Партызанскі рух і падполле ў БССР
Партызанскі рух не з'яўляецца толькі нацыянальнай беларускай з'явай. Аднак дзейнасць партызанскіх атрадаў і злучэнняў на Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны набыла асабліва значныя памеры. Супраць акупантаў змагаліся не асобныя атрады дыверсантаў, на барацьбу падняўся ледзь не ўвесь народ. У радах антыфашысцкага руху на тэрыторыі рэспублікі налічвалася каля 444 тыс. партызан і падпольшчыкаў. 374 тыс. чалавек з'яўляліся байцамі 1 255 партызанскіх атрадаў, большасць з якіх былі аб'яднаны ў 213 брыгад. Колькасць беларусаў у партызанскіх атрадах складала 71,1%, рускіх - 19,3%, украінцаў - 3,9% і 5,7% былі прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей.
26 чэрвеня 1941 г. першы сакратар Акцябрскага РК КП(б)Б Гомельскай вобласці Ц. Бумажкоў і ўпаўнаважаны Наркамата нарыхтовак па Акцябрскаму раёну Ф. Паўлоўскі стварылі партызанскі атрад "Чырвоны Кастрычнік". Партызаны правялі шэраг удалых аперацый, у час якіх знішчылі 30 нямецкіх танкаў, узарвалі некалькі мастоў, разграмілі штаб нямецкай дывізіі ў в. Воземля, захапілі і перадалі савецкаму камандаванню карысныя дакументы. Камандзіру атрада Ц. Бумажкову і камісару Ф. Паўлоўскаму першым з беларускіх партызан 6 жніўня 1941 г. было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Летам 1941 г. на тэрыторыі Гомельскай вобласці было арганізавана 65 партызанскіх атрадаў. Колькасць партызан перавышала 1770 чалавек. Аднак у снежні 1941 г. засталося 10 фарміраванняў і прыкладна 150 чалавек.
Трэба ўлічваць і той факт, што з першых дзён нямецкія акупанты распачалі мэтанакіраваную палітыку тэрору, чым наводзілі жах на насельніцтва. Ужо 16 ліпеня 1941 г. А. Гітлер зрабіў заяву на нарадзе ў сваёй стаўцы: "Рускія аддалі загад аб партызанскай вайне ў нашым тыле. Гэта партызанская вайна мае і свае перавагі. Яна дазваляе нам знішчаць усё тое, што паўстае супраць нас". У ліпені-жніўні 1941 г. адбылася першая буйнамаштабная карная экспедыцыя пад кодавай назвай "Прыпяцкія балоты". Карнікі прайшліся з захаду на ўсход па Брэсцкай, Мінскай, Пінскай і Палескай абласцях, знішчылі 14 тыс. галоўным чынам мірных жыхароў.
Акупанты пачалі лічыць партызан за рэальную сілу. Калі ў першыя месяцы акупацыі немцы прапаноўвалі за злоўленага партызана літр шнапсу і пару пачак махоркі, або 100 рублёў грашыма, то па меры актывізацыі партызанскіх дзеянняў зімой 1941- 1942 гг. гэтая цана вырасла да 5 000 рублёў.
У верасні 1942 г., быў створаны цэнтр кіравання партызанскім рухам на тэрыторыі рэспублікі - Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР). Яго ўзначаліў другі сакратар ЦК КП(б)Б П. Калінін. Савецкая авіяцыя дастаўляла партызанам аўтаматы, вінтоўкі, кулямёты, мінамёты, выбуховыя рэчывы і інш. Для ўмацавання партызанскага руху з савецкага тылу ў Беларусь было накіравана звыш 11 тыс. ваенных спецыялістаў і арганізатараў партызанскай вайны.
Папаўненне партызанскіх фарміраванняў узмацнілася ў сувязі з мабілізацыяй беларускай моладзі на работы ў Германію. Дзесяткі тысяч маладых людзей, каб пазбегнуць гвалтоўнага ўгону ў Германію, ішлі ў партызаны. У лістападзе 1943 г., згодна з дадзенымі БШПР, колькасць партызан складала ўжо 122 тыс. чалавек.
Узмацненне партызанскага руху на Беларусі, якое адбылося ў 1943 г., дазволіла народным мсціўцам рэспублікі перайсці да правядзення шырокамаштабных баявых аперацый супраць нямецкіх акупантаў, такіх як, напрыклад, "Рэйкавая вайна". Аперацыя праводзілася партызанамі Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі, Ленінградскай, Калінінскай, Смаленскай і Арлоўскай абласцей. Галоўнай яе задачай было разбурэнне чыгуначных камунікацый у тыле праціўніка напярэдадні наступальных аперацый Чырвонай Арміі. Распрацаваў аперацыю "Рэйкавая вайна" Цэнтральны штаб партызанскага руху. На Беларусі "Рэйкавая вайна" праводзілася ў тры этапы. Першы этап пачаўся ў ноч на 3 жніўня 1943 г. і працягваўся да сярэдзіны верасня 1943 г. Асноўная мэта аперацыі - садзейнічаць контрнаступленню Чырвонай Арміі пад Курскам. У вызначаны час 74 тыс. партызан Беларусі нанеслі мноства моцных удараў па чыгуначных камунікацыях праціўніка. За час першага этапа партызаны Беларусі пусцілі пад адхон 833 варожыя эшалоны і 3 бронепаязды, узарвалі 184 чыгуначныя масты і 556 мастоў на аўтамабільных дарогах, знішчылі тэлефонна-тэлеграфныя лініі працягласцю 400 кіламетраў. Правялі шэраг паспяховых аперацый па разгрому варожых гарнізонаў.
