Патрабаванні да месца правядзення кірмашу
Выбар месца для размяшчэння і будаўніцтва аб’ектаў святочнага кірмашу (прадуктовых палатак, кіёскаў і іншых дробнарознічных гандлёвых пунктаў, а таксама баз для харчовых прадуктаў) узгадняецца з мясцовымі органамі санітарнага нагляду. Памеры тэрыторыі кірмашу ўстанаўліваюцца з улікам колькасці насельніцтва, якія будуць карыстацца таргамі. Кірмаш размяшчаюць з такім разлікам, каб да яго былі добрыя пад’язныя дарогі; яго плошчу фарміруюць з улікам сцёку вады. Кірмаш павінен размяшчацца на адлегласці не меней за 1,5 км ад месца збору смецця і не меней за 500 м ад прамысловых прадпрыемстваў і складоў, у якіх вытворчасць звязана з выдзяленнем пылу і пахаў, а таксама іншых аб’ектаў, якія могуць быць прычынай забруджвання тэрыторыі кірмашу.
Кірмашовую плошчу падзяляюць на дзве часткі — гандлёвую і абслуговую. У гандлёвай частцы ў адпаведнасці з відамі гандлю вылучаюць асобныя дзялянкі для:
а) гандлю харчовымі прадуктамі ў закрытых памяшканнях (магазіны, павільёны, ларкі і інш.);
б) гандлю харчовымі прадуктамі са сталоў, размешчаных радамі па роду прадуктаў (рыбныя, мучныя, малочныя, садавіна, гародніна і інш.);
в) гандлю харчовымі прадуктамі з вазоў і аўтамашын;
г) продажу хатніх жывёл;
д) прамысловых тавараў;
ж) вырабаў народных рамёстваў;
з) таргоў птушкай;
і) прадпрыемстваў культурна-бытавога абслугоўвання (медпункт, цырульня, майстэрня па рамонту абутку).
Санітарна-медыцынскія патрабаванні. Продаж харчовых прадуктаў на кірмашы дазваляецца толькі пасля праверкі іх у адпаведнасці з устаноўленымі правіламі ветэрынарна-санітарнай экспертызы.
На сучасных кірмашах пры продажы халодных і гарачых страў звычайна ўжываецца посуд разавага карыстання, выраблены з пластмасы. Кошт гэтага посуду, як правіла, уваходзіць у кошт страў, а часам аднаразавы посуд прадаецца і асобна. Але ў тых выпадках, калі на святочным гандлі ўжываюць металічны і фарфора-фаянсавы посуд, то на кірмашы неабходна ўсталяваць мыйныя перасоўныя памяшканні для мыцця лыжак, відэльцаў і іншага інвентару з устройствам мыйных металічных ваннаў. Гандлёвыя пункты прадуктаў харчавання павінны быць забяспечаны ў дастатковай колькасці мылам, ручнікамі і шчоткамі для мыцця рук. У тых выпадках, калі гандаль праводзіцца некалькі дзён, кірмаш павінен быць далучаны да водаправода і каналізацыі, што дае магчымасць абсталяваць цёплыя прамыўныя прыбіральні з умывальнікамі. Калі каналізацыя адсутнічае, то можа быць дазволена ўстройства перасоўных прыбіральняў. Месца размяшчэння ўмывальнікаў пры адсутнасці каналізацыі ўзгадняецца з мясцовымі органамі санітарнага нагляду. На кірмашах, далучаных да водаправода, робяць водаправодныя калонкі, а таксама пітныя фантанчыкі ў тых месцах, дзе мясцовымі органамі санітарнага нагляду дазваляецца выкарыстанне сырой вады для піцця. У адваротным выпадку арганізатары павінны павялічыць аб’ём гандлю фруктовымі напіткамі, сокамі, мінеральнай вадой, квасам і інш .
На кірмашах, дзе тавар падвозяць аўтамабільным транспартам, устанаўліваюць металічныя зборнікі з крышкамі для збору смецця ёмкасцю 50 л. Для дробнага смецця ўстанаўліваюць урны. Тэрыторыю кірмашу ачышчаюць да пачатку гандлю і пасля яго заканчэння. У цёплую пару года абавязкова паліваюць вадой. Бягучую ўборку праводзяць на працягу ўсяго рабочага дня. Вываз смецця ў час таргоў не дазваляецца.
З пачатку таргоў трэба правесці санітарнае абследаванне аб’ектаў дробнарознічнага гандлю. Санітарны ўрач або яго памочнік правярае выкананне агульных санітарных патрабаванняў, абавязковых для харчовых прадпрыемстваў, правілы асабістай гігіены, парадак захавання прадуктаў, іх якасць і інш.
У цёплую пару года на кірмашах забараняецца продаж харчовых прадуктаў, якія хутка псуюцца.
