Утварэнне і ўжыванне дзеепрыметнікаў

Дзеепрыметнікі незалежнага стану прошлага часу ўтвараюцца ад асновы інфінітыва непераходных дзеясловаў закончанага трывання пры дапамозе суфікса –л-: пасталець – пасталелы, пасінець – пасінелы. Разамлелае сонца як быццам застыла ў нерухомай вышыні. (І. Мележ) Ноч над лугамі, расою намоклымі, хмаркі рассоўвае. (Г. Бураўкiн)

Дзеепрыметнікі незалежнага стану прошлага часу могуць утварацца і з дапамогай суфіксаў -ш-, -ўш- ад асновы інфінітыва пераходных і непераходных дзеясловаў: узнікнуць – узнікшае (пытанне), прыехаць – прыехаўшая (сястра). Нерасквітнеўшыя родныя ліпы попел ад спаленых вёсак абсыпаў. (К. Буйло)

Дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу ўтвараюцца ад асновы інфінітыва пераходных дзеясловаў закончанага трывання пры дапамозе суфіксаў -н-, -ан-, -ен-, -т-: Я люблю тваю чуйную зімнюю ціш, мой абсыпаны зоркамі горад. (Г. Бураўкiн) Слава летнім яркім дням, і засеяным палеткам, і пакошаным лугам. (П. Глебка) Непатрывожаная жнівеньская ноч усё кружыла над саламянымі стрэхамі стоенай вёскі, як зацяты птах.
(I. Чыгрынаў)

У беларускай літаратурнай мове не ўсе дзеепрыметнікі аднолькава ўжывальныя. Найбольш пашыраныя дзеепрыметнікі прошлага часу залежнага і незалежнага стану з суфіксамі -л-, -н-, -ан-, -ен-, -т-: Пад майскім лёгкім сонейкам маўклівы, зачараваны ў мураве стаю. (В.Жук.) Я вершы пішу, бо душа ўстрывожана любоўю і болем за кожнага з вас. (П. Панчанка) Прытоеная цішыня чутка вартавала кожны гук, кожны нясмелы шолах. (Я. Колас) Наўздагон за зніклай чародкай высока ляцеў падбіты журавок. (В.Быкаў.)

Дзеепрыметнікі з суфіксамі -ўш-, -ш- у беларускай мове ўжываюцца абмежавана, у форме мужчынскага роду яны супадаюць з дзеепрыслоўямі і ўспрымаюцца двухсэнсоўна. Параўн.: Паспакайнеўшы вучань пачаў адказваць упэўнена (вучань які? - паспакайнеўшы) – дзеепрыметнік. Паспакайнеўшы, вучань пачаў адказваць упэўнена (пачаў адказваць калі? - паспакайнеўшы) – дзеепрыслоўе.

Рэдкасныя ў беларускай мове i дзеепрыметнікі незалежнага і залежнага стану цяперашняга часу. Утвараюцца яны ад асновы дзеясловаў цяперашняга часу незакончанага трывання з дапамогай суфіксаў -уч- (-юч-), -ач- (-яч-), -ем-, -ім-. Ужываюцца ў навуковых працах, у мове газет, пераважна ў складзе тэрмінаў: бастуючыя рабочыя, рухаючыя сілы гісторыі. Большасць з іх страцілі дзеяслоўныя адзнакі, набылі якаснае значэнне і перайшлі ў прыметнікі: неўміручы подзвіг, гаючая вада, кіпучая кроў, стаячая вада, ляжачы камень, дрымучы лес, любімы горад, вядомы вучоны.

У беларускай мове зваротныя дзеепрыметнікi адсутнiчаюць.

У нашай мове ёсць сродкі замены неўласцівых ёй дзеепрыметнікаў пры перакладзе з іншых моў (у першую чаргу з рускай). Неўжывальную ў беларускай мове форму рускага дзеепрыметніка можна замяніць:

даданым сказам (азначальным, дапаўняльным, дзейнікавым): Мы шли по обочине дороги, сплошь покрытой бурыми прошлогодними листьями, еще не выфсохшими после снега. (А. Куприн) Мы ішлі ўскрай дарогі, усцеленай бурым леташнім лісцем, якое не высахла пасля снегу. (Пераклад Л. Салаўя);

дзеепрыслоўем, дзеепрыслоўным зваротам: “Стучит кто-то?” – сказал остановившийся Чуб. (Н. Гоголь) “Стукае нехта?” – спытаў Чуб спыніўшыся. (Пераклад М. Лужаніна);

прыметнікам: Он [Лермонтов] был счастлив своими мыслями, их силой, широтой, своими замыслами, всёпроникающим присутствием поэзии. (К.Паустовский). Ён быў шчаслівы сваімі думкамі, іх сілай, шырынёй, сваімі задумамі, усёпранікальнай прысутнасцю паэзіі. (Пераклад А. Марціновіча);

назоўнікам: будущее – будучыня, купающиеся – купальшчыкі, рассказывающий – апавядальнік. «Неправда!» - выговорила она тихо и умоляющим голосом. (А. Чехов) «Няпраўда!» - вымавіла яна ціха, з мальбой у голасе. (Пераклад І. Грамовіча);

дзеясловам: Ночные костры, светившиеся там и сям по лагерю, увеличивали темноту своим неярким багровым светом. (Л.Толстой.) Начныя вогнішчы свяціліся там і сям па лагеры, павялічвалі змрок сваім нязыркім барвовым святлом. (Пераклад Я.Шарахоўскага);

развітым прыдаткам: вещества, стимулирующие рост растений - рэчывы, стымулятары росту раслін.

