Вялізная памылка цёткі мардж 15 страница

Ён пабег да статуі аднавокай вядзьмаркі, адкрыў яе горб, з цяжкасцю перакуліўся праз адтуліну і слізгануў уніз, сустрэўшыся са сваёй торбаю на дне каменнага жолабу. Ён выцер мапу паскуднікаў і рушыў па праходзе.

*

Гары, цалкам схаваўшыся пад мантыяй-невядзімкай, выслізнуў на вуліцу з дзвярэй “Мядовага герцага” і штурхнуў Рона ў спіну.

- Гэта я,- прамармытаў ён.

- Чаму ты затрымаўся?- шыкнуў Рон.

- Снэйп круціўся паблізу...

Яны рушылі на галоўную вуліцу вёскі.

- Ты дзе?- ускрайкам вуснаў прамармытаў Рон.- Ты яшчэ тут? Гэта ўсё вельмі дзіўна...

Яны ўвайшлі на пошту. Рон зрабіў выгляд, быццам вывучае кошты на соў, каб адаслаць паштоўку ў Ягіпет свайму брату Білу, а Гары тым часам меў магчымасць уважліва азірнуцца. На жэрдачках пад столлю сядзела не менш за трыста разнастайных соў ад агромністых няясыцяў да маленечкіх сплюшак, якіх выкарыстоўвалі для мясцовых перавозак, тыя былі настолькі крыхуткімі, што маглі б змясціцца ў Гарынай далоні.

Потым яны наведалі краму Зонкі, якая была настолькі моцна забітая навучэнцамі, што Гары трэба было быць вельмі асцярожным, каб не наштурхнуцца на кагось з іх і не выклікаць панікі. Тут прадаваліся разнастайныя штукі і прылады, з дапамогай якіх мажліва было выканаць самыя смелыя мроі Фрэда і Джорджа. Гары шэптам прамовіў Рону заказы і перадаў з-пад мантыі крыху грошай. Яны пакінулі Зонку са значна палягчэлымі гаманцамі, але іх кішэні былі забітыя гноебомбамі, ікаўковымі слодычамі, мылам з жабінай ікрой і носакуснымі філіжанкамі.

Дзень быў ясным і свежым, таму ім не хацелася заходзіць ў якіясь памяшканні. Гары з Ронам абмінулі “Тры мятлы” і рушылі да Лямантуючай халупы, самага вядомага ва ўсёй Брытаніі дома з прывідамі. Халупа з яе вокнамі забітымі дошкамі і запусцелым садам стаяла крыху наводдаль ад астатняй вёскі і нават пры дзённым святле выглядала крыху жудаснай.

- Нават хогвартскія прывіды амінаюць яе,- прамовіў Рон, калі яны стаялі і глядзелі на Халупу, абапёршыся аб плот.- Я пытаўся ў Амаль Безгаловага Ніка... ён паведаміў што тут месціцца надта небяспечная талака. І аніхто не можа трапіць ўсярэдзіну. Фрэд з Джорджам неяк спрабавалі, аднак усе ўваходы ў яе былі моцна забітыя.

Пасля пад’ёму Гары невыносна ўзапрэў і нават вырашыў на колькі хвілін скінуць з сябе мантыю-невядзімку, але непадалёк адчуліся галасы. Нехта падымаўся да Халупы з іншага боку ўзгорку. Праз колькі імгненняў яны ўбачылі Малфоя, за якім рушылі Крэйб і Гойл. Драко аб нечым распавядаў ім.

- ... у любы момант я магу атрымаць саву ад свайго бацькі. Ён павінен быў распусціць чуткі пра маю руку... аб тым, што я не мог ёй карыстацца ажно тры месяцы...

Крэйб з Гойлам загігікалі.

- Мне было вельмі гідка слухаць, як гэты вялізны ёлуп, спрабаваў яго абараніць... “Ён не мае нячог благога...”... добры гіпагрыф – мёртвы гіпагрыф...

Раптам, Малфой заўважыў Рона. Яго бледны твар злавесна ашчэрыўся.

- Што ты тут робіш, Візлі?

Драко заўважыў трухлявы дом за Ронавай спінай.

- Выкажу здагадку, што ты вырашыў перабрацца сюды, Візлі? Марыш аб ўласным пакоі? Я чуў вы ўсе спіце ў адным... гэта праўда?

Гары схапіў Рона, які ўжо збіраўся кінуцца на Малфоя, за край вопраткі і спыніў яго.

- Пакінь яго мне,- шыкнуў ён на вуха сябру.

Нельга было страчваць гэткую цудоўныю магчымасць. Гары крадком амінуў Малфоя, Крэйба і Гойла, па дарозе зачарпнуўшы поўныя жмені бруду.

- А мы тут якраз абмяркоўвалі твайго сябра Хагрыда,- паведаміў Малфой Рону.- Толькі ўяві сабе, што ён гаманіў перад камісіяй Кабінета па знішчэнні небяспечных істотаў. Думаеш, ён будзе плакаць, калі яго гіпагрыфу адсякуць...

