Граматыка і фанетыка паэзіі

Верш Якуба Коласа «Першы гром»

Голасам моцы, ціха і важна

Гром пракаціўся ўгары.

Луг адазваўся грому працяжна

Лес адгукнуўся стары.

Мэты:

· Дапамагчы вучням асэнсаваць вобразны змест верша Якуба Коласа “Першы гром”;

· фарміраваць уменне вызначаць танальнасць верша, яго агульны настрой; вучыць дзяцей разуменню гукавога ладу мовы (гукапісу);

· вучыць дзяцей бачыць і эмацыянальна адчуваць створаныя аўтарам малюнкі прыроды; выхоўваць цікавасць да паэзіі.

Парадак працы

1. Падрыхтоўка да асэнсаванага ўспрымання мастацкага твора Настаўнік правярае вуснае дамашняе сачыненне «Якой я бачыў навальніцу». Адказы дзяцей удакладняюцца пытаннямі: «Адкуль вы назіралі за навальніцай?», «Які быў дождж?», «З чым можна параўнаць раскаты грому?». – Нашы продкі, верылі: гром і маланка бываюць таму, што прарок Ілья едзе па небе на калясніцы і пасылае на зямлю вогненыя стрэлы... А ці назіралі вы за небам? Якое яно? (Неба робіцца цёмным. Яго нібы разразаюць маланкі.) Неабходна прадугледзецб, каб у сваіх адказах дзеці ўжывалі гаваркія беларускія словы: «грамы», «грымоты», «маланка», «бліскавіца», «залева» і інш. – Паслухайце, якім пачуў першы гром Якуб Колас. 2. Чытанне верша настаўнікам на памяць Настаўнік выразна, падкрэсліваючы голасам алітэрацыю, чытае верш на памяць. Паміж першым і другім радкамі паўза амаль не адчуваецца. Лагічны націск падае на словы «ціха і важна», «пракаціўся», «адазваўся», «адгукнуўся», «страсянуўся», «дрогнула», «воля», «радасць». 3. Аналіз першаснага ўспрымання твора; падрыхтоўка да выразнага чытання – Чым адметны гэты верш? Што ў ім незвычайнага? (Калі слухаеш верш Якуба Коласа, здаецца, чуеші, як грыміць гром.) – Якія гукі паўтараліся найчасцей? (Гукі ггг, ррр.) – Назавіце словы, у якіх гэтыя гукі сустракаюцца. (Гром, пракаціўся, угары, працяжна, стары.) – З якой мэтай паэт ужывае менавіта гэтыя словы? (Каб мы не толькі ўявілі гром, але і пачулі яго.) Прачытайце верш яшчэ раз і падрыхтуйцеся да чытання ўслых... 4. Самастойнае чытанне верша вучнямі, падрыхтоўка да асэнсаванага чытання ўслых З. М. Кожнае назіранне ў вершы народнага паэта надзвычай дакладнае. Яно сціснута ў ёмкі вершаваны радок, які можна разгарнуць у жывапісную карціну. Пры аналізе важна найперш засяродзіць увагу вучняў на вобразнай значымасці дзеясловаў-выказнікаў, а таксама удакладняючых акалічнасцей. Дзеясловы не толькі дакладна перадаюць рух, дынамізм дзеяння, але найперш забяспечваюць гукавую выразнасць вобраза.

5. Аналіз верша, адпрацоўка выразнасці чытання – Звярніце ўвагу: у першым радку гром ціхі, але адначасова моцны і важны. Ён нібыта прыхоўвае, прыберагае сваю маладую сілу. Дзе яшчэ пра гэта гаворыцца? («У грукаце гэтым многа ёсць сілы. // Чуецца моц і прастор...».)

– А як вы разумееце слова «пракаціўся»? (Прагрукатаў працяжна і заціх.) – Калі я сам чую першы гром, заўсёды ўспамінаецца, як грукочуць калёсы па драўляным насціле старога маста. Паназірайце за гэтым, калі будзе магчымасць... А цяпер давайце прасочым, як прастора, наваколле ўспрымаюць першы гром. (Адкрываюцца запісаныя ў слупок на дошцы словы. луг – адазваўся

Вучні дагаворваюць, карыстаючыся тэкстам, дзеясловы-выказнікі.)

