Хлопчык, які застаўся жывы 4 страница
“Толькі сон, - пераконваў ён сябе. - Я сніў, што па мяне прыйшоў волат на імя Хагрыд і сказаў, што я еду вучыцца ў школу для чараўнікоў. Але зараз я расплюшчу вочы і апынуся ў сваёй каморы”.
Раптам пачуўся нейкі гучны грукат.
А вось і цётка Пятуння грукае ў дзверы, з застылым сэрцам вырашыў ён. Але вачэй не расплюшчыў, бо сон быў такім добрым…
Грук. Грук. Грук.
- Добра, - прамармытаў Гары. - Ужо ўздымаюся.
Ён сеў, і цяжкі Хагрыдаў шынэлак зваліўся з яго. Халупа была залітая святлом, шторм скончыўся. Паблізу на канапе спаў брамнік, а за акном сядзела сава, якая трымала ў дзюбе газету і сваім загнутым кіпцюром грукала ў шкло.
Гары ўскочыў на ногі; ад шчасця яму здавалася, што недзе ўнутры яго надзьмуўся вялізны паветраны шар. Хлопчык падыйшоў да акна і расчыніў яго, і сава падляцела да Хагрыда і кінула на яго газету. Калі той нават не прачнуўся, сава села на падлогу і пачала дзяўбці Хагрыдаў шынэлак.
- Нельга, - Гары паспрабаваў адагнаць саву, але тая толькі клацнула на яго дзюбай і працягнула бойку з шынэлкам. - Хопіць! Псік! Хагрыд! - гучна сказаў хлопчык. - Тут сава...
- Заплаці ёй, - буркнуў з канапы волат.
- Што?
- Ёй трэ’ заплаціць за дастаўку. Пашукай у кішэнях.
Але ягоны шынэлак, здавалася, складаўся з адных кішэняў... там былі звязкі ключоў, сродак ад агародных шкоднікаў, скруткі аборкі, мятныя ляндрынкі, пакецікі гарбаты... нарэшце Гары знайшоў жменю дзіўных з выгляду манет.
- Дай ёй пяць кнатаў, - праз сон сказаў Хагрыд.
- Кнатаў?
- Такія маленечкія, бронзавыя.
Гары адлічыў пяць бронзавых манетак; сава працягнула яму лапку да якой была прывязаная маленечкая скураная торбачка. Хлопчык паклаў туды грошы, і сава адляцела.
Хагрыд гучна пазяхнуў і, пацягваючыся, сеў.
- Лепш спяшаць’, Гары. У нас на сягонь’ купа спраў. Трэ’ давезці це’ да Лондану, каб набыць ‘сё неабходнае для школы.
Гары зірнуў на чарадзейскія манеты, пакруціў іх у руках. Тут ён адчуў сябе так, быццам нехта пракалоў паветраны шар шчасця, што быў у яго ўнутры.
- Хагрыд?
- Ммм? - азваўся Хагрыд, нацягваючы на ногі свае вялізныя боты.
- Я не маю грошай... вы ж чулі мінулай ноччу... дзядзька Вернан адмовіўся плаціць за маё навучэнне чарадзейству.
- Пра гэт’ не турбуй’, - адказаў волат, уздымаючыся на ногі і пачухваючы галаву. - Ці ты думаеш, твае бацькі не пакінулі це’ сёе-тое?
- Але ж наш дом быў разбураны...
- Яны не х’валі свае золата ў хаце, маё дзіця! Так, на пачатку трэ’ будзе завітаць у Чарадзейскі банк Грынгатс. Еш кілбаскі, яны не благія, нат’ калі халодныя... і я не адмовіўся б ад кавалачку тва’го торту.
- У чараўнікоў ёсць свае банкі?
- Тольк’ адзін. Грынгатс. Ім кіруюць гобліны.
Гары выпусціў з рук кавалак кілбаскі.
- Гобліны?
- Так... і скажу т’бе, каб паспраб’ваць абрабаваць Грынгатс, трэ’ быць с’праўдным вар’ятам. Ніколі не звязвай’ з гоблінамі, Гары. Калі ты жада’ш нешта зах’ваць у бяспецы, надзейнейшага за грынгацкія сейфы няма ань’чога, хіба тольк’ Хогвартс. Тым больш, мне і так трэ’ завітаць у банк, па справах школы. Для Дамблдора, - Хагрыд ганарліва выцягнуўся. - Ён звычайна даручай’ мне рабіць сія-тыя спраў’ для ‘йго: знайсці це’... забраць з Грынгатса сёе-тое... ён ведае, што мож’ давяраць мне. Ты гатовы? Тады руш’лі.
Следам за Хагрыдам Гары спусціўся з вяршыні скалы. На небе не было ані хмаркі, а марскія хвалі зіхацелі пад сонечным праменнем. Лодка, якую учора пазычыў дзядзька Вернан, была падчас шторму напалову залітая вадой.
- А як вы сюды трапілі? - азіраючыся ў пошуках другога чоўна, спытаўся Гары.
