Указ аб верацярпімасці i змены ў стане хрысціянскіх канфесій
Тема 5
КАНФЕСІІ I ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЕ ЖЫЦЦЁ (1905 - 1917)
УКАЗ АБ ВЕРАЦЯРПІМАСЦІ I ЗМЕНЫ Ў СТАНЕ ХРЫСЦІЯНСКІХ КАНФЕСІЙ
17 красавіка 1905 г. быў прыняты "Именной Высочайший Указ Правительствуюшему Сенату", які атрымаў шырокую вядомасць як указ аб верацярпімасці. Гэтай акцыяй царскі ўрад, хацеў ён таго ці не, прызнаваў, што да гэтага часу такой верацярпімасці ў дзяржаве не было. Што ж канкрэтна змянілася як у заканадаўчых актах, так і ў самой канфесіянальнай палітыцы пасля прыняцця ўкааза?
Указ не пахіснуў пазіцый праваслаўнай царквы. Як і раней, дзяржаўныя законы пакідалі за ёю права "первенствующдей и господствуюшей". Праваслаўная царква ў якасці пануючай карысталася правам "публнчной проповеди", з якога выцякала "неприкосновенность для прозелитизма". Заканадаўча гэта было зацверджана ў артыкуле 4 статуга духоўных спраў іншаземных веравызнанняў (1896. Т. 11. Ч. 1). У ім гаварылася: "У межах дзяржавы адна пануючая праваслаўная царква мае права пераконваць паслядоунікаў іншых хрысціянскіх веравызнанняў і іншаверцаў да прыняцця яе вучэння аб веры". Гэта права захавалася і пасля ўказа 1905 г. Каб пацвердзіць, што гэта так, звернемся Да дакументаў Камітэта міністраў, якія суправаджалі ўказ 17 ркрасавика. У іх адзначаецца: "Нязменна захоўваюцца і на будучы час тыя перавагі, што прыдаюць Праваслаўнай царкве значнасць пануючай — прыналежнасць да яе Гасудара Імператара, свабода прыцягвання паслядоўнікаў і атрыманне грошай на задавальнне сваіх патрэб з агульнадзяржаўных даходаў" [1. С. 451].
Законы, што былі выдадзены ў 1906 г., пацвердзілі вяршынства і пануючую ролю праваслаўнай царквы і абазначылі межы верацярпімасці, зафіксаваныя ў статутах духоўных спраў іншаземных веравызнанняў. Варты ўвагі факт: Дзяржаўная Дума першага склікання, распрацаваў-шы Закон аб свабодзе веры, вырашыла папярэдне пазнаёміцца з думкай Св. Сінода аб ім. Гэты Закон не быў прыняты ў сувязі з роспускам Думы, але было прызнана, што заканадаўчыя органы і надалей, перш чым прымаць законы ў даным кірунку, павінны ведаць і ўлічваць адносіны да іх з боку Св.Сінода.
Такім чынам, галоўны стрыжань канфесіянальнай палітыкі — захаванне пануючай ролі праваслаўнай царквы — быў пакінуты і надалей. Ні ўказ аб верацярпімасці 17 красавіка 1905 г., ні Маніфест 17 кастрычніка 1905 г., ні шэраг наступных заканадаўчых актаў не мелі на мэце абмежаваць правы праваслаўнай царквы. I законы і палажэнні, накіраваныя на ліквідацыю абмежаванняў і істотных правоў іншаверных і іншаземных веравызнанняў, не павінны былі абмяжоўваць існуючыя правы праваслаўнай царквы.
Праваслаўныя вернікі па-ранейшаму захоўвалі перавагу ў параўнанні з іншымі веравызнаннямі. Павялічылася і колькасць праваслаўных храмаў. У 1912 г. у Гродзенскай епархіі было 7 сабораў, 349 прыходскіх цэркваў, 112 прыпісных, 132 цэрквы на могілках, 2 дамавыя, 6 манастырскіх і 42 капліцы; у Літоўскай епархіі — 5 сабораў, 200 прыходскіх цэркваў, 65 прыпісных, 103 цэрквы на могілках, 26 дамавых, 58 капліц; у Мінскай — 9 сабораў, 547 прыходскіх цэркваў, 394 прыпісныя, 251 царква на могілках, 19 дамавых, 101 капліца; у Магілёўскай — 7 сабораў, 534 прыходскія цэрквы, 125 прыпісных, 98 цэркваў на могілках, 34 капліцы; у Полацкай — 13 сабораў, 291 прыходская царква, 85 прыпісных, 104 цэрквы на могілках, 21 дамавая, 235капліц [2. С. 188].
Змены, якія адбываліся ў становішчы іншаверных і іншаземных веравызнанняў, ішлі ў наступных кірунках. У першую чаргу гэта пераходы з аднаго веравызнання ў другое, адакладней — "отпаденне от православия". Нагадаем, што раней закон забараняў пераход з праваслаўнага веравызнан-ня ў іншае. Зараз жа, у імянным указе ад 17 красавіка 1905 г., імператар Мікалай II абвясціў: "Прызнаць, што адпадзенне ад праваслаўнай веры ў другое хрысціянскае веравызнанне або веравучэнне не будзе падвяргацца ганенню, не павінна выклікаць якіх-небудзь нявыгадных у адносінах асабістых або грамадзянскіх правоў вынікаў, прычым адпаўшая ад праваслаўя асоба, калі яна дасцігла паўналецця, належыць да таго веравызнання або веравучэння, якое яна сама абрала". Пакаранне, якое накладвалася за пераход з праваслаўнага ў іншае веравызнанне, і ўсе існаваўшыя да гэтага часу грамадзянскія абмежаванні адмяняліся [3. Ф. 694, воп. 1, спр. 2836, арк. 160].
