Актуальны рэпартаж: пранікненне ў грынгатс 1 страница

Працягваецца даследванне выпадку пранікнення 31-га ліпеня ў банк “Грынгатс”. Некаторыя лічаць, што ў гэтай справе замяшаныя невядомыя цёмныя чарадзеі.

Гобліны банка сцвярджаюць, што падчас нападу нічога не было скрадзена, бо напярэдадні са сховішча, дзе адбыўся ператрус, было забранае ўсё змесціва.

“Што там было, мы вам не раскажам, - паведаміў карэспандэнтам Вешчуна прэс-гоблін Грынгатса, - і лепей вам не саваць насы ў гэтую справу.”

Гары прыгадаў, што яшчэ ў цягніку Рон казаў яму аб спробе абрабавання Грынгатса, але той не згадваў даты.

- Хагрыд! - сказаў хлопчык. - У Грынгатс нехта пранік у дзень майго нараджэння! Можа, нават у той час, калі мы самі там былі!

Цяпер Гары не сумняваўся, што волат хавае ад яго вочы. Ён нешта прамармытаў і прапанаваў хлопчыку яшчэ печыва. “Напярэдадні са сховішча, дзе адбыўся ператрус, было забранае ўсё змесціва”. Гары перачытаў артыкул. Хагрыд у той дзень забраў усё змесціва сховішча, калі так можна было назваць той маленькі непрыкметны пакуначак. Ці не яго часам шукалі злачынцы?

Пакуль хлопчыкі з поўнымі кішэнямі Хагрыдавага печыва - яны былі занадта шляхетнымі, каб адмовіцца - вярталіся да замку на абед, Гары працягваў разважаць. Ніводны з заняткаў не пакінуў у ягонай галаве столькі думак, як гэтае чаяванне. Ці не надта сваечасова Хагрыд забраў пакуначак? Куды ён падзеўся? Што такога Хагрыд ведае пра Снэйпа, чаго не жадае распавесці яму?

— РАЗДЗЕЛ ІХ —

Двубой апоўначы

Усё сваё жыццё Гары лічыў, што не сустрэне хлопца свайго ўзросту, якога будзе ненавідзець больш за Дадлі, але гэта было да сустрэчы з Драко Малфоем. Суцяшала толькі тое, што грыфіндорцы сустракаліся са слізэрынцамі толькі на зеллеварстве, што здаралася адносна нячаста. Так усе лічылі да таго, пакуль адным разам не ўбачылі на дошцы аб’яваў у грыфіндорскай гасцёўні паведамленне, прачытаўшы якое, пачалі стагнаць. У чацвер грыфіндорскія першагодкі павінныя былі пачаць вучыцца лятаць на мётлах... разам са слізэрынцамі.

- Як заўжды, - змрочна прамовіў Гары. - Усё жыццё марыў зганьбіцца перад Малфоем, сеўшы на мятлу.

А ён так жадаў распачаць вучыцца палётам на мятле!

- У цябе няма доказаў, што гэта праўда, так што не дуры галавы сам сабе, - выказаўся на гэты конт Рон. - Вядома, Малфой на кожным кутку кажа, які ён добры квідычыст, але ён, па-мойму, проста языком мянціць.

Так, Малфой насамрэч увесь час пахваляўся тым, як добра ён лятае. А яшчэ гучна скардзіўся на тое, што першагодак не бяруць у школьныя квідычныя каманды. А колькі разоў ён распавядаў пра тое, як падчас палёту ледзь паспяваў ухіліцца ад маглаўскіх верталётаў! Хаця тут ён быў не адзіным. Шымас Фініган сцвярджаў, што палову свайго дзяцінства правёў, гойсаючы на мятле па сельскай мясцовасці, дзе жыў з бацькамі. Нават Рон усім жадаючым распавядаў, як ледзь не сутыкнуўся з дэльтапланам, лятаючы на старой мятле свайго брата Чарлі. І ўсе, хто выхоўваўся ў чарадзейскіх сем’ях, як адзін увесь час размаўлялі аб квідычы, а Рон аднаго разу нават пасварыўся з Дынам Томасам, які пачаў размову аб футболе. Рон не бачыў анічога добрага ў гульні, дзе толькі адзін мяч і ніхто з гульцоў не лятае. А аднойчы Гары бачыў, як той штурхаў постэр з вест-хэмскай футбольнай камандай, які Дын павесіў над ложкам, каб прымусіць гульцоў рухацца.

Толькі Нэвіл ніколі ў жыцці не лятаў, таму што бабуля нават блізка яго да мятлы не падпускала. І, з пункту гледжання Гары, рабіла цалкам правільна, бо ейны ўнук і на цвёрдай зямлі не надта добра трымаўся на нагах.

