Асноўныя нормы літаратурнай мовы пачалі складвацца стыхійна толькі ў першым дзесяцігоддзі(1906-1915 гг.)з развіццём легальнага функцыянавання беларускага друку
У пачатку ХХ ст. выдаюцца газеты “Беларусь” (1913-1915 г.), “Гоман” (1916-1917 г.), “Дзяннiца” (1916 г.), “Светач” (1916 г.), часопiсы “Маладая Беларусь” (1912 г.), “Лучынка” (1914 г.) i iншыя. У Пецярбурзе ствараецца выдавецкая суполка “Загляне сонца i ў наша аконца”, якая за час свайго iснавання выпусцiла ў свет каля сарака кнiг, сярод якiх былi кнiгi Янкi Купалы, Францiшка Багушэвiча, Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча. У Вiльнi з’яўляецца “Беларускае выдавецкае таварыства”, дзе выйшлi кнiгi Максiма Гарэцкага, Ядвiгiна Ш., Канстанцыi Буйло. Усë гэтае спрыяла фармiраванню беларускай лiтаратурнай мовы. Беларускiя пiсьменнiкi творча выкарыстоўвалi жывую народную мову i гэтым садзейнiчалi стварэнню норм лiтаратурнай мовы, замацаванню i паступоваму пашырэнню арфаграфiчных норм у тагачаснай пiсьменнасцi.
У XX ст. беларуская мова ўступіла неўнармаванай і некадыфікаванай Паколькі адсутнічала ўласная дзяржаўнасць, беларуская мова была забаронена ў грамадскім жыцці, працэс складвання яе літаратурнай формы працякаў вельмі запаволена і расцягнуўся больш чым на стагоддзе.
У 1918 г. ў Вільні выходзіць“Беларуская граматыка для школ” Бранiслава Тарашкевiча, выдадзеная кірыліцай і лацінкай. Тарашкевіч апісаў усе ўзроўні моўнай сістэмы з пункту гледжання іх нарматыўнасці, выкладзеныя ў граматыцы арфаграфiчныя правiлы грунтавалiся на фанетыка-марфалагiчных асаблiвасцях цэнтральных беларускiх гаворак. З выхадам граматыкі Б.Тарашкевіча пачаўся працэс стабілізацыі правапісных норм літаратурнай мовы.
У ХХ-ХХІ стст. беларуская мова зазнала пэўныя змены. Гэта
- пастанова саўнаркама БССР “Аб зменах i спрашчэннi беларускага правапiсу”(1933 г.);
- пастанова Савета Мiнiстраў БССР «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу» (1957 г.)
- Закон Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г. “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”.
(№ 5) 31 лiпеня 1920 года была абвешчана Дэкларацыця аб незалежнасцi БССР, згодна з якой на Беларусi абвяшчалiся чатыры дзяржаўныя мовы : беларуская, руская, польская, яўрэйская. Былi створаны неабмежаваныя ўмовы для развiцця беларускай мовы. Сферы прымянення беларускай мовы:
- Навука. У 20-я гг. адбывалася станаўленне беларускай навукi. 1 лiстапада 1921 года быў адкрыты Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт. У лютым 1921 г. з мэтай распрацоўкi навуковай тэрмiналогii ва ўсiх галiнах ведаў была створана навукова-тэрмiналагiчная камiсiя, перад якой спачатку была пастаўлена задача выпрацаваць тэрміны ва ўсіх галінах навукі ў аб'ёме сярэдняй школы, але потым рамкі яе дзейнасці былі пашыраны ў напрамку апрацавання ўсёй беларускай тэрміналогіі. За перыяд 1921-1926 гг. камісія падрыхтавала больш за дваццаць тэрміналагічных зборнікаў: па граматыцы, літаратуразнаўству, батаніцы, матэматыцы, геаграфіі, псіхалогіі і інш. На аснове навукова-тэрмiналагiчнай камiсii сфармiраваўся і пачаў сваю дзейнасць Iнстытут беларускай культуры (Iнбелкульт), у арганiзацыi i працы якога прынялi ўдзел Я. Карскi, I. Луцэвiч (Янка Купала), К. Мiцкевiч (Якуб Колас), Я. Лёсiк, С. Плаўнiк (Змiтрок Бядуля) i iнш. Нязменным сакратаром Iнбелкульта (1926 – 1928) быў вядомы грамадскi i навуковы дзеяч Вацлаў Ластоўскi. У 1929 г. на аснове Iнбелкульта была створана Акадэмія навук БССР.