У хуткім часе пасля абнародавання ўказа з розных месцаў Расійскай імперыі "с неокрепшим еше в православии населеннем" (сюды ўлады адносілі былыя уніяцкія (мясцовасці, усходнія ўскраіны, населеныя мусульманамі, тэрыторыі, населеныя латышскім насельніцтвам, і г.д.) пачалі паступаць масавыя заявы аб прылічэнні да іншага веравызнання. Што тычылася Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай губерняў, то тут адбываліся пераходы галоўным чынам з праваслаўя ў каталіцтва, а ў раёнах Віцебскай губерні, населеных латышамі, — у лютэранства. Задаволіць гэтыя заявы на практыцы аказалася даволі цяжкай справай: указ ад 17 красавіка не ўтрымліваў указання адносна механізму пераходаў. Каб запоўніць гэты прагал, рымска-каталіцкія епіскапы зрабілі распараджэнне падпарадкаванаму ім рымска-каталіцкаму духавенству аб парадку прыняцця ў каталіцку ю веру тых, хто вырашыў адысці ад праваслаўя. Аб аператыўнасці рымска-каталіцкага духавенства сведчыць той факт, што цыркуляр Віленскага епіскапа па азначаным пытанні быў выдадзены 21 красавіка 1905 г., гэта значыць праз чатыры дні пасля выдання ўказа аб верацярпімасці [3. Ф. 607, воп. 1, спр. 76, арк. 20, 2].
Улады абвясцілі гэтае распараджэнне незаконным, спаслаўшыся на тое, што даныя пытанні — пытанні дзяржаўнай улады. У сувязі з такой сітуацыяй 18 жніўня 1905 г. было выдадзена цыркулярнае распараджэнне (з часовымі правіламі) МУС аб пераходзе з праваслаўнага веравызнання ў іншае. У снежні таго ж: года Св. Сінод, кіруючыся даным, цыркулярам, выдае ўказ " О порядке перехода православных лиц в инославные и инноверные нсповедання". Указ быў даведзены да праваслаўных епіскапаў з прыпіскай аб тым, каб яны азнаёмілі з правіламі пераходаў падпарадкаванае ім духавенства і зрабілі са свайго боку распараджэнні аб "пераконванні на працягу ўказанага тэрміну асобаў, што заявілі аб сваім жаданні адпасці ад праваслаўя, застацца вернымі святой праваслаўнай царкве" [3. Ф. 607, воп. 1, спр. 76, арк. 16].
У чым заключаліся правілы пераходаў? Асоба, якая пажадала перайсці з праваслаўя ў іншае хрысціянскае вера-вызнанне, павінна была звярнуцца заявай да губернатара. Губернатар, давёўшы да ведама праваслаўнае епархіяльнае кіраўніцтва, на працягу месячнага тэрміну накіроўваў заяву на разгляд мясцоваму інаслаўнаму духоўнаму начальству, апошняе апавяшчала губернатара, а той праваслаўнае начальства аб тым, што вернік прыняты ў другое веравызнанне. На гэты раз рымска-каталіцкае духавенства не праявіла неабходнай аператьгўнасці. На працягу некалькіх гадоў каталіцкія свяшчэннаслужыцелі ўсё яшчэ імкнуліся кіравацца не цыркулярам МУС ад 18 жніўня 1905 г., а цыркулярамі сваіх епіскапаў. У сувязі з гэтым Віленскі рымска-каталіцкі епіскап К.Міхалькевіч мусіў прыняць 22 снежня 1908 г. спецыяльны цыркуляр, якім растлумачваў свайму духавенству, што "для аднолькавага парадку дзеянняў і з мэтай пазбегнуць непажаданых непаразуменняў" неабходна кіравацца цыркулярам і часовымі правіламі МУС ад 18 жніўня 1905 г. [3. Ф. 607, воп. 1, спр. 76, арк. 2].
Цыркуляр МУС ад 18 жніўня 1905 г. агаворваў і ўмовы пераходу або вяртання ў праваслаўнае веравызнанне. У сувязі з гэтым адзначалася: "Адносна прыняцця праваслаўя або вяртання да праваслаўнай царквы зразумела, што пануючай у дзяржаве царкве належыць неад'емнае права ўсімі законнымі сродкамі садзейнічаць пераходу ў праваслаўе і аказваць духоўны ўплыў на тых, хто перайшоў або збіраецца перайсці, каб утрымаць іх у былой веры і вярнуцца ў праваслаўе". Мясцовыя ўлады павінны былі ўсімі сродкамі аказваць праваслаўнаму духавенству падтрымку ў даным кірунку.
За 1905 — 1907 гг., па даных обер-пракурора Св.Сінода, з пправаслаўя ў каталіцтва ў цэлым па Расійскай імперыі перайшлі больш за 170 тыс. чал., 10 тыс. праваслаўных вернікаў сталі пратэстантамі. Больш частымі сталі пераходы ў стараверства і сектанцтва [4. С. 398].
