Пастановачнае асвятленне свята
Мастацкае асвятленне свята — адзiн з важнейшых кампанентаў у сiстэме выразных сродкаў, якi непасрэдна звязаны з выяўленчым адлюстраваннем iдэйна-тэматычнай задумы пастаноўкi.
У сучасных прадстаўленнях і святах на адкрытым паветры знаходзяць шырокае прымяненне розныя вiды святлотэхнiчнага абсталявання: пражэктары, праекцыйныя апараты статычнага i дынамiчнага, мона- i полiэкраннага дзеяння з выкарыстаннем слайдаў, вiдэа- i кiнастужкi, каляровамузычнага жывапiсу, лазернай тэхнiкі, а таксама розных пiратэхнiчных i светлавых эфектаў.
Сiстэма пастановачнага асвятлення любой сцэнiчнай пляцоўкi на свяце павiнна ўключаць унутрысцэнiчнае i вынасное абсталяванне.
Святлотэхнiчнае абсталяванне ўнутранай сцэнiчнай дзеi павiнна забяспечыць верхняе асвятленне (пражэктары, праекцыйныя прыборы, ультрафiялетавыя апрамяняльнiкi); бакавое асвятленне за кошт размяшчэння прыбораў на рознай вышынi ў партальных (бакавых) зонах злева i справа; нiжняе асвятленне (гарызантальная рампа), якое ўсталёўваецца на планшэце сцэны. У групу вынаснога святлотэхнiчнага абсталявання, размешчанага за межамi сцэны, у глядзельнай зале, уваходзяць прыборы верхняга i бакавога асвятлення, якiя трэба замацаваць на спецыяльных стойках рознай вышынi або на зманцiраваных асвятляльных устаноўках; прыборы франтальнага або лабавога асвятлення (апаратура размяшчаецца за межамi глядзельнай залы). Прыборы праекцый на прасвет рэкамендуецца манцiраваць за задняй часткай ар’ерсцэны.
Часам на святах для пастановачнага асвятлення сцэны ў якасцi агульнага франтальнага асвятлення выкарыстоўваюць пражэктары, якiя даюць агульнае рассеянае святло, а ўнутрысцэнiчнае асвятленне забяспечваюць вынаснымi падсветамi.
Светлавыя сродкi дазваляюць ствараць на дэкарацыях, планшэце сцэны i ў глядзельнай зале разнастайныя светлавыя ўзоры, эфекты падаючага снегу, дажджу, рух аблокаў, усход i захад сонца, панарамы зорнага неба з месяцам. На паравых i дымных аблоках дэманструюць рознакаляровую дынамiку руху лазерных праменяў, а на дэкарацыях — каляровамузычны жывапiс i кiна-, вiдэа-, слайдпраекцыi. Але мастацкае ўздзеянне святла становiцца выяўленчым i выразным толькi ў тым выпадку, калi яно з’яўляецца адлюстраваннем вобразнай сiстэмы дзеяння.
Яшчэ на стадыi эскiзна-праектных работ галоўны мастак свята далучае да распрацоўкi пастановачнага асвятлення сцэны мастака па святлу.
Асновай для поўнага каларыстычнага малюнка святла з’яўляецца жывапiсны эскiз. Аналiзуючы сцэнарый святочнай дзеi i жывапiсны эскiз, галоўны мастак i мастак па святлу загадзя плануюць асноўныя светлавыя пункты, вызначаюць колькасць i характар светлавых праекцый i эфектаў, вымяраюць адлегласць ад месцаў размяшчэння апаратуры да асвятляемых аб’ектаў, а таксама вызначаюць, якiя прыборы для пастановачнага асвятлення ёсць, а якiя трэба набыць або ўзяць у арэнду.
Часам усе тэхнiчныя i арганiзацыйныя пытаннi па асвятленні сцэны ўскладаюцца на спецыяльныя прыватныя арганiзацыi, якiя займаюцца рашэннем падобных задач. З iмi заключаецца працоўнае пагадненне i вядзецца далейшая работа толькi ў творчым кiрунку.
Але ў тым выпадку, калi сцэна асвятляецца ўласнымi сiламi, асвятляльнiкi займаюцца набыццём неабходнай апаратуры, вырабам эфектных прыбораў, асвятляльнай бутафорыi i iншымi падрыхтоўчымi работамi.
Рэпетыцыя па ўстаноўцы святла адбываецца толькi тады, калi зроблены мантаж дэкаратыўнага афармлення. У адваротным выпадку рабiць светлавую рэпетыцыю бессэнсоўна, таму што “светлавая партытура знаходзiцца ў прамой залежнасцi ад многiх дэталяў, якія ўздзейнiчаюць на велiчыню адлюстраванага святла, ступень паглынання светлавога патоку, танальную афарбоўку ўсяго афармлення”1.