- Прыляцеў, - адказаў волат.
- ПРЫЛЯЦЕЛІ?
- Так... але назад мы ‘аплывём. Я це’ зна’шоў і не павінны больш к’рыстацца магіяй.
Яны селі ў лодку. Увесь шлях з выспы Гары ўважліва глядзеў на Хагрыда, спрабуючы ўявіць, як той ляціць.
- Аднак веславаць будзь’ не надт’ зручна, - крадком пазіраючы на Гары, прамовіў Хагрыд. - Калі ты ань’кому не распавь’дзеш, я мог бы ‘аскорыць рух.
- Зразумела ж, не скажу, - адказаў Гары, жадаючы паглядзець, як той чаруе. Хагрыд выцягнуў свой ружовы парасон, двойчы ўдарыў ім па борце лодкі, і яны хутка рушылі да зямлі.
- А чаму, каб паспрабаваць абрабаваць Грынгатс, трэба быць вар’ятам? - спытаўся Гары.
- Замовы... чары... - адказаў Хагрыд, разгортваючы газету. - А сховіш’ы з асаблівай бяспекай, кажуць, ‘хоўваюцца драконамі. А ‘шчэ ‘аспрабуй зна’сці шлях да сховіш’а і назад... Грынгатс, уяві с’бе, расцягнуўся пад Лонданам на сотнь’ кіламетраў. Глыбок’ пад зямлёю. Ты ‘амрэш з гол’ду, пакуль адтуль вы’дзеш, нат’ калі што і скрадзеш.
Гары сядзеў і разважаў аб тым, што пачуў ад Хагрыда, а той у гэты час паглыбіўся ў чытанне газеты, што называлася “Штодзённы Вяшчун”. Яшчэ на прыкладзе дзядзькі Вернана хлопчык ведаў, што нельга турбаваць чалавека, які чытае газету, аднак у ягонай галаве за ўсё жыццё не круцілася такая безліч пытанняў, як зараз, і хлопцу было вельмі цяжка сябе стрымліваць.
- У Міністэрстве па справах магіі зноў нарабілі халеры, - перагортваючы старонку, прамармытаў брамнік.
- А хіба ў магаў ёсць міністэрства? - не паспеўшы стрымацца, спытаў Гары.
- Вядом ж, - адказаў Хагрыд. - На пасад’ міністра нат’ хацелі браць Дамблдора, але ён ніколь’ не ‘акіне Хогвартс, таму пасад’ атрымаў стары Карнэліюс Фадж. Тыповы нядбал’ і дурань. Штораніц’ ён закідае Дамблдора совамі, просячы ‘гонай парады.
- Але якімі справамі займаецца гэтае міністэрства?
- Ну іхная ‘сноўная справа - не даць маглам даведац’, што краіна дагэт’ паўна чараўнікамі.
- Навошта?
- Навошта?Каб ў іх не было спакусы перакласць’ на магію выр’шэннь’ усіх сваіх праблем. Ёйк, лепш, каб нам ад іх не было ні спераду, ні ззаду.
У гэты момант лодка мякка наткнулася на бераг. Хагрыд склаў газету, і яны разам з Гары узняліся па прыступках на вуліцу.
Мінакі скоса паглядалі на брамніка, пакуль яны з Гары ішлі праз іх маленечкі гарадок у напрамку станцыі. І хлопец ані ў чым не мог іх вінаваціць. Хай з ім, што Хагрыд быў удвая вышэйшы за кожнага з іх; ён яшчэ і ўвесь час звяртаў увагу на самыя звычайныя рэчы, накшталт парковачнага лічыльніка, гучна пры гэтам усклікаючы:
- Глядзі, Гары. Што гэт’ маглы ‘шчэ навыдумлялі, га?
- Хагрыд, - крыху запыхаўшыся, бо яму даводзілася бегчы, каб не адстаць, спытаўся хлопчык, - а што, у Грынгатсе сапраўды ёсць драконы?
- Так кажуць, - адказаў яму брамнік. - Божачкі, як жа я хачу мець дракона.
- А што вам замінае?
- Я з самог’ дзяцінства шукаю, у каго б яго ‘абыць, але... нам сюды.
Яны прыйшлі на чыгуначны вакзал. Цягнік да Лондана адпраўляўся праз пяць хвілін. Хагрыд, які заявіў, што не разумее анічога ў маглаўскіх грошах, даў колькі купюр Гары і адправіў яго набываць квіткі.
У цягніку амаль усе пасажыры таропіліся ў іхны бок. Хагрыд заняў адразу два месцы і заняўся вязаннем чагосьці, што здорава нагадвала канаркава-жоўты цыркавы шацёр.
- Ты зах’піў з сабой ліст? - падлічваючы гафтачкі, спытаўся ён у Гары.
Хлопчык выцягнуў з кішэні жаўтлявы пергаментны канверт.
- Добра, - прамовіў волат, - у ім ё’ спіс ўсяго, што т’бе ‘патрэбіцца.