Значную частку пераходаў складалі пераходы ў беларуска-літоўскіх губернях. Так, па звестках упраўляючага Віленскай рымска-каталіцкай епархіі, колькасць тых, хто за 1905 — 1909 гг. перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва па епархіі, склала 62 тыс. [3. Ф. 694, воп. 1, спр. 2954, арк. 110]. У Віцебскай губерні за І905 — 1908 гг. у каталіцтва перайшло каля 4 тыс. праваслаўных, 230 сталі лютэранамі. Асабліва адмётным у гэтым кірунку быў Дрысенскі павет на Віцебшчыне. Тут каталікамі сталі 2.393 чал., што складала 62,7 % ад усіх перайшоўшых па губерні [5. Спр. 54191, арк. 29]. Гэта выклікала неспакой з боку ўлад. На справаздачы віцебскага губернатара за 1908 г. у адпаведным месцы рукой імператара было напісана: "Звяртаю сур'ёзную ўвагу на гэтую дрэнную і недапусцімую з'яву". Праваслаўнае епархіяльнае начальства правяло аналіз прычын пераходаў у каталіцкую веру. Галоўныя з іх праваслаўныя іерархі бачылі ў "падсвядомым імкненні да каталіцтва былых уніятаў дзеля грамагучнага аргана, лёгкіх пастоў і магчымасці заключаць шлюбы сярод блізкіх родзічаў" [5. Спр. 54191, арк. 29].
У сакавіку 1909 г. у праваслаўныя епархіі заходніх губерняў паступіў сакрэтны ўказ імператара. У ім гаварылася аб неспакоі ў сувязі з тым, што пераходы з праваслаўя ў каталіцтва ўсё яшчэ працягваюцца і што праваслаўнае духавенства павінна ўзмацніць сваю дзейнасць у напрамку зацвярджэння прыхаджан у праваслаўнай веры. "Час, які мы перажываем, — адзначалася ў дакуменце, — гэта час даволі моцнага ціску на праваслаўную веру і царкву з боку рымска-каталіцкай царквы і патрабуе ад нас асаблівай апостальскай руплівасці, пастаяннай пастырскай дзейнасці і пільнасці" [3. Ф. 607, воп. 1, спр. 76, арк. 17].
Што тычылася пераходаў з аднаго іншаземнага веравызнання ў другое, то сюды ўказ ад 17 красавіка 1905 г. перамен не ўносіў. Механізм гэтых пераходаў грунтаваўся на тых законах, якія дзейнічалі да гэтага часу.
Важным пытаннем пры фарміраванні канфесіянальнай палітыкі, рэгуляванні ўзаемаадносін паміж рознымі канфесіямі з'яўляецца пытанне аб змешаных шлюбах. Пры яго вырашэнні ўказ ад 17 красавіка і маніфест 17 кастрычніка 1905 г., як і раней, захоўвалі перавагу праваслаўнай царквы і рэгулюючую ролю дзяржавы. Згодна з гэтымі дакументамі змешаныя шлюбы (калі адзін з уступаючых у шлюб быў праваслаўным) павінны былі адбывацца па праваслаўным абрадзе. Дзеці, што нарадзіліся ад такога шлюбу, павінны былі быць ахрышчаны і выхаваны па правілах праваслаўнай царквы. У выпадку, калі той з бацькоў, што быў праваслаўным, пераходзіў у каталіцтва, то і дзеці да 14 гадоў маглі быць пераведзены ў каталіцтва.
Пасля прыняцця гэтых дакументаў пачалі паступаць хадайніцтвы ад адышоўшых ад праваслаўя асоб аб прызнанні законнымі іх шлюбаў, заключаных да ўказа ад 17 красавіка не па праваслаўным абрадзе, і нарадзіўшыхся ад гэтага шлюбу дзяцей. Зразумела, што выканаўчыя органы, у якія паступалі падобныя заявы, не маглі прымаць станоўчага рашэння бо законы недвухсэнсава сцвярджалі, што шлюбы, заключаныя па абрадах і правілах інаслаўных і іншаземных веравызнанняў (калі адзін з бакоў афіцыйна лічыўся правасласаўным), лічыліся несапраўднымі, а дзеці, што нарадзіліся ад гэтага шлюбу, — пазашлюбнымі. Тым не менш, каб папярэдзіць незадавальненне і бражэнне сярод насельніцтва, асабсабліва на тых тэрыторыях, дзе ў выніку рэлігійнай стракатасці такія шлюбы былі даволі частымі, Міністэрства ўнутраных спраў прыняло рашэнне распрацаваць часовыя правілы для узаконення шлюбаў, што былі заключаны па абрадах інаслауных і іншаверных веравызнанцяў асобамі, якія лічыліся правасл:аўнымі да выдання Найвысачэйшага ўказа 17красавіка 1905 г, нарадзіўшыхся ад гэтых шлюбаў дзяряцей [6. С. 851]. Сутнасць гэтых правілаў у тым, каб прызнаць сапраўднымі падобныя шлюбы з моманту заключэння, калі пры іх заключэнні захоўваліся ўсе патрабаванні грамадзянскага закону і кананічныя правілы тых веравызнанняу, па якіх у сапраўднасці належалі асобы, што ўступілі ў шлюб. Пры гэтым, калі шлюб быў запісаны духоўнымі асобамі ў пц, прыхоіходскія (метрычныя) кнігі, нягледзячы на тое, што яны не меліправа гэтага рабіць, факт шлюбу павінен лічыцца бяспрэчным. У выпадку ж, калі шлюб не быў запісаны ў прьходскую кніг, пытанне павінна было разглядацца ў судовым парадку. Пасля разгляду правілаў Саветам міністраў яны паступілі да імператара, які 31 снежня 1907 г. ухваліў даддзены дакумент.
