Тэма 5. Этнічная сітуацыя і духоўнае жыццё на беларускіх землях у перыяд стварэння і развіцця ВКЛ
1. Асноўныя канцэпцыі паходжання беларускага народа і назвы "Белая Русь".
2. Фарміраванне беларускай народнасці.
3. Культура Беларусі ў другой палове ХІІІ – першай палове ХVІ стст.
Пытанне да дыскусіі:
Этнічная аснова беларускай народнасці.
Тэма рэфератыўнага паведамлення:
Вусная народная творчасць – аснова беларускай культуры.
Літаратура: [9, с.136-144; 10, с.37-44, 137-161; 17, с.36-44; 20, с.192-200; 21, с.18-27, 97-103; 30, с.99-117; 34, с.35-37, 108-116].
Пры вывучэнні дадзенай тэмы неабходна адзначыць, што праблема паходжання беларусаў, фарміравання беларускай народнасці ў многіх аспектах застаецца спрэчнай і дыскусійнай. Пытанне пра гістарычныя карані, этнічную аснову беларускай народнасці непасрэдна звязана з гісторыямі засялення і асваення тэрыторыі Беларусі старажытнымі людзьмі яшчэ ў перыяд першабытнаабшчыннага ладу. Беларускія землі ўжо ў старажытнасці былі арэнай сутыкнення і ўзаемадзеяння самых разнастайных груп насельніцтва, дзе развіваліся інтэнсіўныя этнічныя працэсы.
Адсутнасць адзінага погляду на пытанне аб продках беларусаў прывяла да ўзнікнення мноства навуковых канцэпцый іх паходжання. Старажытнаруская канцэпцыя распрацавана напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стст. гісторыкамі А.А. Шахматавым, М.У. Токаравым, Я.І. Карнейчыкам. Асноўным палажэннем было існаванне старажытнарускай народнасці, якая склалася з усходнеславянскіх плямён.
Існуе таксама дзве выключаючыя адна адну тэорыі – вялікаруская і вялікапольская, аўтары якіх адмаўлялі існаванне самастойнага беларускага этнасу, таму што ў насельніцтва Беларусі быццам не было самастойнай мовы. Прыхільнікі польскай канцэпцыі (Л. Галембоўскі, А. Рыпінскі і інш.) лічылі беларускую мову дыялектам польскай мовы, а беларусаў – часткай польскага этнасу. У адпаведнасці з вялікарускай канцэпцыяй (А. Сабалеўскі, І. Сразнееўскі і інш.) лічылі, што Беларусь – частка вялікарускай этнічнай тэрыторыі, а беларуская мова – дыялект рускай мовы.
У пачатку ХХ ст. з’явілася крывіцкая канцэпцыя (М. Пагодзін, В. Ластоўскі), прыхільнікі якой лічылі продкамі беларусаў крывічоў. А аўтары крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкай тэорыі (Я. Карскі, М. Грындблат і інш.) уключылі ў склад продкаў яшчэ ў дадатак дрыгавічоў і радзімічаў.
У адпаведнасці з балцкай тэорыяй этнагенезу беларусаў (У. Сядоў), змяшчэнне славян з балтамі прывяло да з’яўлення беларускага этнасу. Аўтар фінскай канцэпцыі І. Ласкоў лічыў, што продкамі беларусаў маглі быць і фіны. Шмат прыхільнікаў у нацыянальна-патрыятычным асяродку мае канцэпцыя М. Ермаловіча.
Сучасная канцэпцыя, якая ўлічвае амаль усе акалічнасці этнічных працэсаў на Беларусі, распрацавана ў пачатку 90-х гг. ХХ ст. М. Піліпенкам. Ён лічыць, што ў выніку рассялення славян і змешвання іх з усходнімі балтамі ўтварыліся ўсходне-славянскія этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў (ІХ-Х стст.), якія кансалідаваліся ў агульнаславянскую этнічную супольнасць (канец Х – пачатак ХІ стст.). Аналізуючы асаблівасці розных канцэпцый этнагенезу беларусаў, студэнты павінны вызначыць у іх недахопы і памылковасці.
