Шыльны панядзелак — першы дзень Вялікага посту. На Віцебшчыне раней у гэты дзень гулялі ў карчме, што называлася “каваць шыла” (Шэйн, 1912). 1 страница
*Паласказуб (Пласказуб, Панядзелак Пласказуб, Папалакіны) —першы панядзелак Велікоднага посту (7 тыдняў). Найменне, відаць, звязана з піццём гарэлкі. Увесь пост царква не дазваляла есці мяса, піць малако, спяваць песні, танцаваць. У Слонімскім павеце хлопцы насілі ступу і складалі туды розныя рэчы дзяўчат, каторыя не паспелі выйсці замуж. Дзяўчаты адкупліваліся, і ўсе разам гулялі. У розных раёнах Беларусі вешалі калодкі хлопцам, якія не ажаніліся. На Свіслаччыне гэты дзень называўся Паслязапусак. Прызнавалася добрым, калі першым у хату з раніцы заходзіў мужчына, а калі жанчына, то нібыта будуць развальвацца сыры.
“А я пойду дэй повесную…”
“Ой, вясна-вясняначка”
14/1. Аўдакей (Аўдокій, Яўдоха, Аўдоння, Аўдуська, Яўдокі, Галдакей, Аўдоцця Вясноўка). У многіх раёнах — першы дзень вясны. “Яўдокі — з гары патокі”. Гаварылі, што Аўдакей трымае ў руцэ лета. Прыкмячалі надвор’е — ці нап’ецца певень або вол з-пад страхі. Лічыўся нешчаслівым днём, таму “не пралі, не снавалі” і не выконвалі іншыя работы. Тады ж казалі: “Прадзі, гульцяй, бо будуць голыя бокі, як не прасьцімеш”. Але на “Оўдокый помідоры на расаду сажалі і на окне дзержалі” (Лельчыцкі раён; Талстая, 1984). У валачобных песнях спявалі:
Святы Еўдакей — веснавы святок.
Веснавы святок — пераступ года.
Пераступілі ў яго слядочкі,
У яго слядочкі ўсе святочкі...
Ці:
Аўдакеі
Дровы сякуць,
У клады кладуць.
У іншых раёнах “гукалі вясну”. Хаця, бывала, і добра яшчэ трымалася зіма. “Яўдохі — снегу па бокі” (вёска Моталь, Іванаўскі раён).
“Чырачка-пташачка, не залягай далечка…”
Першыя чатыры дні сакавіка, па перакананні некаторых сялян, адлюстроўваюць наогул стан надвор’я ўсяго года: першае сакавіка ўяўляе сабою нібы вясну; другое — лета; трэцяе — восень; чацвёртае — зіму; якія выдадуцца дні, такая будзе і адпавядаць ім пара года. У другіх мясцінах гавораць: “Калі Галдакей (дзень святой Еўдакіі, першае сакавіка) цёплы, свеціць сонца, то вясна і лета надарацца цёплыя і асабліва добры будзе сенакос. Ідзе дождж — чакай ураджай на жыта. Калі моцны мароз, то ён жа замарозіць грэчку ў час цвіцення. Як першае сакавіка туманнае, пашанцуе з ураджаем на стручковыя расліны. Калі ж мяцеліца і завея (бывае рэдка), то ў бягучым годзе неабходна чакаць вялікага голаду, які вымяце людзей”.
У гэты дзень у іншых краях сяляне стараюцца есці асаблівую страву — “націну”, прыгатаваную з лісця рэпы. Кажуць, так яны папярэджваюць хваробу “грэчаніцу”. Назву яе сяляне звязваюць з грэчкай, ад якой нібы яна і з’яўляецца. Прыкметы хваробы на апантаных ёю асабліва заўважаюцца раніцай і вечарам: адчуваецца вялікі непрыемны сверб (Вілейскі павет; Крачкоўскі, 1874).
15/2. Хвядот. На гэты прысвятак засцерагаліся моцных вятроў. “На Хвядота занос — усё сена знясе” (Паўлюкоўскі, 1934). “На Фядота занос — доўга прыпару не будзе” (Ляснічы, 1990).
Сонейка вясновае, лагоднае
17/4. Герасім Гракоўнік — дзень прылёту гракоў. “Герасім гракоў прыгнаў” (Ляснічы, 1990). Існуе прыкмета: гракі сядзяць ужо ў гнёздах — на дружную вясну, калі лётаюць бязмэтна або і зусім іх не відаць у аселіцы — вясна будзе павольная, часцей — позняя (Санько, 1990).
“Гракі сядзяць ужо на гнёздах – на дружную вясну”
18/5. Конагароднік — дзень падрыхтоўкі да пасадкі расады капусты (Ляснічы, 1990).