Гары разгарнуў дадатковы аркуш, які не заўважыў напярэдадні, і прачытаў наступнае:
ХОГВАРЦКАЯ ШКОЛА ЧАРАДЗЕЙСТВА І ВЯДЗЬМАРСТВА
Школьная форма.
Навучэнцам першага году неабходна мець:
1. Тры паўсядзённыя мантыі (чорныя)
2. Адзін звычайны востраканцовы капялюш (чорны)
3. Адну пару ахоўных пальчатак (з драконавай скуры ці з аналагічнага матэрыялу)
4. Адну зімовую мантыю (чорную са срэбнай зашпількай)
Звяртаем увагу, што на усёй вопратцы маюць быць медалікі з вашым прозвішчам.
Падручнікі.
Усе навучэнцы павінныя мець па асобніку наступных кніг:
“Стандартная кніга замоваў (для першага году навучэння)” Міранда Госхак
“Гісторыя магіі” Бацільда Бэгшат
“Тэорыя магіі” Адальберт Вофлінг
“Ператварэнні: кіраўніцтва для пачаткоўцаў” Эмерык Світч
“Тысяча магічных зёлак і грыбоў” Філіда Споўр
“Магічныя зеллі і настоі” Арсеніюс Джыгер
“Фантастычныя істоты і дзе іх адшукаць” Ньют Скамандэр
“Сілы Цемры: кіраўніцтва па самаабароне” Квенцін Трымбл
Таксама неабходна мець
Чароўная палачка, адна
Кацёл алавянны, стандартнага памеру №2, адзін
Камплект шкляных ці крышталёвых пляшачак, адзін
Тэлескоп, адзін
Камплект латунных шаляў, адзін
Навучэнцы таксама могуць прывезці з сабой саву, котку альбо рапуху.
НАГАДВАЕМ БАЦЬКАМ, ШТО ПЕРШАГОДКАМ ЗАБАРОНЕНА МЕЦЬ ПРЫ САБЕ ЎЛАСНЫЯ МЁТЛЫ.
- І што, усё гэта можна набыць у Лондане? - уголас спытаў Гары.
- Калі ведаш, дзе, - адказаў яму Хагрыд.
*
Раней Гары ніколі не быў у Лондане. Хагрыд жа, здавалася, ведаў, куды ісці, але ніколі не трапляў туды, як звычайныя людзі. У метро яго заціснула турнікетам, а трапіўшы ў вагон, волат жаліўся на зацесныя сядзенні і запавольны рух.
- Не ‘яўляю, як маглы могуць жыць, не к’рыстаяючыся магіяй, - войкаў брамнік, калі яны разам з Гары ўзняліся па непрацуючым эскалатары і вышлі на ажыўленую вуліцу, утыканую разнастайнымі крамкамі.
Хагрыду з яго агромістымі памерамі было даволі лёгка рассякаць натоўп, таму Гары дастаткова было ісці за ім услед. Яны крочылі ўздоўж кнігарняў, музычных крам, бістро і кінатэатраў, аднак анідзе, здавалася, не было крамы, якая б гандлявала чароўнымі палачкамі. Гэта была звычайная вуліца, перапоўненая самымі звычайнымі людзьмі. Ці мажліва было, каб пад іхнымі нагамі недзе глыбока пад зямлёй хавалася чарадзейскае золата? Ці існавалі насамрэч крамы, дзе б прадаваліся падручнікі з замовамі і мётлы для палётаў? Ці не нагадвала гэта ўсё неверагодны жарт, падрыхтаваны Дурслі? Калі б Гары не ведаў, што яго апекуны не маюць пачуцця гумару, ён бы так і вырашыў. Але нягледзячы на тое, што ўсё, пра што Хагрыд казаў яму раней, было найневерагоднейшым, хлопчык не мог яму не верыць.
- Нам сюды, - спыніўшыся, сказаў брамнік. - “Дзіравы кацёл” – найвядомейшае месца.
Гэта быў невялічкі брудны паб - калі б Хагрыд не паказаў на яго, Гары мог бы яго зусім не заўважыць. Вочы людзей, якія, спяшаючыся, ішлі паблізу ад іх, бачылі толькі вялізную кнігарню з аднаго боку і краму з музычнымі дыскамі з другога і зусім не звярталі на яго ўвагі. Гары нейкім асаблівым чынам адчуваў, што толькі ён і Хагрыд здольныя яго бачыць. Аднак спытаць аб гэтым ён не паспеў, таму што Хагрыд хутка правёў яго ў паб.
Усярэдзіне гэтае найвядомейшае месца выглядала цёмным і заняпалым. Колькі старых жанчын, адна з якіх паліла доўгую люльку, прысеўшы ў куточку, пілі шэры з маленькіх чарачак. Маленечкі чалавечак у высачэзным капялюшы аб чымсьці гаманіў са старым бармэнам, лысая галава якога нагадвала азызлы гарэх. Як толькі яны ўвайшлі, ціхі гуд размоваў імгненна сціх. Наведнікі паба, якія, здавалася, як адзін ведалі Хагрыда, вітальна махалі рукамі і ўсміхаліся, а стары бармэн, пацягнуўшыся за шклянкай, спытаўся:
- Хагрыд, табе як заўжды?