Улютым 1907 г. Савет міністраў, які ўзначальваў у той час П. Сталыпін, зноў разгледзеў законапраекты, што тычыліся свабоды сумлення. Адзін з іх адносіуся дасямейнага права, а дакладней — да змешаных шлюбаў. Галоўным палажэннем законапраэкта аб сямейным праве было тое, што МУС прапанавала, каб у шлюбах праваслаўных з неправаслаўнымі веравызнанне дзяцей вызначалася пагадненнем бацькоў і толькі прь адсутнасці такога пагаднення дзеці прылічваліся да праваслаўнага веравызнання. Прапанова выклікала спрэчкі. Тыя, хто адстой існаваўшае да гэтага часу палажэнне, прыводзілі наступныя довады. Па-першае, яны баяліся, што прадастаўленнебацькам права выбару веравызнання іх дзіцяці будзе правакаваць асоб неправаслаўнага веравызнання схіляць іх у свой бок, чаго асабліва можна чакаць ад духавенства неправаслаў веравызнанняў, "амаль усюды лепш адукаванага і спрытнага, чым праваслаўнае" [1. С. 455].
Па-другое, праводзілася думка аб тым, што калі надаць бацькам такія правы, то гэта будзе толькі сеяць у сям'і
рознагалоссі, падобныя тым, якія адбываюцца ў Заходняй Еўропе і асабліва ў Германіі. Гаварылася аб неабходнасці ўлічваць псіхалогію вернікаў, якія ўжо прывыклі да таго, што калі ў сям'і адзін з бацькоў праваслаўны, то і дзеці павінны выхоўвацца ў праваслаўнай веры. I нарэшце, веравызнанне другой асобы, лічылі апаненты законапраекта, "ніколі не павінна вызначацца самавольна іншымі асобамі, нават і бацькамі, а павінна вызначацца толькі волей дзяржавы, гэта значыць законамі" [1. С. 455].
Гэты законапраект, як і многія іншыя "вероисповедные законы" сталыпінскага Кабінета міністраў, сустрэў супраціўленне з боку праваслаўных іерархаў. Пасля роспуска II Думы ўсе яны перакачавалі ў III Думу, але пасля забойства П.Сталыпіна аб іх прыняцці ўжо не думалі, паміж вярхушкай праваслаўнай царквы і ўрадам устанавілася згода.
Пытанне аб змешаных шлюбах непакоіла і рымска-каталіцкую царкву. У 1907 г. Дэпартамент духоўных спраў дазволіў разаслаць усім рымска-каталіцкім епіскапам папскі дэкрэт пад назвай Nе tеmеге". Гэты акт не быў затрыманы дэпартаментам па прычыне, што з'яўляўся важным у кананічных адносінах дакументам. Разам з тым ён утрымліваў палажэнні, якія не супадалі з законапалажэннямі Расійскай імперыі, а іменна: прызнанне несапраўднымі шлюбаў каталікоў з асобамі праваслаўнымі або іншага веравызнання, дапушчэнне шлюбаў, не дазволеных грамадзянскімі законамі, і г.д. Дэпартамент духоўных спраў спадзяваўся, што існаванне дакладных заканадаўчых установак па ўсіх дадзеных пытаннях не будзе правакаваць каталіцкае духавенства на парушэнне законаў. Дднак гэтыя надзеі не спраўдзіліся. Каталіцкае духавенства час ад часу парушала закон, спасылаючыся пры гэтым на дэкрэт Nе tеmеге ". Таму ў кастрычніку 1910 г. кіраўнікам рымска-каталіцкіх епархій было разаслана спецыяльнае "отношенне" міністра ўнутраных спраў, у якім адзначалася, што ў выпадку парушэння рымска-каталіцкімі духоўнымі асобамі дзеючых законаў спасылкі на дэкрэт " Nе tеmеге" не будуць прымацца да ўвагі [3. Ф. 604, воп. 1, спр. 5217, арк. 34].
Да ліку праблем, што вельмі непакоілі рымска-каталіцкае духавенства, адносілася і праблема касцёлабудавання. Мы ўжо ведаем з папярэдніх раздзелаў, што пасля паўстання 1863 г. гэтая справа прыйшла ў заняпад. Па даных польскіх даследчыкаў, за 1860 — 1905 гг. уладамі было ліквідавана 146 парафіяльных і 52 філіяльныя касцёлы, 240 капліц. Значная частка рымска-каталіцкіх культавых устаноў (205) была пераўтворана ў праваслаўныя [7. С. 87]. Савет міністраў царскай Расіі прыводзіў такія лічбы: пачынаючы з 30-х гг. XIX ст. па распараджэнні ўрада закрыта 240 рымска-каталіцкіх цэркваў у заходніх губернях і больш за 30 — у Царстве Польскім. Большая частка скасаваных цэркваў паступіла разам з зямельнымі надзеламі ў распараджэнне праваслаўнага духоўнага ведамства, некаторыя з іх прыстасаваны пад казённыя ўстановы, прададзены або пустуюць [ 1. С. 375]. Згодна 3 цыркулярам генерал-губернатара М.Мураўёва будаўніцтва філіяльных касцёлаў у заходніх губернях, а таксама алтароў, капліц, іх рамонт і перабудова не дапускаліся без дазволу Галоўнага начальніка краю. У 1896 г. "Высочайшим повеленнем" гэты цыркуляр быў адменены, аднак засталіся іншыя абмежаванні ў даным кірунку. У вьніку такой палітыкі на тэрыторыі пяці губерняў каталіцкія храмы практьгчна не ўзводзіліся. Так, у Віленскай рымска-каталіцкай епархіі пачынаючы з 60-х гг. і да моманту прыняцця ўказа абверацярпімасці былі адноўлены філіяльны касцёл у Васількава (замест скасаванага ў 1867 г.), парафіяльныя касцёлы ў в.Свянцяны і ў с.Крыпна замест драўлянага пабудаваны каменны касцёл. Не было ўзведзена ніводнай касцёльнай пабудовы ў тых месцах, дзе іх раней не было [3. Ф.694, воп. 1, спр. 2737, арк. 65].