лес – адгукнуўся

гай – страсянуўся

поле – дрогнула

– Чаму лес толькі адгукнуўся, а гай (бярэзнік) ажно страсянуўся ад грому. ( Дрэвы ў лесе старыя, моцныя. Магчыма, лес далей, чым поле, луг і гай.) – Як вы разумееце выраз: «Долы той гук паняслі»? (Па зямлі разносіцца рэха. Яна гудзе, і раскаты грому далёка чуваць.)

– Цяпер прасачыце, у якім парадку размешчаны дзеясловы. (Дзеянне спачатку нарастае, дасягае найвышэйшай сілы («гай страсянуўся, дрогнула поле»), а пасля зноўку ідзе на спад («долы той гук паняслі»). – Прачытайце, што чуецца паэту ў раскаце грому. (Вучні знаходзяць і чытаюць радкі:

У гэтым раскаце чуецца воля,

Чуецца радасць зямлі.

У грукаце гэтым многа ёсць сілы,

Чуецца моц і прастор...)

– Мне здаецца, што паэт схіляе галаву перад веліччу прыроды, ён адчувае ўсёю душою радасць зямлі, якая доўга жыла ў прадчуванні цёплых майскіх ліўняў, пасля якіх зацвітуць краскі, зазелянеюць сенажаці, зарунеюць палі. Першы гром абудзіў зямлю ад зімовага сну. Як селянін і паэт, Якуб Колас тонка адчувае родную прыроду. Першы гром надае моц яго думкам, напаўняе духоўнай і фізічнаю сілаю... Падрыхтуйцеся прачытаць два апошнія радкі верша. Якія пачуцці трэба перадаць пры чытанні? (Захапленне, замілаванне, удзячнасць.) – Падрыхтуйцеся да выразнага чытання ўслых двух заключных радкоў. Падумайце, з якой інтанацыяй іх трэба прачытаць. (Вучні практыкуюцца ў выразным чытанні двух апошніх радкоў:

Першыя громы! Сэрцу вы мілы,

Люб мне ваш смех паміж гор...)

– Сваё захапленне прыродай Якуб Колас не стрымлівае. Гэта не магчыма. Яна для паэта – выток усяго цудоўнага. Не раз і не два, калі пясняр звяртаецца да прыроды роднага краю, ён ужывае слова «мілы». Успомніце яшчэ вершы, дзе ёсць гэтае слова. (Настаўнік дапамагае дзецям успомніць вядомыя Коласавы радкі:

Вобразы мілыя роднага краю...

Мой родны кут! Як ты мне мілы...)

– Пра які «смех паміж гор» ідзе размова ў заключным радку? (Калі мясцовасць узгорыстая, рэха грому адбіваецца ад узгоркаў па некалькі разоў, пераклікаецца адно з другім. Здаецца, што яно дражніцца, гуляе, смяецца.)

– У кожнага паэта гром розны. А які ж гром у Якуба Коласа? Якія з прыведзеных азначэнняў найбольш дакладныя і чаму? (Настаўнік адкрывае запісаныя на дошцы словы: адзінокі, вясёлы, лагодны, нясмелы, магутны, несціханы, радасны, працяглы, раскацісты, аглушальны, гнеўны, рэзкі, далёкі, строгі. Вучні выбіраюць патрэбныя словы, аргументуючы свой выбар.)

– А ці страшны першы гром у Коласа? (Не, зусім не страшны. Ён не наробіць шкоды. Першы гром толькі спрабуе сваю сілу.) – У адным са сваіх вершаў паэт пісаў: «І першы гром – як музыка...». Ці можна параўнаць з музыкай гром у гэтым Коласавым творы? (Вучні выказваюць свае меркаванні.) – Падрыхтуйцеся цяпер да самастойнага чытання ўсяго верша. 6. Практыкаванні ў выразным чытанні ўслых усяго твора 7. Раскрыццё аўтарскай задумы, “пошук аўтара” – З якой мэтай Якуб Колас напісаў верш “Першы гром”? (Выслухоўваюцца адказы вучняў.) 8. Заключнае слова настаўніка – Чытаючы вершы Якуба Коласа пра прыроду, мы вучымся слухаць, назіраць і думаць. Сёння паэт дапамог нам пачуць першы веснавы гром, а таксама зразумець, якую вагу мае кожнае слова ў паэтычным творы. 9. Дамашняе заданне Вывучыць верш на памяць. Падрыхтавацца да конкурсу чытальнікаў.

Наши рекомендации