Не менш за Нэвіла нервавалася Герміёна Грэйнджэр. Вывучыць на памяць усе падручнікі было для яе чымсьці натуральным... але лятаць яна ніколі не спрабавала. У чацвер падчас сняданку яна закатавала ўсіх парадамі аб тым, як патрэбна лятаць, што знайшла ў бібліятэчнай кнізе “Квідыч праз стагоддзі”. Нэвіл лавіў кожнае ейнае слова, у адчаі запамінаючы ўсё, што магло спатрэбіцца, каб утрымацца на мятле, але астатнія адчулі палёгку, калі лекцыя дзяўчынкі нарэшце была прыпыненая з’яўленнем ў залі соваў з поштай.

Гары з часоў Хагрыдавай цыдулкі не атрымліваў больш аніводнага ліста, што, зразумела ж, з задавальненнем адзначыў Малфой. Самому Драко сямейны пугач штодня прыносіў пакункі з прысмакамі, якія ён са злараднасцю адкрываў за слізэрынскім сталом.

Нэвілу бабуліна сіпуха прынесла невялічкі пакуначак. Той усхвалявана распакаваў пасылку і ўбачыў нешта накшталт вялізнай перліны з белым дымком усярэдзіне.

- Гэта ўзгадацель! - падтлумачыў ён астатнім. - Бабуля ведае, што ў мяне дзіравая памяць... а ўзгадацель дапамагае ўзнавіць у памяці тое, што ты забыўся зрабіць. Яго трэба моцна сціснуць у руцэ, і, калі дым ў яго сярэдзіне пафарбуецца на чырвоны, значыць... аёй... - Нэвіл запанікаваў, бо дымок ува ўзгадацелі зрабіўся ажно пунсовым, - вы нешта забылі...

Нэвіл ліхаманкава прыняўся нешта ўзгадваць, калі Малфой, падыйшоўшы да грыфіндорскага стала, выхапіў узгадацель з ягонай рукі.

Гары і Рон скокам выпрасталіся. Яны ўжо напалову спадзяваліся, што знайшлі падставу, каб пабіцца з Драко, калі ля стала з’явілася прафесарка МакГонагал, якая, як аніхто з настаўнікаў, мела чуццё на ўзнікненне праблем.

- Што тут адбываецца?

- Малфой забраў мой узгадацель, мадам прафесар.

Са злосцю ў вачах Драко хутка кінуў прыладу на грыфіндорскі стол.

- Я толькі хацеў паглядзець, - заявіў ён і хутка ўцёк, суправаджаемы Крэйбам і Гойлам.

*

А палове на чацвёртую Гары, Рон і іншыя грыфіндорцы паспяшаліся на свае першыя заняткі па палётах. Дзень быў ясны, паветра свежае, а трава прыемна спружыніла пад іх нагамі, калі яны рушылі па траўніку на паляну стадыёна насупраць змрочнага Забароненага леса.

Слізэрынцы ўжо былі там, а на зямлі ляжала каля дваццаці мётлаў. Гары памятаў скаргі Фрэда і Джорджа на школьныя мётлы. Некаторыя пачыналі вібраваць, калі на іх заляціш завысока, а некалькі падчас палёту заўжды крыху адхіляліся ў левы бок.

На стадыёне з’явілася настаўніца па палётах мадам Хуч – вядзьмарка з кароткімі сівымі валасамі і жоўтымі ястрабінымі вачыма.

- Ну, ці ўсе тут? - крыкнула яна. - Так, няхай кожны падыйдзе да мятлы. Давайце, хуценька, хуценька.

Гары паглядзеў на сваю мятлу. Яна была вельмі старой, і некаторыя яе пруткі былі выгнутыя пад дзівоснымі вугламі.

- Так, а цяпер выцягніце над мятлой правую руку, - крыкнула настаўніца, - і скажыце “Угару!”

- УГАРУ! - крыкнулі вучні.

Мятла Гары, як няшмат чые яшчэ, імгненна скокнула ў ягоную руку. Мятла Герміёны пачала катацца па зямлі, а Нэвілава нават не варухнулася. Магчыма, вырашыў Гары, мётлы былі падобныя да коней і адчувалі тых, хто іх баіцца. Нэвіл заклікаў сваю мятлу дрыготкім голасам і гучна казаў, што ён лепей будзе стаяць на цвёрдай зямлі.

Мадам паказала ім, як правільна садзіцца на мятлу, каб не паваліцца. Потым яна прайшлася уздоўж шэрагу, папраўляючы ў сяго-таго захоп. Падыйшоўшы да Малфоя, прафесарка, да вялікага задавальнення Гары і Рона, паведаміла Драко, што той ужо шмат гадоў трымае мятлу неправільна.

- Па свістку вы адштурхнецеся ад зямлі, - працягвала Хуч, - уздымецеся на колькі футаў, а потым, крыху нахіліўшыся да тронка, спусціцеся на зямлю. Па маёй камандзе... раз... два...

Але Нэвіл, усхваляваны і напужаны неабходнасцю пакінуць зямлю, скокнуў раней, чым мадам Хуч паспела паднесці свісток да вуснаў.