Гандлёва-гульнёвыя дзеі
Адметная асаблівасць традыцыйнага беларускага святочнага гандлю — разнастайныя гандлёва-гульнёвыя дзеі. Таму на аднаўленне і захаванне нацыянальнай культурна-гістарычнай спадчыны дырэкцыя кірмашу павінна звярнуць вялікую ўвагу. Так, у зоне продажу хатніх жывёл можна наладзіць сельскагаспадарчую латарэю з розыгрышам бычкоў, парсючкоў, авечак і інш.; у зоне продажу птушак — птушыны аўкцыён; у месцы, дзе прадаецца рыба, — гандлёвыя атракцыёны “Міёрскі павук”, “Палеская рыбалка”, “Рыбная латарэя”; у радах гародніны і садавіны — мінскую латарэю “Па спісу”, “Воранаўскі чыгун”, валожынскую забаву “Не ляпніся ў лужу”; у зоне цацак — “Дзіцячую рыбалку”, “Івацэвіцкую рулетку”; у зоне продажу кандытарскіх вырабаў — атракцыён “Пастаўскі пернік”, латарэю цукерак у форме гульні “Цот — лішка”; на кніжным гандлі — кніжную латарэю і да т.п. Арганізацыя гульнёвых формаў гандлю дае магчымасць уцягнуць у дзею значную колькасць людзей, садзейнічае іх актывізацыі, стварае жыццярадасны настрой у гледачоў.
Адной з галоўных задач пры ўвасабленні гульнёвых формаў гандлю з’яўляюцца захаванне ў структуры кірмашу традыцыйных беларускіх гандлёвых атракцыёнаў і стварэнне на гэтай аснове новых гандлёва-гульнёвых формаўтварэнняў.
Гандлёвыя атракцыёны як адна з найцікавейшых формаў гандлёва-гульнёвага дзеяння ўзніклі на кірмашах Беларусі ў канцы XIX ст. Галоўнай мэтай арганізацыі гандлёвых атракцыёнаў была рэалізацыя тавару сродкамі гульні. Шырокай папулярызацыі гэтых гульнёвых дзей садзейнічала менавіта тое, што яны былі не толькі формай набыцця тавару, але і ператварыліся ў своеасаблівую форму адпачынку, дзе людзі маглі паўдзельнічаць у імправізавана-гульнёвым дзеянні.
У сучаснай кірмашовай культуры гандлёвыя атракцыёны сталі адметнай рысай беларускіх кірмашоў, іх этнічна-спецыфічнай асаблівасцю. Пачынаючы з 80-х гг. XX ст. яны былі адроджаны ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Змест і задачы гандлёвых атракцыёнаў вельмі простыя і зразумелыя, удзел у іх не патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі, і таму яны і сёння карыстаюцца велізарным поспехам.
Арганізацыйныя аспекты і методыку правядзення гульнёвых атракцыёнаў лёгка зразумець і асвоіць з ніжэйпрапанаваных апісанняў іх зместу і канструкцыйных асаблівасцей.
Палеская рыбалка.Гэтую форму гадлёва-гульнёвага дзеяння ў старадаўнія часы ладзілі на кірмашах Пінска, Століна , Турава, Жыткавіч, Кажан-Гарадка.
У драўляны чан з вадой запускалі жывую рыбу. Удзель-нікі, заплаціўшы пэўную суму грошай (заўсёды невялікую), рыхтаваліся да рыбалкі. Адначасова ў атракцыёне маглі ўдзельнічаць да двух дзесяткаў чалавек. У час гульні ім дазвалялася або стаяць з краю чана, або залазіць ў чан, але лавіць рыбу яны павінны былі толькі голымі рукамі.
Па свістку арганізатара атракцыёна гульцы пачыналі лавіць рыбу. Тэрмін — 5 секунд, якія ўсе гледачы лічылі хорам. Каб злавіць рыбіну за гэты кароткі час, трэба праявіць кемлівасць, рашучасць , сілу і хуткасць. Усё, што зловіш, — тваё! Некаторыя гульцы стваралі своеасаблівыя саюзы: адзін з іх залазіў у чан і гнаў рыбу ў другі канец, а астатнія выцягвалі яе з вады і ўжо затым дзялілі паміж сабой.
Гэты атракцыён і раней, і цяпер збірае мноства людзей (гледачоў і ўдзельнікаў). Смех, рогат, разнастайныя рэплікі- парады, жарты заўсёды суправаджаюць дзеянне гэтага атракцыёна.
Чан для “Палескай рыбалкі” ўяўляе прамавугольную канструкцыю з дрэва даўжынёй 10 м, шырынёй 1,5 м і вышынёй 1,0 м. Спачатку гэтыя чаны рабілі на драўляных стыках і загадзя запаўнялі вадой, каб шчыліны разбухлі і не прапускалі ваду, а непасрэдна ў час свята ваду ў чане замянялі. Гэтая канструкцыя ў старыя часы на кірмашах стаяла два — чатыры тыдні, і выраблялі яе звычайна з драўляных дошак або цэлых слупоў. У наш час з мэтай захавання сухога дрэва, якое затым можна выкарыстаць на іншыя патрэбы, на дно драўлянай канструкцыі ўкладваюць поліэтыленавую плёнку, каб чан не прапускаў ваду.
