Кампазіцыйная будова навуковых тэкстаў розных жанраў

Як ужо адзначалася вышэй[18]
[20]
, навуковыя тэксты будуюцца паводле тыпу маўлення разважання, для якога ўласціва адзіная лагічная схема: тэзіс – доказ – высновы.

Тэзіс – сцвярджэнне, якое патрабуе абгрунтавання. Тэзіс звычайна ўключае ў сябе прадмет абмеркавання (тое, пра што гаворыцца ў тэксце) і аналізуемую прымету (тое, што гаворыцца пра прадмет). Доказам тэзіса выступаюць аргументы, колькасць якіх залежыць ад жанру і аб’ёму навуковага тэксту. Аргументацыя абавязкова павінна суправаджацца ілюстрацыямі – прыкладамі-пацвярджэннямі ў выглядзе графікаў, табліц, цытат з аўтарытэтных крыніц і інш. Навуковы тэкст, як і асобныя яго часткі, завяршаецца высновамі, у якіх праводзіцца аналітычная адзнака ўласнага даследавання, вызначаюцца перспектывы для далейшага навуковага пошуку.

Найбольш распаўсюджаныя жанры навуковага стылю, з якімі маюць дачыненне навучэнцы ўстаноў адукацыі, наступныя: канспект, даклад, рэферат, анатацыя, рэцэнзія, тэзісы, водзыў, курсавая і дыпломная работы.

Па сваім складзе і мэтавым прызначэнні курсавая і дыпломная работы набліжаюцца да ўласна навуковага падстылю, разгледзім іх асаблівасці ў першую чаргу.

У названых жанрах вылучаюцца наступныя структурна-сэнсавыя кампаненты:

- назва (павінна адлюстроўваць тэму і змест тэксту);

- уводзіны (тут абгрунтоўваецца выбар тэмы даследавання, пазначаецца аб’ект і прадмет для вывучэння, апісваюцца метады даследавання, фармулюецца мэта і задачы навуковай працы);

- асноўная частка (падзяляецца на раздзелы ў адпаведнасці з задачамі і аб’ёмам працы. Кожны раздзел доказна раскрывае змест даследуемай праблемы, мае кароткае падсумаванне праведзенай працы. Першы раздзел асноўнай часткі звычайна ўтрымлівае бібліяграфічнае апісанне выкарыстаных крыніц для даследавання, разгляд іх праблематыкі, спалучаны з уласнай ацэнкай слабых і моцных пазіцый выкарыстаных крыніц);

- заключэнне (змяшчаюцца высновы, зробленыя ў даследаванні);

- спіс выкарыстанай літаратуры (бібліяграфічны спіс);

- спіс публікацый аўтара курсавой, дыпломнай працы (падаецца ў пачатку бібліяграфічнага спіса).

Адзначым, што спіс выкарыстанай літаратуры можа мець некалькі рубрык (частак), але ў кожнай з ix павінен захоўвацца алфавітны парадак размяшчэння крыніц.

Агульнапрынята, напрыклад, што адну рубрыку складаюць выданні, створаныя кірылічным пісьмом (беларуская, руская, украінская, балгарская, сербская i інш. мовы), а другую – кнігі, напісаныя лацініцай (англійская, нямецкая, французская, польская, чэшская i інш. мовы). Пасля замежных выданняў падаюцца электронныя адрасы выкарыстаных інтэрнэт-сайтаў (пры той умове, што выкарыстаны элементы сайта і немагчыма назваць аўтара, назву артыкула) у лацінскім алфавітным парадку. Да электронных даных дадаюцца звесткі пра дату доступу ў квадратных дужках.

Мова бібліяграфічнага апісання, як правіла, адпавядае мове выходных звестак дакумента. У адзіны спіс уклочаюцца кнігі i асобныя артыкулы са зборнікаў. з энцыклапедый, часопісаў i газет, інтэрнэт-крыніц (з пазначэннем аўтара, назвы артыкула, адраса ў інтэрнэце, даты доступу).

Звесткі пра афармленне спіса літаратуры можна знайсці на сайце Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь: http://www.vak.org.by.

Пералічаныя вышэй структурна-сэнсавыя кампаненты з’яўляюцца абавязковымі пры напісанні навуковага артыкула, даклада, у больш скарочаным выглядзе выкарыстоўваюцца ў рэфераце.

Рэферат – кароткі выклад зместу навуковай працы (артыкула, кнігі і пад.). Аўтарэферат –рэферат, напісаны самім аўтарам навуковай працы, звычайна дысертацыйнага даследавання.