- Вярніся, хлопча! - крыкнула настаўніца, але Нэвіл працягваў імкліва, быццам корак з бутэлькі, уздымацца ў паветры... дванаццаць... дваццаць футаў. Гары бачыў ягоны белы, прасякнуты жахам твар, бачыў, як ён хапаў ртом паветра, потым нахіліўся на бок і...

БАМС... пачуўся глухі ўдар падзення і непрыемны хруст. Нэвіл ляжаў на траве ўніз тварам, а ягоная мятла працягвала ўздымацца ўгару вышэй і вышэй, а потым паляцела кудысьці ў бок Забароненага леса і знікла з вачэй.

Мадам Хуч, твар якой быў гэткім жа белым, як у Нэвіла, схілілася над хлопцам.

- Запясце зламаў, - пачуў Гары ейнае мармытанне. - Давай, хлопча, давай, уздымайся... усё добра, ты на зямлі...

Яна развярнулася да астатніх вучняў.

- Нікому не рухацца, пакуль я не адвяду гэтага хлопца ў шпітальнае крыло. Мётлы не чапаць, ці пакінеце Хогвартс раней, чым паспееце вымавіць “квідыч”. Пойдзем, мой любы...

Нэвіл, трымаючы сябе за запясце, з пакрытым слязамі тварам пахрамаў разам з настаўніцай, якая абняла яго адной рукою.

Як толькі яны сыйшлі па-за межы чутнасці, Малфой пачаў рагатаць.

- Вы бачылі твар гэтага боўдура?

Астатнія слізэрынцы таксама зарагаталі.

- Заткніся, Малфой, - абарвала яго Парваці Паціл.

- Аёй, нехта заступаецца за Лонгботама? - прамовіла Пансі Паркінсон, суроватварая слізэрыка. - Ніколі не думала, Парваці, што табе падабаюцца тлустыя плаксівыя дзецюкі.

- Глядзіце! - усклікнуў Малфой. Ён кінуўся наперад і падабраў нешта з траўніка. - Гэта тая дурота, якую Лонгботаму даслала бабуля.

У яго поднятай руцэ зазіхацеў узгадацель.

- Дай яго мне, Малфой, - ціха прамовіў Гары. Усе навакольныя сціхлі.

Малфой брыдка ўсміхнуўся.

- Я лічу, што яго лепш пакінуць там, дзе Лонгботам яго не знойдзе... можа... на дрэве?

- А ну, дай сюды! - крыкнуў Гары, аднак Малфой паспеў ускочыць на мятлу і ўзляцець. Драко не хлусіў, лятаў ён сапраўды добра. Ён узняўся на ўзровень верхніх галінаў дрэва і крыкнуў адтуль:

- Паспрабуй забраць, Потэр!

Гары ўскочыў на мятлу.

- НЕ! - крыкнула Герміёна. - Мадам Хуч загадала не рухацца... з-за цябе ў нас будуць непрыемнасці!

Але Гары не слухаў яе. У ягоных скронях загрукатала кроў. Ён адштурхнуўся ад зямлі і ўзляцеў. Ён уздымаўся ўсё вышэй. Паветра кудлаціла ягоныя валасы і ўздымала ўгару мантыю... Палаючы нейкай дзікай радасцю, Гары зразумеў, што, нават ніколі не спрабуючы, мог дастаткова добра лятаць... гэта было вельмі лёгка і вельмі ВЫДАТНА. Гары крыху пацягнуў тронак на сябе і узляцеў яшчэ вышэй. Ён чуў, як з зямлі крычаць дзяўчынкі, патрабуючы, каб ён неадкладна спускаўся, і ўзрушана лямантуе Рон.

Гары развярнуў мятлу і апынуўся на адной вышыні з Драко. Той быў агаломшаны.

- Вярні ўзгадацель. - крыкнуў Гары, - ці я скіну цябе з мятлы!

- Няўжо? - паспрабаваў усміхнуцца Драко, але вочы ягоныя напоўніліся трывогай.

Гары не разумеў гэтага, але быццам ведаў, што робіць. Ён нахіліўся наперад, моцна схапіў тронак абедзвюма рукамі і стралой панёсся да Малфоя. Той ледзь паспеў ухіліцца. Гары рэзка развярнуўся і зноўку завіс у паветры. Колькі чалавек унізе запляскалі.

- Тут няма ані Крэйба, ані Гойла, ніхто не ўратуе тваю шыю, Малфой! - крыкнуў Гары.

Тое ж самае, напэўна, вырашыў і сам Драко.

- Паспрабуй злаві! - крыкнуў ён, шпурнуў ўзгадацель высока ў паветра і куляй кінуўся да зямлі.

Быццам у запаволеным руху Гары ўбачыў, як узгадацель узняўся ў паветра, а потым паляцеў да зямлі. Ён прыціснуўся да тронка і накіраваўся уніз... у наступную секунду ён увайшоў у крутое піке...вецер у вушах змяшаўся з воклічамі людзей на зямлі... Гары выцягнуў руку... і ў фуце ад зямлі злавіў узгадацель, якраз своечасова, каб паспець выраўняць сваю мятлу і мякка, трымаючы ўзгадацель у кулаку, сесці на зямлю.