19/6. Язэп. “Як святы Язэп кіўне барадою, дык зіма ўцякае ўніз галавою”. Здаралася, што ў вясновыя “паставыя” дні, калі касцёл забараняў шлюб, вяселле ўсё-такі адбывалася. На гэты конт народ меў прыказку: “Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту” (Паўлюкоўскі, 1934). Добрае надвор’е на Язэпа лічылася спрыяльным. “На Язэпа пагода — год ураджайны” (Б.с. к., 1937).
20-21. Дзень астранамічнага вясенняга раўнадзенства.
22/9. Саракі (Саракасвятыя, Сорак мучанікаў). У народзе казалі, нібы на Саракі прылятае 40 “выраяў”, а таксама, што гэта свята “пчальніковае” і ўжо канчаткова прыходзіць вясна. Гаварылі: “На Саракі мужык пытаецца, ці далёка да ракі”; “Святыя Саракі — да не йдзі да ракі”; “Святыя Саракі ў поле саху валаклі”. Выпякалі з цеста для дзяцей 40 жаваранкаў, у некаторых мясцовасцях — 40 варэнікаў, 40 маленькіх піражкоў, галушак. Гушкаліся на арэлях. Згодна павер’ям, сарока пачынае віць сабе гняздо і прыносіць для гэтага 40 пруцікаў. Але чакалі яшчэ сорак маразоў. Нібыта з выраю тады прылятае сорак жаваранкаў. Хлопчыкі павінны да ўсходу сонца, не памыўшыся і закрыўшы вочы, падабраць на двары сорак трэсак і высыпаць іх пад печ або перакінуць цераз хату столькі ж палачак. Хто выканае гэта, той вясною знойдзе сорак птушыных гнёздаў (або сорак качыных яек).
Народ ведаў, што “на Сорак мучанікаў дзень з ноччу мераецца” (Паўлюкоўскі, 1934). Відаць, у старажытнасці ён звязваўся з вясеннім раўнадзенствам, ад якога пачыналася вясна. На Саракі сажалі расаду (Свіслацкі раён).
У Ельнінскім павеце дзеці праводзілі цікавую гульню: выконвалі пахаванне “трункі” з насякомымі, спявалі: “Жылі не сяляне, памерлі не радзіцелі” (Дабравольскі, 1914). Малыя і дарослыя гушкаліся на арэлях, “каб лён рос” (Шумілінскі раён).
Пліска. Праваслаўны прысвятак па сутнасці не адрозніваецца ад каталіцкай Прыскі (гл. 10 сакавіка). “На святога Пліска праб’ець лёд і пліска” (Насовіч, 1874).
Чакаю цябе, шпачок!
САРАКІ НА СЛУЧЧЫНЕ
З выраю прылятае жаваранак, от затым у гэты дзень жанкі пякуць маленькія патапцы і называюць іх жаваранкамі. Птушачак абліваюць засалоджанаю вадою з макам і даюць дзецям. Іншыя пякуць хлеб і на булках зверху кладуць з цеста як бы барану, серп, касу, саху або яшчэ што-небудзь з гаспадарчых прыладаў. Гэтыя рэчы падсушваюць і трымаюць за абразамі з грамнічнаю свечкаю... (Сержпутоўскі, 1930).
САРАКІ НА ВІЛЕНШЧЫНЕ І НАВАГРУДЧЫНЕ
...Сяляне заўважаюць: калі снег яшчэ ляжыць на стрэхах, то зіма будзе даволі ўстойлівая. Яны кажуць: “Калі Саракі засталі снег на стрэхах, то Благавешчанне (25 сакавіка) — на зямлі, а Юр’я (23 красавіка) — у гарах”. Есць павер’е, нібы ў гэты дзень вылятае ў нашу старонку (з цёплых месц) сорак “выраяў” — птушак.
Вядома, што ў вясковым побыце адной з вялікіх асалод у вясковых хлопчыкаў лічыцца адшукванне птушыных гнёздаў і яек. Каб у сваю пару быць шчаслівымі ў той справе, сяляне ў некаторых мясцінах выкарыстоўваюць наступны сродак. Старэйшыя ў хаце падгаворваюць дзяцей, каб яны, па магчымасці, раней усталі на “Саракі” і нанеслі ў хату дроў. Хто з іх раней падымецца і выканае ўказаную ўмову, той будзе мець больш поспеху потым у адшукванні птушыных гнёздаў і яек...
У іншых месцах дзеці неапранутымі стараюцца тройчы абабегчы хату і праз акно ўкінуць 40 трэсак, узятых з таго месца, дзе колюць дровы, або цераз страху босыя хлопчыкі перакідваюць 40 трэсак.