ПЛЯСЬ!

Галава Малфоя ад удара тузанулася на перад, а з яго серабрыста-белага валосся пачаў крапаць бруд.

- Што за..?

Рон смяяўся настолькі моцна, што быў вымушаны ўхапіцца за плот, каб не паваліцца. Малфой, Крэйб і Гойл найдуротнейша тупаліся на месцы, шалёна азіраючыся навокал. Драко спрабаваў адчысціць свае валасы ад бруду.

- Што гэта было? Хто гэта зрабіў?

- Хіба не ведалі, што тут жывуць вельмі небяспечныя прывіды?- паведаміў ім Рон з тварам дыктара, які распавядае пра надвор’е.

Крэйб і Гойл перапужана азірнуліся. Іх накачаныя цягліцы анічога не маглі зрабіць супраць зданяў. Малфой ашалела азірнуў пустэльны краявід.

Гары ціхенька прамінуў ўздоўж сцежкі на месца, дзе былі асабліва вялізныя лужыны з самым смуродным зялёнага колеру глеем.

ПЛЯЯЯЯЯЯЯСЬ!

Крэйб з Гойлам таксама апынуліся запэцканымі. Гойл люта клыпаў на адным месцы, спрабуючы адцерці бруд са сваіх маленькіх цмяных вочак.

- Гэта кінулі адтуль!- выціраючы твар і гледзячы кудысьці ў шасці футах лявей Гары, ускрыкнуў Малфой.

Крэйб, спатыкаючыся, рушыў наперад, выцягнуўшы перад сабой свае даўжэзныя рукі, як той зомбі. Гары скокамі абышоў яго ззаду і шпульнуў яму ў спіну палку. Ён сагнуўся ў бязгучным гогаце, убачыўшы, як Крэйб паспрабаваў крута развярнуцца ў паветры, каб пабачыць, хто яе кінуў. Адзіным чалавекам, якога той заўважыў, быў Рон, таму Крэйб накіраваўся ў яко бок, але Гары паставіў на яго шляху ногу. Крэйб спатыкнуўся... і яго велічэзная плоская ступня зачапілася за падол Гарынай мантыі. Гары адчуў, як нехта моцна тузануў мантыю-невядзімку, якая саслізнула з яго галавы.

Дзелю секунды Малфой стаяў, утаропіўшыся на галаву, што ўзнікла ў паветры.

- ААААА, МАААААМКА!- уз’енчыў Драко, кажучы на Гарыну галаву, потым развярнуўся і з небяспечнай хуткасцю даў драпака з узгорка, а следам за ім паімчаліся Крэйб і Гойл.

Гары зноўку накінуў мантыю на галаву, але шкода была нанесена.

- Гары!- усклікнуў Рон і, спатыкаючыся, пабег наперад, гледзячы ў напрамку, у якім зніклі Малфой з паплечнікамі.- Табе лепш спяшацца! Калі Малфой паведаміць каму... табе лепш быць у замаку, шпарчэй...

- Пабачымся,- кінуў яму Гары і без лішніх словаў пабег назад у Хогсмід.

Ці павераць Малфою, што ён бачыў Гары. Наогул, хто яму можа паверыць? Пра мантыі-невядзімку не ведае ніхто... акрамя Дамблдора. У Гары перакруцілася ў жываце... калі Драко распавядзе яму, Дамблдор адразу ж здагадаецца, што здарылася...

Гары хутка заскочыў у “Мядовага герцаг”, шпарка спусціўся ў склеп, тузануў люк, скінуў мантыю, запхаў яе пад паху і вопцас пабег па праходзе... Калі Малфой вернецца першым, колькі часу яму спатрэбіцца, каб знайсці каго-небудзь з настаўнікаў? Гары задыхаўся ад вострай болі ў баку, тым не менш не змяншаў хуткасці, ажно пакуль не дабег да каменнага жолабу. Трэба было схаваць недзе тут мантыю-невядзімку, бо калі Малфой каму паведаміць, яна выдасі Гары. Хлопчык сунуў яе ў нейкі цёмны куток і хутка, наколькі дазвалялі спатнелыя рукі, пачаў падымацца па жолабе. Ён выцягнуў наперад руку з чароўнай палачкай, пастукаў ёй па гарбе вядзьмаркі і выслізнуў праз адтуліну. Толькі Гары вылез са статуі і зачыніў горб, як адчуў у калідоры хуткія крокі.

Гэта быў Снэйп. Той шпарка, так што яго чорная вопратка свісцела ў паветры, наблізіўся да Гары.

- Так,- прамовіў ён.

Задыхаючыся ў прадчуванні трыўмфу, Снэйп зірнуў на Гары. Ён паспрабаваў зрабіць нявінны выгляд, але яго маглі выдаць ўзапрэлы твар і брудныя рукі, якія ён схаваў у кішэні.

- Хадзем за мною, Потэр!- сказаў прафесар.