17 красавіка 1905 г. каталікі атрымалі дазвол пры неабходнасці и наяўнасці сродкаў будаваць свае храмы ва ўсіх меецах Расійскай імперыі. Для гэтага ставіліся тры ўмовы: дазвол каталіцкага духоўнага начальства, наяўнасць неабходных для будаўніцтва сродкаў і выкананне тэхнічных патрабаванняў будаўнічага статута. Аднак мясцовымі грамадзянскімі ўладамі гэтыя правілы выконваліся толькі на працягу трох с паловай гадоў.
4 лютага 1909 г. было выдадзена распараджэнне генерал-губернатара К. Крьшвіцкага, якое грунтавалася на цыркуляры МУС ад 28 лістапада 1908 г. і ўтрымлівала ўдакладненні і змены ў справе касцёлабудавання. Вярталіся абмежаванні, адмёненыя не толькі ўказам ад 17 Красавіка 1905 г., але і "Высочайшимм повелением" 1896 г. "Што тычыцца рамонту прыходскіх і філіяльных рымска-каталіцкіх цэркваў, — сцвярджалася ў дакуменце 1896 г.,—і пабудаваных новых замест абвятшаўшых або разбураных у выніку няшчаснага выпадку, то такія, паводле Найвысачэйшага ўказа 10 ліпеня 1896 г., маглі праводзіцца без удзелу грамадзянскай улады з дазволу духоўнага начальства". Зараз усё зноў было падпарадкавана "папярэдняму дазволу грамадзянскіх улад". Такім чынам, ужо праз тры з паловай гады гіункт "указа аб веротерпимасц"і стаў тлумачыцца зусім па іншаму і заходнія губерні зноў вярнуліся да мураўеўскага цыркуляра [3. Ф. 694, воп. 1, спр. 2737, арк. 65].
Каталіцкія свяшчэннаслужыцелі не заўсёды выконвалі распараджэнне Крышвіцкага і час ад часу распачыналі збор ахвяраванняў на аднаўленне або будаўніцтва храма, не звяртаючыся за дазволам да грамадзянскіх улад. У такіх выпадках грамадзянскія ўлады, калі да іх даходзілі звесткі аб падобных дзеяннях каталіцкага духавенства, аб'яўлялі іх незаконнымі. Так здарылася, напрыклад, з дазволам, які дала Віленская рымска-каталііцкая кансісторыя на збор ахвяраванняў на будаўніцтва каменнага касцёла ў в.Хожава Вілейскага павета Віленскай губерні замест скасаванага ў 1867 г.
Такія адносіны да касцёлабудавання знаходзяць сваё адлю-страванне ў статыстычных даных, што тычацца адкрыцця новых парафій, збудавання (або аднаўлення) філіяльных касцёлаў. Так, у Віленскай рымска-каталіцкай епархіі за 1906 — 1914 гг. пачало дзейнічаць пяць новых парафій, тры філіі і адна парафія з філіяй (з іх сем — у Віленскай губерні, дзве — у Гродзенскай). Прычым толькі адна парафія ўтварылася пасля 1910 г., усе астатнія — у першью пяць гадоў пасля выхаду ўказа. Усяго на гэты час у епархіі налічвалася 281 каталіцкая парафія (179 — у Віленскай, 102 — у Гродзенскай губерні) з 1 392 710 вернікамі (975 318 - у Віленскай, 417 392 - у Гродзенскай епархіі).
Адным з важнейшых пунктаў указа аб верацярпімасці 6ыў пўнкт 14, які абвяшчаў: "Прызнаць, што ва ўсіх вучэбных установах у выпадку выкладання ў іх Закона Божага іншаслаўных хрысціянскіх веравызнанняў ён павінен выкладацца на прыроднай мове вучняў, прычым выкладаць павінны духоўныя асобы адпаведнага веравызнання і толькі пры іх адсутнасці свецкія настаўнікі такога ж веравызнання" [3. Ф. 694, воп. 1, спр. 2836, арк. 1560].
22 красавіка 1905 г. Віленскі рымска-каталіцкі епіскап Э.Роп звярнуўся да дэканаў сваёй епархіі і выкладчыкаў Закона Божага вучэбных устаноў, каб тыя "пры аднаўленні заняткаў пасля Вялікадня звярнуліся да вучняў на прыроднай мове іх і растлумачылі, што на аснове Найвысачэйша падараванай міласці яны маюць права адказваць на сваёй мове і вывучаць Закон Божы" [3. Ф. 694, воп. 1, спр. 2811, арк. 30].
Папячыцель Віленскай навучальнай акругі, не пагадзіўшыся з епіскапам Ропам, накіраваў яму ліст, у якім прасіў адмяніць сваё распараджэнне. Ён матываваў гэта тым, што ад Міністэрства народнай асветы яшчэ не паступала ніякіх распараджэнняў па даным пытанні і не вырашана для кожнага з вучняў-каталікоў, якую мову ягоная сям'я лічыць сваёй роднай: польскую, літоўскую, беларускую і г.д.
