Запазычаная лексіка ў беларускай мове

Запазычаная лексіка – пэўны пласт слоўнікавага складу беларускай мовы, які фарміраваўся на працягу ўсяго гістарычнага перыяду яе развіцця рознымі шляхамі пры ўзаемадзеянні з іншымі мовамі. Прычыны запазычання слоў – сацыяльна-эканамічныя, дзяржаўна-палітыч-ныя зносіны паміж народамі. Папаўненне лексікі іншамоўнымі словамі адбываецца непасрэдна з моў-крыніц і праз пасрэдніцтва іншых моў двума шляхамі: вусным (у выніку непасрэдных моўных зносін) і пісьмовым (праз кнігі, газеты, афіцыйныя дакументы, пераклады, прыватную перапіску). Адрозніваюць запазычанні з неславянскіх і са славянскіх моў.

Пранікненне запазычаных слоў у беларускую мову пачалося яшчэ ў часы ўсходнеславянскага адзінства. Да даўніх запазычанняў адносяцца ў асноўным словы з неславянскіх моў – з грэчаскай: аладкі, агурок, камедыя, парус, карабель, акіян, маналог, манархія, тэатр, філасофія; літоўскай: клуня, пуня, свіран, жвір, кубел, пуня, рэзгіны, дойлід; цюркскіх моў (пераважна з татарскай): ізюм, баклажан, барабан, кінжал, каравул, алмаз, аршын, атаман, курган, туман, чабан, італьянскай: канцэрт, лютня, піяніна; французскай: марш, тарыф, аташэ, вуаль, вадэвіль, кіно, таксі, тратуар; нямецкай: грунт, фунт, ліхтар, гандаль, кухня, куфель, рахунак, шпіталь, шпік, дрот, друк.

У наш час запазычаная лексіка з неславянскіх моў трапляе ў беларускі слоўнік пераважна праз рускую і польскую, радзей праз чэшскую мову, з грэчаскай праз рускую ці польскую: амністыя, аўтаномія, гегемон, бактэрыя; з лацінскай праз рускую, польскую ці чэшскую: дэкан, капялюш, дэлегат, кангрэс, школа, каляндар; з нямецкай праз польскую ці рускую: ганак, рахунак, слесар, касір, бухгалтар, кошт; з французскай праз польскую і рускую: аванцюра, асамблея, аташэ, дэпо, акампанемент, дырыжор; з англійскай праз рускую: інтэрв’ю, імпарт, лідар, джэм, кекс, пудзінг.

Асноўныя прыметы запазычаных слоў з неславянскіх моў наступныя: грэцызмаў – пачатковыя гукі [а], [э]: акіян, аўтамат, этап, эпоха; зычны [ф] у пачатку слова: філалогія, фантазія; спалучэнні зычных [кс], [ск], [пс], [мп], [мв] у сярэдзіне слова: аксіёма, дыск, эліпс, сімптом, сімвал; прыстаўкі а-, ан- (ана-), анты-, эў-: агамія, ангідрыд, антысептык, эўфемізм; суфіксы -ад(а), -ід(а), -ік(а), -іск-, -ос(-ас): лампада, піраміда, графіка, абеліск, хаос, тэрмас,; лацінізмаў – суфіксы -ум, -ус, -тар, -ент (-энт), -ур(а), -цы(я), -ат: акварыум, конус, аратар, агітатар, дыктатура, градацыя, апарат, гідрат; германізмаў – спалучэнні зычных [шт], [шп] у пачатку слова: штык, штатыў, шпіль; спалучэнне [хт] у сярэдзіне слова: вахта, шахта; канцавая частка – майстар: капельмайстар, хормайстар; запазычанняў з французскай мовы – канцавыя спалучэнні -анс, -ёр, -аж (-яж): сеанс, аванс, суфлёр, багаж, пляж; спалучэнні бю, вю, пю, фю, уа, уэ, лье, нье, цье, сье: бюлетэнь, гравюра, капюшон, фюзеляж, атэлье, віньетка, ранцье, канферансье; канцавыя націскныя [о], [э], [у], [е]: трумо, кашнэ, рагу, філе; запазычанняў з англійскай мовы – канцавыя спалучэнні -ер (-эр), -інг (-ынг): фермер, блюмінг; пачатковае спалучэнне дж: джоуль, джаз.

Значную частку іншамоўных слоў у беларускай мве складаюць запазычанні са славянскіх моў, у асноўным з польскай, рускай і ўкраінскай.