Гары рушыў за ім ўслед па сходах, спрабуючы незаўважна выцерці свае рукі аб ўнутранні бок вопраткі. Яны спусціліся ў падзямелле і зайшлі ў кабінет Снэйпа.

Гары быў тут толькі аднойчы і таксама з-за таго, што трапіў у сур’ёзную непрыемнасць. З таго часу Снэйп паспеў набыць яшчэ колькі жахліва гідкіх рэчавін, што стаялі на паліцах за яго сталом і слізгацелі ў святле агню, дадаючы атмасферы ў кабінеце пагрозлівасці.

- Сядай,- загадаў Снэйп.

Хлопчык прысеў. Але сам прафесар працягваў стаяць на нагах.

- Містэр Малфой толькі што паведаміў мне цікавую гісторыю, Потэр,- прамовіў Снэйп.

Але Гары нічога не адказаў яму на гэта.

- Ён распавёў мне, што шпацыраваў паблізу ад Лямантуючай халупы і сустрэў там Візлі... быццам самотнага.

Гары працягваў маўчаць.

- Містэр Малфой сцвярджае, што стаяў і размаўляў з Візлі, калі яму на патыліцу хтосьці кінуў вялізную жменю бруду. Як думаеш, што здарылася?

Гары паспрабаваў выглядаць злёгку збянтэжаным.

- Не ведаю, прафесар. Ані.

Снэйп свірдлаваў Гары вачыма, як колісць рабіў тое самае з Бакбікам. Гары, не міргаючы, глядзеў на яго.

- Містэр Малфой сцвярджае, што ўбачыў дзіўную здань. Ці не ведаеш, што гэта было, Потэр?

- Ані,- адказаў Гары, імкнучыся зрабіць гэта нявінна-абыякава.

- Твая галава, Потэр. Якая лятала ў паветры.

На доўгі час у кабінеце запанавала цішыня.

- Можа, яму лепей падыйсці да мадам Помфры,- адказаў Гары,- калі ён бачыць нешта, накшталт...

- Што твая галава рабіла ў Хогсмідзе, Потэр?- ціха спытаўся Снэйп.- Ёй забаронена там знаходзіцца. Аніводная частка твайго цела не павінна быць у вёсцы.

- Ведаю,- адказаў Гары, намагаючыся, каб на яго твары не адбіўся выраз жаху ці віны.- Гучыць так, бы ў Малфоя была галюцы...

- У яго не было галюцынацыі,- гыкнуў Снэйп, ён нахіліўся, паставіўшы рукі на падлакотнікі Гарынага крэсла, так, што між іх тварамі была адлегласць не больш за фут.- Калі твая галава была ў Хогсмідзе, там было і астатняе.

- Я быў у Грыфіндорскай вежы,- адказаў Гары,- як вы мне і загадалі...

- Гэта можа хтось пацвердзіць?

Гары не адказаў. Тонкі рот Снэйпа скруціла жахлівая ўсмешка.

- Дык вось,- зноўку выпрастаўшыся, працягваў ён.- Усе, пачынаючы ад міністра па справах магіі і ніжэй, робяць ўсё магчымае, каб захаваць знакамітага Гары Потэра ад небяспекі ў асобе Сірыюса Блэка. Але знакаміты Гары Потэр сам сабе закон. Хай аб яго бяспецы думаюць абывацелі! Знакаміты Гары Потэр будзе хадзіць там, дзе яму заўгодна, не думаючы пра наступствы.

Гары маўчаў. Снэйп спрабаваў падбухторыць яго, сказаць праўду. Але Гары не збіраўся гэтага рабіць. Бо ў Снэйпа не было аніякіх доказаў... пакуль.

- Ты неверагодна падобны на свайго бацьку, Потэр,- раптоўна прамовіў Снэйп і яго вочы пачалі зіхацець,- ён таксама быў занадта саманадзейным. Невялічкія поспехі на квідытчным полі, прымусілі яго лічыць, што ён вышэй за ўсіх астатніх. Ён хадзіў тут як тая цаца, разам са сваімі сябрамі і прыхільнікамі... Паміж вамі небяспечнае падабенства.

- Мой бацька не быў пыхліўцам,- перш, чым паспеў спыніць сябе, прамовіў Гары,- і я таксама.

- Твой бацька не прызнаваў аніякіх правілаў,- працягваў Снэйп, націскаючы на Гары сваёй перавагай, а яго хударлявы твар напоўніўся злосцю.- Правілы былі створаны для абывацеляў, а не дзеля пераможцаў Кубку Хогвартса. Яго пыха была...

- ЗАТЫКНІЦЕСЯ!

Гары выпрастаўся. Яго апанавала лютасць, якую апошні раз ён адчуваў толькі ў той вечар на Прайвет Драйв. Ён не звяртаў увагі на тое, што твар Снэйпа знерухоміў, а чорныя вочы небяспечна заміргалі.

- Што ты сказаў, Потэр?

- Я сказаў, каб вы не неслі лухты пра майго бацьку!- уз’енчыў Гары.- Я ўсё ведаю! Ён уратаваў вам жыццё! Дамблдор распавёў мне пра гэта! Вас наогул не было бы тут, калі б не мой бацька!