Такім чынам, паўстала пытанне: якую мову і на якой падставе лічыць для каталіцкіх вернікаў беларускіх губерняў роднай? Большасць рымска-каталіцкага духавенства, як заўсёды, калі не паступала канкрэтных распараджэнняў улад, вырашала гэтае пытанне па-свойму: роднай мовай для каталіцкіх вернікаў можа быць толькі польская. Менавіта так успрынялі яны і распараджэнне прэлата Дзенісевіча. 25 жніўня 1905 г. упраўляючы Магілёўскай рымска-каталіцкай архіепархіяй звярнуўся ва ўсе навучальныя ўстановы Магілёўскай архіепархіі. Ён адзначыў, што пры выкананні пункта 14 Найвысачэйшага ўказа ад 17 красавіка 1905 г., які дазволіў вучням-каталікам ва ўсіх вучэбных установах вывучаць Закон Божы на іх роднай мове, неабходна кіравацца наступнымі ўказаннямі: мовай вучняў пры выкладанні Закона Божага павінна лічыцца мова, на якой яны чытаюць свае штодзённыя малітвы. Выкладчыку Закона Божага неабходна гэта высветліць шляхам апытання вучняў.
Парасткі польскасці, якія падаграваліся каталіцкім ду-хавенствам, аказаліся жывучымі сярод каталіцкага насельніцтва Беларусі. Польская мова пачала настойліва адваёўваць сваё былое становішча ў навучальных установах. Каб мець магчымасць аказваць уплыў на гэты працэс, урад 22 лютага 1906 г. прыняў Часовыя правілы выкладання Закона Божага - пункт 2 гэтых правілаў сцвярджаў: "Выкладанне Закона Божага іншаслаўных веравызнанняў робіцца на роднай мове вучняў, якая вызначаецца пісьмовай заявай бацькоў або апекуноў" [3. Ф. 694, воп. 1, спр. 2811, арк. 163]. Але і гэта не дапамагло. У навучальныя ўстановы пасыпаліся лісты ад каталікоў з просьбай выкладаць іх дзецям Закон Божы па-польску. Адно з такіх прашэнняў паступіла ад ся-лян Косаўскай воласці Слонімскага павета Гродзенскай губерні. У звароце да кіраўніцтва Віленскай рымска-каталіцкай епархіі яны прасілі, каб у Косаўскім народным вучылішчы выкладанне Закона Божага для вучняў-каталікоў вялося на польскай мове. Папячыцель Віленскай вучэбнай акругі на хадайніцтва ўпраўляючага Віленскай рымска-каталіцкай епархіі адказаў наступным чынам: "Хадайніцтва сялян... не лічу магчымым задаволіць, бо па звестках, сабраных па гэтай справе, усе вучні дадзенага вучылішча належаць да беларусаў і на польскай мове не размаўляюць. 3 24 асоб, што падпісалі прашэнне ад 8 лю-тага 1910 г., толькі 11 чалавек — бацькі або родныя вучняў Косаўскага вучылішча, астатнія 13 чалавек — асобы, не маючыя дачынення да іх і не зацікаўленыя ў гэтай справе, і, відаць, падпісалі прашэнне пад уплывам каго-небудзь" [3. Ф. 694, воп. 1, спр. 2811, арк. 158].
Падобных заявак у розныя інстанцыі паступала ад беларусаў-каталікоў, асабліва заходніх губерняў, даволі шмат. Аб чым яны сведчаць? Відаць, галоўным чынам аб тым, што каталіцкае духавенства ўсё яшчэ аказвала даволі моцны ўплыў на мясцовае насельніцтва, нягледзячы на ўсе намаганні царскага ўрада ў папярэднія дзесяцігоддзі аслабіць яго. Сведчыла гэта і аб тым, што нацыянальная самасвядомасць сялян-беларусаў была не на належным узроўні. Праўда, даную з'яву нельга лічыць такой простай і адназначнай. Як і раней (маюцца на ўвазе ў 60 — 90-я гг. XIX ст.), беларускі сялянін каталіцкага веравызнання аказваўся перад выбарам польскай або рускай мовы. Прызнанне сябе беларусам амаль аўтаматычна вяло да рашэння выкладаідь Закон Божы на рускай мове, на што недвухсэнсава ўказвалі лісты чыноўнікаў Віленскай вучэбнай акругі, кіруючых органаў вучэбных устаноў. Вось адзін з іх- — ліст, што быў накіраваны ўпраўляючаму Віленскай рымска-каталіцкай епархіяй ад папячыцельскага савета гродзенскага рамеснага вучылішча ў кастрычніку 1912 г. У ім гаварылася: "Як відаць з асабістых заяў бацькоў вучняў Гродзенскага Аляксандраўскага рамеснага вучылішча, ...нацыянальнасць вучняў-каталікоў, што выхоўваюцца ў вучылішчы, паказана беларускай, і толькі ў чатырох выпадках польскай або літоўскай. Таму і Закон Божы, згодна з законам ад 17 красавіка 1905 г., павінен выкладацца на рускай мове" [3. Ф. 694, воп. 1, спр. 2811, арк. 207].
Такім чынам, склалася сітуацыя, якая была асабліва характэрнай для заходніх беларускіх губерняў: каталіцкія ксяндзы ў большасці сваёй роднай мовай беларусаў адназначна лічылі польскую, рускія чыноўнікі, таксама адназначна, — рускую. Такая канфрантацыя прывяла да таго, што, па звестках Міністэрства народнай адукацыі, у 1912 г. у 46 вучылішчах Гродзенскай губерні Закон Божы вучням рым-ска-каталіцкага веравызнання не выкладаўся зусім.
