Вы і па сёння працуеце на палову стаўкі акампаніятара аўтаклуба?
- Так. І "Жывіца" афіцыйна лічыцца калектывам менавіта пры аўтаклубе... З гэтай нагоды хачу вось якое пытанне ўзняць. Паводле Палажэння, для калектыву са званнем "народны" прадугледжана да трох ставак, у тым ліку хормайстра і канцэртмайстра. У нас іх пакуль няма. Самі распісваем галасы, рыхтуем усю партытуру для інструментаў. Хацелася б, каб раён усё ж гэтыя стаўкі нам выдаткаваў. Справа не ў маёй асабістай матэрыяльнай зацікаўленасці. А для іншых удзельнікаў "Жывіцы" гэты нюанс - істотны...
І - кароткае рэзюмэ гутаркі. Апошнія словы Кавалёва - як лагічны працяг агульнарэспубліканскага дыялога паміж дзяржавай і прыватным бізнесам, што сацыяльна арыентуецца цяпер на падтрымку нацыянальнай культуры. Калі дыялог гэты весці на роўных, тады, напэўна, і паболее гэткіх "Жывіц" і іх неабыякавых спонсараў.
У Паршына, да Блахіна!
"Рэцэптаў" вытворчай заможнасці няма. Як, зрэшты, - і заможнасці творчай. Але, каб хоць неяк прасвятліць тэму, запрашаю ўсіх ахвотных наведаць вёску Паршына. Менавіта тут месціцца славутае РУП "Навучальная гаспадарка БДСГА", дзе і паказчыкі сельгасвытворчасці - самыя высокія, і пастаянна семінары для жывёлаводаў і хлебаробаў ладзяцца. Мая б воля, я ў Паршыне праводзіў бы і семінары па наладжванні сацыякультурнай работы.
Справа ў тым, што апякунскі савет, прызначаны для ўсялякай падтрымкі мясцовай культуры, прадстаўлены тут у адной асобе - кіраўніка РУП Мікалая Блахіна. У свой час да ягонай гаспадаркі ў выніку ўзбуйнення далучылі па чарзе дзве не надта прыбытковыя, мякка кажучы, сельгасарганізацыі. Блахін, адпрацаваўшы ў Паршыне без малога трыццаць гадоў, вытрымаў, узняўшы "дадаткі" да належнага вытворчага ўзроўню. Вытрымаў з прычыны неўтаймоўнага жадання быць ва ўсіх пачынаннях першым, а значыць - заможным. І заможнасць для яго заўжды вымяралася не толькі лічбамі эканамічнай рэнтабельнасці. З гэтай нагоды за кошт немалых даходаў гаспадаркі ўзвёў колісь у Паршыне не сельскі клуб, а Цэнтр культуры - адну з лепшых устаноў раёна. І праз час яна планава прынесла належныя дывідэнды: народны фальклорны ансамбль "Паршынскія зоры" за адраджэнне песеннай абрадавай спадчыны займеў статус нематэрыяльнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. А апрача гэтага калектыву ёсць яшчэ тут ансамблі "Суседкі", "Праменьчыкі", "Зорачкі". І ў кожнага няма праблем з матэрыяльным, так бы мовіць, забеспячэннем, бо яго на сябе ўзяў Мікалай Блахін. Пэўныя ўкладанні з боку арганізацыі (а менавіта: 200 мільёнаў рублёў) робяцца і ў "Дажынкі-2012"...
Мікалай Рыгоравіч, патлумачце, чым кіраваліся і кіруецеся, калі падтрымліваеце культуру?
- Натуральна, калі гаспадарка не такой заможнай была, мы больш пра малочны статак дбалі. Нават класічную музыку каровам уключалі... Але людзі на першым плане, іх вольны час, іх культура. І гэта, лічу, адна з асноўных кропак прыкладання нашых сіл. У адваротным выпадку, які аўтарытэт у кіраўніка будзе?