- У наступ’ раз, Том, я тут па справах Хогвартса, - адказаў брамнік, пляснуўшы сваёй вялізнай рукой па плячы Гары, ад чаго ў хлопца падагнуліся калені.
- Магутны Божа! - усклікнуў Том, зірнуўшы на Гары. - Гэта... гэта ж...
Раптам у “Дзіравым катле” запанавала мёртвая цішыня.
- Божа мой, Божачкі, - прашаптаў бармэн, - Гары Потэр... які гонар.
Ён выбег з-за стойкі і са слязамі на вачах схапіўся за руку Гары.
- Сардэчна запрашаю, містэр Потэр. З вяртаннем у наш свет.
Гары не ведаў, што адказаць. Жанчына з люлькай працягвала яе смактаць, не зважаючы, што тая ўжо згасла. Хагрыд увесь ззяў.
У наступны момант пачулася рыпенне крэслаў, і Гары быў вымушаны паціскаць руку кожнаму з наведвальнікаў паба.
- Дорыс Крокфард, не магу паверыць, што нарэшце бачу вас, містэр Потэр.
- Які гонар, містэр Потэр, які гонар.
- Усё жыццё марыў паціснуць вашую руку... я так хвалююся.
- Я такі шчаслівы, містэр Потэр, што не маю словаў. Маё імя Дзігл, Дзедалус Дзігл.
- Я вас памятаю! – гледзячы, як агромісты капялюш Дзігла гайдаецца праз моцнае хваляванне гаспадара, прамовіў хлопчык. - Вы неяк павіталіся са мной у краме.
- Ён памятае мяне! - азіраючыся, ускрычаў Дзедалус. - Ці вы чулі! Ён мяне памятае!
Гары зноў і зноў трос рукі... а Дорыс Крокфард нават падыйшла да яго колькі разоў.
Тут да хлопца прабраўся вельмі ўсхваляваны малады чалавек. Адно ягонае вока пацепвалася.
- Прафес’ Квірэл! - усклікнуў Хагрыд. - Пазнаёмся, Гары. Прафес’ Квірэл будзе адным з тваіх настаўнікаў.
- П-П-Потэр, - прамармытаў Квірэл, схапіўшы ягоную руку. - В-вы н-не ўяўляеце, як я р-рады вас б-б-бачыць.
- А што вы будзеце выкладаць, прафесар?
- Аб-абарону ад ц-цёмных ма-а-астацтваў, - прамармытаў той так, быццам яго пужала адна толькі думка аб сваёй працы. - Але д-думаю, в-в-ам м-мае з-заняткі не н-надт-та п-пат-трэбныя, - ён нервова ўсміхнуўся. - П-прыйшлі, к-каб на-набыць усё н-неабходнае д-для шк-школы? Я т-таксама з-з-збіраюся па новую к-кнігу аб уп-упірах.
Згадка пра ўпіроў вельмі напужала прафесара.
Але астатнія не дазволілі прафесару задоўга гутарыць з Гары сам-насам. Хлопцу спатрэбілася яшчэ дзесяць хвілін, каб задаволіць увагай усіх жадаючых. Нарэшце Хагрыд гучна, каб перакрычаць натоўп, прамовіў:
- Нам трэ’ спяшац’... шмат закупаў. Хадзем, Гары.
Дорыс Крокфард апошні раз паціснула хлопцу руку, і ён у суправаджэнні брамніка рушыў у невялічкі агароджаны дворык, дзе не было анічога акрамя колькіх кусточкаў пустазелля і сметніка.
Хагрыд усміхнуўся.
- Ці ж я не казаў т’бе? Казаў, што ты знак’мітасць. Бач’, як тросся Квірэл, калі наблізіў’ да це’?.. Хаця ён заўжды калоціцца.
- Ён увесь час такі ўсхваляваны?
- О, так. Неб’рака. Бліскуча’ галава. ‘Сё было добра, ‘куль ён выв’чаў сваю навуку па кнігах, але потым ён ‘зяў адпачынак на год, дзель’ практык’вання... Кажуць, ён ст’эўся з упірамі недзь у Шварцвальдскіх гарах, а ‘шчэ былі невялікія праблемы з нейк’ ведзьмай... і з тых пор ён моцна змяніўся. Баіцц’ на’ўчэнцаў, баіцц’ сваіх заняткаў... так, дзе мой пар’сон?
Упіры? Вядзьмаркі? У галаве Гары ўсё пераблыталася. Тым часам брамнік лічыў цагліны над сметнікам.
- Тры ўверх... дзве ўбок... - мармытаў ён. - Так, ‘асунься, Гары.
Ён тры разы пагрукаў па цаглінцы кончыкам свайго парасона.