- ГАРЫ ПОТЭР!

Ягоная душа правалілася ў пяткі хутчэй, чым ён сам толькі што лятаў. Па траўніку да яго бегла прафесарка МакГонагал. Ягоныя ногі задрыжэлі.

- Ніколі... за ўвесь той час, што я перабываю ў Хогвартсе... - ад шоку прафесарка не магла размаўляць, і толькі ейныя акуляры люта блішчэлі... - Як ты мог... ты ж мог паламаць сабе шыю...

- Ён не вінаваты, мадам прафесар...

- Памаўчыце, міс Паціл...

- Але Малфой...

- Годзе, містэр Візлі. Потэр, ідзіце за мной.

Крайком вока Гары заўважыў, як заззялі трыумфам твары Малфоя, Крэйба і Гойла, калі ён перапалохана рушыў услед за прафесаркай у бок замка. Ён ведаў, што зараз яго выкінуць са школы. Ён адкрыў рот, каб сказаць нешта ў сваю абарону, але, здавалася, нешта здарылася з ягоным голасам. МакГонагал ішла вельмі хутка, нават не азіраючыся на Гары, таму яму давялося бегчы, каб не адставаць. У яго атрымалася: ён не правучыўся і двух тыдняў. Цяпер яму дадуць дзесяць хвілін на зборы. Цікава, што скажуць Дурслі, калі ён з’явіцца на іхным ганку?

Яны рушылі ўверх па мармуровых сходах, а прафесарка не прамовіла ані слова. Яна рыўком адчыняла дзверы і хутка крочыла па калідорах, а няшчасны Гары рыссю бег за ёй. Можа, яна вядзе яго да Дамблдора? Ён жа дазволіў Хагрыду застацца ў школе ў якасці палясоўшчыка, калі таго выкінулі. Можа, хлопца зробяць ягоным памочнікам? У Гары закруціла ў жываце, калі ён уявіў сабе Рона і іншых навучэнцаў, якія, робячыся сапраўднымі чараўнікамі, будуць назіраць за тым, як хлопчык цягне на плячах Хагрыдаву торбу.

Тым часам прафесарка спынілася ля аднага з кабінетаў, прыадчыніла дзверы і зазірнула ў пакой.

- Прабачце, прафесар Флітвік, ці не магла б я на хвілінку скрасці ў вас Вуда?

Вуд? Гары быў збіты з панталыку: можа, вуд - гэта нешта накшталт дубца, які яна збіраецца выкарыстаць для пакарання?

Але на самой справе Вуд быў чалавекам. Мажным хлопцам-пяцігодкам, які са здзіўленым выглядам выйшаў на калідор.

- Хадзіце за мной, абодва, - прамовіла МакГонагал і зноў крочыла далей; Вуд, нічога не разумеючы, пазіраў на Гары.

- Сюды.

Яна паказала ім на дзверы кабінета, ў якім цяпер не было анікога за выключэннем Піўза, які пісаў на дошцы непрыстойныя словы.

- Ідзі прэч, Піўз! - гыркнула прафесарка. Той кінуў крэйду ў пусты сметнік, які пры гэтым гучна бразнуў, і, сыплючы праклёнамі, адляцеў прэч. МакГонагал зачыніла дзверы і павярнулася да хлопцаў.

- Потэр, гэта Олівер Вуд. Вуд... я знайшла вам паляўнічага.

Непаразуменне на Вудавым твары змянілася захапленнем.

- Вы сур’ёзна, мадам прафесар?

- Абсалютна, - рашуча адказала МакГонагал. - Гэты хлопчык прыродны. Ніколі не бачыла анічога падобнага. Сёння вы першы раз селі на мятлу, Потэр?

Гары моўчкі кіўнуў. Ён не разумеў анічога з таго, што адбывалася, але дакладна ведаў, што пакуль яго не збіраюцца выкідваць са школы. І ягоныя ногі былі цяпер ужо не такімі ватнымі.

- Ён злавіў вось гэта, спусціўшыся з пяцідзесяціфутавай высаты, - паведаміла Вуду прафесарка, - і нават не падрапаўся. Падобнага не мог зрабіць нават Чарлі Візлі.

Цяпер Вуд пачаў выглядаць так, быццам разам здзейсніліся ўсе ягоныя жаданні.

- Ты калі-небудзь, - усхвалявана спытаўся ён, - бачыў, як гуляюць у квідыч, Потэр?

- Вуд – капітан грыфіндорскай каманды, - растлумачыла Гары прафесарка.

- Ён быццам бы нарадзіўся, каб быць паляўнічым, - прамовіў Вуд, азіраючы Гары з усіх бакоў. - Лёгкі... хуткі... мадам прафесар, нам трэба падабраць яму прыстойную мятлу... Німбус-2000 ці Слінсвіп-7 будзе тое, што трэба.

