Тэма 2. Старажытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі

Гісторыя Беларусі

Метадычныя парады да семінарскіх заняткаў

Для студэнтаў усіх спецыяльнасцей

Магілёў 2009

УДК 947.6

ББК 63.2 (2Б)

Разгледжаны і рэкамендаваны да выдання на пасяджэнні кафедры гуманітарных дысцыплін

Пратакол № __ ад 30.06.2009 г.

Складальнікі:

І.А.Пушкін, Н.В.Саклакова

Рэцэнзент

кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гуманітарных дысцыплін А.П. Косцераў

Дадзеныя метадычныя парады да семінарскіх заняткаў па “Гісторыі Беларусі” прызначаны для студэнтаў усіх спецыяльнасцей УА МДУХ. На падставе аналізу гістарычных крыніц, вырашэння праблемных і дыскусійных пытанняў гісторыі ў студэнтаў павінна сфарміравацца ўяўленнне аб заканамернасцях гістарычнага развіцця, укладзе беларускага народа ў сусветную культуру і гісторыю.

© УА “Магілёўскі дзяржаўны універсітэт харчавання”, 2009

Прадмова

Асноўная мэта курса “Гісторыя Беларусі” – фарміраванне сацыяльна-асобасных кампетэнцый студэнтаў, забяспечваючых іх асабістае самавызначэнне ў сістэме каштоўнасцей, выпрацаваных падчас гістарычнага развіцця беларускага народа і станаўлення суверэннай беларускай дзяржавы, і выхаванне на гэтай аснове пачуцця далучанасці да лёсу краіны і яе гісторыі. Асноўная мэта семінарскіх заняткаў – далучэнне студэнтаў да нацыянальных і сусветных культурных традыцый, выхаванне грамадзяніна і патрыёта Айчыны, асобы, валодаючай высокімі маральнымі якасцямі, здольнай да самарэалізацыі ва ўмовах сучаснай сацыякультурнай сітуацыі.

Для рэалізацыі гэтых мэтаў неабходна рашэнне наступных задач:

- усвядомленае засваенне і ўжыванне вучэбнай гістарычнай інфармацыі, звязанай з аналізам заканамернасцяў і асаблівасцяў дзяржаўна-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага, канфесійнага, культурнага і духоўнага развіцця беларускага народа і фарміраванне на гэтай аснове здольнасці да самарэалізацыі ва ўмовах сучаснай сацыякультурнай сітуацыі;

- засваенне студэнтамі сістэмы матэрыяльных, культурных і духоўных каштоўнасцяў беларускага народа, якія служаць рэтраспектывай для аналізу сучаснасці і азначэнні перспектыў будучай жыццядзейнасці;

- станаўленне выпускніка вышэйшай школы як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь здольнага садзейнічаць далейшаму развіццю сваёй краіны.

Семінарскія заняткі па курсе з’яўляюцца састаўной часткай вучэбнага працэсу, і ў адпаведнасці з каляндарным графікам на іх адводзіцца 36 гадзін. У гэтым метадычным выданні распрацаваны планы семінарскіх заняткаў, тэмы для дыскусій і напісання рэфератыўных паведамленняў, утрымліваецца агульная, скарочаная характарыстыка зместу разглядаемай тэмы, спісы асноўнай і дадатковай літаратуры, а таксама слоўнік тэрмінаў.

З улікам якасных характарыстык вышэйшай адукацыі на сучасным этапе неабходна выкарыстоўваць розныя формы правядзення семінарскіх заняткаў. Дзеля далучэння студэнтаў да пошуку і кіравання ведамі, набыцця вопыту самастойнага рашэння розных задач варта выкарыстоўваць: тэхналогіі праблемна-модульнага навучання, вучэбна-даследчай дзейнасці, праектныя, камунікатыўныя (дыскусія, вучэбныя дэбаты, прэс-канферэнцыі і іншыя актыўныя формы і метады), гульнявыя (удзел у дзелавх, ролевых, імітацыйных гульнях) тэхналогіі, аналіз сітуацыі і інш.

