Васіль Цяпінскі – паслядоўнік Францыска Скарыны
Васíль Ця́пінскі (каля 1540 — каля 1603), беларускі гуманіст-асветнік, пісьменнік і кнігавыдавец, перакладчык, пачынальнiк бiблейскай (новазапаветнай) выдавецкай беларускамоўнай традыцыi. Паслядоўнік Ф. Скарыны.
Біяграфія
Нарадзіўся ў маёнтку Цяпіна ў сям’і дробнага гаспадарскага баярына Полацкага павета Мікалая Амельяновіча. Служыў у падканцлера ВКЛ Астафея Валовіча, пратэктара рэфармацыйнага руху, які падтрымліваў кнігавыдавецкую і асветніцкую дзейнасць на Беларусі.
Рэлігіёзныя погляды
Васiль Цяпінскі працягнуў гуманістычныя і культурна-асветніцкія традыцыі Францішка Скарыны, быў асабіста і ідэйна звязаны з Сымонам Будным, падзяляў яго грамадска-палітычныя і рэлігійныя погляды. Як і Сымон Будны, ён перайшоў з кальвінізму ў антытрынітарызм. У кнізе «Пра найважнейшыя артыкулы хрысціянскае веры» Сымон Будны паведамляў, што ў 1574 годзе у доме «брата мілага Васіля Цяпінскага» адбыўся сінод антытрынітарыяў. У другой сваей кнізе ён пісаў пра сінод 1578 года, на якім Цяпiнскi адстойваў сваю грамадзянскую пазіцыю. Ён лічыў, што валодаць маёнткамі і зямлёй, а таксама ўдзельнічаць у справядлівых войнах супраць нашэсцяў і пагрозы тыраніі – гэта ня грэх і не супярэчыць Бібліі, як даводзілі крайне левыя антытрынітарыі. Такія погляды Цяпiнскага супадалі з поглядамі шляхецкага крыла пратэстанцкага руху.
Кнігавыдавецкая дзейнасць
У 1570-я г. ён на свае сродкі ў сваім родавым маёнтку арганізаваў друкарню(якая знаходзілася, відаць, у Цяпіне) з намерам выдаваць кнігі на беларускай мове. У яго была добрая бібліятэка, неабходная яму для выдавецкай дзейнасці. Наважыўшыся надрукаваць Евангелле на дзвюх мовах – царкоўнаславянскай і беларускай, Цяпiнскi распачаў цяжкую і складаную па тым часе работу па яе перакладзе. Цяпер вядома толькі адно яго выданне – Евангелле, якое выйшла каля 1570 і надрукавана на дзвюх мовах - царкоўнаславянскай і беларускай. Пры перакладзе Евангелля на беларускую мову Васiль Цяпiнскi абапіраўся на стараславянскія пераклады Свяшчэннага пісання асветнікамі Кірылам і Мяфодзіем. Выданне ўпрыгожана наборным арнаментам. Прадмова да "Евангелля" адрозніваецца ад іншых прадмоў у беларускіх старадруках публіцыстычнай страснасцю, вастрынёй пастаўленых пытанняў. Васіль Цяпінскі асуджае царкоўную і свецкую знаць, якая абыякава ставіцца да будучынi Айчыны. Уся перакладчыцкая і друкарская дзейнасць вялася ім з патрыятычных пачуццяў да Радзiмы. У рукапіснай прадмове да Евангелля выдавец пісаў пра сваё высокае прызначэнне служыць беларускаму народу. Цяпінскі заклікаў паноў і духавенства дапамагаць паспалітаму люду адкрываць школы і ўзнімаць навуку. Васiль Цяпiнскi імкнуўся даказаць вялікую карысць чытання Евангелля на роднай мове, якое дае магчымасць лепш разумець рэлігію.
Такiм чынам асветніцкая праграма Васiля Цяпінскага была разлічана на ўздым нацыянальнай культуры, школьнай справы, пісьменства, кнігадрукавання, умацаванне пазіцый беларускай мовы, абуджэнне грамадзянскай актыўнасці беларускага народа, яго гістарычнай і нацыянальнай свядомасці. У яго творчасці прысутнічаюць выразныя дэмакратычныя тэндэнцыі. Асноўную прычыну цяжкага становішча і заняпаду сваёй Айчыны ён бачыў у афіцыйнай палітыцы паланізацыі і акаталічвання беларусаў, у падтрымцы гэтай палітыкі мясцовымі феадаламі, якія не толькі не дапамагалі народу развіваць сваю культуру, але і самі адракліся ад таго, што калісьці было зроблена іх продкамі. Даўно наспелай справай ён лічыў адкрыццё школ, у якіх выкладанне вялося б не на лацінскай ці польскай, а на беларускай мове, дастаткова багатай для выкарыстання яе ў навучальных установах. Такія школы і вывучаемыя ў іх прадметы, на яго думку, павінны адпавядаць усебаковаму развіццю адукацыі на роднай мове і, значыць, усебаковаму развіццю. У сваім выданні Евангелля Васiль Цяпiнскi змясціў 210 глос (слоў-перакладаў), якія тлумачылі на палях кнігі незразумелыя ці малазразумелыя словы. Яго падыход да рэлігіі быў рацыяналістычны, талерантны. Рэлігійную адукацыю ён звязваў з асветай наогул. Евангелле адрасаваў і дарослым, і дзецям, і кальвіністам, і праваслаўным, і ўсім, хто хоча чытаць гэту частку Бібліі. У сваей прадмове да Евангелля Цяпiнскi пісаў, што з-за цяжкага матэрыяльнага становішча процідзеяння непрыяцеляў, якія здзекаваліся з яго шчырага імкнення надрукаваць кнігу, яму давялося выпусціць толькі пісанні святых Матфея, Марка і пачатак з Евангелля Лукі.