Калі хто-небудзь з сялян убачыць у той дзень вырай, які ляціць, то гэта, па перакананні народа, знак яго будучага поспеху і шчасця ва ўсім. Асабліва наглядаюць гусей і жураўлёў: ці ляцяць яны кожны асобна, па аднаму, ці цэлымі ланцугамі. Калі гусі і жоравы “ляцяць па адном, дык і на жыта будзець добры ўраджай, і снапы будуць такія цяжкія, што прыйдзецца насіць па аднаму; як ляцяць па два і па тры, то і жыта давядзецца насіць так” (Крачкоўскі, 1874).
*Зборавасубота — субота першага тыдня Вялікага посту. На Усходнім Палессі ў гэты дзень праводзілі абрад “споведзі дзежкі”. Яе мылі, накрывалі новым ручніком, падкурвалі воскам, кідалі туды вугельчык. Не расчынялі ў ёй хлеб, бо лічылі, што цяжка будзе ісці-дзежцы на споведзь.
*Збор (Ізбор, Узбор)— нядзеля першага тыдня (зборнага) пасля Масленіцы. Лічыўся пачаткам збору селяніна да выезду ў поле. У адной з песень распавядаецца:
А Збор мовіць гаспадару:
“Слаўны мужу над мужамі,
Тваё дзела на торг ехаць,
Зялеза купляць, нарогі каваць”.
Хутка ў поле
У некаторых валачобных песнях Збор ставіцца на першае месца сярод гадавых святак:
А ішоў напярод да й святы Ізбор,
А святы Ізбор — да бяжыць вада з гор,
...а рыбка з нор.
А святы І збор да й лемяшы купіў.
Свята і зараз вядома на Віцебшчыне.
25/12. Рыгор. “На Рыгора зіма ідзе ў мора” (Паўлюкоўскі, 1934). У народнай песні спяваецца:
А святы Рыгор спусціў ваду з гор,
Ваду ў зямлю, а з зямлі траву.
Феафан. У народзе прыкмячалі: калі дзень пачынаецца з туману, то варта чакаць добрага ўраджаю льну і канопляў (Ляснічы, 1990).
Дабравешчанне (Звеставанне) — вясновае свята, свята прылёту птушак. Аб характары яго сведчаць прымаўкі: “На Дабравешчанне Бог багаслаўляе ўсе расліны”; “На Дабравешчанне і птушка гнязда не кладзе”; “Дабравешчанне як захоча, дык і бусел заклякоча”. “На Дабравешчанне звон, а ў морквы дух вон” (траціць сок); “У каго хлеба шмат, Дабравешчанню рад”; “На Дабравешчанне цёпла — ураджай на арэхі” (Паўлюкоўскі, 1934).
Праводзілі “гуканне вясны”.
26/13. Міжблагавешчыны (да 7 красавіка) — забарона на “запасванне” кароў. У Мінскай губерні была такая завядзёнка: у перыяд паміж каталіцкім і праваслаўным Благавешчаннем, калі селянін не выгнаў першы раз кароў да 13 сакавіка, то не выгане і ў Міжблагавешчыны. “Запасванне” жывёлы ў гэтую пару, на думку сялян, наклікае на статак ваўкоў, якія прыносяць вялікую шкоду. Каб пазбегнуць няшчасця, беларус стараецца не даваць у доўг рэчы, асабліва бёрда (Дземідовіч, 1895).
30/17. Аляксей Цёплы (Аляксей Весняны, Аляксей, Алексій, Ляксей, Алісійкі). Лічыцца цёплым вясновым днём, з ім звязана нямала народных прыкмет. “На Ляксея вол павінен з лужы напіцца” (Паўлюкоўскі, 1934). Чакалі прылёту жураўля ці бусла. Бусько кажа: “На Лэксія хоць заб’юся, а з’яўлюся” (Столінскі раён; Талстая, 1986). Дзень рыбалова. “На Аляксея лёд такі слабкі, што его і рыба хвастом разаб’е” (Рэчыцкі павет; Пяткевіч, 1884). Плялі сеткі. “Аляксей сеці садзіць, лодкі смаліць, рыбу коліць”. Аглядалі (“тварылі”) вуллі. На Палессі вядома прымаўка: “На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою”. Калі былі цяжкасці з сенам, то палешукі не чакалі Юр’я, не звярталі ўвагу на Міжблагавешчыны, а выганялі “тавар на чарнагалоў”, першую зеляніну ў балоце, або “на верас”. Тут мелася на ўвазе любая мінулагодняя расліннасць, якую мусілі перабіраць згаладалыя пасля цяжкай зімы каровы.