- Беларуская мова стала мовай ўрада ў рэспублiцы.
- Справаводства. 15 лiпеня 1924 г. ЦВК прыняў пастанову аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай дзяржаўнай палiтыкi. Працу ўсiх дзяржаўных устаноў трэба было перавесцi на беларускую мову, што i было зроблена да пачатку 30-х гг.
- Мастацкая літаратура. Кола культурных працаўнiкоў увесь час папаўнялася маладымi сiламi, якiя гарэлi жаданнем выказаць свае думкi i пачуццi на роднай мове. У 20-я гады фармiруюцца i дзейнiчаюць першыя беларускiя лiтаратурныя аб’яднаннi (“Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя”). З “Маладняка“ выйшлi такiя таленавiтыя пiсьменнiкi, як Кузьма Чорны, Кандрат Крапiва, Мiхась Зарэцкi, Мiхась Лынькоў, Максiм Лужанiн i iнш. У аб’яднанне “Полымя” ўваходзiлi Янка Купала, Якуб Колас, Цiшка Гартны, Мiхась Чарот. Адыход ад прапагандысцкiх форм да сапраўднай лiтаратурнай творчасцi прывëў да выхаду з “Маладняка” i стварэнню новага лiтаратурнага аб’яднання “Узвышша” К. Чорнага, Ул. Дубоўку, Я. Пушчу, А. Бабарэку, З. Бядулю, К. Крапiву. Узнiкненне літаратурных аб’яднанняў было выклiкана пошукам новых шляхоў у мастацтве, што часам садзейнiчала ўзнiкненню групавых iнтарэсаў i барацьбы, аднак адначасова – i шматстайнасцi поглядаў, лiтаратурных форм.
У 20-х гг. ХХ ст. з дапамогай мастацкага слова, перыядычнага друку, праз усе тыпы навучальных устаноў на беларускай зямлі трывала ўсталёўваецца адзіная і добра зразумелая для ўсіх літаратурная мова, што мела вырашальнае значэнне для паглыблення нацыянальнай самасвядомасці.
Аднак з пачатку 30-х гадоў гэты паступальны працэс быў перарваны. Паступова ўсталëўваецца практыка асабiстай улады, таталiтарны рэжым, што вядзе да дэфармацыi нацыянальна-культурнай палiтыкi. Умовы развiцця беларускай мовы пагаршаюцца. У 30-я гг. скарацiлася колькасць беларускiх школ, народных дамоў; выданне газет i часопiсаў; справаводства пераводзiцца на рускую мову. У культурным жыцці панаваў жорсткі ідэалагічны кантроль, былі рэпрэсіраваны многія дзеячы беларускай культуры і навукі. Асаблiва значны ўрон рэспублiцы быў нанесены рэпрэсiямi. У лагерах i турмах загiнулi, Максім Гарэцкi, Уладзіслаў Галубок, Міхась Чарот, Максім Зарэцкi, Алесь Дудар, Павел Галавач, Зміцер Жылуновiч і іншыя беларускія дзеячы. Каля двух з паловай мiльёнаў чалавек падпала пад рэпрэсii.
У 1939 г. адбылася значная гістарычная падзея: заходнебеларускія землі ўз'ядналіся з Савецкай Беларуссю ў адзінай дзяржаве. У сувязі з гэтым на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі распачаліся тыя самыя мерапрыемствы па беларусізацыі, як у 20-я гг. у БССР. І ў першую чаргу гэта адчувалася ў сістэме народнай адукацыі: беларуская мова шырока ўводзіцца ў навукова-адукацыйны працэс. У гэты час з’явілася цэлая пляяда маладых таленавітых беларускіх літаратараў, як М.Танк, В. Таўлай, Н. Тарас і інш.