Акрамя таго, заняткі могуць праводзіцца ў форме наведвання музеяў, выстаў, выкарыстання мультымедыйнага абсталявання і відэаматэрыялаў па тэмах, заслухоўвання паведамленняў пра яскравыя падзеі ў гісторыі Беларусі, пра жыццядзейнасць выдатных асоб.

Творчы працэс падрыхтоўкі да семінараў прадугледжвае самастойную работу студэнтаў па вывучэнні і асэнсаванні лекцыйнага матэрыялу, метадычных парад, асноўнай і дадатковай літаратуры па тэмах.

Для арганізацыі кантрольнай дзейнасці неабходна выкарыстоўваць рэйтынгавыя (прамежнае тэсціраванне), крэдытна-модульныя сістэмы адзнакі вучэбнай, даследчай, кантраляванай самастойнай працы студэнтаў.

Тэма 1. Уводзіны. Прадмет і перыядызацыя “Гісторыі Беларусі”

1. Прадмет і задачы вывучэння гісторыі Беларусі.

2. Праблема перыядызацыі гісторыі Беларусі.

3. Крыніцы па вывучэнню гісторыі Беларусі.

4. Гісторыяграфія гісторыі Беларусі.

Пытанне да дыскусіі:

1. Месца Беларусі ў еўрапейскай гісторыі.

Тэмы рэфератыўных паведамленняў:

1. Фармацыйны і цывілізацыйны падыходы ў гістарычным пазнанні.

2. Станаўленне нацыянальнай гісторыяграфічнай канцэпцыі.

Літаратура: [9, с.3-18; 10, с.7-16; 21, с.5-9; 30, с.5-27; 34, с.7-8; 35, с.7-19].

ХХІ ст. вызначаецца як інтэлектуальна-інфармацыйная эпоха, таму выпускніку ВНУ, каб быць запатрабаваным ў грамадстве, трэба стаць не толькі добрым спецыялістам, але і ўсебакова развітай асобай. Павышэнню ўласнай эрудыцыі спрыяе вывучэнне грамадскіх навук.

Любы адукаваны чалавек найперш павінен ведаць гісторыю сваёй краіны. Засваенне гістарычнага вопыту мінулых пакаленняў дазваляе накіроўваць ўсю практычную дзейнасць сучаснасці. Гісторыя – адна са старажытных навук, заснавальнікам якой лічыцца старажытнагрэчаскі гісторык Герадот (V ст. да н.э.), які першым напісаў кнігу. Гісторыя ёсць апавяданне аб мінулых падзеях, аб тым, што пазнана, даследавана.

Па меры накаплення, сістэматызацыі і абагульнення звесткі аб мінулым паступова ператварыліся ў гістарычную навуку. Гістарычная навука – усялякі працэс развіцця ў прыродзе, грамадстве, вызначэнне і тлумачэнне фактаў мінулага. Аснова гістарычнай навукі – збіранне, сістэматызацыя і абагульненне фактаў.

Кожная грамадская навука мае свой прадмет. Прадмет гісторыі вызначыўся не адразу. У ходзе паступовага развіцця гісторыі ішоў працэс удасканальвання матэрыяльнай вытворчасці, змяняўся і ўдакладняўся палітычны лад грамадства і яго сацыяльная структура, развіваліся навука і культура.

Студэнты павінны звярнуць увагу на тое, што гісторыя – навука канкрэтная і патрабуе дакладнага ведання храналогіі, фактаў, падзей. Прадметам яе вывучэння з’яўляецца ўся сукупнасць жыцця грамадства на працягу ўсяго гістарычнага працэсу. Прадметам гісторыі Беларусі з’яўляюцца заканамернасці развіцця беларускага этнасу, розных бакоў яго жыццядзейнасці, узаемасувязі з іншымі народамі і краінамі. Пры гэтым гісторыя Беларусі даследуе не ўсе заканамернасці, а найбольш агульныя.

Дзякуючы паступоваму накапленню фактаў склаліся асобныя галіны гістарычных ведаў (палітычная гісторыя, гісторыя дзяржавы і права, гісторыя культуры і г.д.), а таксама шэраг дапаможных гістарычных дысцыплін (геральдыка, нумізматыка, тапаніміка і інш.). Трэба адзначыць, што вывучэнне гісторыі Беларусі ўключае ў сябе шэраг функцый, сярод якіх можна вылучыць пазнавальную, апісальную, прагматычную, цэласную, светапоглядную, культурную і выхаваўчую. Падводзячы вынік, студэнты павінны вызначыць найбольш актуальныя задачы вывучэння гісторыі Беларусі.