У некаторых раёнах пачыналі сеяць лён, авёс. “Аляксей сохі чэшыць, хамуты строе”. Не ткалі, перад сном дзяўчаты гадалі пра будучае замужжа. “Святый Олэксію, я на Тобі лён сію. Дай, Божэ, знаты, з кім буду ў пары стаяты” (Пінскі раён; Талстая, 1986).
Красавік
Красавік сініць і дзьме, бабам цяпло нясе, а мужык
пазірае ды галавою ківае.
У красавіку грымот — цёплы будзе год.
Красавік сушыць, нічога з зямлі не рушыць.
У красавіку зямля грэе.
У красавіку дождж праходзіць, сонца грэе —
тады ўсякі не збяднее.
Назва чацвёртага месяца года паходзіць ад слова “красаваць”, бо ў ім з’яўляюцца першыя краскі-кветкі. Гэтаму адпавядае і другое найменне, што сустракаецца ў старажытнай літаратуры,— кветень. У прыватнасці яго ўжывае Ф. Скарына ў “Малой падарожнай кніжцы”. Такая ж форма захавалася ва ўкраінскай мове — квітень і польскай — kwiecień. У старажытных славян чацвёрты месяц яшчэ вядомы як беразоль. А ў чэхаў гэта duben, у літоўцаў — balandis і г. д.
Рускі апрель (таксама ў англічан, французаў, немцаў) паходзіць ад рымскага аргіііз, што азначае “адчыняць”. У гэты месяц у Італіі адчыняліся дзверы вясны, распускаліся на дрэвах пупышкі.
Пачатак апрыліса ў рымлян прысвячаўся двум багіням. 4 красавіка распачыналася сямідзённае свята Магалерыя. На ім ушаноўвалі маці багоў Цыбелі. А свята Цэрэаліі адзначалася ў гонар багіні земляробства Цэрэры, апякункі збожжа і пладоў, маці-карміцелькі ўсіх жывых істот, у тым ліку і людзей. Лічылася, што ад яе пайшла ўсякая культура, якая звязана з земляробствам. “Вынаходніцы” земляробства ахвяравалі мёд, малако, збожжа, розныя плады і кветкі.
Трэцім важным святам былі Паліліі. Яны праводзіліся 21 красавіка ў гонар божышча пастухоў Палеса, якраз у дзень заснавання Рыма. Падчас святкавання рымляне асаблівую ўвагу звярталі на жывёлу: ачышчалі яе памяшканне, упрыгожвалі зелянінаю, абкурвалі сераю. У ахвяру Палесу прыносілі малако. Праводзілі абрады ачышчэння: пастухі пераскоквалі цераз кастры з саломы і праганялі праз іх свойскую жывёлу.
Для земляроба настае адказны час: падрыхтоўка насення і выбар аптымальнага дня першага ворыва. На яго сяляне некалі ішлі, як на свята, мыліся ў лазні, апраналіся ва ўсё белае, выконвалі прымеркаваныя да тае нагоды абрады, прытрымліваліся павер’яў.
Надзейнай прыкметай гатоўнасці глебы з’яўлялася наступнае: сціскалі ў жмені невялікі яе камяк і з сілай разбівалі вобзем. Калі рассыпаўся — “засупоньвай хамут”. Пачалі жабы крактаць — выходзь у поле. Жаўрук зазвінеў — бяры саху ў рукі. Не без падстаў у народзе было прынята выязджаць у поле пасля першага грому: следам за ім усталёўваліся цёплыя пагодлівыя дзянькі. Вопытныя сейбіты аддавалі даніну павагі традыцыям і больш спадзяваліся на сябе, на веды і ўменні. Кідалі зярняты раўнамерна праз крок, пазбягалі неглыбокага іх загортвання. Тэрмін сяўбы залежаў ад рэгіянальных асаблівасцей. У Паазер’і, напрыклад, пасяўную на яравым кліне пачыналі з аўса (“Сей аўсы ў гразь — будзеш як князь”; “Сей авёс, як камары з’явяцца”). Затым ішоў ячмень і пшаніца. Мелі на ўвазе і такое: як цвіце каліна — без ваганняў сей ячмень; сеялі таксама, калі з’яўляліся на елках шышкі чырвоныя, а на соснах зялёныя; з ячменем стараліся ўправіцца да вылету хрушчоў. Пшаніцу сеялі, калі распускалася чаромха, а льном займаліся ў апошнюю чаргу.