Снейпава скура замест жоўтай стала колеру кіслага малака.

- А ці распавёў табе дырэктар пра тыя абставіны, падчас якіх твой бацька выратаваў маё жыццё?- прашаптаў ён.- Ці вырашыў, што падрабязнасці занепрыемныя для далікатных вушак каштоўнага Потэра?

Гары закусіў губу. Ён не ведаў пра тое, што тады здарылася і не жадаў у гэтым прызнавацца... але Снэйп сам здагадаўся.

- Не жадаў бы, каб у цябе засталося ілжывае ўяўленне твайго бацьку, Потэр,- прамовіў Снэйп і яго твар жахліва ашчэрыўся.- Пэўна, вырашыў, што гэта было нейкае хвалебнае геройства? Тады дазволь паправіць цябе... твой цнатлівы бацька і яго сябры вельмі пацешным чынам разыгралі мяне, і гэта скончылася б маёй смерцю, калі б твой бацька не здрэйфіў у апошні момант. У гэтым не было аніякай адвагі. Твой бацька перш за ўсё ратаваў сваю скуру, а не мяне. Бо, калі б іх жарт здейсніўся, яго выключылі б з Хогвартсу.

Снэйп агаліў свае няроўныя жаўтлявыя зубы.

- Выверні кішэні, Потэр!- нечакана выпаліў ён.

Гары не варушыўся. У яго вушах грукатала.

- Выверні кішэні, Потэр, ці мы адразу пойдзем да дырэктара! Варушыся!

Халадзеючы ад жаху, Гары выцягнуў з кішэняў мяшок з зонкаўскімі жартамі і Мапу Паскуднікаў.

Снэйп зірнуў на зонкаўскую торбу.

- Мне іх прынёс Рон,- сказаў Гары, употай молячыся, што ў яго атрымаецца папярэдзіць пра гэта Рона, пакуль яго не сустрэне Снэйп.- Ён прынес іх, калі быў у Хогсмідзе мінулы раз...

- Няўжо? І ты дагэтуль не скарыстаўся імі? Як люба... а што гэта?

Снэйп ўзяў ў рукі Мапу. Гары з усяе моцы намагаўся захаваць твар абыякавым.

- Пергамент на празапас,- паціснуў Гары плячыма.

Снэйп круціў мапу ў руках, пазіраючы на хлопца.

- Нашто табе спатрэбіўся гэткі стары кавалак пергаменту?- спытаў ён.- Можа, выкінуць яго?

Снэйп працягнуў сваю руку да коміну.

- Не!- хутка прамовіў Гары.

- Што!- пагрозліва сказаў Снэйп, яго ноздры трымцелі.- Яшчэ адзін каштоўны падарунак ад містэра Візлі? Не... штось выбітнейшае? Можа, ліст, напісаны нябачнымі чарніламі? А можа... інструкцыя, як апынуцца у Хогсмідзе, не трапіўшы на дэментараў?

Гары залыпаў. Вочы Снэйпа замігацелі.

- Так, так, дай падумаць...- замармытаў ён, дастаючы чароўную палачку і разгладжваючы пергамент на стале.- РАСКРЫЙ МНЕ СВАЮ ТАЯМНІЦУ!- прамармытаў Снэйп і крануў мапу палачкай.

Нічога не адбылося. Гары сціснуў рукі, каб перапыніць іх дрыгаценне.

- ПАКАЖЫ СЯБЕ!- зноўку прамовіў ён і рэзка стукнуў па пергаменце.

Той заставаўся пустым. Гары глыбока і спакойна ўздыхнуў.

- ПРАФЕСАР СЕВЕРУС СНЭЙП, МАГІСТР ГЭТАЙ ШКОЛЫ, ЗАГАДВАЕ ТАБЕ, РАСКРЫЙ ЗВЕСТКІ, ЯКІЯ ТЫ ХАВАЕШ!- Снэйп зноўку стукнуў Мапу сваёй палачкай.

На паверхні пергамента з’явіліся словы, якія быццам бы пісала нябачная рука.

“Містэр Лунацік сведчыць аб сваёй пашане прафесару Снэйпу і просіць яго не саваць свой анамальна вялізны нос не ў свае справы”.

Снэйп знерухоміў. Гары знямела вытарапіўся на паведамленне. Але Мапа на гэтым не супакоілася. Пад першым паведамленне аб’явілася другое, напісанае іншым почыркам.

“Містэр Рагач далучаецца да містэра Лунаціка і жадае дадаць, што прафесар Снэйп гідкі вырадак”.

Гэта было б вельмі смешна, калі б не было гэдак сур’ёзна, а Мапа працягвала...

“Містэр Мягкалап наогул здзіўляецца, што падобнага ёлупа нехта зрабіў прафесарам”.

Гары ад жаху заплюшчыў вочы, калі ён адважыўся зноўку іх раскрыць, Мапа выводзіла:

“Містэр Галахвост шчыра развітваецца з прафесарам Снэйпам і раіць яму нарэшце памыць сваю мярзотную фрэзуру.