Цагліна, па якой грукнуў Хагрыд, захісталася... выгнулася... ўсярэдзіне яе ўзнікла невялічкая адтуліна... яна разраслася ўва ўсе бакі... і праз імгненне ператварылася на арку настолькі вялікую, што праз яе без праблем змог прайсці сам брамнік. Арка вяла на брукаваную вуліцу, што, выгінаючыся, раскінулася так далёка, наколькі хапала вачэй.
- Запрашай’ на Дыягон-Алею, - прамовіў Хагрыд.
Пабачыўшы здзіўленне на твары Гары, ён усміхнуўся. Яны разам прайшлі праз арку; хлопчык мімаходзь зірнуў назад і ўбачыў, што праход зноў ператварыўся на суцэльную сцяну.
Сонца яскрава адбівалася ад груды катлоў ля бліжэйшай крамы. “Катлы ўсіх памераў: медныя, латунныя, алавянныя, срэбныя, з функцыяй самамяшання, раскладныя”- прачытаў Гары на шыльдзе.
- Ага, то’, што нам трэ’, - заўважыў Хагрыд, - але спачат’ трэ’ схадзіць па грошы.
Гары шкадаваў, што ў яго няма прынамсі яшчэ васьмі вачэй. Ён шалёна круціў галавою, каб ўбачыць як мага больш – крамы, тое што знаходзілася звонку, людзей, якія прыйшлі па закупы.
- Шаснаццаць сікляў за унцыю драконавай пячонкі, яны звар’яцелі... - хістаючы галавой, енчыла нейкая поўная жанчына ля дзвярэй аптэкі.
Ціхае мяккае вухканне даносілася з цёмнай крамы, над якой вісела шыльда з надпісам: “Савіны супэрмаркет Эйлап. Совы на ваш густ – няясыці звычайныя і малайскія, соўкі, сіпухі, палярныя совы”.
Колькі хлопцаў аднаго з ім узросту стаялі, прыціснуўшы насы да вітрыны з мётламі:
- Глядзіце, - пачуў Гары, - новы Німбус-2000... самы хуткі...
Крамы з мантыямі, крамы з тэлескопамі, крамы з нейкімі дзіўнымі срэбнымі прыладамі, якіх Гары раней не бачыў. Крамы, за вітрынамі якіх стаялі склянкі з кавалкамі селязёнкі і вугрынымі вачыма. Крамы, дзе прадаваліся кнігі замоваў, пёры і скруткі пергаменту. Крамы, дзе гандлявалі пляшкамі з разнастайнымі зеллямі. Крамы з глобусамі месяца...
- Грынгатс, - прамовіў Хагрыд.
Яны стаялі ля беласнежнага будынку, што ўзвышаўся над іншымі крамамі. Ля бронзавых дзвярэй, апрануты ў пунсовую з залатым ліўрэю, стаяў...
- Так, гэт’ гоблін, - абыякава паведаміў хлопцу Хагрыд. Той быў на галаву ніжэйшы за Гары, меў смуглявы разумны твар, вострую бародку і, як заўважыў хлопчык, вельмі доўгія пальцы на руках і нагах. Гоблін адвесіў ім паклон, калі Гары з Хагрыдам праходзілі ўсярэдзіну. Яны апынуліся перад другімі дзвярыма - тыя былі срэбнымі, і на іх былі выгравіраваныя такія словы:
“Заходзь, але не забывай:
Чужога скарбу не жадай.
На галаву бяды не клікай,
Бо плата будзе завялікай,
Як апынешся пад зямлёй,
Ты ў скарбніцы, ды не ў сваёй...
Гаворым усім ліхім людзям:
Не толькі скарбы будуць там”
- Я т’бе казаў, што тольк’ шаленец паспрабуе іх а’рабаваць, - прамовіў Хагрыд.
Перад срэбнымі дзвярыма ім пакланіліся яшчэ два гобліны, і Гары з брамнікам увайшлі ў велічную мармуровую залу. Уздоўж залы сядзела больш за сотню гоблінаў на высокіх крэслах. Адны пісалі нешта ў вялізных гросбухах, другія ўзважвалі стосікі манетаў на медных шалях, а трэція разглядалі каштоўныя камяні праз акуляры. У залу вяло мноства дзвярэй, і ля кожных стаялі гобліны, што сустракалі і праваджалі кліентаў. Хагрыд і Гары рушылі да вольнай касавай стойкі.
- Доб’раніцы, - павітаўся брамнік з гоблінам-касірам. - Мы прыйшлі ўзяць грош’ з сейфа містэра Гары Потэра.
- Вы маеце ключ, сэр?
- Быў недзь’ тут, - прамовіў Хагрыд і прыняўся выцягваць змесціва сваіх кішэняў і класці іх на стойку. Калі на гросбух трапіла колькі зацвілых сабачых печывак, гоблін зморшчыў нос. А Гары ў той жа час назіраў, як гоблін за суседняй стойкай клаў на шалі зіхоткія лалы, вялізныя, як тыя цьмеючыя вугалькі.
- А ‘ось ён, - нарэшце прамовіў волат, знайшоўшы маленечкі залаты ключык.
Гоблін уважліва зірнуў на яго.