Жырмунская рыбалка — кірмашовы гандлёвы атракцыён, які ладзілі ў вёсцы Жырмуны Воранаўскага раёна і які быў адноўлены ў 80-я гг. мінулага стагоддзя ў парку гарадскога пасёлка Воранава на раённым кірмашы свята народных рамёстваў. Арганізатары гэтай дзеі сродкамі гульні рэалізуюць рыбу, вырашчаную ў сваёй гаспадарцы. Дзякуючы арыгінальнай адметнасці гульнёвага зместу, гэты атракцыён напаўняе святочныя дзеянні Воранаўшчыны непаўторным каларытам. Атракцыён “Жырмунская рыбалка” мае прынцыповыя адрозненні ад “Палескай рыбалкі”.
На агароджанай плотам з вярбы пляцоўцы стаіць канструкцыя драўлянага чана, які запоўнены вадой і жывой рыбай. Гульцы, заплаціўшы грошы за ўдзел, заходзяць на пляцоўку і становяцца ў трох кроках ад чана. Арганізатары на твар кожнага ўдзельніка надзяваюць маску з бяросты. Па камандзе распарадчыка атракцыёна ўдзельнікі павінны тры разы павярнуцца вакол сябе, падысці да чана і пачаць лоўлю рыбы рукамі. Час дзеяння адной групы ўдзельнікаў, пачынаючы ад каманды распарадчыка да фіналу лоўлі, 15 секунд.
Чан для “Жырмунскай рыбалкі” — гэта прамавугольная канструкцыя з негабляваных дошак, якія знутры пакрыты толем або поліэтыленавай плёнкай. Памеры чана: даўжыня —10 м, шырыня — 1,5 м, вышыня — 0,8 м.
Перабродская рыбалка — старадаўні кірмашовы гандлёвы атракцыён у мястэчку Пераброддзе Дзісненскага павета (цяпер Міёрскі раён), які быў адроджаны ў 1983 г. на свяце 350-годдзя Міёраў.
Месца дзеяння атракцыёна мае наступнае дэкаратыўнае афармленне: частка возера на мелкаводным месцы каля берага агароджана рыбацкімі сеткамі. Частка берага агароджана плотам і мае ўваходную браму, перад якой прадаюцца білеты жадаючым паспытаць сваё шчасце. У атракцыёне адначасова могуць прымаць удзел да 30 чалавек (пераважна падлеткі, маладыя хлопцы, мужчыны).
Па камандзе арганізатара гульцы заходзяць у возера і, трымаючы дзвюма рукамі сачок-падхватнічак, на працягу адной мінуты імкнуцца падчапіць рыбу, якая ў вялікай колькасці плавае ў агароджы. Але злавіць рыбіну прапанаваным чынам — справа даволі нялёгкая з-за вельмі вузкай гарлавіны сачка-падхватнічка. Той, хто не злавіў ніводнай рыбіны, выбывае з гульні або за дадатковыя грошы працягвае спаборніцтва. Рыба, якая трапіла ў сачок, застаецца ў гульца.
Як паказала статыстычная справаздача аб правядзенні свята, прысвечанага 350-годдзю Міёраў, у гэтым атракцыёне прынялі ўдзел 608 чалавек, што сведчыць аб мэтазгоднасці яго арганізацыі.
Павук — гандлёвы атракцыён, які з’яўляўся адметнай асаблiвасцю гандлёва-гульнёвых кiрмашовых дзей асобных раёнаў Вiцебшчыны, i сёння прыцягвае да сябе шматлiкiх удзельнiкаў i гледачоў.
На канцы бервяна (даўжынёй 8—10 м), ачышчанага ад кары і пад нахiлам укапанага над вадой, замацоўваўся кошык з некалькiмi буйнымi рыбiнамi. Гулец, заплацiўшы вызначаную суму грошай за ўдзел у атракцыёне, павiнен быў прайсцi па бервяне, змазаным воскам, дастаць кошык з рыбай i вярнуцца назад. I калi ўдзельнiк не звальваўся ў ваду, рыбу пакiдалi яму ў якасцi прыза. Больш складаны варыянт гэтага атракцыёна iснаваў у Мiёры і мястэчку Пераброддзе Дзiсненскага павета.
У запоўненую вадой яму памерам 12х16м i глыбiнёй 1,5—2 м укапвалi змазанае вашчынай дзевяцiметровае бервяно. Да яго канца, якое ўзнiмалася над вадой, вяроўкай замацоўвалi рыбацкую прынаду пад назвай “павук”. Гэты “павук” ляжаў на дне штучнага вадаёма, якi кiшэў рыбай. Патрабавалася прайсцi па бервяне, узяць з “павука” рыбы i вярнуцца назад. Перамагчы ў гэтым атракцыёне ўдавалася далёка не ўсiм.
Атракцыён уяўляў гульнёвае дзеянне, якое давала магчымасць удзельнікам праявiць спрыт, кемлiвасць, у незвычайнай форме рэалiзаваць тавар i зацікавіць, далучыць пакупнiка да свайго гандлёвага рада.