Па-рознаму тлумачаць і паходжанне назвы “Белая Русь”, прапаноўваючы самыя розныя гіпотэзы. Вядомы расійскі гісторык ХVІІІ ст. В. Тацішчаў меркаваў, што гэта назва паходзіць ад белага колеру льнянога адзення тутэйшых жыхароў. Этнограф Я. Карскі адзначаў верагоднасць уплыву на ўтварэнне тэрміна антрапалагічных асаблівасцей беларусаў – “бландзінак з блакітнымі ці светла-шэрымі вачамі”. Беларускі філолаг П. Крапівін звязваў паходжанне назвы з наяўнасцю ў рэгіёне вялікай колькасці рэк і азёр, а тэрмін “Белая Русь” з гэтай нагоды перакладаў як “Чыстая вада”. Гісторык М. Ільінскі лічыў, што горад Бельск на тэрыторыі сучаснай Польшчы мог даць адпаведную назву ўсёй падкантрольнай сабе тэрыторыі.
Украінскі вучоны М. Драгманаў сцвярджаў, што тэрмін “белы” азначаў “вольны”, незалежны ад мангола-татар. Расійскі даследчык В. Іваноў адзначаў, што яшчэ да прыняцця хрысціянства ў Еўропе існавала традыцыя суадносіць асноўныя колеры з бакамі свету (поўнач – чорны, поўдзень – чырвоны, захад – белы, усход – жоўты ці блакітны і г.д.).
Разглядаючы другое пытанне, студэнтам неабходна звярнуць увагу на змест паняцця “народнасць”. Народнасць з’яўляецца адной з асноўных гістарычных форм этнасу, якая характарызуецца наяўнасцю заселенай тэрыторыі, пэўнай агульнасцю мовы, побыту, культуры, сацыяльна-эканамічных сувязей, некаторымі асаблівасцямі псіхалагічнага складу, самасвядомасцю. Фарміраванне беларускай народнасці непасрэдна было звязана з утварэннем ВКЛ. Менавіта ў межах гэтай дзяржавы дзейнічаў цэлы шэраг фактараў, якія абумовілі ўзнікненне беларускага этнасу. Гэта былі фактары ўнутранага і знешняга характару.
Першая група фактараў утварэння беларускай народнасці – палітычныя фактары, звязаныя са знаходжаннем беларускіх зямель у складзе ВКЛ і неабходнасцю абароны ад знешніх ворагаў. Утварэнню беларускай народнасці садзейнічаў і шэраг сацыяльна-эканамічных фактараў, бо эканамічнай асновай этнаўтваральных працэсаў з’явіліся далейшае развіццё сельскай гаспадаркі, удасканаленне рамяства, пашырэнне гандлю, рост гарадоў і г.д. Адначасова адбывалася складванне саслоўна-класавай структуры грамадства.
Вялікі ўплыў на этнічную сітуацыю ў Беларусі аказваў і канфесійны фактар. Пранікненне каталіцызму на Беларусь і ўмацаванне пазіцый каталіцкай царквы надавала пэўную адметнасць этнічным працэсам. Асаблівасць беларускай народнасці ў тым, што яна была поліканфесіянальнай. Такім чынам, працэс фарміравання беларускай народнасці, які пачаўся ў ХІІІ ст., завяршыўся ў ХVІ ст. Сукупнасць дзейнасці этнаўтваральных фактараў спрыяла ўтварэнню беларускай народнасці і такіх яе агульных прыкмет, як этнічная тэрыторыя, адносная агульнасць мовы, своеасаблівая матэрыяльная і духоўная культура, пэўныя гаспадарчыя сувязі, этнічная самасвядомасць і саманазва.
У апошнім пытанні тэмы трэба зазначыць, што культура Беларусі другой паловы ХІІІ – першай паловы ХVІ стст. развівалася на аснове засваення традыцый старажытнарускай спадчыны пад уздзеяннем іншых культур з улікам асаблівасцей палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця ВКЛ.
Станаўленню самабытнай беларускай культуры спрыяла народная творчасць. У працэсе фарміравання беларускай народнасці склаліся ўсе асноўныя віды беларускай народнай творчасці (фальклор, творы гісторыка-гераічнага этнасу, народна-гістарычныя песні, каляндарна-абрадавая і сямейна-бытавая паэзія і г.д.). Новыя, уласна беларускія рысы набывае і народны побыт, матэрыяльная культура, змяняецца адзенне.
Закладваецца падмурак для развіцця ўласна беларускай мовы, літаратуры, бурна развіваецаа летапісанне, зараджаецца кнігадрукаванне, прававая і грамадска-палітычная думка, асветніцтва.
Складваецца і актыўна развіваецца беларуская архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Другая палова ХІІІ – першая палова ХVІ стст. – яркі і самабытны перыяд у развіцці беларускай культуры, перыяд росту палітычнай і патрыятычнай свядомасці беларусаў, пашырэння культурных сувязей паміж беларусамі і іншымі народамі.