цяплейшае надвор’е неабходна перабраць. Каб садовыя дрэвы зацвілі пазней, варта накідаць каля ствала найболей снегу, утаптаць яго і прыкрыць гноем. Абавязкова аб­рэзаць сухія і лішнія галінкі, абабраць насякомых і іх яйкі, пабяліць ствалы дрэў. Трэба баранаваць сенажаці, высаджваць расаду, а калі абсохне зямля, то можна прыступаць і да га­роху, насеннага лубіну. Ранняя сяўба калі і не паспрыяе ўрад­жаю, але насенне не звядзе.

*Лысая серада— серада перад Масленіцаю. “Лыса, лыса се­рада, галубы чацвер” (Дабравольскі, 1914).

2/17. ДзеньФёдара Цірана. У ім бачыўся заступнік ад зладзе­яў.

*Масляныя Дзяды (Мясаедныя, Паставыя, Зімовыя, Стрэчаньскія) —пятніца і субота, а ў некаторых раёнах Беларусі яшчэ і чацвер, перад Масленіцай; называлі таксама Дзедавай пят­ніцай. Раніцай палілі печку, бялілі ў хаце, засцілалі стол чыстым абрусам, вешалі новы ручнік — чакалі гасцей, “дзядоў”. Пасля рытуальнага абеду ўсё пакідалі на стале “дзядам”, у сувязі з чым гаварылі: “Дзяды не зналі бяды, а нашы ўнукі зазналі мукі” (Свіслацкі раён).

*Дзедавая субота, на Палессі яшчэ называлі Бабы.

4/19. Казімір (Казімер). У некаторых валачобных песнях, зарыентаваных на каталіцкі каляндар, упамінаецца як “пер­шае святца”.

Святы Казімір

Дровы сякець

І ў клад кладзець.

У заходніх раёнах Беларусі вядома прымаўка: “На Казімера зіма памірае” (Паўлюкоўскі, 1934). У Свіслацкім раёне кажуць: “Казімера — зіма ўмера”, “Казімера дзень і ноч умера”. Відаць, не толькі памірае, а і “ў меру”, калі маецца на ўвазе, што 20 ці 21 сакавіка бывае дзень вясенняга раўнадзенства.

*Мясапусная нядзеля —8-ы тыдзень перад Вялікаднём.

*Масленіца (Маслёнка, Масніца)— пачатак (з панядзелка) Масленага (Сырнага, Крывога, Пустога, Развітальнага) тыдня, даўняга свята заканчэння зімы. Прыстасавана царквою да апош­няга тыдня перад постам. Мясное не елі, а толькі малочнае. Гаварылі, што Масленіца бывае “на маладзіку” (“рог месяца ўмачыў у масла”). Наладжвалі гульні. Ездзілі на конях, каталіся на санках. Дзяўчаты насілі хусткі з доўгімі махрамі, каб вырас доўгі лён. Сяляне гаварылі: “Масленіца ў вятху (пасля поўні.— А. Л.), дзяржы пшаніцу ў мяху; сей пшаніцу ва ўсю руку, калі Масленіца ў маладзіку” (Дабравольскі, 1914; Нікіфароўскі, 1897). Дзяўчаты хлопцам вешалі калодкі за тое, што яны не паспелі да Масленіцы ажаніцца, і тыя адкупляліся гарэлкаю, салодкім. Моладзь выстройвалася і вадзіла па вёсцы “масленіцу”, “каб лён добры вырас”. У Сенненскім павеце на першы дзень свята жан­чыны на санях “вазілі маладую”, якая ў апошні Мясаед выйшла замуж. Спявалі ёй:

Маладая ты Марутка,

Выйдзі, выйдзі к нам на вулку!..

Вазьмі сыра — родзіш сына,

Вынісь маяку — родзіш дачку,

Вынісь рэпку — родзіш слепку...

сакавік - student2.ru

“У нас сягоння Масленіца!”

Муж “маладой” частаваў усіх (Шэйн, 1887). Спявалі яшчэ і так:

У нас сягоння Масленіца!

Прыляцела к нам ластавіца,

Села на калу,

Скінула масла па каму...