Гары з жахам чакаў, што будзе далей.

- Эгэ...- ціха прамовіў Снэйп,- Зараз мы даведаемся, што гэта...

Ён крочыў да свайго коміна, схапіў жменю бліскучага парашка з прыадчыненай скрыначкі, якая стаяла на паліцы, і кінуў яе ў агонь.

- Люпін!- прамовіў у комін Снэйп.- Трэба пагаманіць!

Збіты з панталыку Гары утаропіўся ў вогнішча. Там аб’явілася нейкая вялізная здань, якая пачала хутка круціцца. Праз колькі секунд з коміна вылез прафесар Люпін, абтрасаючы попел са сваёй зношанай вопраткі.

- Ты клікаў мяне Северус?- лагодна спытаў ён.

- Зразумела, - падыходзячы да свайго стала і крывячыся ад лютасці, прамовіў Снэйп.- Я папрасіў Потэра вывернуць кішэні і знайшоў там вось гэта.

Снэйп сунуў Люпіну пергамент, на якім па-ранейшаму ззялі паведамленні ад Лунаціка, Галахвоста, Мягкалапа і Рагача. На твары Люпіна з’явіўся дзіўны замкнёны выраз.

- Ну?- спытаўся Снэйп.

Люпін працягваў глядзець на Мапу. У Гары стварылася ўражанне, што той аб нечым хутка разважаў.

- НУ?- зноўку спытаўся Снэйп.- Гэты пергамент папросту перапоўнены чорнай магіяй. Мяркую, што гэта ў тваёй кампітэнцыі, Люпін. Дзе з твайго пункту гледжання Потэр мог яе здабыць?

Люпін падняў вочы і, крайком вока зірнуўшы на Гары, папярэдзіў яго не ўблытвацца.

- Перапоўнены чорнай магіяй?- лагодна перапытаў ён.- Ты сапраўды гэдак лічыш, Северус? А маё меркаванне, гэта папросту кавалак пергаменту, які абразіць кожнага, хто паспрабуе яго прачытаць. Шалапутства, але вядома ж, якое не мае аніякай небяспекі. Лічу, што Гары набыў яго ў якойсьці краме-жартаў...

- Няўжо?- спытаўся Снэйп, яго сківіцы сціснуліся ад гневу.- Думаеш у жартоўных крамах прадаецца нешта падобнае? А ці не лічыш ты, што ён мог атрымаць яе непасрэдна ад ВЫТВОРЦАЎ?

Гары не разумеў, пра што кажа Снэйп. Люпін відавочна таксама.

- Маеш на ўвазе ад Галахвоста ці некага з узгаданых?- спытаўся ён.- Гары, ці ведаеш ты каго з гэтых асоб?

- Ані,- адразу ж адказаў хлопец.

- Чуў, Северус?- звяртаючыся да Снэйпа, спытаўся Люпін.- Я ж кажу, гэта было набыта ў Зонкі...

Быццам па загадзе ў кабінет уварваўся Рон. Ён быў ўшчэнт задыханы і, ледзь трымаючыся на нагах, устаў ля стала прафесара Снэйпа. Ён стаяў, прыціснуўшы руку да грудзей, і спрабаваў размаўляць.

- Гэта... я... даў... гэта... Гары,- задыхаючыся, прамовіў Рон.- Набыў... ў мінулы... раз... у Зонкі...

- Ну вось!- пляскаючы далонямі і весела азіраючыся, прамовіў Люпін.- Здаецца, мы ўсё высветлілі! Я вазьму гэта ў цябе, Северус?- дадаў ён, складваючы Мапу і кладучы яе ў сваю вопратку.- Гары, Рон, хадземце за мной, мне трэба задаць вам колькі пытанняў па вашым сачыненні аб упірах. Прабач нас, Северус.

Гары не рызыкнуў паглядзець на Снэйпа, калі яны пакідалі яго кабінет. Ён, Рон і Люпін, не размаўляючы, рушылі ажно да Вестыбюлю. Толькі тады Гары звярнуўся да настаўніка.

- Прафесар, я...

- Не жадаю слухаць аніякіх тлумачэнняў,- імгненна паведаміў ён. Люпін азірнуў пусты Вестыбюль і, сцішыўшы голас, дадаў.- Я ведаю, што шмат год таму, гэтую мапу канфіскаваў містэр Філч. Так, я ведаю, што гэта мапа,- сказаў ён Гары і Рону, якія здзіўлена глядзелі на яго.- Я не жадаю ведаць, як яна трапіла да вас. Але ж я здзіўляюся, чаму вы не аддалі яе. Асабліва пасля таго выпадка з паролямі. Прабач, Гары, але я не вярну яе табе.

Гары чакаў чагось падобнага і быў надта напружаны для пратэставання.

- А чаму Снэйп вырашыў, што я мог атрымаць яе ад вытворцаў?