- Я абмяркую з прафесарам Дамблдорам, якім чынам нам абыйсці правіла першагодкаў. Бачыць Бог, у нас павінна быць каманда лепшая за леташнюю. Пасля нашай апошняй паразы ад Слізэрына я колькі тыдняў не магла глядзець Северусу Снэйпу ў вочы...

МакГонагал сурова зірнула на Гары праз свае акуляры.

- І я жадаю ведаць аб тым, што вы ўпарта трэніруецеся, Потэр, ці я магу змяніць сваё рашэнне аб вашым не пакаранні.

Пасля яна нечакана ўсміхнулася.

- Як бы вамі ганарыўся ваш бацька, - прамовіла яна. – Ён сам няблага гуляў у квідыч.

*

- Ты жартуеш?

Яны сядзелі разам за абедзенным сталом. Гары толькі што скончыў распавядаць, што здарылася пасля таго, які ён і МакГонагал сыйшлі ў замак. На паўдарозе да Ронава рта на відэлец быў насаджаны кавалак пірага з мясам і ныркамі, але хлопчык пра яго зусім забыўся.

- ПАЛЯЎНІЧЫ? - спытаўся ён. - Але ж першагодак ніколі не... ты ж будзеш самым маладым гульцом за...

- ... стагоддзе, - скончыў за яго Гары, запіхваючы ў рот свой кавалак пірага. Пасля хваляванняў мінулага дня ён быў моцна згаладалым. - Вуд казаў мне аб гэтым.

Рон быў настолькі ўражаны і агаломшаны, што папросту моўчкі вытарапіўся на Гары.

- Я пачынаю трэніроўкі на наступным тыдні, - прамовіў Гары, - і анікому не кажы. Вуд хоча, каб гэта засталося ў сакрэце.

У залу завіталі Фрэд і Джордж Візлі і адразу ж кінуліся да Гары.

- Файна, - ціхім голасам сказаў Джордж. - Вуд аб усім нам распавёў. Мы таксама ў камандзе... бітакі.

- І скажу вам па сакрэце, у гэтым годзе мы дакладна выйграем кубак, - дадаў Фрэд, - мы не выйгравалі з таго часу, як Чарлі пакінуў школу, але цяпер у нас падабралася бліскучая каманда. Усё будзе супер, Гары, і гэта факт. Калі Вуд размаўляў з намі, ён ледзь не скакаў ад шчасця.

- Балазе, а цяпер нам трэба ісці, Лі Ёрдан кажа, што знайшоў новы патаемны праход са школы.

- Іду ў заклад, гэта той, па-за статуяй Рыгора Ліслівага, які мы знайшлі яшчэ на першым тыдні вучобы. Пабачымся.

Фрэд з Джорджам хутка ўцяклі, але да стала падыйшлі тыя, каго Гары жадаў бачыць у самую апошнюю чаргу – Малфой у кампаніі Крэйба і Гойла.

- Апошні пасілак у школе, Потэр? І калі твой цягнік да маглаў?

- Ну што, цяпер, калі ты на зямлі і разам з табой твае маленькія сябры, ты зноў поўны мужнасці? - халодна адрэзаў Гары. Вядома, ані Крэйб, ані Гойл маленькімі не былі, але цяпер, калі іх добра было бачна з-за настаўніцкага стала, адзінае, што ім заставалася – пагрозліва храбусцець суставамі і хмура глядзець спадылба.

- А як наконт змагання сам-насам? - прапанаваў Драко. - Нават сёння ўночы, калі жадаеш. Чарадзейскі двубой. Толькі палачкі... аніякага кантакту. Што здарылася? Першы раз чуеш аб чарадзейскім двубоі?

- Усё ён ведае, - сказаў Рон, абыходзячы Малфоя з кампаніяй. - Я буду ягоным секундантам, а хто твой?

Драко крытычна аглядзеў сваіх паплечнікаў.

- Крэйб, - сказаў ён. - Апоўначы, згода? У трафейні, яе аніколі не зачыняюць.

Як толькі слізэрынцы адыйшлі прэч, Гары і Рон перазірнуліся.

- Што за чарадзейскі двубой? - спытаўся Гары. - І што будзеш рабіць ты як секундант?

- Ну, секундант павінны заняць тваё месца, калі цябе заб’юць, - абыякава сказаў Рон, нарэшце ўзяўшыся за халодны пірог. Але, ўбачыўшы выраз на твары Гары, хутка дадаў: - Але паміраюць толькі падчас сапраўднага двубоя, з дарослымі чараўнікамі. Самае страшнае, што вы з Малфоем у стане зрабіць - гэта наслаць адзін на аднаго колькі сполахаў іскрынак, бо ніводны з вас не валодае сур’ёзнай магіяй. Да таго ж, іду ў заклад, ён чакаў, што ты адмовішся.