Народныя прыкметы дапамагалі селяніну выбраць месца пасеву ў залежнасці ад надвор’я, указвалі на паслядоўнасць вырошчвання культур на розных палетках. Так, калі чакалася сухое лета, то на нізінах высявалі лён і гарох, а на ўзгорках — авёс. Канюшыну сеялі па азімым полі, на папарах — жыта, пасля яго — ячмень, затым — авёс і грэчку, або ячмень — па бульбе, а лён — па канюшыне, ячмені, цаліне ці залежы і г. д.
1/19. Дар’я Вясенняя — свята вясны ў некаторых раёнах (Дабравольскі, 1914). На апошні сняжок і ранішні мароз сяляне выносілі адбельваць палотны.
*Кратчаты (Храстовы, Кросны) тыдзень —пачатак чацвёртага тыдня Вялікага посту. Пяклі “храсты” (вырабы з цеста ў выглядзе бараны, іншых сельскагаспадарчых прылад), якія бралі на засеўкі.
*Благавесны тыдзень. Хаваліз вачэй кросны і “благавеснавалі” (святкавалі).
4/22. Васіль Сонечнік. “Васіль Сонечнік ледзяшы са стрэх здымае” (Ляснічы, 1990).
5/23. Арына (Ірына). “На Арыну (Ірыну) сей капусту ў расадніках (на расаду)” (Б.г.к., 1926; Паўлюкоўскі, 1934).
*Кросная серада (Серадапосце)— серада на чацвёртым тыдні Вялікага посту. Таксама пяклі “храсты”.
6/24. Камаедзіца — язычніцкае свята пакланення мядзведзю, зафіксаванае ў мінулым стагоддзі ў Бягомльскім прыходзе Барысаўскага павета.
СВЯТА КАМАЕДЗІЦЫ
У гэты дзень гатуюць асобную ежу, менавіта: на першую страву — сушаны рэпнік у гонар таго, што мядзведзь харчуецца пераважна раслінным кормам, травамі; на другое падаецца кісель, бо звер любіць авёс; трэцяя страва складаецца з гарохавых камоў, ад якіх і само свята атрымала назву Камаедзіцы.
Пасля абеду ўсе — і старыя і малыя — кладуцца адпачываць, але не спяць, а час ад часу пераварочваюцца з боку на бок, нібыта мядзведзь у бярлозе. Цырымонія працягваецца каля дзвюх гадзін — усё робіцца дзеля таго, каб мядзведзь лёгка падняўся пасля зімовага сну. Потым сяляне ўжо не займаюцца сваімі дзённымі справамі, святкуюць. Паводле павер’я, мядзведзь у гэты дзень абуджаецца ад спячкі, выходзіць са сваёй бярлогі. Вось і сустракаюць яго добразычліва.
Пачатак свята бярэ, без сумнення, ад часоў дахрысціянскіх і служыць верагоднай аргументацыяй таго, што ў данай мясцовасці пакланяліся мядзведзю. Па ўспамінах старажылаў, у гэтым рэгіёне некалі былі магутныя лясы і непраходныя нетры, дзе вялося мноства дзікіх звяроў. Мядзведзь, які вылучаўся сваёй сілаю, ростам, наводзіў страх на людзей. Каб задобрыць яго, людзі і прыдумалі звычай ушаноўваць мядзведзя (Шэйн, 1902)...
“Красавік у полі чорны, а ў бары белы”
Благавеснік — дзень перад Благавешчаннем. На Століншчыне кажуць: “Не так бойся Благовешчэння, як бацька яго. Благавеснік — это бацько Благовешчэння”.
Завітаў бусел-клекатун
7/25. Благавешчанне. Лічылася вялікім святам, святам прылёту бусла. У Драгічынскім раёне, напрыклад, калі ўпершыню бачылі белую птушку, то клікалі: “Бусько, бусько, на Тобі галёпу, а ты мыні дай жыта сторону, на Тобі сырпа, дай мыні жыта снопа” (Талстая, 1984). Галёпы — пшанічныя пірагі ў выглядзе бусла — пяклі і на Гродзеншчыне. Шчасціла нібыта таму, хто ўбачыць першага бусла, які ляціць. А ў таго, каму трапіць на вока стаячы, нібы будуць балець ногі. Дзеці сустракалі птушку радаснай песняй:
Бусел, бусел-клекатун,
Узяў бабу за каўтун...
У гэты дзень забаранялася гарадзіць плот, убіваць у зямлю колле, не пачыналі сеў, не выганялі першы раз кароў, не вывозілі гной у поле. Гаспадыня падымалася раней мужа, каб выканаць абрад “развязвання сахі” (Навагрудскі павет; Крачкоўскі, 1874). У Свіслацкім раёне жанчыны не расчэсвалі валасы, каб “куры расаду не дралі”. Пасля абеду ў многіх раёнах Беларусі “гукалі вясну”. Спявалі:
У нас сягоння Благавешчынне.