- Таму што...- Люпін завагаўся.- Таму што гэтыя мапастворнікі пажадалі выманіць цябе з замку. Яны лічаць, што гэта надта вясёла.

- Вы іх ведаеце?- уражана спытаўся Гары.

- Мы сустракаліся,- шпарка прамовіў Люпін. Ён глядзеў на Гары, больш сур’ёзна чым калі-небудзь.

- І не разлічвай на то, што ў наступны раз я гэдак жа прыкрыю цябе, Гары. Я не магу прымусіць цябе сур’ёзна ставіцца да Сірыюса Блэка. Але я вырашыў, што тое, што ты адчуваеш, калі паблізу ад цябе апыняюцца дэментары, будзе мець на цябе большы ўплыў. Твае бацькі загінулі, каб уратаваць тваё жыццё, Гары. Ты абраў надта кепскі спосаб аддзячыць ім... прамяняўшы іх ахвяру на мяшок з жартамі.

Прафесар сыйшоў, а Гары адчуў сябе горш, чым тады, калі знаходзіўся ў кабінеце ў Снэйпа. Яны з Ронам павольна пачалі падымацца па мармуровых сходах. Калі яны міналі статую аднавокай вядзьмаркі, Гары прыпомніў, што мантыя-невядзімка ўсё яшчэ знаходзіцца ў праходзе... але не адважыўся спусціцца па яе.

- Гэта я вінаваты,- раптоўна прамовіў Рон.- Гэта я пераканаў цябе пайсці. Люпін правы, гэта было вельмі бязглузда. Мы не павінны былі...

Ён спыніўся. Гары і Рон дасягнулі калідора, па якім хадзілі тролі-ахоўнікі, ім насустрач рушыла Герміёна. Адзін погляд на яе пераканаў Гары, што яна пра ўсё ведае. Яго душа самлела... а што, калі яна аб усім распавяла прафесарцы МакГонагал?

- Прыйшла, каб пазласлівіць?- разлютавана спытаўся Рон, калі дзяўчынка спынілася ля іх.- Пэўна, ужо пра ўсё расказала?

- Не,- адказала Герміёна. Яна трымала ў руках ліст, а яе вусны дрыжалі.- Я вырашыла, вы павінны ведаць... Хагрыд прайграў справу. Бакбіку прысудзілі смяротнае пакаранне.

— РАЗДЗЕЛ XV —

Фінал спаборніцтва

- Ён... ён даслаў мне вось гэта,- прамовіла Герміёна, працягваючы ім ліст.

Гары ўзяў яго ў рукі. Пергамент быў вільготным, а чарніла на ім былі сям-там размытыя вялізнымі слёзнымі плямамі, таму чытаць было даволі цяжка.

“Даражэнькая Герміёна,

Мы прайгралі. Адзінае, мне дазволілі адвезці яго ў Хогвартс. Дату катавання скажуць пазней.

Бікі атрымлівае асалоду ад Лондана.

Ніколі не забудуся на тваю дапамогу.

Хагрыд.”

- Яны не могуць гэтага зрабіць,- прамовіў Гары.- Бакбік не небяспечны.

- Малфоеў бацька напалохаў ім чальцоў камітэта,- паціраючы вочы, сказала Герміёна.- Хіба вы яго не ведаеце. Ён ушчэнт перапужаў гэту купу старых дрыготкіх ёлупней. Канечне, як заўжды будзе магчымасць падаць апеляцыю. Але на яе нельга спадзявацца... Яна нічога не зменіць.

- Мы ўсё роўна паспрабуем,- апантана прамовіў Рон.- І на гэты раз табе не прыйдзецца рабіць ўсё самастойна. Я дапамагу табе.

- Вох, Рон!

Герміёна абхапіла Рона за шыю і ўшчэнт згубіла волю. Рон спалохана пазіраючы вакол, вельмі няёмка паляпаў яе па патыліцы. Нарэшце яна адсунулася.

- Рон,- працягваючы плакаць, прамовіла яна,- я сапраўды вельмі шкадую аб Скаберсе...

- Ай... кінь... ён быў стары,- адказаў Рон, калі Герміёна адпусціла яго, той стаў выглядаць цалкам заспакоеным,- і з большага бескарысным. Хто ведае, можа атрымаецца прымусіць маму з татам набыць мне саву.

*

Меры бяспекі, уведзеныя пасля другога нападу Блэка, зрабілі немагчымым для сяброў наведванне Хагрыда па вечарах. Адзіны шанец было пагаманіць з ім пасля заканчэння ўрока па Доглядзе за магічнымі істотамі.

Ён здаваўся здранцвелым ад шоку з падобнага вердыкта суда.

- Гэт мая віна. Усё мая гаркавасць. Яны сядзелі такія ў чорных мант’ях, а я забыўся што трэб казаць, праблытаў даты, якія мне дала, Герміёна. А пот падняўся Люцус Малфой, сказаў два словы і тыя зрабілі так, як ён згадаў...

- Падавай на апеляцыю!- апантана прамовіў Рон.- Нельга здавацца, мы ўжо працуем над гэтай справай!