Пранікненне слоў з польскай мовы пачалося яшчэ ў старажытныя часы (прыкладна з другой паловы XVI ст.). Гэты працэс асабліва актывізаваўся ў XVII ст., калі частка беларускіх зямель аказалася ў залежнасці ад Рэчы Паспалітай. Ён працягваўся і ў больш позні час (ХІХ–XX стст.). Асноўныя прыметы паланізмаў – спалучэнні ен (эн), ён (он): енк, парэнчы, наконт, маёнтак; спалучэнне дл: кудлаты; спалучэнне лу паміж зычнымі: слуп, тлусты; зычны [ц] на месцы [ч]: цуд (рус. чудо), цудоўны (рус. чудесный): суфікс -унак: ратунак, падарунак, пацалунак.

Самую вялікую па колькасці слоў групу складаюць запазычанні з рускай мовы. Адны з іх узяты без змен марфемнай будовы: аплот, аказаць; другія – са зменамі марфемнай будовы: адсутнічаць, выключны, плошча, прадаўжальнік; трэція створаны з беларускага моўнага матэрыялу на ўзор адпаведных рускіх слоў: ажыццяўленне – осуществление, абвяржэнне – опровержение, аднагалосны – единогласный, безабаронны – беззащитный.

У выніку цеснага кантакту беларускага народа з украінскім у беларускай мове замацаваліся такія ўкраінізмы, як прыгадаць, бадзёры, журыцца, чубаты, боршч, варэнік, бублік, галушка, гапак, шкаляр. Узбагачэнне беларускай лексікі ўкраінізмамі найбольш інтэнсіўна адбывалася з першай паловы XVII ст. пасля перамяшчэння цэнтра праваслаўнай культуры з Вільні ў Кіеў. Пранікненню ў беларускую мову ўкраінскіх слоў садзейнічалі пісьменнікі, якія паходзілі з Украіны, але стваралі свае творы на беларускіх землях («Казанне пахавальнае» М. Сматрыцкага, 1620). Традыцыі ўкраінскай мовы аказаліся больш устойлівымі ў беларускім народна-гутарковым маўленні, чым у літаратурнай мове: доня – дачка, худоба – жывёла.

Значную частку запазычаных слоў у беларускай мове складаюць інтэрнацыялізмы – словы, аднолькавыя ці блізкія па гучанні і значэнні, пашыраныя не менш чым у трох няроднасных мовах (параўн.: бел. тэатр, ням. Тhеаtеr, англ. theatre, франц. theatre, ісп. tеаtrо, пол. tеаtr, балг. театър, серб. театр. Інтэрнацыянальная лексіка выкарыстоўваецца ва ўсіх стылях сучаснай беларускай мовы, але часцей за ўсё ў навукова-тэхнічнай літаратуры.

Лексіка беларускай мовы

Паводле сферы ўжывання

Лексіка сучаснай беларускай мовы ў залежнасці ад сферы ўжывання падзяляецца на агульнаўжывальную і лексіку абмежаванага ўжывання.

Агульнаўжывальную лексіку складаюць словы, пашыраныя на ўсёй тэрыторыі Беларусі, у вуснай і пісьмовай формах мовы. Яны зразумелыя ўсім людзям: дрэва, вуліца, рэчка, добры, белы, ісці, пісаць, прыгожа, высока, сем і інш. Побач з агульнаўжывальнымі сустракаюцца словы, якія распаўсюджаны толькі ў асобнай мясцовасці ці сярод лю-дзей адной прафесіі або галіны навукі. Такія словы адносяцца да лексікі абмежаванага ўжывання. Яна падзяляецца на дыялектную, спецыяльную і жаргонную.

Дыялектная лексіка.Дыялектнымі (або дыялектызмамі) лічацца словы, ужыванне якіх абмежавана пэўнай тэрыторыяй. Яны выкары-стоўваюцца ў паўночна-ўсходніх, паўднёва-заходніх і сярэднебеларус-кіх народных гаворках. Напрыклад: ясёнка ‘асенняе паліто’, шаліноўка ‘святочная хустка’, гарлянка ‘расліна, якая выкарыстоўваецца пры лячэнні захворванняў горла’, макрыца ‘пустазелле, што расце на мокрым месцы’, змануць ‘прывыкнуць’.

Спецыяльная лексіка.Да спецыяльнай лексікі адносяцца словы, што ўжываюцца прадстаўнікамі пэўнай спецыяльнасці ці галіны навукі У разрад гэтай групы лексікі абмежаванага ўжывання ўваходзяць тэрміны і прафесійныя словы (прафесіяналізмы).