У нас дзевачкі — дарагі тавар,
У нас хлопчыкі — дзяшовы тавар...
(Гомельскі павет; Радчанка, 1888)
Песні напаміналі пра далёкія часы куплі-продажу нявест і іншыя рэлікты. Моладзь наладжвала гульні, карагоды. На паўднёвым усходзе Беларусі “вадзілі стралу”.
У валачобных песнях апавядаецца:
Благавешчанне — араты на ніву,
Араты на ніву, сядун на прызбу.
Гаспадару, слаўны мужу,
Слаўны мужу над мужамі,
Вазьмі, ваша, нову сошку
Да й коніка варанога,
Варанога, маладога
Едзь жа, ваша, у чыста поле,
У чыста поле заараць
З соллю, з хлебам...
“Вясня, вясна, што нам прынесла?”
Пра свята ходзіць шмат прымавак: “Да Благавешчання зіму не лай і сані трымай” (Лельчыцкі раён; Цітовіч, 1974); “З благавешчанскага цяляці каровы не ждаці” (Барысаўскі павет; Ляцкі, 1898); “На Благавешчанне дзеўка косу не пляце, птушка гнязда не ўе” (Слуцкі павет; Сержпутоўскі, 1930).
ГУКАННЕ ВЯСНЫ
Дзяўчаты выходзяць да гумнаў, залазяць на стрэхі і, седзячы на іх, спяваюць цыкл вяснянак, у якіх кожны слупок заканчваецца выклічнікам “Гу!” Калі ідуць на вуліцу, з тымі ж песнямі водзяць “танкі”. У Ельні Чэрыкаўскага павета сыходзяцца ля лазні, збіраюць мялля, г. зн. кастрыцу ад ільну і пянькі, разводзяць агонь. Каля кастра і спяваюць вяснянкі. (“Так палюць мялля ўсякую вічарыну аж да васкрэсных днёў”.) У некаторых месцах з вёсак накіроўваюцца на бліжэйшы пагорак, там і “гукаюць вясну”. Нарэшце, дзе гэты звычай забываецца, дзяўчаты спяваюць вяснянкі проста ў сябе на прызбах. У апошні час у “гуканні вясны” большы ўдзел прымаюць і дзяўчынкі гадоў 12—14.
Галасістая акарына — дзецям на забаву.
Ганчар з Івянца Франц Целішэўскі
Вось некаторыя вяснянкі:
А ў нас сягодні Благавешчаньня! Гу!
Руднецкія[6] дзевачкі, пярайдзіця к нам. Гу!
А ў нас хлопчыкі — дзяшовый тавар. Гу!
Па дзевяць на шэляг, дзесяты паддачы! Гу!
Руднецкія хлопчыкі, пярайдзіця к нам. Гу!
А ў нас дзевачкі — дарагі тавар. Гу!
Па сто рублёў каса, на тысячы краса. Гу!..
Вясна, вясна, што нам прынясла?
Дзеўкам узросту, а хлопцам каросту!
Дзеўкі смяюцца, а хлопцы шкрабуцца!..
(Гомельскі павет; Раманаў, 1912)
ВАДЖЭННЕ “СТРАЛЫ”
...Дзяўчаты ідуць з пагорка чарадою ўздоўж вуліцы на другі канец вёскі і спяваюць:
Ой, пушчу стрялу да по ўсем сялу.
Ой, і я лелі,— да па ўсем сялу[7].
Ой, ляці, стряла, по конец сяла!
Ой, убій, стряла, добра моладца!
Ой, ляжыць цела, як бумага бела.
Ой, ніхто к целу не прыступіцца.
Прыступілася адна Йванаўна.
Ой, узяла цела да й на ручанькі,
Панесла цела да й да цэркаўкі.
Сама цэркаўка й атварылася,
Самі свечы да запаліліся,
Самі кнігі да зачыталіся.
Ой, сама я села да ля цела бела,
З мяне, маладой, да слёзкі палілі.
Ой, сама я цела да на ручкі ўзяла,
На ручкі ўзяла, ох, заплакала:
— Ох ты цела маё, цела,
Ой, зачым я ля цябе села...
У канцы вёскі дзяўчаты робяць карагод і танцуюць пад спевы. Вечарам у гэты дзень наймаюцца музыкі, і ў абранай хаце наладжваецца пагулянка (Рэчыцкі павет; Грузінскі, 1891).