Узор перакладу.

Источником оптического излучения принято называть физическое тело, преобразующее любой вид энергии в энергию электромагнитных излучений оптического диапазона. Любой источник, излучающий электромагнитные волны, характеризуется полной энергией, которую он излучает в единицу времени. Эта энергия распределяется неравномерно между волнами различной длины. В общем случае произвольный электромагнитный сигнал состоит из набора различных электромагнитных волн, длины (или частоты) которых можно установить. Подобную процедуру называют спектральным анализом сигнала, а совокупность полученных «простейших» электромагнитных волн – спектром.

Таким образом, спектр – распределение энергии, излучаемой или поглощаемой веществом, по частотам или длинам волн.

Спектральный анализ – метод определения качественного и количественного состава вещества, основанный на получении и исследовании его спектров.

В оптике часто используют понятие спектра в применении к тому или иному веществу. Спектры, полученные от самосветящихся тел, называются спектрами испускания. Они бывают трех типов: линейчатые, полосатые и сплошные.

Крыніцай аптычнага выпраменьвання прынята называць фізічнае цела, якое пераўтварае любы від энергіі ў энергію электрамагнітных выпраменьванняў аптычнага дыяпазону. Любая крыніца, што выпраменьвае электрамагнітныя хвалі, характарызуецца поўнай энергіяй, якую яна выпраменьвае ў адзінку часу. Гэта энергія размяркоўваецца нераўнамерна паміж хвалямі рознай даўжыні. Увогуле адвольны электрамагнітны сігнал складаецца з набору розных электрамагнітных хваляў, даўжыні (або частоты) якіх можна вызначыць. Падобную працэдуру называюць спектральным аналізам сігналу, а сукупнасць атрыманых “найпрасцейшых” электрамагнітных хваляў – спектрам.

Такім чынам, спектр – размеркаванне энергіі, якая выпраменьваецца або паглынаецца рэчывам, па частотах або па даўжынях хваляў.

Спектральны аналіз – метад вызначэння якаснага і колькаснага складу рэчыва, заснаваны на атрыманні і даследаванні яго спетраў.

У оптыцы часта выкарыстоўваюць паняцце спектра ў дачыненні да таго або іншага рэчыва. Спектры, атрыманыя ад цел, якія самі свецяцца, называюцца спектрамі выпускання. Яны бываюць трох тыпаў: лінейчатыя, паласатыя і суцэльныя.

Дадатак № 4

Анатацыя

Анатацыя – гэта кароткая характарыстыка зыходнага тэксту, якая перадае змест у выглядзе пераліку асноўных пытанняў, а часам дае і крытычную ацэнку.

Анатацыя бывае інфарматыўная (поўная), індыкатыўная (больш скарочаная) і анатацыя – бібліятэчная картка.

Інфарматыўная, або апісальная анатацыя ўключае ад 3 да 10 сказаў (ад 60 да 100 слоў). Сярэдні аб’ём індыкатыўнай анатацыі – 30-40 слоў (3-4 сказы). Анатацыя, якая сумiруе тэматычны змест тэксту, можа быць вельмі кароткай і складацца з аднаго-двух сказаў (бібліятэчная картка).

Анатацыя нагадвае сабой вельмі кароткі з усіх магчымых пераказ галоўнага зместу першаснага дакумента, які складзены ў выніку кампрэсіі тэксту арыгінала і перадае ў некалькіх радках яго тэматыку. Яе прызначэнне ў тым, каб даць магчымасць спецыялісту вызначыць мэтазгоднасць больш дэталёвага азнаямлення з дадзеным матэрыялам.

Для анатавання, як і для рэферавання, прапаноўваюцца навуковыя і навукова-папулярныя артыкулы, манаграфіі па праблемах, блізкіх да спецыяльнасці студэнта.

Схема анатацыі

· прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара;

· назва твора;

· месца выдання, выдавецтва, год;

· аб’ём (колькасць старонак, малюнкаў, табліц);

· кароткі змест (пералік асноўных палажэнняў тэксту-крыніцы, можна па главах);

· пытанні, разгледжаныя ў заключэнні і вывадах;

· выкарыстанне літаратуры;

· чытацкае назначэнне.

Наши рекомендации