Тэрміны (лац. terminus – граніца, мяжа) – афіцыйна ўзаконеныя словы, якія дакладна абазначаюць паняцці розных галін навукі, тэхнікі, вытворчасці, культуры, мастацтва. Напрыклад, у мовазнаўстве: выказнік, назоўнік, словазлучэнне; у матэматыцы: множнік, плюс, інтэграл, у батаніцы: зародак, грыбніца, суквецце, спадчыннасць. Тэрміны бываюць агульнавядомыя і вузкаспецыяльныя.

Сукупнасць тэрмінаў, якімі карыстаюцца прадстаўнікі пэўнай галіны навукі, тэхнікі, мастацтва, называюць тэрміналогіяй. Існуюць медыцынская, юрыдычная, літаратуразнаўчая, сельскагаспадарчая і іншыя тэрміналогіі.

Тэрміны знаходзяць адлюстраванне ў спецыяльных тэрміна-лагічных даведніках і слоўніках; вузкаспецыяльныя даюцца са стылістычнымі паметамі (заал., тэхн. і інш.).

Прафесіяналізмы – гэта словы, пашыраныя пераважна ў вуснай мове прадстаўнікоў пэўнай прафесіі або спецыяльнасці. Яны называюць адпаведныя прылады працы, дзеянні, з’явы і г. д. Напрыклад, у вуснай мове друкароў ужываюцца прафесіяналізмы барабан ‘частка друкарскай машыны’, вальцы ‘цыліндрычныя валкі ў друкарскай машыне’, талер ‘рухомая металічная пліта ў друкарскай машыне, на якой замацоўваецца набор’, пальцы ‘частка друкарскай машыны, якая прымае надрукаваныя аркушы’. Маракі і партовыя грузчыкі ўжываюць словы-каманды віра ‘падымай!’, ‘уверх!’, майна ‘апускай!’, ‘уніз!’ і інш.

Прафесіяналізмы знаходзяцца па-за межамі лексікі беларускай літаратурнай мовы; іх значэнні не ўключаны ў слоўнікі. Але прафесіяналізмы выкарыстоўваюцца пісьменнікамі і паэтамі для стварэння праўдзівага мастацкага кантэксту: Прылады простыя, але бярог Лукаш і стрэльбіну сваю, і рог, і торбу паляўнічую, у якой чаго, чаго там толькі не было! Прынадаў розных на звяроў, сілкоў, гаючых траў з усіх лясоў, балот, якіх, бадай, і ў лекараў няма, і вабікаў на птушак. (М. Т.) Многа рэек пасцёрлася за доўгія гады, пагнуліся кастылі, тысячы буксаў перагарэлі, паз’езджаны сотні паравозаў, а чалавечае жыццё – крэмень: ні яму сонца, ні вятры, ні завеі. (Лыньк.)

Жаргонную лексіку складаюць жаргоны (франц. jargon – умоўная гаворка), да якіх адносіцца сукупнасць слоў, зразумелых толькі людзям аднолькавых ці блізкіх сацыяльных, прафесійных або бытавых інтарэсаў. Такія словы выкарыстоўваюцца замест агульнаўжывальных пераважна ў вуснай мове злачынцаў, салдат, студэнтаў, вучняў і іншых груп людзей. Напрыклад: пахан, папаня ‘неафіцыйны лідар сярод турэмшчыкаў’, дзед ‘салдат апошняга году службы ва ўзброеных сілах’, пара ‘двойка’ і пара ‘дзве гадзіны заняткаў’, здуць ‘перапісаць заданне з чужой работы’, зрэзацца ‘не вытрымаць экзамену, заліку’.

Жаргонныя словы робяць літаратурную мову незразумелай, непрыгожай, таму іх трэба пазбягаць. Аднак яны могуць уводзіцца пісьменнікам у мастацкі тэкст (кантэкст) для характарыстыкі дзеючых асоб або таго асяроддзя, у якім знаходзяцца героі: За вочы быў Мядз-ведзь. У вочы – Андрэй Андрэевіч, Атаман, бацька, папаня. (Лыньк.) Як спуджаны верабей, кідаўся каторы філон на другі канец барака, зашываўся на нары, і чуваць было, як сапеў ён з перапуду, прыводзіў да парадку свае думкі, пачуцці – то ж дагадзі чалавеку, – і, адды-хаўшыся, набіраўся смеласці – на шэпты, спачуванні, уздыхі. (Лыньк.)

Наши рекомендации