Яны рушылі да замку з астатнімі вучнямі. Наперадзе яны бачылі Малфоя, які крочыў разам з Крэйбам ды Гойлам і, азіраючыся назад, пыхліва пасміхаўся.

- Гэт дарма, Рон,- адказаў Хагрыд, калі яны ўжо набліжаліся да ганку.- Ты з камтэту, яны ў кішэні Люцуса Малфоя. Адзіна, што мне зстаецца, зрабіць так, каб апошні дні Бікі былі нашчаслівейшымі за ўсё йго жыццё. Я абвязаны гэт зрабіць...

Хагрыд развярнуўся і паспяшаўся назад, уторкнуўшы твар у насоўку.

- Зірніце на гэту плачку!

Малфой, Крэйб і Гойл стаялі ў дзвярах замку, уважліва прыслухоўваючыся.

- Ці вы бачылі колісь большага нікчэму?- прамовіў Малфой.- і яго лічаць настаўнікам!

Гары з Ронам разлютавана кінуліся ў яго бок, але іх апярэдзіла Герміёна...

ПЛЯСЬ!

З усяе моцы, на якую яна толькі была здольна, яна закаціла Малфою аплявуху. Той захістаўся. Гары, Рон, Крэйб і Гойл ашаломлена стаялі на месцы. Герміёна зноўку падняла руку.

- Ня смей называць Хагрыда някчэмаю, ты гідкі... злосны...

- Герміёна!- квола сказаў Рон і паспрабаваў схапіць яе за руку, калі яна адводзіла яе назад.

- Знікні, Рон!

Герміёна выцягнула палачку. Малфой адступіўся. Крэйб і Гойл ашалела глядзелі на яго, чакаючы загадаў.

- Ходзьма!- прамармытаў Малфой і ўсе трое рушылі па калідоры ў сваё падзямелле.

- ГЕРМІЁНА!- зноўку паклікаў Рон, яго голас быў ашалела-уражаным.

- Гары, лепш пабей яго, падчас квідытчнага фіналу!- пранізліва сказала Герміёна.- Адбяры ў яго перамогу, бо калі выйграе Слізэрын, я не вытрымаю!

- Мы ўжо павінны быць на Замовах,- працягваючы таропіцца на Герміёну, прамовіў Рон.- Нам лепей ісці.

Па мармуровых сходах яны паспяшаліся ў напрамку кабінета прафесара Флітвіка.

- Спазняецеся хлопцы!- з дакорам заўважыў Флітвік, калі Гары прыадчыніў дзверы яго класы.- Хуценька даставайце свае палачкі. Сёння мы эксперыментуем з узбадзёрваючымі замовамі. Мы ўжо падзяліліся на пары...

Гары з Ронам паспяшаліся да вольнага стала і раскрылі свае торбы. Тут Рон азірнуўся.

- А куды падзелася Герміёна?

Гары таксама паглядзеў навокал. Дзяўчынкі ў класе не было, хаця Гары дакладна ведаў, што яна стаяла разам з імі, калі ён адчыняў дзверы пакою.

- Дзіўна,- прамовіў звяртаючыся да Рона Гары.- Можа... можа яна адыйшла ў прыбіральню, ці кудысь яшчэ?

Але Герміёна так і не аб’явілася на ўроку.

- Ёй бы зусім не пашкодзіла пазаймацца ўзбадзёрваючымі замовамі.- прамовіў Рон, калі вучні пасля заняткаў гуртом рушылі на абед... пасля замоваў усе яны былі ў вясёлым настроі.

На абедзе Герміёны не было таксама. Пасля таго, як хлопцы скончылі абедаць і перайшлі да яблычнага пірагу, дзеянне ўзбадзёрваючых замоў, пакрысе пачало адступаць і яны злёгку занепакоіліся.

- Не думаеш, што Малфой мог штось зрабіць з ёй?- устрывожана прамовіў Рон, калі яны разам спяшалі да Грыфіндорскай вежы.

Яны прайшлі праз троляў-ахоўнікаў, сказалі Тлустай Пані пароль - “Пляткарка” і праз адтуліну за партрэтам завіталі ў гасцёўню.

Герміёна сядзела на сваім звычайным месцы за сталом і моцна спала, паклаўшы галаву на разгорнуты падручнік па нумералогіі. Гары і Рон падыйшлі да яе і селі паабапал. Гары злёгку штурхнуў яе.

- А... што?- імгненна прачнуўшыся прамовіла Герміёна, дзіка пазіраючы навокал.- Ужо час ісці? А які зараз будзе урок?

- Вяшчунства, але да яго яшчэ дваццаць хвілінаў.- адказаў Гары.- Герміёна, чаму цябе не было на замовах?

- Што? Божачкі, не!- віскнула дзяўчынка.- Я забылася, што трэба было ісці на замовы!

- Але як ты магла забыцца?- спытаў Гары.- Ты ж была з намі, калі мы рушылі на ўрок!