Першая светлавая рэпетыцыя звычайна адбываецца без выканаўцаў, але мастак i асвятляльнiкi павiнны ведаць галоўныя мiзансцэнiчныя пункты дзеяння i загадзя адзначыць дзялянкi сцэны, якiя абыгрываюцца акцёрамi, у сваёй светлавой партытуры. Асвятленне сцэны — адна з найбольш складаных задач: мастаку па святлу, святлоаператару неабходна iмкнуцца дасягнуць не толькi добрай бачнасцi, але i павышэння выразнасцi знешняга аблічча, што не заўсёды патрабуе ўзмоцненага асвятлення. У многiх выпадках сцэнiчная выразнасць вобраза патрабуе прыцямнення фiгуры або твара выканаўцы.
Для асвятлення аднаго або групы акцёраў карыстаюцца мясцовым святлом. Неабходна мець на ўвазе, што, высвечваючы акцёра ўсiмi прыборамi адначасова, можна пазбавiць яго вобраз выразнасцi. Аднак нельга карыстацца i якiм-небудзь адным прыборам, напрыклад вынасным пражэктарам: могуць з’явiцца ценi i светлавая пляма на дэкарацыi.
Для раўнамернага асвятлення выканаўцаў часта карыстаюцца верхнiм вынасным святлом, што не зусiм правiльна, таму што верхняе святло зацямняе вочы, падкрэслiвае скулы, стварае правалы шчок. Калi прымянiць толькi рампу, то твар будзе выглядаць тоўстым i курносым. Пры адначасовым выкарыстанні сафiтаў i рампы ценi ад аднаго з прыбораў аслабляюцца дзеяннем iншых прыбораў.
Выбар прыёму асвятлення дэкарацый залежыць у першую чаргу ад якасцей i фактуры асвятляемых матэрыялаў: сукно нейтральнага, чорнага i цёмна-сiняга колераў можна прымяняць у сцэнiчных дзеях, дзе галоўная ўвага засяроджваецца на асвятленнi выключна артыста, дапамагаючы яму стварыць пэўны вобраз, адлюстраваць псiхалагiчную нюансiроўку ролi, падкрэслiць яго мiмiку, жэст. Светлае сукно дзякуючы светлафiльтру можна афарбаваць у розныя колеры, ствараючы агульную танальнасць карцiны. У гэтым выпадку асаблiва добра ўспрымаецца колер на сукне шэра-блакiтнага, крэмавага i бэзавага колераў. Белы або светла-блакiтны заднiк, некалькi прыцямнёны ўверсе, можа служыць экранам для светлавых пейзажных дэкарацый, выкананых метадам праекцыi.
Для асвятлення плоскiх жывапiсных дэкарацый, акрамя рассеянага белага святла, карыстаюцца каляровым асвятленнем, што не толькi ўзмацняе iнтэнсiўнасць колеру выяў блакiтнага неба, зелянiны лiсця, але i забяспечвае рад простых пастановачных эфектаў: свiтанак, золак, вечар, ноч. Пры асвятленнi рэльефных аплiкацыйных дэталяў прымяняюць камбiнаванае святло, выкарыстоўваюць бакавыя падсветы i пражэктары, таму што гледачы ўспрымаюць рэльеф толькi пры бакавым асвятленнi.
Бакавое асвятленне, якое дае выразны святлацень i выяўляе рэльеф, шырока прымяняецца i для асвятлення аб’ёмных дэталяў дэкарацый. У многiх выпадках для падкрэслiвання ўзаемасувязi прадметаў у прасторы выкарыстоўваюць падсвет з тыльнага боку. Контражурнае святло, якое падае на асобныя прадметы афармлення, прыдае iм вялiкую аб’ёмнасць. Тое ж святло, накiраванае на дзеючых асоб, стварае па контуры фiгуры дадатковае асвятленне i прыдае ўсёй фiгуры вялiкую дынамiчнасць i выразнасць1.
Паколькi ва ўмовах падрыхтоўкi свята можна разлiчваць на правядзенне толькi адной — дзвюх светлавых рэпетыцый, то рэжысёр i мастак павiнны прыйсцi на яе з дакладным разуменнем характару i задач асвятлення. Усiх асвятляльнiкаў неабходна загадзя расставiць па месцах, у iх распараджэннi павiнны быць неабходная апаратура, фiльтры. Рэжысёр-пастаноўшчык зацвярджае вынiкi манцiроўкi святла. Зной- дзенае святло дакладна фiксуецца на нумарах святочнай праграмы. У час генеральнай рэпетыцыi яно ўдакладняецца i запiсваецца ў канчатковым варыянце ў агульную светлавую партытуру.
Запiсы светлавой партытуры адлюстроўваюць наступныя асноўныя даныя: сцэнiчная дзея (нумар, эпiзод), рэплiка або сiгнал на ўключэнне, аб’ект асвятлення, назва прыбора або светлавой праграмы, колер, накiраванасць i змяненне асвятлення (гл. узор).
Узор
Светлавая партытура тэатралiзаванага канцэрта “Калядныя зоркi”