Раскрываючы змест другога пытання, неабходна ведаць, што для большай зручнасці гісторыю падзяляюць на перыяды – адрэзкі часу, калі адбываліся гістарычныя падзеі. Важнае значэнне надаецца крытэрыям, на аснове якіх робіцца перыядызацыя. Адны гісторыкі кіруюцца сацыяльна-эканамічнымі крытэрыямі, іншыя шукаюць іх у галіне палітыкі ці ў сферы духоўнага жыцця, культуры. Існуюць перыядызацыі сусветная і лакальная, якія суадносяцца з сусветнай як адзінае з агульным. Глыбокае і ўсебаковае пазнанне гісторыі забяспечвае сучасная навуковая метадалогія, у адпаведнасці з якой вызначаюць фармацыйны і цывілізацыйны падыходы. У беларускай гісторыяграфіі склаліся два асноўныя падыходы: дзяржаўніцкі і фармацыйны. Дзяржаўніцкая канцэпцыя ў дачыненні да гісторыі Беларусі аформілася ў працах В. Ластоўскага і У. Ігнатоўскага. Яе прынцып грунтуецца на дзяржаўнай прыналежнасці. У аснове фармацыйнай канцэпцыі – схема змены сацыяльна-эканамічных фармацый.

У адпаведнасці з новай канцэпцыяй гістарычнай адукацыі, пачынаючы з 1991 г., была ўведзена новая перыядызацыя гісторыі Беларусі, суадносная з перыядызацыяй усеагульнай гісторыі. Чалавечае грамадства на тэрыторыі Беларусі прайшло наступныя перыяды свайго развіцця: старажытнае грамадства (40 тыс. гг. да н.э. – V ст. н.э.), сярэднявечча (канец V – ХV стст.), новы час (ХVІ – пачатак ХХ ст.), навейшы час (з 1918 г. – да нашых дзён).

Аналізуючы праблему гістарычнай перыядызацыі, студэнтам трэба мець на ўвазе, што адзінай прызнанай канцэпцыі перыядызацыі гісторыі, як ўсеагульнай, так і гісторыі Беларусі не існуе.

Разглядаючы трэцяе пытанне, неабходна адзначыць, што гісторыя Беларусі вывучаецца на падставе разнастайных гістарычных крыніц, якія падзяляюцца на групы: археалагічныя, этнаграфічныя, лінгвістычныя, вусныя, пісьмовыя, кіна-фота-фона-дакументы і інш. Гістарычныя крыніцы – гэта матэрыяльныя аб’екты, якія маюць сацыяльную прыроду, паходжанне, адлюстроўваюць мінулае грамадства, уцягнуты ў сферы гістарычнага даследавання і служаць сродкам гістарычнага пазнання.

У апошнім пытанні студэнты павінны звярнуць увагу на тэрмін “гісторыяграфія” (ад грэч. historia i grapho – пішу) – апісанне гісторыі. Неабходна адзначыць, што станаўленне і развіццё беларускай нацыянальнай гісторыяграфіі бярэ пачатак з зараджэння беларускай нацыянальнай ідэі і нацыянальнага руху (І п. ХІХ ст.). Першымі прафесійнымі гісторыкамі, якія сваімі даследаваннямі заклалі падмурак канцэпцыі айчыннай гісторыі, былі вучоныя Віленскага універсітэта І. Апацэвіч, М. Баброўскі, І. Даніловіч. Значны ўклад у вывучэнне гісторыі Беларусі ўнеслі працы М. Доўнар-Запольскага, Я. Карскага, У. Ігнатоўскага, У. Пічэты і інш. Студэнтам неабходна ведаць і сучасных гісторыкаў, якія працягваюць вывучэнне гісторыі Беларусі.