Рэферат:

1) адлюстроўвае інфармацыю першакрыніцы (выклад і аналіз найбольш істотнай інфармацыі, пададзенай ў першасным тэксце, у кароткай форме);

2) можа ўтрымліваць звесткі некалькіх навуковых першакрыніц (у гэтым выпадку прыводзіцца супастаўленне розных пунктаў гледжання, прадстаўленых у гэтых крыніцах, па пэўнай праблеме);

3) аб’ектыўнаперадаезмест першакрыніц, у тым ліку ілюстрацыйны матэрыял, звесткі аб метадах даследавання, атрыманых выніках і перспектывах іх выкарыстання ў практычнай дзейнасці, без скажэнняў і суб’ектыўных ацэнак;

4) інфармацыйна насычаны;

5) характарызуецца паўнатой у раскрыцці тэмы;

6) можа толькі перадаваць дакладны змест першаснага тэксту або змяшчаць крытычнае ці творчае асэнсаванне выкарыстаных крыніц для рэферыравання (напрыклад, прыводзіцца ўласны пункт гледжання на праблему, ацэньваецца ступень даследаваннасці вывучаемага пытання);

7) мае сваю структуру:

- загаловачная частка (тытульны ліст, пры неабходнасці змест, уводзіны разам з бібліяграфічным апісаннем);

- уласна рэфератыўная частка (падаюцца звесткі аб аўтарах, указваецца асноўная тэма, разглядаецца праблематыка першакрыніц, даецца падрабязны або сціслы выклад найбольш важных пытанняў);

- заключная частка (вывады аўтара тэксту першакрыніцы, заўвагі рэферэнта пра значнасць, актуальнасць артыкула, кнігі).

Пры працы над рэфератам выкарыстоўваюцца наступныя моўныя клішэ (стандартныя выразы):

Артыкул называецца (носіць назву, мае назву) … .

Аналізуецца (даследуецца, асвятляецца …) (што ?), праблема (якая?), даецца аналіз (чаго?) … .

У даследаванні аўтар ставіць (асвятляе, падымае, закранае) пытанні (праблемы) … .

Гаворка ідзе (пра што ?) пра тое, што … .

У артыкуле пададзены пункт гледжання на … .

Падрабязна даследуецца (што?) … .

Звяртаецца ўвага (на што?), даказваецца (што?) … .

Падкрэсліваецца выключна важнае значэнне … .

Асобна разглядаюцца пытанні (чаго?) (якія?) … .

У заключэнні аўтар гаворыць (што?) (пра што?), у выніку робяцца высновы… .

Аўтар прыходзіць да вываду (заключэння …), пераканаўча даказвае …, прытрымліваецца пункту гледжання …, крытыкуе … [9;17].

Трэба мець на ўвазе, што пры падрыхтоўцы даклада (вуснага выступлення) паводле напісанага рэферата, навуковага артыкула, курсавой і дыпломнай работы ўлічваецца агульнанавуковы ўзровень, падрыхтаванасць да ўспрымання даклада, склад аўдыторыі, перад якой будзе рэалізаваны даклад. Пры падрыхтоўцы даклада неабходна валодаць такімі якасцямі, як уменнем праводзіць даследаванне, лагічна выкладаць сабраны матэрыял і вынікі работы, кваліфікавана адказваць на пытанні па тэме паведамлення.

Анатацыя – кароткая характарыстыка кнігі, артыкула або навуковага зборніка. У анатацыі пералічваюцца асноўныя пытанні першакрыніцы без раскрыцця іх сутнаснага зместу, у адрозненне ад рэферата.

Структура анатацыі:

1) бібліяграфічнае апісанне (прозвішча, імя, імя па бацьку аўтара; назва крыніцы; месца выдання, выдавецтва, год; аб’ём (колькасць старонак або нумары старонак, на якіх размешчаны артыкул);

2) пералік асноўных пaлажэнняў тэксту-крыніцы;

3) чытацкае назначэнне (на якую аўдыторыю разлічана кніга, якасць напісання тэксту, актуальнасць і інш.).

Як правіла, тэкст анатацыі складаецца з простых сказаў. Пры напісанні анатацыі выкарыстоўваюцца наступныя моўныя клішэ:

Артыкул прысвечаны пытанню (тэме, праблеме …)

Артыкул уяўляе сабой абагульненне (агляд, выклад, аналіз, апісанне …) (чаго?)

Аўтар ставіць (асвятляе) наступныя праблемы …/ закранае наступныя пытанні …/ засяроджвае ўвагу на праблемах…

У артыкуле (кнізе, раздзеле …) разглядаецца (абагульняецца …) (што?) / гаворыцца (пра што?) / даецца ацэнка (аналіз, абагульненне) (чаго?) / прадстаўлены пункт гледжання (на што?)