- Так, ён сапраўдны.
- А ‘шчэ я маю ліст ад прафесара Дамблдора, - прамовіў брамнік, выцягваючы пергамент з нагруднай кішэні, - наконт самі-ведаце-чаго са сховіш’а 713.
Гоблін уважліва прачытаў ліст.
- Добра, - прамовіў ён, вяртаючы пергамент Хагрыду. - Вас правядуць да сейфаў. Грыпхук!
З’явіўся яшчэ адзін гоблін. Брамнік паклаў сабачае печыва назад у кішэню, і яны з Гары рушылі ўслед за Грыпхукам да дзвярэй, што вялі ў сховішчы.
- А што за самі-ведаеце-што ляжыць ў 713 сховішчы? - спытаўся Гары.
- Не магу сказаць, - таямніча прамовіў волат. - Гэта страшэн’ сакрэт. Ён ‘тычыцца справаў Хогвартса. А Дамблдор давь’рае мне. Калі раскажу, страч’ працу.
Грыпхук расчыніў дзверы. Гары чакаў убачыць яшчэ адну вялізную мармуровую залу, таму вельмі здзівіўся, калі яны апынуліся ў вузкім каменным праходзе, асветленым па баках шматлікімі паходнямі. Праход вёў да невялічкай чыгункі. Грыпхук свіснуў, і да іх пад’ехала маленечкая ваганетка. Хагрыд з цяжкасцю забраўся ўсярэдзіну, Гары і Грыпхук селі на астатняе месца... і яны рушылі ў падзямелле.
Напачатку яны папросту кружлялі па лабірынце праходаў. Гары паспрабаваў запомніць дарогу: налева, направа, направа, налева, прамкі, зноў направа, налева… аднак хутка ён збіўся. Здавалася, ваганетка сама ведала, куды ехаць, бо Грыпхук аніяк ёй не кіраваў.
Вочы апякала халодным паветрам, але Гары трымаў іх шырока расплюшчанымі. На імгненне яму падалося, што недзе напрыканцы прахода ён убачыў сполах агню, хлопчык павярнуў галаву, каб разглядзець, ці не быў там дракон, аднак тут ваганетка рэзка спусцілася ніжэй, і яны паехалі па-над падземным возерам, па берагах якога з падлогі і столі раслі сталакціты і сталагміты.
- Ніколі не мог запомніць, - перакрыківаючы шум ваганеткі, прагаласіў Гары Хагрыду, - у чым розніца між сталакцітамі і сталагмітамі.
- У стала’міце ё’ літ’ра “м”, - адказаў волат. - Але не пытай больш нічог’, м’не вань’туе.
Ён увесь ажно пазелянеў, і, калі ваганетка нарэшце спынілася ля невялічкіх дзвярэй напрыканцы калідора, той выйшаў і колькі часу, цяжка дыхаючы, стаяў, прыціснуўшыся да сцяны, каб спыніць дрыжыкі ў каленях.
Тым часам Грыпхук адчыніў дзверы. Са сховішча выслізнула хмара зялёнага дыму. Калі яна рассеялася, хлопчык вохнуў. На падлозе ляжалі горы залатых манетаў і стосы срэбных, не лічачы грудкі медных кнатаў.
- Гэт’ усё тваё, - усміхнуўся Хагрыд.
Гары не верыў сваім вачам. Добра, што пра гэтае сховішча не ведалі Дурслі, інакш не паспеў бы хлопчык міргнуць, як тыя наклалі б на скарб свае лапы. Яны столькі разоў скардзіліся, што Гары абыходзіцца ім задорага. І увесь гэты час недзе пад Лонданам хлопца чакала невялічкае багацце.
Хагрыд дапамог хлопцу пакласці колькі грошаў у гаманец.
- Залатыя наз’ваюцца галеёнамі, - тлумачыў ён Гары. - У галеёне – сямнац’ сікляў, у сіклі – двац’дзевяць кнатаў, запомніў? Таго, што мы ўзялі, хопіць т’бе на пару семестраў, а астат’ хай пач’кае ў бяспецы. Добра, а ц’ер у сховіш’а нумар 713, - павярнуўшыся да Грыпхука, прамовіў ён. - І каль’ ласка, ці не можна павольней?
- Хуткасць толькі адна, - адказаў яму гоблін.
Яны спусціліся яшчэ ніжэй і паехалі яшчэ хутчэй. Паветра на стромкіх паваротах рабілася ўсё халаднейшым. Калі яны праязджалі па-над падземнай цяснінай, Гары нахіліўся, спрабуючы разглядзець дно, аднак тут Хагрыд у чарговы раз застагнаў і за карак зацягнуў яго назад у ваганетку.
Дзверы ў сховішча 713 не мелі замочнай свідравіны.
- Адсуньцеся, - загадаў Грыпхук. Ён асцярожна правёў па дзвярах адным са сваіх доўгіх пальцаў, і тыя папросту расталі.
- Калі б нехта акрамя грынгацкага гобліна паспрабаваў іх адчыніць, - растлумачыў Грыпхук, - яго б папросту засмактала ўсярэдзіну.