- А што, калі я махну палачкай, а нічога не атрымаецца?

- Дай яму ў нос, - прапанаваў Рон.

- Прабачце.

Гары і Рон паднялі вочы. Ля іх стаяла Герміёна Грэйнджэр.

- Няўжо чалавеку нельга спакойна пад’есці? - спытаўся Рон.

Але Герміёна, не звярнуўшы ўвагі на ягоныя словы, звярнулася да Гары.

- Я не магла не пачуць, што вы з Малфоем дамовіліся...

- Закладаемся, што магла? - прамармытаў Рон.

- ... і я лічу, ты не павінны валэндацца па школе ноччу. Падумай, колькі балаў страціць Грыфіндор, калі цябе зловяць, а зловяць цябе абавязкова. З твайго боку гэта вельмі эгаістычна.

- Але насамрэч цябе гэта не датычыцца, - адказаў Гары.

- Бывай, - дадаў Рон.

*

І ўсё-ткі гэта нельга было назваць ідэальным заканчэннем дня, вырашыў Гары, чакаючы, пакуль Дын і Шымас заснуць (Нэвіл пакуль не вярнуўся са шпітальнага крыла).

Рон увесь вечар закідваў Гары карыснымі парадамі.

- Калі ён паспрабуе заклясці цябе, лепш ухіліся, таму што я не памятаю, як блакаваць праклёны.

Да таго ж была вялізная імавернасць сустрэцца з Філчам ці ягонай коткай, а Гары вырашыў, што не трэба выпрабоўваць лёс і чарговы раз за дзень трапляцца на парушэнні школьных правілаў. З іншага боку, з цемры на яго пазіраў насмешлівы твар Малфоя... у Гары была магчымасць пазмагацца з ім сам-насам, і прапусціць яе хлопчык не мог.

- Палова на дванаццатую, - прамармытаў Рон. - Нам трэба ісці.

Яны скінулі свае халаты, схапілі палачкі і крадком пачалі спускацца ў грыфіндорскую гасцёўню па вінтавой лесвічцы. Колькі вугалькоў яшчэ гарэлі ў каміне, ператвараючы фатэлі ў дзіўныя чорныя істоты. Гары і Рон ужо амаль дабраліся да адтуліны ў партрэце, калі з бліжэйшага фатэля нехта прамовіў:

- Не магу паверыць, Гары; ты ўсё-ткі збіраешся гэта зрабіць?

Лямпа асвятліла твар невядомага. Ім выявілася хмурая Герміёна, апранутая ў ружовы халат.

- Зноў ты! - гыркнуў Рон. - А ну вэк да ложка!

- Я твайму брату раскажу, - гыркнула ў адказ Герміёна. - Ён прэфект, ён вас спыніць.

Гары і паверыць не мог, што нехта мог ім настолькі моцна шкодзіць.

- Пойдзем, - сказаў ён Рону, адштурхнуў партрэт Тлустай Пані і пралез у адтуліну.

Але Герміёна не збіралася здавацца так лёгка. Яна ўслед за Ронам прайшла праз адтуліну, працягваючы адначасова шыкаць на іх, бы раз’юшаная гуска.

- Вы клапоціцеся толькі самі аб сабе, а не аб Грыфіндоры. Я не хачу, каб слізэрынцы атрымалі Кубак Дамоў, а вы рызыкуеце страціць тыя балы, што я атрымала ад прафесаркі МакГонагал за веданне злучаючых замоваў.

- Ідзі вэк.

- Добра, але я вас папярэдзіла. Вы яшчэ ўзгадаеце мае словы, калі будзеце заўтра вяртацца дадому, вы...

Але хто яны, Гары з Ронам не пачулі. Герміёна павярнулася да партрэта, але замест Тлустай Пані ўбачыла толькі пустую карціну. Гаспадыня партрэту, напэўна, вырашыла ноччу схадзіць да каго-небудзь у госці, і праход у грыфіндорскую вежу быў заблакаваны.

- Што мне цяпер рабіць? - рэзка спыталася Герміёна.

- Гэта твае праблемы, - адказаў Рон, - а нам трэба спяшацца, бо ўжо запозна.

Аднак не паспелі хлопцы дайсці да канца калідора, як Герміёна іх дагнала.

- Я іду з вамі, - прамовіла яна.

- Не ідзеш.

- І застануся чакаць, пакуль Філч мяне не зловіць. А калі мы трапімся ўтраіх, я скажу, што хацела вас спыніць, і вы мяне падтрымаеце.

- Адкуль такая рашучасць... - гучна сказаў Рон.

- Ціха вы! - спыніў яго Гары. - Я нешта чую.

У цемры нехта сапеў.

- Місіс Норыс? - прасіпеў Рон, углядаючыся скрозь цемру.

Але гэта была не котка наглядчыка, а Нэвіл. Скурчыўшыся на падлозе, ён моцна спаў, але як толькі Гары, Рон і Герміёна пакраліся бліжэй, імгненна прачнуўся.