У студзені 1941 г. ЦК КП(б) у процівагу былому афіцыйнаму курсу дзяржавы прымае спецыяльную пастанову аб вывучэнні беларускай мовы ў ВНУ, тэхнікумах і школах рэспублікі, што было непасрэдным вынікам распачатай у Заходняй Беларусі палітыкі беларусізацыі ў гэтай сферы.
Падчас Вялiкай Айчыннай вайны ад самых першых дзён жорсткіх баёў з нямецка-фашысцкімі акупантамі на старонкі перыядычнага друку прыйшло жывое беларускае слова. Сустрэча з родным словам падтрымлівала беларуса, бо кожны разумеў, што вораг зрабіў замах не толькі на свабоду народа, яго эканамічныя і палітычныя дасягненні, але і на духоўныя багацці, трывалым падмуркам якіх з'яўляюцца нацыянальныя мовы. Франтавыя агітатары працавалі з байцамі нярускіх нацыянальнасцей на іх роднай мове, выхоўвалі нацыянальную гордасць, імкнуліся шырока выкарыстоўваць пачуцці нацыянальнай свядомасці ў барацьбе з фашызмам.
Вялізныя і незаменныя страты нанесла беларускай культуры вайна нацысцкай Германіі супроць СССР. На фантах, у партызанскіх атрадах, у падполлі загінулі беларускія пісьменнікі і іншыя дзеячы культуры і навукі.
У пасляваенны час на Беларусь прыехалi спецыялiсты па будаўнiцтву, была абвешчана палiтыка iнтэрнацыяналiзацыi, што прывяло да пашырэння рускай мовы, размывання нацыянальнай самасвядомасцi.
У 50 – 80 гг.. сфера выкарыстання беларускай мовы рэзка звужаецца. Беларуская мова была выключана са сферы афіцыйнага ўжытку. Асноўнымі сферамі прымянення беларускай мовы з'яўляліся:
- Мастацкая літаратура. Амаль да сярэдзіны 80-х гг. беларуская культура развівалася ў межах ідэалагічнай зададзенасці і жорсткага партыйнага кантролю. Тым не менш у гэты перыяд з’явіліся такія таленавітыя літаратары як А. Адамовіч, В.Быкаў, Р. Барадулін, Г.Бураўкін, В.Зуёнак, І. Навуменка, Б.Сачанка, І. Чыгрынаў, І. Шамякін і інш.
- Публіцыстыка. Дзейнасць і артыкулы многiх прагрэсiўных дзеячаў культуры i навукi Беларусi крытыкавалiся. Нягледзячы на гэта, яны працягвалi сваю даследчую творчую працу.
- Гуманітарная навука. У гэты час выходзяць даследаванні па сучаснай беларускай мове, па яе гісторыі: “Курс сучаснай беларускай мовы” (1961 г.), “Курс сучаснай беларускай марфалогii” (1962 г.), “Гiсторыя беларускай лiтаратурнай мовы” (1963 г.), “Дыялектны атлас” (1963 г.), друкуюцца шматлікія слоўнiкi, энцыклапедыi («Руска-беларускі слоўнік» (1953 г.), «Беларуска-рускі слоўнік» (1962 г.) і інш.
- У адукацыі мова выкарыстоўвалася даволі абмежавана.Да сярэдзiны 80-х гг. у гарадах Беларусі не засталося ніводнай беларускай школы, большая частка сельскіх школ лічылася беларускімі толькі намінальна.
Парадаксальным з'яўляецца той факт, што ўрад не праяўляў асаблівай заклапочанасці русіфікацыяй усіх сфер эканамічнага, грамадскага і культурнага жыцця. Імкненне выхоўваць савецкага чалавека інтэрнацыянальным прывяло да таго, што многія беларусы сталі безнацыянальнымі: страцілі ўсякую сувязь з мінуўшчынай, адмовіліся ад нацыянальных традыцый, забыліся на сваю родную мову і культуру. Толькi пiсьменнiкi, фiлолагi, мовазнаўцы, творчая інтэлігенцыя абаранялі беларускую мову, вялi барацьбу за права карыстацца роднай мовай. Значную ролю ў гэтым працэсе адыграла праца беларускiх пісьменнікаў, мовазнаўцаў.