- А як часта вы правяраеце, ці няма там каго? - спытаўся Гары.
- Недзе раз на дзесяць гадоў, - з даволі непрыемнай усмешкай адказаў гоблін.
Гары вырашыў, што ў сховішчы з гэткімі мерамі абароны павінна месціцца нешта занадзвычайнае. Ён вызірнуў з-за Хагрыда, чакаючы ўбачыць прынамсі казачны скарб... але спачатку яму здалося, што сховішча пустое. Толькі праз імгненне-другое ён заўважыў на падлозе нешта нікчэмнае і маленькае, загорнутае ў карычневую паперу. Брамнік падабраў пакунак і сунуў яго глыбока за пазуху. Хлопчыку карцела спытацца, што гэта такое, але ён здагадваўся, што рабіць гэтага не трэба.
- Хадзем, ‘авяртаемся ў гэт’ пякельны кошык. І не разма’ляй са мной на зваротн’ шляху, я лепш не буд’ раскрываць рота, - прамовіў Хагрыд.
*
Яшчэ адна паездка на ваганетцы - і вось Гары з Хагрыдам ужо стаялі па-за межамі Грынгатса, жмурачыся ад асляпляльнага сонца. Гары разважаў, на што спачатку выдаткуе сваё нечаканае багацце. Ён не надта добра разумеў, колькі фунтаў у адным галеёне, але здагадваўся, што мае больш грошаў, чым калі-небудзь... і нават больш, чым маюць Дурслі.
- Мо’ табе схадзіць, - прамовіў брамнік, ківаючы ў бок майстэрні “Мадам Малкін: Вопратка на ўсе выпадкі жыцця”, - набыць школьную форму. А я, калі т’ не супраць, схаджу ў “Дзіравы кацёл” па шклян’чку. Як я нен’віджу грынгацкі’ ваг’неткі, - ён па-ранейшаму выглядаў злёгку хваравітым. Таму Гары, хвалюючыся, увайшоў у майстэрню мадам Малкін адзін.
Гаспадыня майстэрні была прысадзістай усмешлівай вядзьмаркай, апранутай у ружова-ліловую мантыю.
- Ты ў Хогвартс, мой любы? - спыталася яна, перш чым Гары нават паспеў адкрыць рот, - пачакай хвіліначку... зараз я разбяруся вось з гэтым маладым чалавекам, мы хутка.
У задняй частцы майстэрні на ўслончыку стаяў нейкі хлопчык з бледным завостраным тварам. Другая вядзьмарка падкарочвала мантыю, што была на ім. Мадам Малкін паставіла Гары на суседні ўслончык, перакінула праз ягоную галаву доўгую мантыю і таксама пачала ўкарочваць яе пад ягоныя памеры.
- Прывітанне, - прамовіў хлопчык. - Таксама ў Хогвартс?
- Так, - адказаў Гары.
- Мой бацька набывае ў суседняй краме падручнікі, а маці купляе палачку, - манерна расцягваючы кожнае слова, прамовіў хлопчык. - А потым я павяду іх глядзець на гоначныя мётлы. Не разумею, чаму першагодкам забаронена мець уласныя мётлы. Трэба будзе прымусіць бацьку ўсё ж такі набыць яе, а я як-небудзь завязу мятлу ў школу.
Гары імгненна ўзгадаўся Дадлі.
- А ў цябе ёсць свая мятла? - спытаўся хлопчык.
- Ані, - адказаў Гары.
- А ты гуляеш у квідыч?
- Ані, - адказаў Гары, разважаючы, што гэта ўвогуле такое.
- А я гуляю... бацька кажа, што будзе злачынствам, калі мяне не абяруць гуляць за мой Дом. І я з ім цалкам згодны. А ты ведаеш, у які Дом патрапіш?
- Ані, - адказаў Гары, адчуваючы, як дурнее з кожнай хвілінай.
- Насамрэч гэтага ніхто не можа ведаць, але я ўпэўнены, што патраплю ў Слізэрын, там вучылася ўся нашая сям’я... але калі ўявіць, што я патраплю ў Хафлпаф... не, я б тады сыйшоў са школы, а ты?
- Хмм, - адказаў Гары, не ў стане прамовіць нешта больш канкрэтнае.
- О! Зірні на гэтую істоту! - раптам сказаў хлопчык, хіснуўшы галавой ў бок вітрыны. У майстэрню, усміхаючыся Гары, зазіраў Хагрыд, трымаючы ў руках два марожаныя і дэманструючы гэтым, што не можа зайсці ўсярэдзіну.
- Гэта Хагрыд, - прамовіў Гары, задаволены тым, што ведае нешта незнаёмае хлопчыку. - Ён працуе ў Хогвартсе.
- Ааа, - адказаў той, - я пра яго чуў. Ён там слуга ці нехта накшталт таго.
- Ён палясоўшчык, - прамовіў Гары. Суразмоўца з кожным імгненнем падабаўся яму менш і менш.
