Вопрос № 25. Палітыка царызму на Беларусі ў канцы XVIII - першай палове XIX ст
Пасля ўключэння ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай беларускіх зямель у склад Расійскай імперыі царскі ўрад праводзіў тут цэнтралісцкую аб'яднальную палітыку, яе канчатковай мэтай было зліццё новых тэрыторый з рускімі рэгіёнамі. З канца XVIII і да пачатку XX ст. у залежнасці ад абставін мяняліся толькі тактыка, тэмпы і метады ажыццяўлення гэтай палітыкі. Адбывалася пераарыентацыя палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця Беларусі на Усход.
На тэрыторыю Беларусі была распаўсюджана ўлада агульнарасійскіх адміністрацыйных органаў і ўстаноў. У краі пачалі дзейнічаць намесніцкія, а пасля губернскія ўпраўленні, царскія суды і інш. У пачатку XIX ст. беларускія землі з больш чым трохмільённым насельніцтвам увайшлі ў склад Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губерняў. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 г. паміж Францыяй і Расіяй да апошняй адышла Беласточчына, уключаная ў 1843 г. у Гродзенскую губерню. З палітычных меркаванняў Беларусь была падзелена на два генерал-губернатарствы: Літоўскае (Віленская, Гродзенская і Мінская губерні) і Беларускае (Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні). Царскі ўрад, які быў вымушаны лічыцца з істотнымі адметнасцямі дзяржаўна-прававога становішча далучаных зямель, у якасці іх асноўнага заканадаўчага кодэкса спачатку пакідаў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Мясцовыя жыхары мелі магчымасць займаць другарадныя пасады ў губернска-павятовай адміністрацыі.
У сваёй саслоўнай палітыцы ўрад імкнуўся перш за ўсё задобрыць шляхту. Для гэтага ёй даваліся правы расійскага дваранства. За шляхтай захоўваліся, пры ўмове прынясення прысягі на вернасць Расіі, маёнткі з сялянамі. Разам з тым, у апошняй трэці XVIII ст. на тэрыторыях, якія адышлі да Расійскай імперыі паводле трох падзелаў Рэчы Паспалітай, царскі ўрад актыўна праводзіў палітыку насаджэння землеўладання рускага дваранства і стварэння тым самым апоры ў захопленым краі. Прыватнай маёмасцю расійскіх землеўласнікаў станавіліся сяляне і землі былых каралеўскіх эканомій і старостваў, канфіскаваных маёнткаў свецкіх і царкоўных феадалаў, якія засталіся за мяжой ці выступілі супраць новай улады. Усяго на тэрыторыі Беларусі Кацярына II і Павел I падаравалі ў прыватнае спадчыннае ўладанне больш за 200 тыс. рэвізскіх (мужчынскіх) душ. Па колькасці падараваных сялян можна вызначаць уплыў пры двары і блізкасць да прастола тых ці іншых асоб. Да 15 тысяч сялян (душ мужчынскага полу) атрымаў фаварыт імператрыцы Р. Пацёмкін, амаль 17 тысяч - генерал-фельдмаршал П. Румянцаў-Задунайскі, да 7 тысяч - генерал-фельдмаршал А. Сувораў (Кобрынская воласць). Пашырэнне і ўмацаванне памеснага прыгоннага права здавалася расійскаму ўраду лепшым гарантам супраць паўтарэння "пугачоўшчыны" і распаўсюджвання "якабінства". Прыгонніцтва на Беларусі ўзмацнялася і пашыралася з прычыны запісу за землеўласнікамі часткі былых прывілеяваных і адносна свабодных катэгорый сельскага насельніцтва (зямянаў, выбранцаў, панцырных баяр, "вольных" людзей і інш.).
Беларускія сяляне, як і іншыя падатковыя саслоўі, цікавілі ўлады Расійскай імперыі перш за ўсё як аб'екты феадальнай эксплуатацыі і папаўнення даходаў казны. З-за слабай плацежаздольнасці і неабходнасці паступовага прызвычайвання да расійскай падатковай сістэмы ім некаторы час аказвалі льготы ва ўплаце падушных грошай, пасля чаго насельніцтва беларускіх губерняў было падведзена пад агульны тып падатковага абкладання ва ўсёй імперыі. Уводзілася невядомая дасюль рэкруцкая павіннасць.
На Беларусі скасоўвалася магдэбургскае права, а на гарады, якія яго мелі, і мястэчкі, прызнаныя цэнтрамі паветаў, пашыраліся прынцыпы расійскага гарадскога самакіравання паводле даравальнай граматы гарадам 1785 г. Жыхары шэрагу мястэчак, якія такіх правоў не атрымалі, прыраўноўваліся да сялян і нават раздаваліся прыватным уладальнікам. Гэта выклікала іх упартую, праўда, без жаданых вынікаў, барацьбу за вяртанне мяшчанскага статусу. Для яўрэйскага насельніцтва, якое пражывала ў гарадах, указам 1794 г. вызначалася мяжа яўрэйскай аседласці, якая ўключала беларускія, літоўскія і частку ўкраінскіх губерняў.