27 кастрьганіка1912 г. Міністэрства народнай асветы выдала цыркуляр, які ўносіў змены ў часовыя правілы выкладання Закона Божага вучням іншаслаўных веравызнанняў. Змены гэтыя рабіліся ў кірунку надання большых правоў кіраўніцтву вучэбных устаноў з мэтай паменшыць уплыў прапольскі настроенага каталіцкага духавенства. Што ж канкрэтна гаварылася ў цыркуляры? Права вызначаць прыродную мову вучняў-каталікоў надавалася кіраўнікам навучальных устаноў "на падставе ўсіх фактычных дадзеных, што меліся па гэтым прадмеце". У выпадку, калі ўзнікалі якія-небудзь складанасці пры вызначэнні выкладання Закона Бо-жага, іх вырашалі інспектар і дырэктар народнага вучылішча або папячыцель вучэбай акругі. У дадатку да цыркуляра ад-значалася: "Калі асоба, якая выкладае Закон Божы іншаслаўнага веравызнання ў навучальнай установе, не валодае прыроднай мовай вучняў (напрыклад, літоўскай, латышскай і інш.), то выкладанне гэтага прадмета павінна весціся надзяржаўнаймове" [3. Ф. 694, спр. 2811, арк. 226]. Як бачым, пры пераліку прыродных моў беларуская не называлася. Ці мелася яна на ўвазе пад словамі "іншыя", таксама цяжка сказаць. Ва ўсялякім разе зразумела адно — і Міністэрства народнай асветы сваім распараджэннем, і чыноўнікі вучэбнай акругі аддавалі перавагу рускай мове.
Пасля абнародавання ўказа аб верацярпімасці каталіцкае духавенства прыклала намаганні і да таго, каб вярнуць згубленае ў справе навучання і выхавання моладзі іншым шляхам. Да рымска-каталіцкіх епіскапаў пачалі паступаць лісты ад парафіяльных каталіцкіх свяшчэннаслужыцеляў з просьбай дазволіць ім адкрыць парафіяльныя школы. На ўсе хадайніцтва епіскапаў генерал-губернатар адказваў адмо-вай, спасылаючыся на тое, што ўказ ад 17 красавіка 1905 г. не ўтрымлівае распараджэнняў аб наданні настаяцелям касцёлаў права адкрываць для парафіян рымска-каталіцкага веравызнання пачатковыя школы. Такім чынам, працягвалі дзейнічаць тыя законапалажэнні аб адкрыцці прыватных школ, што дзейнічалі да гэтага. Нагадаем гэтыя палажэнні. Права адкрыцця прыватнага вучылішча надавалася прыродным рускім або прыняўшым рускае падданства, з дазволу вучэбнага начальства, якое павінна спачатку пераканацца ў благанадзейнасці асобы. Згодна з Найвысачэйшым указам ад 10 снежня 1892 г. усе вучылішчы, якія на той час яшчэ існаналі пры рымска-каталіцкіх касцёлах, былі перададзены ў ведамства Міністэрства народнай адукацыі на агульных паді іавах. 3 красавіка 1892 г. для дзевяці заходніх губерняў былі прыняты часовыя правілы "О взысканнях за тайное обученне". Прыняцце рашэння Савета міністраў аб адмене гэтых правілаў (8 жніўня 1906 г.) практычна не змяніла сітуацыю ў дадзеным кірунку. Так, у 1909 г. у Дэпартамент агульных спраў МУС паступіў запрос ад мінскага губернатара, у якім гаварылася, што на яго імя прыйшло шмат хадайніцтваў ад настаяцеляў рымска-каталіцкіх касцёлаў і каталіцкіх вернікаў з просьбай дазволіць навучаць дзяцей каталікоў польскай грамаце для таго, каб яны маглі вывучаць дагматы веры. Адказ быў наступны: "Законамі аб навучальных установах, што тычацца ўсіх тыпаў выкладання, як школьнага, так і па-за школьнага, такога віду не прадугледжана і таму не павінна дазваляцца на практыцы" [5. Спр. 47756, арк. 1 ]. Далей адзначалася, што стварэнне такіх школ не адпавядае нацыянальнай палітыцы ўрада ў заходніх губернях. Існуе тлумачэнне МУС ад 19 мая 1907 г. аб тым, што адкрыццё там польскіх школ не дазваляецца.
Указам ад 17 красавіка 1905 г. стараверам і сектантам, "отпавшим от православия", :забяспечана свабода веравызнання. Спецыяльны ўказ, што быў прыняты 17 кастрычніка 1906 г., вызначаў парадак утварэння абшчыны, правы іх членаў і кіраўнікоў. Сутнасць гэтых дакументаў заключалася ў наступным. Стараверам і сектантам, якія не належалі да сек-таў "варварскіх або тых, вучэнне якіх звязана з дзеяннямі, забароненымі крымінальнымі законамі", прадастаўлялася магчымасць свабоднага веравызнання і ўтварэння рэлігійных абшчын. Для гэтага патрэбна было звярнуцца з калектыўнай заявай аб рэгістрацыі ў губернскае праўленне. Заява паавінна была ўтрымліваць назву стараверскага толку або секты, мясцовасці, на якую будзе распаўсюджвацца яе дзейнасць, месцазнаходжанне малітоўнага дома. Абшчына павінна была кіравацца агульным сходам членаў секты, якім споўніўся 21 год. Агульны сход выбіраў савет. Правы і абавязкі агульных сходаў і саветаў залежалі ад таго, ці мела абшчына характар юрыдычнай асобы, гэта значыць правы мець і распараджацца нерухомай маёмасцю і капіталамі. У маленькіх абшчынах, якія не карысталіся такімі правамі, агульны сход акрамя выбараў духоўных асоб разглядаў рахункі, а савет назіраў за правіламі вядзення метрычных кніг. У тых абшчынах, якія мелі правы юрыдычнай асобы, поле дзейнасці і сходаў і саве-таў было больш шырокім. У абавязкі схода ўваходзіла распараджэнне нерухомасцю, устанаўленне збораў з членаў абшчыны і г.д. Адпаведна больш шырокай была і дзейнасць саветаў.