Вясна. У некаторых паўднёвых раёнах пачыналі ўжо гукаць вясну, што працягвалася цэлы тыдзень.

МАСЛЕНІЦА

Маслены тыдзень, ад панядзелка да нядзелі, праводзіцца шумна. Па вечарах таксама не працуюць. Ходзяць адзін да аднаго ў госці, а моладзь паўтарае каляднае гулянне. Днём усе лічаць сваім абавязкам пракаціцца: адны на санках, другія на ледзяшах, высечаных на рацэ або замарожаных у кадцы (у іх вы­чэсваецца вогнутае сядзенне, а з боку прасвідроўваецца распа­леным цвіком дзірка для вяровачкі). Трэція ездзяць на перавер­нутых, трохі падмарожаных лаўках або простых дошках. Добрыя гаспадары ў масленічныя дні абнаўляюць сані: усцягваюць іх на горку, там садзіцца чалавек 20—25 і стрымгалоў ляцяць з гары. Толькі такія сані і будуць затым лёгкімі на хаду. На Масленіцу ж аб’язджаюць упершыню і жарэбчыкаў, што дасягнулі трох­гадовага ўзросту.

У чацвер на Масленіцу мір-грамада наймае пастуха. У апош­нія дні свята, у суботу і нядзелю, катаюцца на конях, абвеша­ных стужкамі, са званочкамі і шамкамі. Пры гэтым радасна крычаць, гігікаюць, спяваюць песні.

сакавік - student2.ru

“Масьліная, шчаслівая, працягніся да Вялікадня”

Масьліная, шчасьлівая,

Працягніся да Вялікадня!

Масьліная, шчасьлівая, бела вутка,

Нясі сыру, масла да ня хутка!

А хто сыру ня дае, няхай яму пагніе.

(Гомельскі павет: Раманаў, 1912).

Мы на горушкі пубувалі,

Пубувалі, ай-люлі, пубувалі![4]

Масьлінку сустракалі,

Сырым гару набівалі,

Маслым гару палівалі,

Наша горушка катліва,

Свякровушка вуркатліва,

Іна на нас вурцала,

На горушку ні пускала.

А нам дамой ні хаціцца,

А хаціцца прыкаціцца.

Мы думалі: Масьлінка сем нядзелік,

Ажна Масьлінкі сем дзянёцкыў!

Нас Масьлінка абманіла,

На сем нядзель пыста пысыдзіла,

На белую капусту,

На горкую рэдзьку.

(Веліжскі павет; Раманаў, 1912)

ЗАБАВЫ НА МАСЛЕНІЦУ

Выдумак і штукарства на Масленіцу хапала. Весяліліся і так: на кол у зямлі прымацоўвалі кола з воза, прывязвалі да яго жэрдкі, на якія чаплялі санкі. Адны круцілі кола, другія каталіся. Мужчыны качалі па вуліцы калоду, каб летам рос добры лён. (Вёска Лескавічы Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці; запісана ў 1989 годзе.)

ВЕШАННЕ КАЛОДКІ

З палена адразалі цурбанчык і чаплялі яго на пояс. Сабраў­шыся разам на Масленіцу, заходзілі да каго-небудзь у хату. Гаварылі: “Гаспадар, прымай гасцей” і накідалі яму на шыю той “паясок”. Гаспадар за гэта павінен быў расплаціцца, пачаставаць. Ішлі далей па вёсцы. Калі ў гурта збіралася шмат пачастункаў, гулялі ў чыёй-небудзь адной хаце, выпівалі. На вечары рознае выдумлялі, смяяліся. Іншы раз жартам вешалі калодку і на са­баку.

Была і песня, якую выконвалі падчас таго дзейства:

Давіду бяда стала.

З кім яго Жана спала

Пад дубам зеляненькім?

З казаком маладзенькім.

Я пайду кароў даіць.

А за мной Давід бяжыць.

Ой, Давід-Давідзіла,

Я цябе не відзела.

Сяду пад каровачку,

Абярну даёначку,

Ой, Давід-Давідзіла,

Я цябе не відзела.