- Дзякуй Богу, вы мяне знайшлі! Я тут ужо колькі гадзін. Я забыўся на новы пароль.

- Цішэй, Нэвіл. Пароль “Свінячы лыч”, але табе гэта не дапаможа: Тлустая Пані кудысьці сыйшла.

- Як твая рука? - спытаўся Гары.

- Выдатна, - Нэвіл паказаў ім руку. - Мадам Помфры вылекавала яе за хвіліну.

- Супер... выдатна. Нэвіл, паслухай, нам трэба ісці ў адно месца, пабачымся пазней...

- Не пакідайце мяне, - з цяжкасцю падымаючыся на ногі, сказаў Нэвіл. - Я баюся тут заставацца. Міма ўжо двойчы пралятаў Крывавы Барон.

Рон паглядзеў на гадзіннік, а потым люта зірнуў на Герміёну і Нэвіла.

- Калі нас зловяць, я не супакоюся, пакуль Квірэл не распавядзе нам аб прывідным праклёне, каб скарыстаць яго супраць вас.

Герміёна адкрыла ўжо рот, магчыма, каб расказаць Рону аб прывідным праклёне, але Гары сыкнуў на іх і паклікаў за сабой.

Яны ціхенечка беглі па калідорах, абмінаючы палоскі месяцовага святла, што струмянілася праз высокія вокны. Гары на кожным кроку баяўся натыкнуцца на Філча, ці Місіс Норыс, але пакуль ім шанцавала. Узбяжаўшы па сходах на чацвёрты паверх, яны крадком падыйшлі да трафейні.

Малфоя і Крэйба яшчэ не было. На паліцах у месяцовым святле золатам і срэбрам блішчэлі разнастайныя трафеі – кубкі, шчыты, талеркі і статуэткі. Яны крочылі ўздоўж сцяны, пазіраючы на абодва ўваходы ў пакой. На той выпадак, калі Малфой выскачыць аднекуль, Гары трымаў сваю палачку напагатове. Паволі праходзіла хвіліна за хвілінай.

- Ён спазняецца, можа, забаяўся? - прашаптаў Рон.

Нейкі шум за дзвярыма прымусіў іх ажно падскочыць. Гары ўзняў сваю палачку, пачуўшы чыесьці словы... аднак голас не быў Малфоевым.

- Нюхай паўсюль, мая любая, яны могуць хавацца па кутках.

За дзвярыма размаўляў з Місіс Норыс Філч. Ахоплены жахам, Гары шалёна пачаў махаць астатнім, каб яны як мага хутчэй рушылі за ім. Яны накіраваліся да супрацьлеглага ўваходу, і варта было Нэвілу, які ішоў апошнім, паспець выскачыць з трафейні, як туды завітаў Філч.

- Яны недзе тут, - пачулася ягонае мармытанне, - схаваліся ад мяне.

- Сюды! - аднымі вуснамі прамовіў Гары. Змяртвелыя ад жаху, яны пачалі красціся ўздоўж калідора, застаўленага даспехамі. Было чутна, як набліжаўся Філч. Раптам Нэвіл спалохана піскнуў і пабег... спатыкнуўся, зачапіў Рона, і яны разам абрынуліся на даспехі.

Пачуўся ляск і грукат, здольны пабудзіць увесь Хогвартс.

- БЯГОМ! - крыкнуў Гары, і яны ўчатырох кінуліся ўздоўж калідора, нават не азіраючыся, каб пераканацца, ці бяжыць за імі Філч... Яны выскачылі за дзверы, праімчаліся па адным калідоры, па другім - Гары не разумеў, дзе яны і куды ім бегчы. Мінуўшы нейкі габелен, яны апынуліся ў патаемным праходзе, праз які выбеглі да кабінета замоваў, што быў вельмі далёка ад трафейні.

- Думаю, адарваліся, - цяжка дыхаючы, прамовіў Гары, прытуліўся да халоднай сцяны і выцер пот з ілба. Паблізу, скруціўшыся рогам, стаяў Нэвіл, хрыпеў і, захлынаючыся, хапаў ротам паветра.

- А... я вам... казала, - схапіўшы сябе за гузікі і цяжка дыхаючы, сказала Герміёна. - Я... вас... папярэджвала...

- Мы павінныя вярнуцца ў грыфіндорскую вежу, - сказаў Рон, - і як мага хутчэй.

- Гары, Малфой падмануў цябе, - прамовіла Герміёна. - Ты гэта разумееш? Ён нават не збіраўся прыходзіць... Філч ведаў, што ў трафейні нехта будзе. Гэта Малфой яго папярэдзіў.

Гары вырашыў, што Герміёна, напэўна, мае рацыю, але не збіраўся казаць ёй аб гэтым.

- Хадзем.

Але гэта было не так проста. Не паспелі яны прайсці і дзесяці крокаў, як дзверы аднаго з класаў расчыніліся, і нешта з грукатам вылецела ў калідор.