Было вьзначана і палажэннё духоўных асоб абшчыны. Згодна з указам ад.1.7 красавіка 1905 г. яны называліся настаяцелямі або настаўнікамі. Настаўнікі не маглі выбірацца з ліку непісьменных або асоб, якім не споўнілася 25 гадоў, якія прыцягваліся да судовай адказнасці і былі прызнаны віноўнымі, выключаны з таварыстваў і дваранскіх сходаў па прыгаворах тых саслоўяў, да якіх яны належалі. Факт выбрання духоўнай асобы даводзіўся да ведама губернскага праўлення, дзе яна ўносілася ў спе-цыяльныя рэестры. Гэтая асоба выключалася з мяшчанскага або сялянскага таварыства, калі яна належала да гэтага саслоўя, і вызвалялася ад ваеннай службы.
Што тычылася малітоўных дамоў старавераў, то пункт 12 указа аб верацярпімасці адзначаў: "Распячатаць усе малітоўныя дамы, закрытыя як у адміністрацыйным парадку, не выключаючы выпадкаў, калі запячатанне праходзіла як праз Камітэт міністраў па Найвысачэйшаму рашэнню, так і па суду, акрамя тых малельняў, якія былі зачынены ў сувязі з невькананннейм будаўнічага статуту". Адначасова ўсім губернатарам быў накіраваны сакрэтны цыркуляр, у якім адзначалася, што адкрыццё гэтых малітоўных дамоў павінна праводзіцца без урачыстасцяў, "внешних оказательств", якія маглі б спакусіць праваслаўных [5. Спр. 46983, арк. 2].
Правы, якія даваліся стараверам у кірунку свабоды веравызнання, выклікалі незадавальненне праваслаўных іерархаў. Яны асцерагаліся, што значна большая самастойнасць стараверскіх абшчын у вядзенні сваіх спраў і распараджэнні сродкамі ў параўнанні з праваслаўнымі прыходамі будзе стымуляваць масавыя пераходы праваслаўных у стараверства. Праўда, да заходніх губерняў, дзе сацыяльная база для распаўсюджвання стараверства, якое мела, як правіла, велікарускі характар, была не вельмі значнай, гэтая перасцярога тычылася мала, што і пацвердзілася ў далейшым. Напрыклад, у Віцебскай губерні, дзе пражывала даволі шмат беспапоўцаў федасееўскага і паморскага толкаў, пераходаў з праваслаўя ў стараверства амаль што не назіралася. У адпаведнасці з указам ад 17 кастрычніка 1906 г. у губерні было зарэгістравана 69 стараверскіх абшчын з колькасцю членау у іх 66 024 чал. Колькасць зарэгістраваных настаяцеляў і настаўнікаў складала 33 чал., незарэгістраваных духоўных асоб — 47, малітоўных дамоў — 82. Стараверы ўтрымлівалі дзве школы і тры багадзельні [5. Спр. 48280, арк. 230,231].
Пасля ўказа аб верацярпімасці стараверы пачалі ствараць брацтвы. Яны ставілі на мэце "... аб'яднанне старавераў... у мэтах абароны рускіх нацыянальных інтарэсаў". Да ліку сваіх непасрэдных задач брацтвы адносілі: развіццё нацыянальнай самасвядомасці і падняцце духоўнасці з да-памогай друку, народных чытанняў, стварэння бібліятэк і школ для старавераў. Сюды ўваходзілі таксама клопаты аб паляпшэнні іх эканамічнага становішча (стварэнне багадзельняў, танных сталовых, начлежак і г.д.) [5. Спр. 48421, арк. 14]. Што тычылася пратэстанцкай канфесіі, то пасля ўказа аб верацярпімасці асобых змен у яе становішчы не адбылося. Нават палажэнні, што адносіліся да сектантаў, мелі на ўвазе толькі сектантаў, адпаўшых ад праваслаўя. А пратэстанцкае сектанцтва і не ўпаміналася ў дакуменце. Гэта выклікала незадаволенасць з боку праваслаўных іерархаў, якія неаднаразова адзначалі, што, зыходзячы з такога становішча, можа здацца, што ўрад клапоціцца аб сектантах, адпаўшых ад праваслаўя, што абмяжоўвае правы пануючай царквы. У той жа час, не прымаючы ніякіх указанняў адносна пратэстанцкіх і каталіцкіх сектантаў, улады тым самым праяўляюць сваю заклапочанасць аб цэласнасці гэтых канфесій. Таму было прынята рашэнне звярнуцца да дадзенага пытання асобна.
Указ аб верацярпімасці не прынёс жаданага спакою ў рэлігійнае жыццё беларуска-літоўскіх губерняў. Пераходы насельніцтва з праваслаўя ў іншыя канфесіі, галоўным чынам у каталіцкую, абвастралі ўзаемаадносіны паміж праваслаўным і каталіцкім духавенствам, якое ў сваю чаргу сеяла гэтую нецярпімасць сярод вернікаў.