*Засеўкі. Звычайна пачыналі на Хрышчатым тыдні або пасля Благавешчання. Селянін адзяваўся ў чыстае, браў з сабою грамнічную свечку, “храсты”, асвечаную галінку вярбы, яйкі. Абходзіў тры разы каня з сахою, даваў ахвяру зямлі, духу нівы (ко стачкі ад рытуальнай ежы, яйкі, “храсты”), ставіў галінку вярбы, свечку і араў. Сеялі ў суботу або нядзелю “ў поўню”, каб былі каласы поўнымі (Кобрынскі павет; Крачкоўскі, 1897).
У Гомельскім павеце раілі: “Пшаніцу лепш сеяць у тры тэрміны: раннюю — да Юр’я, сярэднюю — калі ў жыта высыплеце колас і познюю — адначасна з грэчкай. Грэчку ж лепш усяго сеяць задва тыдні да Купалы” (Раманаў, 1912).
У гонар таго, што асноўныя работы пачыналіся ў селяніна не ў хаце, а на двары і менш прыходзілася карыстацца асвятленнем, выконвалі абрад “Жаніцьба коміна” (апісанне яго гл. 14 верасня): “Ек засеўкі — будуць топіць, варыць, а до коміна вяжуць хмель да сухімі зернятамі посыпаюць” (Тураўскі слоўнік, 1982).
Благуста — наступны дзень за Благавешчаннем на Корбыншчыне. “На Благусту сій капусту” (Талстая, 1986).
9/27. Матрона. “На Матрону шчупак хвастом лёд прабівае” (Паўлюкоўскі, 1934).
14/1. Прабуджэнне дамавіка. Паўсюдна вядома: “Апрэль — нікому не вер”. У гэты дзень нібыта прабуджаўся дамавік, таму трэба было хлусіць, каб заблытаць яго (Крачоўскі, 1874).
Мар’я. У памяці людзей звязана з разводдзямі, за якімі яна прыходзіла, пасля чаго з’яўлялася надзея на вялікую траву. Калі ў ясную ноч прыбывала вада, то лічылася, што суха будзе ў жніво на хлебнай ніве” (Ляснічы, 1990).
15/2. Палікарп. Дзень Палікарпа асацыіруецца з голадам, бо раней да гэтага часу адсяваліся, і часцей апошнім зернем. “На Палікарпа пачатак бясхлебіцы” (Паўлюкоўскі, 1934).
Незвычайныя пасажыры на Ясельдзе
16/2. Мікіта. На Мсціслаўшчыне гавораць: “На Мікіту няма ні зімы, ні лета”. У іншых раёнах кажуць: “Калі на Мікіту крыгаход, то няма ні клёву, ні лову рыбаловам” (Ляснічы, 1990).
ПачатакПахвальнага тыдня — тыдня перад Вербніцай. Назва паходзіць ад дзеяслова “хваліцца”. “Дзіка качка яйцэм похваліцца”; “На Похвальный тыжэнь хаты не начытаюць рабіці. Кажуць, урэдный ён” (Лельчыцкі раён); “Похвальная похваліць, то Вэрбная поправіць” (Пінскі раён); “Нельзя беліць хату, снаваць кросна: пахвалісса зрабіць — не пахваліла знасіць” (Мазырскі раён; Талстая, 1986).
Пахвальная пятніца— дзень на Пахвальным тыдні. На Піншчыне мылі ўсе дзежкі.
21/8. Руф (Рухлы) — прысвятак, у беларусаў Смаленшчыны лічыўся апошнім днём зімы. Руф рушыць снягі, зіму. “Пуд снег пудзіць, а Рухлы атусюль парушыць — і з гор, і з лясоў, і з раўкоў” (Дабравольскі, 1894).
Радзівонаў дзень — пачатак палявых работ на поўначы Беларусі (Ляснічы, 1990).
*Мезіна субота— дзень перад Вербніцай (Тураўскі слоўнік, 1984).
*Пахвальная субота— дзень на Пахвальным тыдні. Не працавалі, святкавалі (Талстая, 1986).
23/10. Юры. “Як настане Юр’ева раса — не патрэбна коням аўса” (Сахараў, 1937).
Войцах. “Святы Войцеху выпусціў жаўранка з меху” (Сахараў, 1940).
*Вербніца (Вербіца, Вербіч, Вярба, Вербная нядзеля) — нядзеля перад Вялікаднём. Пачатак Вербнага (Страстнага) тыдня.У царкве асвячалі галінкі маладой вярбы, адзін аднаго сцябалі імі, прыгаворваючы: “Вярба б’е, не я б’ю, за тыдзень — Вялікдзень. Будзь здаровы, як вада, будзь багаты, як зямля!” Галінкі тыя захоўвалі. Прашаптаўшы замову, вярбою гналі першы раз кароў на пашу. “Верба свята — нова лята, верба пасвіці ў поле гнала”. На Тураўшчыне казалі: “Вербіч не пройшоў, то кожуха не кедай. Прыдзе Вербіч — кожуха торбіч” (Тураўскі слоўнік, 1982). У Крупскім раёне гаварым: “Свята Вербніца сошкі правіць” (Грынблат, 1967).