Гэта быў Піўз. Убачыўшы грыфіндорцаў, ён завішчаў ад захаплення.

- Заткніся, Піўз... калі ласка, сціхні... нас выкінуць са школы.

У адказ полтэргейст загагатаў.

- Валэндаецеся па начох, маненькія першагодачкі? Ай-яй-яй. Шалапутаў зловяць тута!

- Не зловяць, калі ты даш нам сыйсці, Піўз, калі ласка!

- Я павінны расказаць Філчу, павінны, - са святасцю ў голасе і д’яблікамі ў вачах прамовіў полтэргейст, - дзеля вашай жа карысці.

- Прэч з дарогі, - гыркнуў Рон, адштурхнуўшы Піўза... гэта было ягонай памылкай.

- НАВУЧЭНЦЫ ПА-ЗА ЛОЖКАМІ! - загаласіў Піўз. - НАВУЧЭНЦЫ Ў КАЛІДОРЫ ЗАМОВАЎ!

Абмінуўшы Піўза, яны пабеглі па калідоры да нейкіх дзвярэй... але яны былі зачыненыя.

- Ну вось! - прастагнаў Рон, калі яны беспаспяхова колькі разоў штурхнулі дзверы. - Мы трапіліся! Гэта канец!

На тым канцы калідора пачуліся крокі: Філч з усяе моцы бег на Піўзаў крык.

- Адсунься, - гыркнула Герміёна. Яна ўзяла палачку Гары, пагрукала ёй па замку і прамовіла: - Алагамора!

Замок пстрыкнуў, і дзверы адчыніліся... Гары, Рон, Герміёна і Нэвіл хутка заскочылі ўсярэдзіну, зачынілі дзверы і, прытуліўшыся да іх, уважліва прыслухаліся.

- Куды яны падзеліся, Піўз? - адчуўся голас Філча. - Скажы, куды яны пайшлі?

- Скажы “калі ласка”.

- Не дуры галавы, Піўз, зараз жа скажы, куды яны схаваліся?

- Я не скажу анічога, пакуль не скажаш “калі ласка”, - надакучліва распеўным голасам прамовіў Піўз.

- Добра, добра... Калі ласка.

- АНІЧОГА! Га гагага! Я ж папярэджваў, што не скажу “АНІЧОГА”! Га-га! Гаааааа! - Піўз са свістам адляцеў, пакінуўшы разлютаванага Філча кідаць праклёны сабе ўслед.

- Ён лічыць, што гэтыя дзверы зачыненыя, - прашаптаў Гары. - Я думаю, усё добра... можам выходзіць. Нэвіл! - апошнюю хвіліну той тузаў Гары за рукаў. - Што здарылася?

Гары развярнуўся... і на ўласныя вочы ўбачыў, ШТО. На нейкае імгненне яму здалося, што ён трапіў у кашмар... але гэта было ўжо занадта.

Яны былі не ў пакоі, як Гары палічыў адразу. Яны былі ў калідоры, у забароненым калідоры, і цяпер Гары зразумеў, чаму ён быў забаронены.

Яны апынуліся амаль тварам у твар з агромістым сабакам, які запоўніў сабой прастору ад падлогі да столі. Сабака меў тры галавы. Тры пары вачэй шалёна круціліся, тры насы рухаліся з боку ў бок, а з жаўтлявых іклаў ягоных трох пашчаў струменьчыкамі сцякала сліна.

Сабака нерухома стаяў, вытарапіўшы на дзяцей шэсць вачэй і, як палічыў Гары, адзіная прычына, па якой яны ўсё яшчэ былі жывымі, была ў тым, што яны засталі сабаку знянацку. Але той хутка прыходзіў у сабе і пачаў пагрозліва рыкаць.

Гары націснуў на дзвярную ручку... паміж Філчам і смерцю ён абраў Філча.

Яны выскачылі вонкі... Гары зачыніў за імі дзверы, і яны пабеглі, амаль паляцелі прэчкі. Філч, напэўна, шукаў іх недзе ў іншых месцах, таму аніразу ім не трапіўся... але не наглядчык іх непакоіў, цяпер іх больш турбавала, як апынуцца далей ад пачварнага сабакі. Дзеці спынілі свой бег, толькі калі апынуліся на восьмым паверсе ля партрэта Тлустай Пані.

- Адкуль гэта вы? - гледзячы на іхныя ўзапрэлыя твары і халаты, што ледзь трымаліся на плячах, спыталася Тлустая Пані.

- Неістотна... “свінячы лыч”, “свінячы лыч”, - ледзь дыхаючы, прамовіў Гары, і партрэт ад’ехаў, адчыніўшы праход у вежу. Яны ўвайшлі ў гасцёўню і цяжка паваліліся на фатэлі. Іх калаціла.

Мінула даволі шмат часу, перш чым хтосьці з іх змог загаварыць. А Нэвіл выглядаў так, быццам не зможа размаўляць ніколі.

Наши рекомендации