- А, так. Я чуў, ён нешта накшталт дзікуна. Жыве ў халупе на тэрыторыі школы, час ад часу напіваецца і спрабуе чараваць, а ў выніку падпальвае ўласны ложак.
- А я лічу, што ён найвыдатны, - халодна прамовіў Гары.
- Няўжо! - крыху насмешліва заявіў хлопчык, - Хто ён табе? І дзе твае бацькі?
- Яны загінулі, - хутка адказаў Гары. І ён не збіраўся абмяркоўваць гэта з хлопчыкам.
- О, прабач, - прамовіў той так, бы і не збіраўся прабачацца. - Але яны былі з нашых?
- Яны былі вядзьмаркай і чараўніком, калі ты пра гэта.
- Я сапраўды лічу, што не нашым няма што рабіць ў школе. Ім ніколі не зразумець шляхі, якімі мы ходзім. Уяўляеш, большасць з іх нават не ведалі аб існаванні Хогвартса, пакуль не атрымалі свой ліст. Лічу, што навучацца там павінныя толькі нашчадкі старажытных сем’яў. А дарэчы, як твае прозвішча?
- Ну, усё гатова, мой любы, - прамовіла мадам Малкін, калі Гары ўжо збіраўся адказаць хлопчыку, і ён, ані кроплі не шкадуючы аб згубе суразмоўцы, выслізнуў вонкі.
- Ну, спадзяюся сустрэцца ў Хогвартсе, - працягнуў наўздагон хлопчык.
Гары ціхенечка ўзяў з Хагрыдавых рук марожанае (шакаладна-трускаўкавае з арэхавай дробкай) і гэтак жа ціха пачаў яго есці.
- Што здар’лася? - спытаў Хагрыд.
- Нічога, - схлусіў Гары. Яны завіталі ў краму, каб набыць там пергаменту, пёры і чарнілы. Убачыўшы сярод тавараў ў краме чарнілы, што падчас пісьма мянялі колер, Гары крыху павесялеў. Калі яны з Хагрыдам выйшлі надворак, хлопчык спытаўся:
- Хагрыд, а што такое квідыч?
- Вох, Гары! ‘Весь час заб’ваюся, як мал’ ты ведаеш аб нашым свеце... на’т пра квідыч!
- Не трэба мяне дабіваць, - пакрыўджана сказаў Гары. Ён распавёў Хагрыду аб размове з бледнатварым хлопчыкам.
- ... а яшчэ ён заявіў, што дзяцей з маглаўскіх сем’яў нельга і блізка пускаць да школы...
- Ты не з маглаўскай сям’і. Як бы ён вед’, хто ты... Калі ‘йгоныя бацькі ч’раўнікі, ён вырас, чуй’чы твае імя... Памята’ш, што адбылося ў “Дзірав’м катле”. І што ён, с’праўды, мож’ вед’ць пра ч’раўнікоў з магл’скіх сем’яў. Шмат на’лепшых чар’дзеяў былі з выключна магла’скіх родаў... напрык’, твая маці! А паглядзь’ на ейную сястру!
- І ўсё-ткі, што такое квідыч?
- Наш спорт. Чарадзейскі. Нешт’ падобна’... падобна’ да футбола... але ў квід’ч гуляй’ць на мётлах, і там чатыры мячы... мне цяжк’ раст’мачыць табе правілы.
- А што такое Слізэрын і Хафлпаф?
- Школьныя Дамы. Іх чатыры. Каж’ць, што ў Хафлпафе вуч’ца адны нікчэмы, але...
- Іду ў заклад, што апынуся менавіта там, - змрочна прамовіў Гары.
- Лешп Хафлпаф, чым Сліз’рын. - са злосцю ў голасе заявіў Хагрыд. - Большасць ліхіх ч’раўнікоў і вядзмар’к вучыліся ў Сліз’рыне. І адзін з іх Сам Ведаш Хто.
- Вал... ой, прабачце... Самі-Ведаеце-Хто таксама вучыўся ў Хогвартсе?
- Так, шмат гадоў таму, - адказаў волат.
Па падручнікі яны зайшлі ў кнігарню “Флорыш і Блотс”, паліцы якой былі да самой столі застаўленыя кнігамі разнастайнага памеру – там былі і вялізныя тамы, што нагадвалі тратуарную плітку ў скураной вокладцы, і маленечкія кніжачкі, што больш нагадвалі паштовыя маркі, абцягнутыя шоўкам; кнігі, поўныя разнастайных сімвалаў, і кнігі, у якіх увогуле не было анічога напісана. Нават Дадлі, які прынцыпова не браў кніг у рукі, ашалеў бы ад жадання мець хаця б адну з іх. Хагрыду нават давялося адцягваць Гары ад кнігі прафесара Віндзіктуса Вірыдзіяна “Праклёны і супрацьпраклёны (Зачаруй сваіх сяброў ці адпомсці сваім ворагам – выпадзенне валасоў, жэлейныя ногі, языкавяз і шмат, шмат іншых замоваў)”.