Завяршаючы падрыхтоўку дадзенай тэмы, студэнты павінны засвоіць, што вывучэнне гісторыі Беларусі абумоўлена неабходнасцю шырокай гуманітарнай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў і мае на мэце сфарміраваць гістарычнае пазнанне, цэласнае ўяўленне аб заканамернасцях і асаблівасцях эвалюцыі чалавечага грамадства, асэнсаваць месца айчыннай гісторыі ў сусветным гістарычным працэсе і ўклад беларускага народа ў сусветную цывілізацыю.

Тэма 2. Старажытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі

1. Даіндаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі.

2. Рассяленне індаеўрапейцаў. Балты на тэрыторыі Беларусі.

3. Славянскі этап этнічнай гісторыі Беларусі.

Пытанне да дыскусіі:

Індаеўрапейцы і іх роля ў гісторыі народаў Еўропы.

Тэмы рэфератыўных паведамленняў:

1. Матэрыяльная і духоўная культура першабытнага грамадства.

2. Усходнеславянскія супольнасці на тэрыторыі Беларусі.

Літаратура: [9,с.19-27, 36-45; 10, с.17-37; 17, с.5-8; 20, с.9-70; 21, с.10-18; 30, с.28-44; 34, с.20-35; 35, с.19-29].

Узнікненне чалавечага грамадства – надзвычай доўгі і складаны працэс і яго развіццё адбывалася прагрэсіўна, паводле адпаведных перыядаў. Першым перыядам існавання людзей з’яўляецца першабытнае (старажытнае) грамадства. Існуюць дзве перыядызацыі першабытнага грамадства: агульнагістарычная і археалагічная. У адпаведнасці з агульнагістарычнай, гісторыя першабытнага грамадства прайшла наступныя стадыі станаўлення і развіцця: першабытны чалавечы статак, або праабшчына, ранняя радавая абшчына, позняя радавая абшчына, разлажэнне першабытнага грамадства і пачатак утварэння класаў. Акрамя агульнагістарычнай перыядызацыі, шырока распаўсюджана археалагічная перыядызацыя. У залежнасці ад таго, які матэрыял выкарыстоўвалі людзі для вырабу прылад працы, ранняя гісторыя чалавецтва падзяляецца на каменны (палеаліт: ніжні, сярэдні, верхні; мезаліт, неаліт і энеаліт), бронзавы і жалезны вякі.

Раскрываючы змест дадзенай тэмы, неабходна вызначыць, што этнічная гісторыя Беларусі ўмоўна падзяляецца на два перыяды: даіндаеўрапейскі і індаеўрапейскі. Асноўныя перыяды ў гісторыі першабытнага грамадства суадносяцца з адпаведнымі перыядамі этнічнай гісторыі Беларусі. Каменны век з даіндаеўрапейскім, бронзавы і жалезны – з індаеўрапейскім суадносна. У межах даіндаеўрапейскага перыяду вылучаюцца тубыльская і фінаўгорская хвалі засялення, а ўмежах індаеўрапейскага – балцкая і славянская.

Беларусь не з’яўляецца прарадзімай чалавецтва. Першае пранікненне людзей на тэрыторыю сучаснай Беларусі адбылося ў верхнім палеаліце, прыкладна 40 тыс. гадоў таму. Пачаўся даіндаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі (40 тыс. гг. да н.э. – 3-2 тыс. гг. да н.э.). Вядомы дзве самыя старажытныя верхнепалітычныя стаянкі чалавека на тэрыторыі Беларусі – каля в. Юравічы і в. Бердыж. Пры значных пахаладаннях людзі верхняга палеаліту здзяйснялі неаднаразовыя міграцыі і значныя перасяленні. Па меры раставання і адступлення ледніка ў мезаліце (8-5 тыс. гг. да н.э.) адбылося поўнае засяленне чалавекам тэрыторыі Беларусі з розных месцаў і рознымі групамі насельніцтва.