Абярну даёначку

К міламу ў галёначку.

Ох, мілы Давадзіла,

Я цябе ўвідзела.

(Вёска Крупчына Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці; запісана ў 1989 г.)

У іншых раёнах Віцебшчыны гэта песня выконвалася і пры “Жаніцьбе Цярэшкі”.

9/24. Янка. “Усе з галавою, а Янка дык не. Янкавай галавы баіцца зіма” (Паўлюкоўскі, 1934). Гэты дзень яшчэ называецца Абертас (Паўраценне). Птушкі пачынаюць вяртацца з выраю. У царкоўным календары — свята знаходжання (“обретения”) га­лавы Іаана Хрысціцеля. Свяшчэннік І. Берман у Ашмянскім па­веце заўважаў: пчаляры ўжо глядзелі вуллі, і калі пчолы “арэтаюць” — значыць, дажылі, а гэта лічылася знакам, што яны выжывуць. Як зазначаў святар, тады ж і мядзведзь павароч­ваецца ў бярлозе на бок. Вось чаму дзень мае найменне Паўраценне.

* Крывы (Тлусты) чацвер — чацвер на Масленым тыдні. У Дра­гічынскім і іншых раёнах —Валосы (Валосся). Існавала шмат за­бароў “На Волосого бліны пыклы ці оладкы, коб булы вылы гладкы” (Талстая, 1984). У Віцебскай губерні на Валосся добра даглядалі жывёлу, “гаравалі”, спявалі песні з прыпевам: “Ах ты, ладо, мае ладо!”, “аб’язджалі маладога бычочка або жарэбчыка” (Шэйн, 1887). У Гродзенскай губерні гатавалі мяс­ную ежу. “Валачыліся” ўздоўж вёскі, каб урадзіўся доўгі валакністы лён і вадзілася жывёла (Раманаў, 1911). Павер’і тыя ў Свіслацкім раёне памятаюць і сёння. Яшчэ сцвярджаюць: “На Валосся цягалі за валосся, але Валосся цяпер ужо звялося”.

сакавік - student2.ru

Вясна зіму адолела

10/25. Сорак мучанікаў (Прыска) — свята сустрэчы птушак. Прыска — адзін з сарака мучанікаў, якія пакутавалі ў Севасційскім возеры. На гэты конт існуе выслоўе: “На святога Прыску праб’е лёд і пліска” (Паўлюкоўскі, 1934).

* Гуканне вясны (Гувясна, Вясна, Прошчаны дзень, Гавенны дзянёк) — апошні дзень (нядзеля) Масленага тыдня, дзень суст­рэчы вясны. Асабліва распаўсюджана і разнастайна традыцыя на Усходнім Палессі. На Петрыкаўшчыне гукалі вясну з караваем (аграрная магія, культ нівы), на Століншчыне — з “жаваранкамі” (культ жывёлы); на Тураўшчыне і Лельчыччыне рабілі вянок з барвянка і з песнямі “Ой, венчэ-барвенчэ”, “Вясна-красна” вешалі яго на бярозку (культ расліны), “чыркавалі” (веснавалі) — вадзілі карагоды, спявалі пра чырачку (“Ой, чырачка-пташачка, не залятай далечка”), насілі елку з вянком, спяваючы “Ой, вясна-вясняначка”. У некаторых раёнах пыталіся: “Ці пазволіце, старыя людзі, нам вясну-красну выгукаці”, у іншых пры­казвалі: “Благаславі, Божа, зіму замыкаці ...вясну загукаці”. Вяснянкі спявалі на высокіх месцах (“красных горках”, стагах, стрэхах і інш.). Песні чуліся з розных бакоў, адбывалася пе­раклічка гуртоў выканаўцаў. Характэрнай асаблівасцю вяс­нянак з’яўляецца выгукванне “Гу-у!”. Па ўяўленні нашых прод­каў, Вясна ехала “на сошаньцы, на варонцы”, “на залатым кані”. Тэматыка песень: пра вясну, птушак, кросны, каханне. Праяўляюцца міфалагічныя вобразы Вяскоўкі, Ярылы — божышча веснавой урадлівасці і пладавітасці жанчыны.