Артыкул (…) адрасаваны (каму?) / можа быць выкарыстаны (кім? )/ уяўляе цікавасць (для каго?) [9;17].

Прыведзеныя стандартныя выразы могуць выкарыстоўвацца ў навуковай працы (рэферат, курсавая, дыпломная работы) пры апісанні выкарыстаных першакрыніц.

Тэзісы – сцісла сфармуляваныя асноўныя палажэнні навуковай працы (артыкула, даклада, лекцыі). Тэзіс звычайна супадае з інфармацыйным цэнтрам, асвятляе асобную мікратэму даследавання. У тэзісах, у большасці выпадкаў, не прыводзяцца цытаты, спасылкі на іншыя навуковыя працы.

Паводле зместу тэзісы бываюць:

- першасныя (арыгінальная навуковая праца). Уяўляюць сабой сціслы выклад аўтарскага артыкула або даклада.

- другасныя (напісаныя на аснове першакрыніцы і ў гэтым плане падобныя да анатацыі, рэферата).

Паводле моўнага афармлення тэзісы падзяляюцца на:

- тэзісы намінатыўнага ладу (аднасастаўныя сказы з галоўным членам у форме назоўніка);

- тэзісы дзеяслоўнага ладу (двухсастаўныя сказы).

Рэзюмэ – сціснутыя высновы ў выглядзе некалькі выразных, дакладных сказаў, якія раскрываюць, на думку аўтара, самую сутнасць апісваемага аб'екта. Жанр рэзюмэ выкарыстоўваецца пры напісанні даклада (у заключнай частцы), курсавой, дыпломнай работы (у выглядзе кароткага падсумавання да кожнага раздзела навуковага даследавання).

Уменне ствараць тэксты ў разгледжаных навуковых жанрах дапамагае выпрацаваць навыкі працы з навуковай літаратурай: арыентавацца ў даследуемых праблемах, бачыць асноўную і неістотную інфармацыю, адбіраць неабходныя звесткі.

Пры выкарыстанні жанраў навуковага маўлення дзейнічаюць два асноўныя прынцыпы падачы навуковай інфармацыі:

1) разгортванне інфармацыі (размяшчэнне аргументаў, ілюстрацый, графікаў, табліц з мэтай забяспечыць доказнасць меркавання; калі мэта дасягнута, разгортванне спыняецца);

2) сцісканне (кампрэсія) інфармацыі (за кошт апушчэння падрабязнасцей, замяшчэння доўгіх элементаў скарочанымі, аб’яднання звестак).

Шляхам змяншэння інфармацыі часта карыстаюцца пры рэферыраванні, анатаванні навуковых публікацый, а таксама пры падвядзенні вынікаў доследаў, эксперыментаў у параграфах, главах, раздзелах ці заключэннях навуковых работ.

Распаўсюджанымі памылкамі пры змяншэнні інфармацыі лічацца неапраўданыя страты неабходнай інфармацыі, скажэнне сэнсу першакрыніцы, адсутнасць логікі ў падачы інфармацыі.

Такім чынам, нягледзячы на тое, што разгледжаныя жанры (курсавая і дыпломная работы, навуковы артыкул, рэферат, аўтарэферат, анатацыя, тэзісы, рэзюме) з’яўляюцца адзінкамі навуковага маўлення, яны маюць свае асаблівасці ў залежнасці ад спосабу падачы матэрыялу і прызначэння, якія неабходна ведаць, каб выкарыстоўваць навуковае маўленне эфектыўна.

Афіцына-справавы стыль

Афіцыйна-справавы стыль – адна з функцыянальных разнавіднасцей літаратурнай мовы, якая абслугоўвае афіцыйныя сферы дзяржаўнай, вытворчай, юрыдычнай, міжароднай дзейнасці грамадства. Гэты стыль выкарыстоўваецца ў справаводстве, заканадаўстве, кіраўнічай і дыпламатычнай галінах дзейнасці.

У афіцына-справавым стылі напісаны тэксты афіцыйных дакументаў[19]
[21]
(законаў, загадаў, распараджэнняў, пратаколаў, пагадненняў, актаў, даведак, афіцыйных лістоў устаноў, інструкцый, патэнтаў, тэхнічных умоў, дзяржаўных стандартаў, заяў, распісак і інш.).

У афіцыйна-справавым стылі вылучаюцца наступныя падстылі ў залежнасці ад прызначэння тэкстаў: уласна заканадаўчы (юрыдычны), дыпламатычны і канцылярскі. Аднак, нягледзячы на разнастайнасць падстылей і жанраў, афіцыйна-справавы стыль характарызуецца адзінствам у стылявых рысах.

Наши рекомендации