Даіндаеўрапейскі перыяд характарызуецца панаваннем такіх форм гаспадаркі, як паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва. У неаліце (4-3 тыс. гг. да н.э.) паступова пачаўся пераход да вытворчай гаспадаркі – земляробства і жывёлагадоўлі. Пераход старажытнага насельніцтва ад прысвойваючай да вырабляючай гаспадаркі атрымаў у гістарычнай навуцы назву неалітычнай “рэвалюцыі”. Тэрмін уведзены англійскім археолагам Г. Чайлдам (1892-1957). Гэта найбольш глыбокі і значны за ўсю гісторыю чалавецтва гаспадарчы ўздым, які выклікаў глабальныя перамены ва ўзаемаадносінах чалавека і прыроды, прывёў да істотных змен у сацыяльна-эканамічным ладзе, рэлігійных уяўленнях, дэмаграфічных працэсах, даў штуршок да ўзнікнення старажытных цывілізацый.

Разглядаючы другое пытанне тэмы, студэнты павінны звярнуць увагу на тое, што другі індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі пачаўся ў бронзавым веку з часу рассялення на яе тэрыторыі індаеўрапейскіх плямёнаў (3-2 тыс. гг. да н.э. – да нашага часу). На рубяжы 4-3 тыс. гг. да н.э. індаеўрапейскія плямёны пачалі свой рух у розных напрамках. Гэта было абумоўлена бурным развіццём земляробства і жывёлагадоўлі, павелічэннем колькасці насельніцтва, што выклікала перанаселенасць і неабходнасць асваення новых тэрыторый.

Індаеўрапейскія плямёны не былі аднароднымі. У выніку міграцыі і змешвання з карэнным насельніцтвам, пад уздзеяннем розных геаграфічных умоў яны страчвалі сваё адзінства і ператвараліся ў мазаіку народаў, іх культур і моў.

У 3-2 тыс. да н.э. на тэрыторыі басейнаў Віслы, Нёмана, Заходняй Дзвіны, Верхняга Падняпроўя ў выніку асіміляцыі мясцовага неалітычнага насельніцтва індаеўрапейцамі адбываецца фарміраванне адной з галін індаеўрапейскай мазаікі народаў – балты. Пачаўся балцкі этап індаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі, які храналагічна супадае з эпохай меаліту (3-2 тыс. да н.э. – ІV - Vстст. н.э.). З рассяленнем індаеўрапейцаў змяніўся не толькі этнічны склад насельніцтва Беларусі, змянілася і эпоха. Каменны век саступіў месца бронзаваму (3-2 тыс. да н.э. – 1 тыс. да н.э.).

У апошнім пытанні тэмы студэнтам неабходна засвоіць, што новы, славянскі этап этнічнай гісторыі Беларусі пачаўся ў раннім сярэднявеччы (ІV-V стст. н.э. – наш час). Да першых стагоддзяў нашай эры славяне ўяўлялі сабой адзінае цэлае. Але ж у выніку вялікай шчыльнасці насельніцтва, змен у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці, уціску з боку іншых народаў пачалася актыўная міграцыя славян са сваёй прарадзімы.

Частка славян пачала масавы рух на поўдзень і ў VІІ – VІІІ стст. засяліла Балканы, землі Сербіі, Харватыі, Македоніі, Славеніі, Чарнагорыі, Балгарыі, часткова Грэцыі. У працэсе асіміляцыі мясцовага насельніцтва ўтварылася галіна славян, якіх называюць паўднёвымі славянамі.

Другая частка рухаючыхся на ўсход дайшла да Дняпра і ў VІ – VІІ стст. на тэрыторыі Валыні і Паўднёвай Беларусі сфарміравалася новая галіна славян – усходнія славяне. Цесныя кантакты славян з мясцовым балцкім насельніцтвам прывялі да асіміляцыі апошніх. У VІІІ – ІХ стст. адбываецца масавае рассяленне славян на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У выніку славяна-балцкага ўзаемадзеяння ўзніклі новыя этнічныя супольнасці – крывічы, дрыгавічы, радзімічы. Заходнія славяне нікуды не мігрыравалі і ні з кім не змешваліся.

Дрыгавічы аселі ў басейне ракі Прыпяць, крывічы (палачане) – у вярхоўі Дняпра і басейне Заходняй Дзвіны, радзімічы – на землях паміж Дняпром і Сожам. Акрамя іх, тэрыторыя Беларусі была заселена прадстаўнікамі іншых усходне-славянскіх плямёнаў: драўлян, валынян, севяран, славян.

Наши рекомендации