Масленыя (Масныя, Паставыя) загавіны (Масное лушчэнне, Сырапусная) — апошні дзень Масленіцы.

ГУКАННЕ ВЯСНЫ

Пасля Мясаеду перад постам, гэта значыць на Масленым тыд­ні, “гукалі вясну”. Калі з’яўляліся першыя праталіны, дзяўча­ты ішлі на поўдзень у лес, даставалі з-пад снегу барвянок і плялі сабе вянкі. Іх упрыгожвалі стужкамі, кветкамі, перазіма­ваўшымі журавінамі і надзявалі на галовы. Вадзілі карагод, спявалі веснавыя песні:

сакавік - student2.ru

“Талакоўцы” гукаюць вясну

Вясна-красна,

Што ты вынесла?

Ой! Што ты вынесла? [5]

А я вынесла

Чэрэпок масла.

Чэрэпок масла,

Галава красна.

Гаршчок сыра,

Галава сіва.

Усе дзевачкі

Павыходзілі.

Адно аднае не вывелі,

Бо ў Галечкі дзіця мала.

Дзіця плача,

Калыхаць хочэ.

Гаршчок кіпіць,

Выкіпаць хоча.

Устань, стары,

Пакалыш дзіця,

А я пойду

Дэй повесную.

Дэй повесную,

Дэй покрасную.

Самы вялікі вянок урачыста ўскладвалі або закідалі на адзі­нокую грушку ці бярозку на ўзгорку. Вакол дрэўца таксама вадзілі карагод з песнямі:

Ой, венчэ, мой венчэ,

Да зялёны барвенчэ,

Ек я цебе звіла

Шчэ ўчора звечора

Дай й на вішэньку однесла.

А моя маці ішла

Да мой венчык знайшла,

Да нелюбому оддала.

Спявалі яшчэ “Ой! Ужэ весна-весняначка”, “Бугай раве, на па­шу хочэ”, “Ой, поросці кропе” і інш. Тут жа пад дрэўцам на праталіне дзяўчаты сядалі кругам (часам удзельнічалі і хлопцы) і елі сыр, масла, кашу і абавязкова вараныя яйкі.

На Масленым тыдні выходзілі ў лес і з упрыгожанай елач­кай, з тымі ж веснавымі песнямі. Елачку з вянком хавалі ў лесе, хлопцы яе шукалі і забіралі сабе вяночак.

Яшчэ ранняй вясною ішлі “чыркаваць” або спяваць “Чырку” (іншы раз таксама з елачкай). Бралі с сабой кашу, печаныя яй­кі, аблюбоўвалі за вёскай высокія месцы, цёплыя бугры або сядалі ў лузе ці ў полі на “под”, дзе стаяў раней стог, частава­ліся і спявалі:

Ой, выйдзем, дзевачкі,

На новае лета.

Зімавалі — не спевалі,

Весну ждалі...

Ой, чырочко-пташэчко,

Не залета далечэчко,

Не занось мойго венчыка.

Бо мой венчык-патрэбчык.

Братка жаніці,

Сястру замуж аддаці.

Сястру замуж аддаці,

Вяселле спраўляці.

(Вёскі Дзяржынск, Букча і Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці; запісана ў 1985 і 1987 гадах).

сакавік - student2.ru

Гуканне вясны ў Мінску

12/27. Рыгор. Пра гэты веснавы прысвятак вядома прыказка: “На святога Рыгора ідуць рэкі ў мора” (Б.с. к., 1937).

13/28. Васіль і Марына — дзень, калі забаранялася прасці.

14/29. Касьян. Згодна народнаму павер’ю (гл. таксама 29 люта­га), за тое, што Касьян падпаліў Іаану Хрысціцелю вусы, Бог пакараў віноўнага: яго свята адзначалася толькі адзін раз у чаты­ры гады (Раманаў, 1891). Аднак хоць 29 лютага бывае толькі у вы­сакосны год, царкоўнікі ў іншыя гады пераносяць прысвятак пра­падобнага Касьяна Рымляніна на 28 лютага.

Наши рекомендации