24/11. Анціп — ахоўнік зубоў. Святкаваўся толькі тымі, у каго часта баляць зубы, і знахарамі, якія шэпчуць ад зубнога болю (Раманаў, 1912).
Пачатак *Белага (Вербнага) тыдня. *Чысты панядзелак. Бялілі і мылі хаты. Існавала такая прыкмета: як зязюля закукуе за 12 дзён да Юр’я (6 мая) на “голы” лес, то не чакай ураджаю і будзе хварэць жывёла (Раманаў, 1912; Цэбрыкаў, 1862).
25/12. Марк. “Дождж на Марка, дык зямля, як скварка” (Б. с. к., 1937). У Свіслацкім раёне, дзе многія ведаюць польскую мову, згадваючы Вялікдзень, кажуць: “Ек бэндзе Вельканец на свянтэго Марка, то на земі не бэндзе ні еднэго недовярка” (не зусім веруючага).
*Чысты аўторак.На Случчыне сцвярджалі: “У Чысты панядзелак і аўторак не можна ў хаце трымаць чаго-небудзь нечыстата, бо на людзей і на говядо нападуць паршы” (Сержпутоўскі, 1930).
26/13. Серада, пятніца паміж рускім і каталіцкім Юр’ем. На Віцебшчыне лічылі: калі ў гэты перыяд народзіцца жарабя, то яго з’есць воўк (Нікіфароўскі, 1897).
*Дравяная страсць— серада на Страстным (Белым) тыдні. Мыюць у хаце ўсё драўлянае (Талстая, 1986).
*Дравесны чацвер— тое, што і серада.
*Чысты (Жыльны, Вялікі) чацвер (Жыльнік)— чацвер на Вербным тыдні. Хадзілі мыцца ў лазню, на “бягучую ваду”, на расу, каб не было на целе хвароб, клапоў у хаце: “Чысты чацвер вулкі чысце, дваркі мяце, слядкі кладзе... к святому Вялічку”. У хаце ўжо ўсё было памыта, бо, як лічаць на Свіслаччыне, у гэты дзень нельга мыць — “зальеш Хрысту вочы”. Варылі вячэру (нават з дванаццаці страў), у некаторых раёнах не елі — “жыльнікавалі” да Вялікадня. У Смаленскай губерні заклікалі на вячэру “марозам”:
Мароз, мароз,
Ідзі кісель ісць!
Ня бей наш авёс.
Вясна-красна
Каля рэчышкі ішла,
К нам прышле,
Лета прынісла.
(Дабравольскі, 1914)
Аралі і сеялі. “Чысты чацвер ячмень засяваець”; “Вялікі чвэртак — гаспадар ідзець у поле з сівым канёчкам ды із плужочкам, пачынаець поле араць яравое”. Прыкмячалі: як на Чысты чацвер добрае надвор’е, то і на Ушэсце будзе такое ж.
У Лельчыцкім раёне праводзілі абрад “мыцця хлебнай дзежкі”. Каля хаты рабілі “аганец” (касцёр) са смецця, падмеценага ў хаце і вакол яе. Дзежку ля “аганьца” мылі. Затым аблівалі выкарыстанай вадою хату. На Мсціслаўшчыне раніцай пралі леваю рукою “чацвярговыя ніткі”. Потым сатканым з іх палатном перавязвалі раны. Наглядалі за надвор’ем: дождж у той дзень абяцаў малако ў кароў.
ЧЫСТЫ ЧАЦВЕР
...Напярэдадні яго выстаўляюць на двор кавалак хлеба і каліва солі, і калі хлеб на працягу ночы не замерзне, то яравыя не пашкодзяцца ад маразоў. Для здароўя карысна той хлеб з’есці пасля лазні, у якой мыюцца да ў :ходу сонца, гаворачы, што і воран перад гэтым днём “купае сваіх дзяцей”.
Некаторыя, збіраючыся ў лазню, бяруць з сабою маленькі каменьчык і становяцца на яго праваю нагою ў час аблівання. Камень іншы раз зберагаюць да будучага года. Залазячы на палок, прыгаворваюць: “Хрышчоны на палок, нехрышчоны з палка”. Выходзячы з лазні, пакідаюць на палку вядро вады і венік для “хазяіна” і, перахрысціўшыся, шэпчуць: “Табе баня — на стаянне, а нам — на здароўе”. Словам “хазяін” велічаюць дамавога, словам “нехрышчоны” просяць нячыстага пакінуць палок.