Толькi з пачаткам перабудовы, у 1985 годзе змяняюцца ўмовы развiцця нацыянальнай мовы i культуры. Працэсы дэмакратызацыі грамадства, набыццё рэспублікай суверэнітэту абвастрылі, як ніколі раней, моўную праблему і абумовілі пачатак адраджэння беларускай мовы. У друку актыўна вядуцца спрэчкi, цi патрэбна нам беларуская мова, калi большасць насельнiцтва, асаблiва ў гарадах, гаворыць па-руску. Адказам на гэтае пытанне стаў Закон “Аб мовах у Беларускай ССР”, прыняты 26 студзеня 1990 года, згодна з якім беларуская мова стала дзяржаўнай мовай рэспублiкi. У артыкулах закона ў карэктнай форме былi сфармуляваны мэты нацыянальнага адраджэння, пры гэтым не былi прыгнечаныя правы нацыянальных меншасцей, руская мова заставалася мовай мiжнацыянальных зносiн. Была прынята Дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы (20 верасня 1990 г.), якая прадугледжвала паступовы перавод на беларускую мову ўстаноў навукi, культуры, сродкаў масавай iнфармацыi, органаў дзяржаўнай улады, справаводства, сферы абслугоўвання. Дзяржаўная праграма развiцця беларускай мовы была разлiчана на працяглы час, але ва ўмовах нацыянальнага нiгiлiзму, нізкага ўзроўню нацыянальнай свядомасці, традыцыйнай пакорлівасці і талерантнасці беларусаў, ранейшай русіфікацыі, складанай эканамiчнай сiтуацыi праграма выконвалася фармальна, а часам i зусiм не выконвалася. 14 мая 1995 года адбыўся рэферэндум, на якім большасць насельнiцтва выказалася за дзве дзяржаўныя мовы: беларускую i рускую, што было афiцыйна замацавана ў Канстытуцыi РБ 1996 года, артыкул 17.
Пачатак 90-х гадоў называлі беларускім Адраджэннем, прыйшло ўсведамленне значэння нацыянальнай ідэі і ідэалогіі як сродка выхавання і яднання беларускага народа. Аднак новыя рэаліі, якія ўзніклі ў пачатку ХХІ ст. з перспектывай яднання Беларусі і Расіі ў адзінай дзяржаве, маюць вынікам тое, што беларуская мова пакуль не выкарыстоўваецца нароўні з мовай рускай, не з'яўляецца рэальным сродкам зносін нацыі. Сучасны этап развіцця грамадства характарызуецца беларуска-рускім двухмоўем з перавагай рускай мовы ў асноўнай масы насельніцтва, асабліва ў гарадах. Гэта сітуацыя адлюстроўвае складаны працэс сутыкнення нацыянальнага адраджэння і інтэрнацыянальных умоў выжывання і прагрэсу.
Садзейнічаць нацыянальнаму адраджэнню змогуць новыя пакаленні беларусаў, адказныя за лёс уласнага этнасу. Нацыянальна спецыфічнае павінна быць прыярытэтным у жыцці беларуса, бо менавіта гэтым можна сцвердзіць сваю адметнасць сярод іншых нацый і народнасцей свету.
Беларуская мова прайшла складаны i цяжкi шлях развiцця i даказала, што яна здольная абслугоўваць усе сферы чалавечай дзейнасцi. Беларуская літаратурная мова, апрацаваная, унармаваная, поліфункцыянальная, выкшталцаваная майстрамі роднага слова, служыць сродкам выяўлення духоўнага жыцця народа, сродкам пiсьмовых i вусных зносiн памiж людзьмi беларускай нацыi.