Удзел Бсср у стварэнни ссср
Утварэнне СССР з’явілася вынікам палітычнай, ваеннай, эканамічнай і культурнай інтэграцыі савецкіх рэспублік. Яны ўзніклі на тэрыторыі Расійскай імперыі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. — гэта РСФСР (кастрычнік 1917 г.), Украінская ССР (снежань 1917 г.), Беларуская ССР (1 студзеня 1919 г.), Азербайджанская ССР (красавік 1920 г.), Армянская ССР (лістапад 1920 г.) і Грузінская ССР (люты 1921 г.). Тры апошнія ў сакавіку 1922 г. увайшлі ў Закаўказскую Федэрацыю (ЗСФСР).
Неабходнасць умацавання ўласнай абароназдольнасці, задачы хуткага аднаўлення і сацыялістычнай рэканструкцыі эканомікі патрабавалі аб’яднання намаганняў савецкіх рэспублік. Перадумовай інтэграцыі выступалі: 1) адзіная палітычная аснова — Савецкая ўлада; 2) адзіная эканамічная аснова, калі асноўныя сродкі вытворчасці (зямля, прамысловасць, банкі, сродкі сувязі, знешні гандаль) знаходзіліся ў руках дзяржавы; 3) гістарычна працяглы тэрмін агульнага суіснавання ў межах Расійскай імперыі.
Цэнтралізацыя ўлады у савецкіх рэспубліках праз адзіную партыю дапамагла бальшавікам перамагчы ў грамадзянскай вайне 1918—1920 гг. Але задачы мірнага часу не маглі быць вырашаны ў рамках так званага ваенна-палітычнага аб’яднання савецкіх рэспублік. Фармальна рэспублікі былі незалежныя і роўныя, на самой жа справе паўнамоцтвы РСФСР перавышалі паўнамоцтвы іншых савецкіх рэспублік. Іншы раз гэта прыводзіла да непаразуменняў. Паўстала пытанне ўдасканалення дагаворных адносін.
У ходзе спрэчак пра тое, якім быць новаму саюзу, выявіліся два асноўныя пункты гледжання на тое, якім быць новаму Саюзу:
1. Сталін прапанаваў ажыццявіць «аўтанамізацыю» савецкіх рэспублік, г. зн. уключыць іх у склад РСФСР. Павінна была ўзнікнуць моцная, цэнтралізаваная дзяржава з адзінымі органамі кіравання, а рэспублікі надзяляюцца няпоўным суверэнітэтам.
2. Ленін выдвінуў ідэю ўтварэння федэрацыі — аб’яднання суверэнных дзяржаў, кожная з якіх мае свае органы ўлады, але ёсць і агульнасаюзныя ўпраўленні.
Трэба адзначыць, што ў любым варыянце дзяржаўная ўлада павінна была належаць камуністычнай партыі, якая кантралявала ўсе сферы грамадскага жыцця. Паколькі аўтарытэт Леніна быў бясспрэчным, пераважная большасць партыйных і савецкіх дзеячаў выказалася за ленінскі план.
На Беларусі ідэя стварэння СССР была падтрымана на партыйных канферэнцыях, павятовых і валасных з’ездах Саветаў. IV Усебеларускі з’езд Саветаў (1—18 снежня 1922 г.) аднагалосна выказаўся за своечасовасць аб’яднання. Для ўдзелу ў Х Усерасійскім з’езде Саветаў, дзе меркавалася разгледзець пытанне ўтварэння СССР, Усебеларускі з’езд абраў прадстаўнічую дэлегацыю з 33 чалавек на чале з А. Чарвяковым. Аналагічныя рашэнні прынялі з’езды Саветаў УССР і ЗСФСР.
30 снежня 1922 г. І з’езд Саветаў СССР зацвердзіў Дэкларацыю аб утварэнні СССР, у якой былі сфармуляваны асноўныя прынцыпы аб’яднання рэспублік: раўнапраўе і дабраахвотнасць уваходжання іх у СССР, права свабоднага выхаду з Саюзу і доступ у яго новым савецкім сацыялістычным рэспублікам. Дагавор аб утварэнні СССР прадугледжваў арганізацыю 10 саюзных наркаматаў і Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўленне (служба бяспекі).
Быў абраны вярхоўны орган улады Саюза ССР — Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ЦВК). Старшынямі ЦВК былі выбраны старшыні ЦВК рэспублік, а кіраўніком урада (СНК) — У. Ленін. У снежні 1922 г. у СССР увайшлі РСФСР, УССР, БССР, ЗСФСР. Беларусь заняла месца самай невялікай шасціпавятовай рэспублікі з насельніцтвам 1,5 млн чалавек. Тэарытычна стварэнне Савецкага Саюза давала магчымасць хуткага эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця народаў саюзных рэспублік. Аднак з канца 20-х гг. у СССР перавага ўсё боьш стала надавацца цэнтралізму, скараціліся правы і магчымасці рэспублік. Фактычна пачала здзяйсняцца сталінская ідэя «аўтанамізацыі». БССР у складзе СССР фактычна карысталася толькі правамі нацыянальна-культурнай аўтаноміі тэрытарыяльнага самакіравання. Тым не менш, фармальна-прававы статус рэспублікі ўмацаваўся. Узрос шанец на вяртанне ўсходніх раёнаў.
У сакавіку 1923 г. VII з’езд КП(б)Б і Другая сесія ЦВК БССР чацвёртага склікання паставілі перад саюзнымі ўладамі праблему далучэння до БССР аднародных у гаспадарчым развіцці і этнічных адносінах раёнаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў.
У сакавіку 1924 г. па прапановах і хадайніцтвах беларускага кіраўніцтва Прэзідыум ЦВК СССР прыняў рашэнне аб вяртанні Беларускай ССР 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў. У снежні 1926 г. вернуты яшчэ два паветы: Гомельскі і Рэчыцкі. Усяго ў выніку «узбуйненняў» насельніцтва савецкай Беларусі павялічылася з 1,5 да амаль 5 млн чалавек, а тэрыторыя з 52 да 125 тыс. кв. кіламетраў.
Тэрытарыяльныя ўзбуйненні 1924 і 1926 гг. садзейнічалі кансалідацыі беларускай нацыі, стваралі новыя магчымасці для далейшага гаспадарчага і сацыяльна-культурнага рзвіцця БССР. Вялікую ролю ў гэтых працэсах адыграла палітыка беларусізацыі.
Правядзенне палітыкі беларусізацыі прыпадае на 20-я гады ХХст. Згодна з партыйнымі дакументамі мэтай беларусізацыі было «дзяржаўнае, эканамічнае і культурнае адраджэнне Беларусі на савецкай аснове». Акцэнт рабіўся на двух момантах: неабходнасці «адказных адносін» да нацыянальнай інтэлігенцыі і «выключнай важнасці» авалодання беларускай мовай «усёй партыяй». Гэта палітыка была цесна ўвязана з правядзеннем у жыццё каранізацыі — палітыкі вылучэння і ўцягвання ў кіруючую працу работнікаў усіх мясцовых, карэнных нацыянальнасцей (беларусаў, яўрэяў, палякаў, рускіх) пры умове, што «каранізацыя ёсць вылучэнне беларускіх работнікаў у першую чаргу».