Каб супакоіць мясцовую знаць, у цэлым захоўвалася канфесійная сітуацыя, якая склалася раней. Нават забаронены Папам Рымскім ордэн езуітаў знайшоў да 1820 г. прытулак на далучаных да Расіі землях усходняй Беларусі. Афіцыйна каталіцкаму і уніяцкаму духавенству не дазвалялася схіляць у сваю веру праваслаўных.
Наступным крокам царскага ўрада стаў распрацаваны пасля паўстання 1830-1831 гг. канкрэтны план поўнага зліцця забраных ад Рэчы Паспалітай зямель з усёй тэрыторыяй Расіі пад сцягам праваслаўя і адзінай рускай народнасці. Важнейшым мерапрыемствам у гэтым кірунку было ўвядзенне ўказам ад 1 студзеня 1831 г. расійскага заканадаўства і адмена 25 чэрвеня 1840 г. дзеяння Статута Вялікага княства Літоўскага ў беларускіх губернях.
Цэлы комплекс мерапрыемстваў ажыццяўляўся для папярэджвання магчымых шляхецкіх выступленняў, сярод якіх галоўнае месца займаў так званы "разбор" шляхты. Гэта працэдура ўяўляла сабой праверку дакументаў аб дваранскім паходжанні і перавод на гэтай аснове часткі шляхты ў падатковае саслоўе: аднадворцаў - у сельскай мясцовасці і грамадзян - у гарадах. Дваранскага звання пазбаўляліся звычайна дробныя, беспамесныя шляхцічы.
Адным з найважнейшых напрамкаў урадавай палітыкі стала барацьба супраць уплыву каталіцкай царквы, што змыкалася са шляхецкай апазіцыяй. Урад ішоў па лініі змяншэння колькасці каталіцкага духавенства і падрыву яго эканамічнай базы. Ліквідацыі падлягалі некамплектныя каталіцкія манастыры, у дзяржаўную маёмасць перадаваліся маёнткі духавенства. Да сярэдзіны 40-х гг. секулярызацыя царкоўных уладанняў была ў асноўным завершана, у выніку чаго дзяржаўнае сялянства беларускіх губерняў папоўніла каля 100 тыс. рэвізскіх (мужчынскіх) душ.
Ва ўмовах небяспекі антыўрадавых змоў і выступленняў важнейшым фактарам палітычнай стабільнасці ў рэгіёне лічылася праваслаўнае яднанне афіцыйных улад і народа з мэтай ізаляцыі паўстанцаў-каталікоў. Гэта прадвызначыла лёс уніяцкай царквы, да якой напрыканцы XVIII ст. належала больш 2/3 насельніцтва і ў якой яшчэ захоўваліся ранейшыя беларускія праваслаўныя традыцыі, што не дазволіла ёй зліцца з царквой рымска-каталіцкай. У 30-я гг. XIX ст. улады схіляюць на свой бок вышэйшае уніяцкае духавенства на чале з літоўскім епіскапам Іосіфам Сямашкам. 12 лютага 1839 г. на саборы ў Полацку прымаецца рашэнне аб далучэнні уніяцкай царквы да рускай праваслаўнай. Аб метадах "уз'яднання" уніятаў сведчаць успаміны віцябчаніна Максіміліяна Маркса, у будучым актыўнага ўдзельніка расійскага рэвалюцыйнага руху. У адной з вёсак пад Віцебскам ён назіраў, як тых сялян, што згаджаліся "пераварочвацца", заахвочвалі гарэлкай, а для тых, хто адмаўляўся, былі падрыхтаваны бізуны. Ліквідацыя уніяцкай канфесіі суправаджалася знішчэннем яе шматлікіх культурных каштоўнасцяў, спальваннем богаслужэбнай літаратуры. З гэтага часу на нашай зямлі запанавала рускае праваслаўе, але многія з былых уніятаў працягвалі тайна трымацца сваіх ранейшых традыцый.
Дзеля русіфікацыі заахвочваўся пераезд на Беларусь рускіх чыноўнікаў і абмяжоўваўся доступ да заняцця дзяржаўных пасад мясцовых ураджэнцаў. Рабіліся спробы перасялення рускіх праваслаўных сялян і інш.
Уніфікатарская дзейнасць царскіх улад хоць і мела вынікі, але не магла хутка ліквідаваць асаблівасці беларускіх зямель і выкараніць тут апазіцыйныя настроі.