Другі этап "рэйкавай вайны" пад умоўнай назвай "Канцэрт" праводзіўся з 19 верасня да пачатку лістапада 1943 г. За гэты перыяд часу партызаны падарвалі 90 тыс. чыгуначных рэек, 1 041 эшалон, 72 чыгуначныя масты. У выніку праціўнік, нягледзячы на складанае становішча на савецка-германскім фронце, быў вымушаны падвоіць колькасць войскаў на Беларусі для аховы стратэгічных камунікацый свайго тылу.
Трэці этап "рэйкавай вайны" быў распачаты ў ноч на 20 чэрвеня 1944 г., незадоўга да правядзення савецкімі войскамі аперацыі "Баграціён". На гэтым этапе партызаны Беларусі непасрэдна ўзаемадзейнічалі з наступаючымі войскамі Чырвонай Арміі. У ходзе аперацыі яны падарвалі 61 тыс. рэек, знішчылі 8 чыгуначных мастоў. Былі поўнасцю выведзены са строю асноўныя чыгуначныя лініі, часткова паралізаваны варожыя перавозкі амаль па ўсіх дарогах Беларусі.
Аперацыя "Рэйкавая вайна" дапамагла разграміць фашысцкія войскі на розных участках фронту ў 1943- 1944 гг.
Значную работу па ператварэнню партызанскага руху ў масавую народную вайну супраць іншаземнага нашэсця выканалі падпольныя органы Камуністычнай партыі рэспублікі. У тыле ворага ў гады вайны выдавалася каля 170 падпольных газет, тыраж якіх налічваў мільёны экзэмпляраў. За гады вайны было выдадзена і распаўсюджана 28,5 млн. лістовак. Падпольны савецкі друк заклікаў да ўзброенай барацьбы супраць акупантаў. Ён выклікаў у насельніцтва рэспублікі не толькі інфармацыйную цікавасць, але і знаходзіў належны практычны водгук.
На тэрыторыі Заходняй Беларусі партызанскі рух быў менш інтэнсіўным, чым ва ўсходніх рэгіёнах рэспублікі. Фарміраванне антыфашысцкага руху там ішло марудна. Яно пачалося са стварэння падпольных арганізацый, якія займаліся падборам кадраў, і падрыхтоўкі матэрыяльна-тэхнічнай базы для далейшага разгортвання партызанскай барацьбы. Ядро антыфашысцкага падполля складалі ўдзельнікі нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі, з ліку членаў КПЗБ, КСМЗБ і савецкія вайскоўцы-акружэнцы.
Істотныя складанасці і цяжкасці савецкаму партызанскаму руху стварала на абшарах Заходняй Беларусі польскае падполле і дзейнасць Арміі Краёвай (АК). Польскія падпольныя арганізацыі пачалі стварацца прадстаўнікамі эміграцыйнага ўрада Польшчы, у тым ліку і на тэрыторыі Заходняй Беларусі, ужо восенню 1939 г. Галоўнай мэтай АК, утворанай у лютым 1942 г., было адраджэнне незалежнай польскай дзяржавы ў межах 1939 г. Таму значныя сілы АК праводзілі свае ўзброеныя акцыі на Беларусі як супраць нямецкіх акупантаў і мясцовых беларускіх калабарацыяністаў, так і супраць савецкіх партызан і падпольшчыкаў, асабліва пасля разрыву ў красавіку 1943 г. адносін паміж СССР і польскім эмігранцкім урадам у Лондане.
Напярэдадні ажыццяўлення Чырвонай Арміяй аперацыі "Баграціён" у чэрвені 1944 г. узброеныя фарміраванні Арміі Краёвай на тэрыторыі Заходняй Беларусі налічвалі каля 20 тыс. салдат і афіцэраў.
Партызаны і падпольшчыкі Беларусі сваёй дзейнасцю ў гады Другой сусветнай вайны нанеслі нямецкім акупантам значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы, дэмаралізавалі дзейнасць варожага тылу, чым істотна паспрыялі поспеху Чырвонай Арміі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. За гераізм і адвагу каля 140 тыс. партызан і падпольшчыкаў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 88 з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.