- Не веру!- ускрыкнула Герміёна.- Прафесар Філтвік пэўна страшэнна злаваўся. Гэта ўсё Малфой, я увесь час думала аб ім і зусім заблыталася!

- Ведаеш што, Герміёна? - прамовіў Рон, пазіраючы на вялізарны падручнік па нумералогіі, які тая выкарыстоўвала ў якасці падушкі.- Здаецца, што ты ўжо на пшык з’ехала. Ты спрабуеш зрабіць больш, чым магчыма.

- Не, зусім не!- адказала Герміёна, адштурхнуўшы лезучае на вочы валоссе і перапужана глянуўшы на сваю торбу.- Я проста заблыталася і ўсё! Зараз пайду і папрашу прабачэння ў прафесара Флітвіка... Убачымся на Вяшчунстве!

Герміёна далучылася да іх ля падножжа кабінета прафесаркі Трэлані праз дваццаць хвілін, яна выглядала незвычайна стомленай.

- Не магуць паверыць у тое, што прапусціла ўзбадзёрваючыя замовы! Я ўпэўнена, што яны будуць на іспытах. І прафесар Флітвік намякаў на гэта!

Разам яны падняліся па лесвіцы ў задушлівы і цмяны круглы кабінет прафесаркі Трэлані. На кожным століку зіхацелі крышталёвыя шары, поўныя жамчужна белай смугі. Тройца прысела разам за адзін з хісткіх столікаў.

- А я лічыў, што мы не будзем займацца крышталёвымі шарамі да пачатку наступнага семестра,- прамармытаў Рон, асцярожна пазіраючы навокал у пошуках прафесаркі Трэлані, на той выпадак, калі яна схавалася непадалёк.

- Не жалься, гэта ўсё таму, што мы нарэшце скончылі херамантыю, - прамармытаў у адказ Гары.- Я ўжо пачаў дрыжаць да ванітаў кожны раз, калі яна, мінаючы мяне, пазірала на мае рукі.

- Дабрыдзень усім!- прагучаў знаёмы цмяны голас, і прафесарка Трэлані, як заўжды бліскуча выйшла аднекуль з ценяў. Парваці і Лавендру закалаціла ад узбуджэння, а іх тварыкі асвятляліся малочным святлом з крышталёвага шару.

- Я вырашыла распачаць выкладанне крышталёвых шароў крыху раней, чым планавала,- прамовіла Трэлані, прысядаючы на крэсла спінаю да коміна і пазіраючы навокал.- Фатум паведаміў мне, што шары будуць уваходзіць ў вашыя чэрвеньскія іспыты і вырашыла даць вам дадаткова папрактыкавацца.

Герміёна пырхнула.

- Але ж, кажучы шчыра... “Фатум ёй паведаміў”... а хто будзе рыхтаваць іспыты? Ці ж не яна? Дзівацкае прадказанне!- не турбуючыся, каб сцішыць голас, заўважыла Герміёна.

Цяжка было зразумець, ці пачула прафесарка словы Герміёны і як на гэта адрэагавала, бо яе твар знаходзіўся ў прыцемках. Але працягвала яна сваю гаворку так, быццам анічога не здарылася.

- Крышталавізія з’яўляецца асабліва вытанчаным мастацтвам,- замроена сказала Трэлані,- і я не чакаю, што хтось з вас штось пабачыць, зазірнуўшы ўпершыню ў бясконцую глыбіню шара.Мы распачнем з вамі з расслаблення вашага розуму і знешніх вачэй...- Рон пачаў бескантрольна гігікаць і быў вымушаны заціснуць рот кулаком, каб сцішыць шум...- такім чынам, каб ачысціць прастору для ўнутранняга вока і звышсвядомасці. І калі вам моцна пашанцуе вы што-небудзь пабачыце напрыканцы занятку.

Усе кінуліся выконваць заданне. Гары адчуваў сябе сапраўды па-дурацку. Ён бездапаможна глядзеў у шар і як не імкнуўся спустошыць свой розум, гэта было вельмі цяжка, бо праз яго галаву пралятаў шэраг думак, такіх як “Лухцень поўная!” і падобных ёй. Яшчэ менш яму дапамагала прыдушанае гігіканне Рона і ціхія шкадаванкі Герміёны.

- Хто-небудзь штось заўважыў?- спытаўся Гары, калі мінула чвэрць гадзіны сузірання.

- Ага, васкавую пляму на стале,- кажучы пальцам, прамовіў Рон,- хтось апракінуў на яго свечку.

- Гэта марная страта часу,- сыкала Герміёна,- я магла заняцца чымсьці карысным. Магла б паспрабаваць дагнаць вас па ўзбадзёрваючых замовах...

Міма іх прашаргацела прафесарка Трэлані.

- Камусьці патрэбна дапамога ў інтэрпрэтацыі пакрытых ценем папярэжванняў, якія паказвае шар?- прамармытала яна, звякаючы бранзалетамі.

- Мне дапамога не патрэбна,- прашапатаў Рон,- і так ўсё зразумела. Сёння ўвечары знадворку будзе туман.

Наши рекомендации